РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
38
        
38

        
        – Грамадзянін! Грамадзянін! Ану, падніміцеся!
        – Што разлегліся? Не дома!
        – Паднімайцеся! Зараз жа паднімайцеся!
        Між лавак ходзіць дзяжурная з чырвонай павязкай на рукаве, і з ёй міліцыянер. Яны будзяць пасажыраў, бо спаць у зале не дазваляецца. Жанчыны, дзядзькі і хлопцы, крэкчучы і сапучы, устаюць. На іхніх памятых тварах санлівая нездаволенасць.
        Пасля бяссоннае ночы тупа баліць галава. Трэба б таблетку пірамеіну, але аптэчны ларок, вядома, яшчэ зачынены. У вялізных вакзальных вокнах – празрыстая сінеча світальнага неба. Зачынаецца майскі пагодны ранак.
        Хлопца на лаўцы ля мяне ўжо няма, мусіць, адправіўся сваёй дарогай. На яго месцы сядзіць знаёмая з ночы жанчына ў квятастай хусцінцы. Падпёршы рукой шчаку, яна засяроджана глядзіць у падлогу. Відаць, як і я, таксама не прыдрамнула за ноч. З другога рада лавак да нас забрыдае ранняе на пад’ём малое з бразготкай у руках. Шырока расставіўшы крываватыя ножкі, даверліва ўзіраецца ў мяне, потым глядзіць на жанчыну. Выраз твару той не мяняецца. Малеча, няспрытна павярнуўшыся, таропка тэпае за лаўку. Нас яно пабойваецца.
        Мне болей тут не сядзіцца.
        На плошчы яшчэ па-начному прахладна і пуста. Ліхтары ўжо не гараць. У шырокім чысцюткім небе над горадам хутка світае. Вось-вось павінна ўзысці сонца. Напорысты майскі дождж прамчаўся па вуліцах, дахах і бульварах, пакінуўшы пасля сябе духмяную свежасць раніцы, мокрую лістоту і люстраныя лужыны-азяркі на асфальце. Лужыны, аднак, хутка вузеюць-меншаюць.
        Гаркавата расістым водарам патыхае ў скверы ад таполяў. Вясноваю прэласцю пахне набрынялая вілыаццю зямля. З ночы лістоты на дрэвах нібы прыбавілася, і яна густа зелянее, цярусячы на дол сцюдзёныя буйныя кроплі. На пустой крайняй лаўцы – праседжаная мокрая газета. Я апускаюся побач.
        Энгель усё ж аказаўся нядбайным салдатам фюрэра. У сваім старанні выканаць загад ён паспяшаўся. Невядома, па якой прычыне адбылося гэта. Ці мо з нежадання адстаць ад сваіх. Ці баючыся нашых, якія недзе абходзілі сяло. Ці, можа, Усё ж маючы нейкую спагаду да мяне. Не дужа цаляючы, ён стрэліў толькі адзін раз. А трэба было, відаць, два. Адзін стрэл мяне не забіў. Толькі на шмат год нарабіў клопату дактарам. I калі я зараз жывы, дык зямны паклон іхнім залатым рукам і іхнім вялікім турботам. Але найперш паклон цётцы Марылі. Гэта яна, стараватая вясковая бабылка, не дала мне сысці крывёй і замерзнуць. Яе рукі найперш затрымалі ва мне невялічкія рэшткі жыцця, хоць гэта было не проста і амаль безнадзейна. I цяпер разам з нянавісцю да подласці ў маіх грудзях жыве вялікая любоў і ўдзячнасць тысячам тысяч нашых бабулек, цётак, дзяўчат і старых, якія і кармілі і абагравалі, а нярэдка і ратавалі нас ад кашчавай.
        Шырокія стрункія промні нябачнага за дамамі сонца запальваюць ранішні блакіт, і ён у вышыні гарыць, ззяе, звініць чысцінёй і першатворнай свежасцю. Недарэчна доўгая і турботная ноч ззаду. Дзіва, якою магутнай, гаючай сілай валодае прырода. Кожнага ранку ўзыдзе сонца, і ўсё на душы робіцца інакшым, чым уначы. Куды толькі знікаюць сумненні і пакуты адзіноцтва. Выходзіць усё куды прасцей і лягчэй, чым уяўлялася. Вялізным зарадам бадзёрасці прырода кожнага ранку абнаўляе людзей.
        Так, лютая была вайна. Смяртэльная бітва з найвялікшаю няпраўдай і несправядлівасцю, якія калі-небудзь нараджала зямля. Гэтая барацьба ўзяла ў чалавецтва безліч ахвяр і іхняй крывёю напісала ўрокі, якія немагчыма забыць. Найпершы з іх, мусіць, заключаецца ў тым, што воля і мір – занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям’і. Занядбанне гэтым урокам каштавала б зямной катастрофы.
        Вайна перад усім светам пацвердзіла нашу магутнасць і многім раскрыла вочы на нашыя хібы. У сорак пятым мы не толькі здабылі перамогу. За чатыры гады вайны мы, як ніколі, згуртаваліся ў адно цэлае і ўбачылі, на што з немагчымага мы здольныя. Дух свабодалюбства і непадлегласці злу здабыў сабе ў той барацьбе магутныя крылы. Я веру, яны не апусцяцца.
        Струмені свежага, як газіроўка, паветра цякуць у мае грудзі. Мне добра. I нават невядома, чаму робіцца радасна. Мабыць, таму, што я ўсё ж абмінуў смерць і цяпер вось, як ні дзіўна, жывы. Хоць і з пратэзам замест левай нагі. З нядаўна залечаным ачагом у лёгкіх. Прамінуўшы ў бальніцах юнацтва, недавучыўшыся, недакахаўшы. З дваццаці год інвалід. I ўсё ж жыццё – мабыць, галоўнае. Яно і кара і ўзнагарода. Маё ў поўнай меры можа служыць пацверджаннем гэтага, і таму яно набыло для мяне своеасаблівы сэнс.
        З прывакзальнай плошчы ў сквер уваходзяць двое з рэчамі. Зрэшты, рэчаў няшмат: у высокага даўгарукага хлопца – чамадан з металічнымі накутнікамі і паліто. У яе, – маленькай і вастраносенькай, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо, – вялізная дарожная сумка. З-пад просценькага паношанага плашчыка дужа выдаецца жывот.
        – Ось давай тут і прысядзем, – кажа яна, ставячы на лаўку насупраць сумку. I раптам усхопліваецца:– А дзе ж плашч?
        Ён, малады і нязграбны побач з ёю, збянтэжана азіраецца.
        – У зале пакінуў?
        – А! – здагадваецца ён і бягом кідаецца са сквера.
        – Машка ты разгубляшка! – кідае яна наўздагон і смяецца. Пасля сядае побач з рэчамі на лаўку. Заўважыўшы маю да яе ўвагу, таропка захінае полы цеснага ў стане плашчыка.
        – Такі забывака – жах!
        – Нічога, прывыкне, – кажу я.
        – Трэці ўжо раз забывае. У вёсцы ў маіх пакінуў, калі ад’язджалі. Пасля ў аўтобусе забыўся. Проста бяда. Усё роўна як прафесар які, – ахвотна, быццам нават з затоенай радасцю, паведамляе дзяўчо.
        – Далёка едзеце? – Яна раптам сур’ёзнее.
        – Ой, на цаліну едзем. У Какчатаў і далей яшчэ кіламетраў дзвесце. Першы раз з дому – аж страшна. Кажуць, там ніводнага дрэўца няма, а я так лес люблю. Вось паехала, а ўсё сумняваюся: можа, кепска будзе.
        – А ён як? Нішто?
        – Хто? Сашка? – дзяўчына паднімае вочы і сарамліва ўсміхаецца. Шэрыя зрэнкі яе напаўняюцца святлом і добрасцю. – Ён добры, – кажа яна нараспеў, разгладжваючы палу плашчыка. – Турботны толькі. Пасля арміі на цаліну завербаваўся. Камбайнерам. Вырас у стэпе, дык вельмі ўжо прастор любіць.
        – Гэта горш?
        – Што?
        Дзяўчына насцярожваецца. У яе паглядзе амаль трывога. Я стараюся ўсміхнуцца.
        – Ды не, нічога. Прывыкнеце. Да стэпу, вядома.
        – Праўда? Ну, што ж! Як-небудзь трэба. Сям’я ж цяпер.
        Яна ўздыхае і нецярпліва пазірае ў кірунку вакзала, адкуль з плашчом на плячы ўжо бяжыць яе муж.
        Неўзабаве яны прыладжваюцца на лаўцы снедаць. Яна клапатліва выкладвае з сумкі вясковы харч: яйкі, бутэльку малака, кавалак сала. Каб не назаляць ім, я адварочваюся. Міма па дарожцы сквера, палязгваючы абцасамі кірзачоў, праходзіць салдат. Напэўна, спазняецца са звальнення. Шчокі яго расчырванеліся, лоб потны. Спяшаецца. Па сабе ведаю: дужа нялёгка гэта – мірыцца службе з каханнем. Ціха перагаворваючыся аб нечым, суседзі мае пачынаюць сняданак. Я чую, ён яе называе Кацяй, і мне вельмі карціць азірнуцца. Але не, я ведаю, той Каці не будзе. Гэта другі чалавек, іншы лёс. Зрэшты, што ж, жыццё прадаў-жаецца... Нішто яго не спыніць. Як не спыніў у свой час Гітлер.
        Я гляджу ў дальні канец сквера, дзе з’яўляецца яшчэ адна пара. Цесна прытуліўшыся адно да аднаго, яны марудна ідуць да апошняй у радзе лаўкі. Ён беражліва ўкрывае яе сваім пінжаком. У самога спіну аблягае мокрая сарочка. Але што там сарочка, калі цёмнавалосая галоўка аддана і шчасліва туліцца да пляча. Гледзячы на іх, я слухаю хуткія салдацкія крокі, што аддаляюцца, і думаю: хто і якія б гэтыя людзі ні былі – ім належыць будучыня, і ў тым іх перавага. Ім ствараць яшчэ ненапісаную гісторыю краіны. У загадкавым заўтра прадаўжаць жыццё. Іх чалавечнасць і мужнасць будуць вызначаць лёсы зямлі.
        Няхай жа яны будуць шчаслівейшыя за нас.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.