РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ціхая плынь
Забыты край
Герой гісторыі
Горкая прамудрасць
Школа жыцця
Млявыя сненні
Кірмашовыя прыемнасці
Парогі
ГОРКАЯ ПРАМУДРАСЦЬ
        
ГОРКАЯ ПРАМУДРАСЦЬ

        
        
I

        
        З вялікім трудам кіруецца Хомка няцца кораню навукі. Дрэнна вучыцца Хомка. Даўно адабраў бы ў яго кніжку і пратурыў бы яго вон са школы настаўнік, каб не дзіўная натура ў Хомчынага бацькі.
        Асаблівы чалавек яго бацька. Ён усё маўчыць, як рыбіна, ён заўсёды нейкі хмуры. Ён і працавіты, як пчаліна; болей трывалага ў рабоце чалавека знайсці цяжка, а мала ў яго ладу ў гаспадарцы, няма прыбытку. Узімку болей за ўсіх паставіць ён шурак у лесе; ён жа і плотнік і падзённік, але што заробіць – усё і пойдзе, як вада скрозь рэшата, немаведама куды. Будынкі яго гніюць і валяцца, статак не вядзецца. I злосны ж ён бывае часам страшна!
        Уп’ецца і шалее чалавек. Зазвычай ціхі, ён, упіўшыся, пярэ сваю нешчаслівую жонку Домну мала не досмерці. Кідае з усяе сілы гаршкі і міскі і кулаком, адным махам, крышыць вокны – толькі пасыплецца ды зазвініць... З дубцом у руцэ выходзіць сварыцца з кім-небудзь за свае крыўды.
        – Юрка ўпіўся! – разлягаецца вестка, і ўсе разбягаюцца, бо нікому не даруе, у кожнага знойдзе грэх і да кожнага мае сваю прычэпку.
        I настаўнік баіцца п’янага чалавека з дубцом.
        Позна-позна, пасля Пакрову, прывёў Юрка свайго Хомку ў школу – прывёў, калі скончыўся ў яго сына самы позны пастухоўскі і канюхоўскі тэрмін. Калі б у гэтакую позную пару прывёў бы свайго хлопца заможны гаспадар з гарнушкам масла ці капою яек, дык і яму, бадай, адмовіў бы настаўнік. А Юрка прыйшоў без нічагутка, і не канькаў, і не прасіў, а толькі стаяў панура ў школьным парозе. I настаўнік Хомку прыняў. «У часе наезду рэвізора буду выпраўляць яго дамоў, як быццам хворага», – надумаўся настаўнік, з непрыемнасцю ўцякаючы ад Юркавых вачэй і маючы на ўспаміне чаргу хмельных выбрыкаў дзівака.
        Наогул, у іхным родзе ўсе нейкія дзівакі. У вялікай злосці яны могуць забіць свайго супарата. Дзед Хомчын смаліў жывую свінку... Доўга ганяўся ён па двары з даўбнёю і аніяк не мог уцэліць, каб бэцнуць рухавай свінцы якраз за вухам, каб адразу асвяжылася. А ткі ён накінуў ёй на шыю пятлю з грубой вяроўкі, і, хоць скуголіла страшэнна, выцягнуў ён паланянку на канаплянішча, прыкруціў да каляка, глыбока ўбітага ў зямлю даўбнёю, і наваліў усю салому. I запаліў... Свіння крычала, плакала, шалела, ірвалася на дыбкі, ёрзала азадкам па зямлі, возячы на сабе вялікае вогнішча, урэшце, схапілася за каляк зубамі, як злы сабака. Дзікі свіны плач сабраў на тую камедзь усё Асмолава... Вось які быў у Хомкі дзед.
        Дрэнна вучыцца Хомка.
        Зіма, сцюжа, куты ў будынках покаюць ад лютага марозу. У невялічкай хатцы, аддадзенай паводле прыгавару грамады пад школу граматы, малюпаценькія шыбы ў акенцах пазамярзалі на цэлую цалю, ажно маразяны хлоп вісіць. Хата цесненькая; у ёй – аграмадная і нават пабяляная печ, шырокія палаці над усім полам, дзе часам начуюць, на воку ў настаўніка, пакінутыя ім за дуронства хлопцы. Толькі курчына – бэлька ад печы да супрацьлежнае сцяны вешаць вопратку, толькі яна вынесена. У парозе на калодзе стаіць вядро з вадою; у вадзе іншым разам плаваюць ільдзінкі, што іх прыемна бывае схапіць у рот і смактаць, абпякаючыся холадам. Ля вядра – вялікая драўляная конаўка, пастаўленая пасля таго, як пабілі настаўнікаў кубак. Вакол вядра, у парозе, дый скрозь мокра і брудна, нанесена лапцямі і разліта з вядра.
        На печы, у кажуху, высунуўшы на хату з-за коміна галаву, з кніжкаю ў руцэ паварачваецца настаўнік. А за дзвюма даўгімі партамі, на высокіх лаўках, сядзяць у кажушках, світках і жупанах, з шалікамі на шыі, толькі без шапак, вучні – хлапцоў з дваццатак. На асобным канцы, збоку, сядзіць некалькі дзяўчынак. Носікі пачырванелі, пара вылятае з роту. Другое аддзяленне асцягла плюе на грыфельніцы і шмаруе па іх рукавамі, высалуплівае з натугі языкі, пахіляе і крывіць галовы, цісне ад старання грудзьмі на парты і выводзіць дрыжачыя кіі і крывулі. Першае галосіць па лемантару:
        – Б, л, а – бла! в, л, а – ўла! г, л, а – гла!
        Трэцяе крычыць:
        – Скворец известен всем! Скворец известен всем!
        Дзяцём цесна, але затое цяплей. Ногі іхныя баўтаюцца, да парты ім ад лаўкі вельмі далёка («каб вачэй не сляпілі», як тлумачыў настаўнік), а меншанькіх дзяцей і зусім з-за парты не відаць, толькі тырчаць іхныя галоўкі.
        Пасля магутнага настаўніцкага покрыку: «Ці-і-ха!» – ад якога ажно мякіна сыплецца скрозь няшчыльную столь з вышак, школа нямее. Адылі чутно слабенькае, першых дзён вясны, гудзенне пчалінага вулля. Троху-патроху яно пераходзіць у шум, узнімаецца вышэй, нагадвае гоман на вяселлі, далей вальную зборку ў Лугвенеўскай воласці і, нарэшце, вялізарны кірмаш... Усё вышэй-вышэй перакідаецца ў выццё, пяянне, скогат самых страшных шалёных. На якія толькі ёсць тоны і паўтоны, на розныя галасы і мелодыі скігочуць, скуголяць і гаркочуць, аж настаўнік усміхаецца троху з подзівам: як гэткае вяселле гукаў вылятае з малых грудак у кучачкі яго выхаванцаў.
        – Га-га-га! Го-го-го! Гі-гі-гі! Б, л, а – бла! В, л, а – ўла! Скворец известен всем! Скворец известен!.. Известен всем!.. Всем!..
        – Ці-і-іха!
        Ізноў звіняць пчолы...
        – Чарцяняты! – дабаўляе ціханька настаўнік і смяецца сам сабе.
        А на вуліцы грымнулі балабонцы, з раскату астатні раз пісклява прастагналі палазы, і вазок палягчэў, калі з яго выбраўся нечаканы рэвізор, айцец благачынны.
        Адчыняюцца дзверы, лятуць лёгкія камы сцюдзёнае пары, і ўвальваецца здаравенная, грубая і даўгаполая папоўская постаць. Спалоханы настаўнік кумілыам злятае з печы і кідаецца з далонямі, падстаўленымі жменькаю, атрымаць блаславенне. Але айцец-рэвізор спачатку моліцца на абраз і тады ўжо бласлаўляе настаўніка. Настаўнік цалуе яму ў руку і асцярожна-асцярожна, баючыся смялей даткнуцца, сцягвае з яго за рукаў футра. Дзеці не ўлучылі ўсхапіцца разам, як муштраваў іх загадзя, у сваім часе, настаўнік, і цяпер стараюцца кожны па-свойму паправіць бяду.
        – Здрасця! Здрасця! Здраствіця! – падпырхіваюць і выкрыківаюць па адным, збітыя з раўнавагі няўдачаю і страхам.
        – Скворец известен всем... – апалым голасам ірве свой разгон адзін хлопчык, узнімаючы галаву ад раптоўнай цішыні.
        Калоцяцца дзіцячыя калені, і тыхаюць сэрцайкі. Ціша...
        – Ага, скворец известен всем... добре, добре! – хрыпатым басам кажа айцец благачынны, расчэсваючы вялікім белым грабянцом свае доўгія валасы і па-мужыцку выбіраючы ільдзінкі з барады. – Добре, добре... ну, а ты, мой друг, бачыл скворушку? Тебе-то скворушка говестен? – тыкае ён пальцам неўспадзеўкі якраз у нашага беднага Хомачку.
        – Первагоднік гэта, ваша высокапрападобіе! – забягае наўперад устрывожаны настаўнік і з нянавідасцю паглядае на свайго няўдалага вучня.
        Хомка сапе, пазірае з-пад лобу і пачынае дрыжэць дробнай дрыготкай, як высілены конь у аглоблях.
        – Эх ты, брат, труса гоняеш... не бойся, не б’ю! – жартліва кажа яму рэвізор. – Ну-тка, этава да, што ты там чытаеш? – б, л, а – бла? Ну, прачытай жа мне, мой друг, б-л-а – бла!
        Яго друг невыразліва шэпча заўчонае «назубок» бла, вла, гла, ускабіўшы невідушчыя тым часам вочы ў бязмерныя прасторы разгорнутае кніжкі, а дробныя капачкі поту ўсё гусцеюць на яго пабялелым носе.
        – Ну-тка, уразброд чытай! Ну, ну! Чаго ж маўчыш? Не бойся, не б’ю, ну вот што гэта за буква за такая, этава да, ну?
        А хто ж яе ведае, што гэта за буквіна. Хомку здаецца, што такой ён і ў вочы ніколі не бачыў. Хомка з вялікім жахам пераконваецца, што на той старонцы ў кнізе, якую ён можа без запіні адцерабіць на памяць, якую ж ён неяк даўней чытаў, якую заўчыў ад таварышаў, што цяпер на той старонцы ўраздроб ён ні словейка не прачытае... Як гэта сталася, чаму так выйшла, ён сам не разумее, і страх яму вялікі. I забіце яго цяпер, – ён не вымавіць ні слова, будзе маўчаць і дрыжэць у пакорным, няўхільным, немінучым страсе.
        – Што ж гэта такое? – з дакорам звяртаецца начальства да настаўніка. – Гм, што ж гэта такое?
        I ізноў прыступае да Хомкі, чэпіцца да яго, як смала, бярэ яго на мукі:
        – Як тваё, братуля, імя?
        – Хомка! Хомка! – падказвае нехта, шэпча, але ў Хомкі рот запячатаўся нясходанай нямотаю.
        – Хомка ён! – раптам і бойка гаворыць адзін хлопчык, павесялеўшы, і бегае сваімі смяшлівымі бакулкамі.
        – Ідзі-ка стань на калені! – ласкава кажа гэтаму хлопчыку благачынны, і сам настаўнік паслушна памагае пакаранаму вылезці з-за парты і хутчэй выканаць загад.
        – Ну, то як тваё, братуля, імя?– яшчэ раз пытаецца благачынны ў Хомкі, але ўсё роўна адказу як няма, дык і няма.
        – Ну, кажы мне, Фама, «Царю нябесный»!
        Маўчыць Фама...
        – Охо-хо-о! – уздыхае бацюшка. – Слухай, я табе прачытаю, – і кажа ўсю малітву ад пачатку да канца. – Ну, а цяпер ты, Фама!
        Не, маўчыць Фама!
        – I маліцца ты не ўмееш, і чытаць ты не ўмееш, і скворчыка ты не бачыў... Скверно, брат, скверно!
        – Пра скварца чытаюць у трэцім аддзяленні, ваша высокапрападобіе! – адважваецца сказаць настаўнік.
        – Нет, брат, скверно! – кажа яму ўзлаваны благачынны, а тады пытаецца ў Хомкі: – А што такое шпак?
        – Птушка... – ціха шэпча Хомка, і весялее, і ўжо апынуўся думкаю ў цянёвым лесе, дзе ўлетку шныхараць у ляшчынавым гушчарніку шпакі і дразды.
        I ўжо ізноў не чуе, пра што ў яго яшчэ пытаецца і што яму яшчэ тлумачыць страшны рэвізор.
        – Ведай жа, браце, што скварэц па-вашаму, па-простаму і завецца шпак... Гэта і ёсць той самы шпак, – чуе толькі нарэшце Хомка, бо айцец благачынны злёганька пстрыкае яму пры гэтых словах па носе. – Эх, і сам ты добры шпак! – кажа ён на Хомку і адступаецца да другіх вучняў.
        Ну, а потым – пабыло і паехала начальства. Гукнуў узлаваны настаўнік Юрку і, быццам-то па загаду рэвізора, сказаў яму, святкуючы вызваленне, каб забіраў сына, а прыводзіў бы яго, калі надумаецца, на налецце, разам з усімі, без апазнення.
        – Хомка! Шпак! Хомка Шпак! – дражніліся цяпер дуроныя хлопчыкі з Хомкаю, адстаўленым ужо на гэты год ад школы і навукі.
        Ну, нічога: падрасце, паразумнее Хомка, дык, можа, лепей будзе ўчыцца хоць на другі год. Корань навукі горкі, затое плод яе салодкі...
        
        
        
II

        
        На слова «бірка» цяпер забываюцца, а даўней яго добра ведаў кожны непісьменны аканом, войт ці ляснік і кожны панскі падданы-мужык. Біркаю называецца палачка ці кавалачак шчэпкі з нарэзкамі, якія сведчылі, хто колькі прывёз коп сена ў панскую сянніцу ці вазоў жыта ў панскае гумно, хто колькі вывез калод з лесу ці паставіў у лесе шурак. На самым пачатку цяперашняга веку бірка ў нашай старонцы блізу што зусім звялася. Яна баўталася яшчэ толькі пры кавалку сукна ў сукнавалцы, пры аўчынках у дубільніка ці пры бабскіх матках у лугвенеўскага сінельніка Іршы, каб па ёй, па нарэзах, пазнаць, чыё сукно, аўчынкі ці маткі.
        Можна ўважаць, з цяперашняга пункту гледжання, за пэўнае дзікунства выдумку новага асмолаўскага настаўніка завесці бірку ў школе, але ён, сам родам асмолавец, былы унтэр-афіцэр, хадзіў падскокам, калі яму прыйшло гэта ў галаву, і ажыццёвіў свой план з належнаю стараннасцю.
        Пёкшы бульбу ў позны піліпаўскі вечар, настаўнік, пры гарачым святле, ад жару ў печы, выстругаў ножыкам брусочак з паўлокця ўдоўжкі і з палец угрубкі. На брусочку зрабіў ён дванаццаць нарэзаў і проці іх напісаў дванаццаць самых нялюбых яму слоў: «як, дык, хай, ці, ё, няма, трэба, добра, сёння, учора, дабрыдзень, казаў».
        Уранні на другі дзень, як пачалі прыходзіць вучні, настаўнік стаяў ля дзвярэй і чакаў.
        – Дабрыдзень!– сказала акуратная леснікова дачушка, беленькая-беленькая дзяўчынка, вучаніца з трэцяга аддзялення.
        Настаўнік нічога не адказаў і прапусціў яе міма з пахаваным смехам.
        Калі ўсе дзеці сабраліся, калі дзяжурны прачытаў «Цару нябесны» і ў класе зрабілася ціха, настаўнік выйшаў на самы пасяродак хаты, падняў бірку і сказаў гэткую прамову:
        – Слухайце, дуб’ё! Як я ні ўчу вас гаварыць правільна і чыста, вы ўсё якаеце і дыкаеце. Во, прыкладам, Маша леснікова... Бацька яе пры панох часта бывае, у свеце быў, гаворыць нішто сабе і сам прасіў, каб я Машу наўчыў-ткі гаварыць чыста. А тым часам яна сёння прыйшла і бухнула мне «дабрыдзень!». Як трэба? – грозна падступіўся ён да збялелае ад страху леснікоўначкі.
        Тая маўчала.
        – Ну?!
        У яе накруціліся слёзы, яна ўтупіла вочы. Увесь клас яшчэ болей сціх.
        – Мама па-простаму гаворыць... – прашаптала Марылька і заплакала.
        Яна баялася, што за яе няўмельства гаварыць па-панску настаўнік не дапусціць яе да экзаменаў.
        – Ах ты, дура паласатая! – сказаў на яе настаўнік. – Слухайце ж далей, дуб’ё! – ізноў звярнуўся ён да ўсіх дзяцей. –Вось вам будзе добрая цацка! – і пакруціў бірачку ў руках з усіх бакоў. – Пакуль што я вызначыў тут дванаццаць самых нягодных вашых слоў. Хто першы скажа ў класе адно з гэтых слоў, таму даю бірку. Калі ён пачуе, што нехта яшчэ скажа якое-небудзь дрэннае слова, няхай таму аддасць бірку. У каго бірка застанецца да абеду, той будзе пакінуты без абеду; у каго застанецца да канца дня, таго я пакіну сядзець у класе да познага вечара. Зразумелі?
        – Зразумелі! – вясёла адказалі бойкія хлопчыкі.
        – Ну дык добра. Цяпер наўчыцеся тых слоў, якіх трэба высцерагацца. Для ўсіх аддзяленняў тры словы: як, дык, хай. Скажыце ўсе па колькі разоў гэтыя словы. Ну!
        – Як, дык, хай! Як, дык, хай! – зашумелі зацікаўленыя вучні і некаторыя нават смяяліся ад такое пацешнае забавы.
        – Як, дык, хай, якдыкхай, якдыкхай, якдыкхай!.. – усё шпарчэй і галасней чулася ў класе. Адны хыкалі, быццам кашляе авечка: дыкх, дыкх, дыкх!.. Другія гаўкалі, як ганчакі ў лесе: яўк, яўк, яўк!.. Трэція разагналіся на ўсю сілу, як тыя колы пад вагонамі на ўсёй хадзе цягніка: дыкхта, дыкхта, дыкхта!..
        Настаўнік пагульваў сярод класа з прыемнасцю і ледзьва хаваў смех. I хлопцы раздурэліся.
        – Смірна-а-а!
        Усе змоўклі...
        Тады настаўнік падышоў да першага аддзялення і спытаўся ў Хомкі:
        – Ты бег, как заяц... Ну, скажы гэта самае па-правільнаму.
        Настаўнік спадзяваўся пачуць жаданае «как». Хомка скокнуў з лаўкі, троху падумаў, не ведаючы добра, чаго ад яго хочуць, а потым з некатораю няпэўнасцю ў голасе, але даволі цвёрда адказаў:
        – Ты бег, як заяц, гаспадзін вучыцель!
        Усё трэцяе аддзяленне і частка хлопцаў з другога – зарагаталі. Настаўнік зморшчыўся.
        – Ах ты, ёлуп! – злаяў ён Хомку за яго адказ. Паглядзеў на яго з глыбокаю пагардаю і непрыязню і ізноў спытаўся: – Ну, якія простыя словы забараняюцца ў вашым аддзяленні? Пералічы, га?
        Цярпліва і доўга чакаў настаўнік адказу ад Хомкі, а Хомка з няменшаю цярплівасцю і цвёрдасцю маўчаў. Настаўнік пакруціў яго крыху за вуха і кінуў.
        – Ну, ты? – звярнуўся ён з тым жа пытаннем да Марылькі-леснічанкі.
        – Як здыхаў, – адказала Марылька.
         Была яна страшэнна затуканая дзяўчынка і зусім атупела.
        Цяпер ужо ўвесь клас зарагатаў, і мімаволі сам Хомка пасміхнуўся, зараз паспяшыўшы ізноў дзеля гадзіся нахмарыцца.
        Калі троху сціхла, настаўнік абвёў вачыма дзяцей, і шмат рук пад яго пытлівым поглядам узнялося ўгору ў знак ведання. Але настаўнік не пытаўся. Ён паклікаў колькі хлапцоў з трэцяга аддзялення і даручыў ім наўчыць першагоднікаў тых слоў, якіх не трэба казаць, каб не схапіць біркі ў рукі, а сам заняўся з тою ж мэтаю з другім аддзяленнем. Бірку аддаў, для пачатку, беднай Марыльцы за «дабрыдзень».
        
        
* * *

        
        О, бірка, бірка! Колькі за цябе пралілося горкіх дзіцячых слёз, колькі выдзерта хахлоў, пабіта рук лінейкаю, намулена бедных каленяў і колькі пасварылася самых блізенькіх сяброў! Здаецца, так усе стараліся гаварыць па-правільнаму, але кожны дзянёчак у нечыіх руках заставалася «дудка», як з горкім смехам празвалі бірку школьнікі. Кожны хацеў спіхнуць яе з сваіх рук, і часта ішлі нават на подлую зраду, або, як цяпер кажуць, на правакацыю. Дастаўшы ў рукі бірку, зраднік заклікаў у куток таварыша і наўмысля пачынаў размаўляць зусім без панскіх слоў. Не паспяваў той, не сцяміўшы, сказаць «добра» ці «нічога», як зраднік радасна крычаў: «Ага! Маеш бірку! Ты сказаў «нічога», а па-правільнаму трэба казаць «нічыво». I ў руках прастака ўжо тырчэла бірка. Асабліва здацен быў на гэтыя штукі Лявонька Задума. Дзеля таго, што ён шмат чытаў расійскіх кніжачак, якія бацька купляў яму на кірмашах, ён рэдка меў у руках бірку і ўмеў лёгка ад яе адчапіцца. Часта нават для забавы ўводзіў ён у спакусу тых сваіх таварышоў, якія старанна вучыліся панскае мовы, старанна адвыкалі ад мужыцкай, але ніяк не маглі адвыкнуць. Дастаўшы наўмысля бірку, ён туляўся і падслухваў, як размаўляюць гэтыя «паны» (так звалі іх у школе), а рабіў гэта дзеля таго, каб аддаць бірку на канец заняткаў самаму заядламу «пану», каб настаўнік пакінуў яго з біркаю сядзець у школе да цёмнага.
        I хто б мог разлічаць, што бірка згіне гэтаксама неўспадзеўкі, як і звалілася на бедныя дзіцячыя вучнёўскія галовы, што канец яе будзе няслаўны, а для настаўніка нават дужа прыкры?
        Найбольш цярпеў ад біркі Хомка Шпак. Выпадалі такія дні, калі бірка не выходзіла ў яго з рук. Хомка зрабіўся папіхачом нават першагоднікаў, асабліва тых, чые бацькі пабывалі ў свеце, а гэта значыць – самых свавольных дзетак. Нават Лявонька колькі разоў усунуў Хомцы дзеля смеху праклятую бірку, пакуль не пераверыўся, што смеху ў гэтай справе мала, бо Хомка горка-горка плакаў, што ўжо і Лявонька яго пакрыўдзіў. Што ж! Не кожнаму так, як Лявоньцы, могуць прывазіць з кірмашу кніжачкі з размалёванымі дужа прыгожа, у розныя колеры, вокладкамі. Вучнёўскі натаўп разумець гэтага не хацеў і сваім рогатам патураў настаўнікавай выдумцы, калі бедны Хомка стаяў ля печы на каленях з біркаю ў руках, як пабожны пан у касцеле з свечкаю. Хомка быў адзін з сваім горам, і сэрца яго краілася ад крыўды і жалю. Бацька ў хаце – і той крычаў на яго, што дрэнна вучыцца... Каб яны самі ведалі, каб яны самі спрабавалі, як гэта лёгка наўчыцца гаварыць па-панску! Толькі адзін абраз, не спагадны, не, але разумны, стаяў уваччу Хомцы ў часе яго пакут. Гэта быў абраз старога дзядзькі Тамаша, які на зборках зазвычай маўчаў, але меў сваю асобную ад усіхнае думку, калючую і дасціпную. Усе мужыкі ведалі, што настаўнік жа павінен выбіваць з вучняў простую мову і ўсё дурное, – на тое ж ён і настаўнік. I толькі дзядзька Тамаш, стоячы збоку, пыхкаючы сваю ўбогую піпку і раз па разу плюючы, толькі ён адзін першы здагадаўся сказаць – ці то пра настаўніка, ці то пра яго навуку: «Ат! Не дай Бог свінні роц а хамуйле панства». I хоць за ім першым і другім пачалі наракаць на унтэр-афіцэра за яго «свецкі форс» і «дужа ўжо панскую мову», але толькі Тамашовы дзядзькавы словы мёдам ляглі на сэрцы ў Хомкі. Настаўнік і не любіў Хомку за тое, што Хомка ніякім чынам не хацеў прызнаваць ні таго форсу, ні тае далікатнасці ў размове – быў самы мужыцкі паростак з самага дурнога мужыцкага карэння. А Хомка не любіў унтэр-афіцэра за яго бліскучыя боты, за яго чырвоныя наплечнікі і жоўтыя гузікі на чорным мундзіры, за яго панскае ламанне языка – і чырванеў, калі мусіў казаць, як і настаўнік, «как», а не «як»...
        На тым грунце і адбыўся бунт, пасля якога пагінула бірка.
        Пачалося з драбніцы.
        – Да свідання! – казалі вучні, ідучы дамоў. I ў сваім рухавым грудку жартавалі: «Да свістання! Да снядання!»
        Таго дуронства унтэр-афіцэр не чуў. Але Хомка ці то жартам, ці то здуру бракнуў, троху астаўшыся пад самым настаўніцкім носам:
        – Да снядання, гаспадзін вучыцель!
        – Застанешся да цёмнага, – схапіў яго настаўнік, – бяры бірку!
        – За што? Я ні ў чым не абмыліўся! – захныкаў спалоханы Хомка. Вучні прыстоілі.
        – Ну, ідзі ды болей не дурэй! – наўздзіў змякчыўся унтэр-афіцэр гэтым разам і пусціў Хомку.
        Як на тое ліха, быццам чорт улез у хлопца. Ён выскачыў з таварышамі з падворку на вуліцу, забыўся аддаць бірку і тут прыставіў яе сабе старчма да лобу, скрывіўся, дужа ёмка ўдаўшы унтэр-афіцэра, і сказаў, як дзядзька Тамаш:
        – Не дай Бог свінні рог, а хамуйле панства!
        А не ўгледзеў бедны, што не ў класе быў настаўнік, а выйшаў следам паглядзець, як будуць яны разыходзіцца. Пабачыўшы, як дражніцца нялюбы яму вучань, ён счырванеў аж на каліну, раптам рынуўся да Хомкі і даў яму ў каршэнь. Хомка зарыўся носам у снег.
        – Давай кніжкі! Давай кніжкі! – хрыпеў настаўнік і выдзіраў кніжкі з яго абпэцканай торбачкі.
        Адабранне кніжак азначала тут, што дзверы ў навуку назаўсёды зачыняюцца. Калі аб кім казалі: «Настаўнік адабраў у яго кніжкі», гэта азначала, што нешчаслівага пратурылі са школы без павароту.
        Хомка, як скрозь туман, зразумеў, у якую вялікую бяду, сорам ад людзей і страх ад бацькі ён так неспадзявана трапіў. Сэрца яго зайшлося... I тут Хомка быццам здурнеў – першы раз у жыцці сваім...
        Ён усхапіўся з снегу на ногі, паставіў бірку якраз пасярод, на паднятае калена – і з шалёнай, як у бацькі, злосцю – рраз! – пераламіў яе... Раскінуў канцы ў розныя бакі і паглядзеў, нічога не бачачы. Аж ізноў кінуўся і падхапіў адзін адломаны кавалак біркі, пачаў ламаць рукамі, а дробныя кавалачкі – нават памог зубамі, патрышчыў-патрышчыў – і кінуў, спакайней і па-гаспадарску, у той бок, дзе пад страхою, ля пуні, ляжалі дровы.
        Усе скамянелі. Сам настаўнік не ведаў, што сказаць.
        А Хомка заплакаў гаручымі слязьмі і паплёўся дамоў з пустою, без кніжак, торбачкаю, аддаліўшыся ад усіх вучняў, якія таксама засмуціліся і не ведалі, чым яго добрым пацешыць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.