РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
2
        
2

        
        «Што будзе? Чаго чакаць ад немцаў? Дзе нашы, і калі настане канец гэтай калатнечы?» - паныла думаў Пятрок.
        Балючых гэтых пытанняў было шмат, і, не знайшоўшы адказу на іх, нельга было вызначыць для сябе, як жыць далей, на што спадзявацца, чым жыць сёння. Але, мабыць, марна было ламаць галаву і думаць, мабыць, нічога не ўдумаеш, і трэба прымаць тое, што нарыхтаваў табе лёс.
        Але ўсё роўна думалася, бо клопат гэты ржавым цвіком тырчэў у галаве ўжо колькі часу, ці не з пачатку вайны, і адчапіцца ад яго не было магчымасці.
        Між тым не сказаць, каб на хутары стала так ужо кепска, каб нават што-небудзь асабліва змянілася пад новай, нямецкай, уладай, усё быццам заставалася, як і раней: заўсёдным чынам рупіў звыклы восеньскі клопат пра хлеб, была кароўка, гадаваўся ў хляўку падсвінак, на падворку сноўдалі куры. Быў сякі-такі харч: капуста і бульбачка ў гародзе, у пуньцы пры сцяне ляжала са тры капы жыта - пад восень нажалі на пакінутым калгасным полі. На стале быў хлеб, і нават лепшы, чым калі дагэтуль, а бульбы можна б і яшчэ падкапаць - вунь яна на Галгофе, калгасная, цяпер нічыя. Высялкоўскія бабы паціху капалі сабе, каторыя спрытныя, не чакаючы якога дазволу, самі сабе ў прыклад. Яму б таксама не шкодзіла прыцягнуць мяшэчак ды засыпаць у капец на гародзе, які ён ніяк не мог акапаць за тыдзень. Сцепаніда наказвала сёння скончыць, прывядзе карову - зноў будзе сварка. Але ні да якой работы ў яго не ляжала душа, галава была занята зусім іншым клопатам, Пятрок нудзіўся, бясконца дыміў самасейкай і то сядзеў на ўслончыку пры парозе ў сенцах, то няўцямна сноўдаў, як хворы, ля хаты.
        Увага яго, аднак, ні на чым не спынялася, усё навакол было звыклае і даўно знаёмае. Ды і дзіва што: тут ім пражыта дваццаць гадоў жыцця - нялёгкага, у працы, нястачы і клопатах, але іншага, мабыць, не будзе, ды і гэта ўжо ідзе на закат, у старасць. Можа б, як і дабыў свой век не ў сытасці, дык хоць у спакоі, каб не гэта вайна.
        Апошнім часам пасля дажджоў узялася ў рост мурава ля плота, і Пятрок, тупаючы па ёй, усё спыняўся і азіраў падворак. Шмат год ён тут быў гаспадар, а цяпер глядзеў на ўсё быццам чужымі вачыма, быццам ён куды ад'язджаў, развітваўся, і яму было шкада ўсяго. Хата не сказаць каб новая, але дзерава папалася некалі добрае, смаляная хвоя, бярвенне на сценах трохі патрэскалася, але нічога. Хата яшчэ пастаіць. Страху ў вільчыку трэба б як-небудзь залапіць, ля коміна ад самай вясны цячэ, калі дождж, таксама як і ў істопцы, што цераз сенцы, пад адным з хатай дахам. У істопцы дык ліе добра ў дождж, на гліністым доле тады збіраецца лужына, і Сцепаніда лаецца: не дабярэшся за лета атуліць дзірку. Але во не дабярэшся, то тое, то гэта, а галоўнае - няма жаднай ахвоты цягнуць свае косці на страху па драбіне, усё думаецца: перастане дождж - высахне. А то патрывожыш гнілую салому - пачне ліць болей, чаго хацець ад тае будыніны, якой ці не сто, можа, гадоў - ставілі, глядзі, яшчэ ці не за паншчынай. А істопку, можа, і яшчэ раней. Страха на ёй, колькі памятаў Пятрок, зелянела пад цэлаю шапкай моху, у маленькім, на адну шыбку, акенцы бліскала таксама зеленаватае ад старасці шкельца. Зрэшты, шкельца куды маладзейшае за істопку, якую некалі палілі па-чорнаму, у акенца ішоў дым; у цёмным куце яшчэ і цяпер смярдзіць застарэлым гарам чорная печ-каменка.
        Самая, можа, спраўная тут будыніна - новая пунька пры хляве. Праўда, з выгляду не дужа самавітая, сяк-так складзеная з тонкага яловага вярталля, у сценах спрэс шчыліны, але для пуні гэта не хіба: вецер прадзімае, а дождж не мочыць. Ладзілі яе некалі з Федзькам, думалася: калі не самому, дык, можа, спатрэбіцца сыну. Адслужыць у войску, ажэніцца, будзе ў Яхімоўшчыне. Усё ж сядзіба не самая кепская і ў здатным месцы - наводдаль ад вёскі і непадалёк ад мястэчка - жыць можна. Ды дзе цяпер Федзька?.. А ў пуньцы жытнія снапкі сохнуць на ветры, чакаюць свае пары. Часам ён зніме зверху два-тры сушэйшыя ды абтрасе ў сенцах на коўдры. Змалоўшы на жорнах, Сцепаніда спячэ пару боханаў хлеба - ці многа на дваіх старых трэба?
        Пятрок азірнуў па-над плотам восеньскі шэры абшар з бульбай да самага лесу, падышоў да калодзежа. Унізе ў чорным прадонні зруба блішчэла пляма вады - цяпер яе набіралася шмат, не тое што ўлетку. Вада ў калодзежы была смачная, заўжды сцюдзёная і чысцюткая, як сляза. Гэткай вады не было тут нідзе, нават у Выселках, дзе мелася аж восем калодзежаў. Некалі, казаў пан Адольф, тут бруяла крынічка, можа, таму і асталявалася тут сядзіба Яхімоўскіх, на пагорку пры рове. Хто б ні напіўся з калодзежа, заўсёды хваліў ваду. Гадоў восем назад замест старасвецкага асвера Пятрок прыладзіў да зруба калаўрот з ланцугом, зрабіў дашак, каб не лілося ў дождж. Яшчэ трэба б зрабіць накрыўку, каб не сыпалася што з падворка. Але ён думаў: і так будзе добра. Што там насыплецца? Хіба ветрам занясе часам ліповага лісту, якім па восені засыпала дарогу, бульбянішча ды і ўвесь падворак. Ліпы дужа разрасліся абапал варот на прыволлі, няма рады, і ўлетку атуляюць ценем ледзь не палавіну гарода. Сцепаніда ўсё каркае: абсячы, але ў яго на тое не паднялася рука - як сячы такое хараство прыроды? Не ён іх саджаў, саджалі людзі, ліпы раслі тут пры ўсім ягоным жыцці - ці гожа гэта скараняць людское? Хай растуць.
        Ён пастаяў ля калодзежа, зірнуў на гасцінец за нівай, дзе нядаўна яшчэ відаць была Сцепаніда з каровай, але цяпер Сцепаніды не было відно. Мусіць, пагнала ў параснікі. Час яшчэ быў не позні, да вечара гадзіны дзве папасе, а як прыгоніць карову, тады ён, хоча ці не, змушаны будзе ўзяцца за працу. Тады ўжо прыйдзецца цягаць ваду, мыць парсюку бульбу, таўчы крупы. Тады ўжо не пабудзеш сам-насам з думкамі ў цішы - Сцепаніда не дасць пагультаіцца.
        Пятрок зладзіў з рудога кавалка газеціны велікаватую самакрутку, старанна завязаў скураны капшук са скуранымі ж завязкамі-жыламі; прыкурыць, аднак, трэба было ісці ў хату, шукаць вугалёк у прысаку. Недзе было трохі запалак, але Сцепаніда іх прыхавала, ашчаджаючы на які выпадак. Ведама, цяпер дзе возьмеш запалкі? У мястэчку ўвесь гандаль скруціўся, дзве лаўкі ўлетку яшчэ расхапалі людзі, як ашалелі тады, і, пакуль нямецкая ўлада чухалася, нічога не засталося ні ў сельпо, ні ў сельмагу. Ён таксама хадзіў разы два (Сцепаніда пагнала), ды не дужа нажыўся - з перакуленай жалезнай бочкі за крамай нацадзіў суляю смярдзючай газы з гушчай іржы на сподзе. Невялікі для гаспадаркі набытак, але прыйдзе восень, зіма - спатрэбіцца. Хужы вось - няма солі, а без яе шмат не з'ясі. Але ці толькі солі няма?
        Можа, самае горшае - няма каня.
        Толькі Пятрок павярнуўся, каб адысціся ад калодзежа, як згледзеў за плотам карову - Бабоўка шастала наўпрост па бульбоўніку да варот чамусьці ад лесу, а не як заўсёды - дарогай, і за ёй у расхрыстанай ватоўцы подбегам шыбавала Сцепаніда. Хустка яе збілася набок, на лбе тырчэла сіваватая пасма валасоў. Пятрок з маўклівым пытаннем уставіўся на жонку - было яшчэ рана, Бабоўку яшчэ трэба было папасвіць да вечара. Але, мабыць, штось здарылася, і ён падышоў да варотаў і выцяг папярэчыну, каб упусціць карову.
        - Пятрок, немцы...
        - Га?
        - Кажу, немцы! Там, на гасцінцы. Мост ладзяць.
        - Мост?
        Гэта была навіна, Пятрок такой не чакаў. Можа, толькі цяпер ён зразумеў, як добра было тут без моста і якая пагроза насоўвалася на хутар разам з гэтым мостам.
        - Тады дрэнь справа.
        - Куды як дрэнь. Наехала немцаў, нашы местачкоўцы з падводамі, возяць бярвенне. Нешта трэба рабіць! А то прыедуць, абрабуюць. Як жыць тады?
        - Але ж. Толькі што рабіць? - збянтэжана стаяў Пятрок.
        - Пахаваць хоць дабро. Кароўку ў лес калі прывязаць. А свінчо?..
        Свінчо, іх парсючка, вядома, не прывяжаш да хвоі, парсючка трэба карміць. Ды і куры. Невялікі набытак, ведама, з тых курэй, але без іх гаспадарка - не гаспадарка. Што было рабіць, куды дзяваць усё гэта?
        - Найперш за парсючка баюся, - зморана сказала Сцепаніда, папраўляючы хустку. - Забяруць. Такі парсючок ладны. Ешчы.
        - Да сала яны ласыя. Матка - шпэк! Матка - яйка! - успомніў колішніх немцаў Пятрок.
        - Я так думаю: трэба схаваць. Ты ідзі сюды! - пацягнула яна яго ў глыб падворка.
        Яны абышлі істопку, мінулі дрывотню са старой сукаватай калодай, пералезлі цераз жэрдку ў гародчык. Тут за падвялым дзядоўнікам і зараснікамі крапівы пад нізка навіслай страхой істопкі мясцілася несамавітая будка-бакоўка. Здаўна яна пуставала без жаднай патрэбы, і ў яе сцягвалі рознае гаспадарчае ламачча, выкінуць якое было шкада, а ў хаце яно замінала. Сюды рэдка калі заглядвалі, хіба па яйкі - пры дзвярах у саломе часам несліся куры, і цяпер тут ляжалі два жоўтыя нясвежыя поклады.
        - Во, калі яго сюды? - казала Сцепаніда, шырэй расчыняючы нізкія дзверцы. - Ён жа ціхі, можа, не знойдуць.
        Знойдуць ці не - хто ведае, але Пятрок за доўгае жыццё разам прывык слухаць жонку, яна была не самая дурная баба, а галоўнае, заўсёды ведала, чаго хацела. І хоць клопат пра тое свінчо цяпер быў не самы найбольшы ў Петрака, ён рупна ўзяўся ладзіць таму новы схоў. Найперш павыцягваў з бакоўкі цесна набітае туды ламачча: нейкія палкі, скарэлае ад мешанкі, абгрызенае свіннямі карыта, паламанае кола і даўнюю, можа, дзедаўскую яшчэ, саху з ушчэнт паржавелымі лемяхамі. Папоркаўшыся паўгадзіны, скрынкай і палкамі неяк адгарадзіў невялічкі закутак, прынёс з пунькі саломы, не раўняючы яе, каб не дужа было відаць, напіхаў у адгародку. Сцепаніда тым часам ціхенька вывела з хляўка ладнага іх парсючка, пачэсваючы яго за вушамі.
        - Дзюдзя, дзюдзя, во сюды... Цяпер сюды. Во добра, дзюдзя...
        «Як малога», - падумаў Пятрок, прапускаючы ў дзверцы парсючка, які, ціха парохкваючы, старанна абнюхаў парожак, салому і паслухмяна ўладкаваўся ў сваім катушку, канешне, і не падазраючы пра небяспеку, якая над ім навісла. Сапраўды, гэта было рахманае свінчо, вельмі не хацелася б страціць такога. «Можа, яшчэ як і ацалее, калі будзе мець свой хоць невялікі свінячы розум», - падумаў Пятрок.
        - Ну во! - спаканней сказала Сцепаніда. - Усё ж не навідавоку. Няхай ляжыць.
        Яны выйшлі на падворак, дзе з трывожным чаканнем у сумных вачах стаяла Бабоўка і ля яе ног хадзілі дзве рабыя курыцы.
        - А як жа курэй? - сказаў Пятрок.
        Курэй таксама трэба было кудысьці прыбраць далей з воч, але дзе схаваеш дурную курыцу? Ціха яна не ўмее, а знёсшы яечка - радасна закудахча і тым загубіць сябе. Але што куры, куды болей шкада кароўку, як бы на яе першую не абрынулася бяда з-за моста.
        - Можа, у Бяростаўку адвесці? Да Манькі. Усё ж там далей ад мястэчка, - няпэўна прапанаваў Пятрок. Але Сцепаніда адразу ж не пагадзілася:
        - Ну не. Бабоўку я на чужыя рукі не аддам.
        - А як жа тады?
        - У Баранні Лог. На вяроўку ці спутаць. Хай ходзіць.
        - А ноччу?
        - А ноччу, можа, не будуць. Яны ж удзень болей.
        Слабая гэта была надзея на ноч, але інакш, відаць, не зрабіць, і Пятрок пакорліва змоўчаў.
        Восеньскі дзень блізіўся неўпрыкмет да свайго скону, патроху змяркалася, але яшчэ было відно. Устрывожаная Сцепаніда ўсё не спяшалася даіць Бабоўку, якая пастаяла, уздыхнула і, не дачакаўшыся гаспадыні, пачала паскубваць пад плотам - даядаць не даедзенае ў полі. Пятрок раз за разам засцярожліва пазіраў на дарожку за варотамі і на гасцінец, думаў: ці не пакажуцца немцы? І ўсё слухаў, стараючыся ў вечаровай цішы злавіць чужы падазроны гук, каб учуць небяспеку. Але, як і заўжды, на дарожцы і на гасцінцы было зусім пуста, вакол у пахмурнай восеньскай прасторы запаноўвала вечаровая ціш. Толькі вецер нястомна церабіў парудзелую лістоту ліп, церушыў ёю на дол, у гарод за парканам, усыпаў дарожку, траву-мураву на падворку. Пятрок выцяг вядзерца вады з калодзежа і паставіў перад Бабоўкай. Але тая памакнула пысу і не піла, нешта ўсё пазірала цераз плот у поле - нібы чакала чагосьці. Трэба было заганяць яе ў хлеў, ды ў хаце бавілася Сцепаніда, і Пятрок пагукаў яе:
        - Чуеш? Даіць трэба.
        Нешта разам перайначвалася ў Яхімоўшчыне, дзе яшчэ не было выпадку, каб гаспадыня спазнілася падаіць карову. Але цяпер перайначвалася ў цэлым свеце, што было дзівіцца, калі і на іхнім хутары нешта стане не так, па-філасофску заспакоіў сябе Пятрок. Не дачакаўшыся жончынага голасу, ён ступіў на пляскаты, стаптаны камень каля парога і зазірнуў у сенцы. Сцепаніда стаяла, нагнуўшыся над сінім куфрам, нешта поркалася там, кінула на хлебную дзяжу нейкія транты, сваю чорную святочную хустку з чырвонымі кветкамі. Пятрок падзівіўся:
        - Шукаеш чаго?
        - А тут гэта... Феньчына было, каб прыхаваць куды далей.
        - Што Феньчына? Сукенкі? Не выдумляй ты! Каму яны трэба?
        - Каму? Немцам, - агрызнулася жонка, усё поркаючыся ў куфры. - А гэта во? Глядзі. Што рабіць з ёй?
        Яна раскруціла перад ім папяровую трубачку, зірнуўшы ў якую, ён адразу пазнаў колішні Сцепанідзін гонар - грамату за поспехі ў апрацоўцы лёну. Уверсе там быў намалёваны прыгожы герб Беларусі, а ўнізе значыўся размашысты подпіс старшыні ЦВК Чарвякова. Грамата некалі вісела ў прасценку між вокнаў, пасля яе знялі, хацелі спаліць, ды Сцепаніда не дала - прыбрала ў куфар.
        - Ты гэта - у печ! - устрывожыўся Пятрок. - Гэта не забаўка.
        - А, хай ляжыць. Не за крадзенае ж.
        Сцепаніда зноў скруціла грамату ў трубачку і захутала ў нейкую адзежыну. З іншага адабрала ў куфры што лепшае, найбольш Феньчына, і завязала вялікім клумкам у хустку.
        - Трэба схаваць дзе. Можа, у капец да бульбы?
        - Ну што ты! Пагніе. Ды і лішне гэта. Немцы, яны болей да ежы ласыя. Да трантаў не. Я знаю.
        - Многа ты знаеш! - усумнілася Сцепаніда. - Каб з тваім знаннем голымі не застацца.
        - Нічога, як-небудзь, - сказаў Пятрок. - Мы перад імі невінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны... Не з'ядуць, можа...
        Ён казаў так, падбадзёрваючы сябе і супакойваючы жонку, хоць сам не менш за яе сумняваўся: а ці так гэта? Ведаў і адчуваў толькі тое, што трэба неяк пераседзець ліхую часіну, а там, можа, што зменіцца. Не век жа быць гэтай вайне. Каб засцерагчыся ад бяды, трэба паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй. Гэта як з куслівым сабакам: барані Божа яго зачапіць, трэба прайсці міма, быццам яго і не бачыш, але і не паказаць страху - рабіць выгляд, што ён цябе не датычыць. Так і з фашыстамі. Няўжо, калі ён іх не зачэпіць, яны без жаднай прычыны будуць да яго прыдзірацца? Што ён, нейкі начальнік ці парцейны, ці хоць бы жыд з мястэчка? Слава Богу, тутэйшы, беларус і хрышчоны ў хрысціянскую веру, селянін, калгаснік - такі самы, як і ўсе навакол. А што сын у Чырвонай Арміі, ды ці ж гэта па сваёй ахвоце? То ж служба. Так было пры цары, а можа, і раней. Служылі многія з вёскі, праўда, яму не прыйшлося - падвяло здароўе. Усё ягонае жыццё прамінула тут, на вачах у людзей.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.