РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
9
        
9

        
        Што рабіць далей – хто яго ведае? Мусіць, трэба б перш прытушыць сваю гарачнасць, астыць нутром, супакоіцца ці змірыцца з тым, што адбылося. Зноў жа нейкага клопату патрабуе мая зусім акачанелая нага, стогнуць у возе параненыя, валачэцца гэты палонны... Ды і што я яшчэ магу зрабіць у такім маім стане – ці не хопіць ужо дакладваць, ці не праз меру такая мая ўстрывожанасць? Яшчэ сапраўды палічаць за панікёра ды арыштуюць. Няўжо ж тыя камандзіры, з якімі я сустракаўся, не зробяць чаго? Усё ж, тут ёсць, мабыць, якая сувязь, паведамяць, каму трэба: прымуць якія захады супраць гэтых танкаў. Не можа ж таго быць, каб такая акалічнасць нікога не ўстрывожыла. А можа, камандаванне ўжо ведае пра ўсё гэта? Мо так і было прадугледжана ў плане аперацыі? Тады дарма я гэтак непакоюся, распінаюся, нібы які панікёр. Тады, мусіць, трэба б перш-наперш перавязацца як мае быць, ды абагрэцца, ды збыць куды гэтага немца. Толькі куды яго дзенеш?
        Хата, дзе размясцілася санчасць, сустракае нас прыветлівым агеньчыкам у двух вокнах (трэцяе, выбітае, заткнута ахапкам саломы) і – песняй. Нехта ва ўсё сваё асіплае горла натужна крычыць пад не дужа суладны басавіты гул некалькіх струн гітары:
        
         Шаланды, полные кефали,
         В Одессу Костя привозил,
         И все биндюжники вставали,
         Когда в пивную он входил.
        
        Знака або флажка на хаце ніякага няма. Па двары таксама нельга пазнаць, што тут санітарная часть. Але, як казаў капітан, гэта трэцяя хата ад цэркаўкі, што зводдаль сціпла шарэе беленымі сценамі, і Каця спыняе коней. Ездавы саскоквае на снег, злазіць з перадка Каця. Я таксама выкульваючыся з фурманкі, ківаю немцу: «Ком!» і на адной назе скачу да расчыненых у сенцы дзвярэй. Палонны баязліва ідзе побач. Каця намацвае ў сенцах клямку.
        Песня адразу абрываецца. У куце і на прыпечку ліхаманкава трапечуцца агеньчыкі дзвюх «кацюш». Угары варочаецца пласт дыму, і ў кутках – непераможаны капцілкамі змрок. Рэзкі пах свежых бінтоў, крыві і пракіслы дух шынялёў шыбаюць у нос, даючы тым упэўніцца, што хатаю мы не памыліліся.
        – Братва, рама! Ва ўкрыціе! – пасля секунднае паўзы ў фальшывай трывозе выкрыквае чыйсьці голас.
        Следам за Кацяй я прапускаю немца і пераскокваю парог. Першым на вочы трапляе, пэўна, той самы гітарыст. Выцягнуўшы на ложку ля парога абкручаную бінтамі нагу, ён замірае з гітарай у руках і, заблішчаўшы свавольнымі вачыма, упіраецца позіркам у Кацю. У кутку на саломе сядзяць яшчэ параненыя. Нехта ледзьве не да пояса спавіты бінтамі – і грудзі, і галава, і твар, – мусіць, абгарэлы.
        – Дурны! – кідае Каця да гітарыста. – Чаго галёкаеш? Ану, устаць? Хто старшы?
        Гітарыст, не выпускаючы гітары і не зрушваючы з месца параненай нагі, усім целам паварочваецца да Каці. Пад накінутай на плечы курткай дэсантніка ціхенька бразгаюць медалі. На столі замірае вялікі зламаны цень.
        – Адставіць! Ужо наўставаліся! Цяпер усё! Кропка!
        – Хто старшы, пытаюся?
        – Старшы? Быў ды ўвесь выйшаў. Да начальства. Хош – буду я?
        – Абыдземся без такога. Ану, злазь! – Каця бесцырымонна тузае яго за рукаў. Куртка спаўзае – на пагонах сяржанцкія нашыўкі. – Тут цяжолых паложым. Дзе санітары?
        – Стоп, рыжая! Не чапай! Я кантужаны! – з блазенскім выглядам паяснічае гітарыст і, змяніўшы тон, з сілаю б’е па струнах. – Санітары! Гэй, санітары!
        Аднекуль з-за перагародкі, адхінуўшы пасцілку, выходзяць двое ў непадпяразаных шынялях. Адзін высокі і худы, другі нізенькі – абое пажылыя, рахманыя, відаць, нядаўна мабілізаваныя дзядзькі.
        – Цяжолых унесці! Ды жыва! Давай насілкі!
        – Унесці! – відаць, ужо адчуваючы сябе начальствам, загадвае гітарыст і тыцкае ў санітараў пальцам. – Ты і ты! Гэты іхні паможа, – паказвае ён на палоннага і раптам збянтэжана міргае вачыма. – Ого, Гансік! Братва, Гансік! Яй-богу! Айн, цвай – бітэрфляй... Ком!
        3 куткоў усе паварочваюцца да парога. Аббінтаваны ненатуральна выпростваецца, нагамі скідвае з сябе паўшубак і выкідвае наперад рукі, таксама заматаныя па локці бінтамі.
        – Немец? Зараз жа кокнуць! Кокнуць к чортавай матары! – з надрывам выкрыквае ён. Другі, што ляжыць побач, штось прыгаворваючы, ахінае яго паўшубкам. Сяржант хуценька саскоквае з ложка і, несучы перад сабой прамую і тоўстую, як бервяно, нагу, падступае да немца.
        Я папярэджваю:
        – Ану, спакойна! Гэта палонны.
        – Ну, канешне, спакойна. Навошта спяшацца. Паспеем! – з нядобраю крывой ухмылкай кажа сяржант і са знарочыстай спаважнасцю бярэ немца за канцы адкладнога каўняра. – Ён жа добры. Ён жа сазнацельны. Гітлер капут? – хуценька пытаецца ён.
        – Гітлер капут, – не дужа ўпэўнена, але з гатоўнасцю згаджаецца немец. Вусны ў яго, аднак, прыкметна падрыгваюць. Сяржант усё з той жа ўхмылкай на твары паварочваецца да астатніх.
        – Ось бачыце! Ён добры. Знайшоў учора нашу афішку, што перад наступленнем кідалі, прачытаў і перавыхаваўся. Люблю перавыхаваных гансічкаў. Трафейчыкі, канешне, усе выпатрашым. Ур няма? – міралюбіва пытаецца сяржант і спрактыкавана лапае немца па пустых, ужо абвіслых кішэнях мундзіра. – Ну, канешне, у кармане вош на аркане...
        Сяржант гарэзна тузае за доўгі казырок немцаву шапку, якая туга ўзлязае таму на вочы, і ідзе назад да ложка. Немец бяскрыўдна папраўляе шапку, а я пераходжу ад парога і апускаюся пад сцяну на край саломы. Болей сесці тут няма дзе. На адзіным услоне ў прасценку нехта ляжыць, ложак зоймуць цяжкапараненыя. Гітарыст ускладвае нагу на край ложка і бярэ гітару.
        – Я так думаю, – кажа ён да мяне, бязладна затрэнькаўшы струнамі. – Які сэнс немцу ваяваць з намі? Ну што карысці: уварвецца калі ў траншэі, што ён знойдзе? Хвігу. Хіба што анучу брудную на брустверы. А ў іх! Ого! Колькі ў іх барахла рознага застаецца. Я дык, калі загад «Упярод!», ляту як скажэнны. А што? Спадзяешся на трафейчыкі! Схопіш, а ў іх вошай багата, халера!
        3 расчыненых дзвярэй шугаюць воблакі сцюжы – санітары ўносяць параненых. Каця ўкладвае абодвух на ложак, укрывае дзіравым шынялём.
        – Паляжыце да заўтра. Уранку ў шпіталь адпраўка. Доктар сказаў.
        Адзін з іх, пэўна, ужо даходзіць – вочы напаўзакрыты, нос завастрыўся, з апалых грудзей ірвецца трудны пузырысты хрып. Другі перарывіста стогне, дужаецца з пакутамі і, павярнуўшы на бок галаву, абыякава азірае людзей.
        – Браток, скруці пацягнуць, – кажа ён да сяржанта. – У кішэні там, браток... I папера...
        Сяржант з гатоўнасцю адкладвае гітару.
        – Калі ласка, ацец. Гэта магём. Пакуль рукі цэлыя. Адкуль будзеш, землячок?
        – Варонежскі я.
        Паранены робіць рух сківіцамі, нібы глытае сліну. Позірк яго неспакойна блукае па цёмнай столі хаты.
        – Ну, дык саўсем землякі... Што Варонеж, што Растоў – адна Расея. На, пацягні, палягчэе, – з добрасцю запэўнівае ён і пытаецца: – Пяхота?
        – Пяхота, – выдыхае зацяжку паранены і засмяглымі вуснамі зноў ловіць цыгарку.
        Немец няёмка топчацца ля печы, не ведаючы, дзе прыткнуцца. Паводзіць ён сябе зважліва, трошкі баязліва. Я адчуваю гэта і клічу яго да сябе:
        – Ком! Ідзі сюды. I сядай. Нечага тырчаць.
        Ён разумее і, падабраўшы доўгія ногі, няўклюдна сядае побач на земляной падлозе. Вочы яго трывожна слізгаюць па мне, па сяржанту і спыняюцца на ягонай гітары. Каця ля прыпечка пры цьмяным святле «кацюшы» корпаецца ў медыцынскай сумцы – рыхтуе лякарства. Сяржант з сілай шчыпае басовую струну і няўлад, фальшыва пачынае запеў салдацкае песні:
        
         Первая болванка попала в бензобак,
         Вылез я из танка, сам не знаю как...
         Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить...
         В танковой бригаде мне уж не служить.
        
        – Ану, спыні сваю трэнькаўку! – строга кідае да прыпечка Каця.
        Нехта з кутка дабрадушна пярэчыць:
        – Хай іграе. Можа, боль трохі заглушыць. Сяржант энергічна пракашліваецца, збіраючыся заспяваць, калі не лепш, дык ва ўсякім разе гучней.
        
         А назавтра утром ведут в особотдел:
         «Что же ты, мерзавец, в танке не сгорел?» –
        
        зноў фальшыва пачынае ён, відаць, разумее гэта і, сустрэўшыся з позіркам немца, са злосцю абрывае запеў.
        – Чаго бельмы вылупіў, фрыц? Не падабаецца? Хіба лепей можаш? Што ты наогул можаш, фрыцаўская морда?
        – Нэмножько, – раптам выразна вымаўляе немец і працягвае руку да гітары.
        Сяржант, набычыўшы голаў, з паўхвіліны амаль з лютай збянтэжанасцю глядзіць на яго. Нібы вырашаючы, ці варта ўсур’ёз прымаць яго просьбу.
        – Ану, ану! Ізабразі-ка... Паглядзім, што ты ўмееш. Ну! Давай! Дуй! – нечакана вырашае ён і аддае гітару.
        Немец далікатна бярэ яе, уладкоўвае на каленях і, ціхенька перабіраючы струны, левай рукой падкручвае шурупы. У куце зноў усхапляецца абвязаны. Ён нічога не бачыць і праз ледзьве стрываны боль крычыць з роспаччу ў голасе:
        – Ага, фрыц? Гэта фрыц? Чаму вы яго не заб’яце? Забіце фрыца!
        Той, другі, ягоны сусед, прыпаднімаецца і лёгенька, бы малога, кладзе яго на спіну.
        – Ладна, ціха... Я яго сам. Вы пачакайце...
        Вочы гэтага чалавека з-пад насупленых броваў пры няпэўным святле «кацюшы» нядобра бліскаюць у бок немца. Абгарэлы корчыцца ў пакутах, енчыць, сцяўшы зубы. У хаце, аднак, на яго не звяртаюць увагі.
        Немец няспешна настройвае гітару. Мы ўсе з затоенай цікаўнасцю глядзім на яго – усё ж не часта бачыш, як фашыст упраўляецца з музыкай. Цікава, што ў яго атрымаецца! У сяржанта на вузкалобым твары ўжо не хцівая ўсмешка, а прытоеная да часу пагроза. Мне здаецца, калі немец у чымсь не дагодзіць, то яму ўжо не спусцяць – прыйдзецца тады бараніць. Цяжкапаранены на ложку павяртае набок свой збялелы твар і з пакутніцкай нетутэйшасцю ў паўзаплюшчаных вачах таксама сочыць за немцам. Усё ж ён чакае чагось, і гэтае чаканне на кароценькую хвіліну нібы прытупляе ягоныя пакуты. 3 дзявочаю цікаўнасцю коратка азіраецца ад прыпечка Каця і хмурыцца. Чамусьці я пачынаю хацець, каб немец сапраўды сыграў што няблага. Міжвольна мне ўжо карціць на спачуванне да яго ў гэтай хаціне. Усё ж ён «мой» немец.
        I сапраўды, ён хутка падстройвае гітару і трошкі сцішана, але лёгка і спрытна пачынае бегаць па струнах. Просценькі, усім вядомы матыўчык, як тоненькі сакавіцкі ручаёк, журчыць у хаціне:
        
         Синенький скромный платочек
         Падал с опущенных плеч...
        
        Вось дык дзіва! Вось табе і немец! Грае наша, рускае, як самы заўзяты русак. I параненыя, глядзі ты, пасціхалі ўсе, ніводзін не вякне ні слова – слухаюць. Сяржант з самага пачатку, відаць, страчвае свой пагрозлівы намер. Нехта ў куце сцішана ўздыхае, пасля ўсхліпвае – ага, плача! Гэта, здаецца, абпалены. Ну, але што ж зробіш! Што мы ўсе тут, у гэтай хаце, можам зрабіць, апроч як трываць свой боль. Хто большы, хто меншы, хто на дзень-два, хто на доўгія месяцы. Апёкі ж будуць балець да самага канца, пакуль не зажывуць – няма горшага болю, чым ад апёкаў. Цяпер нам адно – трэба звыкацца з болем, думаю я. Там, у стэпе за Кіраваградам, наступаюць, акружаюць, адбіваюць атакі, вызваляюць сёлы і станцыі, а мы тут – суцэльная канцэнтрацыя болю. Як толькі дагэтуль не дадумаліся выкарыстоўваць яго энергію, акумуіраваць, кансерваваць, ператвараць у іншыя віды? Колькі яе, нечалавечай і пакутнай, прападае бясследна ў гэтай вайе! На жаль, цяпер, як і тысячы год на зямлі, пакуты – асабістая справа кожнага, бескарысная трата вялізных людскіх намаганняў. Таму плач, баец, не саромся. Кажуць, ад плачу стане лягчэй! I не чапляйся да немца. Чорт з ім, хай жыве, усё ж і ён – чалавек. Вунь як іграе...
        Немец тым часам канчае іграць. Сяржант збянтэжана падаецца назад, ямчэй умошчваецца на ложку ў нагах параненага і ссоўвае на лоб пакамечаную, з растапыранымі вушамі шапку.
        – Здорава, шэльма! Нічога не скажаш!
        – Добра шпарыць... – стрымана адабраюць у куце.
        Немец лёгенька кранае пальцамі струны, спрабуючы іх гучанне. Сяржант падабрэлымі вачыма разглядвае яго зверху. Відаць па ўсім, гэтаю ігрой немец пахіснуў у ім прывычную грубаватую самаўпэўненасць і абудзіў пачуццё звычайнай чалавечай цікавасці.
        – Ты хто? Фашыст? – пытаецца ён, ва ўпор узіраючыся ў немца. – За Гітлера?
        – Гітлер капут! Гітлер плёхо, – хуценька адказвае немец сваёю прывычнай фразай.
        Я пазіраю на яго і адчуваю, як нешта ў ім перамянілася, быццам ажывела. Позірк набывае натуральнасць і перастае палахліва бегаць па тварах. Сцішаная ўвага рускіх супакойвае яго.
        – Во гэта я разумею, – кажа сяржант і бесцырымонна, але без пагрозы ляпае яго па плячы. – Што, сам здаўся? Сам плен ком?
        – Я, я. Сам, – пацвярджае немец.
        – Правільна. Адабраю. Дай пяць. – Сяржант коратка ціскае за локаць яго занятую гітарай руку і ўжо зусім дружалюбна прапануе: – Ану ізабразі яшчэ што! Ну вось гэту: «На позицию девушка провожала бойца...»
        – Огоньёк! – здагадваецца немец і хуткім гарлавым прабегам без слоў заканчвае мелодыю. Задаволены яго здагадлівасцю, сяржант адабрае:
        – Во, во!
        Неўзабаве немец зусім няблага іграе «Огонек», і я толькі дзіўлюся ягонай здатнасці да нашых песень. Сяржант хрыпата падпявае, а мяне горне ў салодкі, млявы, ліпучы сон. Я адчуваю: не трэба паддавацца яму, нельга, ці мала што... Трывога ў душы нейкі час змагаецца са сном, але неўзабаве, здаецца, ён усё ж адужвае ўсё – і клопат, і трывогу, і мой боль у назе...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.