РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
13
        
13

        
        Каб гэта было дадзена чалавеку - хоць трошачкі зазірнуць наперад, угледзець наканаванае яму, але схаванае за пластамі часу, тое, што з усёй відавочнасцю адкрыецца ў наплыве наступных дзён. Дык дзе там! Нічога не можа чалавек уведаць з свайго будучага і, бывае, радуецца з таго, што неўзабаве зробіцца прычынай гора, а то плача над тым, што пасля выклікае хіба што ўсмешку.
        Сцепаніда той вечар усё ж не прамінула лікбеза, і хоць не пахвалілася ладна напісанымі радкамі (не было ўжо часу бегчы на хутар па сшытак), затое добра прачытала зададзенае, толькі адзін раз збілася на слове, якое цяпер часцей за іншыя гучала ў чалавечых вуснах: калекцівізацыя. «Калектывізацыя, - паправіла Роза Якаўлеўна, іхняя настаўніца на лікбезе, і паўтарыла: - Калектывізацыя! Запомніце ўсе, як гэта вымаўляецца па-беларуску».
        Ды ўжо ж, мабыць, запомніла яна і ўсе іншыя, хто быў той вечар у няпаленай школцы - болей дзецюкі і пераросткі, што сабраліся на лікбез, і сярод іх толькі дзве жанчыны - Сцепаніда Багацька і Ганна Багацька, або, як яе звалі, - Анюта. Не, не радня - чужыя, проста ў Выселках паўвёскі былі Багацькі, а яшчэ паўвёскі - Недасекі, Гужовы, невялікая сям'я Ганчарыкаў. Пад поўнач, як скончыліся заняткі, яны ўдзвюх выйшлі са школы і нетаропка пайшлі ў канец Выселак.
        Анюта ўвесь вечар была невясёлая і, чытаючы, рабіла памылкі, Сцепаніда нават падказала ёй двойчы: «Да працы ўсе, хто чуе сілу, пад сцяг чырвоны, вольны сцяг!» - а тая ўсё роўна не запомніла. Нешта з ёю рабілася незразумелае. Праўда, Сцепаніда не мела такога звычаю - лезці з роспытамі ў чужую душу, хапала свайго ўласнага клопату. Аднак Анюта сама не ўтрымалася.
        - Ці ведаеш, цётачка, радасць жа ў мяне. Але ж во, нярадасна.
        - Чаму ж нярадасна, калі радасць? - падзівілася Сцепаніда.
        Яны ішлі вузкай, укатанай саньмі вуліцай, угары над стрэхамі пазірала ва ўсё сваё зіхоткае вока поўня, густа раіліся зоркі; ладны мароз браў за шчокі і пальцы - Сцепаніда схавала рукі ў рукавы кажушка, сашчапіла на жываце. Але было дужа слізка, ішлі дробненькім няпэўным крокам. Каб не ўпасці, Анюта ўзяла Сцепаніду за локаць.
        - Дык гэта ж, дамовіліся з Васілём Ганчарыкам на жэнскі дзень ажаніцца. Учора быў, з бацькам раіўся ўвечары.
        - Ну дык добра ж, - сказала Сцепаніда. - Вася ж хлопец харошы. Кажуць, міліцыянерам будзе рабіць?
        - Будзе, ага. Ён такі разумны, такі ласкавы...
        - Любіш яго?
        - Ой, цётачка, не знаю, як і сказаць вам. Дужа ж люблю яго.
        - Ну і добра. Чаго ж бедаваць? Радавацца нада.
        - Дык я ж бы і радавалася. Але ж вянчацца не хоча.
        - Ну, такой бяды, што не хоча! Цяпер жа робяць камсамольскія вяселлі, без папа. У сельсавеце запішуцца, павыступаюць, і ўсё.
        - Дык я ж нічога... Ды - бацька! - уздыхнула Анюта. - Бацька не хоча так, без папа. Кажа, няшчасны шлюб будзе. А я ж не хачу, каб няшчасны. Я ж столькі шчасця жычу сабе і яму, каб ты толькі ведала, цётачка...
        - Ай, не слухай ты, Анюта. Ад папа шчасця нямнога. Даўней, бывала, усе ў царкве вянчаліся, але хіба ўсе шчасна жылі? О-ей! А цяпер, што там бацька! Як вы схочаце, так і будзе.
        - Яно так. Але ж...
        Анюта змоўкла, аддаўшыся сваёй журбе, і Сцепаніда падумала: як не ў пару! Яшчэ не выйшла замуж, а ўжо скруха-клопат, ужо сохне дзеўка. Канешне ж, Анюта не з тых нявест, якім абы павярнуць па-свойму, абы абкруціць жаніха. Ёй трэба яшчэ, каб і іншым ля яе было добра, каб бацька не сварыўся, давольны быў, каб усё абышлося ладненька і прыстойна. Ну але хіба Ганчарык пагодзіцца браць шлюб у папа ці, як даўней, гуляць вяселле са сватамі і сваццямі, шаферамі, сяброўкамі, пітвом і цалаваннем? Мабыць, яму, камсамольцу, тое нягожа.
        - Цётачка, можа б, ты як прыйшла, папрасіла бацьку. Ён жа цябе паслухае, - раптам прыпынілася Анюта. У яе тоненькім голасе былі такая скруха і адначасна такая надзея, што Сцепаніда хуценька пагадзілася:
        - Ну добра ж... Скажу калі.
        На ваколіцы яны разышліся. Анюта павярнула па сцежцы, да свайго падворка, а Сцепаніда пайшла дарогай далей - з пагорка ўніз, цераз гасцінец, да свайго хутара. Яна думала, што, ці пагаворыць з Ладзімірам, ці не, усё роўна па-ягоным не будзе - будзе так, як пагодзяцца маладыя. Цяпер настае такі час. Гэта не тое што пры царызме, калі без бацькоў маладыя дзеўка ці хлопец не маглі нічога, а бацькі трымаліся даўніх звычаяў, законаў дзядоў, парушыць якіх ніхто не адважваўся. Цяпер жа рушылася ўсё, дазвання, на добрае ці не - хто ведае. Можа, і пашкадуюць пасля, але цяпер ужо ходу назад няма - толькі наперад і наперад, як пяецца ў той песні.
        Наўкола ляжала прытуманеная бель поля, неба поўнілася мігатнёй зор, відаць было далёка - шырокі палявы прасцяг з гасцінцам, які цемнаватаю рысай пралёг упоперак яе шляху. У далечы таго прасцягу пад змрочнаю сцяной гаю на Галгофе мясцілася цёмная купка яе Яхімоўшчыны, хутара, які стаў яе лёсам. І хто б мог падумаць? Некалі маладой дзяўчынай яна пайшла туды наймацца на жніво да незнаёмага гаспадара, у незнаёмую сядзібу, а цяпер во бяжыць туды, як у свой адзіны прытулак. Во як павярнула жыццё. Сцепаніда не чаплялася за старое - у старым у яе наўрад ці набралася б паўгода людскага жыцця, спрэс душылі работа, ранняе сіроцтва, нэндза і бяспраўе. Гадоў колькі парабкавала ў пана Жулегі і паўпанка старога Яхімоўскага, рабіла на чужой зямлі, бо сваёй не мела. А што такое чужая зямля, той да скону дзён не забудзе, хто хоць раз паспытаў хлеба з ласкі чужых рук. Праўда, пасля рэвалюцыі ўсё тут крута змянілася, павярнулася да такіх, як яна, другім, лепшым, бокам: пан Жулега ўцёк у Варшаву, скончыў свой шлях на зямлі стары Яхімоўскі, і яны з Петраком перабраліся з істопкі ў хату і атрымалі ад новай улады дзве дзесяціны хутарской зямлі. Спярша зажылі і няблага, уволю наеліся свайго, а не панскага хлеба, абзавяліся скацінай, канём. Пётра, які ў галотнай бацькавай сям'і быў нібы за парабка, так зашчыраваў на сваёй гаспадарцы, што яна спалохалася за яго здароўе. Але свая зямля вымагала, і ён так рупіў з усякай работай, так заўзята араў, біў кукай глыжы, угнойваў кожны маленькі лапічак глею, затым сам адзін касіў, звозіў і зноў араў, сеяў, скародзіў. Набытая ад старой гаспадаркі кабылка не вытрымала і пала першай вясной, гэта было вялікае гора, якім нагараваліся ўволю, пакуль набылі каня. А тады звалілася ліха на Петрака. Як нарадзілася Феня, Сцепаніда падпала здароўем, і ён мусіў адзін і жаць, і касіць, ірваў, як асілак, і надарваўся. Неяк вазіў з поплава сена, ягоная брычка падвярнулася на ўзроўку, Пятрок падставіў плячо і зламаў ключыцу. Два месяцы праляжаў у бальніцы, ледзь выхадзілі дактары, на полі перастаяла і палегла ярына, па восені нажалі са дзве капы, ледзь вярнулі насенне. Той год выпаў галаднаваты, хлеба хапіла да Вялікадня, добра, што ратавала бульбачка. Былі і яшчэ скупыя на хлеб гады, калі то вымачвала, то засушвала, а то бракавала насення, гною, скаціны. Пятрок, аднак, не здаваўся, рабіў як пракляты, гэтак заўзята, што дзеравенцы з Выселак сталі з яго пасмейвацца - шчыраваў удзень і ўначы, а плёну было курам на смех. Але ён усё не мог нагаспадарыцца ўволю, высах, схуднеў, сіпата дыхаў, але рваў, варочаў, пазней за ўсіх клаўся і раней уставаў. Сам сабе гаспадар, які клапот, такі і ўмалот, што зробіш, тое і заробіш, любіў ён казаць тады, як яна ўшчувала часам, каб паспакайнеў, адпачыў, пабярогся. Сцепаніда ж пасля няўдач у гэтай зацятай барацьбе з зямлёй за жыццё сказала сабе: не, так не забагацееш, толькі надарвеш здароўе і раней часу сыдзеш у глей на вясковых могілках. Калгас дык калгас, сказала яна сабе, як бы там ні было, мабыць, горш не будзе. Як усе, так і мы, авось не прападзем і ў калгасе. А Петрыку дык, пэўна, здаравей будзе, мо лішні год пажыве на гэтым няласкавым свеце.
        Здалёку на хутары пад ліпамі замігаў чырвоны агеньчык у акне, яна падумала: значыць, прыехаў Пятрок - і парадавалася маладой бабскай радасцю - уся сям'я ўрэшце сабралася, скончыліся дзённыя турботы, цяпер да заўтра душа спакойная. На белым ад месячнага святла падворку стаялі сані з рэштаю сена, конь ужо быў упарадкаваны, карміўся ў хляве. Можа, Пятрок разжыўся на газу, падумала Сцепаніда, бо ў газнічцы яе засталося дужа мала - на адзін, можа, вечар. Яшчэ наказвала папытаць наконт ботаў у аднаго знаёмага жыда-шаўца на станцыі. На боты, канешне, было мала грошай, усяго дзесяць рублёў, але, можа б, як дамовіўся напавер ці паабяцаў якую бараннюю лапатку, фунты два масла ці яшчэ чаго, як-небудзь сплацілі б. А то ў адных валёнках дваім яўна нявыкрутна, калі хто абуе, дык другому хоць сядзі дома, нікуды не вытыкайся. А вытыкацца трэба, як во сёння, кожны дзень не гэта, дык тое, усё клічуць, абавязваюць, трэба ісці-бегчы.
        Дзверы ў сенцы былі не зашчэплены, яна пераступіла парог і зашчапіла іх, увайшла ў хату. Адразу сцяміла: дзеці ўжо спяць, у дымнаватым прыцемку хаты было ціха і цёпла, смярдзела газай і тытунёвым дымам, на канцы стала гарэла газнічка, і Пятрок пры ёй перабіраў нейкія паперкі, мусіць, квіткі, вывяраў плацяжы: што сплаціў, што пратэрмінавалі, колькі нарасло пені і што засталося.
        - Даўно прыехаў? - сцішана запыталася Сцепаніда.
        - А нядаўна.
        - Еў што?
        - Елі тут. Крупнік.
        Яна пачала распранацца, павесіла на цвік кажушок, зняла з галавы цёплую хустку.
        - Ну як камуна? - запытаў ад газнічкі Пятрок. - Сарганізавалі ўжо?
        - Пастанавілі Гужа раскулачыць, - сказала яна аб іншым. - Прыязджаў Новік. Як сабатажніка і што наёмная сіла.
        Пятрок падняў да газнічкі немалады, зморшчаны і зашчацінелы твар і ўважліва паглядзеў на яе. У ягоных вачах спярша адбілася трывожнае здзіўленне, якое хутка саступіла месца паныласці.
        - Што робіцца на свеце! - трудна сказаў Пятрок. - Наёмная сіла. Якая наёмная сіла?
        - А такая, - сказала яна. - Памагалі ставіць трысцен. Наймаў. І на жніве таксама.
        - Бога на вас няма! - уздыхнуў Пятрок. - Раскулачыць. Наёмная сіла. У таго ж старшыні Лявона таксама была наёмная сіла. Як малацілі. Во, Ладзіміравы мальцы памагалі. Адной рукой што ж ён - і цэпам не ўдарыць. Дык і яго раскулачыць?
        - Тут, бач, яшчэ сабатаж, - сказала Сцепаніда. - Заўчора ж ён на сходзе ўпёрся і сарваў калгас.
        Яна села на нізкі ўслончык і пачала разбэрсваць свае наледзянелыя за дарогу чуні. Пятрок за сталом не мог супакоіцца.
        - Калі ўжо да такіх дайшла вочарадзь, дык што ж пасля будзе? Каго ж вы праз год-два будзеце раскулачваць?
        - А тады, можа, не будзе каго. Усе ў калгас паўступаюць.
        - Можа, і паўступаюць. Але як жа з класавай барбой? Класавая ж барба не адмяняецца?
        - Можа, і адменяць. Калі ворагаў не стане. Дужа ты знаеш, - незадаволена абарвала яго Сцепаніда.
        Сапраўды, што ён знаў, гэты цёмны мужык, які не хадзіў нават на сходы, рэдка калі браў у рукі газету, з начальствам ніколі не гутарыў. Мог толькі цьмяна меркаваць аб усім сваім небагатым мужыцкім розумам.
        - Што гэта ў нас усё не так, як у людзей, - раздумна казаў Пятрок, пазіраючы на мільготкі агеньчык газнічкі. - Вунь на станцыі гаварыў з адным мужыком аднекуль з-пад Улы. У іх нічога. Ціха. І калгасаў не чуваць, ніхто не прыязджае, не заганяе. Нікога яшчэ не раскулачылі.
        - Чакай, дабяруцца. У глушы, можа, жывуць. За балотам дзе.
        - Можа, і за балотам. А ў нас?..
        - А ў нас во, у раёне пад носам. Ды і з акругі не прамінаюць: пры дарозе ж. Яно і добра, што пры дарозе, у тым тожа выгода, - сказала Сцепаніда і ўспомніла: - Газы купіў?
        - Далі. Адну літру. На пай. Дужа яе хопіць, гэтае літры?
        - Ну колькі хопіць. А там падвязуць. Дарога ж усталявалася. А пра боты пытаўся?
        - Боты? - неяк спалохана зірнуў на яе Пятрок, быццам толькі зараз успомніўшы пра боты. - Ботаў няма, - сказаў ён і ўстаў з-за стала - худы, невялічкі, з запалымі грудзямі стары. Так, стары, бо меў ужо пяцьдзесят год - не маладзён.
        Пятрок адхінуў посцілку ў запечча і нешта ўзяў з ложка, на якім яны спалі.
        - Во замест ботаў.
        - Што гэта?
        Яна недаўменна пераняла з яго рук нейкі зграбненькі чорны футаральчык, нібы лёгенькую дзіцячую трунку, і не адразу сцяміла, што гэта і навошта.
        - Скрыпка! - сказаў Пятрок.
        - Здурнеў ты!
        - Можа, і здурнеў.
        - Гэта ж дорага, мусіць, - спалохалася Сцепаніда. - Во, хадзіць няма ў чым. У Федзькі башмакі разваліліся, а ён - скрыпку! Яна ж вялікія грошы каштуе. Мусіць, усе дзесяць аддаў?
        Пятрок ніякавата патэпаў каля яе, узяў футарал і беражным дотыкам закарэлых пальцаў разняў зашчапкі. Ашчадна, нібы дзіця, выняў адтуль чырвона-блішчастую скрыпачку з чорнай дэкай і прыгожа закругленымі выразамі па баках.
        - Ты ж хацела, - вінавата напомніў Пятрок.
        - Калі гэта я хацела? Калі тое было? Тады маладая была, дзяцей не мела. А цяпер... Ну, ты здурнеў! У што цяпер абуцца будзе, хоць босая хадзі, а ён - скрыпку! Калі ты на ёй граць будзеш - во зіма канчаецца. Сеяць скора...
        - Ды ўжо, мабыць, адсеяўся, - апанурана сказаў Пятрок і адчужана адышоўся, сеў на лаву. Нядоўгая прыўзнятасць у настроі канчаткова пакінула яго. На стале побач з футаралам ляжала не кранутая смычком скрыпка.
        - Чырвонец аддаў, яшчэ два вінаваты. Напавер даў. Жыд адзін на станцыі.
        Сцепаніда ляснула ў далоні.
        - Тры чырвонцы, а-я-ёй! Ну, ты з глузду з'ехаў! Ашалеў на старасці год. Мы ж страхоўку яшчэ не заплацілі. Налог толькі за той год выплацілі, а ўжо новы прыслалі. Пені па нядоімцы набегла. Абуць нечага на ногі. Газы няма. Цукру з восені ані драбка, Фенечка без салодкага не есць нічога. Каб хоць булку якую купіць, а то скрыпку! І за такія грошы! Дзе ты цяпер возьмеш тыя чырвонцы? Хто табе дасць?
        - У камуне заробім.
        Сцепаніда злавалася, ледзь не плакала. Што ён гаворыць, гэты бязглузды чалавек, нашто яму скрыпка? У такі час? Калісь навучыўся трохі вадзіць смычком, раз на кірмашы ў мястэчку папрасіў у нейкага цыгана троху пайграць, яна стаяла поруч і пахваліла, дык ён загарэўся: куплю! І во знайшоў час і грошы - купіў, але не на радасць, хутчэй на бяду. Навошта ёй гэтая скрыпка? Ці да скрыпкі цяпер, калі не сёння, дык заўтра прыйдзецца завесці ў калгас каня, ссыпаць насенне, аддаць збрую, сані, калёсы, перайначыць усё жыццё на новы, нязнаны і немінучы лад. Ці да музыкі цяпер?!
        Час так змяніўся, усе на вачах перайначваецца. Што засталося ад таго, як яны былі маладыя і з большаю сілай, а галоўнае - з такімі неспатольнымі марамі і спадзяваннямі?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.