РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
5
        
5

        
        Некалькі дзён запар восеньскае неба грувастка цяжэла ад хмар, дужа рваў вецер, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, а пасля ўсё сціхла, уначы пацяплела, і пад ранак пасыпаўся дождж. Прачнуўшыся на світанні, Сцепаніда пачула яго шапаткую гаману за сцяной і падумала, што сёння, мусіць, прыйдзецца пачакаць з каровай. Пятрок яшчэ ляжаў у куце на ложку і нават не кашляў, спаў, мусіць, а яна ўстала з палка, выйшла ў сенцы. Ля ганка, чуваць было, трохі цурчала са страхі, а пад дзіркай у сенцах ужо расплывалася на зямлі цёмная лужына. Каторы ўжо раз Сцепаніда раззлавана памянула свайго нядбайнага мужа і пасунула цабэрак пад тое месца ў страсе, дзе мерна капала ў дол. Прывыкшы рана ўставаць, Сцепаніда зразумела, што сну ўжо не будзе, тым болей што за дзяружкай ужо заварушыўся-закашляў Пятрок, шукаў свой капшук - дня ён не мог пачаць без закуркі. Санліва папазяхаўшы, Сцепаніда ўзяла з-пад акна кляновую, купленую вясной даёнку і пайшла ў хлеў да каровы.
        Тым часам амаль развіднела. Дождж густавата сеяўся з нізкага туманнага неба, але быў па-восеньску драбнаваты, без ветру і яшчэ не нарабіў гразі на падворку. Толькі ля варот хлява ў нізкім месцы блішчэла гнойная лужына.
        На ліпе пачала драць горла варона, - каб хоць не на якую бяду, устрывожана падумала Сцепаніда. Варона прылятала на ліпу ўжо чацвёрты ці пяты ранак - уссеўшыся на верхавіне і звесіўшы на падворак тоўстую чорную дзюбу, прарэзліва каркала, нібы кагось клікала з лесу. Разы два Сцепаніда кідала ў яе палкай з дрывотні, але варона сядзела і не палохалася. Накрычаўшыся, яна сціхала сама, не доўга яшчэ сядзела моўчкі, а дасля цяжка саскоквала з сука і, часта махаючы крыллем, ляцела цераз хлеў у гай. Ззаду на ліпе ціха гайдалася патрывожаная ёю галіна з некалькімі зрудзелымі лісткамі.
        Не спяшаючыся, Сцепаніда старанна выдаіла Бабоўку, з прыемнасцю адзначыўшы, што добра напасвіла ўчора ў Бараннім Лозе, - даёнка была поўная, з беражкамі. Нічога не скажаш, кароўка ўдалася на зайздрасць, маладая яшчэ, непераборлівая ў ежы і малочная; Сцепаніда берагла яе як самы вялікі набытак. Па гэтым часе такая карова - раскоша.
        Яна выйшла з хлява, падумаўшы, што Бабоўцы трэба кінуць ахапак атавы - якую гадзіну паласаваць у хляве, а самой, пакуль дождж, можа, зварыць крупніку ці бульбы - ужо дзён колькі яна не паліла ў печы і не гатавала гарачага. Аднак не паспела яна дайсці да парога, як да яе слыху, быццам з-пад зямлі, данёсся прыглушаны, але магутны нутраны вуркат. Не цямячы яшчэ, што гэта, яна выглянула з-за паркана ў вароты і аслупянела: па іхняй дарозе з гасцінца, цяжка валюхаючы па калдобінах, сунулася ў дажджавой імгле штосьці вялізнае, шэрае і тупалобае, што не адразу і з цяжкасцю нагадала Сцепанідзе машыну. Ззаду кацілася нешта меншае, з высокай, як у самавары, трубой, і вецер данёс на падворак пах дыму, як быццам ад дроў. На мокра-блішчастых баках машыны свяціліся нейкія літары, а вялізныя колы не змяшчаліся ў нешырокіх каляінах і адной стараной мялі-тапталі быльнёг на ўзбочыне. Машына паволі, але з нейкаю няўхільнаю непазбежнасцю набліжалася да сядзібы і яшчэ праз момант са змораным цяжкім дыхам сунулася ў вароты і спынілася на падворку. Гэты дых яе стаў яшчэ большы, у двары засмярдзела газай. З высокай ля кабіны прыступкі саскочыў мізэрненькі чалавек у капелюшы і даўгаватым пальтэчку, якога Сцепаніда адразу ж пазнала: то быў колішні местачковы настаўнік Свянткоўскі.
        - Добры дзень, пані Багацька, - з дзіўнаватай нязвыкласцю павітаўся настаўнік, тоячы загадкава-салодзенькую ўсмешачку на вастраносенькім твары. - Гуж распарадзіўся прыняць на кватараванне нямецкую каманду. Ну і - каб усё было добра.
        Сцепаніда, аднак, маўчала, няўцямна пазіраючы на машыну, брызентавы верх якой падпіраў нізкае голле ліп. І сапраўды, у той жа момант бразнулі жалезам дзверы, і на падворак адразу сіганулі двое. Яшчэ не згледзеўшы ні іхняй адзежы, ні твараў, па чымсьці няўлоўна-насцярожаным, што ішло ад іх постацяў, Сцепаніда зразумела, што гэта - немцы. Толькі калі тыя скіравалі да яе па падворку, яна адзначыла сабе ў думках, што яны ходзяць, як людзі, на дзвюх нагах і, здаецца, нават без зброі - той, што саскочыў з гэтага боку машыны, быў у цеснаватым, з мноствам гузікаў на грудзях мундзірчыку; на маладым белым твары яго за круглымі акулярамі ў чорнай аправе блукаў зусім нязлы - звычайны хлапечы выраз, на галаве з высока падстрыжанай патыліцай сядзела нейкая растапыраная, без казырка, шапачка-пілотка, і з кароткіх рукавоў мундзірчыка звісалі тонкія рукі. Але другі, што неяк порсценька выкаціўся з-за машыны, быў зусім інакшы - кругленькі, таўставаты чалавек з надта жвавым, нават мітуслівым позіркам, якім ён умомант ахапіў падворак, хлеў, хату і штось буркнуў ёй - незадаволенае і патрабавальнае. Але яна не зразумела яго і сама не свая стаяла з даёнкай на сярэдзіне падворка.
        - О, млеко!
        Толькі цяпер да яе свядомасці дайшло, што заехалі немцы сюды не так сабе, а кватараваць, як сказаў настаўнік, і пытаюцца пра малако, - хай яны падавяцца ім - ёй не шкада было малака. Але яны не кінуліся па малако, настаўнік загергетаў штось да гэтага вёрткага і кругленькага, і яна, ніколі не чуўшы такой гаворкі, аж з цікавасцю і здзіўленнем услухалася, ды не зразумела ніводнага слова. Мусіць, Свянткоўскі добра ўмеў па-нямецку, а немец па-нашаму не ўмеў нічога і таму штось сказаў па-свойму настаўніку. Свянткоўскі павярнуўся да Сцепаніды.
        - Пан германскі фельдфебель пытаецца, ці очэнь свежае гэта малако?
        - Свежае, чаму ж не, - сказала яна і паставіла на край муравы даёнку, ля беражкоў якой яшчэ не ўлеглася - гойдалася малочная пена.
        Яны нядоўга пагергеталі нешта, маладзейшы подбегам вярнуўся да аўтамабіля і прынёс адтуль белую пляскатую кварту. Свянткоўскі асцярожненька зачэрпнуў поўную кварту сырадою і ўслужліва падаў пану фельдфебелю. Той спаважна ўзяў і, угнуўшыся, каб не абліць выпнуты жывоцік, выпіў малако і абярнуў у паветры кварту.
        - Іст гут!
        Настаўнік аж весялей неяк зачарпнуў яшчэ маладому, у акулярах. Выцягшы рукі з караткаватых рукавоў мундзірчыка, той таксама выпіў. Затым кварту ўзяў прысадзісты, немалады немец з рабым, як ад воспы, тварам і таксама ўсё выпіў. Але чацвёрты, высокі, як жардзіна, апрануты ў нейкі балахоністы камбінезон, толькі паспытаў з кварты і тут жа пляснуў малако на траву; зялёная мурава на пяць крокаў забялелася, нібы ўзялася цвіллю. «Не спадабалася, каб ты прапаў», - падумала Сцепаніда. Сама не свая, яна пакорліва стаяла каля даёнкі, азіраючы нечаканых заезджых, сэрца яе дужа калацілася ў грудзях, але, здаецца, якой пагрозы на іхніх тварах ці ў рухах не было відаць. «Можа, нап'юцца і паедуць далей», - падумала яна, неўпрыцям ціхенька паўтараючы: «Добрае малачко, добрае». Немцы, аднак, не звярталі на гэтыя словы ніякай увагі, як і на яе таксама. Пакуль іншыя пілі, фельдфебель пасноўдаў сюды-туды па падворку, яна падумала: заверне ў хату, аж не - павярнуў да хлява, затым падышоў да калодзежа. Свянткоўскі, сморгаючы ў роснай траве новымі ботамі, падаўся за ім, і яна чула, як яны там гергеталі штось незразумелае для яе па-нямецку.
        Тыя, што напіліся малака, таксама па адным перайшлі да калодзежа, штось іх там зацікавіла. Яна стаяла каля даёнкі, не ведаючы, ці ўжо сысці куды далей з воч, ці яшчэ пачакаць. Але, мусіць, трэба, каб тут быў гаспадар, які кудысьці прапаў і не паказваецца. Ці ён не бачыць, хто да іх завітаў?
        - Пані Багацька! - зноў гукнуў яе Свянткоўскі. - Германскі фельдфебель мае жаданне паспытаць вашай вады. Будзьце так ласкавы, прынясіце вядро.
        - А, вядро! Зараз...
        «Дабраліся нарэшце», - зласліва падумала яна, подбегам трухаючы ў сенцы. Там яна здушана-спуджаным голасам крыкнула ў хату: «Пятрок!» - плюхнуўшы рэшткай вады ў цэбар, вынесла на падворак новае цынкавае вядро, якое ў яе перахапіў маладзейшы, у акулярах. Прычапіўшы вядро да ланцуга, ён спрытна раскруціў барабан і, як толькі вядро пляцнулася аб ваду, пачаў лёгка выкручваць за жалезную ручку, а іншыя, нерухома пастаўшы ля зруба, чакалі. На яе яны зноў перасталі звяртаць увагу, і яна ўжо рашыла падацца ў хату, каб усё ж выпхнуць адтуль Петрака. Ды ў гэты момант ён і сам паказаўся на ганку - у апорках на босую нагу пратупаў міма яе да калодзежа і з нейкай страхавітай асцярогаю зняў з галавы суконную, з абвіслым казырком кепку.
        - Ага, добрая вада, ведаеце, - трошкі дрыготкім, мусіць, ад хвалявання голасам загаманіў Пятрок.
        Немцы ўжо выцягнулі вядро і плёскалі з яго ў нейкі зялёны гляк, стрымана перагаворваючыся між сабой. Але ніхто з іх, апроч Свянткоўскага, нават не зірнуў на гаспадара хутара, і толькі калі настаўнік штось буркнуў, рабаваты немец змераў Петрака неспяшлівым позіркам. Той пакланіўся яшчэ раз, і тады малады, што стаяў бліжэй да яго, дастаў з кішэні пачак цыгарэт, спярша сам адну ўставіў у рот, а другую даў Петраку. Пятрок, усё камечачы шапку, няёмка ўзяў цыгарэтку і стаяў з ёю, быццам не ведаючы, што рабіць. Тым часам немец пстрыкнуў запальнічкаю і прыкурыў, Петраку, аднак, прыкурыць не паднёс.
        Яны нешта там гергеталі, мусіць, гаварылі пра калодзеж, а Сцепаніда ўзяла з падворка даёнку і пайшла ў сенцы. Зачыняць дзверы яна пабаялася, з прыцемку сенцаў пазірала на немцаў, слухала, як Пятрок неяк дужа хутка і па-мужчынску проста ўціраецца ў іхнюю кампанію.
        Праз хвіліну ён ужо нешта тлумачыў там, паказваючы то на падворак, то тыцкаючы рукой у калодзеж; шапку, аднак, усё не надзяваў, дробны дожджык сыпаўся на яго лысаватую, з рэшткай сівых валасоў галаву. І яны яго слухалі, нават не перапынялі. Гэтая лёгкасць ягоных адносін да немцаў, аднак, не спадабалася Сцепанідзе, і яна падумала: ці не павядзе ўжо ён іх у хату? Пушчаць іх у хату ёй чамусь не хацелася, хата была недатыкальным яе прытулкам, які трэба было берагчы ад чужынцаў. «Хоць бы яны хутчэй з'ехалі», - думала яна. Але, відаць па ўсім, з'язджаць яны сапраўды не збіраліся - адчапілі ад вялізнай машыны трохі меншы прычэп - паходную вайсковую кухню, і ўсе, апрача фельдфебеля, папіхаючы і аж чырванеючы тварамі, пакацілі яе на падворак. Пятрок памагаў таксама - рупна піхаў вялізнае гумовае кола, а пасля паказаў, дзе ямчэй уладкаваць кухню. Урэшце яны знайшлі для яе месца поруч з калодзежам, і Сцепаніда зусім апанурылася - тое, чаго яна найболей баялася, праўдзілася. Яхімоўшчына ад іх не ўбераглася. Што цяпер будзе?
        Але ўсё ішло, мусіць, само сабой, незалежна ад чыёй-небудзь волі, па нейкіх сваіх, часам страшных, часам дзівосных, законах, якія дыктавала вайна. Уладкаваўшы на падворку кухню, фельдфебель з настаўнікам скіравалі да сенцаў, і гэты дурань Пятрок ужо забег ім наперад, паказваючы дарогу ў хату. На парозе фельдфебель быццам нерашуча спыніўся, перш чым пераступіць яго, незадаволена-паныла паглядзеў у цемнаватае падстрэшша сяней. Свянткоўскі штосьці яму тлумачыў, але той маўчаў, усё азіраючыся па баках. Сцепаніда таропка адсунула далей ад парога цабэрак, і немец ступіў у сенцы. Каб не замінаць ім, яна таксама адышлася далей, да істопкі, усё згадваючы: што ім яшчэ трэба? Не ідуць жа яны сюды толькі затым, каб паглядзець на іхняе ўбогае жытло, мусіць жа, ім нешта трэба? Але вось Пятрок шырока расчыніў дзверы ў хату, і яны ўсе сунуліся туды з нейкаю нават нецярплівасцю ці нават цікаўнасцю, і яна з-за іхніх плячэй быццам нават чужымі вачыма ўбачыла сваю даўно ўжо не новую хату з трохі перакошаным прасценкам і счарнелымі бэлькамі на столі, сценамі, абклеенымі зжаўцелымі газетамі. Падлогу яна даўно ўжо не мыла, закруціўшыся з каровай, бульбаю і падсвінкам, і цяпер з прыкрасцю пазірала на гразнаватыя дошкі з прыкарэлым лушпіннем ля прыпека, пачарнелыя чыгуны ля парога. Скрозь па ўсёй яе хаце тупалі цяпер боты і грубыя каляныя башмакі, пакідаючы мокрыя і гразкія сляды на сухіх дошках падлогі, і яна падумала: якога д'ябла яны тут выглядваюць? Яна ўсё стаяла ў сенцах, напружана чакаючы, калі немцы выметуцца. Але яны ўсё гергеталі там, пазіралі ў вокны, аглядалі абразы, а фельдфебель, адхінуўшы дзяружку, зазірнуў у іхняе запечча, і вусны яго гідліва перасмыкнуліся.
        Яна так і не дачакалася, калі яны выйдуць, - яе ўвага адцягнулася на падворак, дзе ля калодзежа затхла дыміла, мусіць, сырымі дрывамі палілася, кухня, і худы ў камбінезоне немец перкаўся там, згінаючыся перад нізкай топкай. Пасля ён кудысьці рашуча пакрочыў цераз падворак, і яна аж спалохалася: ці не ўчуў ён свінчо? Але не па свінчо, мусіць, тое сядзела сабе ціха, а немец неўзабаве зноў паявіўся на падворку - крывячыся ў паясніцы, валок да кухні цэлы абярэмак дроў. У Сцепаніды, як яна згледзела тое, ажно схаладнела ў душы - то былі бярозавыя палены, беражоныя ёю на зіму для распалу, іх была зусім невялікая купка пад самай страхой ля хляўка. Але во, упароў! Першым яе жаданнем было выйсці і сказаць яму: нядобра ўсё ж робіш, чалавек, не тваё ж, мусіць? Але яна не сказала, а затым рашучасць яе апала, яна праглынула крыўдлівы камяк і сказала сабе: хай, пабачым, што яшчэ будзе.
        Сцепаніда ўжо адышлася ад першага страху, і ёй стала прыкра, яна адчула сябе тут лішняй, захацелася кудысьці сысці, каб нічога не бачыць і не расстрайвацца: хай гаспадараць, як хочуць. Ці яна перашкодзіць ім? Але яна трохі разважыла і зразумела, што пакідаць сядзібу нягожа; усё ж тут карова, падсвінак, яе дзевяць курыц з пеўнем. Як на тую бяду, карову яна не паспела выгнаць у поле, добра, што яшчэ перахавалі падсвінка і на таго цяпер не так лёгка набрысці гэтым памоўзам. І яшчэ добра, што яна не выпусціла з хляўка курэй - тыя хоць галадалі, але не кідаліся гэтым на вочы. Можа, яшчэ і пераседзяць. Карову ж, аднак, хаваць не было сэнсу, усё роўна пра яе яны ўжо ўведалі, карову трэба было адвесці на пашу. Сцепаніда пачала шарыць у сенцах вяроўку, як з хаты выскачыў Пятрок, яго паморшчаны, з растапыраным шчаціннем твар свяціўся, аднак, нейкаю бы жвавай радасцю.
        - Баба - яек! Яек давай, хутка!!!
        «Яек!» - сказала яна сабе. Ну, ведама, без яек у іх не абыдзецца. З яек яны пачынаюць, чым толькі скончаць? Трохі, аднак, памарудзіўшы, яна расчыніла дзверы ў істопку і ўзяла з-пад рэшата ў жорнах старэнькі свой кошык, у якім цьмяна бялеліся дзесяткі два яек. Яна хацела аддаць іх Петраку, хай бы частаваў там, але той ужо вярнуўся ў хату, і ёй давялося таксама пхнуцца туды. Не ведаючы, каму падаць яйкі, яна паставіла кошык на канец услона. Адразу ж да кошыка пацягнуліся чужыя рукі, і яна, адступіўшы трохі, не магла адарваць позірку ад гэтых страхавітых чужынскіх рук. Першай туды порсценька сунулася белая, далікатная ручка, мусіць, таго фельдфебеля, яна намацала верхняе круглявае яечка ад рабенькай курачкі, самай яе нясушкі. Але чымсь тое не задаволіла немца, ён паклаў яйка назад, узяў меншае, можа, чысцейшае ці болей жаўтлявае. Круглае ж адразу падабралі тоўстыя, як каровіны сіські, пальцы з рудымі валасамі ля костачак; затым узяла іншае яйка з краю маладая, не дужа чыстая шафёрская рука, што выпнулася са знаёмага караткаватага рукава мундзірчыка. Далей Сцепаніда чамусьці не магла ўжо глядзець - яна апусціла вочы на трохі папэцканыя ў траве хромавыя боты Свянткоўскага. Перагаворваючыся па-свойму, немцы залускалі шкарлупіннем, білі аб нешта яйкі і гучна хлёбалі з іх, без хлеба і солі. Адчуўшы гідлівасць, яна павярнулася, каб выйсці ў сенцы, і ледзьве не сутыкнулася з фельдфебелем, які топкім сцізорыкам акуратна дзёўбаў жоўтае яйка рабой нясушкі.
        Дзіўна, як хутка яна супакоілася, мусіць, таму, што яны аказаліся не надта ўжо страшныя, не лаяліся і не пагражалі, - яны проста паводзілі сябе роўна і ўпэўнена, як гаспадары на гэтым падворку. Што ж, яна разумела: яны перамаглі, заваявалі гэту зямлю, мусіць, іхняе права цяпер рабіць, што захочуць. Відаць па ўсім, яны надта добра ведалі і пільнаваліся гэтага права. Але менавіта гэта іх упэўненасць у сваёй праваце і ўсведамленне беспакаранасці за тое, што не прынята рабіць між людзьмі, адразу настройвалі яе супраць. І яна адчувала, што незалежна ад таго, як яны паставяцца да яе, добрыя адносіны паміж імі наўрад ці магчымы.
        Калі яны гурбою выпхнуліся з нізкіх дзвярэй на каменны прыступак ганка, яна стаяла каля хлява на падворку і чакала. Яна наўмысля пільнавала на шляху на дрывотню, каб спаткаць таго, у камбінезоне, што завіхаўся ля кухні, накладваў бярозавыя паленцы ў топку. Сказаць яму яна не магла нічога - яна толькі хацела зірнуць у яго бессаромныя вочы. Але ён болей не ішоў па дровы - ён добра ўжо расшураваў сваю кухню-машыну, і тая поўніла падворак дымам, час ад часу з жалезнай трубы шугала іскрамі ў неба. Сцепаніда падумала: каб хоць не згарэць тут праз іх. Усе гады, што жыла тут, яна чамусьці баялася пажару ад печы ці ад маланкі, неаднойчы ёй нават снілася ўначы, як гарыць яе Яхімоўшчына, а яна бяссільна бегае вакол, бы на ватных нагах, і нічога зрабіць не можа.
        Немцы выйшлі ўсе разам на двор, фельдфебель трохі аддзяліўся ад іншых, нешта наказваў Свянткоўскаму, які вельмі ўважліва яго слухаў. Затым ён звягліва крыкнуў штосьці на кухара, той адразу прутка выцягнуўся, кінуў у адказ адно толькі «яволь!». Што фельдфебель казаў ім - добрае ці благое, яна не ведала і падумала: каб вы перадохлі ўсе разам!
        Іншыя тым часам звалаклі з машыны і саставілі пад страхой на прызбе некалькі жоўтых драўляных скрынак, накладзеных чымсьці цяжкім і грувасткім, мяхі з чорнымі клеймамі на баках; там жа на прызбу паставілі дзве караткаватыя вінтоўкі з жоўтымі раменнымі почапкамі. Напэўна, усё гэта заставалася тут, з кухняй, а машына збіралася выязджаць, - малады, з выстрыжанай патыліцай шафёр ужо сядзеў у машыне, і тая, завёўшыся, аж трэслася ўся ад натугі.
        Фельдфебель ускочыў з другога боку ў кабіну, машына грузна адкацілася назад, збочыла тупым задам у бульбу і, разгрэбшы там цэлую канаву ў мяккай зямлі, вывернула на дарогу.
        У двары засталася кухня і пры ёй двое - тонкі злы кухар і пажылы, з рабым тварам немец. Яны ўзяліся цягаць з калодзежа ваду, а Пятрок з нейкім вінавата-шкадлівым выразам у вачах прытэпаў да жонкі.
        - Вой, вой! - сцішана сказаў ён. - Доўга кватараваць будуць.
        Яна маўчала, хоць ад тых яго слоў ёй стала і зусім млосна. Але ўжо яна здагадвалася, што гэта - не на кароткі час, мусіць, цяпер надоўга. Пятрок азірнуўся, быццам іх мог хто падслухаць.
        - Сказалі падлогу вымыць. Лішняе павыцягваць.
        - Куды павыцягваць?
        - Сказалі, у істопку. Нам тожа.
        - Што гэта, лета - у істопку? Удумалі...
        - Сказалі. Каб к вечару ўсё. Іхні галоўны прыедзе.
        - Хай прыбіраюць! Хай усё прыбяруць. Хай падавяцца, - зазлавала яна, успамінаючы, як Пятрок кінуўся ім дагадзіць. Але ўсё марна: во, выганяюць.
        Было ўжо не рана, воглае неба па-ранейшаму нізка вісела над мокрай зямлёй, але дождж перастаў, вецер таксама, здаецца, улёгся; у падворку драў горла дым, які абвалок хату, істопку, шызай пеляной расцягнуўся ўздоўж па бульбянішчы, над гародам. Сцепаніда рашуча расчыніла вароты хлява, забратала карову. Хай робяць, што хочуць, - ёй трэба выганяць карову на пашу, годзе той стаяць у хляве. Каб лішне не назаляць немцам, яна павяла карову цераз дрывотню ў гарод - наўпрасткі па бульбянішчы ў поле. Бабоўка разы два трывожна азірнулася на чужых у двары, Сцепаніда са злосцю тузанула яе - хутчэй прэч з падворка.
        Яна вяла карову па ўзроўку ўніз, куды збягала бульбянае поле. Роў гэты падступаў да самага канца гарода і быў глыбокі, з ручаём і крыніцай на дне, ягоныя схілы густа зараслі алешнікам і маладымі елкамі. Па той бок высіўся навідавоку ладны гаёк. На выпадак чаго ў рове можна было б адседзець дзень-два, а то і даўжэй, схавацца ад вайны, ад бяды, ад чужога нядобрага вока. Але каб не жывёла. З жывёлай доўга не выседзіш, яе трэба карміць. Зноў жа шкада сядзібы з яе якім-ніякім набыткам, якога з сабой не возьмеш, - а без яго якое жыццё ў лесе? Тым болей увосень, калі ўжо ліе за каршэнь і падбіраецца сцюжа. Мусіш трымацца жытла. Але во гэтае жытло спатрэбілася і ім. Ці другога тут не знайшлося? І ўсё, мусіць, пракляты той мост, дужа ён стаў ім патрэбны, і з ім разам спатрэбіўся гэты хутар.
        Карова згаладнела хапала з-пад ног мокрую дзяцеліну, ірвала з рукі вяроўку, і Сцепаніда падумала: хай! Ведама, што карысці злаваць на гэтага дурня Петрака, што ён цяпер можа? Як ні круціся, а калі загадалі, дык мусіш выконваць. Канешне, падлогу Пятрок не памые, і будзе бяды абаім. Мусіць, ёй трэба вяртацца на хутар.
        На невялічкім травяністым лапіку пры ўзроўку яна прывязала канец вяроўкі да камля алешыны і, паназіраўшы трохі, як Бабоўка ўзялася скубці траву, пайшла краем поля назад.
        Было ёй да гаркоты крыўдна ў душы і боязна, і чула яна: магчымасці яе людскага жыцця ўсё вузелі-змяншаліся. З кожным днём на свеце ўсё горшала, вайна ўчэпістай лапаю падбіралася ўсё бліжэй, а цяпер дык і зусім улезла ў хату, на самы покуць, пад абразы. І што было рабіць, апроч як бедаваць, лямантаваць, плакаць? Але слязьмі ды крывёю і так набрыняла зямля, што з таго шкоды вайне? Тады што ж - трываць усё моўчкі, чакаць лепшай часіны? Чула яна сваім сэрцам: за меншай бядой заўжды дыбае большая, тады заякочаш, але хто паможа?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.