РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ЯК ДВА АНЁЛЫ ЗАБРАЛІ МАЛЕНЬКУЮ ВОЛЕЧКУ
        
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ЯК ДВА АНЁЛЫ ЗАБРАЛІ МАЛЕНЬКУЮ ВОЛЕЧКУ

        
        "У мяне ёсць матэрыял... Сем гадоў збірала – газетныя выразкі, свае зацемкі. У мяне ёсць лічбы. Я вам усё аддам... Я ніколі ўжо не адыду ад гэтай тэмы, але сама напісаць не змагу. Я магу змагацца: арганізоўваць дэманстрацыі, пікеты, здабываць лекі, адведваць хворых дзяцей, – але не пісаць. Вазьміцеся... А ў мяне самой столькі пачуццяў, што я з імі не саўладаю, яны мяне спаралізуюць. Чарнобыль мае ўжо сваіх сталкераў... Сваіх пісьменнікаў... Але я не хачу ўвайсці ў шэрагі тых, хто эксплуатуе гэтую тэму. Калі пісаць сумленна? (Задумваецца.)
        Той красавіцкі цёплы дождж... Сем гадоў я памятаю гэты дождж... Дажджынкі скочваліся, як ртуць. Гавораць, што радыяцыя бясколерная? Але лужыны стаялі зялёныя ці ярка-жоўтыя. Суседка шэптам паведаміла, што па радыё "Свабода" перадалі пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Я не надала гэтаму ніякага значэння. Абсалютная ўпэўненасць, што калі б нешта сур'ёзнае, нас бы апавесцілі. Ёсць спецыяльная тэхніка, спецыяльная сігналізацыя, бамбасховішчы. Нас папярэдзяць. Мы былі ў гэтым перакананыя! Усе вучыліся на курсах грамадзянскай абароны. Я сама там праводзіла заняткі... Але ўвечары таго ж дня суседка прынесла нейкія парашкі. Даў іх яе сваяк, патлумачыў, як прымаць (ён працаваў у Інстытуце ядзернай фізікі), але ўзяў слова, што яна будзе маўчаць. Як рыба! Як камень! Асабліва ён баяўся гаворак і пытанняў па тэлефоне...
        У мяне на той час жыў малы ўнук... А я? Я ўсё роўна не паверыла. Па-мойму, ніхто з нас гэтыя парашочкі не піў... Мы былі вельмі даверлівыя... Не толькі старэйшае пакаленне, але і маладыя...
        Успамінаю першыя ўражанні, першыя чуткі... Пераходжу з аднаго часу ў іншы, з аднаго стану ў іншы... Адсюль – туды... Як пішучы чалавек, я задумвалася над гэтымі пераходамі, яны мяне цікавілі. Ува мне быццам бы два чалавекі – дачарнобыльскі і чарнобыльскі. Але вось гэтае "да" цяпер цяжка аднавіць з усёй дакладнасцю. Маё бачанне змянілася...
        Я ездзіла ў зону з першых дзён... Памятаю, спыніліся ў нейкай вёсцы, што мяне ўразіла – цішыня! Ні птушак, нічога... Ідзеш вуліцаю... Цішыня. Ну, няхай, хаты вымерлі, людзей няма, выехалі, але ўсё наўкол змоўкла, аніводнай птушкі...
        Прыехалі мы ў вёску Чудзяны – сто сорак дзевяць кюры... У вёсцы Малінаўка – пяцьдзесят дзевяць кюры... Насельніцтва атрымлівала дозы ў дзесяткі тысяч разоў большыя за тыя, што атрымліваюць салдаты, якія ахоўваюць раёны выпрабавання ядзерных бомбаў. Ядзерныя палігоны. У дзесяткі тысяч разоў! Дазіметр трашчыць, яго зашкальвае... А ў калгасных канторах вісяць аб'явы, падпісаныя раённымі радыёлагамі, што цыбулю, салату, памідоры, агуркі, – усё можна есці. Усё расце, усё ядуць.
        Што яны цяпер гавораць, гэтыя раённыя радыёлагі? Сакратары райкомаў партыі? Як апраўдваюцца?
        Ува ўсіх вёсках мы спатыкалі шмат п'яных людзей. Хадзілі пад чаркай нават жанчыны, асабліва даяркі, цялятніцы.
        У той жа Малінаўцы (Чэрыкаўскі раён) зайшлі ў дзіцячы садок. Дзеці бегаюць па двары... Капаюцца ў пясочніцы... Загадчыца тлумачыць, што пясок мяняюць кожны месяц. Адкульсці прывозяць. Можна ўявіць, адкуль яго маглі прывезці? Дзеці журботныя... Мы жартуем, яны не ўсміхаюцца... Выхавацелька заплакала: "Не старайцеся. Нашы дзеці не ўсміхаюцца. А ў сне яны плачуць". Сустрэлі на вуліцы жанчыну з нованароджаным. "Хто вам дазволіў тут раджаць? Пяцьдзесят дзевяць кюры..." – "Урач-радыёлаг прыязджала. Раіла толькі не сушыць пялюшкі на вуліцы". Людзей угаворвалі не выязджаць, заставацца. Планы выконваць... Нават калі вёску адсялілі...
        Эвакуіравалі... Усё роўна прывозілі людзей на сельгасработы. Выбірацьбульбу...
        Што яны цяпер гавораць? Сакратары райкомаў і абкомаў? Як апраўдваюцца?
        Я зберагла шмат інструкцыяў... Зусім сакрэтных... Я ўсе іх вам аддам... Напішыце сумленную кнігу... Інструкцыя па апрацоўцы курыных тушак... У цэху па апрацоўцы патрабавалася быць апранутым, як на забруджанай тэрыторыі пры кантакце з радыеактыўнымі элементамі: у гумавых пальчатках і гумавых халатах, ботах і г.д. Калі там столькі кюры, трэба паварыць у салёнай вадзе, зліць ваду ў каналізацыю, а мяса дадаць у паштэты, каўбасы. А калі столькі вось кюры – у касцяную муку, на корм жывёле... Так выконваліся планы па мясе. З заражаных раёнаў цялят за бясцэнак прадавалі ў іншыя мясціны. У чыстыя. Вадзіцелі, якія вазілі такіх цялят, расказвалі, што цяляты былі смешныя – поўсць да самай зямлі. I такія галодныя, што елі ўсё – і анучы, і паперу. Іх карміць было лёгка! Прадавалі ў калгасы, але калі хто хацеў – мог узяць сабе. У сваю гаспадарку. Крымінальныя справы! Крымінальныя!!
        Сустрэлі на дарозе машыну... Грузавая машына ішла паволі, як на пахаванні... З нябожчыкам... Спынілі. За рулём – малады хлопец. Пытаюся: "Табе, напэўна, блага, што так памалу едзеш?" – "Не, я вязу радыеактыўную зямлю". А спякота! Пыл! "Ты здурнеў?! Табе яшчэ жаніцца, дзяцей гадаваць". – "А дзе я яшчэ зараблю пяцьдзесят рублёў за адну ездку?" За пяцьдзесят рублёў па тых цэнах можна было купіць добры касцюм. I пра даплаты гаварылі больш, чым пра радыяцыю. Пра даплаты і нейкія мізэрныя надбаўкі... Мізэрныя з пункту гледжання вартасці жыцця...
        Трагічнае і смешнае побач...
        Сядзяць бабулі на лаўках ля хаты. Дзеці бегаюць. Мы замералі – семдзесят кюры.
        – Адкуль дзеці?
        – З Мінска на лета прыехалі.
        – Дык у вас жа вялікая радыяцыя!
        – Што ты нам распісваеш ету радыяцыю! Мы яе бачылі.
        – Дык яе ўбачыць нельга!
        – Вунь, глянь: хата недабудаваная стаіць, людзі кінулі і з'ехалі. Страху набраліся. А мы ўвечары пайшлі і глядзім... У акно глядзім... А яна пад бэлькай сядзіць, ета радыяцыя. Злосная-злосная і вочы блішчаць... Чорная-чорная...
        – Быць не можа!
        – Вось мы табе паклянёмся! Перажагнаемся!
        Хрысцяцца. Весела хрысцяцца. Смяюцца ці то з саміх сябе, ці то з нас?
        Збяромся пасля паездак у рэдакцыі. "Ну, як яно?" – пытаемся адно ў аднаго. "Усё нармальна!" – "Усё нармальна? Паглядзі на сябе ў люстэрка, ты сівы прыехаў!" Анекдоты паявіліся. Чарнобыльскія анекдоты. Самы кароткі: "Добры быў народ – беларусы".
        А вам хто-небудзь распавядаў, што фатаграфаваць каля рэактара было строга забаронена? Толькі па спецдазволе. Забіралі фотаапараты. Перад ад'ездам салдат, якія служылі там, абшуквалі, як у Афганістане, каб, не дай Бог, ніякага здымка. Ніякай улікі. У тэлевізійнікаў забіралі плёнкі ў кадэбэ. Вярталі засветленымі. Колькі дакументаў знішчана. Сведчанняў. Яны страчаны для навукі. Для гісторыі. Знайсці б тых, хто загадваў гэта рабіць... Што б яны цяпер прыдумвалі? Як апраўдваліся?
        Я ніколі іх не апраўдаю... Ніколі!!! Толькі з-за адной той дзяўчынкі... Яна танцавала ў бальніцы... Танцавала "полечку"... Ёй недзе гадкоў дзевяць. Гэтак прыгожа танцавала... Праз два месяцы пазваніла яе мама: "Волечка памірае!" I ў мяне не хапіла сілы пайсці ў той дзень у бальніцу. А пасля ўжо было позна. У Волечкі была малодшая сястрычка. Яна прачнулася раніцою і кажа: "Мамачка, я ў сне бачыла, як прыляцелі два анёлы і забралі нашу Волечку. Яны сказалі, што Волечцы будзе там добра. У яе нічога не будзе балець. Мамачка, нашу Волечку забралі два анёлы..."
        Я нікога не магу апраўдаць".
        
        Ірына Кісялёва, журналістка

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.