РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
19
        
19

        
        Ім пашанцавала. Паўтара дзесятка байцоў, што апынуліся на стыку сёмай і восьмай рот, уварваліся нарэшце ў траншэю.
        Мокры ад поту, Валошын, цягнучы за сабой кулямёт, заўважыў, як зводдаль у траншэі мільганула некалькі нямецкіх касак, некалькі разоў падземным грукатам вухнулі ручныя гранаты, але, калі ён узбег на разварочаны нагамі і засыпаны гільзамі бруствер, у траншэі ўжо ўсё было скончана. Ён з палёгкаю скокнуў у свежую, з выразным земляным пахам траншэю, прыкідваючы, дзе б да часу прыткнуцца з грувасткім кулямётам, які неўзабаве, мабыць, трэба было цягнуць далей. Але для таго ў вузкай траншэі яму патрэбна была дапамога. Азірнуўшыся, ён убачыў паблізу ў полі маладога байца ў новым шынялі і спыніўся, каб пачакаць яго, як аднекуль зверху, з не бачнай адсюль пазіцыі, гучна і грозна ўдарылі размераныя кулямётныя чэргі. Нізкія чырванаватыя трасы мільганулі наўкось па схіле, і баец, не дабегшы дзесятка метраў да бруствера, ткнуўся галавой у зямлю. Здаецца, яго зрэзала па самыя калені. У наступнае імгненне гэтыя трасы нізка пранесліся над галавой Валошына, той інстынктыўна прысеў, схапіўшыся за ручкі ДШК, але адсюль не было відаць за накапаным грабянём бруствера, адкуль біў гэты нямецкі буйнакаліберны. Біў, аднак, здорава — нізка па схіле ў фланг восьмай, некалькі чалавек якой, так і не дабегшы да траншэі, бездапаможна распласталіся на ржышчы. Іншыя пачалі таропка адпаўзаць пад выратавальную ахову ледзьве прыкметнага пагорачка ззаду. У той час зверху густа і прарэзліва завылі нямецкія міны, якія пыльнымі выбухамі ляглі ўпоперак па схіле, пасля па нізе вышыні, па балоце.
        Валошын скаціў кулямёт ніжай, на броўку, упёр казённік у супрацьлеглую сценку траншэі. Ён зразумеў усё. Надзея на ўдачу не спраўдзілася, момант быў упушчаны, батальён аказаўся разрэзаны на тры часткі, бой ускладніўся, і цяпер з упэўненасцю вызначыць ягоны зыход было немагчыма. Ва ўсякім выпадку жменьцы байцоў, што ўварвалася ў траншэю, хутка будзе не соладка.
        Стараючыся, аднак, захаваць вытрымку, ён апусціўся на дно траншэі і пад віск і грымоцце выбухаў згарнуў цыгарку. У ягоным болей чым азмрочаным з раніцы настроі настаў пералом, у гэтай безнадзейнасці ён нечакана знайшоў у сабе спакойную ўпэўненасць, амаль абнадзейнасць. Усё цяжка перажытае ім дагэтуль спакваля адсунулася прэч, яго чакала штось новае, і ён адчуў, што самае галоўнае, мабыць, трэба яшчэ перажыць. I хоць ён не меў аніякіх ілюзій, ён быў упэўнены і спакойны. Ён уступіў у звыклую ролю салдата і не залежаў ужо ні ад Гунько, ні ад Маркіна, а толькі ад немцаў і сябе самога. Ягоны салдацкі лёс быў цалкам у ягоных руках.
        Ён толькі раз зацягнуўся, як трохі вышэй у траншэі пачуліся незразумелыя крыкі і блізкая чарга з аўтамата секанула па брустверы. Было падобна на тое, што іх ужо спрабавалі адсюль выбіць і хтось там не ўтрымаўся. Але бегчы пад гэты агонь з траншэі, напэўна, азначала загінуць. Тузануўшы з кабуры пісталет, Валошын счакаў чвэрць хвіліны і, прыгнуўшыся, пабег па крывулястай траншэі. На другім ці на трэцім павароце ён наткнуўся ў дне на байца, што прысеў з прымкнёным да вінтоўкі штыхом і напружана ўзіраўся наперад, адкуль даносіўся крык і густа трашчалі аўтаматныя чэргі. Некалькі куль разбіла зямлю на брустверы, абдаўшы абодвух пяском і пылам.
        — Што там? — запытаўся Валошын.
        Баец паціснуў плячыма, трымаючы напагатове зброю, сам, аднак, не спяшаўся падацца назад, і Валошын крыкнуў яму:
        — Давай назад да кулямёта.
        Яны ледзьве разышліся ў цеснай траншэі, на дне якой ён з гідлівасцю пераступіў цераз труп немца ў расхінутым на грудзях шынялі, і на чарговым павароце ледзьве не трапіў пад знянацкую чаргу ўздоўж траншэі, паспеўшы, аднак, захінуцца за земляны выступ. Аднекуль спераду на яго наскочыў Круглоў.
        — Што такое, лейтэнант?
        — Дрэнь справа, камбат! Назад гоняць!
        — Спакойна! — сказаў Валошын і заступіў траншэю перад байцом, які следам за камсоргам выскачыў зза павароткі. Па ягонай шчацэ цякла за каўнер кроў.— Спакойна. Ану гранаты! Гранатамі — агонь!
        Баец штось усхвалявана крычаў, памінаючы нейкага Лёшку, і машынальна размазваў даланёй кроў па шчацэ. Падпарадкоўваючыся камандзе, ён сарваў з брызентавай дзягі гранату і з лаянкай шпурнуў яе далей у траншэю. Калі яна разарвалася за паваротам, абдаўшы іх смуродам і пылам, спераду з-за калена выскачыла яшчэ двое, і ў тым, што быў без шыняля, у непадпяразанай гімнасцёрцы, Валошын раптам пазнаў Чарнаручанку.
        — Чарнаручанка, ты што? Дзе Маркін?
        Чарнаручанка матлянуў па ім недаўменным позіркам.
        — Там,— кінуў ён, падхапіў вінтоўку і стрэліў два разы па траншэі.
        Туды ж ударыў з пісталета Круглоў.
        — Так. Адсюль ні кроку! — пачынаючы адчуваць заблытаныя акалічнасці бою, сказаў Валошын.— Адсюль ні з месца. Зразумела?
        — Так точна, таварыш камбат,— сказаў Чарнаручанка і перазарадзіў вінтоўку.
        Іх сабралася за каленам траншэі чалавек пяць, аднекуль спераду напіралі немцы, густа абсыпаючы бруствер і павароты траншэі аўтаматнымі чэргамі, а яны адстрэльваліся і час ад часу кідалі туды гранаты. Немцы таксама шпурлялі гранаты, дзве з якіх разарваліся, на шчасце, за брустверам, адну Чарнаручанка ўхапіў за доўгую ручку і адкінуў назад. Было зразумела, што з ходу выбіць немцаў з гэтай траншэі ў іх не хапіла сілы, і цяпер іх саміх як бы не выгналі ў поле. Гэта ўжо было горш, тым болей што дапамагчы ім тут не было каму.
        — Вось дык становішча! — клапотна сказаў Круглоў, стоячы на адным калене ў траншэі.
        Усе трымалі зброю напагатове. Першы каля павароткі стаяў згорблены баец са скрываўленай распухлай шчакой, за ім Чарнаручанка. Валошын азірнуўся, шукаючы позіркам яшчэ каго-небудзь ззаду, і ўбачыў яшчэ аднаго байца з учарашняга папаўнення, вочы якога на смуглявым твары пазіралі надзіва спакойна, амаль бясстрасна — так, нібы ўсё, што адбывалася навакол, было для яго звычайным, нават апрыклым.
        — Па-руску разумееш? — запытаў Валошын.
        — Разумею,— ціха адказаў баец.
        — Давай па траншэі за кулямётам. Удвух возьмеце кулямёт — і сюды.
        Баец пабег па траншэі, і Круглоў запытаўся з надзеяй:
        — А патроны? Патроны хоць ёсць?
        — На адну чаргу.
        Камсорг толькі памкнуўся нешта сказаць, як наперадзе штось грукнула, ён усхапіўся і стрэліў з пісталета. За ім стрэліў Чарнаручанка і паранены ў скроню баец. Пасля яны пачакалі, але з-за павароту ніхто не паказваўся, і Валошын апусціў пісталет.
        — Так. Колькі тут нас усяго? Шасцёра? — запытаў ён.— Здаецца, больш бегла.
        — Астатнія там,— азірнуўся Чарнаручанк.— У бліндажы.
        — У якім бліндажы?
        — А там бліндаж ёсць. Як фрыцы ўдарылі, яны не паспелі. Мы выскачылі, а тыя не паспелі.
        «Час ад часу зусім не лягчэй»,— падумаў Валошын. I так невялікія сілы іх былі раздзелены ў траншэі. Вядома, немцы хутка прыкончаць тых у нейкім там бліндажы, пасля возьмуцца за астатніх.
        — Лейтэнант, трэба прабіцца наперад,— сказаў Валошын.
        — Яно б не кепска. Але...
        — Трэба прабіцца. Дайце гранату.
        Чарнаручанка кінуў Валошыну круглае яйка нямецкай гранаты, капітан тузануў за гузічак са шнурком і шпурнуў яе цераз бруствер. Як толькі там грымнула, Валошын крыкнуў:
        — Быстра ўпярод!!
        Чарнаручанка з параненым хутка кінуліся за паварот, і ён па-над іх галовамі стрэліў уздоўж наступнага адрэзка траншэі. Прабегшы дзесятак крокаў, яны ўтрох затаіліся каля чарговага павароту. Паранены баец, відаць, зразумеўшы манеўр, выставіў з-за рога аўтамат і стрыкнуў туды кароткай чаргой. Пасля, прыгнуўшыся, сігануў за вугал, за ім сігануў Валошын, і абодва адразу ўпалі на дно — баец ад стрэлу з-за павароту, а Валошын — наскочыўшы на байца. Гэта падзенне, аднак, засцерагло капітана ад чаргі, якая пранеслася вышай, абдаўшы яго зямлёй. Тут жа, аднак, грымнуў вінтовачны стрэл Чарнаручанкі, і немец у непадпяразаным, з шырокім каўняром шынялі выпусціў з рук аўтамат і з падкручанай галавой асеў упоперак траншэі. Валошын з зямлі стрэліў у яго два разы і, падхапіўшы за почапку аўтамат, ускочыў на ногі.
         Ля чарговай павароткі яны затаіліся, прыпаўшы плячыма да закапцелага выбухам землянога выступу, за якім яўна адчувалася прысутнасць немцаў,— тыя, відаць, таксама чагось чакалі. Вядома, чакалі, калі яны туды сунуцца. Аднак яны ўсё марудзілі, таму што гранат у іх ужо не было. Валошын позіркам запытаў у Круглова, і той клапотна развёў рукамі — маўляў, скончыліся. Трэба было камусьці выскачыць з аўтаматам і сваёй нечаканасцю збянтэжыць немцаў. Хаця якая тут магла быць нечаканасць, падумаў Валошын, калі яны там трымаюць пальцы на спусках скіраваных сюды аўтаматаў. Не надумаўшы нічога іншага, ён сарваў з сябе палявую сумку і, размахнуўшыся, кінуў яе цераз бруствер. У той жа момант адтуль ударыў аўтамат, засыпаўшы ўсіх пяском, і яны, угнуўшы галовы, рынуліся за паваротку. Ён не адпусціў пальца са спуску, пакуль аўтамат у яго руках не заглох, у паднятым чэргамі пыле наперадзе мільганула некалькі спінаў немцаў, але ніхто з іх не ўпаў, ён падхапіў зпад ног сваю сумку з вялікаю дзіркай у баку і, задыхаючыся, прыціснуўся да сцяны ля чарговай павароткі траншэі.
         Падобна, аднак, немцы ўцякалі далей. Валошын нясмела, кораценька зірнуў з-за выступу і ўбачыў унізе прыступкі на ўваходзе ў бліндаж, з якога тырчаў кароценькі ствол ППШ. Відаць, гэта і быў той бліндаж, пра які гаварыў Чарнаручанка.
        - Гэй! — падаў голас Валошын.— Свае! Ствол хіснуўся, і з увахода высунуўся запэцканы зямлёй малады твар, на якім узрадавана бліснулі жвавыя вочы.
        - Камбат! Таварыш камбат!..
         «Я не камбат»,— хацеў сказаць Валошын, але, не сказаўшы нічога, пабег да наступнага павароту і там зноў прыціснуўся да падзёўбанай чэргамі земляной сцяны. Камсорг прыпыніўся і зазірнуў у бліндаж.
        - Жывыя?
        - Лейтэнант паранены.
        - Давай выхадзі! — скамандаваў Круглоў.— Адзін хай застанецца, а ўсе выхадзі!
         Трымаючы напагатове нямецкі аўтамат, Валошын чуйна застыў ля павароткі, не ведаючы, што там, і кожную секунду чакаючы адтуль чаргу ці гранату. Але, здаецца, там не было нікога, немцы ўцяклі. Хаця ён ведаў, што далёка яны не ўцякуць, наадварот, хутка пачнуць іх выкурваць з гэтай траншэі, якая заставалася апошнім для байцоў прыстанішчам. На схіле ім смерць.
        — Ану, давай усе сюды! — загадаў ён, калі некалькі байцоў высунулася з бліндажа.— Даставай лапаткі. Быстра перакапаць траншэю. Закрыць праход!
        Ён адступіў крок назад, і першы баец — даўгі, у старой ватоўцы, хлопец па прозвішчу Лучкін, з сілай уваткнуўшы ў броўку лапатку, адваліў пад ногі пласт яшчэ свежай, па-летняму сырой зямлі. Па другі бок пачаў старанна абрушваць зямлю яшчэ адзін баец у новенькай зялёнай касцы.
        — Так. Астатнім прыкрыць іх! Узяць у рукі гранаты! — распарадзіўся Круглоў.— Ні чорта! Яшчэ мы пабачым...
        Плюючыся ад узнятага ў траншэі пылу, Валошын адышоўся на некалькі крокаў назад, прыслухаўся. Нябачны кулямёт справа ўсё грукацеў чэргамі на вышыні, з віскам несліся над схілам міны, і ад іх перуновых выбухаў няспынна калацілася зямля. Але ў траншэі страляніна заціхла. Ці надоўга толькі? Безумоўна, немцы не маглі іх пакінуць у спакоі, значыць, рыхтаваліся ўдарыць як мае быць. Адрэзаўшы іх ад асноўных сіл батальёна, тыя, вядома, маглі не спяшацца. Дзецца тут усё роўна не было куды.
        3 бліндажа выглянуў усё той жа замурзаны баец у ссунутай на вуха шапцы.
        —Таварыш капітан! Лейтэнант кліча.
        Азірнуўшыся на знерухомеўшага каля байцоў Круглова, Валошын павярнуў назад і спусціўся па прыступках у адмысловы, пад двума накатамі глыбокі бліндаж. У яго паўзмроку было цяжка што ўбачыць, ён толькі згледзеў выцягнутыя на праход ногі ў ботах, абмотках, некалькі напружаных у паўзмроку твараў, па адным выглядзе якіх было зразумела, што гэта параненыя. Тут жа, прысланіўшыся спіной да сцяны, напаўляжаў на шынялі Маркін.
        — Што з вамі? — запытаў Валошын.— Сур'ёзна параніла?
        — Ды во, у нагу,— варухнуў лейтэнант забінтаванай, без бота нагой.— Так што зноў вам камандаваць.
        «Куды як зайздросна,— падумаў Валошын,— прыняць гэта камандаванне ў такі здатны час». Батальён рассечаны на некалькі частак, адна з якіх залегла пад вышынёй, другая сунулася ў гэтую пастку, упраўлення ніякага, камбат паранены і цяпер перадае камандаванне. Але што ж... Так ці інакш ён тут старшы па званню, прыйдзецца, відаць, брацца за справу.
        — Нашто было бегчы наперадзе ўсіх? Што і каму вы даказалі гэтым? Цяпер вы разумееце становішча батальёна?
        — Я ўжо адразумеўся,— са змрочным спакоем сказаў Маркін.— Я ранены.
        — А да ранення вы не маглі падумаць аб тым?
        — А што думаць? Загадаюць — палезеш, куды і шыла не лезе.
        — Да-а,— уздыхнуў Валошын і, ціха вылаяўшыся, стомлена апусціўся каля ўвахода.
        Ішла вайна, гінулі сотні тысяч людзей, паасобнае чалавечае жыццё, здавалася, страціла звычайны свой кошт і вызначалася толькі мерай шкоды, якую яно наносіла ворагу. I тым не менш, будучы сам салдат і сам кожную хвіліну рызыкуючы галавой, Валошын не мог не адчуваць, што ўсё ж самае каштоўнае на вайне — жыццё чалавека. I чым больш у чалавеку сапраўды чалавечага, тым важней для яго сваё ўласнае жыццё і жыцці блізкіх яму людзей. I ў той жа час якім бы ні было дарагім жыццё, ёсць рэчы даражэйшыя за яго, нават не рэчы, а паняцці, пераступіўшы, аднак, цераз якія, жыццё разам губляла сэнс, рабілася прадметам ганьбы, а можа, і каменем для сябе самога. Праўда, да Маркіна гэта апошняе, мабыць, не датычылася.
        Паклаўшы на калені рукі, Валошын хвіліну пасядзеў у спакоі, пакуль не адчуў, як запякло ў правай кісці — па пальцах на бот жыва скацілася некалькі цёплых кропляў. Ён памацаў кісць левай рукой і ўбачыў на пальцах кроў. Што за халера, падумаў капітан, які нават не заўважыў, калі гэта яго параніла. Але так, параніла, і трэба было перавязацца, каб спыніць кроў — кроў яму яшчэ будзе патрэбна.
        — У каго ёсць бінт? — запытаўся ён, ссоўваючы рукаў шыняля.
        — Во ў яго,— пачулася за ягонай спіной, і Валошын аж скалануўся.
        3 паўзмрочнага кутка бліндажа на яго пакутна глядзелі знаемыя вочы радавога Аўдзюшкіна, і Валошына пранізала спалохам, калі ён успомніў, што Аўдзюшкін быў ва ўзводзе Нагорнага.
        — Аўдзюшкін, ты?
        — Я, таварыш камбат.
        — Ты што, паранены?
        — Раніты, таварыш камбат. Во ногі ў мэнэ прастрэленыя.
        — А Нагорны?
        — Нагорны вбіты. Ёго гранатай вбіла. Тут, у траншэйцы.
        — Раніцай?
        — Ранкам, ну,— з натугай, стрымліваючы стогн, казаў Аўдзюшкін.— Як мы сунуліся, ну ён і навалівся. Всех пэрэбілы. Тількы я остався. I то во фрыц гэты спас. Пэрэвязав ногі.
        — Які фрыц?
        — Во цэй,— кіўнуў галавой Аўдзюшкін, і Валошын убачыў у змроку бліндажа яшчэ адзін белы твар у насунутай на лоб казыркатай шапцы,— немец ціха сядзеў у кутку за Аўдзюшкіным.— Тэж ранітый.
        — Прыстрэліць трэба,— сказаў ад дзвярэй мурзаты баец з аўтаматам.— Яшчэ яго не хапала...
        — Ні, нэ дам,— пераканана сказаў Аўдзюшкін.— Він мэнэ спас, цэ харошы фрыц. А то я б крывёй сплыў у гэтым бліндажы. Ану, фрыц, дай камбату бінтэц.
        Фрыц сапраўды нешта, відаць, зразумеў з іх гутаркі і, памацаўшы ў кішэні шыняля, дастаў свежы скрутак бінта, які Аўдзюшкін перадаў Валошыну.
        Валошын левай рукой пачаў абматваць кісць правай. Рана ўвогуле была лёгкая, куля слізганула па мякаці, ён нават не заўважыў калі. Аднак крывёй агідна заліло рукаў, які цяпер невядома дзе было вымыць. Завязваючы канцы бінта, ён прыслухаўся да выбухаў на схіле і з недаўменнем заўважыў, што ў траншэі ўсё пакуль сціхла. Пасля таго, што адбылося за гэтую раніцу, яго ўжо не так, як раней, дапякаў выпадак з Нагорным, хаця ён па-ранейшаму адчуваў сябе вінаватым у адносінах да сяржанта і ягоных байцоў. Але пад гэты час у яго адчуваннях столькі перамяшалася, наслаілася адно на адно, што аб Нагорным ён проста перастаў думаць. Ён з сумам і шкадаваннем падумаў пра Іванова, без усякай дапамогі пакінутага ім у варонцы, дзе той, магчыма, і сканаў. Заўжды Валошын у першую чаргу клапаціўся аб раненых, імкнуўся ў час эвакуіраваць іх з-пад агню, а вось свайго лепшага сябра ўратаваць не здолеў. Не мог. А тут што ж? Тут усё ж давядзецца ўступіць у камандаванне не батальёнам, вядома, да якога адсюль яму не дапяцца, а гэтаю маленечкай групай, каб неяк пратрымацца да вечара. Увечары, магчыма, да іх і праб'юцца. Магчыма, дапаможа камандзір палка. Але яму не падабалася гэтая нечаканая гісторыя з Аўдзюшкіным і яго выратоўцам-немцам, з якім цяпер немаведама што рабіць. Можа, лепш, каб Аўдзюшкін маўчаў пра сваю перавязку, так было б прасцей. Дык не, раззваніў перад усімі, цяпер разбірайся...
        — Так,— сказаў ён, перавязаўшы руку.— Трэба адбіваць траншэю. Інакш яны нас выб'юць адсюль.
        — 3 кім адбіваць? — змрочна сказаў Маркін.
        — 3 кім ёсць. Трэба сабраць усе гранаты. Можа, нямецкія гранаты засталіся?
        — Нямецкіх тут поўна,— заварушыўся ў куце паранены.— Во, цэлая скрынка.
        — Ану, давайце яе сюды.
        Валошын вылез у траншэю — зверху на схілах усё калаціліся выбухі і сцябалі зверху ўніз кулямёты, не даючы ротам падняцца. Ротам трэба было тэрмінова дапамагчы адсюль, каб тыя пасля маглі памагчы ім. Толькі з'яднаўшы ўсе намаганні, яны маглі ўратаваць сябе і чагось дабіцца. Раз'яднанасць была раўназначна пагібелі.
        Байцы ўжо перакапалі траншэю, зрабіўшы ў ёй невысокую, да пояса, перагародку, і Валошын скамандаваў:
        — Стоп, болей не трэба. Усім запасціся гранатамі. Вунь у бліндажы гранаты.
        Позіркам ён падлічыў байцоў. Ля перагародкі іх засталося шасцёра, двух ён адправіў за кулямётам, якога ўсё не было, плюс двое іх, камандзіраў; параненыя ў бліндажы, вядома, ім не памочнікі. Але і без раненых іх назбіралася болей дзесятка. Калі скарыстаць гэтую незразумелую паўзу і з дапамогай гранат ударыць уздоўж па траншэі, можа б, і ўдалося прабіцца да вяршыні, каб заткнуць горла таму буйнакалібернаму кулямёту, які сарваў усю справу. Тады магчыма, паднялася б сёмая з рэштаю восьмай.
        Байцы таропка разабралі ў падзеленай на соты жоўтае скрынцы нямецкія гранаты з доўгімі драўлянымі ручкамі, парожнюю скрынку піхнулі ў засланую саломай і засыпаную гільзамі ячэйку нямецкага кулямётчыка. Валошын апусціўся на гэтую скрынку.
        — Што, будзем штурмаваць траншэю? — запытаў Круглоў.
        Валошын затрымаў погляд на энергічным, нягледзячы на
        перажытае, твары камсорга.
        — А што ж застаецца, лейтэнант? Лепш штурмаваць, чым драпаць. Як вы лічыце?
        Камсорг падышоў бліжэй і апусціўся на кукішкі, прагна дасмактаў нямецкую цыгарэту.
        — Баюся, мала сілы, капітан.
        — Болей не будзе. Падавім кулямёт — паднімуцца роты. Круглоў ткнуў у зямлю і прытаптаў ботам акурак.
        — Калі падавім. I калі паднімуцца.
        Гэта, безумоўна, уся вайна — калі. Магчыма, ім нічога і не ўдасца. Але адысці з гэтай вышыні пасля такіх ахвяр і намаганняў ён проста не мог, бо ўсё паўтарыць спачатку ні ў яго самога, ні ў батальёна ўжо не было сілы. Сядзець жа, нічога не робячы, азначала ўступіць ініцыятыву немцам, якія, вядома, не замарудзяць яе і выкарыстаць. Значыць, трэба паспрабаваць. Трэба адбіць хоць бы палову траншэі.
        — Што ж, зразумела,— сказаў Круглоў і, устаючы, нягучна скамандаваў байцам: — Падрыхтавацца да штурму!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.