РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
5
        
5

        
        Я чуў, як камандзір роты некага паклікаў, той неўзабаве падбег да мяне, падняў з долу аўтамат, паправіў на галаве каску. У гэты час я ўжо ўстаў і зрабіў са два крокі. Ногі мае былі цэлыя. Рану на плячы я сціснуў здаровай рукой, але з Рукава ўсё капала – штораз то болей. Баец падхапіў мяне пад паху здаровай рукі. – Пастой, Васюкоў, перавязаць трэба. Чуў я, здаецца, толькі адным вухам і па голасе пазнаў яго – то быў Лутохін з узвода Піліпенкі. Але я не хацеў тут спыняцца, – непадалёк усё яшчэ трашчалі аўтаматы, і ўгары ва ўсіх кірунках дзігалі кулі, Ананьеў прапаў недзе, мусіць, з узводам Ваніна пабег далей, на другі схіл вышыні. Частка роты, аднак, асела тут, у траншэі, я трохі чуў галасы і ішоў туды. Лутохін зважліва падтрымліваў мяне. Вецер насіў у паветры мокрыя сняжынкі.
        Мы саскочылі ў гразкую траншэю, у якрй ужо гаспадарылі аўтаматчыкі, трое ці болей з іх выкідвалі прэч забітага немца, але, мусіць, не дабралі сілы і ніяк не маглі ўзваліць яго здаравеннае цела на бруствер. Тады адзін вылез з траншэі, і з яго дапамогай байцы як-колечы ўзвалаклі забітага наверх. Цягнуць яго далей у іх не было ахвоты.
        – Хай пруцянее. Усё ад куль укрыцце.
        Баец прысеў над забітым і пачаў дзелавіта абмацваць яго кішэні, іншыя гідліва выцерлі аб шынялі далоні і далі прайсці нам. Нехта, пазнаўшы мяне, пацікавіўся:
        – Што, накалолі, Васюкоў?
        – Накалолі, – замест мяне адказаў Лутохін. – Не бачылі, дзе Цвяткоў?
        – А хто яго... Пад гарой, мусіць.
        – Ззаду, ведама, чаго яму тут быць?
        Лутохін клапатліва зняў з мяне рэшткі пашкуматанай выбухам палаткі, неяк адчапіў лямкі рэчавага мяшка, таксама пасечанага асколкамі. Хістаючыся, я прайшоў яшчэ некалькі крокаў па свежавыкапанай траншэі і на паваротцы сутыкнуўся з старшыной Піліпенкам. Шорхаючы аб вохкія сцены палаткай і аддаючы каманды, той шыбаваў па траншэі. Згледзеўшы мяне, закрычаў:
        – Ты куды? Ану, гэць на місцэ! – і спахапіўся: – Цэ хто?
        – Гэта я, – стараючыся заставацца спакойным, сказаў я. – Дзе Цвяткоў, не бачылі?
        – Васюкоў? – здзівіўся старшына. – А дэ ж камандзір роты?
        – Там, – кіўнуў я ў бок, дзе ўсё яшчэ патрэсквалі чэргі.
        – Тэбэ параніло? Ага? А цэ хто? Лутохін? – пазнаў Піліпенка. – Вас тэ ж параніло?
        – Ён памагае, – сказаў я.
        – Ніякіх памагатых! – адрэзаў Піліпенка. – Па ўставу забаронэно. Шагам марш, Лутохін. Далажыць камандзіру аддзялення.
        Глядзі ты, якая строгасць, раздражнёна падумаў я. Перад камандзірам роты ён маўклівы няўклюда, а тут – такая непрыступнасць! Піліпенка, аднак, узяў у байца мой аўтамат, і Лутохін паныла паплёўся па траншэі да свайго аддзялення.
        – Пішлы. Цвіткоў бліндаж асвоюе, – сказаў Піліпенка. – Такый гарный бліндаж...
        Старшына павярнуўся і, па-ранейшаму дзеручы палаткай сцены траншэі, вузкаватай для яго шырокага цела, напорыста рушыў кудысьці ў змрок.
        Мы прайшлі, мабыць, метраў дзвесце. Траншэя, віляючы ў бакі, цягнулася па ўсёй вышыні – ад схілу да схілу. Месцамі яна была зусім мелкай – да пояса і нават да калень, у дне валяліся кінутыя немцамі рыдлёўкі, утаптаныя ў гразь палаткі. Там і сям аўтаматчыкі з узвода Піліпенкі таропка дзяўблі яе тыльную сцяну – уразалі стралковыя ячэйкі. Скіраваныя ў другі бок, нямецкія цяпер былі без патрэбы. Піліпенка па-начальніцку пакрыкваў:
        – Швыдэнька, парубкі! Удараць міны – траншэя мамачкай будэ.
        Ён ужо рыхтаваўся да абароны. Вядома, немцы маглі ўдарыць, але на тым фланзе ў Ваніна яшчэ ішла перастрэлка. Ці не варта было б памагчы? Праўда, камандзір роты, здаецца, аб тым не загадваў, а Піліпенка без загаду не меў завядзёнкі залішне выпінацца наперад.
        Цвяткова мы знайшлі ля ўвахода ў бліндаж, які ён завешваў палаткай.
        Піліпенка гукнуў:
        – Цвіткоў!
        – Ну...
        – Ось параніты.
        – Хто? – затыкаючы ўгары канцы палаткі, абыякава запытаў Цвяткоў. Я азваўся. На санінструктара маё раненне, аднак, не зрабіла ніякага ўражання.
        – Чакай. Зараз закончу – паглядзім.
        – Багато ранэных? – запытаў старшына.
        – Ерунда, тры чалавекі, Не лічачы Крывашыява.
        – А што Крывашыяў?
        – Гатоў – што? Перавязаў – толькі бінты папсаваў.
        – Крывашыяў? – чагось не мог даўмецца Піліпенка.
        – Ну. Чаго здзівіўся? Хіба ён ад куль заварожаны.
        – Так він жэ так ірвався сюды! – прастадушна сказаў Піліпенка. – Турнэм, кажэ.
        – Вось і турнулі. Сем куль у грудзі – не жартачкі. Ну, заходзьце...
        – Зараза! – сказаў старшына і, раптам павярнуўшыся, сутка пашыбаваў назад да свайго ўзвода.
        Я падлез пад палатку і апынуўся ў суцэльнай сырой цемры. Моцна смярдзела порахам, паленым рыззём, яшчэ нечым – чужым і агідным. Пад нагамі трапілася нейкая адзежына, я адкінуў яе нагой з праходу. За мной у бліндаж сунуўся Цвяткоў.
        – Не можа да забітых прывыкнуць. Ведама ж, у АХЧ забітых не было. Але тут яму не АХЧ.
        Цвяткоў меў на ўвазе нядаўнюю тылавую службу Піліпенкі і, мусіць, выклікаў мяне на размову пра старшыну, але я прамаўчаў. Дужа балела плячо, на боты з рукава капала кроў, і я проста губляў трыванне: калі ж ён дабярэцца да мяне, гэты памочнік смерці? Цвяткоў між тым засвяціў запалку, агледзеўся. Пасля запаліў другую. Земляныя сцены ў бліндажы былі сырыя і голыя, ля ўвахода абрушыўся пласт глею і засыпаў кут. Насупраць ля сцяны валяўся нямецкі шынель, некалькі скамечаных коўдраў; раскіданыя карты свежымі плямамі бялелі на зямлі. Па другі бок ад увахода ляжала напаўразбітая выбухам жоўтая скрынка ад боепрыпасаў – відаць, хтось з нашых сунуў сюды гранату. Над скрынкаю ў сцяне, аднак, аказалася зграбная маленькая палічка, на якую ў зямлянках звычайна ставяць свяцільнік. Цвяткоў з запалкаю ў руках нахіліўся, пашукаў і сапраўды знайшоў у доле скінутую выбухам плошку. Здзьмухнуўшы пясок, ён запаліў яе, і змрок у бліндажы трошкі рассеяўся.
        Санінструктар аб чымсь запытаў, але я недачуў, бо стаяў да яго глухім вухам.
        – Аглух, ці што? – крыкнуў ён дужэй. – Куды цябе?
        – Ды во – у плячо.
        – Сядай.
        Я паслухмяна сеў на край скрынкі. Цвяткоў скінуў з сябе мокрую, страшэнна шархоткую палатку і дастаў з ножнаў на дзязе разведчыцкі нож.
        – Ты што – рэзаць?
        – А што ж яшчэ?
        – Здзену як-небудзь.
        Не без яго дапамогі я расперазаўся, зняў сумку з магазінамі, палявушку-кірзоўку і аднаруч расшпіліў свой зялёны англійскі шынель. Але потым стала так балюча, што аж памутнела ўваччу, і я думаў – сканаю, пакуль ён здзёр з мяне гэты мокры, у некалькіх месцах прабіты шынэлак. Рукаў гімнасцёркі быў рассечаны асколкам ніжэй ад пагона і скрываўлены аж да манжэты. Тут ужо я не рызыкаваў пярэчыць, і Цвяткоў спрактыкавана распаласаваў яго зверху данізу. Я толькі адвярнуў голаў.
        – Так, так, – няпэўна сказаў ён, мацаючы рану. – Касацельнае асколачнае. Два тыдні санбату.
        Толькі ўсяго! Гэтае вызначэнне здалося мне занадта аптымістычным. Праўда, я ведаў, што медыкі заўжды суцяшаюць параненых, нават і тады, калі тыя дыхаюць на ладан. Аднак цяпер, здаецца, Цвяткоў не хітрыў – у мяне ж увесь час было такое ўражанне, што рука прапала.
        – А косць як? Цэлая?
        – Абсалютна, Васюкоў.
         Цвяткоў, прыслухоўваючыся да гукаў наверсе, дастаў з
        шырокі скрутак бінту і туга абматаў мне плячо. Затым ватай збольшага выцер кроў на руцэ і прыладзіў для яе почапку на шыю.
        – Не раненне, а ўкус камара. Першы раз?
        – Першы, – сказаў я.
        – Гэта, можна сказаць, пуцёўка на адпачынак. Гарантыя на два тыдні жыцця.
        Я, аднак, не адчуваў ад гэтай гарантыі вялікае радасці – рана балела ўсё болей, нешта нядобрае, узрушана-трывожлівае тачыла маё адчуванне. Па даўняй франтавой звычцы нейкая частка маёй увагі ўвесь час была звернута на тое, што чулася зверху, аслабелы слых лавіў кожны гук адтуль, ад немцаў. Чэргі на тым схіле, здаецца, прыціхалі, бой змаўкаў. З траншэі сюды часам прарываліся стрыманыя галасы аўтаматчыкаў, пранікаў сцішаны шоргат рыдлёвак. I раптам між іх пачуўся кароценькі сабачы віск. Цвяткоў, які ўжо збіраў у сумку сваё медыцынскае начынне, здзіўлена варухнуў брывамі.
        – Глядзі, і Пулька тут!
        Калі тут Пулька, падумаў я, значыцца, недзе паблізу павінен быць і Ванін, якога я так і не бачыў пасля ягонага адчайнага скачка ў траншэю. Неўзабаве, аднак, Пулька гаўкнула бліжай, пачуўся бас Піліпенкі, і на ўваходзе зашэрхала палатка.
        Здалося, неслі параненага. Нехта там нязграбна затупаў, у шчыліну ля краю адхінутай палаткі працягнуліся рукі, якімі чалавек неяк дужа няўпэўнена намацаў сцяну-апору. Затым пад палатку сунулася прыгнутая галава, плечы, і мы абое з Цвятковым аж здрыгануліся – у бліндаж лез немец. Праўда, следам за ім ішоў Ванін, я адразу пазнаў яго крутаплечую, у ватоўцы, апяразаную рамянямі постаць. Між іхніх ног шмыганула Пулька. У бліндажы яна павярнулася да немца і некалькі разоў пагрозліва на яго гаўкнула.
        Увайшоўшы, немец прыпыніўся, трымаючыся рукой за сцяну і з нейкім здурнелым выразам у вачах коратка зірнуў на нас. Левая напаўсагнутая ў калене, разутая яго нага была, відаць па ўсім, параненая.
        – Куды б яго тут? – азіраючы бліндаж, запытаў Ванін. – Во давай на шмуткі. Садзіся, фрыц! Біттэ!
        Перабіраючы па сцяне рукамі, немец разы два скокнуў на адной назе і цяжка плюхнуўся задам на шмуткі-коўдры. Затым ён нізка ўгнуў голаў у зімовай казыркастай шапцы і схаваў ад нас твар. Пулька зноў выскачыла перад ім і злосна-страхавіта вурчэла, не могучы чагось супакоіцца.
        Ванін валюхаста пераступаў мокрымі ботамі, у якіх чвякнула гразь, і сказаў Цвяткову:
        – Перавязаць трэба.
        Цвяткоў, не скрануўшыся з месца, працяў яго злосным позіркам.
        – А што я – нямецкі фельчар?
        У гэты час знадворку, ледзьве не сарваўшы палатку, улез шумны, камлюкаваты Піліпенка.
        – Ну, дэ ваш фрыц? Давай ёму расход зробымо?
        Санінструктар моўчкі стаяў з незадаволена-зацятым выразам на чыстым, прыгожым, нейкім дзяўчачым твары. Параненая нага немцава моцна крывавіла, на зямлі ля яе ўжо з’явілася і шырэла невялічкая цёмная пляма.
        – Сяржант Цвяткоў, перавяжыце немца! – загадаў Ванін тонам, які адразу выключаў усе размовы.
        Піліпенка шчыра здзівіўся:
        – Кого? Німця? Да вы шчо, жартуете?
        Ванін, аднак, маўчаў, не зводзячы вачэй з інструктара, і той урэшце ўзяўся за сумку. Расшпіліўшы яе, ён дастаў рэшту бінту, якім перавязваў мяне.
        – Во, пры сведках... – змрочна папярэдзіў ён. – Я быў супраць.
        Піліпенка плюнуў і незадаволена затупацеў ля выхаду.
        – Я б ёго пэрэвязав! Хай бы здох, падлюка! Як наші от іх здыхаюць...
        Ванін між тым тузануў немца, які, здавалася, задрамаў, але зараз жа з нейкай нервовай гатоўнасцю ўскінуў вузкі худаваты і белы твар. I раптам вочы яго пагрозліва звузелі, рот перасмыкнуўся ў няпэўнай грымасе. Я не паспеў згледзець, што там здарылася, як Цвяткоў узмахнуў над галавой бінтом і адскочыў назад, моцна штурхануўшы Піліпенку. Абое яны стукнуліся аб сцяну зямлянкі, зачапіўшы Ваніна, які, аднак, нават не зрушыў з месца.
        – От гад!
        – Дай ёму, падле!
        Не дужа зграбна Піліпенка ўскочыў на ногі, некуды матлянуўся Цвяткоў. Плошка на сцяне ледзьве не захліпнулася, агняны яе язычок роспачна заматляўся ў кардоннай баначцы. Апантана залямантаваў Пулька. Аднак немец не збіраўся ні біцца, ні ўцякаць, здаровай нагой ён бараніўся ад сабакі. Я бачыў яго перакошаны ўсё той жа грымасай твар і сцятыя кулакі, ён упёрся спіной у сцяну, трымаючы напагатове абутую ў бот нагу.
        – Сука! – крыкнуў Цвяткоў ужо з маім аўтаматам у руках.
        – Тыркні ты ёму! Шо з ім важдатыся! – крычаў Піліпенка.
        – Спакойна! – сказаў Ванін і стаў паміж імі і немцам. Звыклым рухам рукі ён паправіў на сабе тоненькую планшэтку. – Спакойна, фрыц. Хочаш здохнуць – нічога не выйдзе. Цвяткоў, бяры бінт!
        Рашуча сігануўшы, Ванін наваліўся на немца, згроб яго, перавярнуў і прыціснуў тварам уніз. Немец задрыгаў нагой у боце, пракапаў земляную баразну ў доле і сціх.
        – Перавязвай!
        – Я? – амаль спалохана здзівіўся Цвяткоў.
        – Ты, а хто ж! – ускіпеў Ванін, ашчаперваючы немца.
        З прыкметнай нерашучасцю падступіўшыся да яго, Цвяткоў здзёр з параненай немцавай нагі скрываўленую суконную шкарпэтку і таропка абматаў лытку бінтом.
        – Ось так! – сказаў Ванін, устаючы на ногі.
        Немец ваўкавата і моўчкі сеў, забіўшыся далей у кут.
        У бліндажы не мог супакоіцца Піліпенка.
        – Шчо вам утэмяшылася ёго перэвязуваты? Бінта тількі папсувалы, а свайму Івану не хопіць! Тыркнуць ёго, і ўсэ! – махаў ён рукой.
        Ванін, не паднімаючы позірку, сказаў:
        – Вы б менш балбаталі, старшына!
        – А шчо, нэ правда? Пэрэвязуваты ёго! Можа, шчэ тушонкай корміты будэтэ?
        На момант затрымаўшы на старшыне клапотны позірк, Ванін уздыхнуў.
        – Мы за ім ледзь не да станцыі беглі. Ён у мяне ўвесь парабелум разрадзіў. А вы – тыркнуць. Заўтра ў полк адправім.
        – Нэ бачылы ў палку такэй гныды, – бурчаў трохі паспакайнелы Піліпенка.
        Цвяткоў, штось затаіўшы ў сабе, маўчаў. Малодшы лейтэйант падняў з-пад ног стаптаную шапку.
        – Ладна. Пільнуйце, я пайшоў.
        Ён тры раз чвякнуў ботамі і вылез з бліндажа. За ім выбегла Пулька. Пасля выйшаў Піліпенка, які ўсё бурчаў на немца. Але не паспеў ён змоўкнуць у траншэі, як сюды ўлезла аж трое параненых, якія шукалі санінструктара.
        У бліндажы стала цесна і холадна, сесці не было дзе. Цвяткоў па-начальніцку прыкрыкваў на байцоў – то не там сталі, то не так павярнуліся. Я не мог сабе знайсці месца і, праклінаючы новую для сябе долю параненага, накінуў волкі яшчэ шынель і вылез у траншэю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.