РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
12
        
12

        
        За акном уладарыць марозная ноч.
        Часу між тым мінае нямала: ужо, мусіць, апоўначы. Я не сплю і пасля ўсяго, што адбылося тут, самотна гляджу ў печ. Агонь горача палае, ганяючы па тынкаванай сцяне над ложкам мільготкае зарава.
        Ля печы тупаюць, шархацяць саломай санітары і Каця – яны вараць бульбу. Каця, – без паўшубка, расчырванелая, уся неяк па-добраму ажывелая ад гэтай хоць, відаць, і не дужа прывычнай для яе, але такой хатняй і жаночай работы, – спрытна лязгае па прыпечку казанамі. Сяржант, страціўшы ўжо цікавасць да немца, які сцішана сядзіць побач, перавешваецца грудзьмі цераз ложак і шырокімі сваімі лапішчамі ўсё імкнецца лішні раз ухапіць дзяўчыну. Тая ледзьве ўвільвае ад яго рук, часам не балюча ляскае сяржанта вілачнікам па плячах. Сяржант рагоча, стрымана ўхмыляецца немец. Дзядзькі-санітары не звяртаюць залішняй увагі на гарэзы маладых.
        У хаце ціхая гамана, дым ад цыгарак перамешваецца з гаркавым чадам саломы. Сцішана стогне ў паўзмроку нехта з параненых. Матляюцца па столі і прасценках мядзведзяватыя, скасабочаныя цені. Мільготкія водсветы з печы то горача ўспыхваюць, то цьмяна трымцяць на абшкрэбаных сценах мазанкі.
        Хутка, мабыць, зварыцца бульба. Я ўжо адчуваю яе духмяную парнасць у хаце і часам забываюся на рану, на стэп з танкамі, на маю сутычку з Сахно, якая чорт ведае чым яшчэ скончыцца. Я вельмі чуйны да кожнага стуку ў сенцах – толькі рыпнуць дзверы, мне здаецца, што гэта ідуць па мяне. Але гэта ходзяць байцы, носяць салому, ваду. А аднаго разу ў хату ўвальваецца доўгі, у расшпіленым шынялі санітар. У абедзвюх руках у яго нешта шэрае і мяккае, якое ён адразу кідае на падлогу.
        – Ой, што гэта?
        Каця спалохана шастае ўбок. Санітар бязгучна смяецца, асклабіўшы шырокія, нібы конскія, дзёсны. На падлозе дзве нерухомыя трусіныя тушкі.
        – Дзе ты іх узяў? – здзіўлена пытаецца Каця. Спалоху ў яе голасе ўжо няма, ёсць здзіўленне і лагода – сапраўды, рады былі бульбе, і раптам – трусяціна!
        – Там, у сянёх, – ківае санітар. – Норы ого!
        Ён зноў выходзіць здабываць з нор гаспадарскіх трусоў. Каця з несхаваным шкадаваннем на вуснах паднімае за доўгія вушы шэрую мяккую тушку, хвіліну ў ціхім роздуме глядзіць на яе і працягвае кароценькаму санітару.
        – На-ка абдзяры...
        Санітар заклапочана ссоўвае на патыліцу шапку. Аказваецца, ён не ўмее або не хоча зрабіць гэтае звычайнае справы, таксама як і сяржант і Каця. Іншым жа замінаюць параненыя рукі. Тым часам доўгі санітар прыносіць з сянец яшчэ аднаго забітага трусіка. Але ён таксама не ўмее разабраць і ківае на немца:
        – Вунь фрыц хай! Няма чаго дармаеднічаць...
        Немец, пэўна, ужо асвойтаўся ў гэтай хаце і з затоенай цікавасцю назірае за тым, што робіцца ля печы. Відаць, ён здагадваецца, у чым справа, і не вымагае сябе прымушаць.
        – О фройлян, іхь сделайт.
        Каця секунду марудзіць. Акругліўшы вочы, выпрабавальна пазірае на немца, потым вочы яе, прыкметна наліваючыся гневам, вузеюць.
        – Ах ты, скурадзёр пракляты! Набіў на людзях руку!
        – Ладна, ладна! Хай! – абрывае яе сяржант. – Давай, дзелай арбайт, Ганс.
        – Няхай папэцкаецца, а што! – зазначае санітар. – Трымай фінку.
        Ён дастае з кішэні крывы садовы ножык на ланцужку, адчэплівае баранчык і аддае нож немцу. Той з гатоўнасцю прысядае на калені і ў святле печы проста на падлозе пачынае свежаваць тушку.
        – Айн мамент, фройлян. Бістро. Бістро.
        Мы ўсе з цікавасцю назіраем, як старанна ён робіць гэта – надразае заднія лапкі, распорвае шкуру на жываце і, не так умела, як дбайна, урэшце, здзірае з тушкі мяккую вільготную шкурку. Сяржант з ложка пахвальвае:
        – О, правільна, Гансік. Пакажы клас. Адразу відаць: спец!
        Каця хмурыць бровы, назіраючы за ўпэўненымі рухамі немцавых рук. Светлыя доўгія валасы на яго галаве рассыпаюцца, і ён адтапыраным пальцам раз-пораз адкідвае іх назад.
        – Ага, глядзі ты! Маладзец! I тут майстар, – кажа нехта з кута.
        – Рукасты.
        – Рабацяга бо. Не тое, што вы, – кажа сяржант. – Во, глядзі, якую мне люльку падарыў. Ага!
        3 блазенскаю ўсмешкай на нізкалобым шырокім твары ён прыўзнімае ў пальцах выгнуты адмысловы муншт з мефістофельскай галоўкай на канцы і пакручвае яго ўгары, каб усе бачылі. Падарыў – гэта занадта. Вядома, сяржант прыдбаў яго сам.
        – Айн мамент, фройлян! – бадзёра прыгаворвае немец. – Дас іст карошый братэн. Жаркёя.
        – Жаркое! Глядзі, разумее! – захапляюцца ў куце.
        – А што ж ты думаў! Ці мала нашага дабра перасмажылі за тры гады!..
        – Годзе, не бурчы. Ён добры.
        – Ага, яны ўсе добрыя. Вось наляцяць пад ранак, дык адны галавешкі застануцца, – разважна кажа нехта ад перагародкі.
        У куце ўскідваецца з саломы апяразаны бінтамі абгарэлы.
        – Доктар! Доктар тут ёсць?
        У хаце ўсе змаўкаюць і зважліва азіраюцца на невідушчага, нібы здань белага ад бінтоў, чалавека.
        – Доктара няма, – кажа Каця. – Ён аперыруе. А вам што?
        – Выбрацца з гэтага свінушніка. Колькі можна чакаць?
        – Сказалі – уранні.
        – Што значыць – уранні? – запальчыва раздражняецца абгарэлец. – Маёра дык адвячоркам павезлі
        – Маёра ў авіяцыйны шпіталь. Ён лётчык, – кажа сяржант.
        – Лётчык? А я таксама лётчык. Вы што – не бачыце? Я гарэў! Зараз жа адпраўляйце і мяне.
        Усе змаўкаюць. Сапраўды, гэта не жарты, калі абгарэла гэтулькі скуры. Да таго ж лётчык. Лётчыкаў мы паважаем, было б на чым везці, напэўна, кожны ўступіў бы яму сваё месца.
        – Ладна, патрываеце трохі. Вось зараз трусяціны наварым, – прымірэнча кажа Каця і прыкрыквае на немца: – Ану, Гітлер, паварушвайся мне жывей!
        Але немец і так завіхаецца, ажно спацеў. Нашай балбатні ён не слухае – уся яго ўвага на працы. Бадай, ён – неблагі дзядзька. Праўда, амаль як і заўжды ўсе палонныя, трохі дурнаваты з выгляду, бо не разумее па-нашаму. А так просты і ўслужлівы, відаць, лёгкі на рукі і ахвочы да працы. Пэўна, сербануў ліха на вайне і цяпер, у палоне, мусіць дагаджаць, бо баіцца. Вось невядома толькі, як ён трапіў у палон: сам здаўся ці зацапалі хлопцы з нашага батальёна? Хоць, зрэшты, гэта не так і важна. Адваяваўся фрыц, і цяпер, відаць, прачынаецца ў ім чалавек, мірны абывацель, рабацяга. Што ж – хай сабе! Мы добрыя, страляць яго не будзем, а дабрата – таксама зброя. Гэта ўжо відаць і па немцу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.