РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
8
        
8

        
        У бліндажы было людна і накурана, затхла смярдзела мокрымі шынялямі, земляной сырасцю і трацілам.
        Звычайна, дзе б Ананьеў ні быў удзень, але ўвечары, вярнуўшыся ў сваю зямлянку-капэ, склікаў камандзіраў узводаў, старшыну, прымаў іх даклады, даваў указанні. Пасля ўсе разам вячэралі. Яда была не бог ведае якая: гуляш з канцэнтратам, сухары, банка свіной тушонкі. Часам да таго дадавалася што-небудзь з трафеяў, калі ў наступленні, ну, і, вядома, – наркомаўскія сто грамаў.
        Цяпер наркомаўскіх, мусіць, не прадбачылася, не было старшыны, але на скрынцы, што прыладзілі на сярэдзіне бліндажа, ляжала жоўтая нямецкая банка з адгорнутым вечкам – там быў мармелад. Ананьеў, у расшпіленым шынялі, з цыгаркай у зубах, адвінчваў знаёмую, абшытую сукном пляшку. Ту жа сядзеў змрочны Цвяткоў, стрыманы, заўсёды сур’ёзны Грыневіч. Зайцаў, як толькі ўвайшлі, выняў з-за пазухі паўбохана хлеба, які, мусіць, расстараўся недзе ва ўзводзе, і ўзяўся яго рэзаць. За ім ля сцяны сядзелі двое параненых, і далей у цёмным куце, апанурыўшы светлавалосую галаву, туліўся немец.
        – Хто гэта? Васюкоў? А дзе Ванін? – запытаў камандзір роты, узіраючыся ў парог.
        – Там, ва ўзводзе, – сказаў Зайцаў.
        – Чаму не прыйшоў? Ты сказаў, што я заву вышыню замачыць?
        – Не ідзе. Кажа, не п’ю.
        – Ну і дурань, – проста абвясціў ротны. – Хай не п’е. Нам болей застанецца.
        Ён адкруціў з пляшкі вечка, якое заматлялася на лан-
        цужку, і са скрынкі ўзяў кварту.
        – Сядай, Васюкоў. Павячэраем напаследак. Заўтра ўжо будзеш у медсанбаце. Як рука?
        – Баліць.
        – Правільна, павінна балець, – пагадзіўся Ананьеў. – Мне, калі прадплечча перабіла, паўмесяца, сабака, балела.
        Побач скупа ўсміхнуўся Грыневіч.
        – Помніцца, казаў – бядро. А цяпер – прадплечча.
        Камроты апусціў кварту і амаль гняўліва зірнуў на свайго намесніка.
        – Што, бядро? Бядро гэта ўжо ў пяты раз. А то летась зімой. У руку. Не верыш – на, паглядзі.
        Ён рашуча саўгануў на правай руцэ манжэт, адкрываючы на белай скуры сіні прадоўжны шрам.
        – Ды я жартую, – прымірэнча сказаў Грыневіч. Ананьеў моўчкі пляснуў у кварту.
        – Трымай, Васюкоў. Вып’еш – лягчэй будзе. Знаеш, калі мяне ў сцягно пад Нялідавым трэснула, толькі гарэлкай і ратаваўся. А то б здох ад болю ды голаду.
        Я ўзяў кварту, там было небагата, і выпіў усё за адзін глыток. Пасля таропка закусіў хлебам з кавалкам студзяністага ружовага мармеладу.
        – Цяпер па старшынству, – распараджаўся Ананьеў, зноў наліваючы ў кварту. – П’ю я. Каб ты хутчэй гэта самае... Ды ў роту. А пакуль Зайцаў пабегае. Дык – за папраўку! – кінуў ён у мой бок і ладна глынуў усё, што было ў кварце.
        I нават не паморшчыўся, толькі хакнуў і, не закусваючы, наліў зноў.
        – Добра. Цяпер чарга камісара. Ці ты не будзеш?
        – Не, не буду, – ціха, без шкадавання сказаў Грыневіч.
        – Во другі дурань. А, ведаю: ты пажэрці меціш. Толькі не выйдзе. Не п’еш – мармеладу не палучыш. Паняў?
        – Што ж, – напаўсур’ёз сказаў Грыневіч. – Пацерпім.
        – Во-во – цярпі. Бог цярпеў і нам, дурням, вялеў. Дык ты чаго стаіш, Васюкоў? Ідзі сюды, пасядзім разам.
        Ён пасунуўся трохі, я ступіў у змрок між ботаў і здаровым плячом уціснуўся між ім і Цвятковым. Не ведаю, можа, таму, што выпіў, але мне раптам здалося, што Ананьеў нібы перамяніўся да мяне – стаў такі таварыскі, клапатліва-прыветлівы, якім, можа, ні разу не быў за час мае ў яго службы. У маёй ужо захмялелай галаве заварушыліся здагадкі на гэты конт – ці не прычынай таму наша сумесная і такая паспяховая ўвогуле атака? А можа – маё раненне, якое ў адну хвіліну зрабіла мяне ўжо не ягоным падначальным, а амаль роўным, таварышам па мінулых баях, і толькі. Нічога падобнага раней мне не даводзілася адчуваць. Як гэта добра – мець у адносінах гэтую сціплую таварыскую роўнасць, хмельна думаў я, адчуваючы амаль што любасць да свайго камандзіра роты.
        – А лоўка мы іх турнулі, га? – запытаў ён, павярнуўшы да мяне грубаваты, з кучаравымі бачкамі на шчоках, цяпер па-добраму ўсмешысты твар. Праз секунду, аднак, гэты твар спахмурнеў. – Шкада Крывашыява, ядрона вош! Харошы салдат быў... Ну, дык што? – цераз голаў Зайцава ён зірнуў на заўжды маўклівага пры начальстве старшыну Піліпенку– Выпіць чарку не забудзь, на тым свеце не дадуць. Давай, старшына! Твая чарга...
        Піліпенка моўчкі ўзяў з ягоных рук кварту і адразу ж пацягнуўся да самага вялікага кавалка на скрынцы. Ананьеў трасянуў пляшкай.
        – Шчэ ёсць. Цвяткову не дамо – не заслужыў. Фрыц тож аблізнецца. Гэта – для Ваніна. Ванін – маладзец!
        У траншэі зашэрхала палатка. Грыневіч, які сядзеў насупраць увахода, узняў голаў.
        – Здаецца, лёгкі на ўспамін, – сказаў ён.
        Аднак, замест Ваніна, у бліндаж уваліўся доўгі няскладны Шнэйдар.
        – Таварыш старшы лей...
        – Шнэйдар, – перабіў яго Ананьеў. – Ну-ка во гэтага цуцыка дапытай.
        Аброслы чорнаю шчэццю Шнэйдар, каб не згінаць галавы, зняў з пляча аўтамат і ўкленчыў ля ўваходу. Ананьеў згроб недзе між ног кіпу папер палоннага, зверху якой была салдацкая кніжка, і працягнуў перакладчыку.
        – Спярша паглядзі, во. З якой ён часці, фрыцок гэты.
        Шнэйдар стрымана пераняў дакументы, не выказаўшы ніякае цікавасці да немца. Той, аднак, мабыць, зразумеўшы, што гаворка ідзе пра яго, адвярнуў убок свой набычаны твар. Шнэйдар дастаў з кішэні абтрапаную кніжачку ў каленкоравай вокладцы. Гэта быў нямецка-рускі ваенны размоўнік, У якім баец хутка знайшоў патрэбную старонку.
        – Ві іст ігр Намэ унд Діенстград?1
        Быццам трохі здзівіўшыся, пачуўшы сваю мову, палонны варухнуў галавой, зірнуў на Шнэйдара і насупіўся. Цяпер ён быў чамусьці распрануты, без шыняля, у адным фрэнчы з трыма знакамі на пятліцах. На ягоных грудзях цьмяна блішчала з паўтузіна нейкіх значкоў ці медаляў: ромбік гітлерюгенда, значок сталёвага шлема, медаль за зімоўку ў Расіі. Былі і невядомыя мне, у тым ліку і нейкая прадаўгаватая эмблема-нашыўка з кінжалам і гранатаю у сярэдзіне дубовага лісця.
        – Ві іст ігр Намэ унд Діенстград? – настойліва паўтарыў Шнэйдар
        Ананьеў, сцяўшы над пераноссем белыя бровы, пільна сачыў за немцам, чакаючы яго адказу, як той раптам ваўкавата бліснуў вачыма.
        – Вэк, юдэ!
        Тое зразумелі і без перакладчыка. Грыневіч амаль са спалохам на твары памкнуўся ўстаць на ногі, Піліпенка вылаяўся. Шнэйдар раптам зрабіў рэзкі выпад, і, перш чым мы паспелі што зразумець, галава немца рэзка баўтнулася назад і глуха стукнулася патыліцай аб земляную сцяну. Ананьеў з раптоўнай і не дужа натуральнай весялосцю зарагатаў.
        – Адставіць! – на ўвесь бліндаж крыкнуў Грыневіч. – Вы што?
        – А што ён?! – у шаленстве выгукнуў Шнэйдар і змоўк.
        Ад хвалявання ён нічога не мог сказаць і апусціўся на калені. Ананьеў, ужо не смеючыся, аднак з фальшываю жвавасцю паўтарыў:
        – Здорава! Ну і здорава, Шнэйдар! Ты не баксёрам быў?
        – Я слесарам быў! – са стрыманай лютасцю адказаў Шнэйдар, не адрываючы позірку ад немца.
        Немец знерухомеў пад сцяной, у ценю не бачны быу яго твар, але адчувалася, як ён набычыўся, напяўся, крадком сочачы адтуль за перакладчыкам. Светлыя валасы на яго галаве распаліся надвае і звісалі на вушы. Грыневіч з асуджэннем, якое не зразумець, да каго адносілася, паглядзеў па чарзе на перакладчыка, камандзіра роты і немца.
        – Вы што – чапэ захацелі? Ёсць жа загад па арміі наконт палонных!
        – Загад! У нас адзін загад. А ў іх другі загад: бый, давы! – нервова загаманіў Піліпенка. – Я б ёму шчэ не так врізав.
        Грыневіч асуджальна і строга паглядзеў на старшыну і памалу пачаў усаджвацца на сваё месца. Ананьеў кісла паморшчыўся.
        – Ладна, чорт з ім! – сказаў ён. – Паглядзі ў кніжку, якая часць.
        Дрыготкімі рукамі Шнэйдар разгарнуў немцаву салдацкую кніжку, пагартаў яе і трохі паспакайнелым тонам аб’явіў:
        – Трыста дваццаць чацвёрты асобны сапёрны батальён. Трэцяя рота. Камандзір узвода обер-фельдфебель Фердынанд Грос. Далей тут праходжанне службы. Узнагароды. Група крыві. Адрас сям’і: Дзюсельдорф...
        – Начхаць на адрас: пісаць не будзем. Запытай лепш, якое падраздзяленне абараняла вышыню? Шнэйдар пагартаў размоўнік.
        – Вас фюр... Вас фюр айн Абтэйлюнг... вертэйдзіген Іегэ?
        Немец толькі ваўкавата, з-пад ілба зірнуў на яго і не адказаў.
        – Мо ён не разумее? – усумніўся Ананьеў. – Гляджу, з цябе перакладчык, як з мяне гарманіст.
        – Зразуміе – чакайтэ! Кулак він лепш зрозуміе! – сказаў Піліпенка.
        Ананьеў кінуў Шнэйдару:
        – Ану, яшчэ!
        Шнэйдар запытаў і яшчэ, ды ўсё дарма – немец дэманстратыўна не звяртаў на яго ўвагі, быццам яго і не было тут. Ён не хацеў размаўляць, гэта стала відавочна, і тады Ананьеў з маўклівай пагрозай устаў на ногі. Высокая яго постаць У пакамечаным шынялі перагарадзіла бліндаж, камандзір роты пераступіў цераз нечыя ногі і ботам дужа піхнуў бот немца.
        – Ты, цуцык! – сказаў ён з такім выразам, што ўсе ў бліндажы прыціхлі. – Калі ты будзеш мне тут выпендрывацца, дык я з цябе бешбармак зраблю. Не пагляджу на загады – капут зраблю ў дзве секунды. Паняў?
        Твар Ананьева зрабіўся сурова-бязлітасны, і для мяне не было ніякага сумнення, што сваю пагрозу ён здзейсніць. Немец па-ранейшаму ваўкавата горбіўся пад сцяной, старшы лейтэнант змераў яго ўладарна-пагрозлівым позіркам. Затым позірк яго ўпаў на кварту з гарэлкай, якая стаяла на скрынцы. Ананьеў схапіў яе і павярнуўся да немца.
        – Пі, сволач!
        Немец зразумеў, на імгненне прыціх, нібы ў нерашучасці, але нечакана падаўся наперад і ашчаперыў кварту. Ён выпіў га-рэлку з таропкай рашучасцю асуджанага і працяг кварту ротнаму.
        – Нох!
        – Што?
        – Нох!
        – Шнэйдар! – павярнуўся ротны да парога.
        Перакладчык са злой зацятасцю на твары гартаў свой размоўнік, але, мусіць, не знаходзіў таго, што шукаў.
        – Здаецца, яшчэ просіць.
        – Яшчэ?
        Ананьеў яўна здзівіўся і з нейкім новым пачуццём павярнуўся да палоннага.
        – А, сукін сын! Цвяткоў, дай пляшку.
        Ён выліў у кварту ўсё, што заставалася ў пляшцы, немец, як і першы раз, усё гэта з прагнай рашучасцю выпіў да дна і вяла шпурнуў пад ногі апусцелую кварту.
        – Глядзі! Глядзі ты! От гэта фрыц! – здзівіўся Ананьеў. – Ну, цяпер ты развяжаш язык! Шнэйдар, давай бліжай! Пытайся пра вышыню.
        Шнэйдар задаў усё тое ж пытанне, але немец, нават недаслухаўшы яго, раўнуў:
        – Шыссен!
        Нешта напружана згадваючы, Ананьеў нахмурыўся. Грыневіч таксама з прыкметнай трывогай пазіраў на палоннага, які аберуч дзерануў на сабе мундзір.
        – Шыссен, рус швайн!
        – Падлюга! – з нянавісцю сказаў Шнэйдар, які першы, відаць, зразумеў гэты крык немца. – Застрэліць патрабуе.
        Обер-фельдфебель яшчэ некалькі разоў пракрычаў сваё «шыссен!», дзеручы сябе за канцы каўняра. Два гузікі з грудзей скаціліся ў дол. Але ніхто яго не страляў, і немец, мусіць, зразумеў, што не даб’ецца нічога. Тады ён абмяк, ап’янела адкінуўся да сцяны, прамармытаў некалькі незразумелых адрывістых фраз. I раптам, сіпата картавячы, загундзеў:
        
         Вен дзі зальдатэн
         Юбер дзі маршырэн,
         Офнэн дзі Медхен
         Фэнстэр унд дзі цірэн...1
        
        Усе, хто быў у бліндажы, глядзелі на яго, бы на вар’ята – такога немца, мусіць, яшчэ не бачылі. Трапляліся палахлівыя размазні, прававерныя гітлераўскія фанатыкі, стрымана маўклівыя прусакі, але такога балбеса бачылі ўпершыню. Ананьеў хвіліну заставаўся яўна збянтэжаны, бровы яго ўсё ніжай асядалі на гняўлівыя вочы. Немец тым часам, матляючы галавой, спаўзаў усё ніжэй, нешта сонна гугнявіў і раптам зусім змоўк.
        Старшы лейтэнантсмачна вылаяўся.
        – Піліпенка, ану, трасані яго!
        Піліпенка, падаўшыся на каленях да немца, ахвотна раз і другі пырануў яго ў бок. Але немец толькі прамармытаў нешта і сціх, бяссільна перакаціўшы голаў на другое плячо.
        – Эй, Гітлер! Эй! Спыць, падлюка, шчоб ёму не праснутысь!
        – Што ты пораш! – прыкрыкнуў Ананьеў. – Трасяні, каб душа з яго выкацілася!
        Піліпенка згроб немца загрудкі і сапраўды трасануў так, што аж затрашчаў яго фрэнч. Але зноў ніякага выніку.
        Грыневіч з цікаўнасцю пасунуўся да палоннага і гідліва паўзіраўся ў яго. Ананьеў нешта паразважаў, потым нагнуўся і кулаком падняў немцаў падбародак. Немец ап’янела бяспросыпна спаў.
        – Ах, абармоціна! Ды ён жа быў п’яны! – даўмеўся старшы лейтэнант. – А я на яго шчэ гарэлку псаваў! Ось жа гад! Паскуда! Дапыталі, называецца. Цьфу, дурні набітыя!..
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Калі салдаты маршыруюць па вуліцы,
        Дзяўчаты адчыпяюць вокны і дзверы.
        (Нямецкая салдацкая песня.)
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.