РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
30
        
30

        
        Не верачы, што ўсё абышлося, я пераходжу шасейку, якая на гэты бок бяжыць поруч з чыгункай, і кульгікаю на пераезд. Але гэта не пераезд, а хутчэй будка абходчыка – цагляная дамоўка, хляўчук, штабель шпал і некалькі абсыпаных снегам рэек на нізкай падстаўцы. Шлагбаумаў тут няма.
        Хлопцы ляжаць у снезе за рэдзенькім паламаным штыкетнікам. Праз ягоныя шчыліны тырчаць на дарогу два аўтаматныя ствалы. Чакаюць. I лаюцца. Прынамсі, лаецца адзін Сахно.
        – Якое вы мелі права? Я вас пытаюся? Яго сусед-разведчык варочаецца ў снезе і запальчыва апраўдваецца:
        – Дык жа забіты! Што я сляпы, ці што? У галаву ж куля...
        Дашкандыбаўшы да хлопцаў, я бокам падаю ля танкіста і прасоўваю ў дзірку карабін. Наперадзе так нікога і не паказалася. Відаць, сапраўды, плявалі на нас немцы. Папалохалі, забілі аднаго і задаволіліся.
        – Васілевіч! – гукае мяне Сахно.
        – Я!
        – Вы забітага бачылі?
        – Ну, бачыў. А што?
        – А вы ўпэўнены: ён забіты, а не паранены?
        – Я не глядзеў. Вы ж самі там стаялі... Маглі пацікавіцца.
        Сахно хвіліну маўчыць, разважаючы. Пасля рашуча ўстае.
        – Вось што! – катэгарычна аб’яўляе ён і павяртаецца да разведчыка: – Зараз жа пойдзеце і даставіце сюды труп. Зразумела?
        Разведчык таксама ўзнімаецца са снегу.
        – А нашто труп?
        – Каб я бачыў, што ён забіты! – трацячы раўнавагу, раптам крычыць Сахно. – Вы разумееце ці не? Ці вам трэба зброяй гэта ўнушыць?! Ну!
        Ён гатоў азвярэць, размахвае пісталетам, і я цяпер не зайздрошчу хлопцу. Уставіўшыся ў капітанаў твар, відаць, разумее гэта і разведчык. Трохі памарудзіўшы, ён злосна плюе ў снег і, ні на кога не зірнуўшы, ідзе на дарогу. Пад плотам нас застаецца трое. Астатнія, напэўна, у дамоўцы.
        – Саплякі! Разгільдзяі! – бушуе Сахно. – Я вам пакажу, як выконваць загады!
        «Здорава!» – думаю я. Відаць камандзірская рука. I прынцыповасць. Аднак навошта гэтулькі крыку? Самі – не дурні, разумеем, што да чаго. Накрычаўшыся, Сахно сціхае, бы замыкае свае сківіцы, і кладзецца ў снег. Мы глядзім на дарогу. Разведчык хутка ідзе сабе з аўтаматам пад пахай. Справа, недзе зусім блізка – Кіраваград. У небе над ім расплываюцца дымы. Блізкая канаыада калоціць пад намі зямлю. Аднак у якім баку перадавая – не зразумець: грыміць кругом. Невысока ўгары, абрынуўшы на зямлю крута замешаны грукат, праносіцца чарада «ІЛаў» – пайшлі на штурмоўку. На небасхіле бяспромнаю бляклай плямай праз рэдзенькую смугу блішчыць халоднае сонца.
        На дарозе па-ранейшаму пуста.
        Я пачынаю мерзнуць. I галава, і нага. У кажушковы рукаў набілася снегу. Там мокра. Турбуе думка: як Юрка? Такая дарога, мусіць, далася яму ў знакі. I тут, быццам у адказ на мой клопат, з-за рога дамоўкі з’яўляецца Каця.
        – Младшой! А младшой! Друг кліча...
        Ад кепскага прадчування ў мяне захлынаецца сэрца. Я ўскокваю з-пад плота. Зводдаль ускідвае голаў Сахно. У ягоным позірку прыдзірлівая строгасць службіста.
        – На хвіліну, – кажу я і брыду за рог.
        У дамоўцы паўзмрок. Выбітыя вокны завешаны вопраткай. На падлозе зляжалая салома. (Відаць, за гэтыя суткі забрыдаем сюды не мы першыя.) Але тут цёпла. Мяне сустракае пажылы прыгорблены чалавек у чорнай ватоўцы. У куце на саломе паныла сядзіць немец. Побач на нейкай світцы дрыжыць-калоціцца ў брудных бінтах лётчык. Немец час ад часу ахінае яго шынялём. Бліжэй да акна суцішана ляжыць мой спакутнелы сябар.
        – Сядзь, – ціха кажа Юрка, адкрыўшы і аслабела заплюшчваючы вочы.
        Я апускаюся ля яго на салому і маўчу. Я не ведаю, што з ім? Ці не самае горшае?..
        – Цябе там не параніла? – ціха пытаецца Юрка.
        – Не, Юра. Абышлося. А ты чуў? – пытаюся я, сцяўшы дыханне. Няўжо ён усё чуў, што рабілася на дарозе?
        – Я разумею, – маючы на ўвазе нешта сваё, кажа Юрка. – З намі вазні!.. Самім столькі бяды! Але знаеш... Не кідай. Дужа прашу. Я-то чорт з ім... Але маці ў мяне, ведаеш жа... Не перажыве яна...
        Ён змаўкае, і ў мяне адлягае ад сэрца.
        – Юр! Ну што ты! – дзіўлюся я, адчуваючы сваю няшчырасць. Бо я не ведаю, куды мы яшчэ падамося? Як выкруцімся з гэтай бяды? Ці здолеем вынесці яго жывога? Не ведаю чаму, але мая рашучасць уратаваць яго пахіснулася. I ўсё ж я з раптоўнай упэўненасцю абяцаю: – I не думай пра гэта: не кінем!
        Юрка нешта ўзіраецца ў столь і ўздрыгвае.
        – Знабіць, халера. А наогул – мне лепш. Я цяпер адчуваю: выжыву. Учора, прызнацца, думаў, хана, – вуснамі ён спрабуе ўсміхнуцца. I зноў сур’ёзна: – Выбрацца б толькі...
        – Выберамся, Юра. Тут ужо недалёка. Во немец паможа. Яшчэ ёсць двое здаровых. Не турбуйся.
        Я азіраюся на Кацю, якая ціха стаіць ззаду, і раптам бачу яшчэ некага на падлозе ў другім куце. Прыкрыты шынялём, ён ляжыць у цені. Толькі ногі ў нямецкіх, дбайна падкутых ботах выцягнуліся да парога.
        – Хто гэта?
        – Немец. Хто ж яшчэ... – кажа Каця.
        – Немец, сынок, немец, – пацвярджае стары, пэўна, гаспадар гэтай дамоўкі. Ён расслаблена шкандыбае ад парога і сядае на край тапчана. Пасля раздумна знімае шапку. На белай галаве тапырацца зблытаныя ссівелыя космы.
        – Адкуль немец?
        – Ды тут, учора... Паміраў на шашы. Ну, падабраў...
        Я ўстаю, адкідваю край шыняля. На скрываўленай саломе зжаўцелы, здаецца, малады яшчэ твар. Паўрасплюшчаныя нерухомыя вочы. Худая кадыкастая шыя. На пагонах па два афіцэрскія знакі. Обер-лейтэнант вермахта.
        – Усю ноч кідаўся. I плакаў, як дзіця. Нялёгка адыходзіў, не дай Бог. Цяпер ужо што?.. Цяпер царства нябеснае.
        – Ты што, у немцаў служыў? – кальнуўшы яго позіркам, строга пытаецца Каця.
        Чалавек з дакорам паднімае на яе вочы.
        – Чаму так кажаш, дачка?
        – Бо дужа жаласлівы.
        – Ну, хай сабе жаласлівы... Не блага гэта. А немцам я не служыў. Я працаваў тут. Дваццаць год тут працаваў на чыгунцы, – крыўдліва кажа чалавек. – Сябе карміў. Нявестку з дзецьмі. Ды яшчэ вашых двух у сорак першым выхаджваў... Пакуль раны загаіліся. Што ж, сам салдат быў. У тую мікалаеўскую пабачыў ліха... У палоне ў іх быў. Ведаю.
        – А гэта? – ківаю я на немца пад шынялём.
        – А што гэта? Быў, можа, фашыстам. А паміраў – Бога ўспамінаць стаў. Гота па-іхняму. Які ўжо тут фашыст? Перад канчынай-та. Смерць, яна ўсіх уроўнівае. Цяпер ён проста чалавек. Нябожчык.
        – Ачалавечыш яго! – кажа Каця. – Мала ты, напэўна, пабачыў іх...
         Да ўжо ж колькі давялося, – сапе стары і аблакочваецца на калені. Вузлаватыя ягоныя рукі сашчапляюцца ў вузел.
        Мне здаецца, у немца на дзязе зброя. Нагнуўшыся, я тузаю кабуру – сапраўды, там невялічкі варанёны пісталет. На баку надпіс бельгійскай фірмы. Надзіва зручная рукаятка шчыльна ўліваецца ў далонь. Іншае мяне мала цікавіць, а зброя спатрэбіцца. Тым больш што ў магазіне поўна патронаў. Ударам далоні я заганяю магазін назад у рукаятку і лаўлю на сабе позірк Юркі.
        – У цябе ёсць? Няма? На, вазьмі гэты. Хай будзе.
        Юра аслабелаю рукой бярэ пісталет. Але ў ягоных вачах ужо няма і крошкі цікаўнасці, звычайнай для такіх выпадкаў. Я ўжо заўважыў, што за пакутны час ранення ў паглядзе майго сябра з’явілася нешта новае, невядомае мне раней. Нейкая ўнутраная насцярожанасць усё настойлівей авалодвае ім, робячы амаль чужым такога знаёмага і звыклага для мяне Юрку. Гэта засмучае і міжвольна пачынае аддаляць яго ад мяне, і я не ведаю, што сказаць яму. Ранейшая трывалая еднасць між намі парушаецца, бясслоўная сувязь знікае, і я маўчу. Маўчыць, пераабуваючыся на падлозе, Каця, маўчыць стары на лаўцы. I раптам пад вокнамі раздаецца вокліч Сахно:
        – Васілевіч! Васілевіч!
        У мяне абмірае сэрца – немцы? Я выскокваю ў дзверы і на парозе сутыкаюся з Сахно. Ледзьве не збіўшы мяне з ног, капітан хапаецца за карабін.
        – Дай сюды!..
        I бяжыць за рог да штыкетніка. Я кульгікаю туды ж, чакаючы адразу ўбачыць бяду. Але танкіст, бяспечна лежачы на сваім месцы, неяк ужо дужа спакойна ўзіраецца ўдалячынь. Пасля паўзмроку дамоўкі асляпляе снежная яркасць, аднак мне здаецца, быццам па полі нехта ідзе. Далёка і нібы толькі адзін. Тым часам Сахно таропка перазараджае карабін і, прыткнуўшы яго да штыкеціны, цэліцца. Неўзабаве гахае срэл.
        – Што такое?
        Танкіст азіраецца, ягоны твар, аднак, да абыякавасці спакойны. Хлопец ківае ў стэп.
        – Ды той вунь драла дае...
        Разведчык? Ну, так і ёсць. Далёка, пад самым пагоркам, варушыцца адзінокая блеклая постаць. Відаць, добра адышоўшыся ад нас, ён збочыў з дарогі і цяпер наўпрасткі некуды шыбуе па снегавой цаліне. Спярша гэтая навіна апякае мяне гневам, потым прыходзіць здзіўленне – куды ж ён кіруе? Каб да немцаў, не трэба было сходзіць з дарогі: немцы ж у сяле... Тым часам Сахно зноў страляе.
        – Стойце! – крычу я. – Што вы робіце?!
        Аднак капітан, не слухаючы, страляе яшчэ, толькі, відаць, усё ж далёка: не трапіш. Разведчык жа, мабыць, пачуўшы яго стрэлы, прыпыняецца і разы два ўзмахвае над галавой: маўляў, чорта мяне дастанеце!
        – Што вы робіце? Хіба ён да немцаў?
        Сахно, як затраўлены воўк, азіраецца і ўскоквае на ногі.
        – А вы замаўчыце! Замаўчыце! – крычыць ён. – Вы разгільдзяй! Вас у штрафную трэба! Вы разлагаеце дысцыпліну! Я ў трыбунал вас перадам!..
        Я ўнутрана смяюся. Напалохаў! Трыбунал! Дурань ты, хочацца мне сказаць, але я ведаю, цяпер з ім лепей не звязвацца. Я нагінаюся за карабінам, які ён аднаруч кідае мне пад ногі, і адыходжу. Сахно ж, выкрычаўшы пагрозу, таропка ідзе ў дамоўку. На рагу, аднак, сутыкаецца з Кацяй. За ёй шкандыбае стары. Каця ўстрывожана.
        – Што за пальба?
        Не адказваючы, капітан запальчыва ўскідвае свой падбародак.
        – Ану, збірайце манаткі! Марш адсюль!
        – Куды марш? Навокал немцы, – спакойна кажа Каця.
        Сахно з кароткай збянтэжанасцю пазірае на яе.
        – Туды! Упярод! Да сваіх! – махае ён за дамоўку ў поле.
        Каця ўздыхае і адварочваецца. Да Сахно, хутаючыся ў ватоўку, падыходзіць стары.
        – Там міны, сынок. Надоечы немцы раскладвалі. Сам бачыў. Тут увакурат грузавікі стаялі. А яны па полі разносілі.
        Каця, стоячы збоку, зашпільвае паўшубак. Танкіст, падышоўшы ззаду, ссоўвае на патыліцу свой зухаваты шлем і прыслухоўваецца да размовы. Сахно пранозліва глядзіць на старога. А я амаль фізічна адчуваю, як нешта ў маім нутры паныла і відавочна асядае.
        – Дзе край міынага поля? Дзе абход? Будзеш паказваць! – загадвае Сахно.
        Стары разводзіць рукамі.
        – А хіба ж я ведаю? Спярша дык бачыў. А пасля яны мяне ў горад завезлі. Колькі яны тут наклалі – д’ябал іх ведае!
        На маленькім падворку настае напружаная паўза. Чуваць толькі самалётны гул. Некалькі вераб’ёў злятаюць са страхі і рухава скачуць па снезе ля нашых ног. Сахно азірае аколіцу.
        – Так, – рашае капітан. – Раненых пакінуць. Немца шлёпнуць. Хаця адставіць. Немец пойдзе з намі.
        Падаўшыся наперад, я апынаюся перад капітанам.
        – Малодшага лейтэнанта таксама возьмем.
        Мой голас дрыжыць. У тоне нічым непрыкрыты выклік. На гэты раз я яму не саступлю. I Сахно, здаецца, разумее гэта. Строга бліснуўшы на мяне злым позіркам, ён адварочваецца.
        – Толькі пры ўмове, што ты яго панясеш.
        – Памогуць. Яны памогуць, – кажу я і ўмольна пазіраю на Кацю.
        Тая, аднак, скіроўвае свой позірк у поле. Тады я паварочваюся да танкіста:
        – Друг, ты ж падсабіш?
        Танкіст незадаволена чмыхае:
        – А я што – конь?
        Мая стаўка рушыцца. Я ледзьве стрымліваю слёзы. Сволачы абое! I Каця таксама. А я спадзяваўся!.. Цяжка! Страшна! Вядома, свая кашуля прыліпла да цела. Баягузы праклятыя! Ну, але чорт з вамі! Яшчэ пабачым – хто выгадае.
        Мяне душаць крыўда і гнеў. Трэба б ім нешта сказаць, абразіць, зняважыць. Але я не знаходжу слоў і кідаюся ў хату.
        Дзвярэй я за сабой не зачыняю – цяпер мне пляваць на ўсё ў цэлым свеце. Я схіляюся над Юркам. Ён з намаганнем узнімае запалыя вейкі.
        – Юр, ну як ты?
        – Так, нішто, – ціха, перасільваючы стогн, кажа ён і пытаецца: – Чаму стрэлы былі?
        Я не адказваю.
        – Юра, ты можаш? Як-небудзь бярыся за мяне. Рукамі бярыся.
        З раптоўнай трывогай у вачах ён паслухмяна цягне да мяне свае рукі. Я паварочваюся бокам, каб падставіць яму свае плечы. У гэты час у дамоўку нячутна заходзіць Каця. Побач на падлозе я бачу яе валёнкі.
        – Ну, якраз. Толькі табе і несці! – злуецца яна, і ад гэтае яе злосці нешта ва мне расслабляецца ў добрасці. Каця азіраецца: – Эй, фрыц, ану, падсабі!..
        – Яволь! Айн мамэнт!..
        Немец з гатоўнасцю ўскоквае. Я чую, як тупацяць па падлозе ягоныя падкаваныя боты. З дапамогаю Каці ён пераймае з маіх плячэй даволі-такі цяжкае Юркава цела. Палаткі, аднак, няма, і яны бяруць Юрку за каўнер і полы паўшубка. I тады на падлозе ўсхопліваецца лётчык.
        – А я? А мяне? Кідаеце? Завялі ў акружэнне і кідаеце?.. Сволачы вы! Пяхота праклятая! – ашалела крычыць ён, размахваючы ў паветры рукамі-кульцяпкамі. I раптам істэрычна хліпае: – Браточкі! Што ж вы робіце? Не кідайце! Я камандуючага вазіў. Я яго асабістым шафёрам быў. Ён з вас душы павытрасае! Сволачы! Вы чуеце? Я не дарую!
        – Ах, вось што! – спыняючыся, кажа Каця. – Вось які ты лётчык!
        – Я не лётчык. Я шафёр камандуючага. Зразумелі! Цяпер вы мяне не пакінеце. У мяне вайсковая тайна. Я маю тайну. Ага!
        Я бянтэжуея і не ведаю, што рабіць. Агідна і жахліва адначасна чуць усё гэта. Але ён такі здаравенны – нам яго не падняць. Хіба, можа, возьме танкіст? Трэба б як перанесці яго з гэтае будкі куды ў лепшае месца?
        Мы выносім Юрку на ганак, і я крычу танкісту, які разам з Сахно стаіць на двары. Аказваецца, тут усё чутна.
        – Эй, чуеш? Вазьмі!
        Танкіст без слоў закідвае за плячо аўтамат, але Сахно груба спыняе яго:
        – Стой! Я сам...
        I рашуча праціскаецца паўз нас у хату.
        Згінаючыся, мы выносім Юрку на падворак і ямчэй бяром зноў утрох: я, немец і Каця.
        Танкіст кідаецца ў дзверы следам за Сахно. Мы моўчкі чакаем.
        – Ось што будзе з кожным! – крычыць Сахно:– З кожным панікёрам і ныцікам! У мяне рука не ўздрыгне!
        Сцюдзёным ветрам павявае ў душу. I мы раптам адчуваем – гэта не пустыя пагрозы. Рашучасці ў яго хопіць.
        Сахно выбягае на падворак.
        – Ну! Шырай шаг!
        Падаўленыя і прымоўклыя, мы хутка сігаем па дарозе ў поле. Ззаду ў варотцах застаецца стары. Ён моўчкі і доўга глядзіць нам у спіны. Я зноў кульгікаю з нацягнутым рогам паўшубка ў руцэ. Юркавы ногі валакуцца па снезе. А мне раптам робіцца шкада шафёра. I з кожным крокам усё шырэе нянавісць да капітана Сахно. Я ўжо выразна адчуваю: ён здольны на ўсё. У горшым выпадку, літасці ад яго не чакай. Але і шафёр, гэты самазваны лётчык, таксама зануда: столькі ашукваць нас.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.