РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
15
        
15

        
        Але – не абышлося. Не адышоўшы яшчэ і на дваццаць крокаў, Грыневіч раптам спыніўся.
        – А Цвяткоў дзе?
        – Параненых павёў, – сказаў нехта ў ланцугу.
        – Даўно?
        – Ды толькі што! Як вы з камандзірам гаварылі.
        Нампаліт трывожна настырчыўся, крута павярнуўся і ледзьве не бягом, дужа кульгаючы, зноў скіраваў да Ананьева.
        – Чуў?
        – Што? – запытаў Ананьеў, і тут ужо было зразумела, што ён не прыкідваўся, а і сапраўды не разумеў, што ўстрывожыла намесніка.
        – Цвяткоў змыўся!
        – Параненых павёў. Я загадаў. А што?
        Грыневіч спыніўся пад насыпам.
        – Наіўны чалавек! Каму ты загадаў?
        – Санінструктару. А каму ж яшчэ!
        – Санінструктару!
        Ананьеў на адхоне зверавата нахмурыўся, агідна вылаяўся і вобзем ударыў, мабыць, ужо апусцелую пляшку. Падскочыўшы, тая плоска ляпнулася ў гразь, за канавай.
        – Пайшлі яны ўсе к чортавай матары! Паняў? – крыкнуў ён, устаў і зноў сеў.
        Грыневіч на гэты раз змоўчаў. На ягоным твары з’явілася нешта новае, нешта чужавата-абыякавае, халодны позірк намесніка скіраваўся ўдалячынь.
        – Знаеш, Ананьеў, – пасля хвіліны маўчання сказаў ён неяк нядобра паспакайнелым голасам. – Знаеш, Ананьеў! Расхлёбвайся ты сам. Сам заварыў, сам і хлябай. Я табе не памочнік.
        Ананьеў узняў голаў.
        – Што – змываешся?
        – Не змываюся, а на законных падставах адпраўляюся ў тыл. Я таксама паранены.
        – Давай, дуй! – проста сказаў Ананьеў.
        – I я табе не зайздрошчу. Усё ж перш чым што выкінуць – трэба падумаць.
        – Што я выкінуў?! – зноў вызверыўся Ананьеў. – Чумака выслабаніў? Ну і выслабаніў! У цябе не спытаўся. Сам зрабіў, сам і адказваць буду. Паняў?
        – Няма чаго панімаць, – ужо зусім бясстрасна сказаў Грыневіч. – Усё і так ясна.
        – А мне напляваць! Я камандзір роты. А вунь немцы. Бачыў?
        Грыневіч уздыхнуў.
        – Знаеш, мала храбрасці ў атаку хадзіць. Трэба яшчэ што-колечы і разумець.
        – Што разумець? Трэба чалавекам быць.
        – Да? Ну-ну! Давай! Толькі ці доўга пабудзеш...
        Гэта быў ужо скандал. Яны яўна і, відаць, назусім размяжоўваліся ў сваім канфлікце, толькі я, прызнацца, перастаў разумець, у чым справа. Было абсалютна невядома, чаму нампаліта так занепакоіў Цвяткоў, чаму яго нельга было адпраўляць у тыл? Нешта недагаворанае пагрозлівй прысутнічала між імі, аб чым, мяркуючы па ўсім, заўжды памятаў Грыневіч і што толькі зараз пачаў разумець Ананьеў. Я дужа добра ведаў абодвух, і цяпер, можа, не столькі разгневаны выгляд ротнага, колькі безнадзейна прыціхлы нампаліт сведчыў, што праўда, мабыць, за Грыневічам. Я не мог перасіліць у сабе панылай скрухі, якая ўсё большала, і з-пад ілба раз-пораз пазіраў на ротнага.
        – Словам, я пайшоў, – сказаў Грыневіч. – Жадаю іюспеху. Хоць які там поспех, – дадаў ён. – Прапашчая рота.
        Ён коратка махнуў рукой і, налягаючы на здаровую нагу, пайшоў уздоўж насыпу ў тыл за пагорак.
        Ананьеў застаўся на насыпу ўсё ў той жа позе: шырока расставіўшы ногі ў дашчэнту выпацканых ботах, нізка апусціўшы ўскудлачаную бялявую галаву. Здавалася, ён нешта разглядвае ў мокрай траве, часам перабіраючы на халяве бруднымі пальцамі. Але ён не разглядваў, наогул наўрад ці ён заўважаў, што наўкола, – ён думаў. Тая грубаватая самаўпэўненасць, якая часам усплывала ў ягоных вачах, калі ён сварыўся з Грыневічам, цяпер канчаткова мінулася, саступіўшы месца труднай, нязвыклай для яго засяроджанасці. Я мала што разумеў у ягоных перажываннях, хіба здагадваўся пра што-колечы, але я кожным сваім нервам адчуваў ягоную бяду, і мне самому было пакутна.
        З нізкага, хмарнага неба зноў замжыла сцюдзёным дажджом, хлопцы на раскапаным адхоне пачалі нацягваць над акопчыкамі свае нявысахлыя яшчэ палаткі. У мяне ж палаткі не было, камсастаўская накідка Ананьева таксама недзе прапала, мы патроху моклі, але камроты на гэта не звяртаў увагі. Я падумаў, што, напэўна, трэба ісці, ён жа мяне на світанні ўжо выпраўляў з роты, але цяпер я проста не мог наважыцца сказаць яму аб гэтым, зноў жа мне не хацелася ісці ў тыл з Грыневічам. Пасля ўсяго, што здарылася, мая непрыязь да намесніка, якая ўзгарэлася ў траншэі, калі ён застрэліў Пульку, стала амаль пастаяннай, цяпер яе не магло пахіснуць і ўсведамленне таго, што ў гэтай сутычцы з Ананьевым праўда была, напэўна, за нампалітам. Але гэта, здаецца, была тая праўда, якая не надта лепей за вінаватасць.
        Я счакаў яшчэ крыху і ўстаў, каб напомніць камроты аб сваім лёсе: колькі ж можна было сядзець тут параненаму?
        I тут вышыня, якая некалькі гадзін запар насцярожліва маўчала, раптам загаманіла басіста-нетаропкай буйнакалібернаю чаргой.
        – Даседзеліся! – павяртаючыся да вышыні, буркнуў I камроты і вылаяўся. – Хутка з мінамётаў лупіць пачне.
        Але з мінамётаў пакуль не лупілі, а кулямёт таксама замоўк, хоць, вядома, яго паяўленне на вышыні не абяцала роце дабра. Шапа, акопчык якога быў праз дзесятак крокаў у насыпе, вылез на стаптаны адхон з лапаткай.
        – Таварыш старшы лейтэнант, вам дзе выкапаць?
        – Чакай ты!
        Ананьеў нетаропка ўзлез на сваё ранейшае месца і асцярожна выглянуў над дарогай. Наступная чарга з вышыні ўжо не была нечаканасцю, камроты адно толькі ўгнуўся, штось прыгаворваючы самому сабе. I тут, уражаны раптоўнай здагадкай, я кінуўся да камандзіра роты.
        Але я здагадаўся позна.
        Ад самага фланговага акопчыка сюды ўжо хтось бег над канавай, трывожна пакрыкваючы і паказваючы рукой на пагорак. Ананьеў павярнуўся ў ягоны бок, мабыць, зразумеў таксама, і на руках і каленях падаўся па адхоне да Шапы.
        – Ты і Грыцук – бягом! I глядзіце там...
        Шапа, як заўжды, сцяміў загад з паўслова, моўчкі падхапіў аўтамат і пабег за адхонам угору. Камандзір роты, выцягшы шыю, з непакоем глядзеў яму ўслед. У канцы ланцуга, дзе насып ра-біўся ўсё ніжай, яны папаўзлі па канаве і хутка зусім схаваліся.
        «Чорт, няўжо падстрэлілі?» – падумаў я і адразу апаныў: мне ж таксама трэба было ісці той жа дарогай.
        У трывожнай самоце чакання мінула каля гадзіны. Кулямёт, аднак, не страляў, а дождж усё спарнеў, туманная мгла ў хмарным небе слалася нізка, амаль чапляючы за пагорак. Я падумаў, што гэта добра, непагадзь нас прыхавае лепш за ўсё. Іначай з гэтай лагчыны не вырвацца.
        На жаль, наша асцярога спраўдзілася. Яшчэ здалёк стала відаць, што аўтаматчыкі кагосьці нясуць – удвох, на палатцы, няспрытна прыгінаючыся за невысокім упачатку насыпам, хістагочыся пад цяжарам ношы. Калі яны падышлі бліжэй, з крайніх акопчыкаў нехта падскочыў да іх і на хаду пераняў з рук аднаго рог палаткі – слізгаючы, утрох яны пайшлі хутчэй. Ананьеў зышоў з адхону і туга сцяў сківіцы: цяпер ужо не было сумнення – нампаліту папала.
        Яны апусцілі палатку ля ног камандзіра роты, Шапа зморана ссунуў з потнага лба мокрую шапку, двое ягоных памочнікаў засмучана стаялі насупраць.
        – Вось, – сказаў Шапа. – У галаву. I каску ўшчэнт.
        – Куляй?
        – А чорт яго... Разрыўной, пэўна.
        Жаўтлява-белы, неяк дзіўна паспакайнелы твар нампаліта з насунутай на вочы павязкай раптам крануў непакой.
        – Ну што, камісар? – з грубаватай спачувальнасцю запытаў камроты.
        – Ось, не атрымалася... – стрымліваючы стогн, сказаў нампаліт. – Не прайшоў.
        Ананьеў прысеў побач на кукішкі.
        – Баліць?
        – Муціць, унутры... – выціснуў паранены. – Дрэнь мая справа
        Камандзір роты падняўся.
        – Ану, уладкуйце лейтэнанта, каб зручней было...
        Шапа збегаў да хлопцаў, прынёс нечую ватоўку, хуценька разаслаў яе на мокрай траве. Пасля ўчатырох мы засцярожліва паклалі на яе Грыневіча і дбайна ўхуталі яго палаткай. Пад голаў загнулі канец рукава.
        – Дрэнь справа, – аблізваючы ссінелыя вусны, ціха сказаў Грыневіч. – Ты не крыўдуй, Косця. Сам ведаеш...
        – Сволачы! – вылаяўся камандзір роты і крута адвярнуўся.
        Ён кінуў погляд на вышыню, якая ўсё болей ахутвалася дажджлівым туманам, зірнуў на пагорак, абстраляны буйнакаліберным. У ажывелых вачах камроты з’явіўся нейкі намер, і я абнадзеена падумаў, што, мабыць, цяпер ён скарыстае магчымасць адвесці роту назад на пагорак. З вышыні, здаецца, нас не заўважаць. Толькі Ананьеў маўчаў, і я не мог гэта падказаць яму – такога роду падказак ад падначаленых ён не прымаў.
        – Дай закурыць!
        Я не курыў, ён ведаў гэта і ніколі не звяртаўся да мяне па курыва, але цяпер ён, мусіць, проста забыўся, хто ля яго. Праўда, ён тут жа зразумеў сваю памылку і павярнуў голаў да Шапы:
        – Ты, нясі закурыць...
        – Калі ласка!
        Баец увішна падбег да камандзіра роты і, стаўшы на калена, нацярушыў з бушлата трохі махоркі. Затым дастаў і паперы. Ананьеў закурыў, унікаючы нашых стрымана-запытальных позіркаў.
        – Пакліч Піліпенку!
        Мы абодва памкнуліся бегчы, але старшы лейтэнант жэстам вярнуў мяне на месца.
        – Шапа, ты!
        Шапа рынуўся з адхону, а камандзір роты яшчэ раз, ужо болей уважліва, паглядзеў на затуманеную вышыню. I раптам ён павярнуўся да ўзвода:
        – Падрыхтавацца да атакі!
        У мяне ўнутры быццам абарвалася штось, я стаяў, сам не адчуваючы сябе, не зусім верачы таму, што пачуў. Але Ананьеў не жартаваў, гэта было зразумела адразу, камандзір роты быў поўны рашучасці дабіцца выканання свае каманды. А дабіцца ён умеў.
        Нехта выскачыў са свайго гразкага сховішча, над акопчыкамі заварушыліся палаткі, кляймёныя трафейныя коўдры, розныя вайсковыя лахманы. Схіл насыпу імгненна ажыў – усе занадта добра разумелі, што для нас азначае гэта кароценькая каманда.
        Тым часам па балацявінцы ўжо бег Шапа, за ім, трошкі адстаючы, грузна трухаў Піліпенка з каскай на дзязе. Камандзір роты зацята чакаў на насыпе... Нязграбна пералезшы канаву, старшына з залішняй цяпер афіцыйнасцю адказыраў і спыніўся, неспакойна пацепваючы плячыма і кідаючы страхавітыя позіркі на прыкрытага палаткай Грыневіча.
        – Колькі чалавек маеш? – запытаў камроты.
        – Я?
        – Ты.
        Піліпенка на момант збянтэжыўся, пераступіў на квякучым дзірване. Вядома, ён ужо палічыў сябе радавым і, мабыць, патроху звыкаўся з тым, а тут ротны, нібы нічога кепскага між імі і не здарылася, пытаўся пра ўзвод.
        – Пятнаццаць, кажысь, – няўпэўнена сказаў старшына.
        – Патронаў ёсць трохі?
        – Трохі ё.
        – Падрыхтавацца да атакі.
        – Зараз?
        – Зараз!
        – Ёсць! – з незразумелай амаль радаснай рашучасцю гыркнуў Піліпенка. I ні здзіўлення, ні якога пытання – ён успрыняў загад так проста, нібы ад яго патрабавалі строіць узвод на вячэру ці ў лазню. Пасля ўжо я зразумеў, што тым самым Піліпенка без лішніх слоў вяртаўся да свае ранейшай пасады, якая, аказваецца, штосьці ўсё ж для яго значыла.
        – I давай усіх сюды. У агульны ланцуг.
        – Ну, відома, у агульны, – падхапіў Піліпенка. – Так міцніше вдарыты.
        Камандзір роты ўважліва паглядзеў на старшыну.
        – I ты глядзі мне! Каб не цягнуліся, як на базар. Браском!
        – Нэ хвалюйтэсь, побіжаць. Я іх...
        Ананьеў, не даслухаўшы, павярнуўся да Шапы.
        – Прымай другі ўзвод.
        – Я?
        – Ты.
        – Ёсць! – не адразу сказаў Шапа, і было не зразумець, узрадвала гэта яго ці занепакоіла.
        – Што – не ўкамандуеш?
        – Паспрабуем.
        Камандзір роты крыху падумаў ці, можа, прыслухаўся. Але на вышыні было ціха, навокал ледзь чутна шапацеў золкі надакучлівы дождж. Толькі недзе далёка за пагоркам глуха таўклі зямлю выбухі.
        – Пятнаццаць мінут на падрыхтоўку і – упярод!
        Ананьеў сказаў гэта і змоўк. Новыя ўзводныя стаялі, не варухнуўшыся – насупраць унізе Піліпенка і з боку ад яго Шапа. Яны чакалі, што ён скажа яшчэ, але ён коратка кінуў: «Усё!», і яны хуценька пабеглі – адзін цераз поле, другі ў той канец насыпу. Камандзір роты ўзбег на адхон. Мяне ён быццам не заўважаў.
        Што ж, атака – дужа звычайная на вайне справа, хоць, ведама, зусім прывыкнуць да яе нельга. Колькі б разоў ты ні паднімаўся ў атаку і ні асільваў у сабе свой страх, але кожны наступны будзе гэткі ж страхавіта-знобкі, як і ўсе ранейшыя. Ой, як не хочацца вылазіць са свайго выратавальнага акопчыка ў вялікі грымотны свет, скрозь пранізаны кулямі ды асколкамі, самага маленькага з якіх зусім дастаткова, каб скончыць тваё адзінае і такое неабходнае табе жыццё! Боязна ўставаць, але трэба. Кожную атаку вызначае загад вышэйшага камандзіра, план бою. Часам таго вымагае вораг, які, калі не знішчыць яго, знішчыць цябе.
        Тут жа атакі не вымагаў ніхто.
        Я перажываў і не ведаў, як падысці да чужога, рэзкага, проста злога і зацятага камандзіра роты, каб сказаць яму аб гэтым.
        – Таварыш старшы лейтэнант!
        Лежачы бокам на растаптаным адхоне, ён назіраў за праціўнікам і не павярнуў нават галавы. Але ён чуў мой зварот, нешта западозрыў у ім і насцярожыўся. I я, стоячьі ніжай, у трох кроках ад яго, ціха сказаў, каб учуў толькі ён і ніхто болей:
        – Дарма вы.
        – Што?
        – Дарма, кажу.
        Ананьеў марудна, бы ўпершыню мяне тут заўважыўшы, павярнуўся на локці.
        – Што? – перапытаў ён такім тонам, што я аж сцяўся, і ён змераў мяне працяглым, варожым позіркам. – А ты якога д’ябла тут акалачваешся? Я табе што загадаў? Ану, марш у тыл! Бягом!!
        Ён крычаў на мяне ўпершыню. Ніколі раней я не чуў ад яго злога слова, бо з усяе сілы стараўся не заслужыць нават заўвагі, і ён тое ведаў. А тут крык! I амаль непрыкрытая непрыязнасць у позірку... Спярша мяне гэта здорава такі збянтэжыла, і я моўчкі стаяў з такім уражаннем, нібы пад нагамі загойдаўся і ціха паварочваецца кудысь і адхон, і дарога, і ўвесь белы свет. Але вельмі хутка стала зразумела, што не я быў прычынай нястрыманасці камандзіра роты, а хутчэй яго ліха, ягоная безвыходнасць і, мабыць, бездапаможнасць, а я толькі падвярнуўся яму не ў час. I мне не стала ні крыўдна, ні злосна, было толькі надта ўжо прыкра.
        Між тым сюды ўжо бег першы ўзвод. Паўтара дзесятка аўтаматчыкаў гуськом трухалі па ўзмежку. Піліпенка, матляючы поламі даўгаватага шыняля, ужо збягаў у балацявінку. Я засцярожліва зірнуў на вышыню – на шчасце, вяршыня яе ўсё хуталася ў волкім тумане, інакш не шмат іх дабегла б да насыпу.
        Ананьеў сеў на адхоне і саўгануў кабур «вальтэра» бліжэй да спражкі.
        – Дай каску! – раптам сказаў ён, ужо без нядаўняй варожасці, нібы тым даючы зразумець, што больш на мяне не злуецца.
        Не ведаючы, як рэагаваць на тое, я здзёр цераз падбародак мокры брызентавы раменьчык каскі і аддаў яе камроты.
        – Толькі там донца няроўна падвязана, – папярэдзіў я.
        – Што?
        – Донца, кажу, крыва падвязана.
        – Чорт з ім! Донца!..
        Ён прывычна сунуў голаў у каску, але мокры раменьчык не налязаў на яго касцістую шырокую сківіцу, і тады ротны закінуў раменьчык на беражок каскі.
        – Смажанаму карасю кот не страшны, – са значэннем сказаў ён. – Паняў?
        Не, я ўсё яшчэ мала што разумеў у прычынах яго намераў і з жалем і прыкрасцю пакорна стаяў насупраць. Ззаду ўздоўж насыпу ўжо разбягаліся аўтаматчыкі першага ўзвода. Піліпенка, чутна было, са звыклай грубаватасцю пакрыкваў:
        – Нэ высовуйся. Нэ лізь попэрэд бацька в пэкло. Чого не бачыв?!
        – Ось так! – сказаў Ананьеў, нібы гаварыць нам ужо не было пра што, і гукнуў: – Чумак, ка мне!
        Чумак падхапіўся з ланцуга і, нязграбна валюхаючы, пабег да камандзіра роты.
        – Ану, бліжай! Не бойся: не ўкушу. Будзеш за ардынарца, паняў? Я цябе вывучу на героя, ядрона вош!
        Чумак моўчкі стаяў, мабыць, не ведаючы, як успрымаць гэтыя словы: жартам або ўсур’ёз. Шынэлак яго ўжо быў падпяразаны нейкаю, мабыць ад штаноў, папружкай, на галаву паверх шапкі натыркнута нечая абшкрэбаная каска. I тут я міжвольнаа зірнуў на яго ўсё тыя ж даволі-такі ладныя боты і амаль жахнуўся ад выразнае і зусім недарэчнае цяпер думкі: няўжо і сапраўды яны сёння дастануцца мне?
        – Васюкоў, аддай аўтамат! – дзелавіта загадаў ротны. – Паглядзіш нампаліта.
        Нампаліта – няхай, але аўтамат мне аддаваць не хацелася, хоць Чумаку, вядома, нельга было без зброі. Пашкадаваўшы трохі ў душы, я зняў з пляча свой ППШ, і Чумак узяў яго з паспешнай гатоўнасцю чалавека, які баіцца, каб той, хто дае, не перадумаў. Праўда, разбіты канец прыклада яму, здаецца, не спадабаўся, але ён тут жа ўздзеў аўтамат на плячо.
        Ананьеў зірнуў управа, улева – усе на адхоне глядзелі на яго, чакаючы каманды, і камандзір роты тузануў язычок кабуры.
        – Да, – спахапіўся ён у апошні момант і перакінуў цераз голаў тоненькі раменьчык планшэткі. – Трымай!
        Я на ляту аднаруч ухапіў ванінскую планшэтку, а ён ускочыў на броўку дарогі і азірнуўся.
        – Упярод!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.