РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ШТО ЎЖЫЦЦІ СТРАШНАЕ АДБЫВАЕЦЦА ЦІХА І НАТУРАЛЬНА
        
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ШТО ЎЖЫЦЦІ СТРАШНАЕ АДБЫВАЕЦЦА ЦІХА І НАТУРАЛЬНА

        
        "З самага пачатку... Недзе нешта здарылася. Я нават назву не расчула, дзесьці далёка ад нашага Магілёва... Прыбег са школы брат: усім дзецям раздаюць нейкія таблеткі. Пэўна, сапраўды нешта здарылася. Ай-яй-яй. I ўсе Першага мая мы цудоўна правялі дзень. Вярнуліся дадому позна ўвечары, у маім пакоі акно расчынена ветрам... Гэта прыгадалася пазней...
        Працавала я ў інспекцыі па ахове прыроды. Там чакалі якіх-небудзь указанняў, але яны не паступалі... У штаце інспекцыі прафесіяналаў амаль не было, асабліва сярод кіраўніцтва: палкоўнікі ў адстаўцы, былыя партработнікі, пенсіянеры ці няўгодныя. У іншым месцы праштрафіўся, яго да нас. Сядзіць, шамаціць паперкамі. Зашумелі, загаварылі яны пасля выступлення ў Маскве нашага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які пачаў біць ва ўсе званы. Як яны яго ненавідзелі! Нешта ірэальнае. Тут жывуць іхнія дзеці, іхнія ўнукі, не яны, – а пісьменнік крычыць свету: ратуйце!! Здавалася б, павінен спрацаваць інстынкт самазахавання. На партсходах, у курылках – усе пра пісакаў. Навошта лезуць не ў сваё! Распусціліся! Існуе інструкцыя! Субардынацыя! Што ён разумее? Ён не фізік! Ёсць Цэка, ёсць генеральны сакратар! Я тады, можа, упершыню ўцяміла, што такое – трыццаць сёмы год. Як гэта было...
        У той час маё ўяўленне пра атамную станцыю было зусім ідылічнае. У школе, у інстытуце нас вучылі, што гэта казачныя "фабрыкі энергіі з нічога", дзе людзі ў белых халатах сядзяць і націскаюць кнопкі. Чарнобыль выбухнуў на фоне непадрыхтаванай свядомасці, У дадатак ніякай інфармацыі. Горы папер з грыфам "зусім сакрэтна": "засакрэціць звесткі аб аварыі", "засакрэціць звесткі аб выніках лячэння", "засакрэціць звесткі аб ступені радыеактыўнага паражэння персаналу, які ўдзельнічаў у ліквідацыі..." Хадзілі чуткі: нехта ў газетах прачытаў, хтосьці чуў, камусьці сказалі... Нехта слухаў заходнія галасы, толькі яны ў той час перадавалі, якія таблеткі піць, як іх ужываць. Але рэакцыя часцей за ўсё была такая: ворагі злараднічаюць, а ў нас усё добра. Дзевятага мая ветэраны пойдуць на парад... Нават тыя, хто тушыў рэактар, як пасля высветлілася, таксама жылі сярод чутак. Здаецца, небяспечна рукамі браць графіт... Здаецца...
        Адкульсці з'явілася ў горадзе вар'ятка. Хадзіла па рынку і гаварыла: "Я бачыла гэтую радыяцыю. Яна сіняя-сіняя, пераліваецца..." Людзі перасталі купляць на рынку малако, тварог. Стаіць бабуля з малаком, ніхто яго ў яе не бярэ. "Не бойцеся, – угаворвае, – я карову ў поле не выводжу, я траву ёй сама нашу". Выедзеш за горад, нейкія пудзілы ўздоўж дарогі маячаць: пасвіцца карова, цэлафанам абвязаная, а побач бабуля, таксама ўся ў цэлафане. Хоць плач, хоць смейся. I нас пачалі ўжо пасылаць на праверкі. Мяне накіравалі ў лясгас. Леснікам пастаўкі драўніны не зменшылі, як быў план, так і застаўся. На складзе ўключылі прыбор, а ён ліха яго ведае што паказвае. Ля дошак нібыта ўсё нармальна, а побач з нарыхтаванымі венікамі зашкальвае. "Адкуль венікі?" – "З Краснаполля (як пасля высветлілася, самы заражаны раён у нашай Магілёўскай вобласці). Апошняя партыя засталася. Усе адправілі". Як ты іх па розных гарадах знойдзеш?
        Штосьці я яшчэ баялася забыць? Прыкметнае... А! Успомніла. Чарнобыль... I раптам новае, нязвыклае пачуццё, што ў кожнага з нас ёсць сваё асабістае жыццё, да гэтага яно нібыта не патрэбна было. А тут людзі пачалі задумвацца: што яны ядуць, чым кормяць дзяцей. Што небяспечна для здароўя, а што не? Пераязджаць у іншае месца ці не пераязджаць? Кожнаму трэба было прыняць рашэнне. А прывыклі жыць – як? Усёй вёскай, абшчынай. Заводам, калгасам. Мы былі савецкія людзі. Саборныя. Я, напрыклад, была савецкім чалавекам. Вельмі. Вучылася ў інстытуце, кожнае лета ездзіла з каматрадам. Быў такі маладзёжны рух – студэнцкія камуністычныя атрады. Мы там працавалі, а грошы пералічвалі якой-небудзь лацінаамерыканскай кампартыі. Наш атрад, у прыватнасці, Уругваю...
        Мы памяняліся. Усё памянялася. Вельмі вялікія намаганні патрэбны, каб зразумець. Яшчэ гэтая няздольнасць выказацца...
        Я – біёлаг. Мая дыпломная праца – паводзіны восаў. Два месяцы сядзела на бязлюдным востраве. У мяне было там сваё асінае гняздо. Яны прынялі мяне ў сваю сям'ю пасля таго, як тыдзень прыглядаліся. Бліжэй, чым на тры метры, нікога не падпускалі, а мяне на дзесяць сантыметраў ужо праз тыдзень. Я падкармлівала іх з запалкі варэннем проста на гняздзе. "Не разбурай мурашнік, гэта разумная форма чужога жыцця", – любімая прымаўка нашага выкладчыка. Асінае гняздо звязана з усім лесам, і я паступова таксама раблюся часткаю ландшафту. Падбягае мышанё і сядае на мыскі маіх красовак, дзікае, лясное, але яно ўжо ўспрымае мяне, як частку пейзажа, учора сядзела, сёння сяджу, заўтра буду сядзець...
        Пасля Чарнобыля... На выстаўцы дзіцячых малюнкаў: ходзіць па чорным вясновым полі бусел... I подпіс: "Буслу ніхто нічога не сказаў". Гэта – мае пачуцці. А была праца. Мы ездзілі па вобласці, адбіралі пробы вады, пробы зямлі – і адвозілі ў Мінск. Дзяўчаткі нашы бурчэлі: "Гарачыя піражкі возім". Ні засцярогі, ні спецадзення. Сядзіш на пярэднім сядзенні, а за спіною пробы – "свецяцца". Складалі акты для захоўвання радыеактыўнага грунту. Хавалі зямлю ў зямлі... Гэткі дзіўны чалавечы занятак... Па інструкцыі захоўванне належыць ажыццяўляць з геалагічнай разведкай, каб глыбіня залягання грунтовых вод была не меней за чатыры-шэсць метраў, а глыбіня захавання – невялікая, сцены і дно катлавана заслаць поліэтыленавай плёнкай. Але гэта па інструкцыі. А ў жыцці, натуральна, па-іншаму. Як заўсёды. Ніякай геолагаразведкі. Тыцнуць пальцам: "Тут капай". Экскаватаршчык капае. "Дык на якую глыбіню капалі?" – "А чорт яго ведае! Вада з'явілася, я кінуў". Бухалі проста ў грунтовыя воды...
        Вось кажуць: святы народ, злачынны ўрад... Я пасля вам скажу, што пра гэта думаю... Пра народ наш і пра сябе...
        Самая вялікая камандзіроўка ў мяне была ў Краснапольскі раён, я ўжо казала, самы-самы. Каб папярэдзіць змыванне радыенуклідаў з палёў у рэкі, трэба было зноў жа дзейнічаць па інструкцыі: праараць двайныя барозны, прамежак – і яшчэ раз двайныя барозны, і далей праз такія ж інтэрвалы. Трэба праехаць уздоўж усіх малых рэк. Да райцэнтра дабіраюся рэйсавым аўтобусам, а далей, натуральна, трэба машына. Іду да старшыні райвыканкома. Старшыня сядзіць у сваім кабінеце, абхапіў галаву рукамі: план ніхто не здымаў, структуры севазвароту ніхто не мяняў, як сеялі гарох, так і сеюць, хоць і ведаюць, што гарох больш за ўсё бярэ радыяцыю, як і ўсе бабовыя. А там мясцінамі сорак кюры і вышэй. Яму не да мяне. У дзіцячых садках разбегліся кухары і медсёстры, дзеці галодныя. Зрабіць аперацыю апендыцыту – трэба везці чалавека на "хуткай" у суседні раён, шэсцьдзесят кіламетраў па дарозе, што як мыцельная дошка. Усе хірургі з'ехалі. Якая машына?! Тады я паткнулася да вайскоўцаў. Маладыя хлопцы, яны адпрацавалі там па паўгода. Зараз адчайна хварэюць. Далі ў маё распараджэнне бэтээр з экіпажам, нават не, не бэтээр, а бээрдэмку, як яны яе звалі (БРДМ) – разведвальная машына з кулямётам. Я вельмі шкадавала, што не сфатаграфавалася на ёй. На брані. Зноў – рамантыка. Прапаршчык, які камандаваў гэтай машынай, увесь час звязваўся з базай: "Сокал! Сокал! Працягваем работу". Едзем, дарогі нашы, лясы нашы, а мы – на баявой машыне. Стаяць ля платоў жанчыны. Стаяць і плачуць. Апошні раз яны бачылі гэтую тэхніку ў час Айчыннай вайны. I ў іх страх, што пачалася вайна.
        Па інструкцыі ў трактараў для праворвання гэтых барознаў кабіна павінна быць ахаваная, герметызаваная. Я бачыла такі трактар, кабіна, сапраўды, герметычная. Трактар стаяў, а трактарыст ляжаў на траве, адпачываў. "Вы здурнелі? Хіба вас не папярэдзілі?" – "Дык я ж галаву целагрэйкай накрыў", – адказвае. Людзі не разумелі. Іх увесь час палохалі, рыхтавалі да атамнай вайны. А не да Чарнобы-ля...
        Мясціны там надзвычай прыгожыя. Лес захаваўся не саджаны, а сапраўдны. Стары лес. Звілістыя рачулкі, у іх вада як на чаі настоена і празрыстая-празрыстая. Зялёная трава. Людзі перагукваюцца ў лесе... Для іх гэта натуральна, бы выйсці раніцою ў свой сад... А ты ўжо ведаеш, што ўсё гэта атручана. Сустрэлася нам бабуля:
        – Дзеткі, а малачко ад сваёй кароўкі можна піць?
        Мы вочы долу, у нас загад – дадзеныя збіраць, але з насельніцтвам асабліва не кантактавацца. Першым ачомаўся прапаршчык:
        Бабуля, а колькі вам гадкоў?
        – Ды ўжо за восемдзесят, а можа, і болей. Дакументы ў вайну згарэлі.
        – Ну тады піце.
        Вясковых людзей больш за ўсё шкада, яны бязвінна пацярпелі, , як дзеці. Таму што Чарнобыль не селянін прыдумаў, у яго з прыродай свае дачыненні – даверлівыя, не захопніцкія, як і сто гадоў назад, і тысячу. Яку боскай задуме... I яны не разумелі, што адбылося, яны хацелі верыць вучоным, любому адукаванаму чалавеку, як святару. А ім чаўплі: "Усё добра. Нічога страшнага. Толькі мыйце рукі перад ядой". Зразумела, не адразу, а праз некалькі гадоў, што мы ўсе ўдзельнічалі... У злачынстве... У змове... (Маўчыць.)
        Вы не можаце ўявіць, у якіх памерах на машынах з зоны вывозілася ўсё, што туды пасылалася ў выглядзе дапамогі, ільгот яе жыхарам: кава, тушонка, вяндліна, апельсіны. Скрынямі, фургонамі. Тады ж такіх прадуктаў нідзе не было. Нажываліся мясцовыя прадаўцы, кожны правяральшчык, усё гэтае дробнае і сярэдняе чыноўніцтва. Чалавек аказаўся горшым, чым я думала... I я сама... Таксама горшай... Я цяпер гэта пра сябе ведаю... (Запыняецца.) Я, вядома, прызнаюся... Для мяне самой гэта ўжо важна... Ну, зноў жа прыклад... У адным калгасе, скажам, пяць вёсак. Тры "чыстыя", дзве "брудныя", ад адной да другой – два-тры кіламетры. Дзвюм плоцяць "грабавыя", тром – не. У "чыстай" вёсцы будуюць жывёлагадоўчы комплекс. Маўляў, завязём чысты корм. А дзе яго ўзяць? Вецер нясе пыл з аднаго поля на другое. Адна зямля. Каб пабудаваць комплекс, патрэбны паперы. Камісія іх падпісвае, я – у гэтай камісіі, хоць кожны ведае, што падпісваць нельга. Злачынства. У рэшце рэшт, знаходзіла я сабе апраўданне, праблема чыстых кармоў не клопат інспектара па ахове прыроды.
        Кожны знаходзіў нейкае апраўданне. Вытлумачэнне. Я праводзіла такі дослед з сабой... I наогул, я зразумела: у жыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна..."
        
        Зоя Данілаўна Брук, інспектар па ахове прыроды

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.