РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
13
        
13

        
        На КП ніхто ўжо не спаў, разведчыкаў не было ніводнага, Чарнаручанка з пакрыўджаным выглядам прадзімаў трубку, правяраў сувязь і, як толькі ў зямлянку ўлез камандзір батальёна, паведаміў яму ўстрывожаным голасам:
        — Камандзір палка там лаюцца...
        — Панятнае дзела, будзе лаяцца,— спакойна сказаў Валошын і, не павярнуўшыся да тэлефаніста, запытаўся ў Маркіна, які пераматваў на назе анучу.— Як са сняданкам? Узнавалі?
        — Сняданак гатовы. Прыгуноў ужо пайшоў...
        — Прыгуноў паспее. А ротам паведамілі?
        — Роты ўжо ведаюць.
        — Трэба як найхутчэй накарміць роты. Ідзіце і прасачыце, каб усё ў тэмпе. Без цяганіны.
        Як заўжды, Маркін моўчкі падняўся і выйшаў, а камандзір батальёна апусціўся каля тэлефона.
        — Выклікайце дзесятага.
        Пакуль Чарнаручанка круціў ручку, Валошын амаль з нянавісцю пазіраў на гэты жаўтаскуры апарат, з якога на ягоную галаву сыпалася палавіна ўсіх непрыемнасцей, якія толькі магчымы на фронце. Часам ён нават прагнуў, каб гэтая сувязь з камандзірам палка парвалася хоць бы на пару гадзін, ён бы ўздыхнуў вальней. Але часцей выходзіла так, што рвалася яна ўмомант, які найменш для таго гадзіўся, калі ён сапраўды пазарэз меў у ёй патрэбу, а ў іншы час працавала ўвогуле спраўна, і камандзір палка ў кожны пажаданы для сябе момант мог выклікаць яго для даклада, дачы ўказанняў, а часцей за ўсё для разносу.
        — Што там зноў у вас? Зноў светамаскіроўка? — незадаволена пачаў Гунько, калі ён далажыў пра сябе.
        — Не, не светамаскіроўка. На нейтралцы засціглі разведчыкаў.
        — Чыіх разведчыкаў?
        — Маіх, вядома.
        — Ну і што?
        — Адзін паранены.
        — Хоць не пакінулі яго там? Немцам, кажу, не пакінулі? — У голасе камандзіра палка прагучэла трывога.
        — Не, не пакінулі. Вынеслі і ўжо адправілі ў тыл.
        — Так,— Маёр памаўчаў.— Калі будзеце дакладваць аб гатоўнасці?
        — Калі падрыхтуюся. Падраздзяленні яшчэ толькі пачынаюць сняданак.
        — Давай, давай, шавяліся, Валошын! У цябе задача — нумар адзін. Найбольшай важнасці. Яе трэба выканаць у што б там ні было.
        — Ясна, што трэба выканаць.
        — Не, не ясна, а абавязкова. Разумееш? Кроў з носу, а вышыню ўзяць.
        — А як падтрымка?
        — Будзе, будзе падтрымка. Рота Злобіна будзе цалкам задзейнічана на вас.
        — Гэта добра. Як прыдадзеная?
        — Не. Будзе падтрымліваць. Са сваіх опэ.
        Гэта была мінрота другога батальёна, у якой таксама не густа з мінамі, і ўся яна складалася з трох васьмідзесяцідвух-міліметровых мінамётаў. Але і то была радасць. Напэўна, адчуўшы задавальненне камбата, камандзір палка рашыў падмацаваць яго і паведаміў:
        — I гэта — для кантролю і дапамогі табе паднімаю штаб. Хутка да цябе прыйдуць камандзіры...
        Валошын крыва ўсміхнуўся і хмыкнуў у тэлефонную трубку:
        — Во, то дапамога! Мне ствалы патрэбны. Артылерыя з боепрыпасамі.
        — Будзе, будзе. Я тут увязваю. Усе неабходныя распараджэнні ўжо аддадзены.
        — Да-а,— самотна ўздыхнуў Валошын.— Распараджэнняў, вядома, хопіць...
        — Падкінем «семачак». Лукашык ужо адправіўся. Павёз, што там у яго наскраблося...
        — Таварыш дзесяты! — ажыўлена перапыніў яго камандзір батальёна.— А ўсё ж як з атакай? Дазволілі б на паўгадзіны раней? Ці на паўгадзіны пазней?
        — Не, будзеце выконваць, як прызначана. Артбатарэя адкрывае агонь роўна ў шэсць трыццаць.
        Валошын паморшчыўся. Ён так і ведаў, што гэтая яго просьба застанецца марнай, але вось не стрымаўся. I дарма. Здаецца, гэта была апошняя іх размова ў спакоі, наступныя ў гарачцы бою ўжо будуць іншыя — на высокіх нотах, з нервамі і матам. Гунько з пачаткам бою адразу мяняўся, і тады ў чымсь упрасіць яго ці пераканаць было немагчыма. Пераконвала яго толькі начальства, з якім ён заўжды заставаўся надзіва абыходлівым і пакладзістым.
        Пакуль камандзір батальёна размаўляў па тэлефоне, прынеслі сняданак — Валошын пачуў, як за яго плячыма ажывіўся заўжды апатычны Чарнаручанка,— з задавальненнем пачаў завіхацца каля кацялкоў і боханаў мерзлага хлеба. Камбат паклаў на апарат трубку.
        — Вось, таварыш камбат, снедайце.
        Тэлефаніст паставіў на скрынку плоскі алюмініевы кацялок, абліты крупнікам, на знятае вечка зважліва паклаў пайку хлеба. Прыгуноў на саломе развязваў рэчмяшок.
        — Тут во доппаёк вам, таварыш капітан. Старшына перадаў. Што тут? А, во сала...
        Ён асцярожна выцягнуў з рэчмяшка нешта загорнутае ў падраную газету, паклаў на скрынку.
        — Вось, вам і лейтэнанту.
        Валошын зразумеў: гэта быў доппаёк за сакавік — месячная камандзірская дабаўка да салдацкай франтавой нормы, заўжды нечаканая і нават дзіўнаватая сваёй нязвыклай далікатнасцю ў выглядзе рыбных кансерваў, масла, пячэння. Зрэшты, масла і пячэнне цяпер былі заменены салам, што, аднак, таксама няблага.
        Пазіраючы, як разведчык старанна выцярушвае з рэч, мяшка рэшту пакрышанага пячэння, Валошын паспытаў абламаны кавалачак і з нядбайнай шчодрасцю пасунуў на край увесь пакамечаны, сыраваты кулёк.
        — Частуйцеся, Чарнаручанка!
        — Ды ну...
        — Ешце, ешце. Пакуль Гутмана няма.
        — Гэта вам,— сарамліва адмовіўся Чарнаручанка.— Мы во,— пашано...
        — Гутман прыйдзе, прыбярэ,— сказаў Прыгуноў, і разам з Чарнаручанкам узяўся за свой кацялок з крупнікам.— I лейтэнанту тут. Усё разам.
        «Не хочуць — хай прыбярэ Гутман»,— падумаў камбат, ён жа есці гэта пячэнне проста саромеўся, гледзячы, як адсоўваліся ад яго байцы. Тым не менш, як і ўсе, ён таксама быў галодны і, адчуваючы, як катастрафічна хутка міналі хвіліны ціхага часу, думаў, што неўзабаве стане не да яды. Ён таропка высербаў свае паўкацялка ледзь цёплага пшоннага крупніку з хлебам і засунуў у палявую сумку складную алюмініевую лыжку.
        У гэты час зазумерыў тэлефон.
        — Пачынаецца!
        Сапраўды, пачыналася. Званіў ПНШ-2, патрабаваў звесткі аб разведцы абедзвюх вышынь, і Валошын груба сказаў яму, што сам яшчэ не атрымаў гэтых звестак. 3 ПНШ ён адвёў душу, выказаўшы яму ўсё, што думаў пра арганізацыю ягонай службы ў часці. Капітан пакрыўдзіўся, яны паспрачаліся, але толькі ён паклаў трубку, як зазваніў начальнік артылерыі. Гэтаму трэба было ўвязаць некаторыя моманты артпадрыхтоўкі мінроты Злобіна з дзеяннямі яго батальёна. Начальніка артылерыі Валошын увогуле паважаў, гэта быў талковы кадравы капітан, з якім яны выдатна дамаўляліся на тактычных вучэннях пад Свярдлоўскам, але цяпер Валошын зрэзаў яго пытаннем:
        — Колькі?
        — Што — колькі?
        — Колькі «дыняў» на мяне адпушчана? Бэка? Два?
        — Ого, захацеў! — развесяліўся капітан.— Бэка! Па дваццаць «дынек» на ствол.
        — Зразумеў. Што і ўвязваць! Якое тут можа быць узаемадзеянне?
        — Тым больш трэба ўзаемадзейнічаць,— сказаў начарт.— Калі «дынек» навалам, тады сапраўды... Тады еш ад пуза і яшчэ застанецца. А тут кожная «дынька» на ўліку, разумееш?
        — Вось што, капітан,— сказаў Валошын.— Я папрашу толькі аднаго: каб не ўсе адразу. Каб — на пасля. Спярша ўжо я сам як-небудзь. Зразумеў ты мяне?
        — Я зразумеў,— уздыхнуў у трубку начарт.— Ды нада мной ці зразумеюць?
        «Над табой наўрад ці зразумеюць»,— падумаў Валошын, пачуўшы, як у траншэі затупалі крокі і хтось, ціха размаўляючы там, затузаў палатку. Па бесклапотным смеху і ўрыўках размовы камбат зразумеў, што гэта ішлі работнікі штаба, пасланыя да яго для кантролю і дапамогі. I сапраўды, у цесную зямлянку неўзабаве ўціснуліся тры мажныя камандзірскія постаці ў паўшубках, са счырванелымі ад марознага ветру тварамі, заклапочаныя і ў той жа час поўныя важнасці ўскладзеных на іх абавязкаў.
        — Прывітанне, камбат,— фамільярна падаў яму руку першы, хто ўвайшоў,— капітан Хілько, начхімслужбы палка, чалавек падкрэслена просты ў сваіх адносінах з камандзірамі і падначаленымі.
        — Мы думалі, камбат яшчэ спіць,— сказаў другі, тонкі, з чарнявым нервовым тварам, палкавы інжынер, прозвішча якога Валошын не памятаў, бо ў полк той прыбыў нядаўна.— Гэта нас паднялі ні свет ні зара.
        — Да, вас дарма паднялі,— сказаў камбат, з міжвольным незадавальненнем ад гэтай навязанай яму фамільярнасці. Увогуле ён быў не супраць фамільярнасці, але цяпер адчуваў, што за ёй стаяла жаданне гэтых людзей глыбей улезці ў сутнасць яго і без таго маларадасных спраў, і ён не мог не супраціўляцца гэтаму.
        — Як гэта дарма? — прастадушна здзівіўся трэці — таўставаты, з жывоцікам чалавек, якога Валошын бачыў упершыню і цяпер не без некаторай асцярогі прыглядаўся да яго маёрскіх пагонаў.— Як гэта дарма? Хіба атака адмяняецца?
        — Атака не адмяняецца,— сказаў Валошын.— Атака ў шэсць трыццаць.
        — Во-во! Палкоўнік менавіта так і арыенціраваў. Камандзір дывізіі,— удакладніў маёр, каго ён меў на ўвазе, і камбат падумаў, што, мяркуючы па ўсім, гэта — прадстаўнік штаба дывізіі.— Значыць, значыць...— гаварыў ён, азяблымі рукамі спрабуючы дастаць з кішэні гадзіннік.
        Валошын апярэдзіў яго, выняў свой і сказаў:
        — Значыць, засталося паўтары гадзіны.
        — Правільна. Таму не будзем марнаваць час, у мяне сем пунктаў.
        — Сем пунктаў чаго? — не зразумеў камбат.
        — Сем вызначаных пунктаў праверкі. Пункт першы: наяўнасць конскага саставу?
        — Восем коней,— не адразу, з некаторым здзіўленнем сказаў камбат.— Пяць мерынаў і дзве кабылы. Было яшчэ жарабя, ды недзе згубілася.
        — Так, так,— заспяшаўся маёр, няўмела і таропка расшпільваючы сваю палявую сумку — яму трэба было запісаць.— А які стан вупражы?
        — Здавальняючы.
        — Ветэрынарная забяспечанасць? — задаў наступнае пытанне маёр, паспешліва рыхтуючы блакнот для запісу нізка нахіляючыся.
        — Мабыць, вы нешта зблыталі,— са з'едлівым спакоем сказаў камбат, пачынаючы ўжо здагадвацца, што перад ім ветэрынар са штаба дывізіі.— У мяне, таварыш маёр, атака. А не вывадка конскага саставу.
        — То есць як? — акругліў вочы маёр.— А конскі састаў?..
        — Вельмі проста. Знайшлі час, чым цікавіцца! У мяне да атакі палавіна гатоўнасці.
        — Палавіна гатоўнасці? — з яшчэ большым здзіўленнем перапытаў маёр.— Але ж праз паўтары гадзіны...
        — Ужо праз гадзіну дваццаць...
        — Я здзіўлены і збянтэжаны,— прабурчаў маёр, нахіліўшыся да ліхтара, каб запісаць нешта.
        — Да, час ідзе,— пацвердзіў інжынер.— Я толькі хацеў паглядзець схему інжынерных збудаванняў батальёна. Атака атакай, але не грэх дбаць і пра абарону.
        — Гэта ў начальніка штаба,— суха сказаў камбат.
        — А дзе начштаба?
        — У ротах.
        — Добра. Я пачакаю.
        — Ага, вы пачакайце,— раптам спахапіўся камбат, адчуўшы, што паявілася магчымасць адчапіцца ад гэтых правяральшчыкаў. Але адчапіцца ад іх можна было толькі пайшоўшы ў баявыя парадкі рот — туды ўжо яны наўрад ці сунуцца.— Чарнаручанка!
        — Я! — падняў галаву тэлефаніст.
        — Бярыце катушку, апарат і за мной шагам марш!
        — Гэта як? — здзівіўся інжынер.
        — Я адпраўляюся ў роты.
        — Але ж тут ваш КП.
        — Тут КП. Тут будзе ад'ютант батальёна. Вось з ім займіцеся. Ён у курсе ўсяго.
        Чарнаручанка папярэдзіў тэлефаніста на другім канцы провада і пачаў таропка выдзіраць з куткоў калочкі, якімі мацаваўся кабель, Прыгуноў згрэб рэчмяшкі, узваліў на плячо запасную катушку, і камбат, не чакаючы іх, ірвануў палатку над выхадам.
        Ён ужо быў спакойны. Яго нядоўгая злосць хутка ўлягалася, гэта было яшчэ не самае горшае — «кантроль і дапамога» таксама мелі свае слабыя месцы, і з імі можна было змагацца. У роты наўрад ці яны сунуцца, застануцца ў зямлянцы, тым больш што ён аддаваў ім Маркіна. Маркіну, вядома, дастанецца. Але камбат не адчуваў падставы, каб каяцца — ён сапраўды не меў ні хвіліны часу на гэтыя размовы,— уся яго істота, кожны нерв і кожная думка ў галаве былі захоплены будучым боем.
        Ён выбег з траншэі і пайшоў па быльнягу ўніз. Злева, недзе ля пасёлка саўгаса, відаць, таксама падняўся перапалох — свяцілі ракеты, і трасіруючыя чэргі агнянымі раямі мільгалі над чорнай зямлёй па краі зорнага неба. Там, напэўна, таксама працавалі разведчыкі — сёння другі батальён трошкі пазней за трэці таксама пачынаў сваё наступленне, якое не прынесла яму поспеху ўчора. Безумоўна, узяўшы гэтую праклятую вышыню, Валошын вельмі памог бы другому, зрэшты, таксама, як і другі памог бы яму, калі б захапіў саўгас. Але з іх аслабленымі сіламі захапіць што-небудзь было не так проста, думаў камбат, мабыць, крыві сёння пральецца нямала. Ці застанецца хоць што-небудзь ад яго батальёна?
        А што, калі правесці манеўр, не прадугледжаны ні камандзірам палка, ні статутам, і яшчэ да пачатку артпадрыхтоўкі і да світання паслаць на той бок роту — у час атакі яна б пасобіла астатнім, узяўшы агонь на сябе. Ды і сама памагла б агнём. На самай справе! Ноччу прабрацца пад вышыню, напэўна, удалося б, кустоўе ў балоце маскіравала ад ракет і хоць не хавала ад агню з вышыні, усё ж байцам было ў ім надзейней. Хаця для таго, каб паслаць роту зноў, трэба звяртацца да камандзіра палка, зрабіць гэта без яго ведама камбат не меў права. Хіба што ўзвод? Скажам, таго ж Нагорнага...
        Валошын хутка крочыў уніз, да балота, пад аціхлую ўранні вышыню. Вецер не пераставаў, было здорава холадна, мароз браўся, напэўна, градусаў пад семнаццаць. Набліжаўся світанак, стала зусім цёмна, толькі зоркі ў разрывах аблокаў бліскалі неспакойна і востра. Але ён ведаў, што неўзабаве іх бляск пачне слабнуць, неба нальецца сінькай, з начной цемры пачне выступаць шэры, непрытульны абсяг, і для батальёна праб'е яго час — шэсць трыццаць.
        Валошын азірнуўся — Чарнаручанка з Прыгуновым адставалі, корпаючыся са сваёй катушкай, каторая часам гучна трашчэла, заядаючы кабель, мабыць, буксавала зубчатка. Ён хацеў як мага хутчэй асталявацца ў роце, але без сувязі цяпер не мог абысціся ні адной хвіліны і спыніўся, чакаючы байцоў. У пачуццях была кароткая палёгка, што ўдалося адчапіцца ад правяраючых, якія па сутнасці нічым памагчы не маглі, толькі блыталіся пад нагамі і заміналі. Кожны з іх адчуваў сябе разумнейшым у яго справах, а галоўнае — пнуўся са сваім правам указваць і нават загадваць. Як жа — яны былі пасланы ў батальён зверху, з палка і дывізіі, і, значыцца, адчувалі сябе больш дальнабачнымі, чым усе, хто быў у батальёне. Нават і гэты дывізійны ветэрынар, якога гэтак ашаламіла яго негатоўнасць да атакі.
        «Хай сядзяць сабе на КП, чакаюць Маркіна,— падумаў Валошын.— Утрох ім сумна не будзе».
        Аднак ён памыліўся.
        Толькі ён прыйшоў у роту Самохіна і загадаў Чарнаручанку паставіць тэлефон у траншэйцы, а Прыгунова паслаў у ланцуг па Самохіна, як ззаду трохі наводдаль ад роты пачуўся прыглушаны голас. Спярша здалося яму, што гэта хтосьці з байцоў, але затым данесліся характэрныя інтанацыі Гутмана, і ён узрадаваўся, падумаўшы, што Гутман, нарэшце, нясе доўгачаканыя звесткі аб разведцы вышыні «Малой».
        Сапраўды, гэта быў Гутман, які хутка ішоў уніз да траншэі, але за ім, адстаючы, варушыўся хтосьці ў паўшубку, і камбат, прыгледзеўшыся да яго, пазнаў нядаўняга свайго правяральшчыка са штадыва.
        — Таварыш камбат, вось прадстаўніка дывізіі прывёў,— бадзёра сказаў Гутман, быццам чакаючы пахвалы за сваю ініцыятыву.
        Камбат у душы вылаяўся, згледзеўшы, як настырны маёр, сапучы, лезе ў вузкаватую для яго траншэйку.
        — Хутка, аднак, вы ходзіце, камбат. Добра, што ваш ардынарац папаўся,— казаў ён як ні ў чым ні было.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.