РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
21
        
21

        
        На Петракова здзіўленне, Сцепаніда неяк устала на ногі і, хістаючыся, бы п'яная, сама дабралася да запечча. На ўсе яго лямантацыі яна маўчала, толькі ціха стагнала часам, і ён усё тупаў па хаце - то насіў ёй вады, то ўкрываў кажушком, то бедаваў, горка і шчыра, а болей кляў тых звяругаў, немцаў, вайну. Ён ужо не зашчапляў сенцаў, толькі прычыніў дзверы - чорт з імі, хай ідуць, б'юць, паляць - усё роўна з імі не жыць. Відаць, жыццё наогул трэба канчаць, нашто так пакутаваць, няма для таго ўжо сілы ды і жаднай патрэбы. Усё роўна яны не дадуць памерці па-чалавечы, сваёю смерцю, - яны даканаюць сілком, але спярша пацешацца, як хочуць, дапякуць, што сам павесішся па сваёй ахвоце, - бо што ж яшчэ можна зрабіць з сабой, калі жыццё - бясконцая нясцерпнасць пакут?
        Тую ноч ён не клаўся зусім, трохі прыткнуўся на ражку стала, быццам задрамаў, паклаўшы галаву на локці, і на світанку ачнуўся амаль ад спалоху, што пачынаецца новы дзень - што ён прынясе? Але ўжо было пэўна - не добрае ж ён прынясе, а новыя пакуты і страхі, можа, смерць нават, бо колькі ж яны будуць гуляць у смерць, некалі ж, мабыць, і здзейсняць сваю пагрозу. Чорт яе бяры, тую смерць, ён перастаў ужо баяцца яе, білі б толькі хутчэй. Шкада, мусіць, у самым пачатку вайны, многа чаго ён не пабачыць, а галоўнае - не дазнаецца ўжо пра лепшае. Мусіць жа, яно будзе калі-небудзь, лепшае. Але што ж... Так далей жыць нельга. То не жыццё.
        Здаецца, Сцепаніда ў запечку трохі аціхла, перастала стагнаць, ці не задрамала нават, і Пятрок выйшаў у істопку, знайшоў свой кажушок на дзежках ля жорнаў. Так ён і не змалоў жыта - ні на хлеб, ні на гарэлку і малоць болей не будзе, не будзе заквашваць - хай мелюць і гоняць самі. Яму ўжо годзе. Калі няма іншага паратунку, дык што ж, гарэлка таксама не паратунак. Хай лепш заб'юць проста так, без дай прычыны, хоць бы за тое, што ён - чалавек.
        Ён выйшаў з сянец на падворак і не зачыніў за сабой дзвярэй - нашто? Дзверы цяпер без патрэбы, тыя ўсё роўна адчыняюць і пройдуць, куды захочуць. Для каго цяпер дзверы?
        Позні восеньскі ранак з натугай праясніваў хмарнае неба, зацягнутае туманнай смугой бульбяное поле з агалелым хмызняком на краі ля рова; усё навакол поўнілася ветраной стыласцю і золлю. Рэшта рудой лістоты трывожна ляскатала на счарнелым ліпавым голлі, мокрае лісце за ноч густа ўслала дарожку, стаптаную мураву падворка, наліпла на зрубе калодзежа і мокрай лаўцы пад тынам.
        Гэта ноч пад расстрэлам нешта зрушыла ў Петраковай свядомасці, нешта непапраўна зламала, збіла хаду яго думак са звыклага для яго кола, ён не ведаў ужо, што рабіць і куды ісці. Карцела, праўда, сысці куды далей ад сядзібы, бо адчуваў, што тут яго зноў спасцігне тая ж навала, зноў з'явяцца тыя, з вінтоўкамі, і яму будзе кепска, калі не зусім пагібельна.
        На дарогу ён ужо баяўся паказвацца, адтуль цяпер ішла для яго ўся небяспека, як заўжды, хацелася затуліцца за рог, схавацца ад чужога хцівага вока. Ён пайшоў на дрывотню, зірнуўшы са смуткам на насцеж расчыненыя вароты хлява, раскіданыя па дрывотні лепшыя яго бярозавыя паленцы і нават перакуленую і адкочаную з яе спрадвечнага месца калоду, на якой гадоў трыццаць секлі тут дровы. З дрывотні ён згледзеў знаёмую сцежку цераз здратаваны гарод у роў і нечакана пайшоў па ёй - ён ужо ведаў куды. На аслабелых хісткіх нагах ён сашкандыбаў праз хмызняк уніз, не адхінаючы голля, якое чаплялася за шапку і за плечы, таропка пайшоў па сцежцы ля ручая, мінуў барсукову нару, перабраўся па камянях на той бок і ўрэшце ўзлез угору, у меншы равок, зарослы непралазным гушчаром маладога ельніку.
        На знаёмай прагаліне было сыра і пуста, воглае вуголле на ўчарашнім вогнішчы паміж трох закапцелых камянёў апала маленькаю кучачкай. У шыпшынавым кусце з засмяглымі барвовымі ягадамі ён згледзеў свой чорны казан, трохі прыкіданы сапрэлым лісцем і падумаў: чорт з ім! Хай іржавее. Ён болей да яго не дакранецца, з самагонкай усё скончана. Азірнуўшыся, ён прысеў ля куста і пад зламаным сучком разгроб лісце, за брудную шыйку выцяг такую ж запэцканую чорнай зямлёй бутэльку, ашчадна ацёр яе касматай палой кажушка. Яны там пілі, здзекаваліся ці весяліліся, а ён не паспытаў нават. Ён ашчаджаў, стараўся, каб лепшай выгнаць. Каму? Пра каго ён клапаціўся, дурань? Пра сябе, канешне, але хіба пра сябе цяпер так клапаціцца трэба? Ах, дурніла старое...
        Пятрок выдраў папяровы корак з бутэлькі і ашчадна глыкнуў раз, другі. Добрая, халера, гарэлачка, які ён усё ж маладзец, што не аддаў першака - хай п'юць тую бурду, тую рудую рэшту. Мабыць, ім усё роўна. А гэтай во самай лепшай ён сам пачастуе сябе, бо хто ж яго яшчэ пачастуе? І чым яшчэ паласаваць сябе, калі не закуркай ды гэтай во, праз гора выгнанай горкай. Праўда, без чаркі, нібы які п'яніца - з рыльца бутэлькі. Але што ж, такі распракляты час, зручны для смерці і зусім нягожы для людскога жыцця.
        Ён яшчэ трохі выпіў, перавёў дух і падумаў, што ўсё ж гэта паскудства піць без закускі, хацеў шпурнуць бутэльку далей у роў, ды сквапна асцярогся: стала шкада недапітага. У думках ужо настала млявая лёгкасць, ягонае гора перастала быць такім безнадзейна горкім, як толькі што адчувалася, з'явілася прыемная ўпэўненасць у сабе і нават прыбыло сілы ў целе. Сволачы яны, канешне, думаў Пятрок пра паліцаяў, але і ён не даўбежка, не які там ахламон, недарэка, ён таксама трошкі цяміць у жыцці і нават у вайне, якую ён пабачыў у тую пару, як тыя пад сталом лазілі. Ён не дасць ім на сабе ездзіць, як ім захочацца, яшчэ ён пастаіць за сябе. Во хоць бы і з гарэлкай: чорта ён даў ім гэтую найлепшую бутэлечку, нават выстаяў пад расстрэлам, нагледзеўся смерці ў вочы, а вот жа не аддаў, упёрся, і паехалі з чым і прыехалі. Скулля ім!
        Не азірнуўшыся нават на сваю прагаліну, ён падлез пад калючы ельнік і, трохі запарушыўшы вочы, выбраўся на сцяжыну, па якой нетаропка патупаў у аўражнай цішы назад. Бутэльку з недапітым першаком не кідаў, трымаў у руцэ і думаў, што яшчэ трохі глыне і тады кіне ў ручэй. На завароце ручаіны, дзе разам заварочвала і сцежка, ён стаў, трохі здзіўлены, ледзь не сутыкнуўшыся з Рудзькам, сабака таксама, мабыць, дзівіўся гэтай нечаканай сустрэчы, але тут жа ўзрадаваўся, замахаў хвастом.
        - Ну што, што, Рудзька? - загаманіў да яго Пятрок. Цяпер, мусіць, вельмі дарэчы было пагаманіць з кім-небудзь, але з кім жа тут пагамоніш, апроч як з выпадковым сабачкам. Рудзька, з пільнай увагай зразумець нешта, узіраўся ў яго твар сваімі пакутна-няўцямнымі вачмі і енчыў ціхенька, бы просячы штось.
        - Галодны? Галодны, канешне. Ну, пайшлі. Цяпер, бачыш, няма анічога, ні якой крошкі. Во, бачыш? - спрабаваў вывернуць пустую кішэню Пятрок. - Няма. А ў хаце што-небудзь будзе. Пайшлі, дома цябе накармлю.
        Ён пайшоў далей па сцежцы, думаючы, што на гэты раз трэба абавязкова што-небудзь даць Рудзьку, які ці не з учарашняга чакае яго тут, у рове. Але ж учора не далі тыя звяругі - добра яшчэ, што не прыстрэлілі на падворку. Ды і яго самога таксама хацелі застрэліць, што перажыў - страшна ўспамінаць нават.
        - Во, брат, жыццё настала! - паскардзіўся Пятрок і азірнуўся на Рудзьку, які, бегучы ззаду, зноў уважлівей паглядзеў у ягоны твар і пакутна наморшчыў маленькія броўкі. - Жыццё! Сабак б'юць, як людзей, і людзей страляюць, нібы сабак. Ураўнялі род чалавечы! Падспасобілі пад скаціну якую, ага, брат!
        «Хаця ім што, - думаў Пятрок, - ім абы жорсткасць сваю спраўляць, упівацца сілай, людскую кроў піць. Без крыві засмяглі б іх глоткі. І гарэлкаю не размочаць. Не, не размочаць. Ім пасля крыві гарэлку давай, а пасля гарэлкі зноў на кроў цягне. Во па гэтым коле і носяцца. Ах, звяругі, звяругі!»
        Ён ужо ўпэўнена тупаў па сцежцы з цвёрдым намерам на хутары чым-небудзь накарміць Рудзьку, бо зусім асірацеў сабачка, мабыць, пабойваецца людзей і круціцца на адным месцы ў рове, дзе той страшной ноччу згубіў свайго Янку. Але Янка ўжо ўсё, Янка цяпер далёка, ягоная душа цяпер, мусіць, на небе. Бязгрэшная хлапечая душа, яна пэўне ж пападзе ў рай. А во куды пападуць нашы грэшныя душы?
        Пяршак Пятрок не дапіў, цвяроза падумаў, што яму, мабыць, годзе, трэба палячыць Сцепаніду. Пасля ўсяго перажытага жонцы самы раз будзе глынуць які кілішачак жытняй - пэўна ж, прыбудзе сілы ды і бадзёрасці. Малы кілішачак гэта як лекі, і неблагія лекі прытым, самі дактары не адмовяцца. А дактары знаюць, як трэба піць. Дактары ўсё знаюць: і што піць, і чым закусваць. Яму таксама не шкодзіла б чым закусіць, дужа хацелася есці, асабліва цяпер, пасля выпіўкі. Усе гэтыя дні галодны, не раўнуючы як той Рудзька.
        - Там паямо, - азірнуўшыся, абнадзеіў Пятрок сабачку, які, не адстаючы ні на крок, бег следам. - Ужо мы цяпер паямо...
        З натугай, аж спацела спіна, ён ускараскаўся па крутой сцяжыне на ўзровак. Сабачка, зразумеўшы нарэшце, куды ўзяў кірунак Пятрок, трохі абмінуў яго і пабег наперадзе, дужа не выпінаючыся, аднак, перад чалавекам. Пятрок думаў, што трэба найперш засмажыць бульбы з салам, калі яшчэ засталося яно ў кубёлку. Прыйдзе, абярэ бульбы і засмажыць, дасць есці Сцепанідзе і знойдзе што кінуць гэтаму беспрытульнаму Рудзьку. Бо хто ж яго накорміць цяпер? Тут жа забілі Янку, во ён і круіццца. Счытай, ужо як бы тутэйшы сабака. З Яхімоўшчыны.
        Але чаго раптам Рудзька стаў на сцяжынцы і настырчыўся, ягоны хвост перастаў матляцца? Пятрок хістка, не адразу спыніўся - ужо відаць стала ягоная сядзіба цераз гарод, і там, за дрывотняй, штось матлянула рудое. Ну быццам які руды дыван на паркане, але гэта не дыван, мусіць? Пятрок працёр пальцамі вочы і ўгледзеўся лепей - так яно і сталася, як ён баяўся, не хочучы, аднак, прызнацца сабе. Яго апярэдзілі. На двары ля паркана ўжо тупалі, ківаючы галовамі, рыжы і вараны коні, і, хоць ля іх нікога не было відаць, Пятрок зразумеў, што яны ўжо прыехалі.
        Пятрок ледзь не заплакаў ад крыўды, гора і страху, які наўхват ашчаперыў яго, пераступіў на сцежцы, азірнуўся - ён не меў ужо сілы ісці туды, на сядзібу, бо вельмі добра адчуваў, што там чакае яго. Але куды было ісці? У чыстае поле? У Баранні Лог? У балота? Назад у роў? Але ў хаце заставалася хворая, прыбітая жонка, увесь ягоны набытак, - яны ж адпомсцяць яму, як захочуць. Хіба ад іх паратуешся?
        І ўсё ж ногі яго павярнулі назад, і ён аж прыгнуўся трохі, увабраў галаву ў плечы і хісткімі крокамі патрухаў па сцежцы да рова.
        Толькі ён не дабег нават да пачатку кустоўя, ззаду данёсся першы пагрозліва-гучны крык: «Пятрок, стой! Стой, такую тваю... Назад!» І зараз жа тугі шчаўчок стрэлу ляснуў, здалося, над самай яго галавой. Куля пранеслася міма, у хмызняку на ўзроўку ціха ўпала долу ссечаная ёю галінка, і ён раптам, ацверазеўшы, уцяміў, што ўцякаць нельга. Ад іх не ўцячэш!
        Сапраўды, двое іх ужо беглі цераз гарод наўпрасткі ад сядзібы, і ён спярша стаў, а затым і павярнуўся назад. Тыя таксама сталі за плотам ля абсталяванага ім афіцэрскага клазета, вінтоўкі яны трымалі напагатове, каб адразу, як ён пабяжыць, усадзіць яму кулю паміж лапатак. Але ён не бег, ён ішоў па сцежцы, па якой хадзіў тут дваццаць гадоў, і ўсё ў ім паднімалася, напружвалася, пухла ў страхавітай крыўдзе-пратэсце: за што? Неяк няўцям ён адчуў у руцэ бутэльку, што нёс Сцепанідзе, там яшчэ трохі боўталася, але цяпер ужо Сцепаніда не вып'е. Не размахваючыся, ён шпурнуў бутэльку ўбок, з кароценькай радасцю сцяміўшы, што і ім таксама адтуль не дастанецца - хай выцякае ў бульбоўнік. Ён усё болей рашуча ішоў насустрач паліцаям, якія за плотам таксама ішлі напярэймы яму да сцежкі - Гуж у сваёй скуранцы наперадзе, а Каландзёнак з паднятай вінтоўкай ззаду. Амаль фізічна адчуўшы іх зласлівы намер, Пятрок спыніўся.
        - Ну што? Ну што, гадаўцы? Чаго вам трэба? - слаба крыкнуў ён амаль праз слёзы, якімі замакрэлі вочы. Пад горла яму таксама падвалілася нешта, мулкае і даўкае, і ён спыніўся на сцежцы за пяць крокаў ад плота.
        - Ану ходзь бліжэй! - неяк дужа спакойна, з ледзьве прыкметнай пагрозай сказаў Гуж, утаропіўшыся ў яго цвярдым, як цвік, позіркам. Твар паліцая быў нібы дзеравяны, і Пятрок адчуў, што на гэты раз не абыдзецца.
        - Што вам? Чаго вы чапляецеся? Якога ражна вам трэба ад мяне? Гады вы, нямецкія запраданцы...
        - Ану спакойна! - зарычэў Гуж, ускідваючы вінтоўку. - А то мы...
        - Што вы, што? Застрэліце? Дык страляйце, чорт вас бяры! - з нечаканай рашучасцю, ад якой сам спалохаўся, закрычаў Пятрок і патрос у паветры сцятымі ў кулакі рукамі. - Страляйце!!!
        - Гэта паспеем! - спакойней аб'явіў Гуж. - Ідзі сюды!
        - А во не пайду! Не пайду да вас і слухаць не стану. Вылюдкі вы!!!
        Гуж спакойна закінуў вінтоўку за плячо, кіўнуў Каландзёнку:
        - Ану, дай яму!
        Каландзёнак сігануў цераз верхнюю жэрдку плота, па растаптаных барознах ступіў да яго і размахнуўся. У Петрака зазвінела ў вуху, сяліба хіснулася ўваччу, і ён нечакана апынуўся на мулкіх каляных калівах бульбоўніку.
        - Устаць!
        - Зараз! Зараз! Устану... Яшчэ ўстану... Але за што б'яце? Што я - чалавек?
        Не паспеў ён, аднак, узграбсціся на ногі, як другі ўдар у правае вуха паваліў яго на другі бок у гразкую растаптаную баразну.
        - Дзе гарэлка?
        - А во - скулля вам! - сказаў Пятрок, плюючыся крывёй - здаецца, яму выбілі апошнія зубы. - Во, наце! Наце! - тыцнуў ён Гужу кукіш. - Біце! Я вас не баюся! І Гітлера вашага не баюся! Во і яму тожа! Скулля ўсім вам!
        Каландзёнак зноў падскочыў да яго і размахнуўся, але Гуж за плотам спыніў яго, цвёрда гукнуўшы:
        - Стоп! Пака хопіць. Мы яго гэта... Паказацельна.
        - Рэпрэсію, ці што? - тонкім голасам спытаў Каландзёнак.
        - Рэпрэсію. На вяроўцы, - сказаў Гуж і таксама пералез цераз плот. - Ану паднімайся!
        - Не паднімуся. Страляйце!
        - Паднімешся, стары корч! Самагоначку разбазарыў. Раздаў, каму не трэба. А сваім - фігу? Не, я ўжо цябе ўзгрэю. За ашуканства. І за аскарбленне фюрара. За фюрара, знаеш, што палагаецца?
        - А хоць што! Я і фюрару плюну ў яго вусатую морду. І табе тожа, прадажнік!
        - Цыц!
        Гуж коратка ткнуў яму ботам пад грудзі, Пятрок войкнуў і скурчыўся на баку ў бульбоўніку. Хвілін колькі ён не мог ні ўздыхнуць, ні сказаць што, дыханне яму перацяло, у вачах усё пайшло кругам. «Канец! Хутчэй бы, каб без гэтых пакут», - неслася ў думках, якія адно яшчэ мелі здольнасць неяк усведамляць яго незайздросную долю, можа, апошнія некалькі хвілін перад канцом.
        - Устаць!
        Але ўстаць ён не мог, хоць не мог таксама і крыкнуць што паліцаям - ён толькі роспачна хліпаў ротам, як рыбіна, выкінутая з вады на бераг. Тады Гуж падышоў да яго і дужа тузануў за плячо.
        - Устаць!
        Спакваля, аднак, ён трохі глынуў паветра, раз і другі. Гуж зноў тузануў яго, удвух з Каландзёнкам яны паставілі яго на ногі і, ухапіўшы пад пахі, павалаклі цераз гарод да дрывотні. Ён ледзьве перастаўляў аслабелыя ногі, шапка яго засталася ў бульбоўніку, дужа стыла на ветры галава з рэдзенькім белым пухам - рэштаю яго валасоў. Але, мабыць, яму ўжо не спатрэбіцца ні шапка, ні якое здароўе, ні нават сама галава, і ён не шкадаваў сябе. Ён толькі думаў, што яшчэ трэба сказаць гэтым пачварам, - пакуль быў язык, ён яшчэ меў нейкую супраць іх зброю. Але, як назло, патрэбныя словы не ішлі ў галаву, і ён толькі тупа бубніў:
        - Чакайце, чакайце, будзе вам...
        - Гэта табе будзе! Гэта ты пачакай трошкі, - з тайным зларадствам паабяцаў Гуж.
        Яны болей не білі яго, прывялі на падворак да прывязаных ля тыну коней. Каландзёнак усё трымаў яго пад руку, а Гуж чамусьці пабег у хату. «Ці не возьмуць яны і Сцепаніду?» - падумаў Пятрок. Ён думаў, што зараз убачыць яе і яны пойдуць разам на апошнюю сваю Галгофу, але вельмі хутка Гуж выскачыў з сянец адзін.
        - Так, садзіся! - крыкнуў ён Каландзёнку. - Часу мала.
        Каландзёнак, аднак, перш чым сесці на свайго панурага коніка, падвёў Петрака да варотцаў пад ліпамі і віскнуў:
        - Марш! Туды! - і махнуў да гасцінца.
        Пятрок пастаяў, сцюжа і воглы вецер трохі далі яму аддыхацца, і ўпершыню пасля запальчывага ўзрушэння з'явілася страхавітая думка: куды? Куды яны яго павядуць? Яны там абодва паўскоквалі на коней без сёдлаў, выязджалі з падворка, а ён стаяў у варотцах і не мог ступіць з месца. Чаго ён добраахвотна пойдзе за імі на свае пакуты, хай забіваюць тут, на парозе ягонага жытла, навошта яшчэ напаследак дагаджаць ім...
        - Ну, марш!
        - А не пайду. Забівайце...
        - Як гэта - не пайду? - шчыра здзівіўся Гуж, гоцаючы вакол яго на кані. - Я табе задам такога «не пайду», што ты пабяжыш як падсмалены.
        І ён злосна выцяў Петрака хварасціной па галаве - як варам апякло лысіну, Пятрок хіснуўся, але ўстаяў на нагах.
        - Не пайду, нячысцікі! Хоць што хочаце, не пайду!
        У ім зноў узнялася і падхапіла яго гняўлівая хваля крыўды і роспачы, яна дала яму сілы, і ён рашыў не здавацца. Адсюль ён нікуды не пойдзе, калі забіваць, дык хай забіваюць тут.
        Гуж пакруціўся з канём па дарожцы, мабыць, не ведаючы, што рабіць з гэтым старым няўломкам, але болей не біўся, крыкнуў Каландзёнку:
        - Вярніся, зірні там якую вяроўку.
        «Звяжуць? Павесяць? Хай! Абы не ісці нікуды. Хай смерць, але дома», - горка думаў Пятрок, зусім ужо гатовы да смерці. Сцепаніды ён так і не ўбачыў, можа, яны забілі яе...
        - Не хацеў па-харошаму - вісець будзеш, - прыгразіў Гуж, седзячы перад ім на кані. Доўгія ногі яго ў гразкіх ботах нізка боўталіся пад конскім брухам. - За аскарбленне паліцыі. І фюрара.
        «Хай! Хай. Чым такая жысць - хай!» - думаў Пятрок, ужо не адказваючы яму. Ён ужо не азіраўся нават на сваю сядзібу і на падворак, ён думаў, што літасці ў іх не папросіць, як бы кепска яму ні зрабілі. Абы толькі стрываць, абы не доўга трываць...
        - Рукі! Рукі! - віскнуў над вухам Каландзёнак і, не чакаючы, калі ён паслухаецца, сам ухапіў адну руку, другую, склаў іх на жываце і пачаў скручваць канцом вяроўкі. Пятрок чуў, як ён напружваецца, сапе, схіліўшыся да яго, і не супраціўляўся, толькі пазіраў на вяроўку і думаў: во куды прыгадзілася! То былі ягоныя лейцы. Тады, пры калектывізацыі, старыя аддаў з канём у калгас, а навейшыя прыхаваў у істопцы, часам навязвалі на іх карову, што-небудзь увязвалі на возе, а болей яны віселі на тоўстым цвіку ў сенях. Цяпер імі вяжуць ягоныя рукі. Спатрэбіліся.
        Урэшце Каландзёнак завязаў тугі вузел на ягоных руках, другі канец вольна раскінуў у доле па стаптанай капытамі і развернутай аўтамабільнымі коламі дарозе, і Пятрок аж здзівіўся: нашто? Але тут жа стала ўсё зразумела - з другім канцом у руках паліцай узлез на каня.
        - Пайшоў! Быстра! - скамандаваў Гуж, не ад'язджаючы, аднак, ад яго. Ад'ехаў адзін Каландзёнак, лейцы на гразі распрасталіся, напяліся і дужа тузанулі яго за рукі. - Быстра, сказаў!!!
        Гуж зноў секануў яго дубцом па галаве, якую наскрозь працяў боль. Каб не ўпасці, Пятрок змушаны быў пабегчы на гэтай вяроўчыне за Каландзёнкам, які нагамі штурхаў у бакі каня, а Гуж з дубцом у руках паганяў яго ззаду.
        - Быстра! Быстра, стары бальшавіцкі корч!
        Пятрок не паспяваў, спатыкаўся, кідаўся ў бакі, апоркі вязлі ў гразі, але ўпасці цяпер на дарогу было б яшчэ горш. І ён бег, сігаў, тузаўся на вяроўцы, якая рвала скуру на ягоных руках і цягнула, валакла яго да гасцінца. Твар ягоны зноў замакрэўся ад слёз, якія няспынна студзіў пругкі вецер, што парывіста дзьмуў насустрач.
        - Нячысцікі! Гадаўцы! - захлынаючыся ветрам, крычаў Пятрок. - Але пачакайце! Мой Федзька прыйдзе! Сын мой прыйдзе... Ён вам пакажа... Не думайце... Федзька прыйдзе!..

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.