РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
14
        
14

        
        Аднак кулямёт не спатрэбіўся, ніякага ашуканства не было. Як ні дзіўна, а праз дваццаць хвілін, жывы і нават павесялелы, Шапа прывёў Чумака, які, сышоўшы з насыпу, стаў ля канавы, ні разу ні на каго не глянуўшы. Затое на яго цяпер глядзела ўся рота. Хлопцы забыліся на свае недакапаныя акопчыкі, на макрэдзь, нават страцілі цікавасць да рэчмяшка з сухарамі, што яшчэ непадзеленыя ляжалі на адхоне – усе, як на дзіва, з недаўменнем глядзелі на недарэку-аўтаматчыка.
        Ананьеў, набычыўшы ўскудлачаны голаў, зверавата прасачыў з-пад ілба за яго няўпэўненай, хісткай хадой. Калі аўтаматчык спыніўся, ротны марудліва падняўся на адхоне.
        – Ну! – сказаў камандзір роты, і ўсе ўраз сціхлі. – Ну, палоннічак! Чаму не застрэліўся?
        Чумак тады ўпершыню падняў ад долу дарэшты разгублены, атупелы позірк і неяк скоса, боязна і жалліва паглядзеў на камандзіра роты.
        – Чаму не ўбёг? Чаму врагу здаўся? Так тваю растак! Адказвай, я пытаюся! Праспаў?
        – Праспаў, – прастадушна пацвердзіў Чумак і ўздыхнуў.
        – Ах, праспаў? – з’едліва ўсумніўся Ананьеў. – А аўтамат дзе?
        Чумак, не пераступаючы, тулавам павярнуўся да вышыні сваім кароткім непадпяразаным, без хлясціка шынэлку і ткнуў туды пракураным заскарузлым пальцам.
        – Там.
        Гэтая наіўнасць дарослага чалавека, здольная ў іншых абставінах рассмяшыць, цяпер яшчэ болей абурыла ротнага.
        – Там? Глядзі ты – помніць! Цябе ж расстраляць, дурня, трэба! Ты ж – здраднік! Ты ворагу здаўся. I зброю здаў. Ну!
        Чумак толькі трудна, вінавата ўздыхнуў.
        – Ах ты, размазня! Страляць трэба было! Абараняцца! Аўтаматам! Лапаткай, зубамі грызці ім глоткі! А ты?!
        Аўтамат, вядома, у яго адабралі. Каб адбівацца лапаткай, трэба трохі болей спрыту, чым яго была ў Чумака. I тут раптам я прыпомніў гранату, якую даваў яму ўначы.
        – А граната?
        Чумак, бы глухі, няўцямна паміргаў вачыма, нібы не разумеючы сэнсу майго пытання.
        – Граната! Граната. Помніш, я даваў табе?
        Успомніўшы, ён хуценька сунуў руку ў кішэню і асцярожна выцяг адтуль маю зараджаную, з запалам і некранутай чакой «Ф-1».
        Ананьеў плюнуў і закавырыста, па-мацернаму вылаяўся.
        – Дурня кавалак! Ну і чорт з табой! Не навучыў я – штрафная навучыць. Загрыміш у штрафную... Паняў?
        Чумак апусціў галаву яшчэ ніжэй. Шапа падышоў да яго і спакойна ўзяў з рукі гранату. Ананьеў раздражнёна адкінуў назад планшэтку, якая замінала ля ног, зрабіў два крокі на адхон і спыніўся.
        – Ваніна не бачыў?
        – Не. Мяне ж скруцілі ды – у бліндаж... У бліндажы сядзеў.
        – У бліндажы! Растакую тваю матары!..
        Але злосць ротнага, як заўсёды, хутка міналася, ён патаптаўся крыху і стомлена сеў на адхон. Мы ўсе – я, Шапа, Шнэйдар, некалькі байцоў – стаялі навокал, не ведаючы, радавацца ці абурацца.
        Ананьеў палой шыняля выцер брудныя рукі і падняў злосны позірк на Шнэйдара.
        – Ты! Забірай гэтага чмура! Каб я яго тут не бачыў!
        Счакаўшы трохі, Шнэйдар моўчкі кіўнуў Чумаку, пералез канаву і ўсё так жа нязграбна патрусіў цераз балота. Ужо на бягу ён паглядзеў у бок вышыні. Чумак, плюхаючы па лужынах ботамі, кіраваў следам. Гэты нікуды не пазіраў, ён нібы ў сне, хістка і слепа трухаў за Шнэйдарам. У мяне цеяк павальнела на душы: можа, яшчэ абыдзецца? Ананьеў строгі, крыклівы, але не зласлівы. Калі адправіў ва ўзвод, дык, мабыць, пакуль што не пашле пад арышт. А там ці мала як ўсё можа перайначыцца... Мы праводзілі небараку трохі павесялелымі позіркамі, і, калі абодва дабеглі да кусцікаў, дзе ўжо было схоўна, Ананьеў закрычаў на байцоў:
        – Што разявіліся? Ану, капаць! А то і адсюль драпанеце! Заечая парода!
        – Не драпанём, – бяскрыўдна сказаў хтосьці ў ланцугу.
        Камандзір роты паглядзеў у бок кусцікаў.
        – Яго шчасце, што гэты фельдфебель папаўся. Хаця... – ён пашукаў вачмі Шапу. – Данясенне ўручыў?
        – Уручыў, таварыш старшы лейтэнант. Самому камандзіру палка.
        – Што ён сказаў?
        – Сказаў: маладзец Ананьеў. Камроты зморшчыўся, нібы ад болю.
        – Лепш бы ты яго згубіў. Заблудзіў, камандзіра палка не знайшоў. На якога хрэна ты яго ўручыў?
        Шапа паціснуў плячыма і сеў. Ананьеў даволі паныла ўздыхнуў.
        – Вось так заўжды. Толькі настараешся дзе, тут цябе як шарахне! На нагах не ўстоіш. Ды яшчэ гэты чмур...
        – Таварыш старшы лейтэнант, – зацікаўлена пад’ехаў Шапа, – гэта сапраўды яго ў штрафную?
        – А ты што ж думаў? У бірулькі тут вам гуляць? Вайна – не хаханькі.
        – Калхознік ён... – зазначыў Шапа, нібы гэта само сабой усё вытлумачвала. – Чацвёра дзяцей...
        Ананьеў няпэўна паёрзаў на адхоне.
        – Чацвёра, чацвёра...
        I, падхапіўшыся, амаль вызверыўся на Шапу:
        – Што ты мне дудзіш: чацвёра! Хоць сто! Шапа болей не дудзеў, наставіў ад ветру каўнер і бокам прылёг на адхон.
        – Вунь камісар бяжыць, – сказаў ён спакойна.
        Дзіўна, Ананьеў нібы чакаў таго, хуценька азірнуўся, і заклапочаны твар яго спахмурнеў яшчэ болей. Але гэта толькі на секунду. Тут жа ён строга самкнуў над пераноссем бровы і павярнуўся да нас з Шапам:
        А вы чаго? Чаго ляжыцё? Ану, марш акопвацца! Ядрона вош! Я вам пакажу, разумнікі!
        Што ж, капаць – справа няхітрая. Шапа адшпіліў ад дзягі трафейную нямецкую лапатку і, адышоўшыся на пяць крокаў, ёмка падрэзаў ёю дзірван. Мне ж капаць не было як і нечым, таму я ціха сядзеў на адхоне, прытрымліваючы пад шынялём параненую руку.
        Аднак Шапа перабольшваў, сказаўшы, што Грыневіч бяжыць – нампаліт ледзьве клыпаў, здорава кульгаючы на певую нагу і штораз пазіраючы то на вышыню, то на нас ля дарогі. Ён яўна спяшаўся ці то па нейкай справе, ці, можа, баючыся немцаў, якія пакуль што абыходзілі нас сваёй увагай і сваім агнём. Зрэшты, яны атрымалі свайго фельдфебеля і цяпер, мусіць, радаваліся з тае прычыны: усё ж не часта гэтак здараецца на вайне. А нам вось, мяркуючы па ўсім, радасці было нямнога.
        Я гэта зразумеў яшчэ да таго, як нампаліт прыклыпаў да адхона. Яшчэ зводдаль на яго твары можна было прачытаць крайнюю меру клопату, нават абурэння, зусім відавочна – ён быў узрушаны, што ўвогуле з ім было рэдка. Дужа кульгаючы, Грыневіч з-пад каскі раз-пораз кідаў на нас гняўлівыя позіркі. I чым ён падыходзіў бліжай, тым усё болей хмурыўся Ананьеў. Урэшце нампаліт, яшчэ не пераскочыўшы канавы, зводдаль загаманіў тонам. які не пакідаў ніякага сумнення ў тым, што сталася няшчасце.
        – Ты здурнеў? Ці напіўся? Што ты нарабіў?
        – А што? – сказаў Ананьеў знарок абыякава, але ўсім стала зразумела, што ён і сам выдатна ведае што.
        – Як – што? Ён яшчэ пытаецца! Абмен устроіў! Ты ведаеш, чым гэта пахне?
        – Чым?
        Грыневіч спыніўся ўнізе і шырока развёў рукамі.
        – Я проста не знаю! Ён яшчэ пытаецца чым? – ледзьве не з роспаччу, аж трасучыся, гаварыў нампаліт. На адхон ён не палез, а таптаўся на мокрым травяністым дзірване пад насыпам. Камандзір роты вяла махнуў рукой, з фальшывай бесклапотнасцю адкінуўся на локаць, але зараз жа сеў зноў.
        – Саўсім здурнець трэба. Ты загад ведаеш?
        – Пайшоў ты са сваім загадам! – не дужа рашуча крыкнуў Ананьеў. – У мяне рота. Бачыш? А вунь – немцы!
        Грыневіч уважліва, знізу ўгору, паглядзеў на камроты, той раптам адвярнуўся і высунуў з-за насыпу голаў. У ланцугу зноў прыкметна насцярожыліся, некаторыя аўтаматчыкі, пакінуўшы капаць, пачалі прыслухоўвацца да сваркі. Я першы раз бачыў, як Ананьеў дазваляў намесніку так абыходзіцца з сабой, – гэта зусім было на яго не падобна. Падобна было, што ён і сам адчуваў, што дзесьці даў маху, парушыў нейкі строгі загад, цяпер перажываў, і толькі характар не дазваляў яму пагадзіцца з намеснікам або прамаўчаць.
        З намаганнем адолеўшы круцізну, Грыневіч узлез на насып і спыніўся непадалёк ад ротнага.
        – Ну якога чорта! – сказаў ён цішэй. – Было б каго, а то – Чумака! З-за Чумака такога гада адпусціў...Увайшоў у кантакт з праціўнікам! Трэба ж надумацца!
        Ананьеў на чвэрць абароту павярнуў да яго свой твар.
        – А што, Чумак – не чалавек, па-твойму?
        – Не пра тое размова. Чалавек. Ды які?
        – Савецкі, – сказаў Ананьеў. – Калхознік! Ды што ж яго – на расцярзанне врагам!
        Грыневіч паморшчыўся.
        – Давай без агульных слоў. Давай канкрэтна.
        – Твае ж словы. Ты ж імі байцам мараль талкаеш.
        – Што я талкаю! – павысіў голас нампаліт. – Я палітработу вяду. А ты за адзін раз ўсё насмарку.
        Ананьеў зверавата нахмурыўся, шэрыя вочы яго пыхнулі глыбінным агнём.
        – А ваяваць з кім? – крыкнуў ён, зусім ужо зрываючыся. – З кім мне ваяваць – ты падумаў?!
        Ён спружыніста ўскочыў на калені і рукою шырока ўзмахнуў над насыпам.
        – Во бачыў: узводы, – па дванаццаць чалавек! А вунь вышыня, бачыў? Раз не ўдалася, думаеш усё? Гэ, памыляешся! Прыедзе Сырамятнікаў, загадае ўзяць. Кім браць? Га?
        Ён у запале адным духам пракрычаў гэта і сціх. Аўтаматчыкі ў ланцугу, пакінуўшы працу, з цікавасцю і трывогай пазіралі сюды. У мяне балюча сцялася сэрца – не хапала яшчэ тае сваркі.
        – Гэта не апраўданне, – незгаворліва сказаў нампаліт. – Гэтага Чумака цяпер на кіламетр нельга падпускаць да роты. А ты яго ва ўзвод накіраваў...
        Памалу спакайнеючы пасля нервовага выбуху, Ананьеў сеў на адхон. Невідушчы позірк яго спыніўся на вышыні.
        – I хай будзе.
        – Як гэта – хай будзе! – ляпнуў сябе па калене Грыневіч. Цяпер ускіпеў ён. – Ты што – малы? Ты ведаеш, чым гэта скончыцца?
        – Чым бы ні скончылася.
        Цяпер ён ужо быў ранейшы, добра знаёмы ўсім нам Ананьеў, які не ўступаў, хоць і памыляўся і зрабіў дзе не так. Шляху назад ён не прызнаваў – як бы там ні было, ён ішоў напралом. Праўда, не заўжды гэта канчалася дабром, часцей наадварот. Але тут ужо ўлады над ім у нас не было.
        Настала няпэўная, пакутная паўза. Камандзір роты двума ўдарамі бота выбіў на дзірване ямку, каб ямчэй было ўпірацца, бокам лёг на зваляную мокрую палу шыняля і пачаў засцяроджана глядзець на вышыню. Ушчэнт апанураны Грыневіч нерухома сядзеў побач, і ў выразе ягонага твару з запалымі шчокамі была нічым не суцешная, вялікая самота. Я не мог заглушыць у сабе вострае прыкрасці ад адчування яшчэ болыыай бяды, якая няўхільна насоўвалася і з якой, мяркуючы па ўсім, справіцца не было магчымасці.
        Мусіць, гэта разумеў і Ананьеў, інакш бы ён проста прагнаў лейтэнанта, калі б той наважыўся дакараць яго, ды яшчэ б добра аблаяў. Але цяпер і сам камандзір роты пакутна, амаль вінавата, маўчаў.
        Зводдаль на адхоне падняў галаву Шапа.
        – Таварыш лейтэнант, нашто так? Шкада ж Чумака...
        – А табе сябе не шкада? – са стрыманай злосцю падхапіў Грыневіч. – Ты да немцаў хадзіў?
        – Ну – я... Дак і мяне не цугундзер? Калі ласка!
        – Ану, маўчы! – строга папікнуў яго Ананьеў. – Не твая цялячая справа.
        Грыневіч неспакойна круціўся па адхоне сюды-туды, крэкаў, як ад зубнога болю, нешта думаў і, мабыць, нічога суцяшальнага надумаць не мог. Ананьеў жа пасля свайго грознага выпаду стаў нейкі надзіва спакойны, нават абыякавы. I толькі моцна сцятыя крутыя пашчэнкі сведчылі, з якім намаганнем яму давалася гэта абыякавасць.
        З самага пачатку свары было відавочна, што камроты ўступаў дасведчанай логіцы Грыневіча, бо, мабыць, сам таго не жадаючы, нешта зрабіў не так – на авось, не падумаўшы. I ўсё ж я не мог сцяміць, як тут было зрабіць іначай? Няўжо лепш пакінуць Чумака ў паломе, абы толькі не выпусціць іхняга обер-фельдфебеля? Хіба што на гэты конт былі адпаведныя загады, і тады ўжо, вядома, нічога не скажаш: загады ў арміі не абмяркоўваюцца. Тады выходзіла, што ротны зрабіў памылку. Але не лішне было зразумець і самога ротнага, якому недарэка Чумак пры ўсёй ягонай нязладнасці быў усё ж свой, падначалены баец, цалкам залежны ад волі і ўлады камандзіра роты. Тады як было адправіць яго на яўную пагібель, хоць і ўзяўшы ў палон такога, відаць па ўсім, заядлага фашыста, як гэты фельдфебель.
        Не ведаю, як бы зрабіў я на месцы Ананьева ў падобных абставінах, але цяпер зрабіць як іначай я проста не бачыў магчымасці. Мусіць, і Ванін у такім разе не аддаў бы свайго байца на пагібель – нават, безумоўна, Ванін зрабіў бы ўсё, каб уратаваць яго. Піліпенка, можа, зрабіў бы інакш: гэты ў адносінах да другіх быў яўны законнік. Але Піліпенку можна было зразумець: у пачатку вайны ён ненадоўга трапіў у палон да немцаў і паспытаў там гора, таму старшыну важней за лёс Чумака было не ўпусціць палоннага. Але ж Грыневіч, здаецца, не меў асабістых рахункаў да немцаў, у палоне і акружэнні не быў, а да Чумака, як і да ўсіх іншых байцоў у роце, меў тыя ж самыя дачыненні, што і Ананьеў. Чаму ж тады ён непакоіўся болей за камандзіра роты?
        – Чорт бы яго ўзяў! – з пакутніцкім выразам на твары прагаварыў нампаліт. – Адкуль яго прыгнала на нашы галовы, гэтага Чумака... Ды і фрыца! Хто яго хоць у палон узяў?
        – Ванін узяў, – сказаў Ананьеў.
        – Во, яшчэ і Ванін! – успомніў Грыневіч. – Яшчэ адна гісторыя! Што пра гэта напісаць?
        – А што пісаць? Загінуў. Так і напісаць, – спакойна зазначыў камандзір роты.
        – Ну да! А раптам у палоне?
        – Не дуры, камісар! – стараючыся як мага спакайней, сказаў Ананьеў і пацягнуўся за пляшкай. – Не шчыруй у пекле болей за чорта. Такія, як Ванін, у палон не здаюцца.
        – Усё можа быць... – уздыхнуў Грыневіч.
        – Ні чарта не можа. Я Ваніна ведаю.
        Камандзір роты адвінціў пляшку і наводмаш працягнуў яе нампаліту.
        – Будзеш?
        Грыневіч момант павагаўся.
        – А давай! З гора...
        Ён трохі выпіў, паморшчыўся. Пасля добра хлебануў Ананьеў.
        – Нарабіў ты, нечага сказаць, – ужо болей міралюбіва зазначыў нампаліт. – Як цяпер выкруціцца?
        Ананьеў ямчэй уладкаваўся на адхоне і ціха сказаў:
        – Няма чаго выкручвацца. Маўчы. Нас тут ніхто не бачыў.
        Са спазнелай засцярогай камандзір роты зірнуў на мяне, на Шапу, але тут жа зрабіў выгляд, што ад нас і не тоіцца. Грыневіч пакутна выдыхнуў, затым устаў і паглядзеў на вышыню.
        – Ну што ж, трэба ісці. Сюды фрыцы пусцілі. А адсюль...
        – А вы трошкі вышэй, – паказаў Шапа. – Во, пад насыпам. А там павернеце. Так схоўней. За пагорачкам.
        Грыневіч моўчкі паслухаўся і пакульгікаў уздоўж ланцуга над канавай.
        «Можа, як абыдзецца», – падумаў я.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.