РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
2
        
2

        
        Распырскваючы «снегавую слоту, я пабег краем дарогі ўніз. Засцерагацца макрэдзі не мела сэнсу: і так на мне ўсё было мокрае да пояса і нават болей – не ратавала і старая, куцая нямецкая трохкутка з абкладзенымі бляхай петлямі. Насустрач зморана брылі аўтаматчыкі – знаёмыя, што ўцалелі ад зімовых баёў, і навічкі, якія за тыдзень да наступлення прыбылі ў роту. Я ведаў далёка не кожнага. Мяне ж тут ведалі, мабыць, усе: як-ніяк я быў у іх на віду, заўжды з камандзірам роты, – хоць у калоне, на прывале або ў ланцугу. Пры Ананьеве яны, вядома, паводзілі сябе стрымана, а цяпер, убачыўшы мяне аднаго, далі волю сваёй гарэзнай цікаўнасці.
        – Што, Васюкоў, немцы?
        – Куды бяжыш? Можа, заначуем, ага?
        – Ардынарац, ком перакурым!
        Я нікому не адказваў, толькі ўзіраўся ў іх нястройныя рады, стараючыся ўбачыць Чумака. Але яго нідзе не было, і я бег усё далей па схіле пагорка ўніз.
        Ардынарцам да Ананьева я трапіў нечакана ў той самы дзень, як прыбыў у роту. Не ведаю, чым я прыглянуўся яму, але калі толькі нас пачалі размяркоўваць па ўзводах, Ананьеў прайшоўся ля строю прыціхлых, у каляных шынялях навічкоў і, спыніўшыся ля мяне, загадаў: «Пайдзеш ардынарцам. Паняў?» – «Паняў», – сказаў я, хоць у той час амаль нічога не разумеў у гэтай нечаканай для мяне пасадзе. Пасля, аднак, прывучыўся: хітрага ў ёй было нямнога. Часам толькі было неспакойна, часам боязна, асабліва пад агнём, калі ўсе ляжалі, уціснуўшы галовы ў ямкі, а Ананьеў пасылаў мяне ў які-небудзь узвод, ці да кулямётчыкаў, або з данясеннем да камандзіра батальёна ці проста паглядзець, хто займае лясок, або паклікаць старшыну роты. Але ён і сам не дужа бярогся і бегаў не менш за мяне, часам разам са мной. Рызыкавалі мы з ім нароўні, так што ў гэтай справе былі, мабыць, квіты.
        За Чумаком я таксама бегаў не ўпершыню – гэты Чумак быў проста насланнё наша. Праз яго Піліпенка ледзь не кожнага дня атрымліваў наганяй ад начальства – то ён згубіцца, то стане не ў свой узвод на пастраенні, то не паспее ў час паабедаць, бо не мае лыжкі, або пад агнём вылезе на самае ўбойнае месца – ідзі тады заганяй яго ва ўкрыцце. Лапаткі, вядома, у яго не вадзілася. На маршы ж ён адставаў ужо мо дзесяты раз.
        Прабягаючы міма аўтаматчыкаў, я ўсё ўзіраўся ў іх цьмяныя, аблепленыя снегам постаці, аднак байцоў усё менела, і нарэшце на дарозе не засталося нікога. З прыцьмелага неба па-ранейшаму парушыла дробным дажджом і снегам. Я спыніўся, паслухаў: не, здаецца, яшчэ нехта брыў ззаду. Тады я памалу прайшоў насустрач, і сапраўды праз хвіліну з прыцемак паказаліся двое: Чумак, які, падаткнуўшы пад дзягу полы шыняля, ледзьве валокся па гразі, і наш замыкаючы – сяржант Цвяткоў. Відаць, Чумак і яму ўжо даўся ў знакі, бо Цвяткоў зморана, не хаваючы свае прыкрасці, дакараў байца:
        – Усё вам трудна, да? Толькі ля кухні, мабыць, не трудна, так? Ану, шырай шаг!
        Я саступіў убок, і Цвяткоў, пазнаўшы мяне, узрадаваўся:
        – Ты не за гэтым?
        – Ну а за кім жа?
        – Ужо абрыдла штурхаць! Як бязногі... – паскардзіўся сяржант.
        Я разумеў яго, але такія ўжо былі абавязкі замыкаючага ў калоне, каб штурхаць тых, хто адставаў. Звычайна гэта рабіў старшына, які цяпер, на бяду, недзе прапаў разам з падводай.
        – Што, падводы няма?
        – У тым-та і справа, – уздыхнуў Цвяткоў. – Што рабіць з ім?
        Сапраўды, што было рабіць з гэтым Чумаком, які яўна выбіўся з сілы і далёка ўжо адстаў ад роты? Не несці ж яго на руках! I тут, нібы адчуўшы ўсю безвыходнасць нашага становішча, Чумак заклапочана азірнуўся.
        – Хай бы вы ішлі. Я ўжо сам як-небудзь.
        – Ага! – сказаў Цвяткоў. – Мы хай бы ішлі, так? А ты – у кусты. Знаем такіх!
        – Яй-богу не! Я паціхеньку. Мне б толькі вадзіцы глынуць. Няма ў пляшачцы, га?
        – Няма, – сказаў я.
        Чумак недаверліва агледзеўся – нізенькі, крываногі, у абвіслым мокрым шынэлку, з апалым рэчмяшком на спіне – і зусім ужо жаласна папрасіў:
        – А, мусіць, у сяржанта е. Дай, будзь ласкаў!
        – То не вада, – сказаў Цвяткоў. – То гарэлка.
        Чумак змоўчаў, у немалай натузе выцягваў з гразі ногі, па-качынаму валюхаючы з боку на бок. I раптам з нечаканай для яго рашучасцю папрасіў:
        – А дай гарэлкі!
        – Яшчэ што прыдумаеш!
        Цвяткоў шырока сігануў цераз лужыну, бліснуўшы з-пад палаткі меднай камсастаўскаю спражкай, якую ён акуратна кожнага дня націраў спецыяльна для таго прыдбанай фланелькай. Таксама кожнага дня ён знаходзіў магчымасць падшыць свежы каўнерык, выдраіць боты. I наогул сваім знешнім выглядам гэты сяржант хутчэй нагадваў якога-небудзь дбайнага штабнога пісара, чым санінструктара роты аўтаматчыкаў, якім ён быў.
        Трохі заклапочаны ягонай няўступчывасцю, я на хвіліну завагаўся. Было шкада прысталага небараку, але ў мяне не было ўпэўненасці, што будзе карысць, калі даць яму выпіць. I ўсё ж нешта трэба было рабіць з Чумаком.
        – Ладна, – сказаў я прымірэнча. – Дай. Можа, падужае...
        – Што – дай? Мая гэта хіба? Старшыыова пляшка, – крыўдліва азваўся Цвяткоў.
        – Глядзі, які чэсны! – сказаў я. – Абыдзецца твой старшына. Не апошняя, мабыць.
        – А можа, і апошняя. Калі ўжо яе прывозілі? У суботу?
        – Аднак жа збярог. Дык падзяліся.
        Цвяткоў зусім ужо надзьмуўся і адышоў ад нас далей.
        – Чаму ж ты не падзелішся? Дык, мабыць, сваё выпіў, так? А ў вас там і гарэлачка, і дадатковы паёк...
        – Успомніў! Хіба я атрымліваю той паёк?
        – Хапае і табе.
        Ось жа зануда, падумаў я, раптам амаль збянтэжаны гэтым яго папрокам. Для старшыны або камандзіра роты ён бы знайшоў выпіўку пад зямлёй, а небараку Чумаку шкадаваў глытка.
        Напаткаўшы ў змроку доўгую снегавую лужыну, мы разышліся па абодва яе бакі, і, калі зноў сышліся ў канцы, Цвяткоў адшпіліў ад дзягі трафейную абшытую лямцам пляшку.
        – На. Толькі глыток – не болей...
        – Не, не...
        Чумак задраў голаў – у пляшцы ціхенька булькнула, і Цвяткоў тут жа схапіўся за яе. Але раней, чым ён паспеў адабраць, булькнула яшчэ раз.
        – Я ж сказаў: глыток! – амаль закрычаў санінструктар. – А то – дарваўся!..
        Я маўчаў – што ўжо там адзін толькі глыток? I Чумак, мабыць, заўважыў гэта маё маўклівае заступніцтва.
        – От дзякуй, – сцішана сказаў ён, выціраючы рукавом падбародак і амаль не заўважаючы Цвяткова. – Дзякуй табе, таварыш ардынарац.
        – А мне за што? – сказаў я. – Яму дзякуй.
        Чумак змоўчаў. Цвяткоў пачаў прышпільваць пляшку, ды нешта запоркаўся там з баранчыкам на дзязе. Мы зноў спыніліся. Ніколькі ўжо не тулячыся ад снегавой макрэдзі, што ляпіла ў твар, Чумак падступіў да мяне.
        – У вас кірзоўкі, ага?
        – Кірзоўкі. А што? – Чумак валюхаста пераступіў на дарозе.
        – Ды гэта... У мяне, во – нішто боты! Нямецкія, праўда. Калі што, дык гэта... Няхай вам будуць.
        Я зірнуў на яго аблепленыя гразёю, мокрыя, звычайныя трафейныя салдацкія боты з нізенькімі халявамі і яшчэ не зусім зразумеў сэнс яго слоў, як Цвяткоў побач іранічна хмыкнуў.
        – Хахмач! Хіба на фронце ўгадаеш! Вось заўтра ляпне, і – абодва дагары капытамі...
        – Дык я кажу...
        – Тожа ты скажаш! – пагардліва абарваў яго санінструктар. – Маўчы лепш.
        – Ладна, – сказаў я. – Пабачым. Давайце даганяць.
        Мы хутка пайшлі па дарозе. Увогуле Цвяткоў казаў праўду. Толькі кожны раз, калі заходзіла аб тым гаворка, рабілася не па сабе. Хто раней, хто пазней – не адгадаеш, але няварта і кпіць з гэтага дзядзькі, які па прастаце душэўнай памкнуўся за дабро адплаціць дабром, вядома, у межах свае не надта вялікай салдацкай магчымасці.
        Чумак заклыпаў трошкі хутчэй. З усяе нашай гамонкі ён, мусіць, мала што зразумеў і нібы апраўдваўся на хаду:
        – Не, я ж не тое, каб... Калі што, дык... Харошыя ж боты.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.