РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
4
        
4

        
        Пятрок сядзеў на ўслоне, паныла падпёршы галаву рукамі, і невідушча глядзеў на стол, дзе тоўстыя восеньскія мухі поўзалі па тлустай ад сала сталешні. Ён не прыбіраў посуд, не дакранаўся ні да агуркоў, ні да сала, Сцепаніда таксама не падыходзіла сюды - яна сварылася ад парога.
        - Устроіў частаванне! Сала, гуркі! І яшчэ разяўляецца: яешню ім! Сам яек ім нанясеш? Ты хоць раз курэй пакарміў? Каб не я, што б ты зрабіў з гаспадаркаю? Нават каня не вярнуў, калі ўсе павярталі.
        Конь, канешне, быў іхнім агульным болем, Пятрок перажываў не меней за жонку, але дзе ён мог яго ўзяць? Ці ён мала нахадзіўся ў Выселкі, напрасіўся ў дзеравенскіх, ды хто ўступіць? Кожнаму на гаспадарцы найперш трэба конь. Затое ў мястэчку яму пашэнціла болей, і ён успомніў пра сваю галоўную па гэтым часе заслугу.
        - А газы хто расстараўся? Не я хіба?
        - Ах, газы! Смех адзін - газы! Вунь людзі мяшкамі соль нацягалі. Запалкамі запасліся. Цукрам нават. А то суляю газы прынёс - смех адзін...
        - А што? Газа ўзімку - знаеш! Мала ў каго, а ў нас ёсць.
        - Маўчы ты! Газы... І гэта, знайшоў сваяка! Сабутэльніка! Каб ён мой быў сваяк, я б яго памялом з дому. Прадажнік! А ён гарэлку з ім распівае, частуе яго. Вунь немцы прыйдуць, тады іх пачастуеш.
        Дзверы ў сенцы былі расчынены, Сцепаніда сноўдала то да печы, то ў сенцы, у істопку, бразгала конаўкаю ў вядры, разводзіла пойла. Цяпер, калі яны засталіся адны, яна не стрымлівалася, выгаварвала ўсё, што намуляла за гэтыя тыдні і на яго, і на вайну, і на жыццё таксама. Пятрок болей маўчаў - што ён мог сказаць ёй, чым запярэчыць? Ён адчуваў яе праўду, але ж не хацеў паступацца і сваёй, слабаватай, але таксама блізкаю яму праўдай, якая крыўдліва варушылася ў душы, не жадаючы каму-небудзь паддацца.
        - Прыйдуць - пачастуеш. Куды дзенешся? - ціха зазначыў ён, думаючы, што жонка, можа, не ўчуе. Але яна ўчула, і гэта яе абурыла канчаткова.
        - Ну гэта ты частуй! Я не буду. Я сыду з каровай у лес. Каб мае вочы не бачылі.
        - Гэткай бяды! - сказаў ён, таксама ўжо злуючыся. - Ідзі! Абыдуся!
        - Ага, абыдзешся! Думаеш, ты пап'еш тут? Падліжашся да іх? Ды яны тваё вып'юць і цябе ж мардаваць пачнуць.
        Пятрок памкнуўся быў нешта сказаць, але толькі махнуў рукой: Сцепаніду не перапыніш. Хіба што ўцямяшыш бабе насуперак яе волі? Тое, што для цябе ясны дзень, ёй здаецца цёмнаю ноччу. Паспрабуй дакажы, што сёння ёй няблага пашэнціла, што Гуж адмякчэў пасля выпіўкі і не стаў дужа да іх прыдзірацца, што ён, можа, сапраўды пакрывае яе перад немцамі. Сам жа сказаў: радня. Таму не лішне з ім ладзіць, неяк паддобрыцца, можа, завесці дружбу. Канешне, ён п'яніца, нягоднік, нямецкі халуй, але ж ён - улада. Быццам яму, Петраку, вялікая радасць піць з ім гарэлку, прыслужваць ды яшчэ слухаць яго знявагі? Але, калі хочаш жыць, мусіш трываць не такое. З ваўкамі жыць - па-ваўчынаму і выць.
        Праўда, тое разумнае меркаванне толькі блытана мроілася ў яго захмялелай галаве, услых жа ён стрымана, ціха агрызаўся на Сцепанідзіны наскокі, ведаў: пры злосці ёй лепш не пярэчыць, ягонага верху ўсё роўна не будзе.
        Сцепаніда ж тым часам, здаецца, усё выгаварыла і неяк ураз пацішэла. Спярша яна аж спалохалася, як убачыла ў хаце чужых, але затым пакрысе асмялела, асабліва калі раззлавалася. А раззлавалася яна болей на Петрака за яго нахабны наскок на яе з крыкам, камандаю ды яшчэ перад гэтымі злыднямі. Хай бы крычаў-загадваў, калі яны засталіся ў хаце ўдваіх, дык цяпер ён маўчыць ці адно буркае штось для свайго апраўдання. А тады ў яго лаянцы яна ўчула паганы намер вылузнуцца перад гэтым Гужом, дагадзіць яму тым, што зняважыць яе. Але зняважыць сябе яна не дазваляла нікому, заўжды магла пастаяць за сябе. Высялкоўцы і дагэтуль памятаюць, як калісь на калгасным сходзе яна збэсціла перад прадстаўніком з раёна іхняга кладаўшчыка - злодзея і п'яніцу Салаўя, як таго пасля знялі з кладаўшчыка і нават хацелі судзіць. А калі яна была звеннявой па льну і Кандыбішын зяць даказаў, быццам яе бабы крадуць ноччу лён, яна дамаглася праверкі, нават вобыску ва ўсіх; колькі разоў іх перапынялі на сцежцы, правяралі ў баб за пазухамі, пад спадніцамі, але марна, і гэты паклёп з іх знялі.
        Яна размашыста секла сечкай траву ў карытцы. У расчыненых дзвярах пры парозе было светлавата, сечка кідала ахрап'ем на ўтаптаны земляны дол, яе парэпаныя босыя ногі, і яна горка думала, што з Петраком у такі кляты час прападзеш напэўна. Галоўнае - у яго няма жаднай цвёрдасці, мужчынскай самавітасці, з кожным ён гатоў пагадзіцца, падтакнуць, хоць той брэша, не баючыся Бога. Быццам людская пакорнасць робіць іх дабрэйшымі. Хутчэй наадварот. Не дасі адразу адпор - неўзабаве ўзаб'юцца на карак і будуць ехаць, колькі каму захочацца. Яна змалку ведала гэтага высялкоўскага Гужа, які ў калектывізацыю некуды ўцёк ад раскулачвання, а цяпер во зноў паявіўся з вінтоўкаю ў руках, каб помсціць людзям за мінулае ды піць гарэлку. Але яна не забылася на сваю апошнюю з ім сустрэчу ў трыццатым годзе і век не даруе яе яму. Хай сабе ён і з вінтоўкай. Таксама як і таму Каландзёнку, якога гадамі ненавідзела вёска аж да самай вайны, калі ён пайшоў па першай мабілізацыі ў войска, ды во праз месяц вярнуўся, людзі казалі: немцы адпусцілі з лагера. І ён прыбрыў у мястэчка, схуднелы, у вайсковых трантах, з вошамі за каршэнню. Дык во цяпер ад'ядаецца на паліцэйскіх харчах.
        Яны абодва з вінтоўкамі, улада іх над людзьмі вялікая, яны ўсё могуць. Але яна іх не баялася, бо не паважала іх. Болей таго - яна іх ненавідзела. Зрэшты, ёй не было да іх справы, у тым жыцці, якое абрынулася на свет, яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы.
        Па двары, пад плотам і па бурачніку ў гародзе непрыкаяна дыбалі яе цыбатыя маладыя курачкі, нешта дзяўблі там. Несліся пакуль што тры старыя курыцы, якіх пільнавалася Сцепаніда, - здаўна ад яек быў увесь яе грашовы набытак, якая капейчына, заўжды патрэбная ў гаспадарцы. Сабраўшы са тры дзесяткі, яна несла яйкі ў мястэчка, мяняла на што патрэбнае ці прадавала местачкоўцам за грошы. Без курэй было неяк. Трэба б сыпануць ім якога зерня, падумала Сцепаніда, але яна спяшалася ў поле, і на курэй у яе ўжо не хапала часу. Таропка вынесла паўвядра мешанкі парсючку, расчыніла нізкія дзверцы застаронка, і той, пачуўшы гаспадыню, жвава заварушыўся ў саломе. Яна апусціла мешанку ў куток, пастаяла хвіліну, з любасцю пазіраючы, як парсючок заўзята зацмокаў у вядзерцы - аж затрэсліся вушы. Неўзабаве ён ужо ўлез туды пярэднімі нагамі і абярнуў яго, Сцепаніда ж папраўляць вядзерца не стала - ведала: і так выесць усё дачыста.
        Але трэба было бегчы ў поле - у Бараннім Лозе, прывязаная да алешыны, пасвілася Бабоўка, нягожа было надоўга пакідаць яе без нагляду. Перш чым пабегчы з дому, яна ўскочыла ў хату ўхапіць якую скарынку - пажаваць сабе ды і пачаставаць кароўку. Пятрок, унурыўшыся, па-ранейшаму прыгнечана сядзеў за сталом і не азірнуўся на жонку.
        - Пакармі курэй! - спакайней сказала яна. Як заўжды, выгаварыўшы ўсе крыўды, яна паспакайнела, і цяпер ёй стала нават шкада гэтага недалэгу Петрака, які злаваў яе, часам смяшыў, рэдка чым радаваў. Увогуле ён быў неблагі, нязлы чалавек, толькі дужа няспрытны і мала ўдачлівы ў жыцці.
        Яшчэ ён быў на дзесяць гадоў старэй за яе і не дужа здаровы. Але ягоная хвароба ішла ад залішняга курэння, яна гэта ведала і цвярдзіла яму пра тое ледзьве не кожнага дня. Ды марна.
        Сцежкаю цераз гарод Сцепаніда пабегла па ўзроўку ў Баранні Лог, а Пятрок пасядзеў яшчэ, трудна ўздыхнуў і ўстаў з-за стала. Зранку перапала выпіць гарэлкі, але не давялося яшчэ закурыць, і цяпер, застаўшыся адзін у хаце, ён нетаропка скруціў ладную, з палец, цыгарку. Каб прыкурыць, старанна перагарнуў учарашняе вуголле ў печы, пакуль знайшоў вугалёк з іскрынкай, раздзьмуў яго і ўрэшце з доўгачаканай асалодай зацягнуўся дымам. Толькі і было тае радасці, што закурыць, іншага задавальнення ў жыцці, мусіць, не засталося. Добра, што вясной насеяў у гародзе табакі, мультанаўкі, не паспадзяваўся на куплёную, - дзе цяпер возьмеш яе? Табака ж была хоць, можа, і горшая, чым махорка, але і не благая. Пятрок прывык да яе - лепшай яму і не хацелася.
        Ён чуўся яшчэ п'янаватым, думкі яго былі ўшчэнт расшкуматаныя, і ён, думаючы пра жыццё, час ад часу ціха, бязгучна лаяўся. Прападзі яно ўсё пропадам! Дзе яшчэ тыя немцы, яшчэ немаведама, дабяруцца яны да яго Яхімоўшчыны ці не, а свае вось дабраліся. І хто? Родзіч Гуж. Ад гэтага, пэўна, свінчо не схаваеш, уведае і пра свінчо, і пра кароўку, і курэй, таксама як і пра ўсё іх ранейшае жыццё пры Саветах - тут ужо не затоішся. У яго цяпер улада, захоча - павядзе ў мястэчка, у паліцыю і павесіць на першым слупе - сапраўды размова ў іх кароткая. Дык што ж застаецца: прасіць? Але такі наўрад ці злітуецца. Пятрок заўважыў сёння, як нядобры драпежны бляск блукаў у Гужовых вачах, калі ён казаў пра Сцепаніду. Задобрыць хіба драбязой - яйкамі, салам, курай, - бо большага ў яго не было, але ці драбяза яго пройме? Найлепш, канешне, яго ўпаіць, але, адчуваў Пятрок, адным разам не шмат дагодзіш, а паіць яго заўсягды - дзе па тым часе ён возьме гарэлкі?
        І тут неяк само сабою да яго прыйшло разуменне, што трэба гнаць самагон. Без самагону ў гэтым жыцці прападзеш.
        Некалі, яшчэ да калгасаў, Пятрок зрабіў не дужа ўдалую спробу вырабу гэтага зелля, але тады ўсчалася вялікая строгасць з лёнам, усё, што было з валакна, паздавалі, і яшчэ было мала, прыехалі ўпаўнаважаныя з акругі, хадзілі і трэслі па дварах лахманы, раскідвалі салому ў пунях - шукалі льну-валакна. У яго ж валакна не знайшлі, але ў істопцы набрылі на самагонныя прычындалы - казан і галоўнае - ладны, з меднае трубкі змайстраваны змеявік, які і рэквізавалі. Пасля ён плаціў штраф, нацярпеўся сораму на сходах і пракляў на гады малашаноўную справу самагонаварэння. Але гэта было даўно. Мусіць, цяпер, калі ўсё ў жыцці перайначылася, перайначыліся і адносіны да самагонкі. Адчуваў, гарэлка становіцца ўстойлівай, ледзьве не адзіна рэальнай каштоўнасцю, без якой не абыдзешся. П'юшчы ці не, а трэба рабіць гарэлку.
        Ён перайшоў цераз сені ў істопку, кашляючы, прысланіўся да ступы ў парозе. Як заўжды, у істопцы не выводзіўся прыцемак, поўны пастаянных і звыклых пахаў, якія так перамяшаліся між сабой, што іх ужо цяжка было адрозніць. Найбольш, аднак, патыхала старызнай, пылам, мышамі. Праз маленькае, на бервяно, акенца сюды прабівалася слабае святло хмурнага ранку, і ў ім Пятрок нетаропка агледзеў рад дашчаных засекаў пад глухой, без вокнаў, сцяной; пустыя цяпер, плеценыя з саломы, пузатыя карабы, у якія некалі ссыпалі збожжа, калі яно не мясцілася ў засеках. У куце туліліся нізкія старасвецкія жорны з тонкімі, сцёртымі ўжо камянямі, густа абсыпаныя шэрым мучным пылам. Тут пыліліся і Сцепанідзіна прасніца, калаўрот, святлеў асінавым бокам навейшы кубёлак з іржавымі абручамі, стаялі большай часткай пустыя кадкі; пры сцяне, састаўленыя парадкам, некалькі год чакалі свае справы Сцепанідзіны кросны з бёрдамі, нітамі і навоямі. На паліцы над імі цьмяна пабліскваў няроўны шэраг парожніх, запыленых бутэлек і важна мясцілася вялікая, аплеценая лазовым кошам суляя, да рыльца налітая газай. Побач ля акенца віселі пляцёнкі леташняй цыбулі, некалькі бярозавых венікаў, пучкі лекавай травы, што запасіла з лета жонка. Невялікая гэта істопка, запыленая і запавуціненая па кутках і пад столлю, была цесна забіта, застаўлена розным начыннем да самай каменкі-печкі ў зусім цёмным куце, але дзе тут валялася ягоная патрэба, Пятрок не мог згледзець. Ён абышоў істопку, зазірнуў у цёмныя яе нетры, папоркаўся пад жорнамі і ўрэшце выцягнуў адтуль стары счарнелы казан, якім ужо гадоў дзесяць не карысталіся ў гаспадарцы.
        На большым святле ў сенцах ён лепей агледзеў яго. Мусіць, казан быў яшчэ не благі, нідзе не паржавеў, і калі пачысціць яго ад гразі, пацерці, пашараваць пясочкам, дык і згадзіцца. Трэба яшчэ які цэбар ці кадка, але цэбар можна ўзяць новы, у якім мыюць бульбу, бульба ж памыецца і ў чыгуне.
        Горш вось, што не было змеевіка.
        Пятрок сеў на ўслончык ля вёдзер і, пакашліваючы, пачаў думаць, дзе ўзяць змеявік. Раней па такую патрэбу ён бы падаўся ў мястэчка да Лейбы, што рабіў у кузні: каваў панарады, падкоўваў коней, адцягваў сякеры, насякаў сярпы бабам, мог залудзіць міску і направіць сапсуты замок.
        Лейба быў чалавек майстравіты, ужо ён бы Петрака выручыў. Тым болей, у іх была нават дружба. Пятрок да яго ставіўся з павагай і звяртаўся ласкава Лейбачка, а той да яго - Пятруська. Здаецца, нават яны былі аднагодкі і ведалі адзін аднаго з хлапечай пары. Здаўна ўсю кавальскую справу рабіў яму Лейба; Пятрок жа ніколі не скупіўся на плату - грашамі, яйкамі, салам, часам збожжам - усім, што па тым часе было ў гаспадарцы. Калі ж заплаціць не было чым, Лейба мог зрабіць у доўг, «напавер», пачакаць месяц, паўгода, пакуль вырасце збожжа ці прыйдзе час рэзаць авечку. І ніколі ў іх з Петраком не было ўзаемных крыўд ці непаразуменняў. Лейба напэўна змайстраваў бы яму змеявік, ды кузня яго даўно перайшла калгасу, а сам каваль з'ехаў да родзічаў у Лепель. А цяпер дык невядома, ці там хто робіць, улетку кузня стаяла замкнёная.
        За гасцінцам у Выселках быў яшчэ адзін чалавек, Карніла, таксама рукасты на ўсякія справы мужчына, ужо ён бы нешта прыдумаў ці знайшоў у сваіх запасах... Але ў Петрака з ім даўно не было дружбы, хутчэй наадварот, яны былі амаль ворагі і не віталіся. А ўсяму віной Сцепаніда, якая дзеўкай гуляла з гэтым Карнілам, ды пабралася з Петраком, - малады, ён быў хлопец спраўны і музыка, не тое што гэты ваўкаваты Карніла. Сапраўды, той быў дужа цяжкога характару, калі ўжо каго не панаравіць, дык будзе касавурыцца да скону дзён. Яшчэ быў ён скупы і скнарны, хоць жыў заўсёды няблага, рабіў не ў калгасе, а ў пажарнай у мястэчку і меў добрыя рукі: мог роўна наслаць падлогу, звязаць аконную раму ці нават змураваць печ. Не, да Карнілы яму не сунуцца, лепш папытаць пры выпадку яшчэ ў каго-небудзь на Выселках.
        Пятрок накурыўся ўволю, адкашляўся - мусіць, трэба было брацца за справу. Ага, найперш пасыпаць чаго-небудзь курам, і ён, знайшоўшы на кадцы стары драўляны гарнец, зачэрпнуў ім у крайнім сусеку ячменных адходаў, вынес з сянец. Куры, мусіць, ужо цікавалі яго і, толькі ўбачылі з гарцам, стрымгалоў кінуліся з-пад плота, з гарода, ад паветкі, і ён шырока сыпануў на падворак, каб хапіла ўсім. Пакуль тыя ўвішна дзяўблі на ўтаптанай зямлі падворка, падбіралі ў мураве, ён думаў: які пакручасты лёс і што вытварае ён з чалавекам! Хіба калі гаспадар у Яхімоўшчыне карміў уранку курэй! Ці яму не было іншае, болей важнае справы па гаспадарцы? Адной скаціны тут мелі болей дзесятка галоў - конь, маладая жаробка, дзве каровы, калі яны яшчэ не цяліліся, шэсць ці восем авечак. Ну і свіней, канешне, не меней як дзве - укормны парсюк і меншы, у налецце, падсвінак. Праўда, і рук было болей. Але во сышлося на нуль, толькі і клопату што кароўка, малое свінчо ды гэтыя дзевяць курыц. Ад каня і ўсіх пра яго клопатаў некалі аслабаніў калгас, авечкі неўпрыцям вывеліся самі, ды і каму было іх даглядаць? Дзеці рана павыляталі з бацькоўскага гнязда, не вярнуць. А тут гэта вайна - яна, мусіць, даб'е ўжо канчаткова.
        Усё пакашліваючы на вышмарканых камянях ля парога, Пятрок рашыў нарэшце ладзіць капец. Бульба добра ўрадзіла сёлета, на гародзе яе ўжо выкапалі і засыпалі поўную яму, але і яшчэ будзе не меней. У яму ж каторы год пад вясну находзіць вада, таму рэшту трэба закрыць у капец на пагорку ў канцы гарода - так заўсёды рабілі на хутары ва ўраджайныя на бульбу гады. Бульбачку трэба было шанаваць, тая здаўна была галоўным набыткам з поля - хлеб радзіў не заўсёды і к вясне канчаўся, а бульбачкі часцяком хапала да новай. Калі яе ў час выбраць, засцерагчы ад марозу, вады, дык хапала сабе і скаціне - бульбачка не адзін ужо год бараніла ад голаду.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.