РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
16
        
16

        
        Аўтаматчыкі хутка паўскоквалі і ўздоўж канавы падаліся да рэчкі. Некалькі чалавек з другога ўзвода пабеглі па насыпе. Перад маімі вачыма замільгалі іх раскіслыя боты, чаравікі, брудныя полы шынялёў са зблытанымі махрамі ўнізе, і я праводзіў кожнага жаласным позіркам, нібы развітваўся з ім. Штось кепскае, недарэчна-няўхільнае авало дала ротай, я ўсё выразней адчуваў гэта. Але што я мог зрабіць? Я быў толькі радавы аўтаматчык, вельмі маленькі на вайне чалавек, каб мець нейкую ўладу над гэтай жалезнай няўмольнасцю падзей. Я мог толькі адчуваць яе несправядлівасць, і гэта адчуванне кідала мяне ў роспач.
        Здаецца, упершыню я апынаўся ў становішчы назіральніка з тылу, упершышо рота пайшла без мяне, упершыню Ананьеў павёў яе ў атакў не са мной – з другім. Ведама, яго словы наконт Чумака-ардынарца я не надта прымаў усур’ёз (які там з Чумака ардынарац!) і ўсё ж не спускаў з іх вачэй, гледзячы, як яны беглі па дарозе да рэчкі, разам пераходзілі яе па бэльках. I тут мне з невясёлай усмешкай падумалася, што гэты Чумак надта ўжо дбайна ўзяўся за выкананне сваіх абавязкаў – падобна, і на самой справе паверыў, што камроты зробіць з яго героя.
        Аўтаматчыкі палезлі ў рачулку, ля дарогі ўжо не засталося нікога, наўкола зрабілася нязвыкла ціха і пуста. Грыневіч, нібыта нежывы, роўна ляжаў пад насыпам, невідушча падставіўшы дажджу бледны з цёмнаю шчэццю твар. Здаецца, папала яму здорава. Цяпер у маю трывогу за роту ўплятаўся яшчэ і непакой за лейтэнанта – хоць бы ён пратрымаўся да адпраўкі ў тыл. Збегшы ўніз з адхону, я ціха спытаў:
        – Ну, як вы?
        – Васюкоў, да? Кепска, брат, – прастагааў нампаліт.
        – Даць вады?
        – Дай трохі.
        Вады ў круглым кацялку, пакінутым ля параненага, было нямнога, ды і той я палову разліў, пакуль няўмела, адною рукою, паіў небараку. Пакутна глытнуўшы разы два, ён ледзьве не задыхнуўся, чым амаль напалохаў мяне.
        – Ну, як?
        – Усё добра, – выраўняўшы дыханне, сказаў лейтэнант, – рота пайшла?
        – Пайшла. На тым баку ўжо.
        Асцярожна я паправіў на яго галаве шапку, якая прыкрывала ад дажджу пухлую няўмелую павязку, вышай нацягнуў палатку. Выгляд нампаліта мне надта не падабаўся – але што можна было зрабіць?
        – Не трэба было вам ісці, – сказаў я з папрокам за яго нядаўнюю спрэчку з Ананьевым.
        – Не трэба. Пагарачыўся. Але гэты Ананьеў... Не думае, што робіць.
        – Што ён такога зрабіў?
        – Не разумееш? Зразумееш калі-небудзь.
        Магчыма, я чагосьці не ведаў або не разумеў чагось, што было добра вядома ім, болып вопытным на вайне і ў жыцці. Але мне ўсё здавалася, што як Грыневіч у сваёй нядаўняй гарачнасці, так і Ананьеў у апошнім рашэнні на атаку – абое памыляюцца. Апроч таго, усё гэта так заблытвала наша становішча, што яно ўжо вельмі нават проста магло абярнуцца бядой.
        Аднак з параненым мне не сядзелася. Надта ўжо журботна было глядзець на яго абяскроўлены, пакутна-нерухомы твар, зноў жа адсюль не было відаць роты. Пакінуўшы лейтэнанта, я ўзбег на адхон і прысеў, высунуўшы з-пад дарогі голаў.
        Дожджык усё імжэў, усё шырэй расплываўся туман у лагчыне, снегу на тым баку рэчкі заставалася няшмат – абталыя шызыя плямы на мокрым, гразкім схіле, па якім у трэці раз беглі аўтаматчыкі. З усё большай і болынай тугой у душы я глядзеў, як катастрафічна хутка змяншаецца ў імглістай прасторы кароценькі іх ланцужок. Даўняя звыклая сувязь між намі ўвачавідкі рвалася, штосьці няўхільна-пагрозлівае ўпарта раз’ядноўвала нас, я невыразна адчуваў гэта, але працівіцца яму не мог, бо гэта невыразнае, неканкрэтнае нешта было мацней за мяне, за іх і за ўсю нашу роту. Ананьеў то бег, то хутка ішоў, наўкось па схіле, аднойчы нагнуўся, таропка перавярнуў на спіну цела забітага, узяў яго аўтамат. Пасля ён хвіліну бег, займаючы сваё месца ў ланцугу, а хтось, што ішоў ззаду – можа, Чумак, – нядоўга затрымаўся над трупам – здаецца, знімаў сумку з дыскамі або гранатамі.
        Рота дасягала сярэдзіны схілу. Ужо не лёгка было і згледзець яе за імглістай заслонай дажджу, якая, на шчасце, хавала аўтаматчыкаў і ад немцаў. Толькі ці надоўга? З вышыні іх вось-вось павінны былі ўбачыць, і тады...
        Тым не менш немцы маўчалі. Цяжка было паверыць, што яны і ў другі раз так зазяваліся, што не заўважаюць атакі. Кепска было відаць, але мне здавалася, што верх вышыні ўжо зусім блізка. Яшчэ адзін, самы апошні рывок і можна будзе кінуць гранату, выскачыць з-за абрыву і, калі пашанцуе, з ходу заняць канец траншэі. Эх, каб хоць адным аддзяленнем удалося ўварвацца ў траншэю!..
        Унізе ў засяроджанай адзіноце маўчаў Грыневіч, я не адразу зразумеў, што і ён чакае вестак з вышыні, і, мабыць, не дачакаўшыся таго, што хацеў, аклікнуў:
        – Васюкоў! Дзе рота?
        – Пайшла, пайшла.
        – А чаму не страляюць?
        Гэтага я не ведаў. Не стралялі ні нашы, ні немцы. Тым часам ужо ўся рота схавалася ў імгле. Толькі пільна ўзіраючыся, можна было разгледзець дзе-нідзе пад самай вяршыняй нешта падобнае на рух. I па-ранейшаму не чуваць было ні стрэлу, ні крыку, ні голасу, – вышыня замерла, заціхла, затаілася. Надта падобна было, што аўтаматчыкі і на самай справе дасяглі траншэі.
        А можа быць, немцы адышлі?
        Было ж такое, і нават не адзін раз, калі нямецкія пазіцыі, за якія мы біліся дзень, два і некалькі дзён, раптам аказваліся непрыкметна пакінутымі, і мы займалі іх без усякага бою. Сапраўды, мы ж не адны тут, нашы часці недзе ўсё ж б’юць фашыстаў, вунь як грыміць убаку, дзе балыпак.
        Хада маіх думак раптам набыла іншы кірунак, падумалася: які ж я размазня, калі столькі перадрыжаў задарма. Сапраўды, там жа Ананьеў, ён знае, умее прадбачыць, як зрабіць, каб найлепш. У чым-небудзь іншым ён, можа, і не майстар, у нечым ён, вядома, уступіць Грыневічу, Ваніну, нават Цвяткову, але ў такой справе, як бой, ён выдатна навучаны. Тут ён прафесар, генерал, калі не сам маршал.
        Я ўжо адчуў у сабе нешта зусім інакшае, чым хвіліну назад, у свядомасці загарэўся жаданы агеньчык надзеі, каторы, аднак, шукаў сабе пацвярджэння. Так хацелася знайсці і яшчэ хоць бы адну прыкмету таго, што ўсё добра, што і на гэты раз роту ашчаслівіла ўдача.
        I тут грымнула.
        Спярша здалося, што гэта выбух, але зараз жа імглістае неба над лагчынай туга прарэзалі пранозлівыя струмені куль, наўкола зашчоўкала, задзігала, завыла – дажджлівы прастор у адно імгненне напоўніўся грымліва-скуголістай ліхаманкаю бою. У першыя секунды было такое ўражанне, што вышыня не вытрымае вогненнага грукату, разваліцца на кавалкі, але агнявы напор і яшчэ мацнеў. Адзін раз пачуўся крык, магчыма, каманда або лаянка, праўда, не зразумець было, на якой мове. Баючыся міргнуць, я да рэзі ў вачах углядаўся туды, спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у вірліва-траскотнай імгле, але імгла па-ранейшаму не давала нічога ўбачыць.
        У нейкім гняўлівым шаленстве вышыня з паўгадзіны абрушвала ў наваколле стогалосы гром, у якім і на слых ні чарта немагчыма было разабраць. Чэргі згрувашчваліся ў суцэльны працяглы грукат, з якога разы два, нібы незнарок, выбіўся дальні басовы стук буйнакалібернага, але затым амаль залпам загахалі гранатныя выбухі, яны заглушылі сабой усё. Некалькі выпадковых куль з тугім пошчакам ляснула непадалёк аб насып дарогі, я апусціўся на адхоне ніжэй, уціснуў галаву ў плечы. Агонь быў шалёны, і здавалася надта сумніцельным, каб на такі былі здольны нашы якія-небудзь тры дзесяткі аўтаматчыкаў. Што ж, тады, значыць, немцы? Аднак у такім выпадку рота абавязкова павінна адкаціцца – гэта я ўжо ведаў з уласнага вопыту.
        I тым не менш ішоў час, а на схіле не было відаць ніводнага руху адтуль.
        Але вось траскотны агнявы напор стаў патроху слабець, тым азначаючы, пэўна, пералом у баі, я зноў пільна ўгледзеўся ў прыцьмелыя схілы, ды ўсё марна. Значыцца, не адступаюць, усе там. Але тады – выходзіць, уварваліся?
        Зноў даляцеў як бы нейкі голас, і зноў немагчыма было здагадацца, чый гэта быў голас – нашых ці немцаў. Аўтаматы бязладна патрэсквалі ў розных мясцінах, нібы хтосьці нябачны на вышыні рыўкамі рваў дужа крэпкі сувой зрэбніны. Кулі, аднак, над дарогай не лёталі, і я падумаў, што страляюць, напэўна, у той бок. Але гэта ўжо значыла, што агонь вядуць нашы.
        Усё ж поўнай упэўненасці ў тым у мяне яшчэ не было, і я ўсё ўзіраўся праз імглу на раскіслыя плямы снегу за рэчкай – ужо б я заўважыў, калі б там хто бег. Ды з вышыні ніхто не паказваўся.
        Яшчэ праз чвэртку гадзіны разрознены трэск аўтаматаў спыніўся, і неяк нясмела ўсё навакол заціхла.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.