РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
11
        
11

        
        Сцепаніда сама не ведала, як перажыла тую гадзіну ранкам, калі немцы трэслі сядзібу, пераварочвалі набытак. Тое, што ноччу яе ніхто з іх не бачыў, было пэўна ўжо, але ад гэтага не рабілася лягчэй, думалася рознае. Зноў жа вінтоўка прапала менавіта тут, на хутары, і таго, мусіць, было даволі, каб жорстка пакараць ягоных гаспадароў. Дзіўна, як учарашняю ноччу, ахопленая толькі адной сваёй прагай зрабіць ім шкоду, яна не падумала аб тым. А як даўмелася, дык ёй стала страшна.
        Але пакуль што ўсё абышлося ладна, немцы ўсе вымеліся, пры кухні застаўся адзін толькі Карла, і ёй загадалі памагаць яму: спярша абіраць бульбу (тры паўнюткія вядры), пасля перамыць два тузіны плоскіх кацялкоў з вечкамі; яшчэ Карла прымусіў вышараваць пяском два закапцелыя чаны і ў дадатак памыць нейкія кухонныя анучы ў гарачай вадзе з мылам. Знарок не хутка, без жаднай ахвоты яна рабіла ўсё гэта, і спакваля, па меры таго, як спакайнела пасля ранішняга спалоху, у ёй рос неспакой за парсючка - як ён там? Трэба было яго накарміць, а то, пэўна, верашчыць на ўвесь роў, раптам хто набрыдзе, выпусціць ці ўкрадзе, што тады ў гаспадарцы застанецца?
        Але Карла не адпушчаў яе ні на крок ад кухні, усё даваў работу, яна моўчкі, безадмоўна рабіла. На полудзень немцы чамусь не прыехалі - можа, выйшла якая няўпраўка на мосце ці шчыравалі за ўчарашні святочны дзень. Прыехалі яны толькі перад змярканнем і адразу абсыпалі кухню - усе, відаць было, ператомленыя, згаладнелыя, абсівераныя на ветры. Пятрок ужо выкапаў і абгароджваў парканнаю загародкаю афіцэрскі клазет на гародзе, а яна шаснула ад кухні да сенцаў, і вартавы саступіў убок - цяпер ён дазволіў увайсці ў істопку...
        Сцепаніда ўвайшла і стаілася - яна баялася папасціся каму на вочы, усё думалася: а раптам хто з іх пазнае ці здагадаецца, што менавіта яна ўзяла вінтоўку. Не было б патрэбы, яна б не вылазіла з гэтай істопкі, дзе быў цяпер для яе прытулак і схоў і дзе зранку было ўсё перавернута і перакулена. Пятрок яшчэ не прыйшоў з гарода, і яна трохі парассоўвала па кутках дзежкі, начынне, павесіла транцё на цвікі па сценах. Золкі восеньскі дзень пад вечар і зусім сапсаваўся, пачаў імжыць дождж, немцы не надта гойсалі па падворку, а неяк хутка пабралі свае кацялкі з мясам ля кухні і пазашываліся ў палатку.
        Калі на двары павальнела, Сцепаніда сабрала ў чыгунок рэшту старой варанай бульбы з цабэрка, трохі пасыпала яе вобмешкай, зірнула ў акенца. У наваколлі браўся хуткі асенні прыцемак, ля кухні нікога ўжо не было, апроч Карлы, які, напяўшы на галаву касы клін зялёнай палаткі, нешта прыбіраў там - наводзіў парадак. І яна з чыгунком, трохі прыхінутым палой ватоўкі, выйшла з сянец, адразу, аднак, наткнуўшыся на вартавога - пажылога, даўганосага немца ў насунутай на вушы пілотцы. Ён стаяў пад страхой ля ганка і адразу выцяг нагу перад парогам.
        - Эс іст ферботэн! Нелзя!
        - Няможна? Во як...
        Яна не стала ні прасіцца, ні ўгаворваць немца - з хаты даносіліся зласлівыя словы фельдфебеля, значыць, ён ці той афіцэр загадалі вартавому не пушчаць яе ў двор. «Каб вы паздыхалі ўсе!» - сказала яна сабе ў думках і вярнулася ў істопку.
        У істопцы яна паставіла чыгунок ля парога, села на сеннічок і праседзела так, аж покуль у істопку не ўлез Пятрок. Ад яго патыхнула макрэддзю і сцюжай, але Пятрок нават не здаўся змораны - хутчэй вясёлы і задаволены.
        - Баба, жывём! - з ненатуральным для яго ажыўленнем загаманіў ён з парога. - Зрабіў сарцір, ну, гэты клазет... Афіцэр пахваліў.
        - Можа, аблаяў?
        - Не, пахваліў, яй-богу. Па плячы так паляпаў. Гут сказаў.
        - Здорава ты выслужыўся, - з'едліва сказала Сцепаніда, трохі дзівячыся пры сабе з Петрака: знайшоў чым радавацца.
        - Ды не выслужыўся, чорт іх бяры! - з прытоеным запалам загаманіў Пятрок. - А во падумаў, мо скрыпку аддадуць.
        - Не аддадуць, - сказала яна. - Не затым бралі.
        - А нашто яна ім? Іграць жа не ўмеюць.
        - А можа, і ўмеюць.
        - Каб умелі, ужо ігралі б. Я знаю.
        - Ну ідзі, прасі, - сказала яна, думаючы, аднак, аб іншым.
        Яна думала, што парсючок, мабыць, прападзе, проста азалее ў гэту сцюжу, калі перш не здохне з голаду ў той нары. І што рабіць? Хіба папрасіцца па якой патрэбе з сядзібы, можа, пусцілі б? Але якую прыдумаць прычыну, каб паверылі, яна не магла даўмецца і напружана думала, думала.
        - Ану пайду, - набіраўся рашучасці Пятрок, але ўсё яшчэ не адчыняў істопкі.
        І тады яна ўспомніла пра недастрэленых сваіх курэй, якія, мабыць, некуды сышлі з хутара ці, можа, пахаваліся ў рове. Тупаючы ўдзень ля кухні, яна крадком усё пазірала па завуголлі, ці не пакажацца каторая. Але не паказалася ніводнай, значыць, недзе добра зашыліся.
        - Папрасі там, каб пусцілі курэй пашукаць. Курэй, скажы, разагналі ўчора.
        - А што? Можна. Ну, Божа, памілуй.
        Не бачна было ў цемры, але яна ведала: Пятрок перахрысціўся, і памалу, нерашуча адчыніў дзверы. Затым не адразу, счакаўшы, з сянец пачуўся ціхенькі стук у другія дзверы, у хату, і Сцепаніда захвалявалася - чорт ведае што зараз будзе? Хоць бы жывы вярнуўся яе Пятрок.
        Аднак, здаецца, яго ўпусцілі ў хату, і ён прапаў там надоўга. Яна чакала і слухала, ды нічога адтуль не было чуваць, апроч рэдкіх нянаскіх слоў, што-небудзь зразумець па якіх было нельга. І раптам тоненька пявуча загучала адна струна скрыпкі, другая і трэцяя - ладна загучалі, і яна пазнала Петракову руку. На што іншае ён быў не надта каб здатны, але іграць умеў, як рэдка хто іншы. «Няўжо аддадуць?» - неяк з сумнаю радасцю падумала Сцепаніда. Аднак Пятрок не вяртаўся, а замест яго з хаты хвалююча-пявуча пацякла музыка колішняй любімай ёю «Купалінкі». Сцепаніда слухала-слухала, душачы ў сабе нешта жаласлівае, якое ўладарна брала ў свой палон, і яна не стрымалася. З вачэй выплыла адна за адной некалькі слязін, яна хуценька сцерла іх з твару ражком шорсткай хусткі і зноў стаілася, слухаючы. Пятрок іграў слаўна, чыста і нават старанна, як некалі іграў малады на вечарынках у Выселках, Замошшы, Гузах на пару з цымбалістам Лаўрыкам. Як скончыў, чутно было, там зноў загаманілі, прыціхлі, і з хаты загучаў новы матыў песні пра Волгу, якую спявалі перад вайной. Чуваць было, яму падпявалі нават - не па-нашаму, недарэчна-фальшыва на чужой гэтай мове. Сцепаніда слухала-слухала, і яе першае міжвольнае замілаванне музыкай пачало саступаць месца прыкрасці і нават злосці - навошта ён там ім іграе? Знайшоў каго цешыць музыкай! Не мог адмовіцца, ці што? Сказаў бы: не ўмею, не мая скрыпка - сынава. А то ўзрадаваўся: пахваліў афіцэр за сарцір, дык, можа, гатоў яму іграць, калі ён там сядзець будзе. Ну хай толькі вернецца! Калі ўрэшце не заслужыць ад іх яшчэ аднаго добрага выспятка.
        Тым не менш ішоў час, а з выспяткам там не спяшаліся: мусіць, сапраўды ягоная ігра спадабалася. Пятрок іграў доўга, пасля песняў узяўся за танцы і перайграў ім і «казачка», і «лявоніху», і «страданіе». Сцепанідзе нават здалося, што там разы два папляскалі яму, і нехта сказаў «брава», ці што. «Глядзі ты! - дзівілася Сцепаніда. - Во ўпадабалі! Ну чакай жа, я табе пакажу, як дагаджаць гэтаму груганню!»
        Можа, толькі праз якую гадзіну стукнулі дзверы - адны, другія.
        Пятрок сапраўды вярнуўся ў істопку і з парога ціха, але задаволена паведаміў:
        - Ну, я ж казаў...
        - Аддалі? - холадна запыталася яна.
        - Аддалі, во, а ты казала, - ён сунуў ёй нешта ў цемры, і яна не адразу намацала тоненькі ражок скрыпкі.
        - А пра курэй спытаў?
        - А, пра курэй... Забыўся. Знаеш, забыўся... Там, ведаеш, з імі не дужа пагамоніш.
        Коратка размахнуўшыся, яна шпурлянула скрыпку ў цёмны куток ля жорнаў, тая трохі стукнулася аб штось няцвёрдае і адскочыла, ціхенька загуўшы струнамі. Пятрок жахнуўся.
        - Ты што, ты што?.. Ты што гэта, таго?..
        - Я не таго. Гэта ты, гляджу, хутка таго, - напаўголаса, але злосна вымавіла яна. - Прыладзіўся, грае. Каму ты граеш - падумаў? Можа, яны дзяцей тваіх пазабівалі. Дзе твая дачка? Дзе сын? Каторы ўжо месяц - ніякай вестачкі, а ён ім грае.
        - Ну, дык што зробіш? Што? Так сказалі. Ну і граў. Затое аддалі.
        - Аддалі! Цяпер штовечар ім граць будзеш?
        Пятрок не паспеў адказаць, як знадворку недзе блізка ля хаты бабахнуў дужа гучны ўначы стрэл, і адразу загаманілі там многія галасы - устрывожана, з вокрыкамі, па-нямецку. У хаце рэзка бразнулі дзверы, усе там выскачылі на цёмны падворак, і яшчэ пачуліся трывожныя крыкі, і зноў запар два разы бабахнулі стрэлы. Сцепаніда сядзела, бы нежывая, не разумеючы, што там дзеецца, куды і ў каго там страляюць, як раптам над хатай і падворкам пыхнула сляпучае, бы электрычнае, святло ўгары: у акенца шыбануў яркі вогненны пук, які хутка перабег цераз падлогу, па дзежках з Петраком, што змярцвела трымаў у руках чырвоную скрыпку, і раптам згас на сцяне пад чорнаю бэлькай столі.
        - Ракета, - сказаў Пятрок запалым голасам. - Што ж гэта робіцца? Спаляць...
        Яна таксама не ведала, што гэта робіцца, і не бачыла нічога, толькі страхавіта ўслухоўвалася ў незразумелую калатнечу каля сядзібы. Падобна было, аднак, калатнеча пасунулася за хату, да рова, чуваць стала, што беглі туды, тупаючы па зямлі ботамі; там жа бахнула яшчэ некалькі стрэлаў. А калі неўзабаве загарэлася яшчэ адна ракета - яе дальняе святло цьмяным няпэўным водбліскам шаснула па суччы ліп, грувасткім будане машыны пад імі. «Каго яны там згледзелі? - думала Сцепаніда. - Няўжо парсючка? Мо выграбся, прыбег, цяпер пэўне ж застрэляць».
        Яна ўжо не магла сядзець і слухаць - стала на калені да акенца і ўзіралася ў цемру. Пасля памкнулася нават выйсці, але тут жа вярнулася да акенца, падумаўшы, што цяпер выйсці нельга: яшчэ застрэляць у цемры. І яна слухала ўсё: недалёкую ўстрывожаную гаману ля рова ці на гародзе, па той бок сядзібы, яшчэ некалькі стрэлаў і гучных крыкаў-каманд па-нямецку.
        - Божа мой, Божа! Што гэта? - не могучы даўмецца, бедаваў Пятрок.
        - Ціха ты! Слухай...
        Ну ведама ж, што яшчэ ім заставалася, апроч як сядзець і слухаць. Неяк у гэтай несканчонай напружанасці, як там трохі прыціхла, яна пачула кароткую сцішаную размову ля ганка - мабыць, хтось загаварыў з вартавым, і яна зразумела адно толькі знаёмае слова «бандытэн». Але адкуль тут і якія бандыты? Няўжо напалі на іх, калі немцы так раз'юшана кінуліся за імі да рова? Але чаму тады не чутно стрэлаў адтуль?
        - Што будзе, што будзе? - ледзь чутна бедаваў Пятрок, і яна ціха азвалася да яго:
        - Што будзе, тое і будзе. Не знаеш хіба?
        - Каб жа хоць не спалілі! Гэныя ракеты, знаеш, як паляць!
        - Могуць і спаліць, - проста пагадзілася Сцепаніда. - Яны ўсё могуць.
        Ёй здалося, што нехта прабег завуголлем ля сцяны істопкі на падворак ці да палаткі, зноў там загаманілі, але на гэты раз кароценька - слова на слова, і той зноў пабег кудысь у гарод. Стрэлаў, аднак, не было чуваць, хоць ракеты яшчэ некалькі разоў пасвяцілі, і ціхі іх дальні водбліск трохі парэдзіў цемрадзь на двары і ў істопцы. Яна ўбачыла белы, як палатно, Петракоў твар, у руках няшчасны музыка сціскаў непатрэбную цяпер скрыпку, мусіць, не ведаючы, куды з ёю дзецца.
        - Ідуць!!!
        Пятрок аж напяўся ў цемры, яна амаль фізічна адчула гэта, а пасля ўжо і да яе слыху данеслася далекаватая яшчэ гамана, галасы. Яны набліжаліся - падобна было, што нейкая група немцаў, ці, можа, яны ўсе вярталіся на сядзібу. Так, мусіць, вярталіся - галасы сталі выразней, іх часам перабіваў адзін гучнейшы. «Ці не фельдфебелеў?» - падумала Сцепаніда і яшчэ ўслухалася: не, то быў нейчы другі голас, які штось даводзіў астатнім, тлумачачы ці, можа, апраўдваючыся.
        Неўзабаве на сцежцы за істопкай і на дрывотні затупалі, зашлёпалі па гразі крокі, па падворку адразу матлянулася некалькі прамянёў з ліхтарыкаў, якімі яны свяцілі сабе. І сапраўды, яны рушылі ці не ўсёй грамадой - разам спыніліся на падворку каля прыступак. Нехта ўбег у хату («Ліхт, ліхт!»), і ў акне ярка заззяла электрычная лямпачка - уключылі святло.
        Сцепаніда стаяла ля акенца, пэўна ўжо ведаючы, што зараз выявіцца штосьці нядобрае, дужа непрыемнае для яе, але таго, што выявілася, яна не прадбачыла. Праз старое замурзанае шкло акенца не шмат што было бачна ў трохі падсветленай імгле падворка - хіба тое, што высвечвалася электрычнасцю з хаты. Але яна згледзела, як яны там паклалі на траву нешта цяжкое, што ўдвух прывалаклі з дрывотні, і самі пасталі, засланіўшы яго ад істопкі і ажыўлена гамонячы між сабой. Некаторыя смяяліся, іншыя страхавіта штосьці выкрыквалі. З-за іх спін і пілотак відаць была ўсярэдзіне высокая фуражка афіцэра ў блішчастым плашчы. Ліхтарык з ягонай рукі клаў светлую пляму ля ног у доле.
        - Некага забілі, - сказала яна Петраку, які мясціўся побач, зазіраючы ў акенца. Але, мусіць, не паспеў той што згледзець, як у сенцах стукнула, прыцьмелы праменьчык з ліхтарыка матлянуўся па істопцы, асляпіў іх пад акенцам.
        - Фатэр, ком! Смотрэль айн бандзіт! Апазнаваль айн бандзіт, - паправіў сябе фельдфебель.
        Перахрысціўшыся на хаду, Пятрок на хісткіх нагах падаўся да дзвярэй, а Сцепаніда засталася ў цемры і ўжо не пазірала ў акенца. Яна скамянела ўся на сярэдзіне цеснай істопкі, ужо ведаючы, што сталася страшнае, і, як прысуду, чакала пацвярджэння сваёй здагадкі.
        Калі вельмі хутка вярнуўся Пятрок, яна не спытала ў яго - хто, баялася тое пачуць без пытання. Яна была б удзячна Петраку, каб той не сказаў нічога, проста змоўк бы да ранку. Але Пятрок быў не такі, каб доўга маўчаць. Толькі прыткнуўшы дзверы, ён паведаміў шэптам:
        - Янку забілі.
        Яна маўчала, адчуваючы толькі, быццам рухнула кудысьці ў цемру, дзе не было супынку, а ён, мабыць, зразумеў гэта яе маўчанне як нявыказанае нямое пытанне.
        - Ну, таго пастушка. З Выселак.
        Каб раптам не ўпасці, яна рукамі намацала край сеннічка і апусцілася на яго.
        Яна сапраўды кудысь правалілася з гэтай істопкі і з гэтае ночы, нібы не адчуваючы сябе на гэтым тлумным і страшным свеце, які ўсё вузеў, меншаў, каб неўзабаве паўстаць перад ёй неадольнаю перашкодай, канцом. Яна ведала - яе канец набліжаўся хутка і няўмольна і думала толькі: завошта? Што яна зрабіла не так, напроціў Бога і сумлення, чаму такая кара абрынулася на яе, на людзей?
        «Чаму і завошта?» - пыталася яна ў сябе, не знаходзячы, аднак, адказу, і думкі яе ішлі далей, у глыб перажытага. За сцяной на падворку патроху цішэла, перасталі тупаць цвёрдыя боты, часам сцішана чуліся галасы, але яна не слухала тых апрыклых чужых галасоў, - трохі паспакайнеўшы душэўна, яна ўбачыла іншы час і ў ім учула іншыя галасы - з далёкае далечы яны данесліся да яе на суцяшэнне, гароту ці роздум ці, можа, несучы якую надзею. Надзею з мінулага, калі якая была там, бо з будучага наўрад ці яна мела азвацца...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.