РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
1
        
1

        
        Траншэя была мелкаватая, пад пахі, не болей, сухая і пыльная. Каб не дужа вытыркацца з яе, Валошын звыкла аблягаўся грудзьмі на бруствер, расставіўшы ў бакі локці. Аднак доўга стаяць так, згорбіўшыся, пры ягонай высокай мажнай постаці было не надта каб зручна, мяняючы позу, камбат незнарок варухнуў локцем, і мёрзлы камяк зямлі з глухім стукам скаціўся ў траншэю. Адразу ж унізе пачуўся ціхі крыўдлівы віск, затым энергічны фыркат сабакі, з якім той страсае абсыпаную пылам поўсць, і побач на броўку мякка ляглі дзве шырокія кіпцюрыстыя лапы.
        — Джым, ляжаць!
        Не адрываючы ад вачэй бінокля, Валошын пакруціў пальцамі акуляры — спачатку ў адзін, затым у другі бок, але відаць было паранейшаму дрэнна. Голыя, вытаялыя з-пад снегу схілы вышыні з доўгай паласой ворыва, загінастая крывуляка траншэі на самым версе, некалькі свежых плямаў мінных разрываў і нават зараснік чэзлага хмызняку на балоце ўвачавідкі зацягвала змрокам блізкае ночы.
        — Ну што ж: усё зразумела!
        Камбат апусціў падвешаны на шыі бінокль і адкінуўся да задняй сценкі траншэі. Дзяжурны разведчык, што назіраў з суседняй ячэйкі, зябка павёў плячыма.
        — Умацоўваецца, гад!
        Так, праціўнік умацоўваўся, гэта было відавочна таксама, як і тое, што ўчора яны зрабілі памылку, не атакаваўшы з ходу тае вышыні. Тады яшчэ былі сякія-такія шансы яе ўзяць, але ўчора падвяла артылерыя. У батарэі з артпалка, што іх падтрымлівала, засталося ўсяго дзесятак снарадаў, якія патрэбны былі на самы крытычны выпадак, суседні батальён увязаўся ў зацяжны бой за саўгас «Піянер» па той бок рачулкі, і калі Валошын запытаў наконт гэтай малапрыкметнай, але, відаць, немалаважнай вышыні ў камандзіра палка, той проста не адказаў. Зрэшты, яно было і зразумела: наступленне выдыхалася, задачу сваю полк сяк-так выканаў, а надалей, мабыць, яшчэ не было пэўнага плана і ў дывізіі. I ўсё ж вышыню трэба было ўзяць. Праўда, для таго і ўчора аднаго, патрапанага ў трохтыднёвых баях батальёна было замала, але ўчора на яе голай вяршыне яшчэ не было траншэі, а галоўнае — правы фланговы схіл над балотам, здаецца, яшчэ не быў заняты немцамі. Занялі яны яго ўранку і ўвесь дзень, не зважаючы на кулямётны абстрэл, па ўсёй вышыні капалі. Да змяркання было відаць, як мільгае над брустверамі чорнае ашмоцце зямлі, а надвячоркам з саўгаса, чутна было, падышло некалькі грузавікоў, і нямецкія сапёры дацямна цягалі па траншэях бярвенне — абсталёўвалі бліндажы. Уночы, напэўна, замініруюць і подступы на схілах.
        Наўкола хутка цямнела, чорны сакавіцкі прасцяг усё гусцей атуляла глухое цемрыва ночы, у якім невыразна шарэлі плямы нерасталага снегу — па раўчуках, пад узмежкам, на зарослым чэзлым кустоўем балоце. Было сцюдзёна. 3 усходу дзьмуў пругкі марозны вецер, з ім на пагорак НП далятаў пах дыму, які цяпер напомніў камбату пра ягоны прытулак-зямлянку, куды ён не заходзіў ад рання. Джым, нібы разумеючы намер гаспадара, крокаў пяць прабег па траншэі і азірнуўся сур'ёзнымі, трошкі журботнымі вачмі.
        — Так. Прыгуноў, назірайце. I слухайце таксама. Калі што — адразу дакладвайце.
        — Ёсць, таварыш камбат.
        — Толькі не здумайце курыць.
        — Некурашчы я.
        — Тым лепш. На вячэру падменяць.
        Зашорхаўшы аб сцены траншэі злубянелай, накінутай паверх шыняля палаткай, Валошын хутка пайшоў уніз да зямлянкі, якая пад ноч уладарна вабіла адносным цяплом, спакоем, кацялком гарачага супу. Зрэшты, збудаваная за адну
        ноч зямлянка была не надта каб самавітая — часовы палявы прытулак на дзень-два, замест бярвення крыты жардзём і саломай з тонкім слоем зямлі наверсе. Дзвярэй увогуле тут не было ніякіх, проста на ўваходзе вісела чыясь палатка, адхінуўшы якую, камбат адразу апынуўся ля галоўнае радасці гэтага жытла — змайстраванай з малочнага бітона, добра ўжо напаленай печкі.
        — О, блажэнства! — не ўтрымаўся ён, выстаўляючы да цяпла азызлыя на сцюжы рукі.— Як у Сочы! Што ўсміхаецеся, Чарнаручанка? Вы былі ў Сочы?
        — Не быў, таварыш камбат.
        — То-та!
        Немалады, марудлівы на рухі, таксама як і на словы, тэлефаніст Чарнаручанка, які, зашчаміўшы між вухам і плячом трубку, піхаў у печ суччо, аднак усё ўхмыляўся, відаць, маючы на ўвазе нешта вясёлае. Камбат машынальна перавёў позірк на іншых, хто быў у зямлянцы, але і тыя таксама па-змоўніцку ўсміхаліся: і ардынарац камбата Гутман, які, стоячы на каленях у ватных штанах, сучыў доўгую нітку, і разведчык, што, адкінуўшыся на локаць, ляжаў на саломе і дыміў самакруткай. Адзін толькі начштаба лейтэнант Маркін у накінутым на плечы паўшубку засяроджана поркаўся ў сваіх паперах перад прыладжаным на скрынцы трафейным карбідным ліхтаром. Але Маркін увогуле ніколі не ўсміхаўся, не радаваўся; колькі яго ведаў камбат, ён заўжды быў такі — чужаваты да іншых, у самім сабе засяроджаны.
        — Што здарылася?
        Капітан сказаў гэта, трохі нават заінтрыгаваны ўсеагульнай маўклівасцю, і Чарнаручанка няўклюдна выпрастаўся, пераступіў з нагі на нагу. Аднак першы азваўся Гутман:
        — Сюрпрыз для вас, таварыш камбат.
        Сюрпрызаў на фронце хапала, яны сыпаліся амаль кожны дзень, адзін не лепшы за іншыя, але цяпер Валошын згадваў, што гэты быў, мабыць, не самы найгоршы. Інакш бы яны так не ўсміхаліся.
        — Што ж за сюрпрыз?
        — Хай Чарнаручанка скажа. Ён лепш ведае.
        Медзведзяваты і даўгарукі Чарнаручанка, ніякавата ўхмыляючыся, паглядзеў на Гутмана, затым на лейтэнанта Маркіна і не адважыўся пачаць першы. Маркін, аднак, коратка падахвоціў:
        — Ну, гавары, гавары.
        — Ордэн вам, таварыш камбат. Са штаба званілі.
        Валошын, аднак, і сам пачаў здагадвацца і цяпер зразумеў усё разам. Нічога не кажучы, ён пераступіў цераз доўгія ногі разведчыка, скінуў з сябе плашч-палатку і сеў каля скрынкі начальніка штаба. Джым рупна і важна, з нейкай пачцівай асцярогай выхаванага пса апусціўся на заднія лапы побач.
        Валошын маўчаў. На секунду мільганула радаснае і ў той жа час нейкае невядома чаму трохі няёмкае адчуванне — ордэн гэта няблага, але чаму толькі яму, а іншым? Між тым усё адбывалася, мусіць, як і павінна адбывацца на фронце — месяцы два таму паслалі паперы з прадстаўленнем яго да ордэна Чырвонага Сцяга, нейкі час ён нават чакаў яго, гэты ордэн. Але затым пачалося наступленне, цяжкія баі, і ён не надта ўжо і спадзяваўся, што тая ўзнагарода застане яго ў жыцці. I вось, выходзіць, застала, значыць, яшчэ давядзецца, колькі пашчасціць, панасіць на грудзях і другі баявы ордэн. Што ж, увогуле ён быў рады, хоць знешне амаль нічым і не выказаў гэтае сваёй радасці.
        — Так што віншуем, таварыш капітан,— сказаў Гутман. — Во тут я і абмыўку здабыў.
        Ён выцягнуў аднекуль алюмініевую фляжку і весела страсянуў яе. У флязе булькнула і зазвінела, Валошын ніякавата паморшчыўся.
        — Пакуль схавай, Лёва. Абмыўка — не праблема.
        — Ага, не праблема! Ды я ледзьве ў старшыны другога батальёна выцыганіў. Самая праблема. Вунь лейтэнант увесь вечар на яе паглядвае.
        — Глупства вы гародзіце, Гутман,— сур'ёзна, без ценю гумару, зазначыў Маркін.
        — Вось лейтэнанту і аддай,— спакойна сказаў камбат.— А мне лепш анучы сухія пашукай.
        — Ай-яй! Анучы — такая справа.
        Ардынарац выцяг з-пад сцяны тутаваты рэчавы мяшок і спрытна развязаў яго.
        — Во, сухенькія.
        — Дзякуй.
        — I знімайце шынель — гузік у пятліцу прышыю. А то ўжо трэці дзень абяцаеце.
        — Толькі каб было аднолькава: на правай і на левай.
        — Будзе акурат. Не сумнявайцеся.
        Ён не сумняваўся — Гутман быў майстра на ўсе магчымыя і немагчымыя справы — усё ў яго выходзіла надзіва лёгка і адмыслова. Валошын прывычна расшпіліў камандзірскую дзягу з зоркай у меднай спражцы, скінуў з плячэй двайную партупею, кабур з ТТ, зняў камсастаўскі, некалі шыты на заказ, ужо абтрэпаны, у двух месцах пабіты асколкамі шынель. Гутман шырокім кравецкім жэстам раскінуў яго на каленях.
        — I хто прыдумаў гэтыя гузікі ў пятліцы? Ні складу ні ладу.
        — Цябе не запыталі, Гутман,— буркнуў Маркін.— Прыдумаў, значыць, так трэба было.
        — А па мне дык лепш, як раней — кубары! Гэта штука!
        Камбат з задавальненнем выцягнуў на саломе ногі і, няў-
        важліва слухаючы размову падначаленых, дастаў з кішэні гадзіннік. Гэта быў трафей, узяты ў забітага нямецкага танкіста, з трыма стрэлкамі і надзіва дакладным ходам. Валошын паклаў гадзіннік на краі скрынкі, каб бачыць яго цыферблат, і пачаў згортваць цыгарку.
        Першае ўзрушанне-няёмкасць міналіся, ён думаў, што трэба хутка званіць на палкавы КП, дакладваць абстаноўку. Як заўжды, гэтая хвіліна была да агіды непрыемная і нямала псавала настрой да яе і пасля. Колькі ўжо часу, як палком стаў камандаваць маёр Гунько, а камбат-тры Валошын усё не мог прывыкнуць да ягоных начальніцкіх манер, якія раздражнялі і крыўдзілі яго адначасна.
        — 3 палка званілі?
        Маркін адарваўся ад папер, разы два міргнуў — яго твар з густаватаю шчэццю пры скупым святле карбідкі выглядаў амаль чорным.
        — Званілі. Будзе папаўненне.
        — Многа?
        — Невядома. У дваццаць два ноль-ноль загадана выслаць прадстаўніка ад батальёна.
        Лейтэнант зірнуў на гадзіннік, стрэлка якога набліжалася да васьмі. Камбат адхінуўся да сцяны зямлянкі і зацягнуўся самакруткаю. Сцяна яшчэ ніколькі не ўгрэлася і нават праз аўчынную камізэльку моцна сцюдзяніла лапаткі.
        — Пра вышыню шэсцьдзесят пяць не пыталіся?
        — Не, не пыталіся. А што, усё капаюць?
        — Дзоты будуюць. Як бы заўтра таго... Не прыйшлося браць.
        — Ды ну! — усумніўся Маркін.— Семдзесят шэсць чалавек на давольствіі...
        Гэтая названая Маркіным лічба непрыемна ўкалола свядомасць камбата — усяго семдзесят шэсць! Зусім нядаўна яшчэ было амаль на сотню чалавек больш, а цяпер вось засталося трэць батальёна. Колькі ж застанецца праз тыдзень? А праз месяц, да лета? Але ён толькі падумаў так, намаганнем волі прыцяў непрыемную думку і ўслых сказаў аб іншым:
        — Праз дзень-два горш будзе. Умацуюцца. Лейтэнант кінуў беглы позірк у парог, прыслухаўся і ціха заўважыў:
        — А можа, не дакладваць? Маўчаць, і мы змоўчым.
        — Не, ужо дзякуй,— сказаў камбат.— Будзем дакладваць, як ёсць.
        — Ну што ж! Можна і так.
        Гутман прышываў гузік, Чарнаручанка гаспадарыў ля печы, разведчык, нацягнуўшы на галаву бушлат, сіліўся задрамаць перад дзяжурствам. Маркін з дапамогай алоўка і шомпала лінеіў у сшытку графы формы 2УР — для запісу папаўнення. Камбат глядзеў, як аднабока тлее папера на канцы яго самакруткі, і думаў, што вайна, на жаль ці на шчасце, не дае таго выбару, аб якім мяркуе лейтэнант Маркін. Гэта ў піўной можна разважаць, чым закусіць ракамі ці воблай або лепш салёным агурком на аматара, на вайне ж сярод усіх магчымасцей, якія дазваляе сітуацыя, часцей выпадае самая горшая, плата за якую — заўжды людское жыццё.
        Трудна бывае на яе пагадзіцца, але і пошукі шляхоў у абход звычайна вядуць не толькі да агіднага канфлікту з сумленнем, але і здараецца, што кароткаю дарожкай у трыбунал. Камандзіра гэта датычыць куды ў большай меры, чымсьці байца, тут трэба быць вельмі строгім спярша ў адносінах да сябе, каб пасля патрабаваць таго ж ад падначаленых.
        — Можна так, можна і гэтак! Га, таварыш Маркін? — раптам запытаў камбат.
        Лейтэнант няўцямна міргнуў шырока раскрытымі вачмі.
        — Што? Ды я нічога,— начштаба паціснуў плячмі,— Не мая справа. Вы камандзір батальёна, вам і дакладваць. Я прапанаваў проста.
        — У кожным становішчы ёсць тры выхады,— зазначыў ад шытва Гутман.— Яшчэ Хаймовіч казаў...
        — Памаўчыце, Гутман,— сур'ёзна сказаў Валошын.— Не майце такой звычкі.
        — Вінават.
        Камбат хвіліну змоўчаў, а пасля пацішэла запытаў, нібы між іншым:
        — Вы, Маркін, у акружэнні доўга былі?
        — Два месяцы васемнаццаць сутак. А што?
        — Так проста. У сорак першым я таксама ўскочыў. Амаль на месяц...
        — Ну дык вы ж з часцю выйшлі,— не ўтрымаўшыся, зноў уставіў Гутман.
        Камбат паглядзеў у яго бок працяглым дакорлівым позіркам.
        — Да, я з часцю,— сказаў ён пасля паўзы.— У гэтым мне пашанцавала. Хаця ад палка засталося сорак сем чалавек, але быў сцяг, быў сейф з партдакументамі. Гэта выручыла. Як выйшлі, разумеецца.
        Маркін паклаў на скрынку аловак і шомпал, тузануў на плячо паўшубак. Вочы яго неспакойна бліснулі, ад нервовага ўзрушэння зардзеліся скулы.
        — А у нас нічога не засталося. Ні сцяга, ні сейфа. Кучка байцоў, дзесятак камандзіраў. Палавіна параненыя. Кругом немцы. Камісар застрэліўся, камандзіра палка тыф даканаў. Сабралі нараду, рашылі: выхадзіць дробнымі групамі. Пайшлі, напароліся на немцаў. Тыдзень ганялі па лесе. Кару елі. Урэшце вырваліся дванаццаць чалавек. Глядзім, нешта дужа худыя тут франтавічкі. I курыць не маюць. Ядуць каніну. Слова за слова, аказваецца, дык і яны ж у акружэнні. Вось і трапілі з агню ды ў полымя. Яшчэ месяц прыпухалі.
        — Гэта дзе?
        — Пад Нелідавым, дзе ж. У дваццаць дзевятай арміі.
        — Да, там невясёлыя былі справы. Якраз у канцы лета да нас прабіваліся. Забітага камандарма вынеслі, хавалі ў Калініне.
        — Ну. Генерал-лейтэнант Багданаў. Геройскі мужык. А што ён мог зрабіць? У прарыў сам на кулямёты вёў і загінуў.
        — Дваццаць дзевятай хапіла. Трыццаць дзевятай таксама.
        — А трыццаць трэцяй? А коннікам Бялова ды Сакалова?
        — Не шмат іх засталося,— пагадзіўся камбат.
        — Няўдачнік я! — раптам проста сказаў Маркін, і Гутман з Чарнаручанкам насцярожана паднялі галовы,— Што перажыў, ворагу не пажадаю. У рэзерве сустракаю таварыша, разам выпускаліся. Два ордэны, шпала ў пятліцах. А я ўсё лейтэнант.
        Камбат абапёрся на скрынку локцем і скоса паглядзеў на прыціхлых байцоў.
        — Дарма вы так думаеце, Маркін. Да Берліна яшчэ даўгая дарожка.
        — Ат! — махнуў рукой Маркін і зноў узяўся за шомпал.— Ці многа іх тут лінеіць? Ведаць бы хоць, колькі дадуць. А
        то налінею ды залішне. Таварыш камбат,— узняў ён твар да Валошына.— 3 папаўнення трэба пісара падабраць. А то колькі можна?
        — А вы вунь Гутмана абучылі б. Па сумясціцельству. Або Чарнаручанку.
        Тэлефаніст з ніякаватай сарамлівасцю заварушыўся каля апарата, а Гутман амаль што пакрыўдзіўся.
        — Ну, скажаце, таварыш камбат! Я работу люблю. А гэта...
        Маркін павярнуў да яго амаль што гняўлівы твар.
        — А гэта што — не работа? Вось пасядзі дзень над паперкамі, дык увесь свет з аўчынку пакажацца.
        — Не люблю!
        — Ну ведама ж, лепш па палях гойсаць. Трафейчыкі і так далей...
        — Ладна, Гутман, канчай шытво. А то ўжо спіна акалела,— перапыніў іхнюю спрэчку камбат.
        — А вы — мой кажушок.
        — Не ўжо, дзякуй. У тваім кажушку, мабыць, таго... Дыверсанты бегаюць.
        — Нямнога, таварыш камбат. Куды ж ад іх дзенешся? Ну вось і ўсё. Калі ласка.
        — Давай, пабачым, які ты майстра.
        Камбат узяў з ардынарцавых рук шынель і надзеў яго. Потым прывычнымі дакладнымі рухамі накінуў на плечы партупею, зашпіліў спражку, ссунуў на месца кабур.
        — Ну што ж — дзякуй,— сказаў ён ардынарцу.— Чарнаручанка, выклікайце дзесятага «Волгі». Пагаворым з начальствам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.