РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
11
        
11

        
        Звыкла і нявесела разважаючы і адначасна ўслухоўваючыся ў шорхат ветру наверсе, камбат пагаліўся, агледзеў у люстэрка свой падкаўнерык, падумаў, што не шкодзіла б падшыць новы, але падкаўнерык падшываць не стаў. Ён на ўсе гузікі зашпіліў гімнасцёрку, надзеў шынель, пацёрты, прастрэлены, папэцканы ў зямлі, але звыклы і яшчэ нават чымсь франтаваты яго шынелак, які ён пашыў на заказ у час фарміроўкі ў Свярдлоўску. Рэмень і партупея дасталіся яму з поля бою ад колішняга ягонага намесніка старшага лейтэнанта Сарокіна, забітага ў студзені пры разведцы боем,— свой, даваенны, прапаў пасля яго цяжкога ранення пад Ржэвам. Але і гэты яшчэ быў някепскі — пашкрэбаны, але каляны, з камсастаўскай палявой спражкай, дзвюма партупеямі і нават свістком у маленькім футаральчыку на левым партупейным рэмені. Камбат пасунуў на дзязе і расшпіліў пацёртую і абшкрэбаную ў траншэях кабуру, з якой выцяг свой пісталет ТТ выпуску 1939 года з ладнай пластмасавай рукаяткай. Пасля ўжо пластмасавыя не выпускалі — рукаяткі рабілі з дрэва. У абодвух яго магазінах было па сем штук патронаў — восьмы ён звычайна дасылаў у патроннік, каб аслабіць спружыну. Пісталет гэты быў для яго тым, чым можа быць на вайне толькі найлепшы сябар, які не раз дасведчыў камбату сваю нямую адданасць. Апошні выпадак усё яшчэ выклікаў у Валошына лёгкія дрыжыкі пры ўспаміне аб тым, як гэта здарылася і чым магло скончыцца. Неяк тыдзень назад у часе ашалелай сутычкі ў нямецкай траншэі Валошына збіў з ног дужы малады эсэсавец, у руцэ каторага бліснуў перад яго вачмі нож. Падаючы, камбат паспеў стрэліць, на якую долю секунды раней, чым той апусціў руку, і эсэсаўскі нож па самую рукаятку ўвайшоў у зямлю ў якіх-небудзь двух сантыметрах ад яго пляча.
        Пісталет страляў безадмоўна, за дваццаць крокаў
        Валошын лёгка адбіваў рыльца пастаўленай на пянёк бутэлькі, збіваў па заказу любую галінку з дрэва. Кожны раз, разбіраючы яго перад чысткай, ён са шкадаваннем думаў, што некалі ім прыйдзецца расстацца, і хацеў, каб пасля той дастаўся харошаму чалавеку. Шкадаваць не будзе.
        Асцярожна ссунуўшы з рукаяткі затвор, Валошын не надта чыстай насоўкай старанна выцер яго пазы, выняў спружыну. Трэба было б прачысціць і ствол, у якім за некалькі дзён пасля апошняй стральбы, мабыць, нарасло каросты, але ў яго не было шчолачы. Ён нерашуча паўзіраўся ў соннага Гутмана, пазгадваў, куды той мог запіхнуць рэчмяшок з іх салдацкай маёмасцю, як раптам пачуў чыесь крокі. Яны гулка аддаваліся ў падмерзлай зямлі і яўна набліжаліся да іх зямлянкі. «Разведчыкі!» — з раптоўным ажыўленнем падумаў камбат, але ў траншэі крокі прыціхлі, ад няўмелых рук незнаёма зашамацела палатка, і ў зямлянку прасунуўся расчырванелы на ветры маладжавы твар.
        — Дазвольце, таварыш капітан?
        — Калі ласка,— сказаў Валошын, адчуўшы лёгкае расчараванне ад таго, што замест доўгачаканых разведчыкаў прыйшоў камсорг палка лейтэнант Круглоў.
        Зрэшты, камсорг быў неблагі афіцэр і таварыскі хлопец, і расчараванне камбата неўзабаве знікла.
        — Што, маёр Міненка паслаў? — збіраючы пісталет, запытаў Валошын.
        — Ну. У вас жа намячаецца заўтра,— проста сказаў Круглоў, знімаючы з рук рукавіцы.— А што гэта печка затухла? Дроў няма? Ну тожа, гаспадары мне — у лесе жывуць, а дроў не маюць.
        Перш чым камбат з Чарнаручанкам паспелі што-небудзь сказаць, камсорг прыўзняў край палаткі і знік у траншэі. Пачуўся яго прыглушаны голас на НП да вартавога, крокі, пасля зноў усё змоўкла.
        — Шабутны камсорг,— сонным голасам прамовіў Чарнаручанка, не то з пахвалой, не то з асуджэннем маладога лейтэнанта, якому па сваім узросце гадзіўся ў бацькі.
        «Жвавы, ага»,— падумаў Валошын. Круглова ён ведаў даўно, яшчэ з таго часу, як сам камандаваў ротай, а гэты лейтэнант быў камандзірам узвода ў палкавой роце аўтаматчыкаў. Спрытны быў аўтаматчык, нічога не скажаш. Зрэшты, стаўшы камсоргам палка, лейтэнант, здаецца, не перамяніўся.
        Не мінула і чвэрці гадзіны, як зноў пачуліся крокі, моцны шоргат у траншэі, Чарнаручанка расхінуў палатку, і Круглоў кінуў ля печкі настылае бярэма галля.
        — Во, хоць пагрэю вас. А то памерзнеце.
        Ён пачаў з хрустам ламаць, мабыць, не надта сухое галлё, запіхваць яго ў вузкія дзверцы печкі. Чарнаручанка памагаў, неўзабаве ў зямлянку дзьмухнула дымам, але ў печцы памалу пачало разгарацца. Камсорг спіхнуў на патыліцу шапку і, стаўшы на калені, адкінуўся ад печкі.
        — Люблю агонь!
        — Хто не любіць,— скупа сказаў Валошын з ранейшай заклапочанасцю ў настроі.— Што там у палку чутно?
        — А што ў палку? Я ж у другім батальёне, у Паршына, быў. Раптам званок, Міненка: «Шагам марш к Валошыну, заўтра «сабантуй».
        — «Сабантуй», ага. Загадана ўзяць вышыню.
        — Возьмем, калі загадана,— лёгка пагадзіўся камсорг.
        — Гляджу, ты аптыміст.
        — А што ж! Што яшчэ камсоргу застаецца? Задор, упэўненасць і аптымізм.
        — Няблага. А Паршын што? Адседжвацца будзе?
        — Дзе там! На саўгас наступае. Папаўненне атрымаў.
        — Папаўненне і я атрымаў. Паўсотню чалавек.
        — Ого! Так многа!
        — Усе новенькія. Неабстрэляныя. Ім бы з тыдзень у абароне пасядзець. Звыкнуцца з фронтам.
        — Не выходзіць у абароне.
        — Да таго ж па-руску амаль ніхто не разумее.
        — Гэта горш. Добра, я трохі разумею. Перакладчыкам буду.
        — А ты адкуль разумееш?
        — У Сярэдняй Азіі жыў. Самарканд, Бухара, Чарджоў.
        — Ясна. Тады дзякуй маёру Міненку. Сапраўды, можа, паможаш дамовіцца.
        Валошын сабраў пісталет, упіхнуў яго ў скураную кабуру, выцер насоўкай рукі. Круглоў сядзеў перад топкай і ўсё з хрустам ламаў галлё, піхаў яго ў дымную печку. Камбат чакаў, што камсорг, напэўна, праінструктаваны нампалітам, загаворыць аб палітмасавай рабоце, але той, быццам ухіляючыся ад гэтай тэмы, гаварыў аб іншым.
        — А як жа з палітзабеспячэннем? — асцярожна запытаў Валошын.— Мітынгу праводзіць не будзем?
        — А нашто? Я і так пагутару. Я ім пісьмо пачытаю. Пісьмо класнае атрымаў. Ад дзяўчат са Свярдлоўска.— Ад знаёмых?
        — Дзе там! Пішуць на імя камсамольскага сакратара часці. Не пісьмо — цэлая паэма. Хочаце пачытаць?
        Ён ухапіўся за сваю набітую паперамі кірзавую сумку, але Валошын сказаў:
        — Нашто? Не мне ж адрасавана.
        — Дык з маёй жа згоды. Я во байцам усё чытаю — слухаюць, не адарваць. I сардэчна, і патрыятычна. Хоць у газеце друкуй.
        — Вось і пачытай у ротах.
        — Абавязкова. Во як яны пішуць, паслухайце,— сказаў ён, таропка разгортваючы пакамечаны трохкутнічак.— «Ад імя і па даручэнню ўсіх нашых дзяўчат, здраствуйце, дарагія і любімыя воіны-героі, маладыя і трошкі старэйшыя, мы любім вас, і ганарымся вамі, і чакаем вас удзень і ўначы, верна аберагаючы нашу любоў і нашу дзявочую пяшчоту...» Ну і так далей.
        — Добра пішуць,— сказаў Валошын. Круглоў схаваў пісьмо і зашпіліў сумку.
        — Ну што, колькі там настукала? — зірнуў ён на скрынку, дзе ляжаў на краі гадзіннік Валошына.— Ого! Ужо тры. Пайду ў роту.
        — У якую пойдзеш?
        — Якая пад вышынёй? Самохіна?
        — Самохіна,— сказаў, падумаўшы, камбат.— Але я параіў бы схадзіць у восьмую. Лейтэнант Муратаў там захандрыў нешта.
        — Гэта чаму?
        — Ды так. Глупства. Але трэба было б падбадзёрыць.
        — Добра. Пайду да Муратава. Стары знаёмы ўсё ж. Разам у полк прыйшлі. А пасля і да Самохіна заскочу.
        — Што ж, давай!
        — Галоўнае, пісьмо пачытаць. Ведаеце, як натхняе?
        — Пабачым, як ты іх натхніш заўтра.
        — У найлепшым выглядзе. Толькі вось часу ў абрэз. Ну што ж, ранічкай пабачымся.
        — Абавязкова.
        Круглоў пайшоў, і ў зямлянцы зноў стала ціха. Прыслухоўваючыся да ягоных крокаў у траншэі, Валошын успомніў пра вышыню і падумаў, што прыйдзецца, напэўна, зноў вылазіць з зямлянкі і ісці да Самохіна — ён проста губляў надзею дачакацца на КП прапаўшых недзе разведчыкаў. Але зморанае цела марудзіла, так добра было сядзець у цяпле і спакоі, трывожна ўсведамляючы, што канчаюцца апошнія гадзіны ночы, а заўтра ўсё будзе не так.
        Хаця, можа, і абыдзецца. Яны возьмуць вышыню, закапаюцца: настане якая-ніякая перадышка, можа, давядзецца адпачыць у абароне...
        Але во чаго захацелася, спахапіўся камбат, злавіўшы сябе на гэтых расслабленых, амаль крамольных на фронце думках. Палова Расіі стогне пад немцам, ільецца кроў напалам са слязьмі, людзі чакаюць не дачакаюцца, калі Чырвоная Армія адужае ворага, а ён пра што марыць — стаць у абарону, адпачыць, адаспацца. Але што рабіць — менавіта так. Сэрцам і розумам адчуваеш адно, а цела, кожная часцінка тваёй цёплай плоці прагнуць іншага. У іх свае, куды больш сціплыя патрабаванні, без задавальнення якіх, аднак,— нікуды. Вельмі недасканалы, слабы чалавек, але іншага вось няма. Каб дасягнуць вялікае мэты, трэба лічыцца з маленечкімі патрэбамі гэтых недасканалых і слабых людзей, лёсамі і целамі якіх вымашчаны увесь даўгі шлях да вялікай жаданай Перамогі.
        I Круглоў мае рацыю, ідучы да іх не з лекцыяй аб становішчы на франтах і не з тлумачэннем чарговага загаду Вярхоўнага, а з просценькім, сардэчным і наіўным пісьмом самотных у абезмужчынеўшым тыле дзяўчат. Мабыць, сапраўды, такое пісьмо болей і глыбей кране ачарсцвелыя душы тых, каму адрасавана, і напэўна больш дабрадзейна паўплывае на іх свядомасць, чым казённыя словы вайсковага загаду, які ставіць даўно знаёмыя задачы. Калі б гэтыя задачы было так проста выканаць, як іх паставіць... А вось пісьмо, гэты ціхі голас дзяўчачай лагоды, які за тысячы вёрст прыляцеў у прамерзлы франтавы змрок,— што можа быць святлей і бліжай для згаладнелага, намерзлага, спакутаванага ў доўгім расстанні з блізкімі чалавека на фронце?
        Але камбат не хацеў чытаць гэтыя, можа, самыя лепшыя з усіх, калі-небудзь напісаных ад імя і па даручэнню радкі. Ён аддаваў перавагу радкам, якія не пакажаш другому, не прачытаеш на сходзе.
        Ён іх чытаў у рэдкія хвіліны спакою, адзін на адзін з сабой.
        «Дарагі мой Валошык, мой срэбны праменьчык закатнага сонейка, які так коратка і светла бліснуў у маім жыцці, дзе ты?
        Дзе ты, зямная і нябесная мая радасць, мой рослы дубок, зялёная траўка палянкі, мёдам прапахлы лужок, цёплая жывая хваля, гулліва забегшая на мае далоні?
        Адгукніся ж, скажы хоць слова — кажу я з пяшчотай, а сэрца маё трапеча ў разгубленасці ўсё з тым жа анямелым пытаннем — дзе ты?
        Дзе ты, Валошык, у той час, калі я заміраю ў журбе і роспачы; дзе ты, калі на сэрцы ў мяне трошкі святлее; дзе, калі мне зусім не хочацца жыць і калі жыццё раптам зробіцца такім слаўным?
        Дзе ты?
        Ці, можа, ты назаўжды выкінуў з сэрца тую, каторая з такой самаадданай радасцю кінула сябе да тваіх моцных ног, каторая аднойчы і на ўсё жыццё пакахала цябе болей за сваю родную маці, каторая не можа жыць без цябе,— твайго непаўторнага ў свеце позірку, ціхага ласкавага слова, дотыку тваёй вялікай, цёплай і надзіва пяшчотнай далоні...
        Ці, можа, ты спаткаў на вайне другую, нечакана асляпіўшую цябе зіхоткай сваёй прыгажосцю, чароўнай няўяўнасцю свайго кахання. Тую золатавалосую незямную Прынцэсу, перад якой я — няшчасная, адрынутая табой Золушка.
        Ці ты не чуеш і ніколі не пачуеш мяне, бо даўно ўжо ляжыш у сырой анямелай магіле з варожаю куляй у тваіх шырокіх грудзях, да якіх так любіла прыпасці галавой і я.
        Валошык мой, дзе ты?
        Я хачу быць з табой, нават калі ты назаўжды выкінуў мяне з твайго вялікага і гулкага сэрца, усё роўна я буду нячутна, бы цень, хадзіць за табой. I калі ты са сваёй залатавалосай Прынцэсай, я буду чакаць цябе, і ты вернешся. А калі ты даўно супакоіўся ад усяго ў глыбокай брацкай магіле, то і я хачу ляжаць побач. Вазьмі мяне хоць у магілу да сябе, я не магу без цябе.
        Толькі не маўчы, адгукніся. Мінула бясконцых пяць месяцаў нясцерпнага твайго маўчання. Я кожны дзень выходжу на наш ляшчынавы ўзлесачак і крычу, крычу — сонцу, аблокам, пахаладзеламу восеньскаму небу, крычу на ўсход і на захад:
        — Валошык, дзе ты?»
        Недарэчны, страшны і дзікі франтавы лёс!
        Ён перажыў трохмесячнае акружэнне, тыф, дзесяткі разгромных баёў, цяжкое раненне ў грудзі і ўсё ж выкараскаўся з учэпістых лапаў смерці. Але калі ён атрымаў гэта пісьмо, яе ў жывых ужо не было.
        Яна была забіта адзінай кулямётнай чаргой з выпадкова пралятаўшага «юнкерса» на залітай сонечным святлом паляначцы медсанбата, куды вынесла развесіць памытыя свае апраткі...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.