РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
10
        
10

        
        Гадзінніка ў нас не было, мы не сачылі за часам, якога, мусіць, мінула нямала. Я ўжо некалькі разоў браўся драмаць, але прахопліваўся кожнага разу, калі хто заходзіў у бліндаж або выходзіў з яго. Ананьеў усё не вяртаўся, і Грыневіч, здаецца, таксама прыдрамаў. У бліндажы было зусім ціха, чуліся ўсе гукі знадворку: прыглушаны кашаль, рэдкія скупыя словы паблізу; часам нехта праходзіў тудысюды па траншэі. Ніводзін рух там не застаўся для нас безуважны – слых нават і ў сне быў насцярожаны да ўсяго наверсе.
        Але ноч, здаецца, мінала.
        Праўда, мяне трохі непакоіла, чаму так доўга не вяртаўся камандзір роты. Што яму было рабіць там, калі ўсё спакойна? Узводы акапаліся, і байцы ў аддзяленнях па чарзе таксама адпачываюць, як-колечы з цыгаркай і прытопам бавячы на сцюжы непагодную ноч. Бліндаж пры такім надвор’і – раскоша. Але ўсім нельга ў бліндаж.
        Пэўна, я ўсё ж прыдрамаў і прачнуўся ад нейкіх трывожлівых, спрасоння не зусім зразумелых гукаў. Я падняў голаў і ўслухаўся – па траншэі хтось бег, усё набліжаючыся, нешта гукнуў паблізу і сціх. Але тут жа на дзвярах тузанулася палатка, чалавек, прыгнуўшыся, зазірнуў у бліндаж.
        – Таварыш лейтэнант! Таварыш лейтэнант Грыневіч! Грыневіч, чутна было, спахапіўся, але, сонны, мусіць, чагось не даўмеўся і азваўся не адразу.
        – Таварыш лейтэнант...
        – Я. Што такое?
        – Таварыш лейтэнант! – задыхана казаў баец. – Камандзір роты выклікае.
        – А што здарылася?
        Баец памарудзіў, перавёў дыханне.
        – Ды там... Немцы шурудзяць нешта.
        Грыневіч хуценька падхапіўся і, спатыкнуўшыся аб чыесь ногі, выйшаў з бліндажа.
        Санлівасць мая імгненна мінулася. Збоч у змроку заварушыўся Цвяткоў, насупраць ля сцяны насцярожыліся параненыя. Я зразумеў, што будзе пакутай сядзець тут у невядомасці, і таксама ўстаў, захінуў на плячы шынель і вылез у траншэю.
        Снегу за ноч падбавіла, ім быў добра замецены бруствер і дно траншэі, на якім месцамі расплываліся цёмныя гразкія плямы. Наўкола павіднела, стала далей відаць поле, кустоўе, быльнёг на ўзмежку. Над пярэста-шэрым сутоннем вісела змрочнае, без аніводнае зоркі неба.
        Піліпенкавы байцы стаялі па траншэі і глядзелі кудысь убок. Двое грэліся – маўкліва сапучы, штурхалі адзін аднаго плячом. Яны далі мне прайсці і таксама пасталі, узіраючыся ў прыцемак.
        Камандзір роты быў на сярэдзіне траншэі, якраз на месцы стыку пазіцый двух узводаў. Тут жа стаялі Грыневіч, Піліпенка, некалькі байцоў і Ванін. Ля ног малодшага лейтэнанта цёрлася Пулька.
        – Ды не там!.. Вунь лявей бяры. Бачыш кусцікі? Во каля іх, – нешта паказваў камандзір роты Грыневічу.
        Грыневіч старанна паўзіраўся і паціснуў плячыма.
        – Нічога не бачу.
        – А ты ўгледзься. Не сляпы ж, мабыць? Да іх важна павярнуўся Піліпенка, які цяпер быў без палаткі, у шынялі з вы-сока настаўленым каўняром.
        – Мы тэж сперва нэ бачылы. А прыдывыліся – хтось варушыцца. Всім нэ можа здатыся.
        Ананьеў азірнуўся, убачыў мяне і, ніколькі не падзівіўшыся маім тут з’яўленнем, тузануў за рукаў.
        – Ану, Васюкоў, глянь! У цябе зрок востры.
        Сказана тое было зноў па-сяброўску, нібы да роўнага. Я старанна ўгледзеўся ў шэры прыцемак, у якім слаба мроілася воддаль нешта падобнае на кустоўе ці, можа, пагорак. Але нічога, што б выдавала там прысутнасць жывога, я не заўважыў.
        – Ну, бачыш?
        – Не.
        Ананьеў нахмурыўся, счакаў і зласнавата кінуў Піліпенку:
        – Нясі кулямёт!
        Піліпенка моўчкі падаўся па траншэі і неўзабаве ярывалок РПД з прымкнёным магазінам. Камандзір роты кутка прыладзіў яго на брустверы.
        – Ану, паназірайце!
        Чарга амаль громам разарвала начную ціш, чырвоныя водбліскі ад ствала ліхаманкава заскакалі па брустверы, у траншэю сыпанула жменяю гарачых смярдзючых гільзаў. Счакаўшы, пакуль у далечы заглухне рэха, Ананьеў адняў ад пляча прыклад і выпрастаўся.
        – Ну, што?
        – А нычога, – сказаў Піліпенка. – Ні гу-гу.
        – Гадства! – падумаўшы, вылаяўся камандзір роты.
        Яму ніхто не адказаў. Усе моўчкі стаялі, не ведаючы, што прыдумаць, каб адгадаць гэтую трывожную загадку ночы. Тады ад бруствера павярнуўся Ванін, які дагэтуль сціпла стаяў побач з Ананьевым у сваёй кароценькай ватоўцы.
        – Дайце я схаджу, – сказаў ён проста, нібы гутарка ішла аб якой драбязе. – Калі што – кулямётам...
        Заклапочаны, Ананьеў няўцямна зірнуў на яго.
        – Давай! – раптам нібы ўзрадавана сказаў ён.
        Грыневіч, аднак, запярэчыў:
        – Адзін? Не паложана. Двое трэба.
        Ванін азірнуўся.
        – Пласкуноў, айда!
        Невялічкі крываногі аўтаматчык Пласкуноў, што стаяў ззаду ў непадпяразаным шынялі, нерашуча пераступіў з нагі на нагу. У адной руцэ ён трымаў жалезную скрынку з дыскамі ад РПД.
        – Дык я гэта...
        – Шчо – ты? – злосна гыркнуў да яго Піліпенка.
        – Дык гэта... кулямёт.
        – Нэ втэчэ твій кулэмэт. Бэры автамат і дуй.
        Ванін тым часам выняў з кішэні гранату і дакладным рухам уставіў у яе запал. Гранату планкай пачапіў на дзягу ля спражкі.
        Пласкуноў яшчэ раз пакутліва пераступіў, азірнуўся. Уся яго худзенькая постаць была ўвасабленнем нерашучасці. З натугай асільваючы яе, баец зняў з пляча аўтамат, паправіў шапку і, калі Ванін, абапёршыся каленам аб край бруствера, вылез наверх, таксама пачаў выбірацца з траншэі.
        Ванін прыпыніўся, ступіў да камандзіра роты.
        – Патрымайце пакуль. А то...
        – Нэ вэртайсь! – крыкнуў Піліпенка.
        Скінуўшы цераз голаў планшэтку, малодшы лейтэнант аддаў яе Ананьеву і таропка збег з бруствера.
        – Вэрнувся! От дурэнь... – бурчаў Піліпенка.
        Нехта няўцямна спытаў:
        – А што, як вярнуўся?
        – Шчо, шчо! Нэ знаеш шчо?
        Пулька жалліва заскуголіла, забегала ўнізе, імкнучыся выскачыць з траншэі. Піліпенка злосна пхнуў яе ботам:
        – Халера, тэбэ шчэ не хапала!
        Баец у бушлаце спрабаваў злавіць сабачанё, але тое, выскачыўшы, прашмыгнула між ног, усё скачучы на бруствер. Грыневіч раздражнёна прыкрыкнуў злым шэптам:
        – Што за сабачнік яшчэ? Качамасаў!
        – Я.
        – Прыстрэльце сабаку.
        – Ну што вы, таварыш лейтэнант! – здзівіўся баец. – Як можна!
        Грыневіч азірнуўся.
        – Сідарэц!
        – Так сліпота ў мэне куріна. У траншэі нэ бачу нычога.
        Нампаліт моўчкі выняў пісталет і, штурхнуўшы кагось у траншэі, прашчаміўся ў той бок, дзе мітусілася Пулька.
        У мяне непрыемна сціснулася ўнутры: няўжо ён прыстрэліць яе! Я зірнуў на камандзіра роты, але той стаяў, здавалася, нічога не бачачы і не чуючы навакол: уся яго ўвага цяпер была ў полі, куды пайшоў Ванін. У траншэі нягучна хлопнуў пісталетны стрэл. Пулька віскнула, пасля хлопнула яшчэ раз, і ўсё змоўкла... Ніхто ні словам не азваўся на смерць сабачкі, усе як і раней нерухома стаялі наўкола камандзіра роты, і штось востра непрыязнае да нампаліта коратка ўспыхнула і згасла ў маім пачуцці... Зрэшты, які «б» блізкі для нас ні быў лёс Пулькі – свой уласны турбаваў куды больш. Усе ў траншэі ўзіраліся наперад, куды ішоў Ванін. Малодшы лейтэнант не аглядваўся і не падганяў Пласкунова, які трохі адстаў. Спакваля яны ўсё болей цямнелі, расплываліся ў шэрым сутонні. Неўзабаве ўжо трэба было дужа ўглядацца, каб згледзець іх. А затым яны і зусім зніклі.
        Мы яшчэ пастаялі, слыхам чакаючы стрэлаў ці крыкаў, толькі нічога нідзе не было. Напружанне памалу пачало спадаць, людзі ў траншэі заварушыліся. Нехта прысеў закурыць. Піліпенка запытаў пра час. Даўжэй за ўсіх у начную прыцьмеласць углядаўся Ананьеў, але і ён, нарэшце, адступіў ад кулямёта і прыхінуўся да тыльнага боку траншэі.
        – Так! Васюкоў! – клікнуў мяне камандзір роты. – Забірай немца, параненых і марш у санроту! За рэчку Цвяткоў правядзе.
        «Ну вось, значыць, ужо будзем развітвацца», – падумаў я.
        Увогуле, мусіць, гэта звычайна на фронце, але цяпер чамусьці мне стала самотна. Я збянтэжана пастаяў у траншэі, не ведаючы, што сказаць. Напэўна, адчуваючы маю нерашучасць, Ананьеў павярнуўся ад кулямёта.
        – Давай, давай! Пакуль ціха, – сказаў ён амаль спакойна.
        I ўсё ж я добра ведаў камроты, каб не адчуць у яго тоне старанна прыхаваныя ноткі трывогі. Зрэшты, і ў выглядзе яго нешта сведчыла аб непакоі. Я проста не памятаў яго такім рэзкім у рухах і словах. Нечакана для самога сябе мабыць, упершыню я зразумеў, што зусім ён не такі самаўпэўнены і ўладарны, якім заўжды мне здаваўся. Гэтае адкрыццё жаллівай паныласцю кранула мае пачуцці, але, знешне не выдаючы таго, я сказаў:
        – Ну што ж... Тады – да пабачэння...
        – Давай лячыся...
        Ён коратка і амаль абыякава паціснуў маю руку і зноў павярнуўся да змрочнай далечы. Моўчкі, не выходзячы з-пад улады звычайнай напускной незадаволенасці, падаў мне шырокую далонь Піліпенка, стрымана кіўнуў галавой Грыневіч. Затым я таропка паціснуў сцюдзёныя рукі байцоў, якія маўкліва праводзілі мяне занадта ўважлівымі позіркамі.
        Ідучы назад па траншэі, я ўсё ўслухоўваўся, але трывогі пакуль не было, аўтаматчыкі па-ранейшаму сцішана пераседжвалі ноч: тупалі, курылі, а некаторыя, не гледзячы ні на што, спалі, скурчыўшыся ў сваіх ячэйках. Цяпер, аднак, усе яны – знаёмыя і незнаёмыя – адсоўваліся ад мяне ў мінулае, у маё былое і сваё будучае, але без мяне, бо праз гадзіну я, мабыць, буду адсюль далёка.
        З новым клопатам я рвануў з увахода палатку і ўлез у бліндаж.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.