РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
14
        
14

        
        Юрка зняможана спіць побач, звесіўшы на грудзі светлую галаву. Здаровай рукой ён засцярожліва ахінае параненую і ціха пасопвае ў нос – па-хатняму мірна і соладка. На ложку словамі і жэстамі спрабуе нечага дабіцца ад немца сяржант. Навокал угамоньваюцца, ладзячыся на ноч, параненыя. Гамана ў хаце пакрысе заціхае. Густа, не прадыхнуць, смярдзіць шынялямі, потам, бінтамі. У мяне мацней пачынае балець нага. Гарыць, пячэ ў ступні. Заснуць я ўжо не магу і моўчкі гляджу на свайго соннага сябра.
        Эх, Юрка, Юрка! Сапраўды гэта здорава, што мы вось гэтак нечакана-негадана сустрэліся сёння. Можа, гэтак жа разам сядзем заўтра ў санітарную машыну і рванём I у тыл – прэч ад танкаў, агню і бясконцых франтавых трывог. I там – ложак, чыстая бялізна, спакой і сон, I сон... Магчыма, нам пашанцуе яшчэ болей і мы трапім у адзін шпіталь. Тады будзе не лячэнне, а рай. У такім разе я гатовы прымірыцца з маёю вымушанай разлукай са ўзводам, у якім так мала ўжо засталося старых стралкоў. Мусіць, праз які месяц усе будуць новыя, незнаёмыя, з папаўненняў. Зноў трэба будзе вучыць ды прывыкаць да кожнага. Ну, але не бяда, прывыкнем – я да іх, яны да мяне. Гэта толькі здаецца так, што новыя горш за старых, проста яны невядомыя. Праўда, сярод іх розныя – і лепшыя і горшыя, як і сярод старых. Хаця гэта пасля. Цяпер вось самае галоўнае – мы разам з маім самым найлепшым сябрам, маім Юркам.
        Гэтак жа паўтара года назад, зусім нечакана і яшчэ не ведаючы адзін другога, мы трапілі ў адзін строй у вучылішчы і апынуліся ў адной роце, у адным узводзе і нават у адным аддзяленні. Год мы праспалі на нарах побач, і амаль кожную ноч пад ранак ён нецярпліва штурхаў мяне ў бок за маю недарэчную прывычку храпці. Нам было дужа не соладка там – зусім яшчэ навабранцам, амаль саплякам, учарашнім школьнікам, якіх жорсткі лёс вайны кінуў ад кніжнай навукі ў бязлітасную суровасць вайсковага вучылішча, з яго ўшчыльненай праграмай, бяссоннымі нарадамі, знямогласцю абарончых работ. Заўжды хацелася спаць, есці, адпачыць, а ўзводныя з нашага ж брата, курсантаў папярэдніх выпускаў, якія самі не ведалі тут паблажак, не песцілі імі і нас. Казалі, так было трэба, каб фронт здаўся раем пасля таго гранічнага напружання, да якога нас прызвычаілі ў вучылішчы. Сапраўды, дзесяць гадзін заняткаў у поўнай выкладцы, маршы, вучэнні, земляныя работы ў ваколіцах горада (будаваўся знешні абараняльны рубеж Саратава), ноччу – абавязковыя дзяжурствы на заводах, якія бамбілі немцы. Там яшчэ да фронту мы пазналі вайну, агонь і вострую жалобу па сябрах, расшкуматаных бомбамі, і па тых, хто без рэшты згарэў у вялізных пажарах.
        Гэта было вельмі нават нялёгка, асабліва калі ўлічыць журботнае сіроцтва многіх з нас, родныя мясціны якіх былі пад ворагам. А немцы ўсё пёрлі і пёрлі на ўсход, на Сталінград, на Каўказ, стаялі непадалёку ад Масквы. I калі ўсё ж знайшлося такое, што давала нам душэўныя сілы вытрымаць, дык у ім нямала значыла пачуццё таварыства з яго неадмысловым гумарам, добрасцю, шчырасцю. Усё, аказваецца, можна перажыць, калі ў цябе ёсць сябар, з якім многае дзеліцца напалам. Тады ўсе турботы і скруха меншаюць роўна ўдвая, а радасць – дзіўная справа! – удвая павялічваецца. I які б ён ні быў, твой сябар, калі ў цябе няма лепшага, ён робіцца другою часткай цябе самога, і ты ўжо не можаш уявіць сябе асобна ад яго. Адным з такіх сябрукоў быў для мяне Юрка Стралкоў.
        Можа, гэта і непрыемна ўспамінаць цяпер, але нашае збліжэнне пачалося з таго, што мы пасварыліся. Пасварыліся, як дурні, без слушнай на тое прычыны, проста, мабыць, таму, што яшчэ дрэнна ведалі адзін аднаго. На палітзанятках, якія ў нас праводзілі проста ў казарме, на праходзе між ыараў, палітрук Шаяхметаў пытаўся пра задачы, пастаўленыя ў першамайскім загадзе Вярхоўнага, і я не мог іх пералічыць правільна. Не тое каб я не ведаў гэтыя задачы, але палітрук быў фармаліст і патрабаваў адказаць слова ў слова, як гэта было запісана ў загадзе. Я ж вучыць іх на памяць не меў часу.
        Калі была апытана палавіна ўзвода, аказалася, што толькі курсант Стралкоў мог адказаць больш-менш правільна. Вось тады палітрук і прымацаваў Стралкова да траіх адставак па палітграмаце. Але калі Юрка падышоў да нас пасля заняткаў, мы яго не паслухаліся, болей таго, мы з ім пасварыліся (падумаеш, знайшоўся без пяці мінут нампалітрука!). Мы самі не горш за яго маглі вывучыць тыя чатыры або пяць пунктаў. Толькі мы не вучылі.
        Стралкоў, вядома, пакрыўдзіўся, бразнуў дзвярыма і пайшоў – думалі, дакладваць начальству, аднак ён не далажыў. Апошняя акалічнасць трохі парушыла нашу непрыязнь да Стралкова, і, каб не падвесці яго (ды і сябе таксама), да наступных заняткаў мы ўсё вызубрылі.
        Зімой у вучылішчы стала холадна, у нятопленых вялізных казармах вельмі даймала сцюжа. Напорысты заволжскі вецер на шматгадзінных палявых занятках наскрозь прадзьмуваў нашыя пацёртыя шынялькі. Мы дужа калелі і таму яшчэ болей хацелі есці. Пра яду мы думалі заўжды: на занятках, у нарадзе, на вячэрняй паверцы і нават прачынаючыся ў казарме ноччу. Ля сталоўкі і каля прадсклада заўжды таўкліся курсанты – хворыя, вызваленыя ад заняткаў, тыя, у каго парваўся абутак і не было ў чым ісці ў поле. Усе з галоднай тугой у вачах чакалі шчаслівага выпадку раздабыць што з’есці.
        Аднойчы мы з Юркам былі ў каравуле і прастаялі ноч на двухзменным пасту, які на дзень звычайна знімаўся. Гэты пост даваў нам права адляжацца ў каравулцы на нарах (калі толькі не было да нас ніякай патрэбы ў грознага бога роты – старшыны Шквары). Зрэшты, у той дзень першы зранку заваліўся спаць я, бо ўжо адстаяў сваё на пасту, і хроп амаль да снядання. Юрка ж, змяніўшыся пазней, пабег да сталоўкі на здабычу харчу, і там яму надарыўся проста неверагодны па тым часе выпадак.
        Узрушаны, ён куляй уляцеў у каравульнае памяшканне і, ледзьве расштурхаўшы мяне, яшчэ адурэлага ад сну, павалок да прадсклада. Аказваецца, там нас чакала крытая аўтамашына, у якой вазілі з горада хлеб і да якой Юрка толькі што занарадзіўся грузчыкам. Загадчык склада, маўклівы пажылы дзядзька ў ватоўцы, нецярпліва чакаў Юрку, хоць побач, наперабой прапаноўваючы свае паслугі, стаяла чалавек шэсць курсантаў. I ўсё ж Юрка, рызыкуючы застацца ні з чым, пабег па мяне, і мы, ледзьве здыхваючыся ад стомы, урэшце залезлі ў жалезны кузаў машыны. Загадчык сеў у кабіну.
        Мы ехалі, мяркуючы праз гадзіну вярнуцца, наеўшыся свежага хлеба, і (калі пашанцуе), можа, яшчэ і прыхапіць якую буханачку-другую на заўтра. Дзеля хлеба мы свядома ахвяравалі сняданнем – двухсотграмоваю пайкаю, міскай супу і чаем, – нам даражэй быў хлеб.
        Праўда, загадчык склада неўзабаве расчараваў нас. Аказалася, што перш чым ехаць па хлеб, трэба прывезці мяса. Гэта было ўсё ж не тое, што хлеб, але што зробіш – калі ўлезлі ў кузаў, дык мусілі слухацца. З гадзіну мы цягалі на мясакамбінаце баранія тушы ў машыну і наклалі іх столькі, што ледзьве ўлезлі самі. На першы погляд гэта было вельмі заманліва – цэлая гара бараніны, толькі, вядома, карысці з яе мы не мелі ніякай.
        Галодныя, мы згрузілі тушы на вучылішчным складзе і, не паснедаўшы (бо спазніліся), на той жа машыне зноў выправіліся ў горад. Але і ў гэты раз хлебазавод застаўся ўбаку, мы прыехалі на базу, дзе нам была падрыхтавана яшчэ горшая нечаканка ў выглядзе цэлага штабеля мяхоў з мукой. Гэта было жахліва. Мабыць, кожны з нас упаасобку важыў меней, чым кожны з гэтых стандартных шасцідзесяцікілаграмовых мяхоў, якім мы проста не маглі даць рады. У нас занадта было мала сілы, каб падняць мех на вагі і з вагаў вынесці ў двор на машыну. Але што мы маглі зрабіць, калі напрасіліся ў грузчыкі? Праўда, памог загадчык склада, і пакуль мы мураўіным спосабам перавалаклі ўсю муку ў машыну, дык выйшла, што сілы ў нас засталося толькі на тое, каб самім залезці ў кузаў. А наперадзе чакала яшчэ і разгрузка. Да таго ж мы празявалі і абед і спазніліся ў каравульнае памяшканне. У перспектыве была гаўптвахта, а можа, і яшчэ горшае.
        Але трэці рэйс быў сапраўды па хлеб, і мы рызыкнулі – усё роўна ўжо ўліплі. Што ўжо бедаваць па якой гадзіне самавольнай адлучкі, калі мы адлучыліся з казармы ўвогуле не меней чым на восем гадзін.
        Хлебазавод сустрэў нас такой канцэнтрацыяй хлебнага паху, што мы гатовы былі забыць пра ўсе нашыя беды і наогул не вяртацца ў той дзень у вучылішча. Паджарыстымі, духмянымі да п’янасці боханамі былі выкладзены дзесяткі ячэістых сцелажоў з вузенькімі праходамі паміж імі. Цэлымі сцелажамі ўзважвалі і аддавалі на пагрузку ў машыны. Мы былі болей чым галодныя, здавалася, маглі з’есці па дзесяць буханак кожны, але з’есці нават кавалка тут было нельга. Мы думалі: хай! Пад’ямо пасля.
        Гэтае «пасля» выдарылася толькі тады, калі ў закрытай машыне мы трэсліся побач з цёплаю грудай буханак і глыталі, мабыць, не жуючы, мяккія распараныя скарынкі. Толькі ці многа можна было іх праглынуць за якіх пятнаццаць хвілін дарогі па калдобінах зімовай вуліцы? Пасля мы разгружалі, – сумленна, да апошняй буханкі. Дарэчы, кантроль на нашу працу быў усюды болей чым строгі. Але мы спадзяваліся недарма.
        Загадчык склада памучыў нас добра, але і няблага аддзячыў. На разлік мы атрымалі тры яшчэ цёплыя боханы і пусціліся ў свае казармы. Спяшацца, зрэшты, не мела вялікага сэнсу, бо на паверку мы даўно ўжо спазніліся, у гарадку ўсё сціхла, толькі па дарожках каля казармаў хадзілі патрулі. Яны і затрымалі двух вельмі падобных на зладзеяў або дыверсантаў парушальнікаў вайсковага распарадку.
        Сутычка з імі была не дужа прыемная, але затое нядоўгая. Каб не трапіць да дзяжурнага па вучылішчы і не страціць усё, давялося ахвяраваць адною буханкай. Другую мы прадбачліва прыхавалі ў снезе каля плота, а з апошняю пад палой у Юркі, ледзьве пераборваючы страх, адчынілі дзверы казармы.
        Аднак нам да канца не шанцавала ў той дзень, і мы канчаткова зразумелі гэта, як толькі пераступілі парог і ўбачылі на праходзе між нараў нашага старшыну Шквару. Двое нарадчыкаў пачыналі мыццё падлогі, а старшына, па-напалеонаўску скрыжаваўшы на грудзях рукі, сцюдзёным позіркам усёбачачых вачэй глядзеў на нас. «Дзе былі? Адказвайце! Маўчаць, калі размаўляеце са старшыной! Я ў вас пытаюся, дзе былі? Маўчаць! На губу захацелі?..» I раптам старшына змяніўся: «Ану, ану, што гэта ў вас? Ану?..»
        Так беззваротна загінула наша другая сумленна заробленая буханачка, замест якой старшына тут жа надзяліў нас чатырма нарадамі (мала нам у той дзень было яшчэ працы!). Зняўшы шынялі і амаль глытаючы слёзы, мы ўзяліся шараваць падлогу.
        Мы пракліналі тады старшыну, ледзяную ваду, якую трэба было цягаць у вёдрах ад самай сталоўкі, пракліналі загадчыка склада, лкі давёў нас да такіх пакут, і ўсё на свеце. Адзіным нашым суцяшэннем была тая апошняя буханачка, якая да пары чакала нас пад плотам.
        Але тую буханачку, тую апошнюю надзею галодных, раней за нас адшукалі сабакі.
        Калі мы, ужо далёка за поўнач справіўшыся з падлогай, убачылі ля плота здратаваны сабачымі лапамі снег з чырвонымі, як кроў, крошкамі хлеба, то на хвіліну знямелі. Я гатовы быў ашалець. Юрка, мабыць, першы раз у жыцці, вылаяўся і без сіл апусціўся на снег. Я хацеў некага забіць. Мы ледзьве дабрылі да нараў...
        Праўда, назаўтра, паснедаўшы, ужо з меншай тугой паглядзелі адзін аднаму ў вочы, і ў гэтых позірках значылася: «Якія ж мы дурні!» А яшчэ праз тыдзень расказалі хлопцам пра наш злашчасны заробак. I хлопцы надрывалі жываты ад смеху. Ды і мы таксама.
        ...У хаце густы, не прадыхнуць, смурод. Нехта мармыча ў сне, нехта стогне. У двух месцах нават храпуць. На прыпечку дагарае наша апошняя «кацюша». Немец на ложку таксама заціх і, наваліўшыся на калені, спіць. На сцяне за ім змрочна цямнее яго касы і шырокі цень. Дрэмле ля парога санітар. Адзін толькі сяржант варушыцца нешта, зручней уладкоўваючы нагу, ды захінаецца ў дэсантную куртку. Пасля ён збіраецца закурыць і піхае цыгарэту ў свой мефістофельскі мунштук.
        Я папраўляю на падлозе маю небараку-нагу. Сяржант паднімае голаў.
        – Баліць?
        – Ды баліць, халера...
        – Мая таксама баліць. Удзень яшчэ цярпіма, а ўночы пячэ, як крапівой.
        – Мусіць, ноччу ўсе раны болей баляць.
        – Ну, а ты думаў!.. – згаджаецца сяржант і кажа: – Слухай, младшой, а твой немец быццам нішто.
        – Хто яго ведае. Можа, і нішто.
        – Панімаеш, – сяржант засяроджана прыкурвае ад запальнічкі. – Панімаеш, я было хацеў яго шпокнуць. Спачатку. Злы я на іх. Ёсць такая прычына. Ды гляджу – нейкі ён дужа ўжо не такі, гэты фрыц. Настаўнік. Двое дзяцей... Каб хоць буржуй які... Ці эсэс...
        Я маўчу. Я разумею ягоную прычыну і яго злосць да немцаў. Толькі я думаю: дужа ўжо спрытныя ў нас сталі на суд і расправу. Ні табе начальства, ні трыбунала: захацеў і – шпокну! Якая самаўпэўненасць! А можа, ён трэба там, дзе-небудзь у штабе. Зрэшты, мабыць, вінаваты і я – палонных трэба даводзіць да месца, а не таўчыся з імі па санітарных часцях, дзе скрозь параненыя, знерваваныя, злыя. Ну, але гэта ўжо іншая справа.
        – Панімаеш, трэці раз не шэнціць, – выдыхаючы дым, сцішана кажа сяржант. – Усё не магу. Ці, можа, цюхця такі стаў?.. Першы дужа паранены трапіўся, устаць не мог. Узяў ягоную вінтоўку, думаю, зараз я цябе даканаю. Загнаў патрон у патроннік, а ён гэтак паглядзеў на мяне і кажа: «Данке, рус! Найн Сібір!» Ах ты, думаю, гад, Сібіру баішся... Тады жыві. Паспытай Сібіру. Не стаў страляць. Другога пад Залачовам сцапаў. У разведцы. Хацеў пырнуць фінкай, ды не змог – малады такі, пацан пацаном. Як наш Макоўчык. Быў такі ў роце. Худзенькі, тонкі і кашляе. Ну і адвёў у штаб. Чорт з ім, думаю. Трапіцца ж мне ўрэшце эсэс, тады сквітаюся.
        Сяржант, крэкчучы, ямчэй прыладжваецца на ложку і хвіліну прыслухоўваецца да грукату нейкай спозненай машыны за акном.
        – Заўтра эвакуіруюць... На якіх месяцы два цяпер адпачынак... Перавязкі. Сястра – вутку! Паскудства адно. Не люблю! – адразае ён і зацягваецца з свайго трафейнага мунштука. Пасля хмурыцца. – А Макоўчыка праз тыдзень асколкам у пазваночнік... Эх! Разразі цябе ў тысячу трах-тарарах!..
        Ён адмыслова лаецца пяціпавярховым матам і злосна плюе ў парог. Побач узнімае галаву Каця, і я здзіўляюся: выходзіць, яна таксама не спіць – паныла сядзіць, насцярожана скурчыўшыся, нібы адасобіўшыся ад усяго ў гэтай хаце. У яе вачах поўна слёз. Я аж палохаюся.
        – Вы што?
        Яна нават і не паварочвае галавы.
        – А табе што за дзела?
        – Ну, я так. Думаў...
        – Адстань.
        Можна і адстаць, калі няма ахвоты адказаць. Сапраўды, чаго мне набівацца са спачуваннем, хіба ў мяне мала свайго клопату і свайго болю? Да таго ж адольвае стома, і мяне таксама пачынае браць сон. Да ранку, напэўна, яшчэ далёка...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.