РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА ТУГУ ПА РОЛІ І СЮЖЭЦЕ
        
МАНАЛОГ ПРА ТУГУ ПА РОЛІ І СЮЖЭЦЕ

        
        Напісалі ўжо дзесяткі кніг. Тоўстых тамоў. Адкаменціравалі. А падзея ўсё роўна вышэй за любы філасофскі каментарый. Неяк я пачуў ці прачытаў, што праблема Чарнобыля стаіць перад намі найперш як праблема самаспазнання. З гэтым пагадзіўся, гэта супала з маімі адчуваннямі. Я ўвесь час чакаю, што нехта разумны мне ўсё растлумачыць... Як растлумачваюць, адукоўваюць мяне наконт Сталіна, Леніна, бальшавізму. Ці бясконца дзяўбуць: "Рынак! Рынак! Свабодны рынак!" А мы... Людзі, выхаваныя ў свеце без Чарнобыля, жывём з Чарнобылем.
        Уласна я – прафесійны ракетчык, спецыяліст па ракетным паліве. Служыў у Байкануры. Праграмы: "Космас", "Інтэркосмас" – гэта вялікі кавалак майго жыцця. Цудоўны час! Даеш неба! Даеш Арктыку! Даеш цаліну! Даеш космас! Разам з Гагарыным увесь савецкі свет паляцеў у космас, адарваўся ад зямлі... усе мы! Я дагэтуль улюбёны ў яго! Цудоўны рускі чалавек! З цудоўнай усмешкай! Нават смерць ягоная нейк зрэжысавана. Мары аб палёце, лунанні, волі... Гэта быў цудоўны час! Па сямейных абставінах я перавёўся ў Беларусь, тут даслужваў. Калі я прыехаў... Патануў у гэтай чарнобыльскай прасторы, яна адкарэктавала мае пачуцці. Немагчыма што-небудзь падобнае было б і ўявіць, хоць я заўсёды меў дачыненне да самай сучаснай тэхнікі, касмічнай тэхнікі... Цяжка пакуль што вымавіць... Не паддаецца ўяўленню... Нешта...(Задумваецца.) А секунду назад здавалася, што спаймаў сэнс... Секунду назад... Хіліць на філасофстваванне. З кім ні загавары пра Чарнобыль, усім хочацца філасофстваваць.
        Але лепей я распавяду вам пра сваю работу. Чым мы толькі не займаемся! Будуем царкву... Чарнобыльскую царкву, у гонар Іконы Боскай Маці "Сысканне пагінуўшых". Збіраем ахвяраванні, наведваем хворых і паміраючых. Пішам летапіс.Ствараем музей. Адзін час думаў, што я не змагу, не з маім сэрцам, працаваць на такім месцы. Далі першае даручэнне: "Вось грошы і падзялі іх на трыццаць пяць сем'яў. На трыццаць пяць удоў, у якіх памёрлі мужы". Усе яны былі ліквідатары. Трэба справядліва. А як? У адной удавы – маленькая дзяўчынка, хворая, у другой удавы – двое дзяцей, трэцяя жанчына сама хворая, а тая наймае кватэру, а яшчэ ў адной – чацвёра дзяцей. Уначы я прачынаўся з думкаю: "Як мне нікога не абдзяліць?" Думаў і лічыў, лічыў і думаў. I не змог. Мы раздалі грошы ўсім пароўну, па спісе. Але маё дзецішча – музей. Музей Чарнобыля. (Маўчыць.) А часам мне здаецца, што тут будзе не музей, а пахавальнае бюро. Я служу ў пахавальнай камандзе! Сёння раніцою не паспеў зняць паліто, адчыняюцца дзверы, жанчына з парога рыдае, не рыдае, а крычыць: "Забярыце яго медаль і ўсе граматы! Забярыце ўсе ільготы! Аддайце мужа!" Доўга крычала. Пакінула яго медаль, пакінула граматы. Ну, будуць яны ляжаць у музеі, пад шклом... Будуць на іх глядзець... Але крыку, яе крыку ніхто, акрамя мяне, не чуў, толькі я, калі буду раскладваць гэтыя граматы, буду памятаць...
        Зараз памірае палкоўнік Ярашук... Хімік-дазіметрыст. Здаравенны быў мужык, ляжыць спаралізаваны. Жонка варочае яго, як падушку... Корміць з лыжачкі... У яго камяні ў нырках, трэба раздрабіць камяні, а ў нас няма грошай, каб аплаціць аперацыю. Мы – жабракі, існуем на тое, што хто падасць... А дзяржава паводзіць сябе, як махляр, яна пакінула гэтых людзей. Памрэ – назавуць яго імем вуліцу, шюлу ці вайсковую частку, але гэта як ён памрэ... Палкоўнік Ярашук... Хадзіў пешкі па зоне і вызначаў межы максімальных кропак заражэння, гэта значыць чалавека ў поўным сэнсе выкарыстоўвалі, як біяробата. I ён гэта разумеў, але ён ішоў, пачынаючы ад самой атамнай станцыі і па разыходным радыусе, па сектарах. Пешкі.
        З дазіметрычнымі прыборамі ў руках. Намацаў "пляму" і рухаецца ўздоўж мяжы гэтай плямы, каб дакладна нанесці на карту...
        А салдаты, якія працавалі на самім даху рэактара? Усяго на ліквідацыю наступстваў аварыі было кінута дзвесце дзесяць вайсковых частак, каля трохсот сарака тысяч вайскоўцаў. Самае пекла дасталося тым, хто чысціў дах... Ім выдавалі свінцовыя фартухі, але фон ішоў знізу, а там чалавек быў непрыкрыты. Яны – у звычайных кірзавых ботах... У дзень па паўтары-дзве хвіліны на даху... А пасля іх звальнялі з арміі, давалі грамату і прэмію – сто рублёў. I яны знікалі на бязмежных прасторах нашай радзімы. На даху зграбалі паліва і рэактарны графіт, асколкі бетону і арматуры... Дваццаць-трыццаць секунд, каб нагрузіць насілкі, і столькі ж, каб скінуць "смецце" з даху. Адны гэтыя спецыяльныя насілкі важылі сорак кілаграмаў. Так што ўявіце сабе: свінцовы фартух, маскі, гэтыя насілкі і шалёную хуткасць... У музеі ў Кіеве ляжыць муляж графіту, памерам з фуражку, кажуць, калі б ён быў сапраўдным, важыў бы шаснаццаць кілаграмаў, такі ён шчыльны, цяжкі. Радыёкіруемыя маніпулятары часта адмаўляліся выконваць каманды ці рабілі зусім не тое, бо іх электронныя схемы ў высокіх палях разбураліся. Самымі надзейнымі "робатамі" былі салдаты. Іх ахрысцілі "зялёнымі робатамі" (па колеру вайсковай формы). Праз дах разбуранага рэактара прайшло тры тысячы шэсцьсот салдат. Спалі на зямлі, яны ўсе расказваюць, як па першым часе ў палатках слалі на зямлю салому. Бралі яе тут жа, са сціртаў, ля рэактара.
        Маладыя хлопцы... Яны цяпер таксама паміраюць, але яны разумеюць, што калі б яны не зрабілі гэтага...
        Быў момант, калі існавала небяспека тэрмаядзернага выбуху, і спатрэбілася спусціць з-пад рэактара цяжкую ваду, каб ён не абрынуўся туды, а цяжкая вада – гэта прамы кампанент ядзернага паліва. Уяўляеце?! Паставілі задачу: хто нырне ў гэтую цяжкую ваду і адчыніць там засаўку спускнога клапана? Абяцалі кватэру, машыну, дачу і ўтрыманне сямейнікаў да канца дзён. Шукалі добраахвотнікаў. I яны знайшліся! Хлопцы ныралі, шмат разоў ныралі і адчынілі гэтую засаўку, і ім далі на каманду сем тысяч рублёў. А пра абяцаныя машыны і кватэры забыліся. Ды і не з-за іх яны ныралі! Не з-за матэрыяльнага, менш за ўсё з-за матэрыяльнага. (Расхваляваўся.)
        Гэтых людзей ужо няма... Толькі дакументы ў нашым музеі... Прозвішчы... Але калі б яны не зрабілі гэтага? Наша гатоўнасць да самаахвяравання... Нам няма роўні...
        Я тут спрачаўся з адным... Ён мне даказваў, што гэта спалучана з тым, што ў нас вельмі нізкая цана на жыццё. Азіяцкі гэткі фаталізм. Чалавек, які ахвяруе сабой, не ўспрымае сябе як унікальную, непаўторную асобу, якой болей ніколі не будзе. Туга па ролі. Раней ён быў чалавекам без тэксту, статыстам. Не было ў яго сюжэту, ён служыў фонам. А тут раптам стаў галоўнай дзейнай асобай. Туга па сэнсе. Што такое наша прапаганда? Наша ідэалогія? Вам прапануюць памерці, але здабыць сэнс. Узвышаюць. Даюць ролю! Вялікая вартасць смерці, бо за смерцю вечнасць. Ён даказваў мне. Але я не згодны! Катэгарычна! Так, мы выхаваны быць салдатамі. Гэтак нас вучылі. Заўсёды мабілізаваныя, заўсёды гатовыя на што-небудзь немагчымае. Мой бацька, калі я пасля школы хацеў пайсці ў цывільную вну, быў ашаломлены: "Я – кадравы вайсковец, а ты будзеш насіць пінжак? Айчыну трэба абараняць!" Некалькі месяцаў са мною не размаўляў, пакуль я не падаў дакументы ў ваеннае вучылішча. Бацька – удзельнік вайны, ён памёр ужо. Ну, практычна аніякага матэрыяльнага багацця не меў, як і ўсё ягонае пакаленне. Пасля яго нічога не засталося: дома, машыны, зямлі...Што я маю? Палявую афіцэрскую сумку, ён яе атрымаў перад фінскай кампаніяй, а ў ёй ягоныя баявыя ордэны. Яшчэ ў поліэтыленавым пакеце ў мяне ляжаць трыста пісьмаў бацькавых з фронту, пачынаючы з сорак першага года, маці іх зберагла. Усё, што засталося пасля бацькі... Але я лічу, што гэта неацэнны капітал!
        Цяпер вы разумееце, якім я бачу наш музей? Вунь там у скрыначцы зямля чарнобыльская... Жменька... Вунь шахцёрская каска.. Таксама адтуль... Сялянскае начынне з зоны... Сюды няможна дазіметрыстаў пускаць. Фоніць! Але тут усё павінна быць сапраўдным! Без муляжоў. Нам павінны паверыць. А павераць толькі сапраўднаму, бо занадта шмат хлусні вакол Чарнобыля. Было і ёсць. Абраслі фондамі, камерцыйнымі структурамі...
        Раз вы пішаце такую кнігу, павінны паглядзець наш унікальны відэаматэрыял. Па крупінках збіраем. Чарнобыльскай хронікі, лічыце, няма! Яе не далі зняць, усё засакрэцілі. Калі каму-небудзь штосьці ўдавалася занатаваць, дык адпаведныя органы тут жа забіралі гэты матэрыял і вярталі размагнічаныя стужкі. У нас няма хронікі, як эвакуіравалі людзей, вывозілі жывёлу... Трагедыю здымаць забаранялася, здымалі – гераізм! Чарнобыльскія альбомы ўсё-такі цяпер выдадзены, але колькі разоў кіна- і тэлеаператарам разбівалі камеры. Цягалі па інстанцыях... Каб сумленна распавесці пра Чарнобыль, трэба была мужнасць. Яна і сёння патрэбна. Паверце мне! Але вы павінны ўбачыць... Гэтыя кадры...Чорныя, як графіт, твары першых пажарнікаў. А іхнія вочы? Гэта ўжо вочы людзей, якія ведаюць, што адыходзяць ад нас... На адным фрагменце – ногі жанчыны, якая раніцою пасля катастрофы ішла апрацоўваць гародзік паблізу атамнай станцыі. Ішла па траве, на якой ляжала раса... Ногі нагадваюць рэшата, усе ў дзірачках да самых каленяў... Гэта трэба ўбачыць, калі вы пішаце такую кнігу...
        Я прыходжу дадому і не магу ўзяць на рукі свайго малога сына. Мне трэба выпіць пяцьдзесят-сто грамаў гарэлкі, каб узяць на рукі дзіця...
        Цэлы аддзел у музеі – верталётчыкі... Палкоўнік Вадалажскі... Герой Расіі, пахаваны на беларускай зямлі, у вёсцы Жукаў Луг. Калі ён атрымаў звышдапушчальную дозу, павінен быў з'ехаць, неадкладна эвакуіравацца, але застаўся і навучыў яшчэ трыццаць тры экіпажы. сам зрабіў сто дваццаць вылетаў, скінуў дзвесце-трыста тон грузу. Чатыры-пяць вылетаў на працягу сутак, пры вышыні трыста метраў над рэактарам, тэмпература ў кабіне – да шасцідзесяці градусаў. Уявіце, што рабілася ўнізе, калі мяхі з пяском скідваліся... Актыўнасць дасягала тысячы васьмісот рэнтгенаў у гадзіну. Пілотам рабілася блага ў паветры. Каб скінуць прыцэльна, патрапіць у цэль – вогненнае жарало, яны высоўвалі галовы з кабіны і прымерваліся вокам. Іншага спосабу не было... На пасяджэннях урадавай камісіі... Проста, будзённа дакладвалася: "На гэта трэба пакласці два-тры жыцці. А на гэта – адно жыццё". Проста і будзённа...
        Палкоўнік Вадалажскі памёр. У картачку ўліку дозаў, набраных над рэактарам, урачы яму запісалі... сем бэраў. На самой справе іх было шэсцьсот!
        А чатырыста шахцёраў, якія дзень і ноч дзяўблі тунель пад рэактарам? Трэба было пракапаць тунель, каб заліць туды вадкі азот і замарозіць земляную падушку, так гэта пазначаецца на інжынернай мове. Іначай бы рэактар пайшоў у грунтовыя воды... Шахцёры Масквы, Кіева, Днепрапятроўска... Я нідзе пра іх не чытаў. А яны голыя, пры тэмпературы за пяцьдзесят градусаў, кацілі паперадзе сябе ваганеткі на чацвярэньках. Там было сотні рэнтгенаў...
        Цяпер яны паміраюць... Але калі б яны не зрабілі гэтага? Я лічу, што яны – героі, а не ахвяры вайны, якой нібы і не было. Называюць яе аварыяй, катастрофай. А была вайна... Чарнобыльскія помнікі падобныя на ваенныя.
        Ёсць рэчы, якія ў нас не прынята абмяркоўваць, славянская сарамлівасць. Вы ж павінны ведаць... Такую кнігу пішаце... У тых, хто працаваў на рэактары ці ў непасрэднай блізкасці да яго, як правіла, паражаецца... падобны сімптом у ракетчыкаў, гэта знаёмы клопат... як правіла, паражаецца мочапалавая сістэма. Але пра гэта ў нас уголас не гавораць... Не прынята... Я аднойчы суправаджаў англійскага журналіста, ён падрыхтаваў вельмі цікавыя пытанні. Якраз на гэтую тэму, яго цікавіў чалавечы бок праблемы. Што пасля ўсяго з чалавекам – дома, у быце, у інтымным? Толькі ніводнай шчырай гаворкі не атрымалася. Папрасіў ён сабраць, напрыклад, верталётчыкаў... Пагаварыць у мужчынскай кампаніі... Яны прыехалі, некаторыя пенсіянеры ўжо ў трыццаць пяць-сорак гадоў, аднаго прывезлі са зламанай нагою, у яго старэчы пералом, гэта значыць пад уздзеяннем радыяцыі косці размякчаюцца. Яго прывезлі... Англічанін задае ім пытанне: як вы цяпер у сям'і, са сваімі маладымі жонкамі? Верталётчыкі маўчаць, яны прыйшлі расказваць, як здзяйснялі па пяць вылетаў за суткі. А тут... Пра жонак? Пра такое... Давай ён іх па адным выцягваць... Адказваюць дружна: здароўе нармальнае, дзяржава цэніць, у сям'і любоў... Ніводны... Ніводны з іх не адкрыўся... Яны пайшлі, а я адчуваю, ён прыгнечаны: "Цяпер ты разумееш, – кажа, – чаму вам ніхто не верыць? Вы падманваеце саміх сябе". А сустрэча гэта адбывалася ў кафэ, абслугоўвалі дзве прыгожанькія афіцыянткі, яны ўжо ўсё прыбіраюць са столікаў, і ён у іх пытаецца: "А вы можаце мне адказаць на некалькі пытанняў?" I гэтыя дзве дзеўчынёхі яму ўсё выклалі. Ён: "Вы хочаце выйсці замуж?" – "Так, але толькі не тут. Кожная з нас марыць выйсці замуж за іншаземца, каб нарадзіць здаровае дзіця". Тады больш смела: "Ну, а ў вас ёсць партнёры? Хто яны? Яны вас задавальняюць? Вы самі разумееце, што я маю на ўвазе?" – "Вось тут сядзелі з вамі хлопцы, – смяюцца, – верталётчыкі. Пад два метры. Звінелі медалямі. Яны для прэзідыума падыходзяць, але не для ложка". Сфатаграфаваў ён гэтых дзеўчынёх, а мне паўтарыў тую ж фразу: "Цяпер ты разумееш, чаму вам ніхто не верыць? Вы падманваеце саміх сябе".
        Паехалі мы з ім у зону. Вядомая статыстыка: вакол Чарнобыля – восемсот магільнікаў. Ён чакаў нейкіх фантастычных інжынерных збудаванняў, а гэта – звычайныя ямы. Ляжыць у іх "рыжы лес", высечаны вакол рэактара на сто пяцідзесяці гектарах (у першыя два дні пасля аварыі сосны і елкі зрабіліся чырвонымі, а пасля рыжымі). Ляжаць тысячы тон металу і сталі, дробныя трубы, спецвопратка, бетонныя канструкцыі... Ён паказаў мне здымак з англійскага часопіса. Панарамны... Зверху... Тысячы адзінак аўтатрактарнай і авіяцыйнай тэхнікі... пажарныя машыны і машыны "Хуткай дапамогі"... Самы буйны магільнік ля рэактара. Ён хацеў яго зняць – ужо цяпер – праз дзесяць гадоў. Яму абяцалі за гэты здымак вялікія грошы. I вось мы кружым, кружым, і адзін начальнік нас адсылае да другога – то карты няма, то дазволу. Матляліся, пакуль да мяне не дайшло: няма гэтага магільніка, ён ужо не існуе ў рэальнасці, а толькі ў справаздачах, даўно расцягалі па рынках, на запчасткі па калгасах і сваіх дварах. Раскралі, вывезлі. Англічанін зразумець гэтага не мог. Не паверыў! Калі я сказаў яму ўсю праўду, ён не паверыў! I я цяпер, чытаючы нават смелы артыкул, не веру, заўсёды ў падсвядомасці круціцца думка: "А раптам гэта таксама хлусня? Ці нейкія байкі". Згадаць трагедыю стала агульным месцам... Абыходкавым штампам! Страшылкай! (Вымаўляе з роспаччу. Маўчыць).
        Валаку ўсё ў музей... Збіраю... Але, надараецца, думаю: "Кінуць! Збегчы!" Ну, як вытрываць?!
        Была ў мяне гаворка з маладым святаром...
        Мы стаялі ля свежай магілы старшыны Сашы Ганчарова... З тых, хто быў на даху рэактара... Снег. Вецер. Надвор'е лютае. Святар служыць паніхіду. Чытае малітву. З голай галавой. "Вы быццам і не адчувалі холаду?" – спытаўся я пасля. "Не, – адказаў ён, – у такія хвіліны я ўсемагутны. Ніводны царкоўны абрад не дае мне такую энергію, як паніхіда". Я гэта запомніў – словы чалавека, які заўсёды паблізу смерці. Не аднойчы пытаўся ў замежных журналістаў, якія прыязджаюць да нас, многія па некалькі ўжо разоў, чаму яны едуць, просяцца ў зону? Нельга думаць, што з-за адных толькі грошай ці кар'еры. "Нам падабаецца ў вас, – прызнаваліся, – атрымліваем тут магутны энергетычны зарад". Нечаканы адказ, праўда? Для іх, напэўна, наш чалавек, яго пачуцці, яго свет, – нязведанае, гіпнатызуючае... Але я не ўцяміў, што ім больш падабаецца: мы – самі? Ці тое, што пра нас можна напісаць? Праз нас – зразумець?
        Што ж мы ўсё круцімся вакол смерці?
        Чарнобыль... У нас іншага свету ўжо не будзе... Спачатку, як вырвалі глебу з-пад ног, выплюхвалі гэты боль шчыра, а цяпер прыйшло ўсведамленне, што іншага свету няма і падацца няма куды. Адчуванне трагічнай аселасці на гэтай чарнобыльскай зямлі, зусім іншае светаадчуванне. З вайны вяртаеца "страчанае" пакаленне... Успомнім Рэмарка? А з Чарнобылем жыве "разгубленае" пакаленне... Мы разгубіліся... Нязменнымі засталіся толькі чалавечыя пакуты... Наш адзіны капітал. Неацэнны!
        ...Я прыходжу дадому... Пасля ўсяго... жонка слухае мяне... А пасля ціха кажа: "Я люблю цябе, але сына табе не аддам. Нікому яго не аддам. Ні Чарнобылю, ні Чачні... Нікому!" У ёй пасяліўся ўжо гэты страх..."
        
        Сяргей Васільевіч Собалеў, намеснік старшыні праўлення
        Рэспубліканскай асацыяцыі "Шчыт Чарнобыля"


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.