|
17 Я чакаў цярпліва і трывожна: калі рота адбіла вышыню, значыць, Ананьеў павінен быў кагосьці прыслаць за намі. Яшчэ не верачы, што ўсё абышлося, я ўжо выглядваў яго, заўжды жаданага пасланца з бою, які б канчаткова супакоіў нас весткай, што вышыня ўзята. Але ён чагось бавіўся, што, зрэшты, можна было зразумець толькі скончыўся бой і там таксама, вядома, не абышлося без страт. Паранены нампаліт унізе, які ўвесь час ляжаў, нібы нежывы, раптам пачаў варушыцца. Я ўскочыў, паслізнуўся, загарнуўшы полы шыняля, споўз да канавы. – Што, дрэнна вам? Да скрыпу сцяўшы сківіцы, ён канвульсіўна напружыўся на зямлі, нібы спрабаваў разарваць на сабе нябачныя путы, галава яго закінулася, забінтаваная патыліца ўціснулася ў гразь. Хвіліну паранены змагаўся з болем або нейкаю нядобрай, адолеўшай яго, сілай, затым адразу абмяк і спытаў: – Дзе рота? – Там рота. Здаецца, узялі. – Дай піць. Я паднёс да яго сцятых зубоў беражок кацялка, зноў разліў ваду, але, здаецца, хоць крыху, выпіў і ён. Потым нібыта супакоіўся, памаўчаў, праз сілу ўздыхнуў і з перапынкамі не адразу выдыхнуў: – Не ідуць? – Хто? – Па нас не ідуць? – Не, па нас яшчэ не ішлі, прынамсі, адсюль не відаць было, – і я ўхапіўся за гэта ягонае пытанне, каб зноў узлезці на насып. – Няма нікога. Але прыйдуць, не забудуць! – знарок бадзёра пракрычаў я зверху. Навакол было ціха, мокра і абсалютна пуста. У гэтай цішы болей чутныя зрабіліся гукі далёкіх і блізкіх баёў; дзесь за пагоркам часам пагрукоча ды сціхне кулямёт, здаецца, наш «максім», з поўдня, аслаблены адлегласцю, глуха даносіўся магутны крэкат гармат – быццам хтосьці нябачны і агромністы качаў па зямлі вялізныя каменні: гого-го, гу-гу, гах-гах-гах! Я сеў бокам на адхон, раз-пораз паглядваючы то на туманістыя схілы вышыні, то на майго нампаліта ўнізе. Былой непрыязнасці да яго ў мяне не засталося, я ўжо шкадаваў бедалагу – усё ж параніла яго куды як сур’ёзна. Не ў прыклад камандзіру роты Грыневіча ў нас не баяліся, хоць не так ужо і любілі: ні благога, ні надта добрага ён, здаецца, нікому не зрабіў, паводзіў сябе, праўда, трохі сухавата, па-вайсковаму афіцыйна. З усіх камандзіраў, якія перабылі за паўгода ў роце, ён быў не найгоршы і ўжо, напэўна, такога жорсткага лёсу нічым не заслугоўваў. – Ну дзе ж яны? – зноў пачаў ён напружвацца пад плашч-палаткай. Пакінуўшы сваю наседжаную, больш-менш сухую мясціну на адхоне, я ў каторы ўжо раз збег уніз. – Зараз, зараз. Хутка прыйдуць, – абяцаў я, сам ужо губляючы ўпэўненасць у тым, што казаў. Сапраўды, як бы там ні было на вышыні, пара б ужо ўспомніць і пра нас, пакінутых у гэтай гразі. – Можа, збегаць туды? – прапанаваў я. – Не! – сказаў ён праз стогн. – Ні ў якім разе. Я пасядзеў на кукішках ля яго ног і падняўся; гэтае праклятае чаканне ўжо цяжка было трываць. Ды і мая параненая рука балела, хоць і не так востра, як уначы, але, мусіць, недзе стаў прысыхаць бінт, рукой балюча было крануць, трэба б змяніць павязку. – Нудзіць! – выдыхнуў Грыневіч, скалануўся і, нібы спяшаючыся кудысь, з таропкай рашучасцю сказаў: – Васюкоў, ідзі ў тыл. – А вы? – Я ўжо. Адваяваўся. Паглядзі, не ідуць? Не, ні на схілах, ні на дарозе нікога не было, сыпаў дождж, абмяжоўваючы і без таго сціснутае непагаддзю наваколле. Зноў з’явілася і пачало мацнсць нядобрае прадчуванне бяды. Прыкметны непакой прамільгнуў і на збялелым, завостраным твары Грыневіча, калі я зноў спусціўся да яго. Моўчкі хвіліну я ўзіраўся ў гэты ягоны твар, не хочучы турбаваць параненага сваёй тут прысутнасцю, але ён, пэўна, пачуў мяне і з ціхай настойлівасцю выдыхнуў. – Ты тут? Не трэба. I... гэтае самае... мы ж землякі. – Як? – сарвалася ў мяне. – Вы хіба з Беларусі? – Іменна. З Барысава. Бог мой – як жа так здарылася? Чатыры месяцы мы праваявалі разам, кожны дзень побач – і спалі, і елі, і нават калі-нікалі ён пакрыкваў на мяне, а я і не падумаў нават, што ён – мой зямляк. Чаму ж ён не намякнуў мне аб тым раней – беларусаў жа ў роце, апроч нас, здаецца, не было нікога. – Чаму ж вы не сказалі? – папракнуў я з прыкрасцю, апускаючыся ля яго на калені. – А нашто? Нашто аддзяляцца? Ды не аддзяляцца – пры чым тут аддзяляцца, – проста я зусім другімі б вачыма глядзеў на яго ўсю зіму, можа б, я зрабіў для яго што добрае – столькі было выпадкаў, калі я праносіў міма яго свой клопат і сваю ўвагу, без якіх, зрэшты, нампаліт надзіва ўмеў абыходзіцца. Ён не меў ардынарца, і ніколі яму нічога не было патрэбна. На мяне хлынула амаль пяшчота да нампаліта, страх за яго жыццё ахапіў мяне з новаю сілай. Трэба было нешта рабіць, неяк ратаваць лейтэнанта, але я не ведаў, куды цяпер можна падацца. Раптам ён надта напружыўся, крута адкінуў голаў і, выгнуўшыся, павярнуўся на бок. Шапка ўпала з яго галавы, нязграбная тоўстая павязка з бруднымі слядамі ад пальцаў на марлі ссунулася на вуха. Я ўхапіў яго за плячо, каб не даць яму і зусім скаціцца з ватоўкі, і адчуў пад пальцамі неймаверна гарачае на холадзе яго цела. Грыневіч заторгаў нагамі, нібы спрабуючы скінуць з сябе палатку. – Што з вамі? Што вам? – спалохана загаманіў я, але ён ужо не адказаў. Я пачаў прытрымліваць яго на ватоўцы – ён жа ўсё кідаўся ў бакі, адной рукой справіцца мне з ім было цяжка. Да таго ж, здаецца, ён перастаў пазнаваць мяне і не дужа выразна, у нос, як ніколі не гаварыў раней, выкрыкваў: – Гарохаў, Гарохаў! Эх ты! Бяжы скарэй! Стой! Паклічце Гарохава!.. Ён неўпрыцям скалануўся, абаперся на рукі і прыўзняўся, зблізку і недаўменна зірнуў мне ў твар шырока раскрытымі вачмі, якія наўрад ці што бачылі. I, нібы падкошаны, упаў дагары на ватоўку. – Здаецца, я ўсе... – Што вы? Таварыш лейтэнант... – Ладна. Ты ідзі, – раптам памяркоўна і выразна сказаў ён. – Я буду паміраць. – Ды што вы?! Па яго тоне і па ўсім яго выглядзе я зразумеў, што ён не памыляецца, і не на жарты спалохаўся. Трэба было неадкладна нешта рабіць, але ў мяне нават не было вады – пусты кацялок ляжаў на зямлі, і дождж далікатна барабаніў па ягоным баку. Не раздумваючы болей, я схапіў кацялок і ля канавы пад насыпам пабег да рэчкі. Гучна квякаючы абцасамі ў набрынялым вільгаццю дзірване, я падбег да берага. Вада тут была глыбакавата. Каб дацягнуцца да яе, трэба было ўкленчыць, і я, выцягшы руку, таропка ўзмахнуў кацялком. Аднак лёгкі кацялок няслушна віхляў на драцяной дужцы, не хочучы набіраць вады. Я схіліўся ніжэй, але ў тое ж імгненне ад спалоху рэзка ўскінуў галаву і застыў у секунднай разгубленасці. Насупраць за рэчкай з туманнай дажджлівай імглы ля дарогі вынырнула цьмяная постаць у касцы, побач паявілася яшчэ двое, я павёў позіркам далей і ўбачыў увесь іх ланцуг, які насцярожана і хутка крочыў па стаптаным схіле ўніз. Упусціўшы кацялок, я адхіснуўся ад вады, здушана крыкнуў: – Немцы!! Але было позна. Я паспеў толькі ўскочыць, як блізкая аўтаматная чарга, хлёстка шчоўкнуўшы пад нагамі, распластала мяне на траве галавой да ракі. Захлынуўшыся крыўдай, я апошнім звышнамаганнем пераваліў сваё цела на бок, але ўстаць ужо не мог. Позірк слізгануў па мутнай, усеянай дажджавой рабізной вадзе, у якой ля самага берага ціха пагойдваўся мой круглы скасабочаны кацялок...
|
|