РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
10
        
10

        
        Немцы падняліся раненька, яшчэ давідна, Пятрок пачуў іхнія крокі ля істопкі, кашаль, прыціхлыя хрыплаватыя галасы на падворку. Бразгнула вядро ў калодзежы - пачалі цягаць ваду, мусіць, для кухні. Пэўна, учарашняе свята скончылася, сёння, мяркуючы па ўсім, яны меліся брацца за справу.
        Пятрок ляжаў на ледзьве прыкрытых транцём мулкіх накрыўках дзежак, напяўшы на галаву кажушок, слухаў знадворныя гукі і думаў: якія яны ўсё ж не такія, як нашы людзі, гэтыя немцы, - усё ў іх па-свойму, інакш. Нават учора ўвечары, як наладзілі сабе частаванне, свяцілі электрычнасцю, елі з талерак і пілі з маленькіх белых чарачак шнапс, развесяліліся, гаманілі, але амаль так, як звычайна, п'яных не было ніводнага. Афіцэр і гэты фельдфебель частаваліся ў хаце асобна, куды ім насілі мяса ў талерках, накрытых хустачкамі, і таксама елі-выпівалі сцішана, без гаманы, а галоўнае, не даўжэй, чым пры звычайнай вячэры. Мусіць, мінула гадзіна, не болей, і на прыступкі выйшаў фельдфебель, нешта скамандаваў, і на падворку адразу як вымела - усе зашыліся спаць у палатку. «Дысцыплінка, аднак, вашай матары, - падумаў Пятрок з ціхаю зайздрасцю. - Слова начальніка - у іх як закон, усе ядуць, робяць і моляцца па камандзе. Не дзіва, што перамагаюць».
        Але вось з'елі і Бабоўку. Пятрок трохі і злаваў ад думкі, што, можа, трэба было не рыпацца, аддаць ім тое малако, хай бы жралі сабе, калі такія аматары на малочнае, нашто было хітраваць? Праз гэтыя Сцепанідзіны хітрыкі, мабыць, і засталіся цяпер без каровы. Але ўпэўненасці ў тым не было, Пятрок разумеў, што магло здарыцца так, што ўсё роўна адабралі б карову, - не цяпер, дык пасля, ад'язджаючы. Вядома, лепей было б схаваць. Толькі як схаваеш і дзе? Карова не курыца, у крапіве не стоіцца. Ды і хто ведаў, што яны гэтак нечакана награбуцца на хутар.
        У істопку данёсся знадворку прыемны, саладкаваты, быццам нават знаёмы пах, і Пятрок не адразу ўцяміў, што гэта запахла кавай. Ну пэўна ж, ён чуў яшчэ з той вайны, што германцы зранку найперш п'юць каву, а не які-небудзь квас або чай, як, напрыклад, расейцы. Пятрок ніколі не спытваў гэтага пітва і думаў, што, мабыць, яно дужа смачнае. Але што марыць пра каву, тут во солі засталося жменькі са тры, як без солі будзеш есці гэтую бульбу! Не палезе ў горла. Бяда, дый годзе!
        Знадворку патроху віднела, але сонца не было відаць, чутно толькі - у страсе шастаў напорысты вецер, здаецца, на ўчарашнім дні і скончылася добрае надвор'е. З ночы ў старой, з гнілаватымі сценамі істопцы было халаднавата. Пятрок і так і гэтак туліўся пад кажушком, але ўсё роўна азяб і думаў, што трэба ўставаць. Адным вокам скоса ён зірнуў на сеннічок пад акенцам - Сцепаніда, бы нежывая, ляжала скурчаная пад ватоўкаю, і ён падумаў: перажывае Бабоўку. Ведама ж, якое бабе жыццё без каровы? Без каровы жанчыне нельга.
        Толькі ён надумаўся ўставаць, як дзверы ў істопку моцна тузануліся з сянец і на парозе з'явіўся немец - той самы злы кухар у перакручанай упоперак галавы пілотцы, за ім ішоў малады ў акулярах. Пятрок хуценька сеў на дзежках, мацаючы рукавы кажушка, а кухар, нічога не кажучы, бліснуў ручным ліхтарыкам і замітусіў ім па істопцы, высвечваючы па чарзе пыльныя камяні жорнаў, паліцу, вялікую кадзь у куце; падскочыў да парожніх засекаў, пачаў расчыняць вечкі, зазірнуў ва ўсе тры. Два былі парожнія зусім, а ў трэці яны насыпалі з торбу ячменю - на крупы. Затым, гаркнуўшы: «Вэк!» - ён падскочыў да Петрака, той босы зляцеў на сцюдзёную падлогу, а немец паскідаў прэч усе яго апраткі, накрыўкі з дзежак, зазірнуў у кожную. Невядома, якога чорта шукаючы, сагнуўся пад жорны, абматляў белаю плямкай з ліхтарыка сцены, куткі, нават столь і, не сказаўшы ні слова, выскачыў у сенцы.
        Пятрок надзеў у рукавы кажушок, зачыніў за ім дзверы і павярнуўся да жонкі, якая з абыякавым выглядам сядзела на сваім сеннічку.
        - Што гэта ён?
        Сцепаніда цепнула плячыма і моўчкі ахінулася хусткай, нетаропка надзела ватоўку. Здавалася, яна была абыякавая да з'яўлення немца, адны толькі вочы сведчылі, што яна пільна прыслухоўвалася да таго, што адбывалася на падворку. Пятрок, нічога не цямячы, зазірнуў у акенца - немцы там штось узбуджана, нават нібы напалохана гаманілі, пастаўшы ля кухні, некаторыя чамусь швэндаліся ля хлява, па дрывотні. Чаго яны там шукалі?
        - Быццам нешта згубілі, - сказаў ён жонцы.
        Але не паспела тая адказаць, як усе ад кухні рушылі да сяней, густа затупалі ботамі і ўжо не адзін, а трое адразу ўваліліся ў істопку, і пайшло... Са злым, рашучым выразам на тварах яны пачалі пераварочваць дагары нагамі ўсе дзежкі, кубелкі, скідаць з цвікоў транты; разграблі нагамі кучу бульбы ў сенцах, з грукатам адкінулі прэч вечка куфра і ўмомант перавярнулі там усё. Пятрок сцяўся ля шула, ён маўчаў, бо ў яго не пыталіся нічога. Ён пазіраў толькі, як даўгалыгі немец зласліва варочае ўсё ў істопцы: кашы, адсоўвае кадзь з канаплёй, рассоўвае спрэс чыгуны. Падскочыўшы да Сцепаніды, каленам перамацаў яе сеннічок на ўслоне. У акенца Пятрок бачыў, як некалькі салдат узлезлі на снапы ў паветцы і таксама пароліся там, ботамі таўкучы яго хлебны запас, скідваючы некаторыя снапы на зямлю ў вароты.
        - Што, паны, шукаеце? - як мага ласкавей запытаўся Пятрок.
        Даўгалыгі, змераўшы яго ледзяным позіркам, нешта незразумела прагергетаў, злоснае ці пагрозлівае, і Пятрок не пытаўся болей. Урэшце, пакінуўшы разгромны вэрхал у сенцах і ў істопцы, немцы вымеліся на падворак і там усё яшчэ хадзілі па завуголлі, зазіралі на прызбы, за тын у крапіву і нават на аброслую мохам страху істопкі.
        - Здурнелі, ці што? - зусім ужо недаўменна сказаў Пятрок.
        Мусіць, трэба было рабіць нейкі парадак, але ён раптам учуў знадворку знаёмы гук струны і злякнуўся: яны апаролі ягоную скрыпку. «Ах ты, горачка яшчэ», - падумаў Пятрок, гатовы заплакаць ад такой прыкрасці. Але што тут было рабіць? Калі ўзялі, дык, пэўна, пазабавяцца ды, можа, аддадуць. А калі не аддадуць, дык паб'юць, паламаюць? Не надта, аднак, разважаючы, ён памкнуўся ў сенцы якраз у той час, як з хаты адчыніліся дзверы і з іх, угнуўшы галаву ў высокай фуражцы, вылез афіцэр і за ім выкаціўся кругленькі фельдфебель. У сенцах яны сутыкнуліся, і Пятрок блытана ад хвалявання загаманіў:
        - Пан ахвіцэр, няхай мне аддадуць яе... Ну, скрыпку. Бо мая ж гэта, ведаеце...
        - Вэк! - гыркнуў, нібы бізуном ляснуў, афіцэр.
        Праклінаючы ўсё на свеце, Пятрок задам падаўся ў істопку і ціхенька прычыніў дзверы - ля акенца поўная напружанай увагі стаяла Сцепаніда.
        - Прапала скрыпачка, - сказаў Пятрок. - І якая халера ў іх здарылася?
        «Пэўна ж, здарылася нешта кепскае», - думаў Пятрок, учуўшы, як на падворку прагучала каманда і ў акенцы стала відаць, як немцы пачалі строіцца - радком у дзве шарэнгі, з вінтоўкамі ў руках. Усе сталі ў строй - і фельдфебель, і Карла, на падворку перад строем застаўся афіцэр, падпяразаны па шынялі, і перад ім паныла стаяў з апушчанымі рукамі перахлябісты кухар. Ягоная белая куртка таксама была падпяразана дзягай з двума парнымі скуранымі падсумкамі. Угнуўшы галаву, кухар паныла глядзеў перад сабой у мураву падворка і, толькі калі афіцэр нешта сказаў, падняў вузкі хваравіта-зацяты твар і коратка прамовіў два словы. Тады афіцэр коратка, без размаху пляцнуў яго па шчацэ. Немец хіснуўся, але не саступіў з месца.
        - Сцепаніда, Сцепаніда, глянь! Глянь! - амаль спалохана загаманіў ад акенца Пятрок. - Во дзіва! Поўху яго як рэзне...
        Сцепаніда, аднак, зябка хуталася ў ватоўку і не ўстала з сеннічка, а Пятрок, як на якое цікавае кіно, глядзеў праз акенца на тое, што адбывалася на падворку. Немцы ў страі паныла маўчалі, маўчаў і злы кухар, які таксама стаў у канцы шарэнгі, а афіцэр, заклаўшы за спіну рукі ў пальчатках, хадзіў перад строем і нешта гаварыў і гаварыў там адрывістым голасам. Скажа, памаўчыць, зробіць тры крокі, спыніцца, зноў скажа і зноў памаўчыць. Мяркуючы па змрочных выразах салдацкіх твараў, гаварыў ён не надта вясёлае - мабыць, адчытваў, ці што. Петраку было пэўна, што там нешта здарылася і што правініўся кухар. Увогуле гэта было цікава, але Пятрок пачаў трохі пабойвацца, каб тое ліха не перакінулася і на яго з Сцепанідай. Аднак, мабыць, усё залежала ад афіцэра. Пятрок ужо ведаў пэўна, што найбольшы тут пан гэты афіцэр і што добрага ад яго чакаць не выпадае, а на благое, мяркуючы па ўсім, ён гатовы заўжды.
        Але во натацыя на падворку скончылася, строй рассыпаўся, некаторыя пачалі закурваць, а іншыя палезлі ў брызентавы будан машыны. «Ці не выберуцца зусім?» - абнадзеена падумаў Пятрок, ды, мусіць, выбірацца было яшчэ рана. На падворку яшчэ заставаліся шэрая палатка, кухня, афіцэр нешта памахаў рукамі перад фельдфебелем, і той раптам пакаціўся к прыступкам. Сэрца ў Петрака ёкнула: ці не сюды, у істопку?
        Ён не памыліўся. Праз момант дзверы істопкі шырока расчыніліся, і фельдфебель, нібы сабачку, паманіў яго пальцам з парога:
        - Ком! Ком-ком...
        - Я?
        - Я, я. Ты, - пацвердзіў фельдфебель.
        Пятрок трохі паправіў шапку і пайшоў за ім цераз сені на двор. Салдаты ўжо ўсе садзіліся на машыну - лезлі па чарзе цераз задні борт, афіцэр стаяў ля расчыненых дзверцаў кабіны. Цераз дзірку-праломіну ў тыне фельдфебель пралез у гарод і, растоптваючы буракі на градзе, дробненька патупаў у яго дальні канец збоч садка. Пятрок з недаўменнем шкандыбаў следам.
        - Клазет ніхт? - запытаў фельдфебель, раптам спыняючыся.
        - Каго? - не зразумеў Пятрок.
        - Сральня ніхт?
        - Няма... Дык гэта, калі што трэба, дык...
        Пятрок хацеў падрабязней растлумачыць гэта далікатнае пытанне, паказаць на хлеў, які цяпер пуставаў без патрэбы. Але фельдфебель не стаў слухаць яго, а кароценькімі нагамі адмераў тры шырокія крокі ля зарасніку парэчак ля плота.
        - Офіцірклазет! - аб'явіў ён рашуча. - Драй час врэмя. Фэрштэйн? Панятнё?
        - Дык панятна, - не зусім упэўнена сказаў Пятрок.
        Што ж, гэта было не самае горшае - выкапаць ім клазет.
        Пятрок нават узрадаваўся, што ўсё абышлося так проста. А ён ужо думаў... Ён аж спалохаўся, каб гэтая ямка не стала яго апошняю ямкай. Хіба ім доўга...
        Ён вярнуўся да хаты і на дрывотні выцягнуў з-за дошак старую паржавелую рыдлёўку. Такой капаць не надта каб зручна, але за тры гадзіны, можа, як выкапае. Трэба выкапаць, бо чорт іх ведае, што будзе, калі не ўправіцца.
        Машына, чуваць было, ужо завуркатала маторам, мабыць, усе там паселі, - Пятрок, каб упэўніцца, зірнуў з-за рога дрывотні. Так, надворак амаль апусцеў, машына, разграбаючы вялізнымі коламі зямлю на гародзе, разварочвалася пад ліпай. Ля кухні застаўся адзін Карла, і ля яго пад тынам уладкоўвалася абіраць бульбу Сцепаніда. «Ну, ведама, далі ўсім працы», - падумаў Пятрок, згледзеўшы перад жонкай паўмяшка бульбы, мабыць, набранай у ягоных сенцах. Усё аддаляючыся са сваім вуркатам, машына папаўзла да дарогі, і Пятрок з рыдлёўкай выйшаў на падворак, адчуваючы на душы немалую палёгку ад таго, што ўрэшце збавіўся ад гэтай навалы. Але, мусіць, рана парадаваўся - паміж палаткаю і вокнамі хаты стаяў, тоячы важную міну на твары, малады немец з вінтоўкай, над якой тырчэў блішчасты шырокі штык. «Ну во, паставілі вартавога, - здагадаўся Пятрок, адразу вяртаючыся да сваёй звыклай паныласці. - Мабыць, радасці тут не дачакаешся», - падумаў ён, выпраўляючыся цераз падворак да сваёй работы, як пачуў голас Карлы:
        - Фатэр, ком!
        Карла стаяў ля кухні над нейкім вялізным чанам. Калі Пятрок падышоў бліжэй, прыпадняў над чанам накрыўку, там было мяса. Пэўне ж, Бабоўчына мяса. Ухапіўшы добры кавалак за абломак касці, ён спярша паднёс яго Сцепанідзе. Тая, аднак, грэбліва пакруціла галавой.
        - Не буду.
        Тады Карла павярнуўся да Петрака, і той узяў з яго рук ладны кавалак з косткай. Ад мяса ішоў смачны і сытны пах, вельмі захацелася есці, але Сцепаніда так з'едліва зірнула на Петрака, што той сумеўся.
        - Гэта... Можна апасля, пан Карла? Ведаеце, лепш, каб вы далі гэта самае... Прыкурыць.
        - Куріц! - зразумеў Карла. - Я! Яволь.
        І ён дастаў з кішэні пачак цыгарэт, яны закурылі па адной, Пятрок прагна зацягнуўся, усё трымаючы ў руцэ кавалак мяса.
        - Я гэта... пакладу. Ну, каб апасля, - паказаў ён на мяса і на істопку.
        - Я, я, - пагадзіўся Карла.
        Пятрок хуценька падаўся да сенцаў, але тут ад палаткі рашуча ступіў вартавы.
        - Хальт! Ферботэн!
        - Што?
        - Хальт! Цурук! - абвясціў ён, спрытна перагарадзіўшы шлях да парога. Яго ладны ружовашчокі твар адразу зрабіўся каменным.
        «Вой ты, гора! - падумаў Пятрок. - Ужо не пушчаюць і ў хату. Як жыць тады?» Але, мусіць, так: ужо не пускалі і ў істопку. Пятрок патаптаўся на падворку, да пазногця дакурыў Карлаву цыгарэтку. Карла, часам зыркаючы на яго незразумелым позіркам, пачаў тупаць ля кухні. Ля паркана абірала бульбу Сцепаніда, якая, мусіць, каб не бачыць нікога на падворку, павярнулася да ўсіх спіной.
        Што зробіш - Пятрок са шкадаваннем паклаў кавалак на белы метал накрыўкі і пайшоў у свой кут на гародзе. Трэба было капаць афіцэрскі клазет.
        Капаць спярша было лёгка, рыдлёўка на ўвесь штык лезла ў мяккі агародны перагной, які Пятрок патроху адкідаў ад плота. Але затым зямля стала цвярдзейшая, пайшла гліна, тут трэба было дзяўбці ды яшчэ нязручна паварочвацца з рыдлёўкай у цеснай ямцы. Хоць надвор'е зранку выдалася сцюдзёнаватае і ветранае, Пятрок хутка ўгрэўся, расшпіліў кажушок. Ужо ён выкапаў да калена, прытаміўся і адчуў, што так неўзнарок можна і спазніцца. Мабыць, ужо мінула палова, калі не болей, дадзенага яму тэрміну, а палавіна яміны яшчэ не была выкапана. Але ён уходаўся, аж змакрэла спіна пад кажушком, і, каб трохі спачыць, прысеў на край яміны.
        У той час і пачуў гаману на падворку. Голас здаўся яму знаёмы, Пятрок азірнуўся - па градах цераз бурачнік да яго сігаў Гуж у запэцканых граззю ботах, з вінтоўкай на плячы і белай скамечанай павязкай на рукаве ўсё той жа рудой скураной паддзёўкі. «Што яшчэ за няшчасце!» - нядобра падумаў Пятрок. Паліцай падышоў да ямы і скінуў з пляча вінтоўку.
        - Капаем? - не вітаючыся, сказаў ён.
        - Ды во. Як бачыш...
        - Не тое капаеш.
        - Што скажуць. Мы цяпер, знаеш, усё па прыказу.
        - Дык во табе мой прыказ: пойдзеш на бульбу. У Выселкі. Ужо ўсіх выгнаў, адны вы з бабай засталіся.
        «Яшчэ навіна! - падумаў Пятрок. - Каб вы спруцянелі з вашаю бульбаю! Ідзі на гэтую сцюжу, не еўшы, на ўвесь дзень у поле...» - Як мага ласкавей зірнуўшы на паліцая, лісліва сказаў:
        - А можа б, нас аслабанілі ўжо. Здароўе, знаеш, падарванае. У баку во круціць, дык гэта...
        - Ну, ну мне! - строга перапыніў яго Гуж. - Круціць яму! Во не выберам бульбу, немцы галаву адкруцяць. Загадалі: выбраць да бульбіны і адвезці на станцыю. Срок - да нядзелі.
        - Дык гэта... Хіба ж маладзейшых няма? - пачаў нервавацца Пятрок. - Бабаў якіх. А то во шэсцьдзесят год маю...
        - Давай, давай! - нецярпліва прыстукнуў прыкладам па зямлі Гуж. - Без разгавораў.
        Журботна памарудзіўшы трохі, Пятрок пачаў вылазіць з недакапанай яміны. Дужа яму не хацелася ісці немаведама куды, у высялкоўскае поле, але, мусіць, прыйдзецца. Ад гэтых тым больш не адчэпішся. Гэтыя знойдуць цябе і пад зямлёй, выцягнуць і прымусяць на ўсё, на што іх прымушаюць немцы.
        Узяўшы рыдлёўку, ён пакорна пайшоў за паліцаем да хаты, адчуваючы, як натрудзіў у клазеце паясніцу, і раптам падумаў: а можа, і лепш - далей ад гэтай разрабаванай імі сядзібы, на чыстае поле. Там хоць сярод сваіх, не будзеш чуць гэты здзек і прынуку. Як заўжды, ён ужо спрабаваў знайсці што прыдатнае ў новым становішчы, бо як жа тады было жыць, калі не прыстасоўвацца да абставін? Так, як хочацца, усё роўна ж не будзе, гэта ён знаў пэўна.
        Яны пралезлі праз дзірку ў тыне на падворак, дзе ўжо густа дыміла кухня, з яе катла валіла клубамі пара. Карла боўтаў у катле, а Сцепаніда па-ранейшаму ў маўклівай засяроджанасці абірала ля паркана бульбу.
        - Ну, акцявістка, ты доўга там? - нецярпліва гыркнуў да яе Гуж.
        - Не паганяй, не запрэжаная, - спакойна сказала Сцепаніда, кідаючы ў вядро бульбіну.
        - Я не паганяю, а прыказываю. Бярыце кашы і марш абодва за мной!
        - А дзе я вазьму кашы?
        - У доме вазьмі! Мусіць жа, ёсць у сенях кашы?
        - А хто мяне туды пусціць?
        - Як хто? А часавы што - не пусціць? Гэй, друг! - іншым тонам - дабрэй - сказаў Гуж да вартавога. - Дай я пагляджу. Кош трэба. Панімаеш - кош!
        - Цурук! - гыркнуў вартавы і скінуў з пляча вінтоўку.
        «Во, добра! - маўкліва парадаваўся Пятрок. - Во так табе і трэба: цурук! А ты думаў!» І ён нават з сімпатыяй паглядзеў на гэтага тупарылага вартавога, які так дарэчы асадзіў ганарыстага паліцая.
        - Ах ты чорт! - заклапочана крутануўся Гуж. - Ну торбу бяры, якое вядро...
        - Дзе я вазьму вядро? Гэта ж іхняе.
        «Не, Сцепаніду голымі рукамі не возьмеш, - можа, першы раз са шчырым захапленнем падумаў Пятрок. - Калі ўжо заўпарціцца, дык паякочаш. І я цяпер табе не памочнік. Прымушай, калі ўмееш!»
        За гаманой на падворку яны не адразу ўчулі, як з гасцінца збочыла тая іх вялізная машына і неўзабаве ўкацілася ў самыя вароты. Яна яшчэ не спынілася, як з кабіны неяк дужа паспешна вываліўся рухавы фельдфебель, на ягоным счырванелым твары было нейкае ажыўленне - добрае ці не - цяжка было зразумець упачатку.
        - Вас іст дас? - гыркнуў фельдфебель, спыняючыся перад Гужом. Той няўклюдна спрабаваў узяць пад казырок, але яму ўсё сапсавала вінтоўка, почапка якой слізганула са скуранога пляча і павісла на локці.
        - Вас іст дас? Что ест это? - зусім ужо нядобра паўтарыў фельдфебель, беручы рукі ў бокі, і стаяў так, маленькі і таўставаценькі, перад няўклюднай рукастаю постаццю Гужа.
        - Прыказ на бульбу, пан афіцэр. На картошку! - удакладніў Гуж. - Каб выбралі да нядзелі.
        - Вас іст дас? - не прыняўшы тлумачэння, яшчэ болей раз'ятрана загырчаў фельдфебель і ступіў яшчэ на крок бліжэй да Гужа.
        - Я ж кажу, пан афіцэр, загадана ўсім на картошку. Пан бургамістр...
        - Вас іст дас? - зноў цвердзіў сваё фельдфебель, і Гуж на гэты раз, мусіць, з'еў усе словы. Выцягнуўшыся і вырачыўшы на немчыка вочы, ён моўчкі стаяў, аж покуль той не страпянуўся і неяк дужа ўжо спрытна знізу ўгору пляцнуў яго два разы - па адной і па другой шчацэ. Паліцай хіснуўся разам з вінтоўкай, якую аблапіста хінуў да сябе, мусіць, чакаючы і яшчэ аплявух. Але болей фельдфебель не біў, толькі разгоніста ткнуў кароценькім пальчыкам на варотцы з падворка.
        - Вэк!
        І калі Гуж не то спалохана, не то ўзрадавана таропка засігаў да варотцаў, фельдфебель абразліва працадзіў праз зубы:
        - Ванютші паліцайшвайн...
        - Ага... Правільна вы яго. Нядобры чалавек, - не ўтрымаўся Пятрок, дужа задаволены тым, што атрымаў Гуж. Ён аж калаціўся ад радасці, але фельдфебель неяк недаўменна зірнуў на старога, быццам першы раз убачыў яго, і нядобра прыжмурыў вочы.
        - Офіцірклазет фертіг?
        - Дык дзе ж я зраблю, калі во гэты прыпёрся! - пачаў Пятрок, здагадаўшыся, пра што пытае немец. Але тут жа ён схамянуўся і змоўк, згледзеўшы, як фельдфебель неяк паспешліва сігануў да яго збоку. У наступны момант ён ледзь не заекатаў ад болю - нічога не кажучы, фельдфебель торкнуў яму такога выспятка, што Пятрок аж падскочыў. «Ой, Божачка мой!» - толькі і паспеў ён сказаць сабе ў думках, як апантаны вылецеўшы праз дзірку на гарод.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.