РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
6
        
6

        
        Два немцы поркаліся сабе ля кухні, а Пятрок сеў ля акна ў хаце і з гора скруціў вялізную, з бабовы струк, цыгарку. Добра пакамечаную ў пальцах жаўтлявую нямецкую цыгарэтку ён схаваў за планку пад абразамі - скурыць калі ў іншы час. Трэба было брацца за справу - прыбіраць у хаце, выкінуць у істопку ўсё лішняе, аслабаніць ад бабскага начыння качарэжнік, а галоўнае - мыць падлогу. Ён злаваў на Сцепаніду за яе незгаворлівасць: кінула ўсё, пабегла. Чорт бы яе не ўзяў, тую карову, мусі бы, пастаяла да паўдня ў хляве. Ці тут да каровы, калі на падворак уехалі гэтыя... Аднак даў жа Бог клопату, наслаў немцаў, ці ім мала было гарадоў, мястэчак, хоць бы якіх вёсак, дык во, дабраліся і да гэтага Богам забытага хутара.
        Хваравіта кашляючы (балела з начы ў грудзях), Пятрок пазіраў у акно на тых двух, што цяпер гаспадарылі ля яго калодзежа. Адзін, здыхлаваты і белабрысы, у абвіслым на азадку камбінезоне, нешта сыпаў белае ў кацёл кухні, з якога валіла воглая пара, а прысадзісты, з рабым тварам раскладваў нейкі прыпас на вечку драўлянае скрынкі, акуратна засланай чыстай белай цыратай. «Глядзі, культурныя!» - з зайздрасцю падумаў Пятрок і гаротна ўздыхнуў: праз гэту іх культуру бярыся цяпер за вядро і анучу, расчынай гразь у хаце. Добра, што было суха і цёпла, дык ім яшчэ каб і чыста. Культурныя...
        Цыгарка яго тым часам ужо расклейвалася ў пальцах, але ён не меў чым яе прыпаліць і не адважваўся падысці да немцаў, каб папрасіць агню. Ды ўсё ж прага курыць нарэшце перасіліла нерашучасць, Пятрок выйшаў з сенцаў і спыніўся за пяць крокаў ад кухні, трымаючы навідавоку незапаленую цыгарку. Ён думаў, можа, яны ўбачаць і дадуць агню, прасіць яму было ўсё ж няёмка і трошкі боязна. Але яны быццам не заўважалі - даўгалыгі ўсё боўтаў у катле кухні, якая парыла і дыміла на ўсю акругу, а каржакаваты, мусіць, ягоны памочнік, вялікім нажом крышыў на белай цыраце сала. Пятрок ціха пакашляў і ступіў яшчэ два крокі наперад.
        - Гэта... Паночкі, каб прыкурыць...
        Мусіць, яго зразумелі - каржакаваты, у белым, завязаным на паясніцы фартусе, павярнуў да яго шырокі, рабы, нейкі зусім не германскага выгляду твар і нешта прабурчэў, нязлосна так: «Я-я». Пятрок не зразумеў, але па тым, што немец не сказаў болей нічога, здагадаўся, што яны дазваляюць. Падышоўшы да кухні, ён кавалачкам бярозавай карыны выграб сабе на траву вугалёк з топкі. Не дужа ўдала, абпёкшы пальцы, таропка прыкурыў ад вугольчыка і адчуў, як пасля першых зацяжак ягоная самасейка перабіла на падворку ўсе іншыя, чужыя тут пахі.
        - Вас, вас? - неяк жвава, мабыць, зацікаўлена, загаманіў да яго памагаты кухара і адклаў нож. Пятрок зразумеў і з гатоўнасцю выцяг капшук.
        - Ага, можна. Свая гэта, дамашняя, калі пан хоча...
        Немец ашчадна адарваў ад яго складзенай стосікам газеткі невялікі шматок, і Пятрок адмераў яму добрую шчапоць самасейкі. Немец даволі спрактыкавана скруціў цыгарку, старанна паслюніў і прыкурыў ад свае запальнічкі - нейкай адмысловай штуковіны, з якой пстрыкала сіненькім полымем. Пятрок сачыў за ім амаль з дзіцячай цікавасцю, усё ж хацелася, каб ягоная табака спадабалася немцу. Немец грунтоўна зацягнуўся, выпусціў дым, і Пятрок падумаў: закашляе. Але не, не закашляў, толькі лыпаў светлымі пад белымі брывамі вачыма.
        - Іст гут!
        - Гут? - успомніў Пятрок знаёмае яшчэ з той вайны нямецкае слова і ўзрадаваўся. - Я ж кажу... Добрая, ага. Свая, так што...
        - Гут, - яшчэ сказаў немец і нешта загаманіў да кухара, што арудаваў вялізным, як вясло, чарпаком у катле. Ды той раззлавана гыркнуў раз і другі, і гэты паклаў на краёчак стала цыгарку і ўзяўся за нож.
        Пятрок падумаў, што, мабыць, хопіць. Усё ж абодва яны пры справе, назаляць ім нягожа, і ён задам і бокам падаўся да ганка.
        Трэба было брацца за ўборку, але ён не ведаў, з чаго пачынаць. Ніколі ён не прыбіраў у хаце, заўжды гэта рабіла Сцепаніда, некалі ёй памагала Феня, у яго ж былі іншыя, чыста мужчынскія клопаты. Але во, мусіць, вайна ўраўняла, і цяпер не абышла і яго бабская справа. Найперш, мусіць, трэба было аслабаніць падлогу, каб не замінала мыць, і ён павыцягваў у сенцы ўсе чыгуны ад печы, вілы, качаргу, памяло; адсунуў стары ўслон ад парога, дзе аказалася процьма рознага хатняга начыння: дзіравыя атопкі, пабіты вазон, вечка ад кадкі, нейкія шчэпкі, мусіць, для растопкі ў печы. Усё, што тут стаяла і ляжала доўгія гады і мела сваё пэўнае месца, не замінаючы нікому, чаму цяпер яно павінна замінаць гэтым чужынцам? Але, мусі, во замінае. Пятрок вынес у істопку і розныя транты з вешала каля печы, зняў з цвіка кажух, далікатна ўзяў у рукі скрыпку. Скрыпку выносіць у сырую істопку яму не хацелася, яе трэба было сцерагчы ад вільгаці, і цяпер, разважыўшы, Пятрок асцярожна засунуў яе за абразы. Маленькая яго скрыпачка зусім схавалася там. Хай, мо дачакаецца лепшага часу.
        У хаце павальнела, зрабілася амаль пуста, і Пятрок, паўздыхаўшы, прынёс з сянец вядро з вадою, дастаў з-за печы анучу. Увесь час злуючыся на жонку, ён выліў вядро ля печы на самае затаптанае месца - хай адмакае. Вада шырока расцякалася па дошках, але спакваля збегла на ніжэйшае месца пад самы парог і сабралася ў ладную чорную лужыну. Пятрок стаяў сярод хаты. Яму трэба было ўзяць у сенцах галень, але ні разувацца, ні мачыць ногі яму не хацелася, і ён чакаў, пакуль вада куды-небудзь сыдзе.
        - Божа, што гэта? Што ты нарабіў? - пачуўся з сянец Сцепанідзін голас.
        - Дык падлогу ж мыць...
        - Во, анучай цябе па вачах! Хто ж так мые падлогу?! Ці ты здурнеў?
        Сцепаніда злосна ляскала сябе па сцёгнах - ведама, зрабіў не па яе, па-свойму, заўжды яму за гэта даставалася ад жонкі. Але, калі прыйшла, хай мые сама, ён сваё зрабіў, усё прыбраў, засталася падлога.
        - А што ж ты сышла з каровай?
        - Цябе не спытала...
        Пакуль яны сварыліся ў хаце - трохі стрымана перад чужымі і цішэй, чым звычайна, мусіць, немцы нешта пачулі. Сцепаніда ўсё яшчэ пляскала рукамі ў сенцах, таксама не адважваючыся пераступіць парог, як ззаду за ёй з'явіўся цікаўны рабы твар, немец ухмыльнуўся, нешта нават сказаў, і яна асеклася. Але затым ён вярнуўся да кухні, а Сцепаніда кінула цераз парог анучу, якая мокра пляснулася ля Петраковых ног.
        - Збірай ваду! Усю да кроплі збірай!
        Трэба было слухацца, і Пятрок, крэкчучы ад натугі, мусіў нагнуцца да лужыны. Ён зграбаў анучай гразкую чорную ваду і выкручваў анучу ў закапцелы стары чыгун. Але вады было процьма, дзіва, колькі набралася з аднаго толькі вядра. Сцепаніда тым часам зноў знікла кудысьці, і ён, каб хутчэй скончыць гэту дакучную работу, пачаў разганяць ваду па падлозе - у куткі, пад печ - абы не было лужыны. Гэта яму ўдалося лепш, чымсі збіраць яе анучай, Пятрок ужо набліжаўся да стаптанага ўчарнелага парога, як у дзвярах зноў вырас цень - на парог ступіў адной нагой немец у грубым падкаваным боце з вядром у руцэ, над якім лёгенька дымілася пара. Пятрок усё зразумеў і з прастадушнай удзячнасцю зірнуў у праставаты твар, які цяпер стрымана свяціўся дабрынёй.
        - Дзякуй, паночку. Во, дзякуй вам...
        Немец паставіў за парог вядро і выпрастаўся.
        - Біттэ, біттэ.
        - Во дзякуй! - сказаў Пятрок амаль расчулены і раптам падумаў, што трэба чымсьці аддзячыць. На ласку трэба адказваць ласкай, ці ж ён не разумее. - Хвіліначку, пане, - сказаў ён і паўз немца шмыгануў у істопку - недзе там яшчэ заставалася трохі яек. Ён толькі не ведаў дзе, і пакуль зазіраў у кашы і дзежкі, з падворка данёсся нецярплівы капрызлівы покліч: «Карл, Карл, ком!», і Пятрок зразумеў, што, мабыць, не ўправіцца: Сцепаніда хаваць умела. Немец пабег да кухні, а Пятрок расчаравана выйшаў у сенцы і сутыкнуўся з жонкай.
        - Бо, гэны Карла прынёс! Гарачай...
        - Гарачай...
        Аднак Сцепаніда, мусі, падабрэла ўжо, узяла з парога брудную анучу і толькі нагнулася да вядра, як у сенцах зноў матлянулася постаць. На гэты раз то быў Карлаў начальнік. З ціхім злым пошаптам ён ухапіў вядро і перакуліў яго на парозе. Цёплая пара шыбанула ўгору, і за ёй схаваўся спалоханы твар Сцепаніды, немец, махнуўшы вядром, імпэтна выскачыў на падворак.
        - Каб ты здох, злыдзень! - азвалася з хаты Сцепаніда. Пятрок азірнуўся - каб хоць не пачулі, бо калі зразумеюць, што тады будзе? Мабыць, гэты здыхляваты сапраўды злыдзень, з ім трэба асцярожна.
        - Ціха, баба. Іха ўласць, што зробіш...
        - Уласць, каб яна падавілася...
        Мылі падлогу ўдваіх сцюдзёнай вадой - добра яшчэ, што ў цэбры было назапашана з ночы, да калодзежа было не падступіцца. Пятрок не хацеў туды патыкацца, Сцепаніда таксама. Падлогу яна добра вышаравала гальнём, выцерла таксама лаўкі, пашкрэбла нажом доўгі стары стол, пазмятала з падаконнікаў. Пятрок прыбіраў у сенцах, выносіў усё ў істопку ці пад хлявок на прызбу, нейкае рыззё, пакулле паўсцягваў на гарышча. Мабыць, ніколі яшчэ іхняе жытло не мела такой турботы, ніколі, нават у святы, яго не прыбіралі так, як цяпер па прымусу, і Пятрок думаў: хто ведае, як гэта спадабаецца галоўнаму немцу, а раптам не дагадзіш, што тады будзе?
        Тым часам ля калодзежа даварваўся абед - дым з кухні амаль перастаў ісці, пара таксама скончылася, круглае вечка кухні было няшчыльна прычынена, і на падворку запахла смажаным, мусіць, салам з цыбуляй - немцы прыпраўлялі суп. Зласнавата-маўклівы кухар рабіў там, нібы аўтамат, не прысеўшы ні разу; пасля сваркі панура поркаўся ля стала ці ля топкі ягоны памагаты Карла. Але вось здыхлаваты выпрастаўся, дастаў з кішэні гадзіннік і нешта прагергетаў Карлу. Пятрок паціху прыбіраў у сенцах і ўсё цікаваў за імі, трохі нават шкадуючы Карла. Мабыць, таму добра папала ад кухара, інакш бы ён так не адварочваўся ад Петрака, калі той выйшаў на прыступкі і венічкам пачаў замятаць ля парога. У гэты час ад гасцінца даляцеў знаёмы нутраны вуркат, ранішняя машына, кулдыхаючы з боку на бок брызентавай будай, заварочвала да сядзібы. Пятрок з венікам кінуўся ў сенцы.
        - Едуць! Баба, ці чуеш?!
        Хапаючы штось на хаду, Сцепаніда выскачыла з хаты і прычыніла дзверы, яны абое стаіліся за шулам у сенцах і чакалі. Машына цяжка пхнулася па вузкай дарожцы і, як і раніцай, спынілася ў варотцах. Пятрок чакаў, што нехта выйдзе адтуль, але спярша там штось лязгнула, а пасля з той брызентавай буды пасыпаліся адзін за адным чалавек з дзесяць ці болей немцаў. Апрануты яны былі хто ў чым: у мундзірчыкі, нейкія курткі, двое ў плямістыя хвастатыя накідкі, і кожны з зялёным пляскатым кацялком у руцэ ці прышпіленым да дзягі. Зброі чамусьці ў іх не было відаць. Немцы не памкнулі да кухні, ля якой застылі абодва кухары, трохі часу яны папраўлялі дзягі, куртатыя свае пілоткі - пэўна, чакалі каманды. Тым часам з кабіны вылез чалавек у чорным цыратавым плашчы і высокім, як грэбень у пеўня, картузе з нейкаю белай адзнакай над казырком. Ён нешта сказаў перахлябістаму кухару, які паслухмяна цепнуў плячыма, нібы скалануўся, і толькі затым расслабіўся. Мусіць, то быў нейкі дазвол ці каманда.
        - Ахвіцэр, - здагадаўся Пятрок.
        Сцепаніда стала бліжэй да шула і маўчала, зышоўшыся ў страхавітай увазе да ўсяго, што рабілася на падворку. Але асабліва страшнага там пакуль не было нічога, салдаты абступілі кухню, і над іхнімі галовамі матлянуўся доўгі тронак кухарскага чарпака - пачыналася раздача абеду. Гэтаксама, як ля ракі ўлетку, калі на прывале харчаваліся нашыя чырвонаармейцы перад тым, як адступіць на ўсход. Цяпер ля калодзежа шчыльненька тоўпіўся тузін немцаў, нешта весела гергеталі і смяяліся, некаторыя спаласквалі кацялкі ля вядра, што стаяла пад тынам. Толькі афіцэр адышоўся воддаль, на сярэдзіну падворка, і, пазіраючы кудысь на страху хаты ці істопкі, дастаў з кішаня галіфэ тоненькі блішчасты партабак. Пакуль ён закурваў, Пятрок хацеў злавіць яго позірк, але вачэй афіцэра зусім не было відаць за шырокім, як конскі капыт, казырком картуза. Немец прыкурваў, паводзіў сюды-туды галавой, а побач усё нешта тлумачыў яму знаёмы кругленькі фельдфебель, паказваючы наўкола рукой. Мусіць, гэтая яго рука тыцнулася ўрэшце на дзверы, і тады афіцэр згледзеў у сенцах гаспадароў і чуйна знерухомеў паставай. Пятрок тузануў за плячо Сцепаніду.
        - Глядзі, ідуць!
        - Хай ідуць.
        Але чорт ведае, што было ім рабіць - стаяць ці хавацца, ці, можа, выйсці і сустракаць гасцей на парозе. Пятрок разгубіўся трохі і калі, згробшы з галавы кепку, сунуўся на парог, немцы ўжо ступілі на камяні насустрач. Тады ён падаўся назад, у сенцы, адступіў задам да істопкі, утаропіўшыся ў твар афіцэра, каб зразумець, з чым - благім ці добрым - ідзе той у гэты іх дом. Ды толькі на яго маладжавым, добра паголеным твары нічога не было, апроч хіба спакою і камандзірскае цвёрдасці, цёмныя вочы яго пад чорнымі брывамі толькі безуважна слізганулі па гаспадарах, даўжэй затрымаліся на змрочным падстрэшшы сенцаў; вяртлявы фельдфебель ужо расчыняў дзверы ў хату, і афіцэр нетаропка пераступіў парог. Дзверы за сабой яны не зачынілі, Пятрок чуў з сянец, як яны там не доўга пагаманілі аб чымсьці, але галасы былі сцішаныя, быццам спакойныя. Пасля з ранейшай дзелавой мітуслівасцю фельдфебель высунуўся з дзвярэй і некага таропка гукнуў з падворка («ком, ком»), два салдаты, грукаючы цяжкімі ботамі, кінуліся да ганка, фельдфебель нешта загадаў ім, тыя згодна азваліся: «Яволь, яволь!» - і зноў бягом падаліся да вялізнай машыны пад ліпамі. «Аднак дысцыпліна!» - зважліва падумаў Пятрок, не цямячы яшчэ, што ўдумалі тыя, у хаце. Але зараз усё стала панятна - салдаты валаклі з машыны складныя жалезныя ложкі - блішчастыя спінкі, плеценыя з металічных палосаў сеткі, нейкія пакункі, мабыць, з бялізнай і коўдрамі. Пятрок яшчэ адступіў да істопкі, каб не замінаць, і яны, порстка бегаючы, пачалі ўладкоўваць новы ўтулак у хаце, па не высахлай яшчэ падлозе соўгалі лавы, стукалі ложкамі. Да яго са Сцепанідай ніхто не звяртаўся, і Пятрок пачаў спакайнець трохі - можа, усё будзе добра. Ведама, папрацавалі, прыбралі ўсё як след, мабыць, будуць давольны. Але толькі ён падумаў так, як з-за шула ў дзвярах паявіўся вяртлявы фельдфебель, які, нібы малому, кіўнуў яму пальцам:
        - Ком!
        Адчуўшы раптоўную слабасць у нагах, Пятрок увайшоў у хату, у якой пад абразамі на месцы адсунутага ўбок стала ўжо стаяў сабраны блішчасты ложак з клумкам бялізны на сетцы; з другім яшчэ поркаўся малады мізэрнага выгляду немчык. Мусіць, да Петрака ў іх з'явілася нейкая патрэба, бо афіцэр, расставіўшы ногі, пазіраў на яго ва ўпор. Іх позіркі сустрэліся, і сэрца ў Петрака здрыганулася ад прадчування блізкай бяды.
        - Вас іст дас? - з напятай пагрозай у голасе сказаў афіцэр, тыцнуўшы пальцам кудысь у сцяну, абклееную зрудзелымі, сям-там прадранымі ўжо газетамі. Пятрок толькі зірнуў туды, як адразу змярцвеў ад страху - на самым відавоку, дзе дагэтуль вісеў кажух, цямнеўся на газеціне здымак Першамайскага свята ў Маскве і на ім - партрэт Сталіна.
        - Вас іст дас? - сцішана паўтарыў немец.
        Пятрок усё зразумеў і маўчаў: бо што ён мог ім сказаць? Ён толькі з прыкрасцю пры сабе вылаяўся - трэба ж было так не даглядзець! Шаравалі падлогу, стол, прыбіралі ў кутках, а на сцены не паглядзелі нават. А цяпер во, расплата...
        - Сталін, паночку, - запалым голасам урэшце выціснуў з сябе Пятрок, гатовы да ўсякай кары.
        - Сталін карашо?
        - Ну, ведаеце... Мы людзі простыя... Каму карашо, каму не надта... - паспрабаваў выкруціцца Пятрок, падумаўшы пры сабе: каб цябе маланка забіла, чаго ты да мяне вяжашся?
        Позірку, аднак, ён не адрываў ад афіцэра, апасліва стараючыся зразумець, што будзе далей, якая спасцігне яго кара.
        У цёмных вачах афіцэра бліснула гняўлівая строгасць, хоць цвёрды чарнявы твар заставаўся ранейшы - спакойна-няўрымслівы, але рука пацягнулася на жывот, дзе злева ад спражкі грувасцілася тоўстая скураная кабура. Рука гэта з блішчастым вузкім пярсцёнкам на пальцы нетаропка расшпіліла язычок кабуры і ашчаперыла чорную рукаяць пісталета з тонкім даўгаватым ствалом.
        «Ну, усё! - паныла падумаў Пятрок. - Як жа недарэчна, аднак... Каб хоць сказаць што Сцепанідзе...»
        З ранейшаю неспяшлівасцю немец апусціў руку, другой дужа тузануў пісталет, у якім нешта касцяна шчоўкнула, і рука пачала паднімацца ўгору, паўз Петрака. «Зараз паверне!» - падумаў Пятрок і ўжо склаў пальцы, каб перахрысціцца напаследак, як ствол на секунду знерухомеў і ў хаце грымотна бабахнула.
        Петрака аж хіснула ад страху, вакол засмярдзела порахам, і сіні смярдзючы дымок ціха паплыў да акна.
        У сцяне на сярэдзіне здымка чарнелася круглая дзірачка. Каб не спазніцца пасля, Пятрок загадзя і таропка перахрысціўся, гатовы да ўсяго найгоршага.
        - Капут! - холадна зазначыў немец і, чамусь дзьмухнуўшы ў ствол пісталета, запіхаў яго ў кабуру. Твар яго зноў не азначаў нічога, вочы холадна свяціліся пад шырокім казырком-капытом. Сам не свой ад страху, Пятрок стаяў ля акна, пакуль фельдфебель ззаду не дужа моцна, але настойліва не штурхануў яго ў плячо.
        - Вэк!
        Ён хістка пераступіў парог, ледзь паднімаючы ацяжэлыя ногі, сунуўся ў істопку. У яе пыльным прыцемку аслупянела стаяла Сцепаніда.
        Пятрок знясілена прытуліўся да яе пляча.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.