РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
4
        
4

        
        Чорт бы іх узяў, гэтыя патарчакі ды вывараціны, якіх у такой цемрадзі ні згледзець, ні абысці. Калі ўжо дзе і ёсць які корч, дык ноччу абавязкова налезеш на яго. Валошын устаў, пацёр збітае калена, услухаўся — не, здаецца, яго яшчэ не аклікалі, хоць недзе паблізу павінны пачынацца ячэйкі сёмае роты. Амаль вобмацкам ён прайшоў яшчэ, мабыць, з хвіліну. Боты хрустка ламалі леташні змерзлы быльнёг на ўзмежку, нейкае нябачнае калючае суччо ў доле чаплялася за халявы, полы шыняля, вецер надакучліва сцёбаў па твары незавязанымі матузамі шапкі. Наперадзе на краі небасхілу вялізным пакатым горбам чарнела злашчасная вышыня, лёс якой вырашаўся цяпер у штабе. У начным цемрыве яна здавалася зусім побач цераз балотца, што невыразна шарэла ў змроку старым брудным лёдам, і Валошын з затоенай цікаўнасцю ўгледзеўся ў яе зблізку.
        Не, маскіраваліся яны адмыслова, не тое што ў сорак першым, калі амаль адкрыта хадзілі ў трусах на перадавой і гулялі ў валейбол на агнявых пазіцыях. Цяпер за ўсю ноч не пачуеш ніводнага гуку — стаіліся, закапаліся ў зямлю і робяць сваю справу ціха і тайна. Але колькі іх там, што гэта за часць, якая яе задача, дзе агнявыя сродкі? — усё гэта былі спрэс загадкі, не адгадаўшы якіх, цяжка было разлічваць на ўдачу ў заўтрашняй атацы. Асабліва з такімі сіламі. Семдзесят шэсць чалавек, па сутнасці няпоўная стралковая рота, без артпадтрымкі, без сапёраў, без танкаў на даволі ўжо ўмацаваную вышыню. Калі яшчэ і не арганізаваць як след, дык і вышыні не возьмеш і людзей пагубіш. Усіх, без астатку.
        — Стой, хто ідзе? — нягучна пачулася ў цемры.
        Валошын крыху павярнуўся на голас, не спяшаючыся,
        аднак, з адказам. Наперадзе ў змрочным доле ясніўся глеісты пагорачак бруствера, за ім цямнела ямка акопчыка, у якой варухнулася нешта жывое. Баец болей не аклікаў — мабыць, яшчэ зводдаль па хадзе пазнаў камбата. Увогуле гэта быў непарадак, але Валошын не злаваў, ён прывык ужо, што яго ведалі ў батальёне і пазнавалі ўсюды пры першым жа гуку ягоных крокаў і першым слове яго каманды. Гэтак жа моўчкі камбат узышоў на бруствер.
        Баец з паднятым каўняром шыняля і ў касцы зверху на шапцы зябка знерухомеў у акопчыку.
        — Дзе камандзір роты?
        — Далей, таварыш камбат. Там кусцікі ёсць, дык ён каля кусцікаў.
        — Як немец?
        — Маўчыць, таварыш камбат,— асіплым ад сцюжы голасам адказваў баец.
        Валошын угледзеўся пільней — не, то быў незнаёмы, мусіць, нехта з пазнейшага папаўнення,— худзенькі азяблы хлопец з вострым падбародкам пад каскай. Старых стралкоў сёмай ён ведаў усіх яшчэ з таго часу, як сам камандаваў гэтаю ротай. Але засталося іх нямнога.
        — Ваша як прозвішча?
        — Маё? — ціха перапытаў баец.— Радавы Тарасікаў.
        — Адкуль родам?
        — Я? Саратаўскі,— адказаў ён і прыціх, мабыць, чакаючы новых у гэтым жа сэнсе пытанняў.
        Валошына, аднак, цікавіла іншае:
        — Машын там не чутна было? Не гудзелі?
        — Машын? Не, не чуў. Звечара неяк рыдлёўкамі блізка бразгалі. Вунь там, ля равочка,— баец старанна паказаў у цемру,— Пэўна, дзот ладзяць.
        Дзот, гэта вядома, без дзотаў яны не абыдуцца. Але куды горш, калі, збудаваўшы дзоты, яшчэ і замініруюць схілы. Тады заўтра не мінуць бяды, будзе нечакана, не дай бог. Валошын паўзіраўся па-над акопчыкам, паслухаў, але ноч была надта ўжо глухая і цёмная. 3 вышыні ад вечара, мабыць, не ўзляцела ніводнай ракеты, і адно гэта наводзіла на некаторыя падазрэнні.
        — Ну што ж, Тарасікаў. Назірайце.
        — Ёсць! — па-начному сцішана, з гатоўнасцю адказаў баец і ўжо іншым тонам, як да знаёмага, запытаў: — А дзе гэта Джым ваш, таварыш капітан? Не бяжыць нешта.
        — Няма Джыма,— суха адказаў камбат і нетаропка пайшоў далей.
        Джыма, вядома, ужо не вярнуць, калі трапіў да такога начальніка, дык назад не адбярэш. Увогуле для сабакі гэта, можа, і лепш, у генерала ягоны лёс, напэўна, будзе шчаслівейшы, чым на перадавой. I тым не менш шчымлівы жаль варухнуўся ў пачуццях камбата — столькі ў яго было звязана з гэтым сабакам!.. Але, глядзі ты, і баец — малады, а дапытлівы, ведае Джыма і нават цікавіцца ім. Валошын быў перакананы, што бачыць байца ўпершыню, а той, аказваецца, мала што пазнае камандзіра батальёна ў цемры, яшчэ і ведае ягонага сабаку. Хаця што ж, такая камандзірская роля — кожны крок перад сотняю пільных уважлівых вачэй, ад якіх не ўтоіш нічога.
        Яго яшчэ аклікнулі з цемры — ля акапанага на брустверы «максіма», грэючыся, размахваў рукамі стары кулямётчык Дзянішчык, знаёмы яшчэ па летніх баях пад Кузьмінскам, калі зусім невялічкая група іх прабівалася з акружэння. Тады гэты даволі ўжо пажылы баец невядома адкуль прыбіўся да яго роты і так разам з батальёнам выйшаў з-за фронту. А на фарміроўцы праз яго яшчэ была непрыемнасць — начальства пачало чапляцца, чаму не адправіў на праверку, чаму пакінуў у роце,— чалавек чужы, невядомы, ці мала што. Праверыўся Дзянішчык ужо пазней у баях, калі неяк выпадкам падмяніў параненага кулямётчыка, памог адбіць контратаку ды так і застаўся пры кулямёце. Зрэшты, кулямёт, здаецца, цяпер у яго ўжо другі — замест «максіма» танкастволы, сістэмы Гарунова.
        — Ну як справы, Дзянішчык?
        — А покі што слава Богу.
        — Чаму Богу? Ты што — веруюшчы?
        — Верушчы — не верушчы, а так кажуць. К слову падходзіць.
        Баец зважна, але і з пэўнаю годнасцю перад начальствам перамінаўся з нагі на нагу ля кулямёта, уцяўшы голыя без рукавіц рукі ў караткаватыя рукавы целагрэйкі. Камбат прысеў ля акопа і зірнуў цераз бруствер.
        — А як абстрэл? Мёртвай прасторы няма?
        — Ды ну! Усё як на талерцы, таварыш камбат.
        — А яны тут не засякуць вас? 3 вышыні ж таксама як на талерцы.
        — Ну. Але мы, калі ціха, «Гаруна» сюды,— паказаў Дзянішчык у акоп, дзе пад брустверам чарнела абсталяваная для кулямёта ніша-сховішча, у якой цяпер ляжаў, пасапваючы, скурчаны ў тры пагібелі ягоны напарнік: — Абстрэл калі? А калі заварушка, тады на месца.
        Камбат устаў з бруствера.
        — Ну малайцы. Камандзір роты дзе?
        — А вунь. Бліндажык там,— кіўнуў галавой Дзянішчык і зноў замахаў на месцы рукамі — грэўся.
        Непадалёк пад узмежкам пачыналася мелкая недакапаная траншэйка, з якой чуліся далекаватыя, з-пад зямлі, галасы. Абсыпаючы берагі, камбат амаль бокам сунуўся ў ёй, пакуль не ўбачыў пад брустверам слабую светлую шчылінку акрай палаткі. Адхінуўшы залубянелую палу тае палаткі, ён дужа ўгнуўся і з натугай прашчаміў сваё велікаватае цела ў бліндаж.
        У бліндажы вячэралі. Цесна асеўшы палатку, чалавек пяць працавалі лыжкамі, між ног, абутых у боты, валёнкі і чаравікі, стаяла са тры кацялкі. У кутку ля ўвахода, прыўстаўшы на каленях, у адной гімнасцёрцы з медалём на грудзях складвала нешта ў рэчмяшок Вераценнікава. Яе зыркія вочы здзіўлена міргнулі з-пад русявае грыўкі, і ў тое імгненне дзяўчына локцем штурханула ў бок лейтэнанта Самохіна.
        — Вадзька!
        Самохін прыкметна трапятнуўся, згледзеў камбата, які ўжо амаль налез на нечую спіну ля ўвахода, і зрабіў спробу ўстаць для даклада.
        — Таварыш капітан!.. Валошын ціха спыніў яго:
        — Вячэрайце.
        Нехта пасунуўся, даючы камбату месца, каб сесці, нехта перапоўз у другі кут. Над галовамі ўгары, заткнуты за жардзіны, патрэскваючы, дыміў азекерытавы канец тэлефоннага кабелю. Смярдзела гарэлым мазутам. Вераценнікава зноў зыркнула на камбата насцярожаным поглядам, і яе спрытныя рукі пачалі завязваць рэчмяшок.
        — Можа, павячэраеце з намі, таварыш камбат,— сказаў Самохін.
        Валошын не адказаў, і ў бліндажы замаўчалі, адчуўшы яго настрой,— пэўна, тут ужо ведалі, што нядаўна адбылося ў зямлянцы на батальённым КП. Адчуваючы іх пільную ўвагу да сябе, камбат палез у кішэню, дастаў дзюралевы, з няхітраю інкрустацыяй партсігар і пачаў згортваць цыгарку.
        Ён ведаў, яны чакалі разносу за тое здарэнне на КП, якое для яго скончылася другой па ліку вымовай, але цяпер ён не хацеў гаварыць аб тым, асабліва пры падначаленых. Старшына роты Грак і камандзір узвода сяржант Нагорны, што сядзелі ля другой ад камбата сцяны, пахавалі свае лыжкі за халявы ботаў. Самохін зашпіліў кручкі шыняля. Вераценнікава пачала надзяваць целагрэйку. Мяркуючы па ўсім, вячэра была сапсавана.
        — Таварыш Самохін, колькі ў вас сёння ў страі? — зірнуўшы на камандзіра роты, запытаў Валошын.
        — Дваццаць чатыры чалавекі. 3 санінструктарам.
        — Санінструктара не лічыце.
        Самохін сціх, чакаючы, што камбат скажа далей. Вало-
        шын зацягнуўся махоркай, якая неяк дзіўна патрэсквала ў
        цыгарцы, часам успыхваючы, нібы да яе быў падмешаны
        порах. Байцы гэтую махорку празвалі «трасіруючай», што было асабліва відавочна на ветры.
        — Выдзеліце мне двух чалавек. Талковых хлопцаў.
        Самохін з прыкметнай палёгкай асеў на заднікі ботаў і
        ціха выдыхнуў. Рухавы позірк яго цёмных вачэй на маладжавым, але ўпартым, з шырокім падбародкам твары матлянуўся ад камбата да сяржанта Нагорнага.
        — Нагорны, дай двух чалавек.
        — Адставіць! — роўна сказаў Валошын. Усе ў зямлянцы недаўменна паглядзелі на яго, аднак ён знарок не падаў ніякай увагі да гэтых позіркаў.— Мабыць, у таварыша Нагорнага ёсць воінскае званне?
        Лейтэнант зразумеў усё з першага слова.
        — Сяржант Нагорны, выдзеліць двух байцоў!
        — Ёсць.
        Каржакаваты плячысты крапак у расшпіленым паўшубку, Нагорны выцягнуў з-за спіны аўтамат і з шорхатам вышчаміўся ў траншэю.
        — I яшчэ пашліце за камандзірамі восьмай і дзевятай. ДШК таксама.
        Самохін толькі зірнуў на Грака, і той, зразумеўшы, хоць і нетаропка таксама вылез следам за Нагорным. У бліндажы, апроч камбата і ротнага, засталася адна Вераценнікава. Валошын вальней выцягнуў ногі.
        — Дык колькі будзем ваду муціць, таварыш Самохін?
        — Якую ваду?
        — Калі будзе выкананы мой загад? Лейтэнант, перш чым адказаць, памаўчаў, кідаючы навокал хуткія нервовыя позіркі.
        — Заўтра ўранку пойдзе.
        — Нікуды я не пайду,— тут жа аб'явіла Вераценнікава.
        — Вера! — з папрокам сказаў Самохін.
        Дзяўчына падняла на яго раззлаваны твар.
        — Ну што? Што Вера? Чаму вы мяне праганяеце? Як наступленне, дык патрэбна была, тады не адпраўлялі, а як ціха, абарона, дык прэч! Я год прабыла ў гэтым палку і нікуды з яго не пайду. Ясна?
        Валошын стрымана пазіраў то на яе, счырванелую і гняўлівую, то на пакутліва нахмураны лоб ротнага. Камбат і асуджаў і абураўся — гэта было чорт ведае што,— слухаць такія сцэны на вайне за паўкіламетра ад нямецкай траншэі.
        — Што ж вы тут і раджаць будзеце? — запытаў ён са знарочыстай грубаватасцю.
        Вераценнікава страпянулася, хутка павярнулася да яго — на шчоках дзяўчыны бліснулі слёзы.
        — Ну і буду! А вам-та якая справа?
        — Вера! Што ты! — спахапіўся Самохін.
        — Не ўжо, таварыш Вераценнікава. У маім батальёне роддома няма,— холадна зазначыў камбат.— Рана ці позна паедзеце ў тыл. Так што лепей зрабіць гэта ў час.
        — Нікуды я ад Вадзькі не пайду,— сказала яна.
        Аднак рашучасць яе, відаць, пахіснулася. Дзяўчына хліпнула і затуліла твар рукавом ватоўкі. Самохін падаўся да яе бліжэй.
        — Вера! Ну што ты? Супакойся. Усё будзе добра.
        Вера, аднак, не хацела супакойвацца, усё хліпала, зату-
        ліўшы твар, і Самохін хвіліну разгублена ўлагоджваў яе.
        «Чортаў бабнік,— думаў камбат, амаль з нянавісцю пазіраючы на свайго ротнага.— Хвацкі, відны дзяцюк, неблагі камандзір, ды во зблытаўся з гэтым дзяўчом. Цяпер, калі ўжо прыпёрла і далей не было як хаваць усё, знайшлі выхад — франтавую жаніцьбу. Якраз у пару!»
        Адчуўшы на сваіх плячах рукі Самохіна, Вера пакрысе пачала супакойвацца, і Валошын сказаў, каб разам скончыць усю гэтую ўжо агорклую яму справу:
        — Заўтра ўранку штурмуем вышыню. Мабыць, у сем пачнем. У шэсць трыццаць вы пакінеце батальён. Вера раптам перастала хліпаць і насцярожылася.
        — Што? Каб я змылася за паўгадзіны да атакі? Не ўжо, дудкі! Хай мне генерал загадвае! Хай маршал! Хоць сам Бог! Нізашто!
        — Ладна, Вера. Не гарачыся. Што ты як маленькая! — пачаў ротны.
        Але яна перабіла яго:
        — Ага, не гарачыся! Доўга ты без мяне ўцалееш? Дурань, ты ж на першай гадзіне галаву пакладзеш. За табой як за маленькім, глядзець трэба! — праз слёзы казала Вера.
        Самохін пакутна паморшчыўся.
        — Вось так! — зазначыў камбат, не жадаючы далей працягваць гэтую слязлівую гутарку.
        Тым больш знадворку пачуліся крокі, у бліндаж ужо ўлазіў сяржант Нагорны, за ім ішчэ два байцы. Абодва амаль адначасна далажылі:
        — Таварыш камбат, радавы Дрозд па вашаму загаду...
        — Таварыш камбат, радавы Кабакоў...
        Гэта таксама былі новыя байцы ў батальёне, не вядомыя яму з твару, хоць прозвішча Дразда ён памятаў з папер, якія падпісваў, перш чым паслаць у штаб палка для ўзнагароджання за зімовыя баі пад станцыяй Гуляеўка. Яшчэ ён успомніў, што гэтага Дразда некалі на партсходзе хваліў нябожчык палітрук сёмай Пятрэнка. Дрозд і сапраўды рабіў добрае ўражанне сваёй ладнаю дужай постаццю і даверлівым, трохі наіўным тварам, які выражаў цяпер увагу і гатоўнасць выканаць усё, што яму загадаюць. Кабакоў выглядаў горш — танклявы, надзьмуты і апрануты не дужа ахайна,— з-пад целагрэйкі тырчаў зялёны каўнер нямецкага кіцеля, нацягнутага для цяпла паверх гімнасцёркі.
        — Стаяць тут няма як, таму сядайце і слухайце,— сказаў Валошын. Байцы зважліва апусціліся ў мігатлівы прыцемак пад сцяной.— Вам баявая задача. Вельмі важная. I зусім простая. Узяць нажы ці штыхі, а таксама паболей паперы — газет, кніжку якую мо растрыбушыць, ціхенька перайсці балота і з узмежка — па-пластунску ўгору да нямёцкай траншэі. Без аніводнага гуку. Ля траншэі развярнуцца і такім жа манерам назад. Вось і ўсё. Зразумела?
        Байцы шырокімі вачмі глядзелі на камбата.
        — Не зразумела? Тлумачу. Прапаўзці і нажамі прамацаць зямлю. Калі дзе міна — не чапаць. Толькі на тое месца кавалак паперы і глыжом прыціснуць. Каб ветрам не здзьмула. I так далей. Цяпер ясна?
        — Ясна,— не дужа ўпэўнена сказаў Дрозд.
        Кабакоў шмыргануў носам, камбат уважліва паглядзеў на яго.
        — Усё гэта зойме ў вас не больш дзвюх гадзін. Можа, так здарыцца, што на нейтралцы будуць немцы. Тады паслухайце, чым яны займаюцца. I назад. Я вас чакаю. Пытанні ёсць?
        — Ясна,— трохі ўжо болей бадзёра, чым першы раз, сказаў Дрозд.
        Кабакоў зноў шмыргануў носам і няпэўна закашляўся.
        — Значыць, усё зразумела? — заключыў камбат.— Тады сяржант Нагорны праводзіць вас да лёду і паставіць задачу на мясцовасці.
        Байцы ўсталі з-пад сцяны, павярнуліся да выхаду, але Кабакоў, які быў першы, раптам спыніўся.
        — Я гэта... таварыш камбат, кашляю.
        — Да? I здорава?
        — Як калі. Часам калі нойдзе...
        Баец з перабольшаным стараннем пракашляўся.
        Валошын зірнуў у яго вочы і ўбачыў там неадольную боязь — занадта знаёмае на вайне пачуццё, толькі згледзеўшы якое, усё станавілася простым да абурэння. Цяпер, аднак, камбат пастараўся быць стрыманым.
        — Тады адставіць,— сказаў ён рашуча.— Вашу кандыдатуру адставіць. Замест вас пойдзе старшы сяржант Нагорны.
        — Ёсць! — сказаў Нагорны і запытаў, счакаўшы: — Дазвольце выконваць?
        — Выконвайце,— сказаў камбат.— Вернецеся — адразу ка мне.
        Нагорны з Драздом вылезлі, напусціўшы сцюжы. Кабакоў паныла апусціў галаву.
        — Баіцёся? — запытаў камбат, ва ўпор разглядваючы байца і як заўжды ў такіх выпадках чакаючы апраўдання і хлусні.
        Але Кабакоў ціха пацвердзіў:
        — Баюся.
        I яшчэ ніжэй нагнуў галаву. Канец провада дагарэў да самае палкі, пачаў дымна хліпаць, Вера прыўстала на ногі і з запасам пацягнула яго з-пад столі.
        — Лейтэнант Самохін, ён што — заўжды труса святкуе?
        — Ды не быццам. Не замячалася.
        — Даўно на фронце?
        — Чатыры месяцы.
        — Адкуль сам?
        — 3 Пензенскай вобласці.
        — Хто дома?
        — Маці. I тры сястронкі.
        — Старшыя?
        — Меншыя. У школу ходзяць.
        — А бацька?
        — Няма. У сорак першым з-пад Кіева прыслаў адно пісьмо, і ўсё.
        Стала ціха. Вераценнікава гаротна, перарывіста ўздыхнула. Знадворку пачулася страляніна — кулямётная чарга недзе на ўчастку суседзяў.
        — Значыць, баішся? — з'едліва запытаў Самохін.— За сваю шкуру дрыжыш?
        — Усе баяцца. Каму паміраць хочацца?
        — Ах, вось як? Яшчэ філасофію разводзіш? Разгільдзяй, я табе пакажу зараз! Ану, знімай дзягу.
        Ротны ўстаў і, угнуўшы голаў, рашуча ступіў да байца.
        — Ціха, таварыш лейтэнант! — сказаў камбат.— Хай ідзе. Ідзіце на месца, Кабакоў.
        Баец нязграбна вылез з бліндажа. Самохін нагой адкінуў парожні кацялок.
        — Ну і дарма! Трэба было з Нагорным спецыяльна паслаць! Ад трусасці палячыць.
        Камбат палез у кішэнь па закурку.
        — Не варта, Самохін.
        — А-а, таму, што прызнаўся, так? На гэта зважылі?
        Лейтэнант пераставаў стрымліваць сябе, быў гатовы сар-
        вацца, як таго патрабавала ў ім усё перажытае за сённяшні вечар. Але камбат разумеў гэта і не мог дазволіць такой вольнасці ротнаму, якога чакалі справы куды болей нервовыя і важныя.
        — Так, зважыў,— спакойна сказаў ён.— Памятаеце талстоўскую прытчу: за разбіты кубак — дзякуй. Бо не схлусіў.
        — Прытча! — сказаў Самохін, аднак спакайнеючы,— Яму прытча, а Дрозд што — камень? Да? Не баіцца? Вось шарахне — і ашмоцце адно застанецца. А гэты жыць будзе. Праўдзівец!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.