РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
8
        
8

        
        Камбат ціха ішоў па касагоры ўніз. Па-ранейшаму было цёмна, напорысты паўночны вецер шапацеў у быльнягу і рэдкім, па ўзмежках, кустоўі. Валошын засцярожліва пазіраў па баках, гатовы да якой неспадзяванкі: усё ж ён быў тут адзін, а ці мала што магло падпільнаваць аднаго на перадавой уначы. Нядоўга было трапіць і ў рукі да немцаў, якія, мусіць, таксама не ўсе цяпер спяць — арганізуюць і абарону, і ахраненне, і пошук разведчыкаў. Зусім не дзіва, калі выйдзеш з КП, а ў роту не прыйдзеш. Куды падзеўся — ніхто і ведаць не будзе.
        Мусіць, найгоршае на вайне — гэта недарэчна загінуць.
        У дадзеным выпадку палохае нават не сама смерць, а тое, як яе вытлумачаць людзі. Мабыць, знойдуцца і такія, што скажуць: перайшоў да немцаў, як гэта здарылася ўвосень з колішнім іх камандзірам палка Буланавым і ягоным начштаба Алексюком. На змярканні прыехалі конна на КП другога батальёна, пагутарылі, закурылі і выправіліся ў трэці, да якога было кіламетры два логам праз кусцікі. Аднак у трэці яны так і не прыехалі. Прапалі назаўжды, нібы жартуючы між дзвюма зацяжкамі, быццам іх і не было на зямлі. Пасля хадзілі розныя чуткі-здагадкі, кожная з якіх (апроч хіба самай недарэчнай — наконт здачы ў палон) была верагоднай. I ўсё ж найбольш пэўным здавалася меркаванне, што абодва камандзіры трапілі языкамі да нямецкіх разведчыкаў.
        Так, трапіць у бяду было справай няхітрай, нават дужа простай. Хоць бы і цяпер вось, калі ён брыў у цемры зусім адзін, без ардынарца і нават без Джыма. Вядома, з Джымам было б куды спакайней — Джым у такіх выпадках быў незаменны сваёю сабачаю чуйнасцю і амаль не сабачай адданасцю.
        Гэты сабака трапіў да яго паўгода таму, у канцы лета пад Селіжаравам, дзе рэшта іхняй разбітай арміі прабівалася з акружэння. Прарыў, пачаты ўдарнай групоўкай, па незразумелай прычыне затрымліваўся, немцы паспелі закрыць прабіты ёю праход, іх мінамётны агонь крышыў стогадовыя хвоі на ўзлеску, дзе разгарнуліся зводныя батальёны другога эшалона, пачаў гарэць лес, і дым усё болей ахутваў падлесак. Калі ўзнялося сонца, асколкам міны, якая выбухнула ў галлі, Валошына параніла ў галаву, і ён, неяк перавязаўшы яе, ляжаў пад хвояй, чакаючы сігналу «наперад». У поўдзень, спакутаваны ад духаты, смагі і болю, пайшоў у глыб лесу пашукаць вады і неўзабаве набрыў на зарослы ляшчыннікам равок з ледзьве жывым у траве ручайком, дзе і ўбачыў гэтага, невядома адкуль прыбрыўшага сюды, сабаку. Збочыўшы худы зад і шырока расставіўшы пярэднія лапы, Джым сядзеў над ручаём і з пакутным адчаем у вачах пазіраў на чалавека. Валошын напіўся сам, набраў цёплай вады ў трафейную пляшку і, спакойна падышоўшы да сабакі, асцярожна пагладзіў яго. Сабака нават не ўхінуўся ад яго рукі, і Валошын убачыў, што задняя яго лапа перабіта асколкам. У кішэні ў капітана была рэштка бінта, якім той асцярожна перабінтаваў пералом, затым, выламаўшы з ляшчыны дзве тонкія палачкі, наклаў іх замест шын на лапу і зноў туга абматаў бінтам. Сабака асцярожна пераступіў раз і другі і з раптам ажывелым выглядам пабрыў за чалавекам.
        Ён не адставаў ад капітана да вечара. У часе ашалелага начнога прарыву ў грымоцці выбухаў і мільгаценні трас ненадоўга прапаў, але калі ранкам рэшта групоўкі прарвалася цераз нямецкія пазіцыі, Валошын, на сваё здзіўленне, убачыў побач і гэтага кульгавага сабаку, які затым упарта не хацеў разлучацца са сваім выратоўцам. Валошын накарміў яго ля першай жа палявой кухні, дзе першы раз за некалькі дзён паеў сам, перавязаў лапу ў санчасці, дзе перавязвалі і яго, і павёў у тыл на пункт збору і фарміроўкі. Лапа ў сабакі зраслася надзіва хутка, і ён ні на крок не адставаў ад свайго выратоўцы. Часам у іх абодвух здараліся непрыемнасці з начальствам, але неяк усё абыходзілася во да сённяшняй ночы.
        Узрушаны многім з таго, што адбывалася сёння ў зямлянцы, занепакоены лёсам батальёна і заўтрашняй атакай, Валошын спярша неяк не дужа і адчуў страту Джыма. Аднак з цягам часу жаль па сабаку ўвачавідкі рос у ім, даходзячы часам да роспачы. Як ні дзіўна, а Джым быў для яго чымсь глыбока асабістым, амаль інтымным, нечым з таго, што начыста вытручвала ў чалавеку вайна і што можна было хіба адчуць і амаль немагчыма сфармуляваць словамі... На жаль, ён не мог пярэчыць генералу, для якога гэты сабака з'явіўся сёння, безумоўна, прадметам хвіліннага захаплення, уладарнага капрызу начальніка — не болей.
        Восьмая размяшчалася ўнізе пад касагорам, раскінуўшы па ўзмежку радок адзіночных ячэек. Сярод іх ліпела і цесненькая, прыкрытая плашч-палаткай зямлянка камандзіра роты, у якой размяшчаўся Муратаў і грэліся па чарзе байцы. Асцярожна ступаючы, камбат паціху падышоў з тылу да ледзьве прыкметнага бугарка, з-пад якога сцішана даносіліся галасы. Ён чакаў знайсці тут Маркіна і Муратава, але замест іх у зямлянцы аказалася некалькі байцоў, ледзьве асветленых кволым агеньчыкам трафейнае плошкі. Двое, што сядзелі бліжэй да святла, накінуўшы на голыя плечы шынялі, уважліва абшуквалі на каленях вывернутыя споднія кашулі. Камбат з намаганнем прасунуў галаву ў вузенькую шчыліну ля палаткі — байцы сарамліва сумеліся, захінаючы вопратку.
        — Што — грызуны заелі?
        — Кусаюцца, халера на іх.
        — Дзе камандзір роты?
        — Пайшоў. 3 начальнікам штаба,— адказаў бліжэйшы да выхаду баец, нацягваючы палу шыняля на белае худое плячо.
        Валошын захінуў палаткай уваход і ўстаў. Значыць, Маркін ужо распачаў дзейнічаць. Увогуле начальнік штаба чалавек старанны, даручыўшы яму што-небудзь, можна быць упэўненым, што валыніць не будзе. Праўда, дзейнасць яго звычайна прасціралася строга ў межах загаду. Калі ж здаралася, што трэба нешта ўзяць на сваю адказнасць (тым болей рызыку) або праявіць ініцыятыву, таксама, як правіла, звязаную з рызыкай, тут ужо ад Маркіна не варта чакаць многага — будзе роўна столькі, колькі адмерана распараджэннем начальства.
        Зрэшты, Маркіна можна было зразумець: не кожны на вайне, трапіўшы ў такія свалачныя выкруты лёсу, як ягоны начштаба, здолеў захаваць душэўную нязломнасць. Камбат ужо ведаў з жыцця і з свае камандзірскае практыкі, што людзі ёсць людзі і патрабаваць ад іх таго, на што яны менш за ўсё здольны, недарэчна па меншай меры. Мусіць, трэба прымаць іх такімі, як іх стварыла жыццё, скарыстоўваючы для справы тыя з іх дзелавых якасцей, якія толькі і можна выкарыстаць.
        Стоячы ў выкапаным праходзе, Валошын прыслухаўся, знізу ўгору агледзеўся па баках — непадалёк, здаецца, хтосьці маячыў на ледзь-ледзь светлаватым фоне. Той, мусіць, пазнаў камбата і азваўся сіплым прастуджаным голасам:
        — Яны там, ля сяржанта. Камроты там і начальнік штаба.
        Камбат паціху пайшоў уздоўж ланцуга ад аднае адзіноч-
        най ячэйкі да наступнай. Амаль ва ўсіх іх варушыліся байцы, дзе-колечы іх было па двое — сышліся пакурыць ды пагрэцца. Бадай ніводзін не спаў — зрэшты, мудрона было заснуць на такой халадэчы. Аднак гэта звечара. Камбат ведаў: пад ранак нават і тут іх адолее сон, наколькі хопіць трывання, пачнуць драмаць, змагаючыся са сцюжай. Зусім без сну чалавеку нельга, нават і тады, калі ён на вайне і сядзіць у ста кроках ад немцаў.
        Урэшце ля пятай ці шостай ячэйкі ён пачуў стрыманую размову, якая, як толькі яго заўважылі ў цемры, адразу прыціхла. У доле ля бруствера цямнела некалькі постацей — ён падышоў бліжай і спыніўся.
        — Ну што, лейтэнант Маркін?
        Маркін таропка ўстаў, падняўся таксама Муратаў і яшчэ нехта з байцоў восьмай.
        — Паслалі, таварыш камбат. Траіх. Праз гадзіну-паўтары павінны вярнуцца.
        — Так. А з сёмай не чуваць нічога?
        — Не, не чуваць.
        — Пашліце байца да лейтэнанта Самохіна. Хай перадасць: я чакаю вынікаў разведкі.
        — Ёсць!
        Муратаў крута павярнуўся і некуды пабег, Валошыну гэта не спадабалася: куды ён бегае? Ці ў яго няма ардынарца або хоць сувязнога, каб паслаць некага выклікаць. Аднак той факт, што сам ён прыйшоў сюды адзін, устрымаў яго ад папроку ротнаму. Маркін, быццам чагось чакаючы, стаяў насупраць.
        — Вы адпраўляйцеся на КП,— сказаў яму Валошын.— Калі што — я буду тут.
        Начштаба зрабіў крок убок, але перш чым пайсці, растлумачыў, нібыта баючыся, каб камбат што-небудзь зразумеў не так:
        — Тых я добра праінструктаваў. У роце назначылі слухачоў назіральнікаў. Так што ўсё павінна быць у парадку.
        — Добра.
        Маркін няспешна, неяк быццам апанураны чымсь, патупаў ад акопчыка на пагорак і хутка знік у цемры. Не паварочваючыся ў той бок, камбат нейкі час яшчэ чуў ягоныя крокі ў мерзлым доле, адзін раз нават моцна дзёўбнула штось,— мабыць, Маркін спатыкнуўся, затым усё сціхла. Маркін ніколі асабліва не злаваў яго, ніколі не аспрэчваў яго распараджэнняў, спраўна выконваў усе патрабаванні з палка, але заставацца дзе-небудзь удвух з ім Валошыну часам было амаль непрыемна. Чымсь начальнік штаба выклікаў да сябе нейкую неўсвядомленую насцярожанасць, недаўменнасць, было такое ўражанне, нібы чакаў што ад камбата, але што — той не мог зразумець. Праўда, Валошын мала думаў над тым, але прыцьмелая непрыемнасць, што ішла ад лейтэнанта, стала амаль звыклай у яго пачуццях да Маркіна, хоць Валошын яшчэ нічым не выказаў яё.
        Затуліўшыся ад ветру, камбат ціха стаяў ля бруствера, агорнуты ноччу, сцюжай і цішынёй. У дваццаці кроках наперадзе скупа бялеў у хмыззі лёд — шэрыя, аплаўленыя, з умерзлай травой плахі паміж куп'я, за якім на голым крутаватым схіле, прытаіўшыся, рабілі сваю справу немцы. I, дзіўная справа, тут, дзе было куды бліжэй да іх, чым ад яго КП, камбату адчувалася куды як спакайней, тут знікала адзінота, заступала адчуванне туташнасці з уласцівай яму ўтульнай надзейнасцю, якую магчыма адчуць толькі дома. Так, ягоны батальён здаўна і звыкла быў яму домам, ягонай крэпасцю і аховай — іншага для сябе прытулку на вайне ён не ведаў.
        Калі вярнуўся Муратаў, ён ціха стаяў ля ягонага акопчыка, і лейтэнант, мусіць, падумаўшы, што камбат нешта слухае, сціпла спыніўся побач. Валошын сапраўды ўслухоўваўся, чакаючы якога сігналу з-пад змрочных гарбоў за балотам, але адтуль не далятала ні гуку, адно толькі на балоце шастаў голым кустоўем вецер. Разведчыкі нібы прапалі — ці то яшчэ дабіраліся да нямецкай пазіцыі, ці, можа, ляжалі дзе каля яе.
        Валошын няспешна пайшоў па-над ланцугом у напрамку да роты Кізевіча, Муратаў са зважлівай маўклівасцю скіраваў следам.
        — Як вы размеркавалі папаўненне? — напаўголаса запытаў камбат.
        — Усіх у адын узвод.
        — Усіх? А камандзір узвода?
        — Сам буду камандыр узвода. Буду под рукой дэржаць.
        Сам — гэта ўжо стыль Муратава. Не любіць чакаць, пе-
        ракладваць на іншых. Зрэшты, цяпер, мабыць, не было на каго і перакласці: з узводных сярэдніх камандзіраў ніводнага, сяржантаў на роту два чалавекі, можа, так будзе і лепш, калі сам.
        Недзе павінен быў пачацца ланцуг дзевятай, разрыву ў яе з восьмай амаль не было. Ля акопчыка сядзелі і стаялі, павылазіўшы на паверхню, байцы, некаторыя капалі, відаць, каб не мерзнуць дарма. Камбата з камандзірам роты пазнавалі здаля, па размове — мусіць, тут былі стараслужачыя.
        — Ну і які настрой у новенькіх?
        — А, какой настрой! Прысталі, спаць хацят. Акапывацца не хацят.
        — Акапацца трэба.
        — Я сказал: одын ячэйка на два чалавек.
        — Во як?
        Вядома, гэта было няправільна. Двум чалавекам у адной ячэйцы можна хіба што хавацца ад артабстрэлу, але не самім весці агонь. Трэба б акапацца як мае быць — кожнаму па ячэйцы ў рост, калі б толькі быў час. А так, вядома, ноч пракалупаюцца ў зямлі, а заўтра ў баі будуць як сонныя мухі,— што тады з іх возьмеш?
        Муратаў засяроджана маўчаў, нібы пакрыўджаны, хоць крыўдзіцца, здаецца, не было за што. Валошын гэта адчуў, пачакаў крыху і запытаў:
        — А ў вас як настрой?
        — А што настрой! Плахой настрой,— проста сказаў лейтэнант.
        — Гэта чаму?
        — Часы сталі.
        — Якія часы?
        — Мой часы. Взял і стал. Паслушал — стаіт. Завёл — стаіт.
        — Ну і што? — падумаўшы, запытаў камбат.
        — Так, нічего,— скупа адказаў ротны.
        — Значыць, барахло часы. Кіраўскія?
        — Нямецкія.
        — Ну нямецкія — штампоўка. Гэта не часы, а дрэнь. Мае вось не спыняюцца.
        Ён дастаў з кішэні важкаваты круглячок трафейнага швейцарскага гадзінніка, звыкла адчуваючы пад рукой жвавае металічнае цоканне яго механізма. На цыферблаце, які заззяў у цемры зялёнымі іскрынкамі, было без малага дзве гадзіны ночы.
        — Мой барахло,— пагадзіўся Муратаў.— У Рубцова взял. Артподготовка был, Рубцов пасмотрел: стоят. Говорит, на, Муратов, мне уже не понадобятся. В атаке пуля попал под каску.
         Сэнс гэтых звычайна сказаных слоў непрыемна-пра чувальным дотыкам слізгануў па адчуваннях. Валошын унутрана сцяўся, але тут жа валявым намаганнем перасіліў сябе і амаль бадзёра зазначыў:
        — Глупства. Прастое супадзенне — не болей.
        Сам сабе ён падумаў, што колькі ўжо загінула ў батальёне і з гадзіннікамі, якія не спыняліся, і без гадзіннікаў наогул, і з дрэнным прадчуваннем, і з самым лепшым. Аднак ён не паспеў колькі-небудзь пераканаўча супакоіць ротнага, калі непадалёк ля светлае плямы свежанакапанай зямлі заварушылася знаёмая сутулаватая постаць у паўшубку. Гэта быў камандзір дзевятай Кізевіч. Той таксама пазнаў камбата і, павярнуўшыся да яго, прычакаў.
        — Ці не ў пяць ужо атака? — запытаў ён хрыплавата-іранічным басам.
        — Атака ў свой час,— суха сказаў камбат, прыпыняючыся,— Як вы забяспечылі фланг?
        — Фланг? — перапытаў Кізевіч і пераступіў ля бруствера.
        Можна было падумаць, што ён толькі цяпер успомніў пра гэтае ліха — фланг, які быў для яго роты адкрыты ва ўвесь белы свет, і не ведаў, як бы яму адказаць.
        — Ну так, фланг,— пацвердзіў Валошын і цярпліва счакаў паўхвіліны, звыклы да медзведзяватай нетаропкасці і камроты-9.
        — Павярнуў два ўзводы, і капаюць.
        — А папаўненне?
        — I папаўненне капае. А што ж яму — спаць?
        — Папаўненню дайце адпачыць. Хай старыя папрацуюць.
        Кізевіч змоўчаў, і Валошын падумаў, што ўвогуле, калі мець на ўвазе заўтрашнюю задачу, дык капаць адсечную пазіцыю на фланзе, можа, і не было патрэбы. Але хай. Можа так здарыцца, што спатрэбіцца і адсечная, тым болей што і Кізевіч таксама пра тое вось не забыўся.
        — Вазьміце для ўзмацнення ўзвод ДШК.
        — Гэта всягда пажаласта,— дабрадушна азваўся Кізевіч.
        — I глядзіце мне фланг. Атака само сабой. А фланг — ваша асобая задача.
        — Будзе забяспечана,— усё з той жа іранічнай лёгкасцю запэўніў Кізевіч.
        Штосьці западозрыўшы ў паводзінах камроты, Валошын зрабіў крок наперад і ледзьве не ўпрытык стаў перад ім. Кізевіч, блажэнна ўсміхаючыся ў цемры, нават не саступіў убок.
        — Зноў? — са сцішанай злосцю запытаў камбат.
        — Наркомаўскія. Дальбог, не болей.
        — Здаецца, вы ў мяне дастукаецеся,— пасля паўзы ціха зазначыў Валошын.
        Кізевіч паспрабаваў пакрыўдзіцца.
        — Ну, скажаце тоже. Што я — маленькі? На сцюжы толькі, абы для сугрэўкі.
        Гэтае тлумачэнне ён чуў ужо не першы раз, як ні ўпершыню папярэджваў Кізевіча, які ўвогуле быў не благі камроты, каб вось не гэтая трошкі празмерная схільнасць да «наркомаўскіх».
        Нехта ў цемры кідаў цераз бруствер зямлю, разы два яе ацяробкі абсыпалі боты камбата. Ззаду стаяў, чагось чакаючы, маўклівы лейтэнант Муратаў, і насупраць лена перамінаўся з нагі на нагу відавочна задаволены сваім хмельнаватым адчуваннем Кізевіч. Валошына амаль раздражняла гэтая яго задаволеная саманадзейнасць — столькі невядомага чакала батальён заўтра на ранку, а гэты, глядзі, якая лагоднасць!
        — Вось што,— сказаў ён, падумаўшы.— Вазьміце адзін ДШК. Другі пойдзе ў роту Самохіна. Кізевіч адразу знерухомеў.
        — Ну, гэта ўжо... Таварыш капітан: у мяне ж фланг. Самі казалі...
        — Вось адным кулямётам і забяспечыце фланг,— незгаворліва адрэзаў камбат і павярнуўся да тылавога пагорка.— Дзе Ярашчук? Здаецца, недзе тут быў...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.