РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўчая зграя
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13 ВАЎКІ
14
15
16
17
13 ВАЎКІ
        

        ВАЎКІ
        13

        
        ...Ляўчук узяў чамаданчык і памалу пайшоў на паверх пазвапіць. Думалася: можа, ён іх прагледзеў і яны даўно ўжо дома. Вядома, у твар не ведаў, хоць і адчуваў нейкім сваім нутраным адчуваннем, што калі б згледзеў здаля, дык, здаецца, пазнаў бы.
        Але на яго тры званкі зноў ніхто не адгукнуўся, кватэра глуха маўчала. Гэты раз суседка не пацікавілася ім, і Ляўчук зноў сышоў уніз на падворак. Бавячы час, ён абышоў вакол двара і вярнуўся на сваю лаўку пад мураванай сцяной. Трэба было чакаць. Не ехаць жа без дай прычыны назад, калі ўжо прыехаў за дзвесце кіламетраў, хоць, можа, і ніхто яго тут не чакаў. Але гэтая сустрэча патрэбна была для яго самога, як нейкае апраўданне яго ваенных пакут. Ён не мог забыцца на іх, калі б і хацеў нават, бо такое не забываецца. Як тая ноч, у якую яму пашэнціла меней. А можа, менавіта таму і пашэнціла, бо за ягонае жыццё заплаціў у другі, і гэтая неаддзячаная плата трыццаць гадоў ляжала на яго сумленні. Цяжка было жыць з ёй, але што зробіш? Пражытага не перайначыш...

        
        На Каляды ў сорак трэцім яны рвалі «жалезку».
        Спачатку ўсё ішло добра, чацвёра іх пад камандай былога сяржанта Колабава за ноч дабраліся з пушчы да Сёлетнева, невялікай вёскі пад лесам, ад якой да чыгункі было два кіламетры, пераднявалі ў свайго чалавека і, як сцямнела, пайшлі «паляваць». Ахова іх правароніла, яны хутка падклалі міну і праз хвілін дваццаць грымнулі цяжка нагружаны эшалон, што ішоў у бок фронту. Збянтэжаныя немцы ачухаліся не адразу і позна адкрылі агонь, падрыўнікі кружным шляхам вярнуліся ў вёску, выпілі, добра пад'елі і заваліліся спаць на салому. Але ў іх была адна міна-запаска, якую грэх было несці назад, у пушчу, і наступнаю ноччу яны, даўшы добрага круку, падышлі да чыгункі з другога, ляснога боку. Думалі, тут немцы іх не чакаюць і ўсё ўдасца не горш, чым учора. Але на лініі яны заўважылі патрулёў і прытаіліся ў завале ля насыпу. Трэба было чакаць. Гадзіны тры запар мусілі мерзнуць на ніштаватым калядным марозіку, пакуль дачакаліся, калі патрулі пайшлі ў бункер грэцца, і тады паставілі міну. На чыгунцы ўвогуле было спакойна, перад тым прайшоў цягнік з боку фронту, неўзабаве павінен быў з'явіцца другі — на фронт. I тады Колабаву здалося, што, спяшаючыся, яны не дужа замаскавалі міну пад рэйкай, патрулі пры абходзе могуць прыкмеціць сляды іх работы і падняць трывогу. Леўчуку дужа не хацелася другі раз лезці цераз заснежаны завал да насыпу, ён нібы адчуваў, што гэта дабром не скончыцца. Але Колабава адгаварыць ад чаго-небудзь, што ён уваб'е сабе ў галаву, было немагчыма. Праўда, камандзір мог паслаць туды каго аднаго — Леўчука, Філіпава ці Крука, але ён не паслаў нікога — ён палез сам.
        Лезці цераз бязладна наваленыя ўздоўж лініі сукаватыя дрэвы — бярозы і хвоі — было нялёгка, пакуль ён адолеў гэты завал, мінула, мабыць, нямала часу, і нешта на чыгунцы змянілася. Можа, раней часу пачалі свой абход патрулі, а можа, якое начальства з праверкай выйшла на лінію. Ім з завалу не дужа было відаць, што там здарылася, толькі раптам прагучаў крык, чарга трасірных куль сцебанула па насыпе і з віскам пранеслася па-над завалам. Пасля ўдарыў кулямёт з бункера. Каб неяк ратаваць таварыша, яны з-за паваленага дрэва некалькі разоў стрэлілі туды з вінтовак, але кулямёт сыпануў па завале такой густою чаргой, што яны сунулі галовы пад камель дрэва і ляжалі так хвілін пяць, не рызыкуючы паварушыцца. I менавіта ў такі час Ляўчук пачуў зводдаль слабы крык Колабава і зразумеў, што з ім сталася ліха.
        Кулямёт аж захліпаўся, вогненнымі струменямі куль абсыпаючы ўвесь завал, страчылі патрулі з-за насыпу, а Ляўчук цераз вывараціны і сучча кінуўся па той бок, да лініі. Згубіўшы рукавіцы і разадраўшы рукаў ватоўкі, ён выбраўся ўрэшце з завалу і адразу наткнуўся на Колабава, які ў акрываўленым маскхалаце ляжаў каля сукаватай рагаціны-хвоі; перабрацца цераз яе ў камандзіра ўжо не было сілы. Ляўчук моўчкі ўхапіў яго пад пахі, абпоўз вывараціну, пад шквалам агню пераваліў яго цераз другую, коса паваленую хваіну. Колабаў маўчаў, толькі стагнаў, сцяўшы зубы, з адной калашыны яго маскхалата лілася на снег чорная кроў. Макрэючы на марозе ад поту, Ляўчук хвілін праз пятнаццаць усё ж адолеў гэты завал, выпаўз на яго лясны бок і не знайшоў хлопцаў. Ён падумаў, што, можа, яны адбегліся далей у лес, пад агнём з бункера ўзваліў на сябе Колабава і, сагнуўшыся да самай зямлі, хутка пасігаў між дрэў — далей ад гэтага агнянага пекла, якое грымела, гуло, клекатала, здавалася, на дзесятак кіламетраў вакол.
        Ён думаў, што Філіпаў з Крукам усё ж недзе блізка і пярэймуць яго, але ён брыў у сасонніку з паўгадзіны, а іх нідзе не было. Здорава ўходаўшыся, упаў на снег і не хутка падняўся. Страляніна ззаду быццам сціхала, хоць кулямёт яшчэ і трашчаў, але тут, у лесе, яго вогненных чэргаў ужо не было відаць, і гэта давала надзеі. Колабаў усё маўчаў, толькі часам скрыгаў зубамі, і Ляўчук падумаў, што, мабыць, камандзіру папала здорава. Аддыхаўшыся, ён спрабаваў перавязаць яго і расшпіліў штаны, але ўсё там было заліта загусцелай крывёй, і ён нават спалохаўся. Ён зняў з сябе тонкую сваю папружку, два разы абматаў ёй параненае сцягно Колабава, каб хоць спыніць кроў. Затым, прыслухоўваючыся да наваколля, доўга нёс камандзіра цераз маўклівы насцярожаны лес, але хлопцаў нідзе не сустрэў. Спярша ён злаваўся, надумаўшы, што яны ўцяклі, але так далёка ўцякаць, мабыць, не было патрэбы. Значыць... Значыць, хлопцы засталіся ў тым завале, можа быць, назаўжды. Пад такім агнём гэта было проста.
        Мабыць, апоўначы ён выбраўся з лесу. Хвойнік скончыўся, пачаліся нейкія хмызнякі, драбналессе, стала зусім ціха. У бязмесячным небе раямі мітусіліся зоркі, ціснуў добры мароз. Ляўчук даўно адчуваў яго найперш сваімі рукамі, якімі ён увесь час трымаў на сабе Колабава — рукі мерзлі так, што здавалася, адмярзаюць зусім. Целу і нагам у валёнках было горача, нутро аж гарэла ад стомы. Пара валіла з рота, а рукі зайшліся так, што ён ледзьве трываў. 3 Колабавым яны не размаўлялі, мусіць, той быў непрытомны або проста не мог гаварыць.
        Невядома, на колькі кіламетраў яны адышліся ад чыгункі і колькі мінула часу, толькі Ляўчук усё пільней пачаў узірацца ў мясцовасць і не пазнаваў яе. Ён проста не ведаў, куды трэба было ісці, бо на шляху сюды не дужа што прыкмячаў, тады іх вёў Крук, які цяпер прапаў невядома дзе. Тым часам вялікі лес скончыўся, пачаўся хмызняк, нейкія пералескі, можа, нават умерзлае балота, і нічога не было відаць. Добра яшчэ, што снег быў неглыбокі і асабліва не замінаў хадзе.
        3 цягам часу прыпынкі рабіліся ўсё часцейшыя, змора брала сваё, рукі адмярзалі, і ён нічога не мог з гэтым зрабіць, ён выбіваўся з сілы. Да слёз у вачах ён глядзеў-узіраўся ў зімовыя прыцемкі, думаў, можа, дзе трапіцца вёска, толькі яна магла ўратаваць іх абодвух. Праўда, надзеі на тое было не шмат — мясцовасць навокал была дзікаватая, у такой не хутка натрапіш на вёску, тым больш у цемры. I ён каторы ўжо раз, стаўшы на калені, узвальваў на сябе страшэнна пацяжэлае цела Колабава і ішоў некуды ў ноч праз хмызняк і чэзлыя кусты — у той бок, дзе, здавалася яму, была пушча.
        Ён заўважыў іх у часе аднаго прыпынку, як толькі паклаў на снег Колабава і рукавом разадранага маскхалата выцер спатнелы лоб. Спярша здалося ў марозных прыцемках, што гэта чалавек, які таксама выпнуўся ў рэдкалессі з-за якога кусціка і прылёг. Але, угледзеўшыся, Ляўчук зразумеў — воўк! Той стаяў на снезе ў паўсотні крокаў адсюль і насцярожана ўзіраўся ў двух знямоглых у белым людзей — нібы чагосьці чакаў. Ляўчук не адчуў ад таго вялікага страху — падумаеш, воўк! У іх была вінтоўка ды аўтамат Колабава, што ім які згаладнелы воўк? Ляўчук нават крыху падняўся, сеў раўней і разы два махнуў у той бок — маўляў, прэч, дурань!
        Але воўк толькі стрыгнуў вушамі і крыху павёў мордай, калі аднекуль ля яго з'явіўся яшчэ адзін, а затым два гэткіх жа, як і першы, перахлябістых, насцярожаных, да нечага гатовых драпежнікаў. Ляўчук адчуў, як раптоўна схаладнела ў яго разагрэтым ад стомы нутры: чатыры ваўкі ў ягоным становішчы — гэта ўжо не жарты. Падумаўшы, што ваўкі, мабыць, кінуцца на іх, Ляўчук узяўся за аўтамат, які вісеў у яго на грудзях, адубелымі пальцамі намацаў рукаятку затвора. Аднак ваўкі, здаецца, не выказвалі ніякага намеру кідацца, яны стаялі між чэзлых кусцікаў — тры наперадзе і адзін трошкі ззаду — і чакалі чагось. Чаго толькі?
        Ягоная трывога, мабыць, перадалася і Колабаву, той прыўзняўся за ягонай спіной і таксама ўгледзеўся ў начны аснежаны прыцемак.
        — Сволачы! Яшчэ не хапала...
        Не зводзячы з іх вачэй, Ляўчук падняўся на ногі, зрабіў некалькі крокаў да кусцікаў. Ваўкі без асаблівага страху таксама адышліся на некалькі крокаў. Што было з імі рабіць?
        Вярнуўшыся да Колабава, Ляўчук узваліў яго на спіну і пайшоў. Ідучы, яму было цяжка сачыць за імі з прыгнутаю галавой, ён ледзьве бачыў пад ногі, але адчуваў, што ваўкі не адсталі. Яны ішлі поруч, паралельным напрамкам і чагось усё пільнавалі. Мусіць, трэба было б секануць па іх аўтаматнай чаргой, тады, можа, адсталі б. А можа, наадварот — не варта чапаць іх, яны ж пакуль што не чапаюць. Можа, яны так пройдуць нядоўга ды і скіруюць куды сваім шляхам. Навошта ім людзі?
        Але ў гэтых драпежнікаў, відаць, былі ўсё ж нейкія свае намеры наконт гэтых двух ушчэнт знямоглых, ледзьве жывых людзей, і яны не адставалі. Тым часам кусты канчаліся, наперадзе забялела вялізная разлога поля, Ляўчук з надзеяй падумаў, што, можа, там будзе якая вёска і гэтыя стварэнні адстануць. На краі поля ён паволі апусціўся каленямі ў снег, затым лёг на бок, зваліў з сябе Колабава і не адразу падняў галаву, каб глянуць, куды ж скіравалі ваўкі. Але ваўкі былі тут, яны прыкметна асмялелі і падышлі яшчэ бліжэй. Рослы пярэдні воўк, з адным трохі карацейшым за другое вухам, наблізіўся да іх, можа, крокаў на сорак і стаяў, чагось упарта чакаючы. Два стаялі трохі далей, а чацвёртага чамусьці не было відаць, і Ляўчук здзівіўся: куды ж ён прапаў? Але доўга дзівіцца яму не давялося — азірнуўшыся, ён убачыў, як, абыходзячы гушчарок, дзе снег быў глыбейшы, па другі бок ад іх шыбаваў яшчэ адзін вывадак.
        На чыстым, прытуманеным удалечы снезе былі добра відаць чатыры звяры, якія борздзенька абыходзілі іх з таго боку.
        Леўчуку стала моташна. Ужо з пэўным намерам ён зняў цераз голаў почапку аўтамата, каб урэшце адагнаць гэтую зграю. Але толькі ён пацягнуў затвор, як побач слаба заварушыўся Колабаў.
        — Пастой, ты што?
        — А што? Глядзі, іх ужо сямёра.
        — Дзе мы — ты бачыш? — цяжка прахрыпеў Колабаў, і Ляўчук угледзеўся ў прыцемак, стараючыся згадаць, куды яны выйшлі. Сапраўды, лес яны ўвесь перайшлі, наперадзе ў полі нешта шарэла, але не хмызняк і не быльнік — як, прыгледзеўшыся, здагадаўся Ляўчук, то быў напалову засыпаны снегам трыснёг, і за ім цьмела роўная белая аблога. У баку ад гэтай аблогі, мабыць, падымаўся пагорак, але там, пад цёмным і зорным небам, нічога не было відаць.
        — Зароўскае возера, — пасля паўзы сказаў Колабаў і аблёгся на снег.
        — Зароўскае?
        Ляўчук нямала здзівіўся — куды ж яны трапілі? Але, мусіць, так. Тая чысцюткая снегавая разлога за трыснягом, якую ён палічыў полем, аказалася возерам. Возера, вядома, для іх — не вялікі страх, мабыць, яно ўмерзла. Страх быў у іншым, і гэта стрымала Леўчука ад таго, каб пусціць чаргу ў ваўкоў. На тым доўгім пагорку, што ледзь угадваўся ў цемры, ведаў Ляўчук, раскінулася немалая вёска Зароўе, якую яны заўжды абыходзілі як мага далей, бо там быў нямецкі гарнізон з дзотамі, траншэямі, бункерамі, кругласутачнай вартай і патрулямі. Страляць тут, пад носам у гарнізона, было б самагубствам. Асабліва ў іхнім становішчы.
        Ну але што ж тады рабіць з гэтай зграяй?
        Ваўкі, мусіць, таксама адчулі, што іх тэрыторыя хутка скончыцца і пачнецца тая, дзе яны не гаспадары. I яны пачалі смялець. Яны абышлі людзей з абодвух бакоў і пасталі на снезе, чакаючы, што ж тыя будуць рабіць далей.
        Наперад, аднак, можна было ісці.
        Каб скарыстаць гэтую адзіную пакуль што магчымасць, Ляўчук перакінуў цераз галаву почапку аўтамата, напяўся, напружыўся, узваліў на сябе Колабава. На тым месцы, дзе ляжаў паранены, засталася цёмная пляма крыві, і ён падумаў, што, мабыць, гэтая кроў падахвочвае ваўкоў, абяцаючы ім спажыву. Але ўжо чорта! Калі гэта Зароўе, дык трэба хутчэй перайсці цераз возера, а там, здаецца, была яшчэ нейкая вёска, можа, у ёй няма немцаў, значыць, ёсць добрыя людзі, яны памогуць.
        Ён не дайшоў да трыснягу, можа, якіх дзесяць крокаў, як адна ягоная нага нечакана шаснула ўглыб снегу, ён ірвануўся ўбок і праваліўся абедзвюма. Адразу ж адчуў, што трапіў у ваду, мусіць, тут была якая крыніца ці яшчэ няўмерзлае балота. Разварушыўшы снегавую кашу, Ляўчук неяк выграбся на цвярдзейшае, ужо ведаючы, што па калені мокры, у валёнках ужо сцюдзёна захлюпала вада. Ад прыкрасці ён вылаяўся, калі згадаў, як перад выхадам на гэта заданне спецыяльна памяняўся з Башлыком абуткам — аддаў яму свае спраўныя боты, а ўзяў гэтыя валёнкі. Не паспеў ён цяпер адысціся ад гэтай праваліны, як адчуў, што мароз сталёвымі абцугамі ашчапервае ягоныя ступні — як было ісці далей?
        3 Колабавым на спіне ён ледзьве давалокся да азёрнага берага, пралез трыснёг, яшчэ разы два праваліўся, але не так глыбока, як першы раз, і не да самай вады. Зрэшты, цяпер, мабыць, было ўсё роўна, можна было ісці і па вадзе — да каленяў яго ногі былі ўшчэнт мокрыя і мерзлі. Асабліва нясцерпна стала на лёдзе, з якога вецер месцамі паздзімаў снег, Ляўчук застукаў цвёрдымі валёнкамі, паслізнуўся, ледзьве не ўпаў. Ён прайшоў нямнога, але адчуў, што павінен спыніцца, інакш упадзе разам з Колабавым. Тады ён асцярожна апусціўся каленямі на прысыпаны снегам лёд і асцярожна паклаў побач Колабава.
        Нейкі час ваўкі яшчэ беглі ленаю рыссю следам за важаком з адтапыраным вухам; але спыніўся важак — і спыніліся ўсе астатнія. Яны чакалі, і Ляўчук раптам страціў цярпенне. Ад усіх гэтых бед, што сёння адна за адной сыпаліся на яго галаву, цяжка было стрымацца, ён гучна і злосна вылаяўся, даўшы выйсце сваёй роспачы. Страляць было нельга, бегчы таксама — няўжо ім прыйдзецца загінуць на гэтым праклятым возеры ў паўкіламетры ад гарнізона, поўнага немцаў і паліцыі?
        Мусіць, ваўкі адчулі бездапаможнасць людзей і зрабіліся больш смелыя і нават нахабныя. Пакуль Ляўчук з Колабавым нерухома ляжалі на лёдзе, яны абышлі іх паўколам і закрылі дарогу наперад. 3 гэтага іх паўкола заставаўся толькі выхад назад, зноў у лес, дзе ў ваўчыным парадку быў разрыў крокаў на дваццаць. Тры іншыя бакі яны занялі, шырока разышоўшыся па лёдзе, і, не падыходзячы, аднак, бліжэй, насцярожана пазіралі на людзей.
        — Сашка, ты бачыш? Ты зірні, што робіцца! — узбуджана сказаў Ляўчук да знямоглага Колабава, і той на момант прыўзняў галаву.
        — Ладна, ты ідзі, — сказаў ён.
        — Як? Яны ж цябе тут...
        — Ідзі. Дай аўтамат і ідзі.
        — А калі яны... На мяне?
        — Не. Я ж застануся... Ты прыгані каня. «Сапраўды!» — мільганула ў галаве ў Леўчука. Гэта было выйсце. Ён паспрабуе вырвацца з гэтага кола, дабяжыць да вёскі, прыгоніць каня. I прывядзе людзей. Калі толькі Колабаў дажыве да таго часу. I калі ваўкі выпусцяць яго, Леўчука. I калі ён у вёсцы не налезе на немцаў. I калі немцы раней часу не налезуць на Колабава... Надта ўжо шмат назбіралася гэтых «калі», але іншага ў іх не заставалася.
        Ляўчук з натугай падняўся на ногі, якія яшчэ слухаліся яго, схапіў вінтоўку і памарожанымі рукамі ледзьве ўправіўся з тугаватым затворам, пакуль даслаў патрон у патроннік. Глытаючы даўкі камяк у горле, ён кінуўся да самай сярэдзіны воўчай зграі, добра разумеючы, што яны могуць не выпусціць яго і разарваць на кавалкі. Вінтоўкай ён мог абараняцца толькі як палкай, страляць з яе ён не мог: першы стрэл, мусіць, стаў бы для абодвух пагібеллю. I так яшчэ добра, калі немцы з Зароўя не згледзелі іх. Мусіць, выручалі самаробныя маскхалаты, спецыяльна надзетыя імі на гэта заданне.
        Ад усяго перажытага Ляўчук перастаў адчуваць сябе і без усякага страху, адчайна шыбануў на зграю. Ён бачыў перад сабой толькі бліжэйшага ваўка, які падцяў пруткі хвост і ўзіраўся ў яго, мусіць, не чакаючы такой смеласці ад знямоглага чалавека. Але Ляўчук кіраваў прама на яго, зараджаную на ўсякі выпадак вінтоўку трымаў у руках нібы палку, гатовы выцяць ёю ваўка, калі той не саступіць з ягонай дарогі. I воўк саступіў. Ашчэрыўся, прысеў на пярэднія лапы, нібы перад скачком, але, зразумеўшы, пэўна, рашучасць чалавека, не скочыў і не пабег, а незадаволена адышоўся ўбок, да суседа. Ляўчук, не збаўляючы кроку і нават не азірнуўшыся, толькі косячы вокам, прашыбаваў яшчэ дзесяць крокаў і выйшаў з іх кола.
        Яны за ім не пагналіся і нават не збіраліся рабіць гэта — яны таропка замкнулі за ім сваё кола і падаліся да сярэдзіны. Ляўчук, які кінуўся быў подбегам, на секунду спыніўся — адсюль яму ўжо кепска быў відаць Колабаў у яго маскіровачным убранні, затое ён добра бачыў ваўкоў. Яны патрохі сціскалі кола, і з ім сціскалася Леўчукова сэрца. Страціўшы над сабою ўладу, ён праз хвіліну кінуўся назад да Колабава, затым, зразумеўшы, што так не паможа яму, з усёй сілы пабег па возеры.
        Ён бег, баючыся азірнуцца; паслізнуўшыся на абмерзлых валёнках, упаў, балюча выцягнуўся сцягном, ускочыў, тады азірнуўся — некалькі невыразных плямак ледзьве шарэлі ў працьмелай далечы. Ні крыку, ні стрэлаў яшчэ не было, і ён кінуўся яшчэ хутчэй. Бегучы, аднак, пачаў адчуваць, што не паспее, што ваўкі, мабыць, управяцца з Колабавым хутчэй, чым ён дабяжыць да вёскі, якая была чорт ведае дзе.
        Усё ж ён бег, зноў абліваючыся потам, да гарачай задухі ў грудзях, штораз азіраўся і слухаў. Ён чакаў стрэлаў, можа, ваўчынага выцця і напружана глядзеў наперад — калі ж тая вёска? Ногі на бягу адубелі — ці сагрэліся, ці, можа, ужо змерзлі, ён перастаў адчуваць іх і думаў, што трэба як найхутчэй расцерці іх снегам і пераабуцца, інакш прападуць ногі. А без ног прападзе і сам.
        Калі начную цішу ззаду разарвала грымотная чарга, ён стаў, нібы ўкопаны, і перастаў дыхаць. Здалося: гэта не вытрымаў Колабаў. Але праз хвілю ўдарыла яшчэ і яшчэ — над возерам далёка пакацілася чулае начное рэха. Нешта дужа ўжо гучна, падумаў Ляўчук, мусіць, аўтамат так гучна страляць не можа. Нібы пацвярджаючы яго здагадку, зараз жа забахалі вінтоўкі, пачуліся крыкі, і ён зусім разгубіўся.
        Ён адчуваў, што сталася горш, чым калі б на Колабава напалі ваўкі; мабыць, ваўкі ўжо тут ні пры чым, гэта немцы. Але адкуль яны? Ці, можа, на слых паляць па возеры, ці ўжо згледзелі Колабава? Адчуваючы, аднак, што той гіне, Ляўчук сарваўся з месца і што было сілы пабег назад.
        Пакуль ён знямогла трухаў у сваіх абмерзлых валёнках, на возеры яшчэ стралялі, чуліся крыкі, і ён не ведаў, што зробіць, калі прыбяжыць туды. Але ўсё роўна ён бег. У яго была спраўная вінтоўка і сотня патронаў у сумцы, было дзве «лімонкі» ў кішэнях, абы толькі Колабаў быў жывы. Толькі б застаць жывога! Праўда, неяк падазрона не было чуваць яго аўтамата: страляў кулямёт, вінтоўкі, аўтамат жа ўпарта маўчаў. Гэта кепскім прадчуваннем душыла Леўчука, і ўсё роўна ён бег, мусіць, насустрач сваёй пагібелі, бо шанцы адбіць Колабава былі ў яго мізэрныя.
        А можа, ён паспее да яго раней, чым прыбягуць немцы?
        Гэтая думка прымусіла яго бегчы шпарчэй і надала трохі сілы, тым болей што страляніна сціхла, разы два ён пачуў крыкі дзесьці ля вёскі і падумаў, што, можа, гэта немцы спускаюцца з гары да возера, калі б яны толькі яшчэ спускаліся, дык ён, мусіць, паспеў бы...
        Ляўчук, аднак, памыліўся — яны не спускаліся, яны ўжо падымаліся ад возера, дзе заместа ваўкоў учынілі ваўчыную расправу.
        Ён зразумеў гэта, калі ўбачыў непадалёк той самы трыснёг, ля якога праваліўся ў ваду і ля якога пакінуў Колабава. Пазнаў і тое месца на снезе. Яно было цяпер вытаптана мноствам людскіх і ваўчыных слядоў, сярод якіх цямнелі плямы крыві. Ваўкоў нідзе не было, Колабава таксама. Вецер памалу здзьмуваў са снегу клочча цёмнай поўсці — мусіць, перапала і ваўкам. На секунду Леўчуку стала шкода гэтых спаважных, нерашучых і, мусіць, згаладнелых істот, якіх ён нядаўна яшчэ ненавідзеў. Шырокі след-баразна ў снезе, прарэзаны целам Колабава, вёў у той бок, дзе была вёска і адкуль яшчэ даляталі прыглушаныя далечынёй галасы, смех, злосная лаянка.
        Ледзьве стрымліваючыся, каб не заплакаць, Ляўчук пастаяў яшчэ, патаптаўся на снезе і подбегам пусціўся па возеры.
        Трэба было ратаваць ногі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.