РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
15
        
15

        
        Байцы таропка павыскоквалі з сваіх акопчыкаў і, прыгінаючыся, з прытоенай страхавітасцю на тварах, сыпанулі з абмежка да балота. На працягу некалькіх секунд камбат бачыў амаль увесь батальён, за выключэннем хіба захінутай пагоркам роты Кізевіча, затым балотны хмызняк праглынуў усіх. Першы даволі дружны рывок падаваў надзею, цяпер бы яшчэ пару такіх рыўкоў, і батальён быў бы на схіле. Але камбат ведаў, што неўзабаве ўдараць немцы і ўсё можа скончыцца іначай.
        Іваноў, не адрываючыся ад бінокля, перадаваў каманды, і ўгары цераз іх галовы з трэскам і стогнам ішлі цяжкія гаўбічныя снарады, якія з магутным глыбінным грукатам абрыналіся на вышыню. Цяпер ён біў па траншэі — з бліндажом і кулямётам, напэўна, было ўжо скончана. Немцы маўчалі, і Валошын хацеў быў сказаць камандзіру батарэі, каб той зрабіў паўзу — нашто дарма біць па аціхлай траншэі? Але толькі ён падумаў пра тое, як на вышыні апантана засакатаў кулямёт. Валошын трошкі падвярнуў акуляры бінокля і ўбачыў за балотам у самым пачатку схілу некалькі шэрых прыгорбленых постацей, якія з натугай беглі па схіле ўгору. Хтось з іх там упаў, падняўся, наперад вырваўся адзін у ватоўцы з кароткім аўтаматам у руках, і Валошын пазнаў у ім Нагорнага. Пакуль роты пад прыкрыццем артагню перабягалі балота, Нагорны атакаваў траншэю.
        — Паша, ты бачыш? — крыкнуў камбат.— Вунь мае вырваліся! Хутчэй накрый кулямёт! I праходы, праходы ў спіралі...
        — Дзе ж ён? От чорт, не згледзець...
        Кулямёт хлёстка біў па ўзводу Нагорнага, кулі з працяглым віскам несліся з вышыні над балотам, але кулямётнай пазіцыі згледзець не ўдавалася. Камбат да болю ўціскаў акуляры бінокля ў вачніцы, пакуль не пачуў, як ззаду задудукалі абодва яго ДШК, і цераз траншэйку і кустоўе да вышыні напяліся дымныя, прыкметныя ў небе струмені буйнакаліберных трас. Валошын падумаў, што Ярашчук бачыць цэль, і скіраваў позірк следам за трасамі, але прыкмеціць, дзе яны канчаліся, было немагчыма. Дымнатрасірныя чэргі імчаліся ў кірунку да вышыні і бясследна знікалі недзе на яе вяршыні.
        Камбат напружыў зрок, чакаючы, што за балотам нарэшце пакажуцца ягоныя роты, але рот яшчэ не было відаць. Падобна было на тое, што Нагорны паспяшаўся, хаця гэта было лепш, чым калі б ён прамарудзіў — спазненне з атакай пляжыла ўсю задуму з гэтаю падманлівай вылазкай. Нагорны ўдарыў як трэба і чатырнаццаццю сваімі байцамі прыкрыў батальён. Нават калі ён і не ўварвецца ў траншэю, гэты манеўр зробіць для батальёна сваю добрую справу.
        Аднак агонь з такой блізкай адлегласці быў для яго знішчальны, і Валошын унутрана сцяўся — чакаў таго непазбежнага моманту, калі Нагорны заляжа, наткнуўшыся на нябачную адгэтуль, дзесь там расцягнутую спіраль Бруно. Ён і сапраўды залёг — некалькі чалавек раптам упала на шэры задымлены схіл, ратуючыся ад кулямётнага агню, ці, можа, былі забітыя. Але тут жа, нібы па ягоным жаданні, на вышыні выраслі поруч тры пыльных прыземістых выбухі, якія, напэўна, не разбурылі траншэю, затое пылам засланілі ад яе распластаных на схіле байцоў. I ўзвод падняўся. Некалькі чалавек, што нядаўна здаліся яму забітыя, раптам падхапіліся з зямлі і адважна пабеглі ўгору, у падняты мінамі пыл, які бакавы вецер коса зганяў з вышыні.
        — Маладзец! — сказаў Валошын.— Ну давайце ж, давайце!
        Апошнія яго словы адносіліся да суседзяў-мінамётчыкаў, што нарэшце адкрылі агонь і так памаглі Нагорнаму. Камбата захляснула спазнелае пачуццё ўдзячнасці гэтаму непрыкметнаму працаўніку вайны, які без позы і лішніх слоў толькі за апошнія суткі столькі зрабіў для батальёна. А ён не знайшоў нават часу сказаць яму добрае слова, крыху пажартаваць у размове — усё звяртаўся з халоднай камандзірскай афіцыйнасцю, тонам загаду. Спазнелае шкадаванне на хвіліну варухнулася ў душы камбата і тут жа забылася, выцесненае іншымі клопатамі.
        — Ага, во ён, падлюга! Бачу! — узрадавана сказаў Іваноў і закамандаваў тэлефаністу: — Лявей ноль-ноль два, уравень больш ноль-ноль адзін...
        Пачыналася ювелірная стральба, дакладнасці якой мог пазайздросціць снайпер. Але Іваноў умеў, калі было трэба, наперакор артылерыйскай тэорыі, пакласці тры снарады ў адну варонку, у сваёй справе ён таксама быў снайпер.
        Тым часам мінамётчыкі далі яшчэ некалькі ўдалых залпаў — на задымленай вышыні заскакалі кусцістыя выбухі мін, між каторых магутна і роўна нішчылі бруствер траншэі гаўбічныя разрывы Іванова. Пахілы бок вышыні завалакло дымнаю імглой, якую свежы ранішні вецер ужо не паспяваў здзімаць прэч, і рванае клочча пылу коса цягнулася ў хмарнае неба. Бачнасць рэзка пагоршылася, бой грукатаў ва ўсю моц, усё там бязладна ахала, трэслася, уздрыгвала, віскам і грукатам поўнячы сцюдзёны світальны прастор. Але роты, напэўна, ужо выходзілі з балота, і трэба было не даць ім спыніцца перад рашучым рыўком на схіл.
        Валошын левай рукой выхапіў у Чарнаручанкі трубку.
        — Алё, дзесяты! Няма дзесятага? Перадайце ад дваццатага з «Бярозы» — змена НП. Зразумелі? Мяняю НП.
        I, кінуўшы ў рукі Чарнаручанкі трубку, ён з жвавасцю распарадзіўся ў траншэі:
        — Гутман! Чарнаручанка! Зняць сувязь і за мной! Хутка!
        Чарнаручанка з неўласцівай яму паспешлівасцю адной
        рукой ірвануў зазямленне, другой згрэб свой апарат; Гутман падхапіў катушку з напалову зматаным кабелем, зірнуўшы на якую, камбат з трывогай падумаў: не хопіць. Гэтага кабелю да вышыні не хопіць, як тады быць? Зрэшты, сувязныя ад рот ужо лезлі на бруствер, і ён крыкнуў Іванову, які працягваў кіраваць агнём:
        — Хвілін дзесяць паддай!
        — Дзесяць паддам! — крыкнуў у адказ Іваноў.— Толькі не больш...
        — А ты радзей, каб трапненька...
        — Уравень менш ноль-ноль адзін,— камандаваў Іваноў.
        «Ну цяпер накрые»,— падумаў камбат, збягаючы па мёрзлай траве на брудныя плахі падталага лёду. Першае радаснае адчуванне, выкліканае ўдалым пачаткам, аднак, хутка міналася, ён ведаў напэўна, што некалькімі кулямётамі справа не абыдзецца, што неўзабаве немцы ўдараць чым-колечы і больш адчувальным. Удараць з мінамётаў, і тады будзе горш. Але пакуль на вышыні магутна грымелі свае разрывы і дробным трэскатам заліваўся ручны кулямёт, хацелася думаць, што ўсё абыдзецца. Яму б яшчэ хвілін дваццаць, за гэты час восьмая пад прыкрыццём артагню, напэўна, дабегла б да бліжняга адростку траншэі. Асабліва калі за яго ўдалося зачапіцца Нагорнаму.
        Валошын разгоніста бег па лёдзе, заследжаны бруднымі падэшвамі байцоў яго рот, за ім блізенька трымаліся трое сувязных. Чарнаручанка з Гутманам неўзабаве адсталі, заблытаўшы ў кустах провад, і ён крыкнуў аднаму з сувязных, худому хлопцу ў кароткім шынялі і блакітных да калень абмотках, хутка памагчы ім. Баец з напружаным недаўменнем зірнуў на яго, але затым адкінуў назад споўзшую на жывот процівагазную сумку і спыніўся. Камбат прыгнуў галаву, прадраўся праз лазняковыя зараснікі, выскачыў на льдзістую з падталым снегам прагаліну і азірнуўся; за ім з-за куста, няспрытна расстаўляючы ў бакі ногі і коўзаючыся, бег ветэрынар. Яго расшпіленая кабура апусцела боўталася на дзязе, вузенькі раменьчык цягнуўся да рукі з варанёным наганам, якім маёр нязграбна ўзмахваў, імкнучыся захаваць раўнавагу на слізкіх падэшвах.
        — А вы куды? — не стрымаўшыся, злосна крыкнуў Валошын.
        Ветэрынар толькі раскрыў рот, каб нешта сказаць, як раптам абодва яны аглушана скалануліся, на імгненне страціўшы адчуванне.
        «Ну во, нарэшце! — з дзіўнай злой радасцю падумаў камбат, інстынктыўна ўвабраўшы галаву ў плечы.— Нарэшце пачынаецца...»
        У хмарнай вышыні над балотам аглушальна трэснула раз і другі, тугім звонам заклала левае вуха. Валошын паглядзеў угору — над балотам, нібы кінуты ўгару клок поўсці, плыло на ветры чорнае воблачка. «Прыстрэлачны!» — падумаў камбат і зноў азірнуўся. Ветэрынар ляжаў пад навіслым галлём альхі, нізка ўтупіўшы галаву ў падвязанай пад барадой вушанцы. Падумаўшы, што яму папала, Валошын кінуўся назад.
        — Вы што? Паранены?
        Маёр страпянуўся і з запытальным недаўменнем у вачах уважліва паглядзеў на камбата.
        — Н-не, я не ранены,— выціснуў ён, заікаючыся.
        — Устаць і бягом! Бягом! — скамандаваў Валошын, ведаючы, што ад брызантных разрываў тут не схавацца, што трэба як мага найхутчэй выскачыць з раёна паражэння іх смяртэльных асколкаў.— Бягом!
        У наступнае імгненне з рэзкім аглушальным трэскам грымнулі яшчэ чатыры выбухі, трохі, праўда, далей, чым першы, бліжэй да краю балота,— якраз над тым месцам, дзе былі роты. Сотні сталёвых асколкаў гарачай віхурай абдалі кустоўе, зразаючы голле і наскрозь прапякаючы тоўсты, да самага дна, лёд. Ветэрынар зноў упаў, але тут жа падняўся; ззаду, ламаючы голле, яго даганяў Гутман.
        Болей камбат не азіраўся, разам забыўшыся пра сябе і сваю бяспеку — трывога за роты, над якімі цяпер аглушальна загрукалі счацвяроныя выбухі брызантных, апаліла яго. Ён кінуўся наўпрасткі да блізкага ўжо краю балота, рашыўшы ў што б там ні было падняць батальён на апошні рывок, у якім было выйсце і адзіная магчымасць дасягнуць траншэі. Пад вышынёй на балоце яны доўга не вытрымаюць, у голым прамерзлым грунце не хутка акапаешся, ды і акопы ад гэтага агню не ўратуюць.
        Чорт бы іх узяў, гэтыя брызантныя, ужо лепей бы агонь мінамётаў, збянтэжана думаў камбат, бегучы па кустоўі.
        Ён выскачыў з балота пад новы брызантны залп, які прарэзліва і аглушальна грымнуў, здавалася, у некалькіх метрах над галавой, і збіты з ног гэтым залпам Валошын недарэчна ўпаў на жорсткую заінелую траву лужка. Але ён тут жа ўскочыў, акінуў позіркам ніз вышыні, дзе няроўна залеглі байцы восьмай роты. Нехта з іх ужо ліхаманкава працаваў лапаткай, хтось роспачна лаяўся справа, і ён павярнуў на гэтую лаянку, чакаючы ўбачыць там камандзіра роты, і ўбачыў купку байцоў — тыя на каленях схіляліся над кімсь, што ляжаў на траве. Яшчэ не дабегшы да іх, ён убачыў знаёмыя хромавыя боты Муратава, падхапіўшы якога, двое байцоў валаклі, прыгінаючыся, назад да кустоўя.
        — Стой! — крыкнуў ён і не пачуў уласнага голасу, зноў накрытага чарговай серыяй выбухаў угары — адзін з байцоў упаў на калені, выпусціўшы руку ротнага, і ўткнуўся плячом у траву. Другі лёг побач, разгубленым позіркам матляючы навакол і не пазнаючы камбата.
        — Што з лейтэнантам? — спытаў Валошын, прысядаючы побач. Але толькі ён зірнуў на бела-бяскроўны твар Муратава, як усё зразумеў адразу. Шэрыя крупінкі мозгу з разбітай патыліцы ротнага густа абляпілі ягоны каўнер і плечы з новенькімі, акуратна прышытымі пагонамі. Шынель на баку быў шырока распораты асколкам, і з дзіркі тырчаў шкумат аўчыннай камізэлькі.
        — Пакінуць забітага! — загадаў ён.
        — Таварыш камбат! — узмаліўся баец, пажылы чалавек з чырвонымі слязлівымі вачмі.— Таварыш камбат, як жа гэта? Яго ж параніла, мы паняслі, а тут... Як жа гэта, таварыш камбат?..
        — У ланцуг! — жорстка загадаў камбат і позіркам пашукаў каго-небудзь з сяржантаў.
        Але сяржантаў паблізу не было відаць — на траве ніцма ляжала некалькі байцоў у новых і чыстых шынялях, высока насунутых на шапкі касках — учарашняе яго папаўненне. Іх трэба было падняць у атаку, прымусіць пераадолець пад агнём некалькі сот метраў на схіле, і гэтая задача здалася яму цяпер болей чым цяжкай.
        Але іншага не заставалася.
        Стараючыся перасіліць трэскат і дзіганне чэрг, ён прыпадняўся на руках і пракрычаў, выразна выгаворваючы кожнае слова:
        — Ро-та!.. Пад-рых-тавацца да атакі!
        Знешне рота амаль не адрэагавала на гэтую яго каманду, хаця рэагаваць на яе цяпер і не было патрэбы — трэба было яе ўясніць, а галоўнае — сабрацца з духам перад самым адчайным рыўком наперад. Разумеючы гэта і счакаўшы хвіліну, ён скамандаваў зноў:
        — Пааддзялённа!.. Кароткімі перабежкамі!.. Упярод!
        I лёг грудзьмі на зямлю, з трапяткім напружаннем чакаючы, паднімуцца ці не? У ланцугу відавочна марудзілі, і ён падумаў, што цяпер вельмі прыгадзіўся б стары камандзірскі прыём: устаць самому і скамандаваць проста «За мной!». Але за гэты прыём ён сам неаднойчы спаганяў з сваіх камандзіраў рот і не мог яго дазволіць сабе. Усё ж у яго быў батальён, лёс якога ў многім залежаў ад яго, жывога. Мёртвы ён батальёну быў непатрэбны.
        Да яго данеслася з ланцуга некалькі няпэўных урыўкаў каманды, некалькі чалавек у розных месцах усё ж ускочыла і, прыгнуўшыся, кінулася пад узмежак наперад. Прама перад камбатам мільгануў руды ў падпалінах шынелак на спіне байца, які рухава ўзбег на ўзмежак, ды раптам упусціў вінтоўку, павярнуўся, нібы хочучы паглядзець назад, і плазам рухнуў у дол. Пападалі таксама і іншыя, што паслухаліся ягонай каманды і падняліся першымі. Кулямётныя струмені з мноствам мільготкіх зеленаватых трас цяпер усе зышліся сюды і густа лупілі па ўзмежку, ушчэнт разбіваючы травяністы дзірван і з пранізлівым віскам разлятаючыся ў бакі. Тыя з байцоў, чыя чарга надышла, каб падняцца, яшчэ болей прыціснуліся да зямлі, і камбат не падаў новай каманды. Ён ужо зразумеў, што атакаваць пад такім агнём немагчыма, што так ён вельмі проста пакладзе тут увесь батальён. I ён пачаў услухоўвацца ў грымлівае шматгалоссе бою, стараючыся знайсці ў ім хоць якую-небудзь магчымасць для выканання задачы, і не знаходзіў ніякай. Адзіная магчымасць, якую на некалькі хвілін даваў раптоўны ўдар Нагорнага, была беззваротна ўпушчана, і цяпер усё вырашалі суадносіны сіл, якія складваліся яўна не ў карысць батальёна. Агонь спрэс быў нямецкі, гэты бок маўчаў. Некалькі мінамётных разрываў яшчэ трэснула на вышыні, і болей разрываў там не было. Замоўкла і батарэя Іванова, якая выпусціла, мабыць, усё, што магла выпусціць. Ён не прыкмячаў часу, але, мусіць, мінула болей чым дзесяць хвілін. Затое вышыня цяпер захадзілася ў звоне і гуле паўтузіна кулямётаў, патокі куль з густым віскам, не перастаючы, ішлі над балотам, хаця тут, за невысокім, да калена, узмежачкам, што аддзяляў сенакос ад нівы, было трохі схоўна, калі б не гэты брызантны абстрэл. Схавацца ад брызантных тут не было дзе.
         Тым часам нямецкі карэкціроўшчык, напэўна, ужо прыстраляўся, і выбухі з невялікім адхіленнем па дальнасці і вышыні амаль усе ў лінію грукалі над ланцугом батальёна, дзеручы асколкамі травяны дзірван, пырскаючы крошкамі лёду на балоце, паднімаючы на вецер воблачкі пылу з нівы. Камбат на кукішках перабег некалькі крокаў да ўзмежка і азірнуўся, ліхаманкава шукаючы, што рабіць. Але Гутман з Чарнаручанкам, прыгнуўшыся, ужо валаклі да яго канец провада, за імі паўзлі на кукішках трое сувязных з рот, і за ўсімі кароткімі перабежкамі спяшаўся ветэрынар у папэцканым, мокрым на жываце паўшубку.
        — Сувязь! Жыва!
        Чанаручанка скорчыўся на баку і непаслухмянымі рукамі пачаў прымацоўваць провад да клемаў, а камбат, не паварочваючы галавы, пракрычаў:
        — Сувязны сёмай роты!
        Яму ніхто не адказаў, і ён гучнейшым голасам паўтарыў выклік:
        — Сувязны сёмай!
        Праз густы кулямётны трэскат і гром выбухаў угары, якія, зрэшты, пачалі трохі аддаляцца ўправа, напэўна, у раён дзевятай Кізевіча, зблізку нічога не было чуваць, і Гутман, павярнуўшыся на локці, крыкнуў тром сувязным, што нерухома прыпалі да зямлі ў дзесяці кроках ззаду.
        — Эй вы! Аглухлі?
        Адзін з байцоў заварушыўся, з напружаннем на твары ўзіраючыся ў камбата, і той вылаяўся.
        — Якога д'ябла маўчыш? Ану, бягом за камандзірам роты!
        Баец, надта прыгінаючыся, ледзьве не наступаючы на абвіслыя полы шыняля, з вінтоўкай у правай руцэ пабег уздоўж балота налева.
        — Перадайце па ланцугу: сяржанта Яршова — ка мне!
        Гутман пракрычаў гучней, і, здаецца, ягоную каманду
        перадалі далей. Калі Яршоў жывы, ён як-небудзь управіцца з сёмай, але невядома было, як справы ў дзевятай.
        — Сувязны дзевятай!
        — Я! — прыўзняўся на траве белабрысы баец.
        — Бягом за камандзірам роты!
        Толькі баец адбег паўсотню крокаў, як зноў грымнула над самым ланцугом восьмай, і ў паветры, выразна азначыўшы куткі трапецыі, зачарнелі чатыры воблачкі. Гэта таксама клас — мільганула ў галаве ў Валошына, прыстраляліся як мае быць. Хтось непадалёк, кінуўшы вінтоўку, нязграбна папоўз у хмызняк, цягнучы па зямлі параненую, з разматанай абмоткай нагу. Нехта крычаў напалоханым да жаху голасам:
        — Пераб'е так усіх да д'ябла! Чаго ляжаць будзем?
        — Ага! Дае, сволач, чых-пых! — сказаў Гутман. Чарнаручанка ўсё корпаўся са сваёй сувяззю, прадзімаючы трубку, і Валошын крыкнуў:
        — Ну, ты доўга там?
        Сувязіст, аднак, падняў да камбата занепакоены твар, зацепаў добрымі вачмі.
        — Няма сувязі. Перабіла, напэўна...
        — На лінію марш! Жыва!
        Чарнаручанка нешта ўмольна кінуў да Гутмана, піхнуў за спіну карабін і, падхапіўшы провад, пабег да балота.
        Валошын нядоўга чакаў, усё ўслухоўваючыся ў суцэльны няўрымслівы грукат, з неразумнай упартасцю імкнучыся ўчуць у ім хоць што-небудзь суцяшальнае для батальёна, але нічога ўчуць не мог. Цяпер ужо ўвесь агонь ішоў з боку немцаў, нашы ў ланцугу не стралялі, змоўкла артылерыя, і затаіліся ДШК за балотам, мусіць, падаўленыя гэтым гагатлівым шквалам куль і асколкаў, што абрынуліся на батальён. Разрывы брызантных у небе бязлітасна трэскаліся над раёнам дзевятай, адкуль праз якіх чвэрць гадзіны замест старшага лейтэнанта Кізевіча прыбег краем хмызняку жвавы баец у ватоўцы. Камбат памятаў яго ў твар, але прозвішча цяпер успомніць не мог. Кашляючы ад удушлівай трацілавай гаркаты, што асядала ў балоце, баец выцягнуўся поруч з Валошыным.
        — Во запіска ад камроты.
        Ён падаў пакамечаны ў бруднай жмені шкумат паперы, на якім без подпісу было накідана рукой Кізевіча: «Наступаць не магу, залёг у балоце. Выбіваюць брызантныя. Фланкіруючыя кулямёты з вышыні «Малой» не даюць ступіць кроку. Прашу дазволу адысці».
        «Час ад часу ўсё не лягчэй,— падумаў Валошын.— Не хапіла брызантных, дык яшчэ і фланкіруючыя».
        Прабегшы вачмі запіску, камбат пракрычаў байцу:
        — Страты вялікія?
        — Га?
        — Страты, кажу, вялікія?
        — Пэўна, чалавек дваццаць. Вунь як лупасіць зверху. А з фланга кулямёты. Старшы лейтэнант усё лаецца...
        Праз хвіліну прыбег і распластаўся побач выкліканы фланга восьмай камандзір узвода Яршоў, спакойны з выгляду чалавек у зялёным бушлаце і запэцканых ватных штанах.
        — Якія страты? — запытаў камбат.
        — У роце не падлічваў,— аціраючы спатнелы твар, сказаў Яршоў.— Напэўна, чалавек восем. Пагорачак ратуе.
        Пагорачак ратаваў восьмую, гэта пэўна, інакш бы яны тут не ляжалі. А вось у дзевятай пагорачка не аказалася, і таму ёй даводзіцца кепска.
        Ззаду, няспрытна валюхаючы, да камбата падпоўз ветэрынар і, папраўляючы на галаве шапку, прасіпеў сарваным голасам:
        — Што здарылася, камбат? Чаму не паднімаюцца ў атаку?
        Камбат паглядзеў на яго абыякавым позіркам — у грымоцці і трэскаце бою ён выразна пачуў кулямётныя чэргі па той бок балота, якія білі па флангу Кізевіча, і з непрыяззю падумаў пра ягоных разведчыкаў. А заадно і пра палкавых, на якіх ноччу з такой упэўненасцю спасылаўся маёр Гунько. Панаразведвалі, называецца. На яго галаву.
        — Чаму не паднімаеце роты ў атаку? — настойліва сіпеў ля вуха маёр, усё не выпускаючы з рук невядома для якой патрэбы выняты з кабуры наган, ствол якога быў шчыльна забіты зямлёй.
        — Прачысціце зброю,— холадна сказаў Валошын.— А то разарве ствол.
        Ветэрынар, спахапіўшыся, пачаў выбіваць са ствала зямлю, а Валошын з яшчэ большай, чым раней, злосцю падумаў, што такія вось уедлівыя правяральшчыкі — куды большае зло, чым тыя, хто, слаба разумеючы ў справе, не вельмі і рвуцца ў яе, трымаючыся бліжэй да зямлянкі, дзе трохі бяспечней, чымся ў гэтым пекле.
        Ён чакаў лейтэнанта Самохіна, якога ўсё не было, і ён пачаў сумнявацца, ці перададзены яму яго выклік, ці не застаўся дзе на дарозе пасыльны. Сувязі таксама не было. Гутман трымаў ля вуха тэлефонную трубку і ўсё дзьмуў у яе, але лінія, відаць, маўчала.
        Калі з хмызняку ззаду з'явіўся лейтэнант Круглоў са споўзшай набок спражкай дзягі і без ценю звычайнага дабрадушша на ўзрушаным твары, камбат зразумеў, што становішча дзевятай на самай справе крытычнае. Камсорг размашыста рухнуў злева ад яго, выцер рукавом потны ў пыле і гары твар.
        — Камбат, ратуйце дзевятую! Праз паўгадзіны ўсю выб'е.
        — Кізевіч жывы?
        — Жывы пакуль што. Але страты вялікія. Галоўнае — гэта шрапнель. Ды і кулямёты справа. Спярша трэба браць тую вышыню, за балотам. Інакш дрэнь справа, задарма пакладзеце людзей,— нервова загаварыў камсорг.
        Камбат, падумаўшы, азірнуўся на Гутмана.
        — Як сувязь?
        Гутман замест адказу развёў рукамі.
        — Ракетніцу! — патрабаваў камбат.
        Ён выхапіў з рук ардынарца ракетніцу, лежачы, паварушыў у кішэні, выняў белы з чырвонай галоўкай патрон.
        — Што ж, будзем лічыць, фокус не ўдаўся. Фокуснічкі!..
        I, падняўшы руку, паслаў у дымнае ад выбухаў неба імклівы агеньчык чырвонай ракеты.
        Роты па-пластунску і перабежкамі пачалі адыход за балота.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.