РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ЯК ШТОСЬЦІ ЗУСІМ НЕВЯДОМАЕ ЎПАЎЗАЕ, УЛАЗІЦЬ У ЦЯБЕ
        
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ЯК ШТОСЬЦІ ЗУСІМ НЕВЯДОМАЕ ЎПАЎЗАЕ, УЛАЗІЦЬ У ЦЯБЕ

        
        "Мурашы паўзуць па ствале... Вакол грукоча ваенная тэхніка. Салдаты. Крыкі, лаянка. Мат. Трашчаць верталёты. А яны паўзуць... Я вяртаўся з зоны і ад усяго ўбачанага за дзень яснай у памяці заставалася толькі адна карціна... Мы спыніліся ў лесе, я стаў пакурыць ля бярозы. Стаў блізка, абапёрся. Проста перад маім тварам мурашы поўзалі па ствале, не чуючы нас, не звяртаючы аніякай увагі... Мы знікнем, а яны і не заўважаць. А я?Я ніколі раней іх гэтак блізка не заўважаў...
        Спачатку ўсе гаварылі "катастрофа", потым "ядзерная вайна". Я чытаў пра Хірасіму і Нагасакі, бачыў дакументальныя кадры. Страшна, але зразумела: атамная вайна, радыус выбуху... Гэта я нават мог сабе ўявіць. Але тое, што здарылася з намі, не месцілася ў свядомасці. Мы адыходзім... Ты адчуваеш, як штосьці зусім невядомае разбурае ўвесь ранейшы свет, упаўзае, улазіць у цябе. Памятаю размову з адным вучоным: "Гэта на тысячы гадоў, – тлумачыў ён. – Распад урану – гэта дзвесце трыццаць восем паўраспадаў. Перавядзем на час: адзін мільярд гадоў. А ў торыю – гэта чатырнаццаць мільярдаў гадоў". Пяцьдзесят... Сто... Дзвесце гадоў... Але далей? Далей мая свядомасць не сягала. Я ўжо не разумеў, што такое – час? Дзе я?
        Пісаць пра гэта цяпер, усяго дзесяць гадоў мінула... Пісаць? Думаю, няма сэнсу! Не ўцяміць, не спасцігнуць. Усё роўна будзем прыдумваць што-небудзь падобнае на наша жыццё... Я спрабаваў... Нічога не атрымалася... Пасля Чарнобыля засталася міфалогія пра Чарнобыль... Газеты і часопісы спаборнічаюць, хто напіша страшней, асабліва любіць страхі чалавек, які там не быў. Усе чыталі аб грыбах з чалавечую галаву, але ніхто іх не знаходзіў. Таму трэба не пісаць, а запісваць. Дакументаваць. Дайце мне фантастычны раман пра Чарнобыль... Няма яго! Рэальнасць куды больш фантастычная!
        У мяне асобны блакнот... Запісваю размовы, чуткі, анекдоты. Гэта самае цікавае, і яно па-за часам. Што засталося ад Старажытнай Грэцыі? Міфы Старажытнай Грэцыі...
        Вось мой блакнот...
        
        З гаворак
        
        "Па радыё ўжо трэці месяц: абстаноўка стабілізуецца... Абстаноўка стабілізуецца... Абстаноўка стаб..."
        
        "Прыехалі інструктары з Цэка. Іх маршрут: на машыне з гасцініцы – у абком партыі, назад – таксама на машыне. Абстаноўку вывучаюць па падшыўках мясцовых газет. Поўныя сакваяжы мінскіх бутэрбродаў. Чай заварваюць на мінеральнай вадзе. Таксама прывезенай. Расказвала пра гэта дзяжурная гасцініцы, дзе яны жылі. Людзі не вераць газетам, тэлебачанню і радыё, шукаюць інфармацыю ў паводзінах начальства. Яна найбольш верагодная".
        
        "Самая папулярная казка зоны: лепш за ўсё памагае ад стронцыю і цэзію – "Столичная".
        
        "Што рабіць з дзіцем? Хочацца схапіць у ахапак і бегчы. Але ў мяне партбілет у кішэні. Не магу!"
        
        "У вясковых крамах нечакана з'явіліся дэфіцытныя тавары. Чуў, як выступаў сакратар абкома: "Мы створым вам райскае жыццё, толькі заставайцеся і працуйце. Завалім кілбасой і грэчкай. У вас будзе ўсё тое, што ёсць у лепшых спецмагазінах". Гэта значыць у іхніх абкомаўскіх буфетах. Адносіны да народа такія: яму досыць гарэлкі і кілбасы.
        Але каб іх чорт узяў! Ніколі не бачыў, каб у сельскай краме былі тры гатункі каўбасы. Сам купіў там жонцы імпартныя калготкі..."
        
        "Дазіметры пабылі ў продажы месяц і зніклі. Пра гэта пісаць нельга. Колькі і якіх радыенуклідаў выпала – таксама нельга. Нельга і пра тое, што ў вёсках засталіся адны мужчыны. Жанчын і дзяцей вывезлі. Цэлае лета мужчыны самі мылі, даілі кароў, капалі гароды. Вядома, пілі. Біліся. Свет без жанчын... Гэтаў мяне выкраслілі. "Не забывайце, у нас ворагі. У нас шмат ворагаў за акіянам", – прыгразіў рэдактар. I таму ў нас ёсць толькі добрае, а кепскага няма. Але недзе спецыяльныя саставы падаюцца. Хтосьці бачыў начальства з чамаданамі..."
        
        "Ля міліцэйскага паста мяне запыніла бабуля: "Паглядзі ты там на маю хату. Пара бульбу капаць, а салдаты не пускаюць". Іх перасялілі. Чалавек у вакууме, чалавек без нічога. Яны прабіраюцца ў свае вёскі праз вайсковыя заслоны... Ляснымі сцежкамі... Па балотах... Уначы... За імі ганяюцца, ловяць. На машынах і верталётах. "Як пры немцах", – параўноўваюць старыя людзі".
        
        "Бачыў першага марадзёра. Малады хлопец, апрануты ў дзве мехавыя курткі. Даказваў вайсковаму патрулю, што лечыцца такім чынам ад радыкуліту. Калі раскалолі, прызнаўся: "Першы раз страшнавата, а пасля прывычная рэч. Выпіў чарку – і пайшоў". Пераступіўшы праз інстынкт самазахавання. У нармальным стане гэта немагчыма. Так наш чалавек ідзе на подзвіг. I гэтак жа – на злачынства".
        
        "Ці можна нам дапамагчы? I як? Перасяліць народ у Аўстралію ці Канаду? Нібыта такія размовы дзесьці на самых вярхах цыркулююць час ад часу".
        
        "Для цэркваў выбіралі мясціну літаральна з неба. Былі з'явішчы царкоўным людзям. Здзяйсняліся таінствы, якія папярэднічалі будаўніцтву. А атамную будавалі, як завод. Як свінарнік. Дах залілі асфальтам. I ён плавіўся..."
        
        "Чытаў? Пад Чарнобылем спаймалі збеглага салдата. Выкапаў зямлянку і жыў год ля рэактара. Карміўся тым, што хадзіў па пакінутых хатах, дзе сала знойдзе, дзе слоік з марынаванымі агуркамі. Ставіў сілкі на звяроў. Уцёк, бо "дзяды" білі "на смерць". Ратаваўся – у Чарнобылі..."
        
        "Мы – фаталісты. Мы нічога не робім, бо верым: усё будзе гэтак, як будзе. Наша гісторыя? На кожнае пакаленне выпадала вайна... Адкуль нам быць іншымі? Мы – фаталісты..."
        
        "Паявіліся першыя ваўкасабакі, што нарадзіліся ў ваўчыц ад сабак, збеглых у лес. Яны буйнейшыя за ваўкоў, не звяртаюць увагі на сцяжкі, не баяцца святла і чалавека, не ідуць на "вабу" (пераймальны заваблівы покліч паляўнічага). I здзічэлыя каты ўжо збіваюцца ў зграі і нападаюць на людзей. Яны ўсе помсцяць нам. Памяць аб тым, як слухаліся чалавека, служылі яму, знікла. А ў нас сціраецца мяжа між рэальным і нерэальным..."
        
        З чутак:
        
        "За Чарнобылем будуюць лагеры, у якіх будуць трымаць тых, хто трапіў пад радыяцыю. Патрымаюць, паназіраюць і пахаваюць.
        
        З бліжэйшых да станцыі вёсак мёртвых вывозяць аўтобусамі і проста на могілкі, тысячамі закопваюць у брацкія магілы. Як у ленінградскую блакаду...
        
        Некалькі чалавек быццам бачылі напярэдадні выбуху незразумелае свячэнне ў небе над станцыяй. Хтосьці нават сфатаграфаваў яго. На плёнцы выявілася, што гэта лунае нейкае незямное цела...
        
        У Мінску памылі цягнікі і таварныя вагоны. Будуць усю сталіцу вывозіць у Сібір. Там ужо рамантуюць баракі, што засталіся ад сталінскіх лагераў. Пачнуць з жанчын і дзяцей. А ўкраінцаў ужо вывозяць...
        
        Рыбакі ўсё часцей сустракаюць рыб-амфібій, якія могуць жыць і ў вадзе, і на зямлі. Па зямлі яны ходзяць на плаўніках-лапах.
        
        Гэта была не аварыя, а землятрус. У падземнай кары штосьці адбылося. Геалагічны выбух. Удзельнічалі геафізічныя і космафізічныя сілы. Вайскоўцам пра гэта было вядома загадзя, маглі папярэдзіць, але ў іх усё строга засакрэчана.
        
        У рэках і азёрах пачалі лавіць шчупакоў без галавы і плаўнікоў... Плавае адно чэрава...
        
        Нешта падобнае неўзабаве пачне адбывацца і з людзьмі. Беларусы ператворацца ў гуманоідаў.
        
        У лясных звяроў – прамянёвая хвароба. Яны блукаюць сумныя, у іх журботныя вочы. Паляўнічым боязна і шкада ў іх страляць. I звяры перастаюць баяцца чалавека. Лісы і ваўкі заходзяць у вёскі і лашчацца да дзяцей.
        
        Ад чарнобыльцаў нараджаюцца дзеці, але замест крыві ў іх цячэ невядомая жоўтая вадкасць. Ёсць вучоныя, якія даказваюць: малпа таму стала такой разумнай, што ў радыяцыі жыла. Дзеці, што народзяцца праз тры-чатыры пакаленні, усе будуць Эйнштэйнамі. Гэта касмічны зксперымент над намі..."
        
        Анатоль Шыманскі, журналіст

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.