РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мёртвым не баліць
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
2
        
2

        
        У вестыбюлі прыглушаны гоман. Стук дзвярэй, раз-пораз урываецца грукат машын з вуліцы. Па той бок вялізнага акна бясконца мільгаюць людзі: маладыя і старыя, жанчыны, дзяўчаты, хлопцы, заклапочаныя, вясёлыя – розныя. Пад вечар на дварэ пацяплела. Суняўся вецер. Ліпы растапырылі першыя ўвесну маленькія клейкія лісточкі. Пасля доўгага, нуднага дажджу высахлі тратуары.
        Здаецца, пачынаецца трохі спазнелая і таму яшчэ болей жаданая вясна.
        Але вось у прыглушаную гасцінічную гаману ўрываюцца нетутэйшыя галасы – незнаёмыя словы, чужы напеўны акцэнт. Вясёлы жаночы смех многіх прымушае азірнуцца. Натоўп турыстаў нетаропка ўліваецца праз дзверы і напаўняе прасторны гасцінічны вестыбюль. Ля пад’езда за шклянымі дзвярыма стаіць вялізны, у эмалі і нікелі, замежны аўтобус.
        Ля бар’ера змаўкаюць размовы, твары паварочваюцца да дзвярэй. Турысты без спеху, спаважна і з ленасцю нясуць свае сумкі, чамаданы, пледы. Завіхаюцца швейцары. На сярэдзіне вестыбюля, пад калонай, складваецца багаж – цэлая гара з чамаданаў. Мой сусед вызначае:
        – Французы! Не, італьянцы... Не хочаце паглядзець?
        Пакінуўшы на крэслах газеты, мы ўстаём і падыходзім бліжэй да выхаду. Турысты на нас не зважаюць. Яны поўняцца жвавасцю ўласных узаемаадносін. Тонкія жанчыны ў штанах або клёшах смяюцца і кураць. Чорныя, светлыя, рыжыя прычоскі. Зіхатлівыя цёмныя позіркі. Ярка фарбаваныя вусны. Чарнявыя плячыстыя мужчыны стрыманыя і велікадушныя, як мудрацы між свавольніц. У іх свята: паездка, новая краіна, пра якую яны столькі чулі і толькі цяпер убачылі. Турботны тлум будняў яны пакінулі дома. Зайздросная рыса характару – адмяжоўваць будні ад святаў, непрыемнае ад радаснага. У нас, на жаль, так не атрымліваецца. Мы носім з сабой усё: клопаты і радасць, будні і нядзелі. У выхадны ў нас ужо зачынаецца панядзелак. Мы занадта маем у сабе з мінулага. Цяжкога, з часоў ваеннага ліха. Нешта ад шматгадовага недаверу да чалавека. Хоць тут нічога не зробіш. Пэўна, у нашай гісторыі занадта многа такога, пра што немагчыма забыцца. Таму мусіш памятаць. Нават і ў Дзень Перамогі.
        I мы маўкліва стаім каля гардэроба. Мой сусед з цікаўнасцю ўзіраецца ў твары чужаземцаў. Гэта зманліва – пранікнуць у стоены сэнс незнаёмых характараў. Але я нават і не спрабую. Французы, англічане, італьянцы для мяне – закрытая кніга. Іх я не пасцігаю. Іхняя сутнасць недзе ў іншай плоскасці разумення. Другая справа – немцы.
        Гэта страшная, часам невытлумачальная з’ява – фашызм. Але мне здаецца, я блізка да таго, каб яе зразумець. Вядома, зразумець – неабавязкова апраўдаць. Мне здаецца, гэты сфінкс разгадваецца проста: шалёная актыўнасць адных пры мяшчанскай пакорлівасці другіх. 3 аднаго боку, мараль: мэта – усё, сродкі – нішто. 3 другога: мая хата – з краю. Палітыка – не наша справа. За ўсіх думае фюрэр. Мы – маленькія людзі. I ў дадатак – самая раз’юшаная прапаганда, здольная чорнае выдаць за белае.
        Немцы нам нарабілі нямала бяды, але мы незласлівыя: хай жывуць добра. Галоўнае, каб мірна. За мінулае, здаецца, мы расквіталіся. Помста ж у гэтым выпадку не мае сэнсу.
        Пакуль мы глядзелі на турыстаў, міма нас хуткім крокампраходзяць адзін, другі – ад бар’ера. У руках – зыаёмыя аркушыкі прапускоў. Урэшце, мусіць, з’явіліся месцы. Я крута заварочваю назад і ледзьве не сутыкаюся з «законнікам». Ён з партфелем і таксама з пропускам. Абдаўшы мяне бляшаным шоргатам свайго плашча, таропка скіроўвае да ліфта. На твары ўжо заклапочанасць без ценю нядаўняе блазенскай лёгкасці. Я трохі дзіўлюся.
        – Глядзі, ужо адхапіў!
        Хлопец іранічна хмыкае.
        – Ну. Я ж казаў.
        Мы падыходзім да чаргі ля бар’ера і, вядома, спазняемся. Знайшлося ўсяго чатыры месцы. Атрымала таксама чацвёра. У тым ліку і той, без чаргі.
        Астатнім трэба чакаць.
        Маё месца за сталом пустуе. На суседнім сядзіць стомленая з выгляду, немаладая жанчына. Сусед, патаптаўшыся, моўчкі адыходзіць да бар’ера. Я саджуся.
        Чарга абураецца. Асабліва цяпер, калі «законніка» прастыў і след. Калі ён ужо, мабыць, прабуе краны і мацае матрац у нумары... А яны сварацца. Дзіўныя людзі! Калі ён лез да адміністратара, тады ўсе маўчалі. А цяпер махаюць рукамі.
        – Безабразіе!
        – Мы кнігу скаргаў патрабуем.
        – Хамства – так паступаць...
        Асабліва абураецца адзін. Здаецца, яму ледзьве не дасталося месца. Цяпер ён соўгае на галаве зялёны вялюравы капялюш і сярдзіта круціцца ля бар’ера. Шырока разлятаюцца доўгія полы ягонага габардзінавага паліто.
        – Безабразіе! Нахабства!
        Сунуўшы рукі ў кішэні, ён нервова адварочваецца ад бар’ера і сустракаецца са мной позіркам. I раптам у маіх вачах здрыгаецца гарачы тлумны туман. Незразумелая нервовая хваля жарам абдае мяне да пят. Тугі ўдар звону ў вушах ураз адкідвае ў мінулае. У свядомасці маланкай мільгае адно толькі слова – «Сахно». Не, я не ўспомніў гэтага чалавека, проста я ніколі яго не забываў. I цяпер вось ён, – за пяць крокаў ад мяне, – трошкі азызлы з твару, брывасты і па-ранейшаму пагрозліва рашучы. На галаве нядбайна надзеты капялюш. Габардзінавае паліто не зашпілена і нізка абвісла поламі. На жоўтых чаравіках ляжаць светлыя калашыны штаноў. «Шыракаватыя», – заўважаю я зусім недарэчы. Акінуўшы мяне імгненным няўцямным позіркам, ён паварочваецца да бар’ера.
        Закасцянелыя на імгненне суставы мае расслабляюцца, і я абнікаю ў крэсле. Рэшткамі падкантрольнай сваёй свядомасці адзначаю, што разгубіўся. Ніколі не думаў, што можна гэтак спасаваць перад ім. Колькі разоў за гэтыя гады ўяўляў сваю з ім сустрэчу, свае гнеўныя словы... I вось!.. Калі б ён цяпер падышоў і ўдарыў мяне, я, мусіць, не знайшоў бы, як адказаць. Бывае, што нахабства паралізуе. Мяне паралізаваў адзін яго выгляд.
        Аднак у наступную хвіліну я ўсё ж ускокваю з крэсла. Рып... рып... Пракляты пратэз! Цяпер ён мне замінае. Цяпер мне патрэбны жалезныя ногі. I сталёвыя кулакі. Мусіць, на маім твары адбіваецца штосьці нядобрае. Двое ля чаргі з гатоўнасцю расступаюцца, і я бокам прысланяюся да бар’ера. Ля яго, побач. Безуважны да мяне, ён гнеўна даводзіць адміністратару:
        – Я за тысячу кіламетраў прыехаў. Дзе я начаваць павінен? Скажыце, дзе?
        – Гэта не мая справа.
        – А чыя ж тады справа? Для чаго тады вы тут седзіцё? – ён рэзка адварочваецца ад бар’ера: яму патрэбен саюзнік. – Чулі, не яе справа?.. Во логіка!
        Але мой выгляд, мусіць, яго ахалоджвае. Ён скідае капялюш і далонню выцірае ўзмакрэлую стужку падкладкі. Я адзічэла гляджу ў яго раззлаваныя вочы, і гарачая хваля ў маім нутры памалу астывае. Я пазнаю яго і не пазнаю. Чорт, няўжо я памыляюся? Ён трохі нават з жывоцікам і даволі-такі лысаваты. Той быў з выдатнай страявой выпраўкай і з чорнай жорсткай чупрынай на галаве. Вочы нахабныя і падпухлыя – мусіць, хворыя ныркі. Рост... Рост, мабыць, той жа. Толькі гэты таўсцейшы.
        Але ж мінула дваццаць гадоў...
        Адолеўшы нейкае нутраное зняменне, я адыходжу. У канцы бар’ера, воддаль ад усіх, аблягаюся на локаць. Збянтэжанасць мая пакрысе мінаецца. 3-пад ілба я неадрыўна назіраю за ім. Ён ці не ён? Я трохі баюся, каб ён не пазнаў мяне. Тады ён напэўна знікне. Хоць пазнаць мяне не так лёгка. У той час я быў амаль хлопчык. Дзевятнаццацігадовы малодшы лейтэнант. Да таго ж для яго я – забіты.
        А ён не адступае ад жанчыны-адміністратара. У край бар’ера ўчапіліся яго пальцы – кароткія і таўставатыя. Ён працінае жанчыну дакорлівым позіркам. Памятным, ненавісным мне позіркам. Я бачыў яго розным: пагрозлівым, разгубленым і агідна ўгодлівым. Цяпер ён нахабна-патрабавальны. Жанчына робіць вягляд, што занята паперамі і не заўважае яго. Але не заўважыць яго немагчыма. Чалавек ведае гэта і нязрушна высіцца на бар’еры. Ужо ён даб’ецца свайго.
        Цягучы, натужлівы звон у маёй галаве памалу аддаляецца. Паступова я страчваю катэгарычнасць першае ўпэўненасці. То здаецца – канчаткова і выразна: ён! То раптам у твары яго з’яўляецца нешта невядомае мне, чужое, першы раз убачанае. Я не ведаю, што мне рабіць, і стаю. На плечы ўзвальваецца цяжар неадольнай знямогі. Я адчуваю сябе ўшчэнт знясіленым і разгубленым.
        У гэтым маім аслупяненні мінае, відаць, шмат часу, і каля адміністратара нешта адбываецца. Здаецца, аб’яўляюць, што месцаў болей не будзе. Людзі пачынаюць разыходзіцца. Нехта кажа да астатніх: «Пайшлі глядзець салют!» Нехта не згаджаецца: «Я лепш на вакзал. Пакуль лаўкі не занялі».
        Чарга ля бар’ера хутка радзее. Неяк знянацку я губляю яго і нідзе ўжо не бачу. Спахапіўшыся, падыходжу бліжэй, азіраюся. Але яго няма. Няма каля адміністратара, не відаць у вестыбюлі. Нібы ён праваліўся ў зямлю. Дзіўна!
        Тады я спыняюся перад бар’ерам і нічога не цямлю. У душы такое адчуванне, нібы па маёй віне здарылася непапраўнае. Людзей усё меншае. Жанчына з-за стала таксама пайшла, і абодва крэслы пустуюць. Мне трэба неяк сабрацца з думкамі. Крыўдна, калі ўсё гэта толькі здалося. Столькі душэўных турбот і – дарма! А калі ўсё ж ён? Што тады? Што я павінен зрабіць?
        Трэба штосьці абдумаць і нешта вырашыць. Або, не трацячы часу, дагнаць яго? Ці, можа, паклікаць міліцыю? Зрэшты, міліцыя тут ні пры чым.
        Урэшце, у гэтым кутку вестыбюля застаецца толькі адміністратар за перагародкай і нейкі п’янаваты няўдака. Падпіраючы спіной калону, ён не можа вымавіць ні слова і тупа глядзіць у падлогу.
        Туга бразгаюць дзверы, і мяне абдымае мітусня вуліцы. На тратуарах людна. Усе некуды ідуць, ідуць, ідуць – мабыць, да помніка на плошчу. Стоеная перадвячэрняя ціша поўніцца пахам тапалёвай лістоты. Бензінавым чадам патыхаюць машыны. Купка людзей ля марожаншчыцы цярпліва дамагаецца свае асалоды. Бабка з пучком пралесак у старэчых руках...
        Я немаведама куды брыду, як лунацік. Пачынае балець галава. Заўжды, калі панервуюся, мые баліць галава. У кішэнях, на жаль, аніякай таблеткі. Мусіць, трэба б ісці шукаць дзе прытулку. Але я ўжо мала што і заўважаю. У растрывожанай памяці размываюцца напластаванні гадоў і падзей. У востра-свяжуткіх вобразах паўстае даўняе і навек незабыўнае. Тое, што, як падмурак, лягло ў мой лёс і ляжыць там гіганцкім Баальбекскім каменем. Я ўжо ведаю, яго не пазбудзешся. Яго не зальеш гарэлкай. Не забудзеш у вясёлым разгуле. Яно заўжды ў сэрцы. Бо яно – гэта я.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.