РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
21
        
21

        
        Было ціха. Як і мінулай ноччу, у сцюдзёнай цемры пранізліва дзьмуў вецер, і звечара браўся востры марозік. Агнявы бой, які шалёна грукатаў увесь дзень, памалу заціх. Немцаў прагналі з саўгаса і нейкім дзівам спіхнулі з вышыні, вяршыня якой цёмным пакатым горбам бяспечна высілася побач на фоне трошкі светлаватага закрайка неба. Часам з-за яе ўгору ўзляталі агняныя раі куль і, аддаляючыся над галавой у бяззорнае неба, памалу затухалі ўдалечыні. Праз якое імгненне даносіўся густы кулямётны рокат МГ — немцы ўсё агрызаліся. Роты за вышынёй маўчалі.
        Валошын хаваў забітых.
        Трое лёгка параненых і два байцы з камендацкага ўзвода зносілі іх са схілаў вышыні да адростка траншэі, дзе гаўбічны снарад выкапаў ранкам шырокую ў мяккім грунце варонку. Варонку трохі паглыбілі, зачысцілі дно, і выйшла магіла. Не вельмі каб акуратная, затое на здатным месцы, з шырокім паглядам у тыл — на балота і пагорак з учарашнім КП. Нямецкія чэргі сюды не запяталі, і нішто ўжо не трывожыла вечны спакой забітых.
        Валошын памагаў байцам выцягваць забітых з абрушанай гранатамі, залітай крывёй траншэі, навярэдзіў руку, якая цяпер разбалелася ўся, ад перадплечча да кісці (напэўна, усё ж рана была болей сур'ёзная, чым яму здалося спачатку), і цяпер стаяў на кучы накапанай зямлі ля магілы. Ніжэй на разасланых нямецкіх коўдрах складзеныя ў рад ляжалі забітыя. Крайнім адсюль ён паклаў вынесенага з траншэі лейтэнанта Круглова ў густа скрываўленай і ўжо падмерзлай суконнай гімнасцёрцы. Пасечаны кулямі паўшубак камсорга Валошын накінуў на сябе — ад страты крыві і перажытага яго прабірала сцюжа. Адзін баец знімаў з забітых шынялі, вымаў з кішэняў дакументы, якія кідаў на пакладзеную ля ног палатку. Валошын моўчкі і пакутна перажываў нядаўняе; усім ля магілы дзелавіта распараджаўся Гутман. Пасля таго як Валошына знялі з камандавання, Гутман, каб не ісці да Маркіна, уцёк у дзевятую, дзе па ўласнай ініцыятыве ўзначаліў узвод з новенькіх. У часе атакі на вышыню «Вялікую» яго параніла асколкам гранаты ў шыю.
        Маўклівы баец з папаўнення падроўніваў дно магілы, у якую неўзабаве трэба было апусціць забітых.
        — Раз, два, тры, чатыры... Усяго васемнаццаць,— падлічыў нерухомыя целы Гутман і зазірнуў у варонку.— Малавата, халера, трэба расшырыць. Вунь яшчэ цягнуць...
        Валошын з кучы зямлі сышоў уніз — у цемры было відаць, як два байцы за рукі і за ногі неслі правіслае да зямлі цела, якое знямогла апусцілі на ржышча каля нябожчыкаў — на коўдрах месца ўжо не хапала. Валошын нагнуўся над супакоеным назаўжды тварам, на секунду бліснуў па ім прыцьмелым святлом ліхтарыка ды так і знерухомеў, прыгнуўшыся.
        — Вера?!
        — Ну,— зморана сапучы, сказаў баец.— Там, на спіралі, ляжала. Зачапілася, ледзьве адчапілі.
        «Вот так яно і бывае,— пакаянна падумаў ён і аслабела выпрастаўся.— Не хапіла настойлівасці ў час адправіць з батальёна, цяпер што ж — цяпер закапвай разам з усімі». Недзе ў сярэдзіне рада ляжаў з прастрэленай галавой Самохін, тут жа ляжала і Вера, яго франтавое каханне, нявенчаная і нераспісаная жонка ротнага. I з імі застанецца трэці, які так і не дажыў да свайго нараджэння.
        Глытнуўшы даўкі ў горле камяк, Валошын адышоў убок, пазіраючы, як байцы, трохі спачыўшы, зноў пайшлі ў змрок. Кожны раз ён чакаў і баяўся, што наступнага яны прынясуць Іванова. Але Іванова пакуль што не было. Не было яго і ў варонцы, дзе яго ранкам пакінуў Валошын. Магчыма, камандзіра батарэі ўсё ж паспелі адправіць у тыл — пасля ранення яго ніхто тут не бачыў.
        Праз нейкі час байцы прынеслі кагосьці яшчэ, знялі падсумкі, шынель, вынялі з гімнасцёркі дакументы, якія перадалі Валошыну. Раскрыўшы новенькую, загорнутую ў газетку чырвонаармейскую кніжку, ён павёў па ёй слабаю плямкай з ліхтарыка і ўбачыў знаёмае: Гайнатулін. Вось і яшчэ аднаго не мінула нямецкая куля, падумаў капітан. Не шмат жа давялося табе паспытаць гэтай вайны, Гайнатулін, хоць і паспытаў ты яе поўнай мерай. За адзін дзень перажыў усё, ад трусасці да геройства, а як ты загінуў, мабыць, ніхто і не бачыў.
        — Давайце апускаць,— нецярпліва падганяў Гутман і скокнуў у магілу.— Насіце, мы пераймаем.
        Утрох з капітанам байцы ўзяліся падцягваць забітых на ўскраек магілы і, падтрымліваючы іх за ногі, памалу падаваць Гутману. Той удвух з яшчэ адным байцом падхопліваў іх акрываўленыя, пашкуматаныя асколкамі, з перабітымі рукамі і нагамі целы і валок у другі канец ямы. Першага там паклалі лейтэнанта Круглова, пасля тых, каго яны павыцягвалі раней з траншэі. Сярод іх Валошын затрымаў на краі магілы тэлефаніста Чарнаручанку, разам з якім перажыў тры цяжкіх месяцы пад нямецкім абстрэлам, у ровіках, траншэях, зямлянках і прывык да гэтага нетаропкага, маўклівага байца, гаспадара іх бітончыка-групкі. Але вось і яго не будзе. Цела Чарнаручанкі ўжо закалянела ў згорбленай нязручнай паставе — скурчаныя рукі з пасечанымі ў лахманы рукавамі тырчалі лакцямі ў бакі, і калі капітан адну выпрастаў, яна зноў пругка сагнулася, займаючы ранейшы скорчаны стан. Твар тэлефаніста было не пазнаць, так яго знявечыла разрывам гранаты, і Валошын ціха сказаў:
        — Хлопцы, перавязаць трэба.
        У некага знайшоўся перавязачны пакет, Гутман, стоячы ўнізе, хутка абкруціў бінтам галаву і твар забітага. Пасля яны апусцілі яго на дно.
        Яны заклалі там адзін рад і пачалі класці другі. Крайні ў гэтым радзе лёг лейтэнант Самохін, байцы неслі кагось наступнага, і Валошын раптам прыпамятаў:
        — Стойце! Давайце сюды санінструктара.
        — А што? Якая розніца? — запярэчыў змораны, у ватоўцы баец, якому, відаць, не хацелася ісці лішні раз па забітага.
        — Давай, давай! Там яна, недалёка...
        Яны паднялі з зямлі і паднеслі да ямы худзенькае, амаль дзіцячае цела малодшага сяржанта медслужбы Вераценнікавай. Гутман акуратна паклаў яе побач з Самохіным.
        — Хай ляжаць. Тут ужо нікога баяцца не будуць...
        «Тут ужо нікому нічога не страшна, ужо адбаяліся»,—
        падумаў Валошын, гаротна пазіраючы ў змрок ямы, дзе Гутман у цьмяным святле з ліхтарыка паправіў на Веры гімнасцёрку, склаў на грудзях яе заўжды залітыя ёдам рукі. Колькі людзей гэтыя рукі ўратавалі ад смерці, павыцягвалі з-пад агню, паўладкоўвалі ў выпадковыя палявыя сховішчы, перавязалі, дагледзелі... Але вось наступіла і яе чарга.
        Так адно за адным паклалі яны і другі рад. Апошні застаўся Гайнатулін, месца якому ў радзе ўжо не было, і яго ўціснулі ў вузкую шчыліну каля ног забітых.
        — А што? Чым кепска? — сказаў Гутман.— Асобна, затое як камандзір будзе.
        Ён выбраўся з ямы, у якую байцы ўзяліся дружна ссоўваць зямлю, быццам хацелі хутчэй скончыць з гэтай малапрыемнай работай. Валошыну было нязручна з яго балючай рукой, і ён выпрастаўся. Пахаванне канчалася, заставалася закапаць магілу і насыпаць земляны бугорчык, на які заўтра тылавікі паставяць драўляную піраміду з фанернай зоркай наверсе. На гэтым абавязак жывых перад мёртвымі можна будзе лічыць закончаным. Батальён, магчыма, прасунецца далей, калі будзе загад наступаць, атрымае новае папаўненне, з франтавога рэзерву прышлюць афіцэраў, і яшчэ менш застанецца тых, хто перажыў гэты пякельны бой і памятаў жывымі тых, хто тут закапаны. А пасля і тых не застанецца. Ранейшы будзе толькі нумар палка, нумары батальёнаў, і недзе, у далечы вайны, як дым, растане іх франтавы лёс.
        — Ну во і парадак! — абапіраючыся на гладкі тронак нямецкай рыдлёўкі, з выдыхам сказаў Гутман.— Можна курыць. Што не дароблена, заўтра ўдзень даробяць. Абібокаў у тыле хапае.
        Байцы заканчвалі падчышчаць зямлю ля магілы, выціралі спатнелыя лбы і моўчкі па адным адступаліся да бруствера ля траншэі. Валошын закурыў і перадаў свой партсігар Гутману, у якога ахвотна закурылі астатнія. Замест запалак у некага знайшлася «кацюша» — папырскаўшы сіняватымі іскрынкамі з крэменя, баец высек агонь, і ўсе па чарзе прыкурылі ад трута — абрыўка тасьмы з дзягі.
        — Думаў, сёння мяне закапаюць,— перапыніў усеагульную маўклівасць Гутман.— Ды во самому закапваць прыйшлося. Цуд, і толькі!
        — Як шыя? — запытаў капітан.
        — Шыя? Баліць, халера. Тыдні са два прыйдзецца пакантавацца ў санбаце. Даўно ўжо не быў, аж уздрадаваўся. А што — лішне не будзе, я чалавек не горды, як-небудзь вытрываю...
        Валошын не падтрымаў гаваркога ардынарца, а зморана сядзеў на брустверы, тупа адчуваючы, як у гэты злашчасны дзень нешта для яго скончылася. 3 нейкім вялікім кавалкам у яго жыцці адышло яго труднае камандзірскае мінулае і, мабыць, пачалося штось іншае. Сёння ён пабыў радавым байцом, і хоць і раней не далёка адступаўся ад яго, але тады была ўсё ж дыстанцыя. Сёння ж яе не стала, і ён поўнаю мерай адчуў неабдымнасць салдацкага ліха і заплаціў сваю крывавую плату за вяршок гэтай адбітай з боем зямлі.
        Байцы поруч дакурвалі, і ён адчуваў, што набліжаўся час уставаць і ісці. Толькі куды? Як і трое з іх, ён быў паранены і фармальна меў права ісці ў санроту, адкуль яго маглі на тыдзень-другі адправіць у медсанбат. Спакусліва было паваляцца дзе-небудзь у тылавой вясковай школцы, выспацца на саломе, адпачыць ад спрадвечных камандзірскіх клопатаў, атак і абстрэлаў, ад складаных адносін з начальствам. Але калі б там можна было забыцца пра ўсё перажытае, выкрэсліць з памяці тое, што і там будзе душыць, грызці і мучыць. Ён ведаў, што праз дзень-два тылавая вёсачка яму надакучыць і ён зноў пачне рвацца туды, дзе бой, кроў і смерць — ягоны франтавы лёс, апроч якога, яму нічога болей не будзе. Пакуль ён жывы і грыміць вайна, іншага, на бяду ці на шчасце, яму не дадзена.
        На душы ў капітана было тужліва і роспачна, як толькі і можа быць пасля пахавання. Не ведаючы, на што наважыцца, ён знямогла сядзеў, каўняром паўшубка затуліўшыся ад ветру. Пакуль дыміла цыгарка, можна было бавіць час і рашаць, але, дакурыўшы, трэба было ўставаць і ісці. Уніз па схіле ў санчасць ці назад за вышыню ў батальён.
        — Стой, ціха! — раптам трапятнуўся Гутман і ўскочыў з бруствера. Баец, што сядзеў побач, схапіўся за карабін, але карабін не спатрэбіўся — Гутман узрадавана-сцішана крыкнуў, звяртаючыся да Валошына:
        — Глядзіце, глядзіце! Таварыш капітан, Джым!
        Валошын азірнуўся амаль спалохана — у начным прыцемку было відаць, як, матлянуўшы над чорнай траншэяй, на бруствер ускочыў іх дужы, імклівы, узрадаваны гэтай сустрэчай Джым. Не звяртаючы ўвагі на незнаёмых, ён крута скокнуў угору на грудзі к Валошыну, ледзьве не паваліўшы яго на зямлю, затым заскуголіў ціхенька і радасна і шархоткім языком пругка лізнуў па бруднай шчацэ капітана, і Валошын не адхінуўся — сцяў на сваіх плячах яго дужыя сцюдзёныя лапы.
        — Джым!.. Ах ты, Джым!..— з горкай радасцю пагладзіў ён рухавую спіну сабакі, думаючы, аднак, пра іншае. Пасля ўсяго, што здарылася, радасць сустрэчы з Джымам нечакана аказалася сумнай, несапраўднай, заслоненай болем іншых, болей дарагіх страт.
        — Глядзіце, глядзіце — ён жа сарваўся! — Гутман тузануў на сабаку ашыйнік, з якога віснуў недаўгі канец адарванага рэменя.— Во жывёліна!
        — Жывёліна — не тое слова, Гутман,— сказаў Валошын, сядаючы побач з сабакам.
        — Ну не жывёліна, вядома. Сабака! Сабачка, але бы чалавек! Дзівосы!
        Валошын абмацаў свае кішэні, у якіх, аднак, апроч пяску і некалькіх пісталетных патронаў, нічога болып не было, і Джым, нахіліўшы галаву, з цікавасцю паназіраў за гэтым знаёмым для яго рухам.
        — Ах, Джым, Джым...
        Хутка, аднак, спакайнеючы ад першае радасці, Джым звыкла застрыг вушамі, засцярожліва азіраючыся па баках. Байцы адышліся на некалькі крокаў і задумліва пазіралі то на сабаку, то ў неба над вышынёй, у якім ад саўгаса ўсё несліся ўгору трасірныя кулямётныя чэргі і блукалі недалёкія водблескі нямецкіх ракет. Нямецкі кулямёт з-за вышыні выпусціў даўжэзную чаргу, частка яе куль, ударыўшыся ў зямлю, з віскам разляцелася ў бакі.
        — Так, Гутман! — сказаў Валошын сваім звыклым камандзірскім тонам.— Вядзіце параненых.
        — А вы што?
        — Я застаюся.
        — Да? — няпэўна перапытаў Гутман і моўчкі прыціх праз два крокі ад Валошына.
        — Пакуль застаюся.
        — Ну што ж. Тады да сустрэчы!
        — Да сустрэчы, Гутман,— устаючы, сказаў капітан.— Дзякуй за службу. I за дружбу.
        — Ды што... Няма за што, таварыш капітан. Дай бог, каб яшчэ сустрэцца,— патаптаўся на месцы Гутман і адвярнуўся.— Ну што? Шагам марш, славяне!
        Яны хутка пайшлі ўніз па перакапаным мінамі схіле, а ён, азірнуўшыся на прыцьмелы ў змроку магільны курганчык, пастаяў так хвіліну. Гэта была не першая закапаная ім магіла, але, як заўжды, яе выгляд выклікаў у ім тужлівае да слёз адчуванне, жалобу па тых, хто там заставаўся, і яшчэ болей — па сабе самім. Хоць, калі разабрацца, яму асабіста здорава пашанцавала сёння. Тым не менш камень благога прадчування ляжаў на яго душы. Нібыта разумеючы стан гаспадара, Джым праскуголіў, ціхенька і патрабавальна пацёрся аб ягоныя боты.
        — Што ж, пайшлі, Джым!
        Усё было вырашана — ён вяртаўся ў свой батальён. Няважна, што яго там чакала, не мела значэння, як яму будзе далей. Галоўнае — быць з тымі, з кім яго зраднілі франтавыя пакуты, з кім ён гінуў, уваскрасаў і як умеў рабіў сваю салдацкую справу. Ён быў упэўнены, што яму не сорамна будзе глядзець у вочы яго падначаленым, сумленне яго спакойнае. I калі ён для іх ужо не камбат, дык што гэта мяняе? Можа, ён яшчэ болей — ён іх таварыш. Для тых, хто выбіў немцаў з гэтай траншэі і хто застаўся ў свежай, толькі што закапанай магіле, дзе вельмі проста мог бы ляжаць і ён. Але воля выпадку распарадзілася інакш. У поўнай адпаведнасці са сваёй сляпой уладарнай сілай.
        Яна не ўладарна толькі над яго чалавечнасцю. Над тым, што адрознівае яго ад Маркіна, што ў ім — Чалавек.
        Таму што Чалавек, часам нягледзячы ні на што, становіцца вышэй за свой лёс і, значыцца, вышэй за магутную сілу выпадку.
        Ён стомлена ішоў за сабакам уздоўж разбітага траншэйнага бруствера, абыходзячы чорныя правалы варонак, кіруючы да недалёкай вяршыні, з-за якой усё мільгалі ў небе агняныя светлякі куль і даносілася аддаленае вурчанне нямецкіх «машынан-гевэраў».
        Вайна прадаўжалася.
        
        
        Камандзір 294-га стралковага палка Герой Савецкага Саюза маёр Валошын Мікалай Іванавіч забіты 24 сакавіка 1945 года і пахаваны ў брацкай магіле, што знаходзіцца ў 350 метрах на паўночны захад ад населенага пункта Штайндорф (Усходняя Прусія).
        Даведка з архіва

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.