РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яго батальён
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
6
        
6

        
        У траншэі на выхадзе з бліндажа Валошын сутыкнуўся з Гутманам. Запыханы ардынарац бег на камбата — у батальён прыбыло папаўненне.
        — Многа?
        — Дзевяноста два чалавекі.
        Ого! Гэта было больш, чым сёння ў яго страі. Батальён павялічваўся ўдвая, амаль удвая ўзрастала яго агнявая моц. I тым не менш камбат не ўзрадаваўся.
        Яны прыйшлі ў канец траншэйкі, якая тут, паступова мялеючы, выходзіла на паверхню. Самохін спыніўся ззаду, і Валошын на развітанне сказаў:
        — Прышліце старшыну за людзьмі. I перадайце таксама Муратаву з Кізевічам.
        — Ёсць!
        Камбат памкнуўся быў ісці, ды памарудзіў — у паўзмроку траншэі неяк вельмі сіратліва і сцішана стаяла постаць ротнага, цяпер нешматслоўнага і апануранага, і — адчуваў Валошын — наўрад ці толькі ад клопату за заўтрашнюю атаку. Але той яго бок перажыванняў быў надта асабісты і паводле вайсковай завядзёнкі чужому спачуванню не падлягаў.
        — Вернуцца разведчыкі — адразу на капэ,— захоўваючы звычайную дзелавую цвёрдасць, загадаў камбат.
        — Ясна.
        Яны ўдвух з Гутманам хутка пайшлі па схіле ўгору. У полі па-ранейшаму было цёмна і марозна-ветрана. Вышыня змрочна таілася ў зорнае цемры. Валошын на секунду спыніўся, паслухаў — цяпер там недзе паўзлі яго разведчыкі, і кароценькі трывожны клопат звыкла варухнуўся ў свядомасці камбата. У тым, што ён паслаў іх, была маленькая хітрасць, свайго роду мясцовая рацыяналізацыя, на якія часта вымагала вайна і ад якіх, здаралася, залежала вельмі многа. Авось як-небудзь абыдзецца — не напоруцца, ён дужа спадзяваўся на іх.
        Гутман у цемрыве, мабыць, ведаў які інакшы шлях на КП — без хмызняку і варонак, і ўпэўнена вёў камбата. Неўзабаве яны добра-такі аддаліліся ад рубяжа сёмае роты, уважлівая напружанасць зменшылася. Усё ж які там ні тыл за паўкіламетра ад ротнага ланцуга, а на душы рабілася спакайней. Валошын пачаў думаць аб іншым і толькі хацеў запытаць пра Джыма, як Гутман, нібы прадчуваючы ягонае пытанне, сам азірнуўся.
        — Усё кумекаюць там. У штабе. Наконт вышыні гэтай.
        — Да? Ну і што?
        — Ат! Паслухаў, дык дзіўна стала. Батальён, батарэя, узаемадзеянне! I нікому не ў знакі, што батальён гэты — адна рота.
        — Ну? — стрымана перапытаў Валошын.— Чаму ж ты не далажыў ім?
        Гутман ледзь прыкметна цепнуў плячыма.
        — А што я? Маё дзела маленькае. Ён памаўчаў крыху, пасля на хаду павярнуўся да камбата і ямчэй паддаў на плячы аўтамат.
        — Ведаеце, не з таго канца яны пачынаюць. Спярша трэба б саўгас узяць. Тады гэта немчура з вышыні сама дзёру дасць.
        — Ты думаеш?
        — А што ж, скажаце — не?
        Не, камбат не мог сказаць «не». Наконт гэтага ардынарац у нейкай меры меў рацыю.
        — Сабраць усе тры батальёны ды жарнуць па саўгасу. А то расцягнулі полк на чатыры кіламетры і тыркаюцца.
        — Табе б начальнікам штаба быць. Палка ці, можа, дывізіі? — з прыхаванай іроніяй зазначыў Валошын.
        Гутмана, аднак, гэта не зачапіла.
        — А што ж! I быў бы. Канечне, я акадэміяў не канчаў, але галаву маю. Скажаце, гэтага мала?
        Валошын адказаў не адразу, усур'ёз пярэчыць на такі аргумент было немагчыма.
        — Увогуле ты правы, Гутман. Гэтага не мала. На жаль, не заўжды галава рашае.
        Ардынарац з прыкметным запалам памкнуўся было нешта сказаць яшчэ, але тут жа махнуў рукой.
        — Ат, што гаварыць! — I ўжо іншым, паспакайнелым тонам паведаміў: — Прывязаў Джыма рэменем да стала. Сядзіць. Нікога да сябе не падпускае. Хай! Яшчэ паплачуць з ім.
        У траншэі на КП было поўна людзей, яны моўчкі стаялі групамі, адвярнуўшыся ад ветру. Стаялі таксама ля ўвахода ў зямлянку, там-сям чуліся кароткія словы на незразумелай азіяцкай мове. Гутман лёгка саскочыў з бруствера, за ім скокнуў камбат. Яны праціснуліся каля абыякавых да іх, незнаёмых байцоў і пралезлі ў зямлянку.
        Тут таксама было цесна і цёмна. Некалькі постацей у шынялях загароджвалі скупое святло ліхтара, пад якім горбіўся Маркін — перапісваў папаўненне. Убачыўшы камбата, ён узняў голаў і выразна цяжка ўздыхнуў.
        — Што з палка? — запытаў Валошын.
        — У шэсць трыццаць атака.
        — Папаўненне патронамі забяспечана?
        — Патроны-та ёсць,— неяк загадкава адказаў Маркін.— Толькі карысці з таго...
        — А што такое?
        — Што? — лейтэнант шматзначна кіўнуў на байцоў. Чалавек пяць іх у касках, нязграбна насунутых на зімовыя шапкі, нерухома стаяла перад ім з цярпліваю пакорай на цёмных шырокіх тварах.— Па-руску ні бельмеса. Вось што.
        Гэта было горш. Гэта было нават зусім кепска, калі ўлічыць, што планавалася на ранак і колькі часу заставалася да гэтага ранку. Валошын у задуменнае заклапочанасці паглядзеў на байцоў, і яму стала самотна ад аднаго іх выгляду. Непрыношаныя камкаватыя шынялі, абвіслыя, з брызентавымі падсумкамі дзягі, змерзлыя рукі ў нязграбных каляных рукавіцах, якія неяк няўмела і бяссільна трымалі абшарпаныя ложы вінтовак. Гарбатыя ад рэчмяшкоў на спінах паставы. Па-руску яны сапраўды мала што разумелі — Маркін задаваў пытанне, адзін нізенькі, з прыпухлым тварам чырвонаармеец перакладаў, і чарговы ля скрынак баец паныла адказваў.
        — Замучыўся зусім,— сказаў Маркін і амаль закрычаў са злосцю: — Месца нараджэння? Вобласць?
        Камбат паныла назіраў за гэтаю сцэнай і думаў, што выпеставаны яго клопатам, выхаваны і зладжаны за доўгія тыдні трывог і пакут яго батальён канаў. Як ён ні стараўся, як ні супраціўляўся таму, усё болыпала ў ім невядомых і менела старых надзейных байцоў, а з імі па крупінках знікала яго камандзірская сіла і чалавечая ўпэўненасць. Гэта амаль што палохала, ён улавіў у сабе гэта непрывычнае адчуванне яшчэ там, у траншэі, калі прабіраўся сюды сярод іх — стомленых невядомасцю і благім прадчуваннем, падаўленых небяспечнаю блізасцю перадавой, абыякавых да ўсяго, што не «я» і што не несла небяспекі гэтаму «я».
        Камбата ўсё болей ахоплівала пачуццё злой нецярплівасці, нейкая неспатоленая сіла вымагала на рэзкае слова, крык, нейкі рашучы ўчынак, у якім бы знайшло выйсце гэтае яго затрудненне. Але такі ўчынак — ведаў ён — быў немагчымы, трэба было сцяўшы зубы, нетаропка і няўхільна рабіць сваю справу.
        — Многа яшчэ пісаць?
        — Заканчваю,— сказаў Маркін. Валошын рэзка павярнуўся да ардынарца.
        — Таварыш Гутман! Пастройце папаўненне.
        — Ёсць. Папаўненне, выхадзі строіцца! — старшынскім голасам скамандаваў Гутман.
        Прыглушаны тупат наверсе яшчэ не скончыўся, як ён рашуча выйшаў з зямлянкі і скочыў на бруствер. Гутман таропка скамандаваў «смірна», камбат зышоў з падмёрзлых глыжоў бруствера. Ззаду над вышынёй якраз узляцела ракета, аслабленае адлегласцю яе святло трапяткім водблескам замільгала па тварах людзей, якія страхавіта-засцярожліва заварушыліся, аднак не пакідаючы месца ў страі. Усе паглядзелі на вышыню, затым — на яго, мабыць, чакаючы каманды «лажысь» ці дазволу разбегчыся. Аднак ён не падаў нават «вольна», а выйшаў перад сярэдзінай строю і стаў.
        Ракета дагарэла, мігатлівы паўзмрок саступіў месца яшчэ больш пагусцелай цемры.
        — Хто разумее па-руску?
        — Я панімай.
        — Я тожа.
        — Адзін чалавек — ка мне.
        Нехта выйшаў са строю і спыніўся ў трох кроках перад камандзірам батальёна.
        — Станьце побач і перакладайце. Хворыя ёсць?
        — Ёсць.
        — Я хворы,— адказалі са строю. Тады ён скамандаваў:
        — Хворыя, пяць крокаў наперад. Шагам марш!
        Перакладчык павярнуўся тварам да строю і не дужа ўпэў-
        нена пераклаў. Валошын адзначыў, што слоў у яго чамусьці атрымалася больш, чым у ягонай камандзе. У гэты час ззаду зноў узляцела ракета. Камбат, знерухомеўшы, услухаўся: ці не пачуюцца стрэлы? Калі пачнецца страляніна, тады будзе кепска. Тады наўрад ці атрымае ён звесткі ад тых двух разведчыкаў. Але, здаецца, абышлося і гэты раз — ракета дагарэла і стрэлаў не было. I калі зноў над начной прасторай самкнулася цемра, ён пачуў, як сям-там са строю выйшла некалькі чалавек. Выходзілі нерашуча, адны раней, другія пазней. Усе няўпэўнена спыняліся перад строем, насцярожана пазіраючы на камандзіра батальёна.
        — Хто не абучаны — тры крокі шагам марш!
        Памарудзіўшы, яшчэ выйшла шэсць чалавек. Сталі, ад-
        нак, амаль што ўпоплеч з тымі, што выйшлі на пяць крокаў. Валошын адзначыў гэтую недакладнасць, аднак папраўляць не стаў — цяпер гэта не мела значэння.
        — Хто вельмі баіцца — таксама!
        Перакладчык не скамандаваў, а хутчэй растлумачыў каманду, і камбат амаль сцяўся нутром, чакаючы яе выканання. Але цяпер парадзелы строй стаяў нерухома — мусіць, усе баякі ужо скарысталі сваю магчымасць у ліку папярэдніх.
        — Так. Вось гэтым, што выйшлі,— направа! — скамандаваў Валошын.— Таварыш Гутман, адвесці групу назад у штаб.
        — Назад? — здзівіўся Гутман. Але тут жа паспешна скамандаваў: — За мной шагам марш!
        Калі яны, па адным пераскочыўшы траншэю, зніклі ў цемры, Валошын падышоў да строю бліжэй. Пашчэрбленыя дзве шарэнгі з напружанаю ўвагай глядзелі на яго.
        — А з вамі будзем ваяваць. Перакладзіце. Заўтра мы пойдзем у бой. Усе разам. Нехта загіне. Калі будзеце дружныя і напорыстыя, загіне менш. Замарудзіце пад агнём — загіне больш. Запомніце закон пехацінца: дабегчы да немца і забіць яго. Не ўдасца забіць яго — ён заб'е вас. Усё вельмі проста. На вайне ўсё проста.
        Пакуль перакладчык тлумачыў гэта, Валошын прайшоў сюды-туды перад строем, пазіраючы на вышыню. Ракет болей не было, стрэлаў таксама. Толькі недзе збоч ад ляска і далёка ўсё пыхала і таўкло зямлю, мусіць, гэта выроўнівалася суседняя армія. Хацелася верыць, што ўсё як-небудзь абыдзецца і пасланцы вернуцца. Цяпер ён ні за што не хацеў губляць нават двух старых байцоў — цана ім за гэтую ноч падвоілася.
        Некалькі чалавек, абмінуўшы траншэю КП, падышло да строю і спынілася непадалёк ад камбата. У пярэднім ён пазнаў старшыну сёмай Грака — гэта ўжо прыбылі за папаўненнем.
        — Так, усё. Пытанні ёсць?
        Пытанняў не было. Ён самкнуў строй, які аказаўся прыкметна карацейшы, чым упачатку, і рукой пачаў аддзяляць чацвёркі.
        — Восемь, дзевяць, дзесяць... Направа! Старшына Грак, атрымлівайце.
        Старшына адвёў сваіх крыху ўбок, а ён палічыў астатніх. Іх было мала. Восьмай як самай слабай трэба было б даць болей, але нешта ўтрымала яго ад такога намеру. Рэшткі строю ён падзяліў напалам.
        — Восьмая і дзевятая — па васемнаццаць чалавек.
        — Усяго толькі? — здзівіўся сяржант з восьмай.
        — Толькі ўсяго. Затое без браку.
        Людзей павялі ў роты, а ён скочыў у траншэю і ледзьве не сутыкнуўся з Маркіным. У накінутым на плечы паўшубку, лейтэнант адразу павярнуў назад. Валошына гэта трохі здзівіла — чаму ён стаяў тут?
        Яны вярнуліся ў амаль што пустую зямлянку. Печка тут ужо не гарэла, пастаянны яе даглядчык Чарнаручанка, прывязаўшы да вуха трубку, зябка корчыўся ў куце на саломе. Маркін кінуў на скрынкі скручаны ў трубку сшытак.
        — Думаеце, яны сапраўды хворыя? — нешта тоячы ў сабе, запытаў начштаба.
        — Зусім не думаю.
        — Дык як жа гэта іх за здорава жывеш — шагам марш у тыл?
        Тон начальніка штаба быў буркатлівы, амаль сварлівы. Валошын, аднак, не дужа на тое зважаючы, дастаў з кішэні гадзіннік і падышоў да ліхтара. Абедзве зеленавата-фосфарныя стрэлкі яго набліжаліся да дванаццаці.
        — Спадзяюся, Маркін, вы мяне за ідыёта не лічыце?
        — Ну што вы! Я так проста. Сказаў...
        — Хто-хто, а вы-та павінны разумець: мішэні на полі бою нам не патрэбны.
        Ён паклаў гадзіннік на край стала і сам сеў побач. Маркін з нейкім незразумелым запалам выпаліў:
        — А гэтыя, што асталіся, не мішэні?
        — Тое будзе залежаць ад нас.
        — Ад нас! Ось паглядзім, як яны заўтра паднімуцца. Ці не прыйдзецца абцасам у зад штурхаць.
        — Вельмі нават магчыма. Заўтра, магчыма, і не паднімуцца. Прыйдзецца паднімаць. А праз тыдзень паднімуцца. Праз месяц ужо ўзнагароджваць будзем.
        Маркін надзеў у рукавы паушубак.
        — Калі будзе каго,— цішэй зазначыў ён і дастаў з кішэні сшытак,— Баявое распараджэнне з палка. На атаку.
        Камбат узяў сшытак, напалову спісаны знаёмым пісарскім почыркам. Дастаў з сумкі карту. Маркін пасядзеў і, пазяхнуўшы, адкінуўся ў кут на салому.
        Наверсе зрабілася ціха-ціха...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.