РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
37
        
37

        
        Праходзіць, мусіць, нямала часу, пакуль я, прытрываўшыся да болю, раскрываю вочы.
        У двары гамана.
        Хата, на падворку якой мы апынуліся, мусіць, пакінутая. У выбітых шыбах акна з рэшткамі шкла – чарната. Дзверы – насцеж. Таму немцы ўсе ў двары. У полах шынялёў яны прыносяць аднекуль сухі паёк і ладзяць падвячорак. На састаўленых разам скрынках дзеляць галеты і асобна кансервы. Кінуўшы нас без аніякай увагі, усе стоўпліваюцца на падворку і ўраз расхопліваюць свае порцыі. Энгель таксама там. Як роўны з роўнымі, і ніхто яму, здаецца, нічога не кажа. Быццам і не было ў яго ні палону, ні кантакту з рускімі. Быццам і ён такі ж шчыры служака фюрэра, як і ўсе яны тут. Ён зграбае са скрынкі свае галеты, і ўдвух з рудым, што вывалак мяне з трубы, адной лыжкай па чарзе пачынаюць вышкрэбваць з банкі. Сахно, скурчыўшыся на завалінцы, пільна сочыць за імі спадылба і штохвіліны глытае слінку. I ўсё дрыжыць. А я ўжо не дрыжу. Здаецца, я марудна і няўхільна замярзаю. Ног сваіх я ўжо не адчуваю. Чужыя мне і рукі, на якіх даўно ўжо няма рукавіц. I яшчэ нясцерпна хочацца піць. Ад страты крыві ўнутры ў мяне ўсё сохне і паліць агнём. «Ну дзе ж яно, дзе іх начальства? Няўжо ж нікому мы тут не патрэбны?» – паныла думаю я і чакаю, калі хто-небудзь да нас падыдзе.
        I адзін падыходзіць. Малады зусім, сімпатычны на выгляд салдат з яснымі прыгожымі вачыма. Ён ступае тры крокі ад гурту ля скрынак і, дажоўваючы галету, расхінае полы шыняля. Робячы сваю справу ў двух метрах ад прызбы, немец сустракае мой позірк. Я чакаю нянавісці, крыку, а можа, і стрэлу, а ён усміхаецца і па-блазенску віхляе задам. Рудая паска перакрэслівае побач снег, дробным лопатам прабягае па маёй спіне раз і другі. Немчык задаволена ржэ, зашпільваецца і адразу адварочваецца, папраўляючы на плячы аўтамат.
        Мабыць, першы раз я стагну. Ад пакут іншага роду, чым тыя, што дапякалі мяне раней. Гэта нясцерпныя пакуты. Іх нельга зразумець, не стрываўшы. У роспачы прыпамінаюцца ўсе мае франтавыя няўдачы. Калі я страляў з «дзегцяра», не паставіўшы на планцы прыцэл, з дзесятак немцаў паспела схавацца ў траншэі. I як мы прамарудзілі з атакай і далі іх машынам выскачыць з сяла. I той вечар, калі мой узвод захапіў шасцярых палонных. У хлопцаў былі мокрыя валёнкі, але я не дазволіў ім разуць немцаў, абутых у спраўныя боты. Каб тады ведаць, што чакае мяне! Мне крыўдна, што я мала забіў іх на фронце.
        Але, відаць, усе мае пакуты дарэмныя. Ніводнага з іх я ўжо не заб’ю і нічога ім не зраблю. На мяне ім напляваць. Яны адыходзяць. Дажоўваючы хрумсткія галеты, ямчэй ладзяць на спінах сумкі, процівагазы, закідваюць на плечы зброю, і адзін за адным выходзяць на вуліцу. На нас нават не зірне ні адзін. У двары, аднак, застаюцца знаёмыя скрынкі. I ля іх трое. Наш Энгель, малады акулярык, што вывалак мяне з трубы, і яшчэ адзін новы. Ён паджары, ладна складзены, з уедлівымі цёмнымі вачыма і яфрэйтарскім шаўронам на рукаве. Гледзячы па ўсім, гэты тут будзе за старшага.
        Я ўжо не ведаю, што і думаць. Страшна крыўдна сканаць, як канае падстрэлены сабака. Мабыць, да ночы мне ўжо не дажыць. А яна зусім блізка. Сонца ў небе ўжо не відаць. У празрыстае сіняе сутонне марудна апускаецца дол. Пад стрэхамі гусцее і ўстойваецца змрок. Усё настойлівей пячэ твар і рукі мароз. Пэўна, ноч будзе зорная і месячная, як і ўчора. Толькі мне яе ўжо не ўбачыць.
        Немцы, пасеўшы на скрынках, кураць. I маўчаць. Бачу – чуйна ўслухоўваюцца ў гукі, якіх шмат далятае, плыве і коціцца з шырокіх ваколіц сяла. Аднак тых, што гэтыя трое чакаюць, пэўна, няма. На вуліцы робіцца пуста. Мусіць, немцы ўжо выехалі адсюль. Чаго тады чакаюць гэтыя трое?
        I тут у мяне з’яўляецца апантаная думка: а можа, яны чакаюць нашых? Каб здацца! I ўратаваць нас!.. Праз секунду радаснага знямення я, аднак, разумею: дурная надзея. Не для таго яны тут пакінуты. Ды і той Энгель, падлюга, нават не падыдзе ні разу. Ні разу не зірне нават, нібы баіцца. Але раней не вельмі баяўся. А я так хачу папрасіць у яго вады... Здаецца б, толькі напіцца, а там можна і памерці. Затое Сахно неяк ненатуральна ажыўляецца. Нібы ўрэшце перамагае ў сабе шок, які валодаў ім з трубы. Ён дазваляе сабе ўстаць з прызбы і пачынае часта прысядаць – грэцца. I яго не лаюць. Толькі акулярык нешта буркае, але яфрэйтар маўчыць, тады і ён змаўкае. Сахно, сеўшы, тупае ботамі. Зямля гулка грукаціць пад ім і болем аддаецца ва ўсім маім целе.
        Адубелы і знямоглы, я не адразу заўважаю, як з гэтым грукатам зліваецца далёкі знаёмы трэскат. Я толькі бачу, як усе трое немцаў ураз паварочваюць галовы. Чарга паўтараецца раз, другі, трэці. Немцы ўскокваюць. Двое пазіраюць на яфрэйтара, і зноў усе ўтрох слухаюць.
        Няўжо нашы? Я не магу ў тое паверыць. Няўжо яшчэ магчымы які паратунак? Сахно зноў знерухомлівае, сцяўшы на пераноссі бровы. Мне здаецца – гэта «максім». Не, бадай, болей падобны на танкавы. Толькі якога танка? Чэргі, аднак, змаўкаюць. Немцы яшчэ слухаюць. Пасля яфрэйтар сцішана лаецца і дастае з кішэні круглую, нібы яйка, з паскай упоперак, гранату. Пакратаўшы чаку, планкай чапляе гранату за рамень.
        – Іх коме бальд!1
        Ён кудысьці таропка выходзіць са двара. Энгель і акулярык зноў садзяцца ля скрынкі. Энгель, апанурыўшы галаву, пачынае калупаць прыкладам у снезе. Акулярык то ўзіраецца ў гароды з вішаннікам, то ў вуліцу. Відаць, ён пабойваецца. Сахно зноў асцярожна пачынае размінку.
        Я ўжо не магу трываць. Смага, здаецца, даканае мяне раней за раны і мароз.
        – Энгель, – кажу я і не пазнаю свайго аслабелага голасу. – Энгель, вассэр! Трынкен вассэр!
        Энгель ледзь не са спалохам ускідвае на мяне голаў.
        – Вассэр! Фарштэйн? Вассэр!
        – Швейгт! Вассэр нікс!2 – кажа акулярысты.
        Энгель, аднак, бачу, у раздумнай нерашучасці глядзіць на мяне. На фоне вячэрняга неба выраз ягонага твару ад прызбы амаль ужо не праглядваецца.
        – Вунь жа калодзеж. Дай вады, калі ты чалавек! – паказваю я на вуліцу. Там над заснежанай страхой задзірае шыю калодзежны журавель.
        Энгель устае і ў нерашучасці топчацца ля скрынак. Азіраецца. Услухоўваецца. На адной скрынцы сумка, і ля яе плоскі кацялок – мусіць, таго, яфрэйтара. Энгель урэшце адшпільвае яго і, яшчэ раз услухаўшыся, ідзе да варотцаў. Карабін ён трымае пад пахай. Акулярысты, седзячы на скрынцы, павяртаецца да нас усім целам і з лязгатам тузае затвор аўтамата.
        – Швейгг!
        Сахно сядае. Ціха сам сабе лаецца. Немец на тое не зважае. Ён слухае. Я ўслухоўваюся таксама.
        Навокал усё ціха. Але зводдаль усё ж даносяцца гукі. Іх не адразу і зразумееш нават. Не то крыкі, не то тупат мноства ног. Коні ці людзі? Але стрэлаў няма. Бахае недзе артылерыя. Толькі гэта ў іншым баку і далёка. А гэты перапалох дзесьці за сялом. Праз кіламетр-два.
        Разліваючы з кацялка ваду, у двор уваходзіць Энгель. Значыць, усё ж чалавек, думаю я. Маё ўяўленне аб немцах трохі пахіснута. Я ўжо згодны думаць, што сярод іх бываюць розныя. I так сабе. I нішто. I сволачы. Зрэшты, як і ў нас. I, мусіць, як і ўсюды. Людзі ёсць людзі. У агульнай масе сваёй не благія і не добрыя – розныя. Ён працягвае мне кацялок. Я прыўзнімаюся. Адной рукой сціскаю яго за бок. У галаве шалёная хісткая карусель.
        I тут за спіной – цяжкі змораны тупат. Нешта здарылася, але я не зважаю. П’ю. Хоць бы выбух – раней, чым памерці, я ўсё ж нап’юся. Але раздаецца нямецкая лаянка. Шалёны ўдар ботам выбівае ў мяне кацялок. З бразгатам той коціцца па падворку. Другі ўдар, у вуха, атрымлівае Энгель. У двары шалее яфрэйтар. Захлынаючыся словамі, ён лаецца.
        Гняўліва-крыўдная хмара засцілае маю свядомасць. Я хачу піць. Але, здаецца, ужо не нап’ешся. Энгель вінавата лыпае падслепаватымі вачыма. Яфрэйтар нешта крычыць, размахваючы перад ім кулаком. Акулярык бярэцца за скрынку. Сэрца маё рвецца з грудзей: я адчуваю – зараз нешта адбудзецца.
        Неўзабаве яны ўсе хапаюцца за рамяні скрынак. Яфрэйтар, лаючыся, трухае да хлеўчыка за сваім кацялком. Акулярык адну скрынку ўзвальвае на спіну, другую – прадаўгаватую і меншую – бярэ за почапку. Самай вялікай нагружаецца Энгель. Таропка чапляе на сябе амаль кубовую зялёную яфрэйтар. Але на снезе застаецца яшчэ дзве. Яфрэйтар запыхана азіраецца на нас. I тады – о, цуд і подласць! – з прызбы падхопліваецца Сахно. Я нават не разумею, куды? Мабыць, не разумеюць гэта і немцы. А ён без адзінага слова хапае скрынку, другую і абедзве ўскідвае за рамяні на сваё правае, здаровае плячо. Яфрэйтар збянтэжана разяўляе рот, а пасля з сілай ляпае па гэтым яго ўгнутым ад рамня плячы. – Гут, капітан! I рагоча.
        А я выдыхаю ўсё, што ў мяне было ў лёгкіх, і пераводжу позірк угору. Я не здзіўляюся і не абураюся. Мае пачуцці ўжо мала што ўспрымаюць. Я ўжо ўсё перажыў. Я толькі гляджу ў неба.
        Там прарэзалася і блішчыць маленькая адзінокая зорка. Яна, мабыць, якраз над Кіраваградам, у які я не дайшоў. Як не дайшлі многія. Цікава, колькі тысяч жыхароў у тым горадзе? Ці атрымаецца хоць па адным на забітага? Было б здорава хоць на хвілінку зірнуць на яго вуліцы. Напэўна, калі-небудзь там будуць цвісці кветкі, зелянець таполі і акацыі. I хадзіць хлопцы з дзяўчатамі. Людзі будуць глядзець кіно, піць піва і есці марожанае. Зорка ў небе гойдаецца і расколваецца на дзве і тры. Смугой зацягвае позірк. Гэта мароз. Ён, здаецца, мяне дабівае. Мабыць, хутка мяне не стане. А той будзе жыць. Будзе. Ён пераадолеў ужо свой шок. I я думаю: недарма кажуць, што вайна любіць кемлівасць. Хто раней здагадаецца, той і пераможа. Ён здагадаўся ў час. Там ён быў узорны штабіст. Тут будзе ўзорны палонны.
        Усё іншае даходзіць да мяне нібы з другога свету. Немцы ямчэй ладзяць на сябе скрынкі. Затым таропка закурваюць і выходзяць у варотцы. Я ўсё гэта чую. Але я бачу толькі тую дробненькую зорачку ў зеленаватым блакіце. Яна мільгае, скача, пераліваецца водбліскамі, рассыпаецца на дзве, чатыры і калючымі асколкамі мітусіцца ў вышыні. Вейкі змярзаюцца, і я заплюшчваю вочы.
        Здаецца, немцы мяне пакідаюць.
        Аднак у варотцах яны раптам спыняюцца. Мне чуваць голас яфрэйтара. Спачатку ціхі, пасля з уладарнаю ноткай загаду. I зараз жа рэзкі скрып ботаў па снезе. Гэты прарэзлівы скрып болем пранізвае маю галаву і спыняецца. Я расплюшчваю вочы.
        Згорбіўшыся пад скрынкай на спіне, перада мной стаіць Энгель. Ён нерашуча, нібы баючыся, зазірае ў мой твар. У яго напружана-затоены позірк. I я раптам здагадваюся, чаго ён вярнуўся. Я ведаю. Іншага я і не чакаў.
        Але чаму Энгель?
        На руках я адкідваюся да прызбы. Упёршыся ў дол абцасам, паварочваюся да яго тварам.
        – Ты?
        Энгель адступае на крок і дрыготкімі пальцамі бярэцца за рукаятку затвора. Ён з натугай дасылае ў патроннік патрон і мармыча:
        – Эс тут мір зэр ляйт.
        Я разумею. Ён просіць прабачэння. Гэта няўцямна. I няўяўна. Гэта жахліва. Ці бачылі вы такіх забойцаў? Ці чыталі пра іх у кніжках?
        – Эс тут мір зэр ляйт. Абер іх габе бефёль!3
        Ну, вядома, ён мае загад! Гэта ўжо знаёма. Гэта безумоўна.
        Ну, але што ж! Трэба канчаць. Мне няма чаго плакаць. Дарма таксама прасіць. Рукамі я раздзіраю на грудзях шынель. На, страляй, гад! Цаляй у самае сэрца. Каб доўга не пакутаваў! Мне неўмагату.
        – Бэайльт айх!4 – крычыць з вуліцы яфрэйтар.
        Аказваецца, яны пайшлі. Яму цяпер іх даганяць. Яны спяшаюцца. Можа, праз гадзіну тут будуць нашы? Гэтая думка пераварочвае ва мне ўсе пачуцці. Мне да слёз робіцца крыўдна.
        – I ты мяне заб’еш? – крычу я ў разгубленыя, падслепаватыя Энгелевы вочы. – Ты ў мяне стрэліш?
        У маёй душы раптам узгараецца маленькая зорачка надзеі. Я ж яго не забіў. Я яго бараніў. Няўжо ён не ўспомніць таго?
        На адным калене я падаюся ад прызбы да Энгеля. Ён на крок адступае. Падобна, ён баіцца мяне і чамусь азіраецца. Вочы яго ўсё акругляюцца ў збянтэжанасці. Рукою зноў тузае рукаятку затвора. З карабіна туга выпстрыквае патрон і падае ў снег.
        – Іх габе бефёль, – дрыготкім голасам, нібы апраўдваецца ён і таропка адступае яшчэ на два крокі.
        Стрэл, як гром, пыхнуўшы ў твар чырвоным полымем, валіць мяне ў снег.
        Нейкі час потым я яшчэ чую незразумелыя гулкія ўдары пад сабой – дуг-дуг-дуг... Я не ведаю, што гэта – ягоныя крокі ці развітальны стук майго сэрца. Аднак яны ўсё цішэюць і хутка зусім заміраюць.
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Я хутка! (ням.)
        2 Ціха! Няма вады! (ням.)
        3 Я вельмі шкадую. Але я маю загад! (ням.)
        4 Спяшайся! (ням.)
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.