РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праклятая вышыня
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
13
        
13

        
        Заняўшы свае акопы, немцы зусім сціхлі на вышыні, нібы ўсё астатняе іх не цікавіла. Па нас яны чамусь не стралялі. Ананьеў спярша пабег, нават прыгнуўся на адкрытым, але стрэлаў не было, і тады ён проста пайшоў хуткім крокам. Я дагнаў ротнага і, штораз пазіраючы на вышыню, сігаў крыху ззаду. Нас было лёгка падстрэліць тут, але Ананьеў не бег, а бегчы мне аднаму было проста сорамна перад камандзірам роты. Так мы ішлі па амаль адкрытым полі.. Стрэлаў не было.
        Мяне, прызнацца, гэта трохі дзівіла, падумалася: ці не рыхтуюць яны нам двум што-небудзь і яшчэ горшае? Але, здаецца, для таго было пазнавата: мы перайшлі ўжо адкрытую балацявіну, набліжаліся да насыпу ля мастка. I тады на тым месцы, дзе нядаўна мы сядзелі з палонным, я ўбачыў Шапу. Відаць было, аўтаматчык чакаў камандзіра роты, ля яго ног ляжаў аўтамат і напакаваны чымсь рэчмяшок.
        Ананьеў таксама ўбачыў яго, але ніяк не выказаў свае зацікаўленасці – зрэдку пазіраючы на вышыню, дайшоў да насыпу, пераскочыў лужыну ў канаве і па адхоне далез да броўкі дарогі.
        Шапа павярнуўся да камандзіра роты.
        – Ваш загад выканан, таварыш старшы лейтэнант. Ананьеў, аднак, моўчкі лёг на адхон і, высунуўшы голаў, упершыню засяроджана агледзеў схілы вышыні.
        – Там другі батальён разварочваецца, – паказаў убок Шапа. – Па ўзгорку за дарогай.
        У ветраным небе густа плылі шызыя, набрынялыя сцюжай хмары, было золка, сцюдзёна, аднак снег болей не ішоў. Той, што застаўся з ночы, памалу таяў у траве. На дарозе, на схілах вышыні яго ўжо засталося няшмат, паласа зямлі за рачулкай гразка чарнела раскіслым зляжалым ворывам. У некалькіх месцах на схіле відаць былі трупы забітых – шэрыя нерухомыя камякі шынялёў на стаптаным мокрым снезе.
        – Дзе старшына? – ваўкавата запытаў Ананьеў.
        – А там, за ўзгоркам, – падхапіўшы рэчмяшок, пасунуўся вышай Тапа. – Падвода зламалася. Вось тут перакусіць пакуль што.
        Старшы лейтэнант скоса зірнуў на мокры рэчмяшок у ягоных руках.
        – Ён што – рэчмяшком думае роту накарміць?
        – Ды гэта пакуль што. Для вас.
        Баец таропка развязаў лямкі і дастаў некалькі сухароў, бляшанку кансерваў і белую алюмініевую пляшку. Ананьеў працягнуў руку і перш-наперш згроб ёю пляшку:
        – Дай сухара...
        Шапа ўслужліва выбраў яму найбольшы сухар. Старшы лейтэнант разламаў яго напалам. Аўтаматчык няўцямна зірнуў на камандзіра роты.
        – Астатняе падзеліш на ўсіх. Паняў?
        – Што дзяліць, таварыш старшы лейтэнант?
        – Што ёсць.
        Лежачы на баку і зусім безуважны да нас, Ананьеў адвінціў пляшку і, ускінуўшы яе, адпіў некалькі глыткоў. З выгляду ён памалу спакайнеў, грубаваты твар яго набываў звыклы выраз зласнаватай суровасці. Байцы на адхоне старанна акопваліся, кідаючы запытальныя позіркі на камандзіра роты, Шапу і мяне таксама, быццам я ведаў што-небудзь невядомае ім. Але пра тое, што здарылася ўранку, я ведаў меней за іх. Дагэтуль нельга было зразумець, як усё тое сталася, хто вінаваты і што роту чакала далей. Праўда, побач быў Ананьеў, толькі ён зацята маўчаў, і я не адважваўся загаварыць з ім.
        Вядома, гэта была бяда, якая, зрэшты, здаралася не ўпершыню. Было нават і яшчэ горш. Але і цяпер нас стала дужа ўжо мала, узводныя ланцужкі здаваліся занадта кароценькія – дзесятка паўтара аўтаматчыкаў ляжала за хмызняком ды столысі ж за насыпам. Да таго ж, тут былі і параненыя, якіх неўзабаве трэба будзе адпраўляць з роты, – колькі ж тады нас застанецца? – думаў я.
        Аб тым жа, мабыць, думаў і ротны, які, грызучы сухар, змрочна азіраў свае баявыя парадкі.
        – Ось табе і рота! – сказаў ён, – Дакамандаваліся, у тры госпада маць...
        – А што – і Зайцава няма? – асцярожна запытаў я.
        Ананьеў не адказаў і не зірнуў нават на мяне, ён зноў угледзеўся ў вышыню, нібы чакаў кагосьці адтуль.
        Але чакаць было некага – мёртвыя не вярталіся. Шкада было многіх небарак, асабліва малодшага лейтэнанта Ваніна, яго памкамузвода Закірава, ды і Зайцава таксама. Зрэшты, да Зайцава мае адносіны былі болей складаныя. Вядома, я не жадаў но-ваму ардынарцу злога, ён быў хлопец някепскі, але, не ўсвядоміўшы яшчэ да канца, я міжвольна адчуваў нейкае як бы задавальненне ў душы, што замест яго ля камандзіра роты зноў я.
        Ананьеў праглынуў рэшту сухара і з нейкай ужо новаю думкай агледзеў узвод.
        – Так. Дзе Цвяткоў?
        – Куркова перавязвае, – сказаў Шапа.
        – Перадай, хай збірае параненых, гэтага цуцыка, – ротны кіўнуў на немца, які, сцяўшыся, паныла сядзеў у мундзірчыку пад насыпам, – і па канаве ў тыл.
        Шапа, прыгнуўшыся, пабег па адхоне, а я ў каторы ўжо раз адчуў шчымлівую самоту ад таго, што вось-вось, мабыць, і для мяне ўсё скончыцца. Вядома, у медсанбаце горш не будзе, у чымсьці санбат нават здаваўся зманлівым. Ды вось бяда: ён быў дзесьці далёка, у невядомасці, ва ўсякім разе, па-за ротай. А ўсё, што не было маёй ротай, здавалася мне непатрэбным, нецікавым, пастылым.
        Я выпрабавальна зірнуў у твар камандзіру, але той, туга сцяўшы пашчэнкі, унікнуў ці не заўважыў гэтага позірку. Пакуль што ён не казаў нічога, здаецца, ён наогул пра мяне не думаў, відавочна, яго клапаціла іншае. Лежачы на адхоне, ён усё кідаў позіркі то на вышыню, то ўбок, куды нядаўна паказваў Шапа і дзе, здаецца, сапраўды падыходзілі нашыя батальёны. Некалькі разоў – чуваць было – там прагрукацеў «максім», бахнулі вінтоўкі. Аднойчы вецер данёс нават крык, мабыць, каманду. Праўда, адсюль, з лагчыны, яшчэ нічога не было відаць. I ўсё ж блізкая прысутнасць сваіх супакойвала, несла нейкую ўпэўненасць, што страшнага болей не здарыцца.
        Паляжаўшы так, Ананьеў пасунуўся ніжай, сеўшы, падцягнуў на жываце дзягу. Мусіць, ад выпітай гарэлкі, яго счарнелы зашчацінены твар ажыў, позірк набыў спакойнасць, былое звераватае ўладнасці ў ім заставалася ўсё меней. Аднак напружана-пакутніцкая зморшчына пад пераноссем не знікала – свежае перажыванне ад няўдачы рэзка адбілася на твары камандзіра роты.
        Праз хвіліну Ананьеў ускочыў на ногі і імкліва збег па адхоне. Я, як гэта рабіў заўжды, падхапіў свой аўтамат з разбітым прыкладам і памкнуўся следам. Але я трошкі замінаўся аднаруч, – плячо ўсё ж пакутна балела, – і не паспеў збегчы ўніз, як аднекуль здалёку пачуўся крык. Нешта падобнае на працяглае: «Гэ-эй!» даляцела ад вышыні і сціхла.
        – Таварыш старшы лейтэнант! – раптам выкрыкнуў аўтаматчык на адхоне: застыўшы з лапаткай у руках, ён выглядваў па-над дарогай, і ў голасе гучалі трывога і здзіўленне.
        Камроты спыніўся.
        – Што такое?
        – Гляньце!
        Тое, што заўважыў аўтаматчык, здаецца, ужо было відно ўсім на адхоне. Байцы трывожліва замерлі ў сваіх акопчыках, ніхто не прамовіў ні слова. Ананьеў счакаў з недаверлівай прыкрасцю на твары, затым, нібы сцяміўшы нешта, у некалькі скачкоў адолеў насып. Я таксама хуценька ўзбег па адхоне і апусціўся на бок непадалёк ад ротнага.
        Усіх над дарогай скавала недаўменне і цікаўнасць, з вышыні зноў данеслася далёкае, яўна не нашае: «Гэ-эй!», і на схіле ля верхняй мяжы ворыва мы ўбачылі двух. Яны нетаропка ішлі ўніз – другі амаль ушчыльную за першым. Задні пры тым шырока махаў рукамі, пэўна, падаваў знак, каб не стралялі.
        – Гэ-эй! Ніхт шыссен! Нікс стгаляй!
        Вядома, гэта былі немцы, і мы ўсе змярцвелі ад напружанага, нямога здзіўлення, ледзьве верачы сваім вачам. Але тыя сапраўды ішлі да нас. Толькі нейкія трохі дзіўныя былі гэтыя немцы. Добра ўгледзеўшыся, я перш-наперш адзначыў, што апрануты яны неяк неаднолькава. Задняга нельга было разгле-дзець, а на пярэднім быў вельмі падобны на наш шэры караткаваты шынэлак без гузікаў і ыепадпяразаны. Ды і шапка на ім была наша – зімовая з растапыранымі ў бакі вушамі. I тут мяне раптам бы штось штурханула знутры – выразна і ўпэўнена, я зразумеў, што гэта...
        – Чумак?!.
        Я і сам здзівіўся свайму адкрыццю і, мусіць, здзівіў камандзіра роты, які, аднак, паволі прыўзняўся і стаў на калені. Двое на схіле неяк засцярожліва сышлі ўздоўж ворыва ніжэй і спыніліся. I тады ўжо ўсёй роце стала беспамылкова відаць, што між падталых плям раскіслага снегу, уткнуўшы голаў і вінавата ссутуліўшыся ў сваім пакамячаным шынэлку, стаяў наш Чумак. За ім, акуратна за самай спіной, яўна хаваючыся, падаваў знакі немец з аўтаматам на грудзях, у касцы, з круглай процівагазнай каробкай на баку.
        Як толькі яны спыніліся, немец нешта пракрычаў цераз Чумакова плячо, але мы не зразумелі ніводнага слова з гэтага яго крыку. Я няўцямна зірнуў на Ананьева, той, у напружанай позе прыўстаўшы на каленях, зноў зрабіўся счарнела-пагрозлівы і таксама, відаць, не мог сцяміць, што там адбываецца.
        – Шнэйдар! – страпянуўся Ананьеў, калі немец крыкнуў яшчэ. – Дзе Шнэйдар? Шнэйдара сюды! Ану!
        Гэта ўжо – да мяне. Я ўскочыў на адхоне, але ўспомніў, што Шнэйдар быў ва ўзводзе Піліпенкі, і цяпер мне дужа не хацелася бегчы туды. Аднак піліпенкаўцы таксама ўжо ўбачылі гэтых двух на схіле і, паўставаўшы ў сваіх акопчыках, пазіралі на вышыню.
        – Шнэйдар! Шнэйдара сюды!
        Там пачулі, нехта паўтарыў каманду, і я зноў, захоплены трывожнай цікаўнасцю, падаўся да камандзіра роты. Ананьеў, зусім забыўшыся на небяспеку, высунуўся з-за насыпу амаль да сярэдзіны і мацюкаўся.
        З панылай пакорнасцю ва ўсёй нехлямяжай постаці між намі і немцамі стаяў наш аўтаматчык Чумак. Спярша мы думалі, што ён пачне нешта гаварыць, можа, агітаваць, каб здаваліся ў палон – такое ўжо было аднойчы і цяпер не здзівіла б нас. Але ён маўчаў. Тады здалося, што ён наважыўся чэсна загінуць, каб не саслужыць немцам подлае службы здрадніка, і гэта выклікала спачуванне да небаракі. Але пакуль што абодва яны нерухома стаялі на схіле. Немец так шчыльна ціснуўся да Чумаковай спіны, што стрэліць, каб не трапіць у Чумака, было немагчыма. Аўтаматчыкі ў ланцугу загаманілі, кожны па-свойму разумеючы гэтую падзею.
        – Ось гад! Прадажнік, канешне.
        – Які там прадажнік! Уліп ён.
        – Ды бяжы ты, расцяпа!
        – Дзе Шнэйдар? – раўнуў, павярнуўшыся да мяне, Ананьеў.
        Але Шнэйдар ужо бег. Толькі гэты доўгі, няўклюдны чалавек проста, відаць, не ўмеў спяшацца. Бег яго хутчэй напамінаў леную хаду з прыскокам – згорбіўшыся, ён то вяла трухаў, то блытана клыпаў па мокрым палетку.
        – Бягом!! – крыкнуў з насыпу камандзір роты.
        Шнэйдар урэшце перабег адкрытую балацявінку, перасяг лужыну ў канаве і з нейкай няўклюднай развалкай палез на адхон. Ротны, трохі памякчэла, спытаўся:
        – Што ён крычыць? Ану, паслухай.
        Шнэйдар крыва перасмыкнуў вуснамі.
        – Што слухаць? Таго фрыца выменьвае.
        Ананьеў пакутна зламаў брыво, расслаблена асеў ніжай, а затым і зусім адвярнуўся ад вышыні. Шнэйдар узлез наверх і, не ведаючы, што рабіць далей, укленчыў на адно калена, адставіўшы ўбок доўгую, у ватных штанах нагу. Халява ягонага кірзача была рвана распората чымсь, мабыць, асколкам.
        Наступіла трудная паўза. Хлопцы ў ланцугу зусім прыціхлі. Ніжэй, пад адхонам, напружана застыў палонны, над якім, чагось чакаючы, стаяў сяржант Цвяткоў.
        Уздоўж канавы да нас бег Шапа.
        Не ведаючы, што і думаць, я зноў перавёў позірк на схіл і адчуў у сабе міжвольнае шкадаванне да гэтага небаракі Чумака. Трэба ж было яму трапіць у такое становішча, якога не дай бог нікому! Ён і сам, мабыць, разумеў гэта і цярпліва стаяў, з выгляду зусім абыякавы да свайго лёсу, напалоханы, збянтэжаны, наўрад ці да канца разумеючы ўвесь драматызм таго, што здарылася.
        У ланцугу, перабіваючы адзін аднаго, гаманілі:
        – За Чумака – гэткага фрыца? Няма дурных.
        – Дык што ж – Чумаку прападаць?
        – Уцякаць трэба!
        – Глядзі ўцячэш, калі на мушцы трымаюць.
        – З кулямёта тады абодвух... Усё адно...
        Ананьеў на адхоне зрабіўся як сам не свой – пакутна круціўся сюды і туды, паглядзеў на схіл, напаўголаса вылаяўся. I ўсё ж на нешта трэба было наважыцца. Пасля хвіліннай нерашучасці камроты зноў крутануўся да вышыні.
        – Кулямёт сюды!
        – Кулямёт – да камандзіра роты! – перадаў па ланцугу Шапа.
        I тут жа пад насыпам з’явіўся невялічкі вузкавокі Батурбаеў з зараджаным РПД у руках. Падбегшы, ён узлез на адхон, і Ананьеў з каменным выглядам счакаў, пакуль той устанаўліваў на броўцы перад ім кулямёт. Нарэшце Батурбаеў шчоўкнуў затворам, зірнуў на вышыню, пасунуў хамуцік прыцэла, планка якога крута паднялася ўгору – да цэлі аказалася даволі далёка. Кулямёт быў гатовы, баец адхінуўся, уступаючы месца камандзіру роты. Аўтаматчыкі ў ланцугу нядобра прымоўклі, чакаючы самага, можа быць, драматычнага.
        Раптам Ананьеў закрычаў:
        – Ты што мне яго суеш? Сам не ўмееш? Батурбаеў збянтэжана перамігнуў вузенькімі шчылінкамі вачэй:
        – Умею, таварыш камандзір. Пачаму не ўмею?
        – Умееш! – з’едліва перадражніў камроты, выцягваючыся за кулямётам. Ён паляжаў нядоўга, нібыта нават прыцэліўся і зноў падняўся, абапершыся аб адхон. Пальцы на яго шырокай руцэ ледзьве прыкметна ўздрыгвалі. – А ён спраўны?
        – А як жа! Спраўны, таварыш камандзір...
        – Дзе ён к д’яблу спраўны! – злосна закрычаў Ананьеў. – Ён гразёй забіты!
        Батурбаеў вінавата скалупнуў з прыклада прысохлы камячок гразі.
        – Убірай к чортавай матары свой драндулет! – пракрычаў камандзір роты і, сеўшы, адвярнуўся.
        Батурбаеў з гатоўнасцю падхапіў кулямёт і збег уніз да канавы.
        Дзякуй Богу, пранеслася ў галаве, хоць няспраўнасць кулямёта наўрад ці мяняла што ў становішчы Чумака, які па-ранейшаму заставаўся на краі пагібелі, хіба што цяпер не ад сваёй кулі. Там, на схіле, відаць, счакаўшы зададзены час і не атрымаўшы адказу, немец-канваір пачаў адступаць назад, як і раней прыкрываючыся Чумаком. Яшчэ хвіліна, і яны аддаляцца так, што, мабыць, будуць недасягальныя для нашага агню.
        Ананьеў пакутліва штосьці рашыў і ўскочыў на ногі.
        – Цвяткоў, давай фрыца!
        Цвяткоў паслухмяна падштурхнуў фельдфебеля, той, аб чымсьці здагадваючыся, нясмела яшчэ падняўся і з гатоўнасцю заскакаў аднанож, падаючы рукой на адхон. Камроты крутануўся да перакладчыка.
        – Шнэндар, адвесці! Размяняць і – з Чумаком назад!
        Штосьці падобнае на ўздых палёгкі пранеслася над дарогай і, хоць многае было яшчэ не зразумела і нявырашана, тым не менш з’явілася адчуванне, што галоўнае ў гэтай справе набывала лепшы кірунак.
        Але Шнэйдар адрэагаваў на загад зусім нечакана. Не варухнуўшыся з месца, ён раптам пабялеў з твару, аднак не ад страху – ад страху бялеюць зусім інакш. Мусіць, гэта было асіленае ў сабе абурэнне, бясслоўны пратэст: у чорных вачах аўтаматчыка нешта ўзгарэлася і атухла. Ён ссунуўся ніжай і ціха, але выразна сказаў:
        – Я не пайду.
        – Што?
        – Не пайду. Што хочаце – не пайду.
        Ананьеў таксама пабялеў:
        – Гэта чаму?
        – Ён мяне абразіў. Я не магу.
        – Ах, не магу!. Растакую вашу, беларучкі праклятыя! А я – магу?.. Камроты пагрозна пасунуўся да аўтаматчыка, здалося – ударыць, але не ўдарыў – у апошняе імгаенне крута павярнуўся ад яго ўбок. – Шапа!
        – Я.
        – Адвесці немца! – з суровай няўхільнасцю, якая ўжо адным сваім тонам выключала нязгоду, загадаў Ананьеў.
        Шапа з гатоўнасцю тузануў затвор аўтамата і скочыў да немца.
        – Марш!
        – Ды не марш! Бяры пад руку і валяй! I не трусь – прыкрыем. Кулямёт сюды!
        Батурбаеў узбег на адхон, зноў устанавіў кулямёт, за які, рашуча адхінуўшы кулямётчыка, зноў лёг камроты.
        Шапа падхапіў немца пад руку і ўзвадок яго на насып дарогі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.