РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
3
        
3

        
        Як-колечы ўладкаваўшы скаціну, яны пасёрбалі ўпрыцемку астылага зранку крупніку і паклаліся спаць, ён - за посцілкай на ложку, а яна - на палку ў запечку. Пакуль скрозь было глуха і ціха, і гэтая ціша разам са звычайнасцю вечаровага клопату трохі суняла трывогу, змякчыла яе ў душах. Пятрок ціхенька прабубніў «отчанаш», чаго ён даўно ўжо не рабіў у гэту восень, з уздыхам перахрысціўся і пачаў ужо думаць, што, можа, як і абыдзецца. Прыехалі і паедуць, што ім тут доўга рабіць, на гэтым гасцінцы? Можа, яны на тое і ладзяць мост, каб кудысьці праехаць - навошта ім нейкі хутар наводдалек ад дарогі? Фронт адкаціўся чорт ведае куды, хадзілі чуткі, немцы ўзялі Маскву, але не падобна было, каб на тым вайна скончылася - вайна недзе доўжыцца, страшная гэта вайна. Можа, у Сібіры ўжо? А можа, брахня гэта ўсё пра Маскву - можа. Маскву ім не ўзяць. Мала што зайшлі далёка, але ж і Напалеон далёка зайшоў, ды падавіўся. Не так проста праглынуць гэты кусманец нават і з такой зяпай, як у гэтага Гітлера. Нябось таксама падавіцца.
        Пятрок павярнуўся і так і гэтак пад кажушком на ўлежаным сваім сенніку, чуў, што Сцепаніда таксама варочаецца пры печы, і ён ціха азваўся:
        - Баба, не спіш?
        - Сплю. Чаго ж не, - неахвотна адазвалася Сцепаніда і змоўкла.
        - А я так думаю, можа, дармо баімося? Нашто мы ім? Прыехалі і паедуць.
        - Каб жа так! Каб жа паехалі! А то вунь з мястэчка не вылязаюць. Настаўнік гэты ды Падабед з сельпо дагэтуль на вяроўках гойдаюцца.
        - Ай, не кажы нанач такое. Не дай Бог! - адмахнуўся Пятрок, пашкадаваўшы, што пачаў гэту гаворку.
        Болей яны не гаварылі, і спакваля Петрака змарыў сон - неглыбокі трывожны сон, які не даваў спачыну. Яму доўга сніліся нейкія чэрві - цэлы клуб дробных, як на мясе, чарвей, якія варушыліся, кішэлі, абкручваліся адзін ля аднаго, паўзлі па яго нагах. Петраку стала дужа брыдка ад іх, чагось боязна, трывожна, і ён прачнуўся. Адразу ўцяміў, што было яшчэ рана, певень у хляўку яшчэ не пяяў, у цемрадзі хаты за посцілкай гучна і звыкла цікаў гадзіннік, але не хацелася ўставаць, глядзець час, і Пятрок доўга ляжаў нерухома, спрабуючы заснуць ці дачакацца світанку. Ён думаў усё пра тое ж: як жыць на свеце, у якім гэтак раптоўна і дарэшты рухнулі спрадвечныя апоры, на што было абаперціся, каб затрымацца ў жыцці? Думаў пра сына Федзьку, якога, мабыць, няма ўжо жывога - такая вайна і столькі пагінула войска! Ды і пра Феню таксама. З вясны ад дзеўкі не было ніякае весткі, як паехала ў Менск, дык і знікла зусім. Можа, уцякла за фронт і цяпер дзе-небудзь на ўсходзе, усё ж вучылася на доктаршу, і такія там трэба. Гэта было б найлепш, абы не папала ў лапы да немцаў. А калі не засцераглася ад іх у Менску ці дзе па дарозе дамоў?.. Страшна было і падумаць аб тым, што магло спасцігнуць дзяўчыну.
        Пад ранак ён усё ж задрамаў ненадоўга і прачнуўся, пачуўшы тупат Сцепаніды па хаце. Бралася на зачын дня, шарэлі запатнелыя вокны. Сцепаніда, апранутая ў ватоўку, адхінула занавеску ля ложка.
        - Ты ж капец хоць скончы. А то без бульбы застанемся. І парсючка накармі! Ну, я пагнала...
        Яна выйшла на двор, і неўзабаве пачулася шамаценне травы ля істопкі, пасля важкі тупат каровіных капытоў на падворку. Відаць, пагнала Бабоўку пад лес, у Баранні Лог, ведама, там далей ад гасцінца, спакайней.
        Пятрок пачаў неахвотна ўставаць, звесіў з ложка босыя ногі, пасядзеў так, думаючы, закурыць цяпер ці спярша надзець порткі - курыць дужа карцела з начы. У хаце было, аднак, свежавата, Сцепаніда сёння не паліла ў печы - спяшалася чым раней вывесці на пашу Бабоўку, цяпер яму да палудня гаспадарыць у адзіноце. У адзіноце, аднак, было і не блага, можна было не спяшацца - распачаты ў канцы гарода капец бульбы, мабыць, пачакае, надвор'е стаяла цёплае, воглае - не падобна, каб раптам павярнула на прымаразкі. Нацягнуўшы нагавіцы, Пятрок сунуў ногі ў апоркі, накінуў кажушок на плечы і перш дастаў з-за коміна пару лістоў самасейкі - узяўся крышыць на ражку стала. Гэта была самая мілая яго работа - рыхтаваць табаку на дзень, востры кончык нажа лёгка кроіў падсушаны зжоўклы ліст, прыемны пах казытаў у носе, і Пятрок у прадчуванні курцоўскай асалоды з кароткаю жвавасцю зірнуў у акно.
        Не, на паваротцы ад гасцінца было пуста, нікога не было відаць, а вось за вішаннікам, у баку па дарозе ад Выселак, штось варушылася, нехта ішоў. З нажом у руцэ Пятрок устаў з лаўкі, зазірнуў вышэй - праз запатнелае шкло сталі відаць дзве постаці, што хуткім крокам набліжаліся да хутарской павароткі.
        Ён пастаяў, узіраючыся, і раптам пэўная здагадка выразна падказала яму, што гэта ж высялкоўскія паліцаі. Так, гэта былі Гуж з Каландзёнкам. У гэтай новай ролі ён бачыў іх першы раз, але ўжо чуў ад людзей, як яны сноўдалі па Выселках, у мястэчку, часам наведваліся ў суседнія хутары і вёскі - усталёўвалі новую ўладу. Цяпер яны ішлі сюды - мажны, крутаплечы Гуж і перахлябісты малады Каландзёнак - абодва з вінтоўкамі за плячыма, з белымі павязкамі на рукавах. Яны ўжо набліжаліся да павароткі, і ў Петрака затрымцела слабенькая надзея, што, можа, прамінуць Яхімоўшчыну, пойдуць далей па гасцінцы. Але, мусіць, не. Паліцаі абышлі лужыну на завароце і скіравалі на вузенькую, парослую дробнай травой дарожку да хутара.
        Цяпер усё стала панятна, Пятрок борздзенька надзеў кажушок у рукавы, адчыніў дзверы ў сенцы. Пасля, не ведаючы, што рабіць, але прадчуваючы кепскае, старанна зачыніў іх за сабой і праз акно ля парога пачаў сачыць за прахожымі. Па меры таго, як яны набліжаліся, ён, аднак, спакайнеў. Ды і чаго ўвогуле было баяцца, ніякай віны за сабой ён не чуў, а Гуж дык нават быў яму нейкай раднёй па дзеду - калісь, яшчэ да калгасаў, на кірмашы ў мястэчку выпівалі ў кампаніі. Але ад пачатку калектывізацыі Пятрок з ім не бачыўся. І век бы яму з ім не бачыцца.
        Паліцаі тым часам мінулі вароты, нетаропка падышлі да калодзежа; зыркія ўчэпістыя вочы Гужа на тоўстым ад'едзеным твары матлянуліся па падворку і спыніліся на дзвярах - мусіць, трэба было адзывацца. Ды надта ўжо не хацелася. Пятрок выйшаў у сенцы і няпэўна знерухомеў ля вёдзер з вадой на лаўцы. Толькі калі чужая рука забразгала знадворку клямкай, ён адчыніў дзверы.
        - А-а, во дзе ён хаваецца, - напаўжартам прагудзеў Гуж і, угнуўшы галаву ў картузе, пераступіў парог. - А я гэта гляджу, няма ля будынкаў. Дзень добры!
        - Дзень добры, - запалым голасам адказаў Пятрок. - Дык гэта... Чакаю.
        - Каго чакаеш? Гасцей, ага? Ну, гэта добра, страчай во!
        - Ага, заходзьце ж, - змушана падхапіўся Пятрок і шырэй расчыніў дзверы ў хату. Шорхаючы скураной паддзёўкай, Гуж з вінтоўкаю ў руках ступіў у хату, за ім, тонка падпяразаны дзягай па чырвонаармейскім шынялі, сунуўся падгалы Каландзёнак. Пятрок прычыніў дзверы, трохі пасунуў ля стала ўслон. Але госці не селі. Каландзёнак адразу выцягся ля парога, нібы на варце, Гуж нетаропка пратупаў да стала і назад, зазірнуў па чарзе ў вокны.
        - Як на курорце! - прагудзеў ён. - І лес блізка, і рака. І мястэчка пад бокам, ага?
        - Блізка, ага, - пагадзіўся Пятрок, панура згадваючы пры сабе, які д'ябал іх прыгнаў сюды ў гэткае ранне. Што ім патрэбна? Другі раз сядаць ён не запрашаў, думаў, можа, што скажуць і пойдуць сабе далей.
        Але, мусіць, ісці яны не збіраліся.
        Гуж, паазіраўшы куткі і сцены з цвікамі, працяглым позіркам павёў па абразах у куце, нібы палічыў іх, расшпіліў на грудзях рудую скуранку.
        - Цёпла, аднак, у цябе.
        - Дык гэта... Не палілі сёння.
        - Цёплая, значыць, хата. Гэта харашо. Трэба раздзецца, не вазражаеш?
        - Дык калі ласка. Можна і зняць. Вы сюды павесьце, на гэты цвік.
        Крэкчучы, Гуж сцягнуў з тугіх плеч цеснаватую, пэўна, чужую скуранку, павесіў на цвік каля яго скрыпкі, што вісела ля акна. Дзягай з вайсковаю спражкай пачаў падпяразваць сінюю мультановую світку.
        - Усё іграеш? - кіўнуў ён на скрыпку.
        - Дзе там. Не да музыкі, - сціпла адказаў Пятрок. Сапраўды, калі яму было іграць - у душы гучала зусім іншая музыка. Але ён не стаў многа тлумачыць, толькі падумаў са шкадаваннем, што скрыпку трэба было б прыбраць далей з воч.
        - Помню, як вы калісь на вяселлі ў Выселках наярывалі. Ты на скрыпцы, а Ярмаш на бубне, здаецца. Музыкі!
        - Калі тое было...
        - Было! - сказаў Гуж і палез за стол. Караткаватую сваю вінтоўку паклаў побач на лаву. Каландзёнак, як стаяў у шынялі з вінтоўкаю ў руках, сеў на парозе.
        - Ну, частуй, гаспадар! - сцюдзёным позіркам з-пад калючых броваў упёрся Гуж у Петрака. - Стаў паўлітра, а як жа?
        - Гэ, каб было! - развёў рукамі Пятрок. - Закусіць можна, канешне, а гарэлкі няма, так што...
        - Кепска, значыць, жывеш, Багацька. Пры Саветах не раскашаваў...
        - Не раскашаваў, не...
        - І пры германскай уладзе не хочаш. А мы не так. Мы вось тут... Нешта маем!
        Ён выпрастаў на падлозе доўгую ў боце нагу і з кішэні чорных, з абвіслымі леямі галіфэ выцяг бутэльку.
        - Во, чыстая маскоўская! - і, гучна прыстукнуўшы, з паказным гонарам паставіў яе пасярод стала.
        Далей Петраку цягнуць не было як. Праклінаючы ў думках усё на свеце, ён схамянуўся, кінуўся ў пасуднік па хлеб, успомніў, што трэба ў хляўку пашукаць яек, мусіць жа, знесліся дзве ці тры курыцы, у істопцы было яшчэ трохі гуркоў у дзежцы. Ну і сала, вядома, у кубёлку. Ён замітусіўся, каб як найхутчэй сабраць на стол, быццам тады хутчэй бы аслабаніўся ад паліцаяў, паклаў на стол пачаты бохан хлеба, але не мог знайсці нож - толькі ж яго трымаў у руках, куды дзеўся?.. Гуж, пачакаўшы, выцяг з халявы свой шырокі, з загнутым канцом кінжал і адкроіў дзве скібы.
        - А дзе ж твая... акцявістка? - нібы між іншым запытаў ён і навастрыўся слыхам. - Не ў калгасе ж шчыруе...
        - Ды з каровай, знаеце...
        - А, з каровай! Карову, значыць, маеш... А прыбядняешся...
        - Ды я нічога... Як усе, знаеце...
        - А хто бульбу выбіраць будзе?
        - Якую бульбу?
        - А калгасную! Савецкая ўлада ляснула, але ж калхозы ні-ні! Калхозы сахраняюцца - Гітлер загадаў. Так што бульбаўборка. Ну і бульбаздача, канешне. Як пры Саветах, ха-ха! - нядобра хіхікнуў паліцай.
        Гэта Пятрок ужо чуў, хоць спярша не дужа і паверыў, што немцы пагодзяцца на калгасы. Думаў, можа, яшчэ будуць караць калгаснікаў, а яны во што! Але дзеля бульбаздачы, напэўна. Так ім зручней.
        - Я, ведаеце, адпрацаваў сваё. Хай маладзейшыя каторыя, - паспрабаваў слаба апраўдацца Пятрок. - Каторыя здаравейшыя.
        - Хто гэта хворы? Ты? Ці, можа, баба твая? Пры Саветах дык вунь як шчыравала, пра хваробу не заікалася. Перадавая льнаводка, на сходах выступала.
        - Ат, калі тое было! - ніякавата адвёў шматзначны папрок гаспадар і паставіў на стол шклянку. - Апошнім часам яго мала і сеялі, лёну таго.
        - А было, як жа! Людзі запомнілі. А цяпер падупала!
        Петраку трэба было ў істопку па сала і гуркі, але на парозе сядзеў Каландзёнак і з кіслым выразам белабрысага худога твару пазіраў убок. Гэты яўны падкоп паліцаяў пад яго Сцепаніду не спадабаўся Петраку, і ён падумаў: ці не дзеля гэтага яны сюды і прыпаўзлі?
        - Дык сказалі, ну і выступала, куды ж дзенешся.
        - Сказалі, кажаш? А калі цяпер нямецкая ўлада іншае скажа? Як тады вы?
        - А мы што? - цепнуў плячыма Пятрок. - Як скажуць, так і будзем. Як усе, так і мы.
        Гуж ямчэй уладкаваўся ў застоллі, зазірнуў у акно і шырокай рукой канавала згроб са стала бутэльку.
        - Ну, а сала ў цябе няўжо вывелася?
        - Зараз, зараз! - памкнуўся да дзвярэй Пятрок і наткнуўся на Каландзёнка ў парозе, які не адхінуўся нават.
        - Прапусціць! - роўным голасам сказаў Гуж, і тады Каландзёнак пасунуўся на парозе.
        Пятрок бразнуў дзвярыма, тыя не зачыніліся, каб было відней, насцеж расчыніў дзверы ў істопку. У паўзмроку намацаў у кубёлку кавалак сала - ёлкі зжаўцелы кус яшчэ ад той восені. Ён ужо адчуваў, што гэта паліцэйская завітанка не так сабе, што тут ёсць пэўная мэта і што зараз нешта праясніцца. «Каб хоць Сцепаніда не сунулася сюды, адвёўшы карову, каб як даць ёй уведаць, што тут за госці», - ліхаманкава думаў ён, з паспешнай пакорай несучы пачастунак у хату.
        - Во, гэта дзела! - задаволена сказаў Гуж. Ён ужо выпіў гарэлку, шклянка была пустая, азызлы твар яго трохі крывіўся, і ён адразу ўзяўся кроіць на лусты сала.
        - Так, цяпер, значыць, твая чарга. Як жа, усё ж гаспадар! Гаспадароў немцы шануюць. Не тое што пры Саветах.
        - Ды не... Я, знаеце, не вельмі...
        - Гэта ты кінь! - перапыніў Гуж і, боўтнуўшы ў бутэльцы, наліў болей палавіны шклянкі. - Пі! За пабеду.
        - Ну, хіба за пабеду, - паныла азваўся Пятрок, беручы шклянку.
        - Твой жа сынок дзе? У Краснай Арміі бытта? Сталіна бароніць?
        - Ну ў арміі. Салдат, так што...
        - Так што за пабеду. Над бальшавікамі! - удакладніў Гуж.
        Праклінаючы ў думках усё на свеце і найперш гэтага мардатага госця, Пятрок без асаблівай прыемнасці выцягнуў гарэлку са шклянкі.
        - Во, дзела! - адобрыў паліцай. - Цяпер закусі.
        Гуж паводзіў сябе за сталом так, нібы быў тут гаспадар, а Пятрок неяк проста і хутка ператварыўся з гаспадара ў госця ці нават прыслужніка, і толькі. Канешне, ён быў напалоханы гэтым раннім прыходам, прыгнечаны прыдзіркамі паліцая, баяўся, што будзе і горшае. Аднак, можа, і добра, што ён не адмовіўся, выпіў, гарэлка пакрысе прытупіла спалох, і збянтэжанасць яго патроху міналася. Ён ужо асвойваўся з роляй сабутэльніка, калі не гаспадара, бокам прысеў да стала і зжаваў скарынку. Гуж тым часам, нібы жорнамі, перамолваючы пашчэнкамі кус хлеба з салам, зноў наліў шклянку.
        - Добрае дзела можна і паўтарыць. Ага?
        - Ну, канешне. Першая чарачка - як сінічка, другая - як жавароначка, - ахвотней падхапіў Пятрок. - Але ж гэта... А таварышу? - кіўнуў ён на Каландзёнка ў парог.
        - Абыдзецца, - сказаў Гуж. - Ён няп'юшчы. Ты ж праўда няп'юшчы, Патап?
        - Няп'юшчы, - тонка звягнуў Каландзёнак, і ўсе ўслухаліся. У двары пачуўся нейкі старонні рух, ля хляўка спалохана закудахтала курыца.
        - Ану! - рашуча кіўнуў памагатаму Гуж, не ставячы, аднак, шклянку. Каландзёнак выскачыў у сенцы, але хутка вярнуўся.
        - Баба прыйшла.
        Петрака міжвольна перасмыкнула, зноў шыбануў непакой за жонку - навошта яна прыперлася? Ён хацеў як папярэдзіць яе, каб не заходзіла ў хату, але, мусіць, было ўжо позна.
        - Я гэта... Бабе скажу, каб закускі якой, - паспрабаваў ён устаць з лаўкі. Але Гуж адразу прыпыніў гэту спробу.
        - Сядзі! Сама дасць. А як жа? Убачыць, не сляпая. Госці ў хаце...
        У сенцах штось бразнула, шырока тузануліся дзверы, і Сцепаніда на момант замерла на парозе, мусіць, нечакана згледзеўшы чужых у хаце.
        - Захадзі, захадзі! - коўтаючы ежу ў роце, прагугнявіў Гуж. - Не сцясняйся, ха-ха! Мусіць жа, не сцясніцельная?
        - Здраствуйце, - ціхавата павіталася Сцепаніда і пераступіла парог.
        «Ну, зараз возьмуць!» - паныла падумаў Пятрок, скоса пазіраючы на Гужа. Але той, нібы безуважна да гаспадыні, адкроіў кус хлеба і пасунуў на край стала.
        - З'еш, Патап.
        Каландзёнак з нязрушнай паныласцю на белабрысым твары ўзяў пачастунак і тупа зыркнуў на гаспадыню.
        - П'яце, а там ужо немцы па мосце ходзяць, - сказала Сцепаніда, хіба для таго, каб парушыць напружаную ціш у хаце.
        - Правільна, ходзяць, - пагадзіўся Гуж. - Яшчэ пару дзён - і будуць ездзіць. Германская дзелавітасць!
        - А чаго ім тут ездзіць? Што ў іх, у Германіі, дарог не хапае? - сказала Сцепаніда. Гуж выпрабавальна паглядзеў на яе і, нібы вожык, пагрозліва чмыхнуў носам.
        - Дужа разумная, гляджу. Ах, якая разумная! Не дарма - акцявістка! Не адраклася?
        - Ад чаго мне адракацца? Я не зладзейка якая. Хай зладзеі ад свайго адракаюцца.
        - Хто гэта - зладзеі? Ці не мы, можа? - унутрана настырчыўся Гуж.
        - А ёсць такія. Сёння так, заўтра гэтак. «Ды маўчы ты, дурніца», - даводзіў у думках Пятрок. - Што ты заядаешся? Ці не бачыш, хто перад табой?»
        Сцепаніда і яшчэ памкнулася нешта сказаць, але толькі матлянула злым позіркам на Гужа, такім самым на Петрака і Каландзёнка. Гуж адразу ж падлавіў гэты яе позірк і загудзеў злым басам:
        - Вот швэндаешся па палёх, нямецкія часці разглядваеш. А ў хаце госці. Што гаспадыня далжна рабіць?
        - Я карову выганяла. Вунь жа гаспадар вас частуе.
        - Гаспадар? Што ён умее? Ён і курыцу не пашчупае, твой гаспадар. А гасцям трэба гарэлкі! Закусь харошая трэба!
        - Што яшчэ?
        - Закусь, кажу, харошая. Для прадстаўнікоў германскай улады!
        - Даўно вы такія прадстаўнікі? - з унутранай нястрымнасцю ўспыхнула Сцепаніда, і Пятрок адчуў, што зараз здарыцца непапраўнае.
        - Баба, маўчы! - крыкнуў ён. - Маўчы! Ладзь яешню! Чуеш прыказ мой? Яешню!
        Гуж нядобра зарагатаў на ягоны выпад. Сцепаніда моўчкі павярнулася і выйшла за парог. Дзверы за ёй засталіся расчыненыя, і Каландзёнак зачыніў іх, стоячы ўсё там, ля парога.
        - Во бачыў? - сур'ёзна зазначыў Гуж Петраку. - Знаеш, што немцы з такімі робяць?
        - Ну чуў... Але гэта...
        - Вешаюць! Вешаюць на тэлефонных слупах! - прыстукнуў ён цяжкім кулаком па стале. Пахаладнеўшы нутром, Пятрок глыбей уцягнуў галаву ў плечы, паліцай, мусіць, заўважыў гэта і задаволена адкінуўся да сцяны.
        - Ды яна так, не са злосці, - паспрабаваў апраўдаць жонку Пятрок.
        - Ад чаго ж тады? Скажаш, ад добрасці? Камуністка яна, - аб'явіў раптам Гуж.
        - Ды не... Яна языком толькі.
        - Во-во, языкатая, - нядобра пагадзіўся Гуж. - Не выдралі яшчэ. Дык выдзеруць. У немцаў гэта раз-два.
        Пятрок не ведаў ужо, што сказаць, каб як бараніць жонку, якую вельмі хутка нават маглі загубіць гэтыя двое. Сама яна не паберажэцца - скарэй наадварот. Але Гуж нечакана абвясціў:
        - Скажы мне дзякуй. Маёй дабраце. А то б даўно ўдаўцом стаў. Панятна?
        - Дык то - дзякуй.
        - Во-во!
        Што ж, Пятрок зразумеў: на гэты раз быццам пранесла. Можа, не возьмуць. Пакуль што. Калі гэта дурніца зноў не налезе на іх паліцэйскі ражон.
        - Але «дзякуем» не абыдзешся. Ці ты думаеш, я цябе буду пакрываць і яшчэ паўлітэркі насіць? Гэта ты мне насіць должан, - зноў узяўся за сваё Гуж.
        - Дык я б з гатовай душой. Але...
        - Гарэлкі няма? А ты дастань! Купі! Выменяй! Для радні не можаш пастарацца? Я ж табе не чужы?
        - Не чужы, ага...
        «Каб ты згарэў, аднак, сваячок гэты», - зацята думаў пры сабе Пятрок, адчуваючы, што новая паваротка ў гаворцы не лепшая за ранейшую. Дзе ён возьме яму гарэлкі? У лаўцы не купіш, у суседзяў не пазычыш. Некалі, праўда, спрабаваў гнаць самагон, але і начыння таго даўно ўжо няма. Зноў жа, як было пярэчыць гэтаму жываглоту - неяк трэба выкручвацца. Як толькі?
        - Я да цябе яшчэ завітаю. Чуеш?
        - Чую, анягож. Ды толькі...
        Ён не знайшоў, як скончыць, калі ўвайшла Сцепаніда, прынесла гуркоў і капусты, моўчкі паставіла ўсё на стол.
        - Мусіць, немцы слабавата кормяць? - з прыхаванай з'едлівасцю запытала яна. Гуж нядобра вырачыў вочы.
        - А табе што? Ці вельмі не падабаюцца немцы?
        - Як скуллё на задніцы!
        - Сцепаніда!!! - ускочыў Пятрок. - Маўчы!
        - А я і маўчу!
        - Маўчы!!! Знаеш... Вот ён па-родственнаму! Па-добраму, а ты! Знаеш?..
        - Ладна, - сказала яна да Петрака. - Ужо выпіў, дык і гатоў зад лізаць. Дужа ты, аднак, быстры...
        Апошнія яе словы ўжо даляцелі з сенцаў, бразнулі дзверы, і Пятрок вінавата пракашляўся. Ён чакаў і баяўся, што цяпер скажа Гуж.
        - Баба, вядома... Што зробіш?
        - Што зробіш? - злосна падхапіў паліцай. - Пута вазьмі. Каторае тоўстае, новае, з кастрой! І путам! А то пяньковай пятлі дачакаецца. Папомніш мяне!
        Пятрок панура маўчаў, седзячы пры стале. Кучку накрышанай табакі ссунуў на ражок стала і невідушча падмятаў даланёй табачныя крошкі, слухаючы, як пляцкае тоўстымі вуснамі Гуж - есць яго сала, грозіцца і павучае яго, як жыць з бабай. Удвая маладзейшы, а глядзі ты, які стаў разумны пры нямецкай уладзе!
        - Прыязджаў важны чын, - ужо спакайней паведаміў Гуж. - Называецца па-нямецку зондарфюрар. Загадаў усё ў полі ўбраць.
        - Счытай, усё ўжо ўбралі, - уставіў Пятрок.
        - Не ўсё. Тое, што ўбралі, нікуды не дзенецца. Пападзе ў нямецкі засек. Але бульба! Бульба засталася. Во і яе выкапаць. І здаць. Для германскай арміі. Паняў? Як пры Саветах.
        «Чорта ты яе з поля возьмеш для германскай арміі, - падумаў Пятрок. - Няхай яна пагніе там!»
        У бутэльцы яшчэ трохі заставалася, Гуж выліў рэшту ў шклянку і моўчкі перакуліў шклянку ў рот. Крактануў, выцер пяцярнёй тлустыя ад сала вусны.
        - І яшчэ во што! Тут, мабыць, заходзяць розныя?.. З лесу каторыя. Бандзіты! - зноў уставіўся ён на Петрыка, якому стала не па сабе ад гэтага яго позірку. - Не было такога? Ладна, паверу. Але помні: калі хто - адразу ў паліцыю. У мястэчка ці ў Выселкі. Але каб зараз жа. Паняў? А то за ўкрывацельства, знаеш? У мястэчку быў?
        - Быў, ну.
        - Чытаў прыказ? Расстрэл і канфіскацыя імушчаства. Немцы, яны не чыкаюцца. Паняў?
        Пятрок паныла ўздыхнуў - што ж зробіш? Кругом нявыкрутка. Кругом кара, расстрэл, канфіскацыя. Як тут жыць будзеш?
        Гуж, не спяшаючыся, вылез з-за стала і, сытна ікаючы, нацягнуў на плечы рудую скуранку.
        - Яешня адмяняецца! - з нечаканай добрасцю аб'явіў ён Петраку. - Другім разам. Можа, калі на днях. Так што рыхтуйся!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.