РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
8
        
8

        
        Вузкай лесавой дарожкай яны перайшлі край бору, мінулі стары, зарослы дробным маладняком расцяроб і павярнулі ўлева. Неўзабаве Грыбаед вывеў іх на край жытняга поля. Падзеленыя нізенькімі, нядбайна абаранымі межамі, некалькі нівак буяла някепскім жытцом, між даспяваўшых каліў якога ззялі густыя россыпы васількоў, белыя галоўкі рамонкаў. Грыбаед узышоў на шырэйшую між ніваў мяжу, і яны пайшлі па ёй, шморгаючы нагамі ў шорсткай межавой траве.
        Ляўчук чакаў убачыць якія будынкі ці, можа, коміны на саламяных стрэхах — звыклыя адзнакі вёскі, — але ён толькі пазнаў яе колішнія тут сляды — некалькі высокіх дрэў, што воддаль стаялі за жытам. Вёскі не было. Падышоўшы бліжэй, яны ўбачылі за ўрослымі ў пустазелле платамі абкураныя рэшткі печаў, дзе-нідзе недагарэлыя, абвугленыя вуглы, раскочанае бярвенне ў зарослых травой падворках. Ад многіх будынкаў засталося толькі каменне падмуркаў. Шмат якія дрэвы паблізу ад пажарышчаў стаялі ссохлыя, з чорным, без лісця галлём. Высокая ліпа па-над калодзежам недарэчна зелянела адным сваім бокам — другі быў спалены і далёка тапырыў счарнелыя галіны. На затаптаных гародах валяліся пабітыя дзежкі, палкі, збуцвелыя шэрыя транты. Мабыць, вёску спалілі вясной, калі яшчэ не засявалі гародаў, азіміна расла ў полі сама, а ярыны не было нідзе. Поле каля гародаў ляжала аблогам, на ім густа разросся асот і пырнік.
        — Куды гэта ты нас прывёў? — спыніўся Ляўчук. — Дзе тваё жытло?
        — Чакай, чакай! Хадзі сюды!
        Грыбаед цягавіта скіраваў кудысь ускрай вёскі, яны перайшлі неглыбокі раўчук ля кустоўя, вылезшы з якога, адразу ўбачылі маленькае, у два будынкі гуменца на пагорачку каля алешніку.
        — Ну во! Бачылі? Там яна нешта збірала. Ці зёлкі якія, ці што.
        — Так, ціха. Пабудзьце тут, — адхінуў старога Ляўчук, а сам хутка пайшоў да гумна.
        3 алешнічку выбягала, некалі мабыць, гразкая, а цяпер няблага ўсохлая дарожка, якая, трохі не дайшоўшы да гумна, паварочвала ў бок былой вёскі. Свежых слядоў на ёй не было, але гэтая дарожка не спадабалася Леўчуку, і ён, перш чым перайсці яе, ажно спыніўся, агледзеўся. 3 дзвюх будынін гумна бліжэй да дарогі стаяла паветка з рэштаю жытняй саломы ў адным канцы. Далей быў стары скасабочаны ток з прадранай страхой, у дзірках якой, бы рабрыны на худобе, тырчалі латы. Ляўчук зводдаль абышоў крушню на рагу тока, зараснік густога малінніку пры сцяне і апынуўся з таго боку, дзе былі дзверы. Дзверы былі прычынены, і паблізу нікога не было відаць. Толькі на вяршаліне яблыні-дзічкі, што расла ўскрай жыта, ціха пагойдваўся стары вялікі крумкач, які, схіліўшы голаў, насцярожана пазіраў на яго. Ляўчук махнуў рукой, але крумкач нават не цепнуў вокам, і толькі калі Ляўчук ірвануў з пляча аўтамат, той лена ўзмахнуў крыллем і нехаця паляцеў у бок вёскі.
        Нідзе нікога не ўбачыўшы, Ляўчук ціхенька прыадчыніў адну палавінку дзвярэй. У таку стаяў прыцемак, пахла гнілой саломай і пылам; праз дзверы над яго галавой адна за адной з ціхім піскам прашмыгнулі дзве ластаўкі, мабыць, у падстрэшшы былі іхнія гнёзды. Ляўчук шырэй адчыніў дзверы і пераступіў падваротню.
        Не, мусіць, Грыбаед не памыліўся, калі казаў пра жанчыну — сапраўды, у гэтым таку жылі.
        Збоч ад дзвярэй, пад сцяной, на зляжалым ахапку саломы была разаслана старэнькая коўдра, ляжалі нейкія лахманы ля сцяны, тут жа стаяла кадка з вадой і над ёй на сцяне вісеў кажушок. Ляўчук агледзеў чыста падмецены земляны дол, на краі якога роўна стаялі скураныя атопкі — абрэзкі ад зношаных ботаў. Цёмныя сцены скрозь свіціліся шчылінамі паміж бярвення. Злева ад увахода былі яшчэ адны нізенькія дзверы, мабыць, у асець; там жа, коса прыхінутыя да сцяны, стаялі драбіны.
        Ляўчук пастаяў, разважыў і ціха падаў свой голас:
        — Гэй! Ёсць хто жывы?
        Ніхто яму не азваўся, мабыць, у таку не было нікога. Але рана ці позна хтось павінен жа сюды завітаць, калі тут жыве, падумаў Ляўчук і выйшаў на панадворак. Грыбаед з Клавай напружана пазіралі на яго з кустоў.
        — Давай сюды! — махнуў ён здаровай рукой.
        Калі тыя падышлі бліжэй, ён шырай расхінуў дзверы — заходзьце! — і Клава падбітым крокам, хапаючыся за дзверы, першая ўвайшла ў ток. Спярша яна боязна агледзела гэты змрочны чалавечы прытулак, а пасля, згледзеўшы коўдру, падалася да яе і знясілена, амаль роспачна апусцілася на салому.
        — Ну во! Адсюль ужо нікуды не пойдзем, — сказаў Ляўчук. — Але дзе ж гаспадыня?
        Грыбаед, не заходзячы ў ток, абышоў яго аброслыя маліннікам і крапівой вуглы, пастаяў, паўзіраўся сюды-туды. Не, мусіць, і паблізу не было нікога. Было ціха. Адно пад свежымі павевамі ранішняга ветру шапацела недалёкая яблыня ды з ціхім пошумам матляла каласамі жыта.
        А Ляўчук тым часам, агледзеўшы куткі гэтай будыніны, ступіў на драбіны, зазірнуў на асець. Ён думаў, што, можа, тутэйшыя жыхары дзе пахаваліся. Але і на асеці было пуста, на земляной прысыпцы ляжала не кратаная чалавечай нагой труха і ластаўчын памёт. 3 маленькага шэрага гняздзечка пад кроквай выглядвалі цікаўныя галоўкі птушанят, чуўся іх устрывожаны піск. Безуважны, аднак, да яго Ляўчук саступіў на дол і адчыніў нізкія дзверцы ў асець. У невялічкім пракураным закутку таксама нікога не было. Маленькае, затканае павуціннем акенца кідала трохі святла на закурэлую печку-каменку, ад якой ішоў затхлы прарэзліва-дымны дух.
        — Ладна, што ж, пачакаем. Ты як: патрываеш, Клава? — звярнуўся ён да радысткі, але тая не азвалася. — Каб во — паесці чаго!
        Паесці было б вельмі дарэчы. У іхніх жыватах даўно ўжо было пуста, але яны не мелі нават кавалка хлеба, а іхняя кухня засталася немаведама дзе, і аб харчы цяпер трэба было клапаціцца самім. Трохі, аднак, дзівячыся адсутнасці гаспадароў гэтай будыніны, Ляўчук выйшаў на панадворак, зноў абышоў жытло, паўзіраўся ў недалёкі алешнік. Але, мусіць, гаспадары сышлі кудысьці далёка, прынамсі, паблізу не было нікога. Тады Ляўчук памалу пайшоў паўз жыта да гэтага алешнічку, затым па-над ім выйшаў на дарогу, пастаяў, каб упэўніцца, што навокал усё спакойна, і паглядзеў у алешнік.
        Алешнік быў невялічкі, за ім аказалася шырокая лесавая прагаліна ці, можа, край поля, далей цямнеў ельнік. Тут жа зелянеў шнурок бульбы каля ячменю. Бульба, відаць па ўсім, была ніштаватая, можа, нават які ранні гатунак, з рослым бульбоўнікам; на крайніх барознах ляжала ўсохлае каліўе — значыць, бульбу ўжо падкопвалі. Падумаўшы, што няблага будзе яе наварыць, ён хуткім крокам скіраваў назад — трэба было знайсці які кош ці вядро.
        — Эй, дзед! Давай пасудзіну. Бульба... — гукнуў ён у расчыненыя дзверы тока. Аднак Грыбаед не азваўся, ён сцішана сядзеў на кукішках ля Клавы — прыкрытая стракатым дыванком, тая нешта выгіналася на саломе, і ў Леўчука раптоўна ўпала ўсярэдзіне — няўжо пачынаецца? Ён ціха пераступіў парог, але Грыбаед, учуўшы яго, замахаў рукой, і ён моўчкі выйшаў. Здаецца, дзеўцы прыспічыла, а ніякае бабы тут не аказалася. Хіба што Грыбаед?
        Ён пастаяў ля дзвярэй, паслухаў, ці не скажа яшчэ што стары, але той маўчаў. Тады Ляўчук успомніў, што, здаецца, у такіх выпадках патрэбна рыхтаваць цёплую ваду, значыць, трэба раскласці агонь. Ён кінуўся сюды-туды і знайшоў пад павеццю некалькі сухіх палак, якія патрушчыў абцасам, і тут жа, на падворку, няспрытна ўпраўляючыся левай рукой, расклаў цяпельца. Горш было з пасудзінай для вады, але, пашукаўшы, ён знайшоў у малінніку дзіравы стары казанок, трэскай забіў дзірку ў яго прашараваным дне і збегаў у ручай па ваду. Увесь час ён прыслухоўваўся да гукаў адтуль, з тока, і хоць амаль нічога не чуў, сам туды не заходзіў. Ён узяўся шчыраваць каля агню, які ладна разгарэўся на ветры, і вада ў казанку памалу пачала грэцца.
        — Во добра, — раптам сказаў Грыбаед, які выскачыў з тока. — Здагадлівы.
        — Ну як там? — запытаў Ляўчук.
        — Нічога. Усё добра.
        — А ты таго... Што-небудзь кумекаеш?
        — Ды ўжо ж, што-небудзь, — ухіліўся ад адказу Грыбаед, схапіў нейкія транты, што сушыліся на прыхінутай да сцяны баране, і зноў знік у таку.
        Тым лепш, падумаў Ляўчук, з Грыбаедам, можа, яшчэ як абыдзецца, горш, калі б ён застаўся сам-насам з Клавай. Цяпер ён не ведаў, што там рабілася, але яго ўвага да тока напружылася, ён мімаволі пачаў хвалявацца — а раптам што-небудзь выйдзе не так?
        Але, мусіць, усё выйшла, як і належыць у такіх выпадках, неўзабаве Грыбаед неяк спяшліва зноў выбег з тока і зашмальцаваным крысом свайго мундзіра выхапіў з агню казанок.
        — Што, ужо?
        — Ужо, ужо...
        Ляўчук падзівіўся трохі: ён чакаў, ці не пачуецца спярша дзіцячы плач або хаця б стогн мацеры, а тут ні плачу, ні стогну, і гэтая старая «бабка» кажа, што ўжо.
        — Зараз, зараз! — гучнейшым голасам, мусіць, да яго, сказаў Грыбаед з тока. — Зараз!
        Ляўчук стаў за дзвярыма і хваляваўся, як бацька, якому ўжо хвалявацца не прыйдзецца. Гэты абавязак перапаў ім, ягоным таварышам па вайне, і цяпер шмат што ў адносінах Леўчука да Клавы вызначалася ранейшымі яго адносінамі да Платонава. Ва ўсякім разе, Ляўчук адчуваў сябе абавязаным не столькі дзеля самой Клавы, колькі дзеля памяці яе каханага.
        — Ды хто там? — нецярпліва гукнуў Ляўчук. — Хлопец ці дзеўка?
        — Мужык! — нейкім незнаёмым, палагаднелым голасам сказаў Грыбаед. — Харошы дзяцюк. Ідзі сюды!
        3 нечаканай, проста неверагоднай для яго цікаўнасцю Ляўчук увайшоў у ток і зірнуў на невялічкі пакуначак з парашутнага шоўку ў руках Грыбаеда. Побач у прыцемках чужой саламянай пасцелі амаль са страхам у спакутаваных вачах на іх пазірала Клава.
        — Во глядзі! Акурат Платонаў...
        — Маленькі зморшчаны тварык, заплюшчаныя вочкі — відаць, што жывая істота — і нічога болей.
        Але каб падбадзёрыць маці і зрабіць прыемнае яе «бабцы», Ляўчук сказаў:
        — Нішто, нішто...
        — Во цяпер нас зноў трое мужыкоў, — другім голасам сказаў Грыбаед. — Чым толькі карміцца будзем?
        Ляўчук схамянуўся. Ён, які дагэтуль адчуваў тут сябе амаль што лішнім, зразумеў свой абавязак, схапіў казанок і выскачыў з тока. Пралезшы праз гушчар алешніку, ён левай рукой пачаў выдзіраць бульбоўнік, за карэннем якога дзе-нідзе цягнуліся з зямлі невялічкія, па галубіным яйку, бульбіны. Ён асабліва не ашчаджаў ні барознаў, ні каліўя, якое рваў і кідаў, разграбаў рукою зямлю і выбіраў буйнейшыя бульбіны. Яго поўніла нейкае новае, яшчэ не зведанае ці забытае ім пачуццё далучэння да звычайнага людскога жыцця, якому няма ніякае справы да іх вайны, і яго адносіны да Клавы цяпер увачавідкі мяняліся з нядбайна-прыдзірлівых да шаноўных. Цяпер яна была для яго не тая гарэзная Клаўка, якую ён некалі прывёз у атрад, і не партызанская дзеўка, якая нагуляла дзіцёнка хоць бы і з іхнім паважаным начальнікам, а найперш — проста жанчына-маці, дагледзець якую было іх абавязкам. А ён прадчуваў, колькі яшчэ дастанецца ёй у гэтым яе неспадзяваным лясным мацярынстве, і хацеў хоць напачатку зменшыць усё тое нялёгкае, што наканаваў ёй яе партызанскі лёс. Як ні дзіўна, але менавіта цяпер ён упершыню за шмат год адчуў сябе не байцом-партызанам, не разведчыкам ці кулямётчыкам, а найперш чалавекам, гэта было нова і надзвычай прыемна. Так, нібы не было ўжо і вайны.
        Уздзеўшы за спіну аўтамат, ён пачаў завіхацца з бульбай — перамыў яе ў ручаі, набраў вады ў казанок, зноў раздзьмуў вогнішча і прыладзіў да яго казанок.
        — У мяне солі ёсць трохі, — сказаў Грыбаед, калі, выйшаўшы з тока, убачыў на вогнішчы бульбу.
        — Ды ну! Можа, у цябе і хлеб ёсць? — іранічна перапытаў Ляўчук.
        — Не, хлеба няма. А пасаліць трохі будзе.
        Ён укленчыў ля агню, дастаў з нагруднай кішэні фрэнча чырвоную анучку, разгарнуў яе, затым яшчэ разгарнуў паперку і двума пальцамі ўзяў крышачку солі.
        — Болей бяры! Што гэта твая шчопаць! — сказаў Ляўчук.
         Грыбаед узяў трошкі болей, але, памеркаваўшы, адсыпаў і трыма пальцамі кінуў некалькі драбкоў солі ў казанок.
        — Ашчаджаць трэба. Дзе яе возьмеш пасля...
        — Ну як там Клаўка? — запытаў Ляўчук.
        — Заснула. Хай паспіць — ёй цяпер трэба.
        — А малы?
        — I малы спіць. Цыцку пассаў і спіць. А што яму?..
        — Ну добра. Сядзь, пасядзі тут.
        — Не, я ўжо ў засень. А то горача. Баюся, галаву напячэ.
        Сапраўды, на падворку стала гарачавата, сонца ўзнімалася ўсё вышэй і прыпякала; не верылася нават, што нядаўна яшчэ ім было так пакутна ад холаду. Але што спёка ці холад — галоўнае, яны адкараскаліся ад немцаў, зашыліся ў лесавую глушэчу, дзе не было нікога — ні партызан, ні немцаў, на вогнішчы ў казанку даварвалася свежая бульбачка, абяцаючы згаладнелым які-ніякі наедак. Найбольшая бяда іх мінала, і каб не той небарака Ціханаў, дык Ляўчук, мабыць, быў бы задаволены сваім сённяшнім лёсам.
        Праўда, яго трохі насцярожвала, што няма гаспадароў гэтага неадмысловага жытла, усё ж ім патрэбны быў нехта гаспадар ці найлепш гаспадыня, — якія б узялі на сябе далейшы клопат пра Клаву. Да таго ж трэба было пра што-кольвечы распытаць іх, а можа, і разжыцца фурманкай, калі яны не маглі зберагчы свае.
        Але гэта быў клопат наогул, можна нават сказаць, на пасля, галоўная ж турбота з Клавай, здаецца, уладзілася, мабыць, уладзяцца як-небудзь і астатнія.
        Бульба кіпела, і каб даведацца, ці зварылася яна, Ляўчук усё поркаў у казанок праціркай ад Ціханавага аўтамата, якую выняў з прыклада. Працірка, аднак, лезла туга, трэба было яшчэ варыць, і ён падкладваў у агонь, што знаходзіў паблізу абломкі струхлелых палак, дошку, паламаў тонкую жардзіну з плота. Грыбаед неяк стомлена сядзеў на баране пад страхой і заклапочана пазіраў на агонь.
        — Ну што невясёлы, дзед? — запытаў Ляўчук. — Усё ж добра.
        — Добра, ды не ўсё,— уздыхнуў Грыбаед.
        — Ну, а што? Ціханаў?
        — А хоць бы і Ціханаў. Малады яшчэ... Хіба жыць не хацеў?
        — Жыць усім хочацца. Ды не ўсім выходзіць.
        — Во пра тое і думаю. А тут малое...
        Малое, канечне, не ў час, нават вельмі не ў час, падумаў Ляўчук. Калі б хоць на які тыдзень раней, калі не было гэтай блакады, а цяпер сапраўды, як яна будзе з малым у чужых людзей, якіх немаведама дзе знайсці ў гэтым зруйнаваным, папаленым краі.
        — Відаць, трэба яшчэ каго пашукаць, — сказаў Ляўчук. — А то чорт яго знае — нешта няма нікога.
        Грыбаед сядзеў моўчкі і засяроджана глядзеў у агонь, і Ляўчук, у якога ўжо падцягнула жывот, махнуў здаровай рукой:
        — Ладна. Спярша паямо бульбачкі, а там відаць будзе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.