РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
16
        
16

        
        Праз дзень раскулачвалі Багацьку Ладзіміра.
        Ранічкай у Яхімоўшчыну прыбег Патап Каландзёнак, якога цяпер Сцепаніда не хацела пушчаць у хату, і ён быццам адчуваў гэта - пастукаў у акно і празвягаў Лявонаў загад прыйсці на раскулачванне. Яна сказала яму і сабе - скулля! І не пайшла. Няхай раскулачваюць без яе, яна не галасавала за тое раскулачванне. Але потым затрывожылася, болей за Анютку, - як яна там? Гэта ж так яе павязуць, і яна ніколі ўжо не пабачыць дзяўчыну. Аж расхваляваўшыся ад тае думкі, Сцепаніда як была, у няновай спадніцы і атопках, пабегла ў Выселкі.
        Трохі наводшыбе ад вуліцы, на Ладзіміравым падворку, ужо тоўпіліся людзі, пахмурна стаялі запрэжаныя ў сані коні. З хаты выносілі майно: клумкі, кажухі, падушкі, мяхі, - усё неяк таропка, без ладу кідалі ў сані. Трошкі ў баку, ля плота, знерухомела купка вясковага люду, болей жанок з дзецьмі, мужчын было мала, і сярод іх на падворку вылучалася высокая постаць Лявона ў залапленым кажусе, з чорнай паскай наўкось па шчацэ, цераз лоб. Выгляд у старшыні быў змрочны і злы, - нібыта раскулачвалі яго, а не Ладзіміра. Непадалёк на снезе стаяў незнаёмы Сцепанідзе прысадзісты мужчына ў чорнай бліскучай скуранцы, які таксама назіраў за гэтай выпраўкай у нікому не вядомы, далёкі, жалобны шлях. Дзверы ў сені былі расчынены, адтуль выскачыў спатнелы, чорны, цыганскага выгляду Антось Недасека, пра штось запытаў у Лявона. Следам паказаўся Васіль Ганчарык, - няспрытна, задам ступаючы з ганка; валок цяжкаваты зялёны куфэрак, які з другога боку трымаў сам Ладзімір. Згледзеўшы той куфэрак, Сцепаніда міжволі ахнула: то ж быў Анюцін пасаг, з якім дзяўчо нядаўна яшчэ збіралася замуж - неяк зімой паказвала Сцепанідзе, што там было нарыхтавана. Цяпер гэты рыштунак сам Ганчарык выпраўляў немаведама куды - на Салаўкі, у Сібір - хто ведае? Сцепаніда глыкнула даўкі ком у горле, з усяе моцы памкнулася стрымаць слёзы. Зрэшты, тое было нялёгка, некаторыя бабы ўжо плакалі, - ціхмана хліпаючы насамі, выціраючы рукавамі вочы, а малая Барысава Маня ўсё тузала маці за палу кажушка і пытала:
        - Мама, а куды гэта яны? І я хачу ў сані...
        Лізавета крыкнула на дачку раз і другі, ды малая не сціхала, і тады старая Малання, што стаяла побач з кіём у руках, мовіла з нейкім благім намёкам:
        - Чакай, дачушка. Вырасцеш - паедзеш яшчэ...
        Васіль з Ладзімірам уладкавалі куфэрак на сані, Ладзімір пачаў прывязваць яго даўгой вяроўчынай, а Ганчарык выпрастаўся, і Сцепаніда не пазнала ягоны твар - такі спакутаваны выраз ляжаў на ім, - зусім не падобны на яго, ранейшага.
        - Праслядзіце за цем, как укладываюцца, - падкрэсліваючы інтанацыяй кожнае слова, загадаў яму незнаёмы ў скуранцы, - мабыць, упаўнаважаны з раёна. - Пад вашу лічную ответсцвеннасць.
        Ён стаяў на двары асобна ад іншых, засунуўшы рукі ў кішані скуранкі, і Вася моўчкі кіўнуў, пайшоў у хату Ладзіміра.
        «Гэта ж трэба! - разгублена думала Сцепаніда. - Сам нявесту сваю... Хаця, мабыць, ужо не нявеста...»
        Яна хацела пабачыць Анютку, баялася гэтай сустрэчы і не магла абысціся без яе, бо ведала, што ім больш не пабачыцца. Але Анюта ўсё не выходзіла з хаты, мабыць, нешта яшчэ збірала, і Сцепаніда наважылася - рушыла цераз двор у сені. Толькі яна ступіла на ганак, як той, у скуранцы, вызверыўся:
        - Эй, куда? Нельзя!
        - Чаго?
        - Нельзя, сказал!
        «Пайшоў ты на сухі лес!» - адказала яна ў думках, і, пыхнуўшы нутраной злосцю, рашуча ступіла ў сені.
        - Ганчарык, вазвраці пастаронніх! - данеслася ззаду.
        Ганчарык у хаце, аднак, не адазваўся, хаця дзверы былі ўсюды расчынены насцеж, і ў іх стала відаць абадраная, нібы абрабаваная Ладзімірава хата: голыя сцены, засмечаная і заследжаная падлога, бязладна рассунутыя лаўкі. Пасярод пустой горніцы на голым услоне, патупіўшыся, плакала Анютка, і Ганчарык, нерашуча кранаючы яе за плячо, прасіў асіплым, чужым голасам:
        - Ну, ціха... Ну, ціха... Ну, што ж цяпер...
        Сцепаніда апанурана пераступіла парог, раптам адчуўшы, як штосьці ў ёй нібы абарвалася, і новая непадуладная ёй сіла ахапіла яе разварушаныя за тыя дні пачуцці.
        - Анютка!
        Анютка падхапілася на ўслоне, а Сцепаніда ўпала побач, абняла дзяўчыну і захлынулася ў кароткім, бы енк, плачы, калі, здавалася, не стрывае, разарвецца сэрца. З даверлівай пакораю дзяўчына прыпала да яе ўсім сваім трапяткім целам, нібы да маці, якую некалі страціла ў дзяцінстве. Абдымаючы яе за плечы, Сцепаніда гладзіла яе вузкую, у плюшавай жакетцы спіну, сама абліваючыся слязьмі, праз іх нічога не бачачы навакол. Аднекуль здаля да яе слыху даляцеў вокрык упаўнаважанага:
        - Таварыш міліцыянер!..
        Яна не адразу зразумела, што гэта звярталіся да Ганчарыка, які з вінаватай разгубленасцю на збялелым твары крануў яе за плячо.
        Так яна і ведала: тут нельга плакаць, абдымацца з дачкой раскулачанага, якая цяпер з сяброўкі, суседкі нібы ператварылася ў заразна-хворую - у класавага ворага. Мабыць, трэба было ёй штосьці сказаць, але Сцепанідзіна сэрца поўнілася невыказным плачам, маўклівай скрухай па недарэчным лёсе гэтай няшчаснай дзяўчыны.
        - Цётка Сцепаніда! - настойліва паўтарыў побач Ганчарык.
        У хату ўвайшоў Ладзімір, здзеў шапку. Не звяртаючы ўвагі на яе, таксама як і на міліцыянера і быццам на дачку таксама, прайшоў у кут з адсунутым сталом і лаўкай, зняў са сцяны крайні абраз, астатнія, мабыць, назаўжды пакідаючы ў гэтай выстуджанай пустой хаце. Гэта быў абраз святога Мікалая-цудатворцы, - стары, з аблезлай пазалотай, на счарнелай дошцы. Прыцяўшы абраз да грудзей, Ладзімір укленчыў з ім на падлозе.
        - Мір дому... Зямлі...
        Анютка адарвалася ад Сцепаніды, ускочыла. Сцепаніда таропка выцірала ражком хусцінкі мокры ад слёз твар. Развітанне канчалася, трэба было ісці. Але толькі яна скіравала ў дзверы, як ззаду раздаўся здзічэлы крык Анюткі:
        - За што? Вася, цётачка, за што ж гэта?!.
        Сцепаніда, аднак, не спынілася, падумала толькі, што на сёння, мабыць, ёй хопіць, і выйшла з сяней. У двары чакалі ад'езду нагружаныя майном сані, трохі ўбаку тоўпіліся людзі. Не зірнуўшы ні на кога, яна пратупала каля іх да варотцаў і слепа пабрыла вясковаю вуліцай, не ведаючы куды і па што...
        Ужо далёка адышоўшыся ад Ладзіміравага падворка, заўважыла, што ідзе не ў Яхімоўшчыну - у другі канец вёскі, але павяртаць не стала. Якраз наперадзе згледзела дужа знаёмую мясціну, дзе некалі была іхняя хата і цяпер стылі на ветры бярозы ля вуліцы ды на мяжы сядзібы распусціў тонкае вецце вішаннік. Хаты не было, хата згніла, і яе разабралі на дровы, а гарод перайшоў суседу Багацьку Дзям'яну, які дбайна абгарадзіў яго добрым бярозавым плотам. Сцепаніда, аднак, не спынілася каля былога жытла і немаведама куды тупала ўздоўж вуліцы - міма знаёмых спрадвеку хацін, сцен, вулічных дрэў, платоў, абышла таўшчэзны, што вылез ажно на вуліцу, камель Маланнінага клёна. Спусцілася з пагорка і ішла далей, аж покуль не ўбачыла новы штыкетнік каля Аўсюковай хаты, дзе цяпер была школа і куды яна з восені спраўна тры разы ў тыдзень бегала на лікбез; цяпер там сядзелі за партамі яе Федзька і Феня і яшчэ тры дзесяткі рабят, пасаджаных за чатыры рады парт - па радзе на клас. Сцепаніда прыпынілася каля штыкетніка, абаперлася на яго грудзямі і думала. Дзеці хай вучацца, можа, іх напаткае лепшая доля, чымсі іхніх бацькоў, можа, навука дасць хлеба і выведзе ў жыццё. А яна ўсё, яна болей на лікбез не пойдзе. Пасля ад'езду Анюткі яна ўжо не магла сядзець за той партай без яе, не магла пераступіць той парог школы, дзе ўжо ніколі не будзе яе. Гэта ж Анютка ўгаварыла яе пайсці на лікбез, казала, сорамна быць непісьменным, калі ўсе ў краіне вучацца, малыя і старыя. Сама яна так старалася, так шчыравала з навукай, і цяпер Сцепанідзе стала зразумела, чаму - Ганчарык жа быў грамацей, перад службай скончыў чатыры класы ў мястэчку. Як жа было ёй адстаць ад яго? Маладзейшай, падлеткам, не было як вучыцца, у шаснаццаць год стала за гаспадыню ў хаце, як памерла ад сухотаў маці, бацька не ажаніўся болей, а блізняты-браты Анціп з Андрэем нешта бавілі час, прыглядаліся ды вагаліся. Цяпер ужо не пажэняцца.
        Калі ў школе раптам выбухнуў радасны дзіцячы розгалас, яна зразумела, што дастаялася да перапынку, і адарвалася ад штыкетніку. Трохі яна паспакайнела, сабралася з думкамі, але, мусіць, далей тут стаяць было нягожа, і яна паволі паплялася па вуліцы назад, захацела пабачыць Лявона - здавалася, Лявон ведае нешта такое, чаго не ведае яна, нешта скажа, можа, суцешыць. У сельсавецкай палавіне было, аднак, пуста і стаяў слупам пыл - гэта Патап Каландзёнак шкрэбаў па затаптанай, невядома калі мытай падлозе тонкім гальнём, і яна стала ў парозе.
        - Лявон хіба не прыходзіў?
        - Не, не прыходзіў.
        Абыякавы да яе, Каландзёнак усё драў гальнём падлогу, горнучы ў парог смецце і пясок, і яна ўбачыла на ягоных заўжды ссінелых босых нагах неблагія яшчэ, хоць і паношаныя боты. Але гэтыя боты былі не Лявонавы.
        - Што, боты зарабіў? - спытала яна з тайным здзекам у тоне.
        - Рэквізаваныя, - буркнуў Патап, ваўкавата зіркнуўшы на яе праз узняты з падлогі пыл.
        - Старайся, паршывец! - сказала яна і выйшла на вуліцу.
        Яна ішла ўздоўж плота і думала, што во, жыве ж чалавек - яшчэ малады, а ўжо граматны, нават праз меру, скончыў тры ці чатыры класы і ўсё рабіў быццам бы правільна, а нічога, апроч крыўды і нянавісці, да сябе не выклікаў у вяскоўцаў. Напісаў у газету, і ўсё тое само па сабе было таксама правільна, а чым яно абярнулася для людзей?
        Яна не мела яшчэ слоў у галаве, каб сказаць яму ўсё, што адчувала, але было пэўна, што адчувала адну толькі брыду да гэтага маўклівага пераростка, які сваёю ўвішнасцю нарабіў такога, што хіба сам не разумее чаго. Гэты не Зміцер. На Зміцера зірнеш, і адразу відаць, што ён табе можа зараз зрабіць, а што заўтра зробіць гэты маўчун, таго не ўзнаеш. Цяпер ёй успомнілася, што дзеці ў вёсцы ніколі не гулялі з ім у свае дзіцячыя гульні, і хоць быў ён нязлы і нікога не крыўдзіў, яны абміналі яго стараной. Заўжды ён быў сам па сабе, адзін - ці ў вёсцы, ці па дарозе ў школу, ці ля статка ў полі. Падросшы, пачаў гарнуцца да тлумных клопатаў і спраў дарослых, бывала, не прапускаў ні аднаго сходу, з ранку да позняй ночы тырчэў у сельсавеце, слухаў, маўчаў. Што думаў толькі? Мабыць, і надумаў. «Каб ты спруцянеў, нячысцік», - са злосцю падумала Сцепаніда.
        Яна ўжо мінала апошнія хаты Выселак, ужо відаць стаў сіратліва апусцелы Ладзіміраў падворак з расчыненымі насцеж веснічкамі, як недзе за Ганчарыкавай хатай, здалося, да неба ўзвіўся вар'яцкі жаночы крык. Яна аж скаланулася ад гэтага крыку і спынілася пасярод вуліцы. Якраз у той момант з-за рога хаты выбегла расхрыстаная Ўльяна, Васілёва маці, яна здзічэла крычала адно толькі: «Людцы! Людцы!» - і роспачна біла кулакамі ў свае пляскатыя грудзі. Убачыўшы Сцепаніду, кінулася да яе, усё лямантуючы і крычучы нешта, чаго Сцепаніда зразумець не магла, хоць і ведала пэўна, што сталася нешта страшнае. Праз плач і лямант Ульяна паказвала на хату, у голыя вокны з тоўста намёрзлым лёдам на шыбах. Пра нешта здагадаўшыся, Сцепаніда подбегам кінулася туды і ўжо на падворку пачула гэткі ж жудасны крык з хаты - гэта заходзіўся плачам Яначка, трохгадовы Васілёў брацік. Праз расчыненыя дзверы Сцепаніда ўскочыла ў сенцы, адкінула напаўрасчыненыя дзверы ў хату, думаючы, што трэба ратаваць з нейкай бяды Янку, але ў цемнаватай знадворку хаціне яна не магла даўмеццца, дзе ён крычыць.
        Затое яна згледзела іншае і на момант аслупянела на сярэдзіне падлогі, працятая жахам.
        Ля акна за канцом пустога стала аблёгся грудзьмі на сталешніцу Вася Ганчарык - як быў у сваёй чырвонаармейскай форме: шынялі, рамянях, толькі без шлема. Светлавалосая галава яго ўткнулася лбом у стол, рука выпрасталася наўкось па стале, звесіўшы на ўслон разнятыя пальцы. У затхлым паветры хаціны яшчэ чуваць быў трывожны пах стрэлу.
        У куце ля печы немым крыкам заходзіўся малы Янка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.