РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
II
        
II

        
        — Дранікі! Дранікі! Гарачыя дранікі, — крычала Вольга, пляскаючы ў далоні і прытанцоўваючы ад холаду. Але ў той дзень і на такі ласунак, як гарачыя дранікі, не надта кідаліся, не так, як раней, калі на рынках пачалі гандляваць харчам, які можна тут жа з'есці. Голад — найлепшы эканаміст — падказаў тым, у каго было што прадаць, як гэта зрабіць найвыгадней. Да вайны вараным ды смажаным не гандлявалі, не было патрэбы. Хто б гэта пачаў есці на рынку? Хіба п’янюга які. Праўда, Вользе расказвала маці, што пры нэпе тут, на рынку, стаялі жароўні, на іх смажыліся кілбасы, гатавалася верашчака, пякліся бліны... Але тады было прадуктаў, а таму нэпманы і вынаходзілі, як прывабіць пакупніка. Цяпер жа, у акупацыі, такі гандаль ад галадухі. Вольга адна з першых здагадалася, што патрэбна людзям, якія блукалі па рынку і нават на качан капусты глядзелі галоднымі вачамі. Каб нехта ўпікнуў яе, што яна абірае галодных, то яна плюнула б такому ў вочы. Не, яна памагае людзям, робіць дабро, няхай скажуць дзякуй, што ёй удалося і бульбы накапаць, і мукі запасці, і алею. Урэшце, прадаць усё гэта можна, не выходзячы з дома, цяпер любыя прадукты з рукамі адарвуць, дзякуй скажуць. А яна пячэ гэтыя дранікі, сама ж дровы купляе тут, на рынку. і пасля стаіць на холадзе, дубянее. Пра тое, што без гандлю яна ўжо не можа жыць, што гэта зрабілася для яе патрэбай, сутнасцю існавання, — пра гэта яна не думала. Натура прымітыўных людзей, нават зладзеяў і катаў, такая, што любым сваім учынкам яны шукаюць высакароднае апраўданне: адны тлумачаць іх нейкімі вялікімі ідэямі, другія — жаданнем жыць, не памерці з голаду, карміць дзяцей і г. д.
        Што не кідаліся на дранікі, не расхоплівалі іх, Вольгу не вельмі непакоіла: не прападзе яе тавар, прадасць — голад, як кажуць, не цётка.
        На рынку ў той дзень было пуставата. Моцна захаладала. Рана захаладала — сярэдзіна кастрычніка ўсяго, у мінулыя гады ў такі час ззяла золатам бабіна лета. А тут, як на гора тое, ужо добра марозіла. Але пазаўчора, учора яшчэ грэла скупое асенняе сонца, а ў той дзень па небе ляцелі цяжкія цёмныя снежныя хмары, разы два сыпаліся снежныя крупы, потым хмары парвала, шугануў вецер, ён узнімаў на рынку пясок, засыпаў вочы. Было няўтульна, сумна і трывожна. Рынак апусцеў, пэўна, і па іншай прычыне: учора была аблава, некаторых падазроных пахапалі паліцыя і СД. Аблава Вользе не спадабалася. Калі яны часта пачнуць учыняць такі разгон, то які дурань будзе хадзіць на рынак і што тады застанецца ад свабоднага гандлю, які новая ўлада дакляравала? За сябе яна не баялася — мела знаёмых і ў паліцыі, і нават сярод немцаў; лёгка завесці знаёмства, калі маеш чым пачаставаць, самі ліпнуць, як мухі на мёд.
        Падышоў высокі мужчына з акуратна падстрыжанымі вусікамі, апрануты трохі дзіўна — у старым пакамечаным капелюшы і ў новым кажушку, чырвоным, вышытым жоўтымі ніткамі. Выгляд яго Вольгу не здзівіў: цяпер шмат хто так апранаецца — палавіна ўбору гарадскога, палавіна сялянскага. Але на кажушок яна пазайздросціла, падумала, што вышыўка на ім жаночая — навошта мужчыну такія галуны, ёй бы яны больш падышлі.
        — Па чым дранікі, прыгажуня?
        — Тры маркі за пару.
        — Ого, кусаюцца ж яны ў цябе.
        — Бо іх кусаць можна, таму і яны кусаюцца.
        — А ты вясёлая.
        — А чаго мне бедаваць?
        — Праўда, навошта нам бедаваць, калі можна гандляваць.
        Ён амаль што праспяваў гэтыя словы, і такі яго тон пакрыўдзіў Вольгу.
        Але яна навучылася маўчаць. А то яшчэ наскочыш на якога-небудзь агента гестапа. Выказала крыўду нязлосна:
        — Стань на маё месца, пакалей тут... А бульбу — ідзі купі яе, прывязі ў горад...
        Мужчына засмяяўся:
        — Вазьмі мяне ў прымакі. Буду забеспячэнцам.
        — Многа вас набіваецца ў прымакі. У мяне муж ёсць.
        — Не шанцуе, — цмокнуў ён.
        — Дык даць дранікі?
        — Не зарабіў я на іх.
        — Прадай дублёнку.
        — А сам у чым пайду? Зіма наступае.
        — Я табе шынель дам. Кілё сала. Літр самагонкі. I накармлю да пуза.
        Ён весела свіснуў — з іроніяй:
        — Добрая ж цана.
        — Хіба мала даю?
        — Ды не, шчодра. Але шынель мне пакуль што не трэба, — ён спахмурнеў і развітаўся: — Будзь здарова, гандлярка.
        Слова гэтае — гандлярка — Вольга не любіла. Сам гандаль не ганьба, праца не горшая за іншую, так лічыла маці яе, так і яна лічыла, а слова зневажала, пры бальшавіках яно было што лаянка.
        Падышоў знаёмы паліцэйскі — Хведар Друцька.
        «З'явіўся нахлебнічак, без вас нідзе не абыдзецца», — падумала Вольга, але без злосці, бо Друцьку гэтага прызнавала за чалавека — не нахабнік, не хапуга, ласкавы, добры, а галоўнае — малады і прыгожы. Вольга не любіла старых. Але і Друцькава ласкавасць яе насцярожвала.
        —Не змерзла?
        —Не-эк.
        —Кроў у цябе кіпіць. А я скалеў, пальцы не магу разагнуць. Адкуль ён, такі холад? Рана ж яшчэ.
        Вольга стоена ўздыхнула, бо ведала, чаго чакае паліцай, калі прызнаецца, што змёрз. Нахілілася пад прылавак, не выцягваючы з каша, накрытага хусцінай, пляшку, наліла з яе ў салдацкую конаўку, працягнула Друцьку. Той азірнуўся, як бы нават і сарамліва, але гандляркі-суседкі адвярнуліся: яны, маўляў, не бачаць, у каго частуецца пан паліцэйскі. А пан вельмі ж спрытна, проста з размаху, выплюхнуў паўконаўкі смярдзючай гары ў зяпу. I застыў, як бы прыслухоўваючыся да сігналу далёкай трывогі, потым весела крактануў:
        — Во калі, падла, дайшла да жылачак. Агонь! Полымя!
        Вольга перад гэтым падумала: «Жлукці, каб табе вантробы папаліла», — але ад пахвалы засмяялася, урэшце, скупой яна ніколі не была, пачаставаць чалавека ёй заўсёды было прыемна.
        Разгарнула старую коўдру, дастала з каструлі відэльцам два дранікі і зноў падумала: «На, тарбахват, закусі».
        Паліцай абодва дранікі запіхнуў у рот, пракаўтнуў, амаль не жуючы. Пахваліў:
        — Смачнае ў цябе ўсё, Вольга. Добрая ты гаспадыня. Бяры мяне ў прымы.
        Вольга весела крыкнула суседцы:
        — Чулі, цётка Стэфа? Яшчэ адзін прымак. Во шанцуе бабе! — I да паліцая: — Тут перад табой, пабачыў бы, які пан напрошваўся ў прымакі. Ого! Мужчына — во! А які кажушок на ім!
        Друцька спахмурнеў:
        — З паноў не бяры. Каторага з нас, мужыкоў, выбірай.
        — Пра што гэта вы плешчаце? У яе муж ёсць, — абараніла Вольгу суседка.
        — Дзе ён, яе муж? — самагонка ўдарыла ў галаву, і Друцька, адразу пачырванелы, лісліва ўсміхнуўся; хацелася яшчэ выпіць, і ён крыху патаптаўся перад Вольгай, але вымагаць не стаў, пайшоў шукаць іншых, хто плаціў даніну гэткай жа вадкай натурай.
        — Во панадзіліся! — сказала Стэфа. калі паліцай адышоў.
        Праз нейкі час яны гуртом, чацвёра старых гандярак, абмяркоўвалі памеры хабару, які належыць даваць паліцаям і нямецкаму патрулю — каму колькі, каб была адна норма, адна тактыка.
        У размове Вольга не ўгледзела, як перад яе месцам за прылаўкам з'явілася Лена Бароўская, ці проста не адразу пазнала сяброўку, калі тая падыходзіла, не звярнула ўвагі. З таго часу, як пасварыліся ў пачатку вайны, яны не размаўлялі і бачылі адна адну хіба здалёк.
        Лена была ў старым паліто, залішне лёгкім для такога надвор'я, галава абкручана клятчастай, як плед, хусткай, цёплай, але старамоднай — такія хусткі хіба яшчэ да рэвалюцыі насілі. Праўда, цяпер, у акупацыю, ніякае адзенне не здзіўляла, бо выцягнулі ўсё старое з куфраў — старыя футры, сурдуты, сарафаны, світкі, андаракі, насілі іх, гандлявалі імі, выменьвалі на прадукты. Але Лену хустка гэтая вельмі старыла, бабуляй рабіла. Вольга ажно разгубілася, калі нарэшце пазнала яе, адзначыла: схуднела вельмі Лена, твар выцягнуўся, пажаўцеў, нос падаўжэў, а пад некалі прыгожымі блакітнымі вачамі — сінякі, як пасля цяжкай хваробы. З-за гонару Вольга не павіталася, чакала — няхай яна, Лена, першая павітаецца.
        Лена не сказала «дзень добры», але ўсміхнулася пасінелымі вуснамі па-сяброўску, прымірэнча і, перасмыкнуўшыся, паскардзілася:
        — Х-холадна.
        Гэтага было даволі, Вользе стала шкада сяброўку, хоць сям'ю іх асудзіла: «Дурні яны, гэтыя Бароўскія. Як дзеці. Усе ж дома — і стары, і маці, і браты. I нічога не ўмеюць зрабіць, каб не галадаць... Пры Саветах — Лена і бацька стаханаўцамі былі...»
        — Драніка хочаш? — нечакана для сябе спытала Вольга.
        — Хачу, — проста адказала Лена.
        Адкусвала яна маленькімі кавалачкамі, грэючы цёплым дранікам рукі і смакуючы яго, як самы дарагі ласунак. Вочы яе, патухлыя, застылыя, бясколерныя, адразу ажылі, ветліва ўсміхнуліся — і ў іх заззяў ранейшы блакіт. Вольга таксама адтавала, радасна зрабілася ад таго, што школьная сяброўка пасля даўняй сваркі прыйшла першая і так хораша ўсміхаецца.
        — Даць яшчэ дранік?
        — Калі не шкадуеш.
        — Табе — не шкадую.
        — Не баішся, што сама застанешся без бульбы?
        — Не баюся.
        — Запаслівая ты.
        — Ды ўжо ж, варон не лавіла, — яўны дакор ім, Бароўскім.
        Але ці то Лена не сцяміла, ці вырашыла не звяртаць на такія дакоры ўвагі, ці, можа, голад навёў на думкі, што жыць трэба інакш. Ва ўсякім разе, Вользе ўсё больш і больш падабалася, што Лена такая лагодная, пакорлівая, без гонару свайго камсамольскага, які яна мела і ў школе, і калі рабіла ў друкарні, і асабліва на пачатау вайны.
        — Дадому не збіраешся? — спытала Лена, даеўшы другую пару дранікаў паспешліва ўжо, не так, як першую.
        Вольга здагадалася, што Лена мае сказаць нешта такое, пра што тут, на рынку, гаварыць не адважваецца.
        — А праўда, які гандаль у такую халадзіну! — і, здзівіўшы суседак, паставіла загорнутую ў коўдру каструлю з дранікамі ў лазовы кош, ускінула кош на плячо, Лене сунула цыратавую кайстру з самагонкай і буракамі.
        Друцька, якому не ўдалося больш ні ў кога пажывіцца, вярнуўся да Вольгі, убачыў, што яна адыходзіць, расчаравана разявіў рот і нейкі час ішоў следам.
        Можа, таму, што ўбачылі за сабой паліцая, хоць і на значнай адлегласці, ці таму, што гразь за дзень адтала і трэба было ісці адна за адной, след у след, наступаючы на адны і тыя ж цагліны і кладкі, каб не трапіць у лужы, яны доўга ішлі моўчкі. Калі выйшлі на сваю, больш сухую, пясчаную вуліцу, пайшлі побач, азірнуліся: паліцай адстаў, заставалася ў яго яшчэ трохі сумлення, каб не ісці па другую шклянку самагонкі ў дом.
        Вольга спытала:
        — Што ты робіш, Лена?
        — Працую.
        — Дзе?
        — У друкарні.
        — У нямецкай? — вельмі здзівілася Вольга.
        — Трэба ж неяк жыць.
        — Во гэта праўда! — Вольга бадай што крыкнула ад радасці. — Трэба неяк жыць! А ты мяне ўпікала.
        Лена змаўчала наконт таго, завошта яна ўпікала сяброўку і завошта магла б і цяпер асудзіць. Лена нечакана папрасіла:
        — Слухай, забяры аднаго чалавека з лагера ў Драздах.
        — Як жа я забяру яго?
        — Як мужа. Ці мала жанчын забралі мужоў...
        Вольга ведала: некаторыя мінчанкі і жанчыны з навакольных вёсак узялі хто свайго мужа, калі яму пашчасціла апынуцца тут, блізка ад дому, а хто і чужога. Вольга таксама хадзіла ў Дразды, у Сляпянку, ездзіла ў Барысаў, шукала свайго Адася. За добры выкуп немцы аддаюць палонных чырвонаармейцаў, камісараў не адцаюць.
        — У мяне ёсць муж. Што скажуць суседзі?
        — Ты толькі выкупі яго ды вывезі з лагера, а там ужо не твой клопат.
        — Ага, каб варта падстрэліла. Было ж ужо, кажуць, такое, што пачалі страляць у баб. Пакладзеш галаву немаведама за каго.
        Лена спынілася, прымусіўшы і Вольгу спыніцца; начапіўшы кайстру на руку, схапіла
        Вольгу за штрыфлі паліто, вочы яе гарэлі, шчокі хваравіта запунсавеліся.
        — Волька, гэта вельмі патрэбны чалавек.
        — Каму патрэбны? Табе? То і забірай яго.
        — Народу... народу патрэбны, — дзіўна, як бы захлынаючыся, прашаптала Лена.
        — О, любая мая! — лёгка засмяялася Вольга. — Што мне думаць пра народ! Народ пра мяне не думае... Ты пра мяне думаеш?..
        Лена рыўком прыцягнула яе да сябе і горача зашаптала ў твар:
        — Волька! Няможна так... нельга... не думаць пра народ. Калі-небудзь у нас запытаюць. Дзеці нашы запытаюць... што мы зрабілі, каб вызваліцца ад навалы гэтай... Ты хочаш, каб твая Света вырасла ў рабстве? Ды ці вырасце ўвогуле! Ты яшчэ не ўведала, што такое фашызм!
        — Калі я буду жывая, то вырасце і дачка мая. А калі мяне павесяць, як тых, у скверы, то пра дзіця маё ніхто не падумае. Ніхто!
        — Я цябе не ўцягваю ў партызаны. Я цябе прашу выратаваць чалавека...
        — На храна мне твой чалавек!
        — Эх, Волька, Волька, — лёгенька адпіхнуўшы Вольгу, з вялікім смуткам і расчараваннем сказала Лена, павярнулася і адбегла з сярэдзіны вуліцы пад плот, быццам спалохалася ці шукала схованку ад чужых вачэй.
        «Ну, і пайшла ты...» — у той першы міг хацела крыкнуць Вольга і дадаць базарнае слова. Але Лена адыходзіла павольна, маленькая, ссутуленая, як бабуля, у старамоднай хустцы, і Вользе раптам зрабілася шкада яе. I сябе. А яшчэ сяброўства з Ленай пашкадавала, бо зразумела, што калі крыкне так, то разыдуцца яны назаўсёды, на ўсё жыццё ворагамі стануць. А ворагаў хапае. Але не толькі гэта спыніла. Было многа іншага. Узнялася цэлая завіруха пачуццяў, самых супярэчлівых. Цэлы дзень пасля, парадкуючы ў доме, яна старалася навесці парадак у галаве сваёй, у сэрцы. Праўда, хіба прышэльцы ў зялёных і чорных мундзірах, з чужой мовай — сябры яе? Навошта ж яшчэ і сваім рабіцца ворагамі? Хапае гэтай брыдоты — паліцаі, што звяры. Не да паліцаяў жа ёй, Вользе, гарнуцца, хоць і вымушана часам частаваць іх. А да каго, да каго ёй гарнуцца? Да такіх, як Лена? Але ж вельмі падобна на тое, што гэтая зацятая камсамолка звязана з дыверсантамі, з партызанамі, якія дзейнічаюць тут, у горадзе, пра якіх шэпчуцца людзі, а немцы вывешваюць загады, пагражаюць усім, хто бандытаў падтрымае, смерцю і павесілі ўжо колькі чалавек у скверы ля Дома Чырвонай Арміі, вінаватых ці невінаватых — невядома, можа, проста каб пастрашыць. Не, з Ленай ёй не па дарозе. Але разам з тым людзі такія, як уся сям'я Бароўскіх, што жывуць у холадзе і голадзе, не схіляюць галавы перад немцамі, не гнуць спіны, упершыню неяк зусім інакш, не па-абывацельску — каб перамыць ім костачкі з суседкамі на рынку — зацікавілі Вольгу, больш таго, яна адчула да іх павагу, ад якой самой зрабілася страшна. Калі пра іх так думаць, то і палюбіць іх можна, захапіцца імі і пайсці за імі, на смерць пайсці. Лепш было пасварыцца з Ленай, няхай бы трохі пашкраблі кошкі на душы, але потым жыла б яна спакойна, не ведаючы ніякіх Бароўскіх, і нічога не баялася б. Урэшце, і пры немцах жыць можна, калі не быць дурнем, гандлёвай справе нават большы прастор, чым пры Саветах. Можна сваю крамку мець, пра што, між іншым, яна марыла, дзеля чаго збірала маркі; не трэба будзе тады калаціцца на рынку ад холаду і страху, сядзі сабе ў цеплыні, адважвай ці адмярай тавар, на які атрымаеш дазвол, і да цябе з павагай будуць: «Пані Ляновічыха...»
        Не, у тую ноч не павага да такіх, як Лена, не захапленне імі вызначала яе рашэнне. Іншае. Вольга думала пра тое, што ўсё часцей і часцей да яе заглядаюць паліцаі і, падвыпіўшы, ліпнуць са сваімі брыдкімі пяшчотамі. Ад паліцаяў яна пакуль што адбівалася: каму мусіла дарыць пацалунак як надзею на большае, абы ў той час адчапіўся,
        а каму аплявуху і кухталя — не лезь па чужое. Ды вось разам з паліцаямі пачалі заходзіць немцы і таксама пазіраюць, як каты на сала. А гэтыя гады не будуць цырымоніцца, згвалцяць на вачах у дзіцяці, у старой Марылі, у душу наплююць, зняславяць на ўвесь горад. Гэтага яна баялася, як смерці. Дык чаму ж ёй не ўзяць у дом мужчыну? Узялі ж некаторыя бабы, у якіх мужы, як і ў яе, на вайне. Пры мужчыну, ды яшчэ калі ён называецца мужам, не адважацца нахабнічаць. Адась? Што ж, калі ён вернецца (Божа мой, калі гэта можа здарыцца!), яна пакаецца... Хоць, магчыма, і каяцца не трэба будзе. Няма сумнення, што Лена мае заданне выратаваць не абы-каго, а напэўна, камандзіра ці камісара, камуніста, відаць, немаладога чалавека ўжо. Такі, нават жывучы ў адным доме, не стане пасягаць на яе жаночы гонар. А калі ўжо здарыцца грэх — сама яна не выстаіць, то няхай гэта будзе з адным, са сваім чалавекам, па-добраму, па згодзе.
        Што ён будзе за чалавек, чым зоймецца на волі — пра гэта не думала, далёка наперад не заглядвала.
        Фашысты не хавалі лагеры ваеннапалонных, знарок, каб настрашыць, выстаўлялі іх на відных месцах, побач з дарогамі, чыгункамі; дулаг у Драздах быў заснаваны ў першыя ж дні акупацыі, за нейкія два кіламетры ад горада, побач з вёскай Дразды — на другім, левым, беразе Свіслачы, паміж двума ўзгоркамі, на адным з якіх, як на могілках, раслі сосны, другі быў голы, што бубен. З узгоркаў гэтых, з вартавых вышак на іх добра праглядвалася ўсё наваколле, на пустым асеннім полі відаць быў кожны чалавек.
        Лена Бароўская не раз ужо хадзіла ў гэты лагер, ведала, адкуль, з якога боку падпускаюць да калючага дроту, нават мела знаёмых вартавых, калі лічыць знаёмствам тое, што некалькі немцаў ужо ведалі маладую жанчыну, якая настойліва шукае брата, бо сказалі: брата яе бачылі тут. Яны, немцы, у пэўным сэнсе былі даверлівыя, верылі, што яна шукае брата, але пасміхаліся з яе наіўнасці: брат яе мог, безумоўна, быць тут, аднак зусім натуральна, што ён даўно ўжо ляжыць у брацкай магіле, дзе яго ніхто не знойдзе — ні сястра, ні маці, ні суд гісторыі.
        Вольга і Лена ішлі па палявой сцежцы ўбаку ад гравійкі. Сцежка гэта была пратаптана гараджанамі і падводзіла да тылавой агароджы лагера — да тых умоўных варот, праз якія жанчыны пазнавалі сваіх. Тут яны падыходзілі да калючага дроту, тут дазвалялі збірацца палонным. Адгэтуль радзей адганялі, чым ад сапраўдных варот, што каля шашы. Так варта, пэўна, хавала гандаль палоннымі ад высокага начальства. Але і ў парушэнні інструкцый немцы любілі парадак: тут, ля дроту, пазнавалі свайго, а дамаўляцца, абышоўшы далёка па полі, ідзі да прахадной, толькі там можна гаварыць з лагерным начальствам. Калі хадзілі ўздоўж дроту — гэтага варта не любіла, па тых, хто ішоў паўз агароджу, нярэдка стралялі без папярэджання ці нацкоўвалі аўчарак. Мінчанкі пра гэта ведалі, ведалі ўсе няпісаныя правілы. Мужчынам да лагера ўвогуле было небяспечна хадзіць, да мужчын фашысты ставіліся падазрона.
        Пасля сухіх, халодных дзён, калі мароз па-зімоваму скоўваў зямлю, зноў наступіла гразкая восень, зямля адтала. Ішоў дождж уперамешку са снегам. Было ветрана. Моцны вецер біў у твар, мокры снег залепліваў вочы, набіваўся пад хусткі, за каўняры. Жанчыны захлыналіся ад ветру, ад снегу, ішлі па сцежцы адна за адной, Лена — наперадзе. Не размаўлялі. Ды і аб чым гаварыць? Усё абгаварылі ўчора ў Лены. Тады Вольга была ўзбуджаная, бадай узрадаваная сваім нечаканым дзёрзкім рашэннем. Само такое рашэнне — узяць у дом чалавека, «патрэбнага народу», — як бы ачышчала яе ад таго паганага, што прыліпала штодня ад яе камерцыі, якая не абыходзілася без ашуканства, ад яе хаўрусу з паліцаямі і немцамі. Але снег, дождж і вецер астудзілі тыя добрыя, цёплыя ўчарашнія пачуцці. Вольга ішла раздражнёная, узлаваная на сваю дурноту — навошта згадзілася? — на Лену — навязалася на яе галаву! Хіба мала баб у горадзе? Няхай бы папрасіла каго
        іншага! Яшчэ пры выхадзе з Мінска, за Старажоўкай, дзе патруль даволі прыдзірліва праверыў іх дакументы — савецкія пашпарты з дапіскай і штампам гарадской управы, — Вольга сказала Лене:
        — Ох, бачу, цягнеш ты мяне ў прорву.
        Ведаючы характар сяброўкі, яе зменлівы настрой, Лена спалохалася, пачала прасіць:
        — Волечка, чалавека ж ад смерці ўратуем. Хіба з-за гэтага не варта памучыцца? Ты ж у Бога верыш. Ісус Хрыстос за людзей мучыўся і нам наказваў.
        — Ты ж у Бога не верыш.
        — I я веру, Волечка, веру. Цяпер усе вераць, — на ўсё згаджалася Лена, абы ўлагодзіць сяброўку, не даць ёй перадумаць і павярнуць назад.
        Па слізкай сцежцы яны выйшлі на ўзгорак. Ім належала перайсці лагчыну і на схіле ўзгорка, дзе раслі рэдкія сосны, падысці да тых умоўных варот ля калючага дроту, куды варта з выгадай да сябе падпускала жанчын пашукаць сярод палонных мужоў. Але праз снежную каламуць яны ўбачылі, што ў лагчыне працуе мноства людзей — белыя, як здані, постаці, здавалася, не хадзілі, а плавалі ў паветры, і нельга было здалёк зразумець, што яны робяць. Але бліжэй, у падножжы таго ўзгорка, на якім яны спыніпіся, вельмі выразна вырысоўваліся чорныя, быццам снег адразу раставаў на іх, постаці з аўтаматамі і гэткія ж чорныя сабакі, вялізныя, з натапыранымі вушамі — такія вушы чуюць чалавека за вярсту.
        Жанчын угледзелі. Адразу двое немцаў узнялі аўтаматы. Але, відаць, не стрэліпі, толькі пастрашылі, бо ні Лена, ні Вольга стрэлаў не пачулі. Прыгнуўшыся, яны кінуліся бегчы ўжо не па сцежцы, а па полі, угрузаючы ў размяклай раллі, быццам так лягчэй было ўратавацца. Напачатку ім здалося, што ззаду задыхана цахляць аўчаркі, як цахляць ганчакі, калі гоняць зайца. Ды, мабыць, то свістаў вецер і грукалі іх сэрцы.
        Пасля Вольга не магла вытлумачыць самой сабе, чаму яны пабеглі не назад, да горада, а ў бок рэчкі, можа, таму, што ў пойме раслі кусты, стаялі голыя вербы, а на тым баку віднеліся хаты, жылі людзі. Не, жадання за нешта схавацца ці дабегчы да людзей у яе не было. Проста яна пабегла за Ленай. А тая, апантаная, магчыма, схітравала, бо ведала, адчувала, што калі наблізяцца да горада, то Вольгу назад ужо не вярнуць, не ўгаварыць. Вольга і так, калі яны адчулі сябе ў бяспецы, бо навокал была цішыня і зноў пасыпаў густы мокры снег, за сотню крокаў нічога не відаць было, сказала ўпарта і нават узлавана:
        — Ты, дарагая падружка, як хочаш, ты птушка вольная, а я буду ратаваць сябе, у мяне дзіця засталося.
        Але Лена так прасіла за таго незнаёмага чалавека, як за бацьку роднага, са слязамі на вачах, што Вольга зноў згадзілася, каб ім выйсці на дарогу, дзе ходзяць людзі і машыны, і падысці да цэнтральнай брамы, куды прыходзілі ўсе, хто не ведаў тых умоўных варот.
        Вольга супакоілася, калі ўбачыла, што яны не адны тут: за баракам, якога не было ў жніўні. тоўпілася з дзесятак жанчын. А на тым баку, за дротам, стаялі сотні дзве палонных, страшэнных зданяў, загорнутых у шынялі, падраныя ватнікі, коўдры, мяшкі. Яны стаялі за тры крокі ад дроту, і ніхто не адважваўся пераступіць гэтую вузкую паласу, ніхто не мог дацягнуцца да жанчын, каб узяць кавалак хлеба ці бульбіну. На страшнай паласе гэтай ляжала двое мёртвых.
        На спіне ў аднаго на белай ад снегу гімнасцёрцы — нічога больш цёплага на нябогу не было — пунсавела свежая кроў. Яго забілі нядаўна. Мабыць, з-за гэтага некаторыя жанчыны палахліва адступалі ад дроту і непрыкметна знікалі.
        Пераступаючы мёртвых, быццам гэта былі не трупы, а бярвенні, велічна-спакойна, здаецца, абыякавы да ўсяго, што тут адбываецца, хадзіў немец, падняўшы каўнер зялёнага шыняля і апусціўшы адвароты шапкі на вушы. Рукі яго ў пальчатках неахайна ляжалі на аўтамаце; ён як бы прагульваўся, хоць у сапраўднасці пільна сачыў за кожным рухам
        палонных і жанчын. Перадаць нічога нельга было — за гэта смерць, а перагаворвацца можна. Вельмі можа быць, што вартавы разумеў па-руску. А калі не ведаў мовы вартавы, то, напэўна, быў агент сярод палонных. Магчыма, не толькі дзеля таго, каб колькі чалавек выгадна прадаць сапраўдным жонкам, маці ці тым, хто называе сябе жонкай ці сястрой, але і дзеля таго, каб мець пэўную інфармацыю і паказаць насельніцгву, як многа ўзята палонных, у каго ператвараюцца байцы Чырвонай Арміі, якімі паслухмянымі яны робяцца пад дулам нямецкага аўтамата, пусціць у народ самыя неверагодныя чуткі, каменданты дулагаў і шталагаў не забаранялі пакуль што дзіўныя спатканні палонных з жанчынамі.
        Вольгу ўразіла нерухомая сцяна зданяў; толькі па бляску вачэй, ліхаманкавым, гарачым, было відно, што людзі гэтыя яшчэ жывыя. У жніўні, калі яна наведалася сюды ўпершыню, палонныя былі іншыя: галодныя, знясіленыя, раненыя, яны кідаліся на дрот, вырывалі з жаночых рук харч, крычалі, стагналі, плакалі, мацюкаліся, пракліналі немцаў, Бога, чорта...
        А гэтыя маўчалі, гаварылі толькі іх вочы.
        Не адразу Вольга ўгледзела, што за сцяной жывых і з бакоў ад іх па ўсёй плошчы лагернай, пабеленай снегам, ляжалі людзі. Спачатку яна падумала: «Чаму ім загадалі ляжаць?» Але потым убачыла, што на руках, на непакрытых галовах тых, што ляжаць, не растае снег — яны мёртвыя. Відаць, іх забілі нечакана моцны мароз у тыя, ранейшыя ночы, дождж і снег у гэтую, мінулую ноч. У тым баку лагера, куды яны спачатку хацелі падысці, працавалі тысячы людзей — пашыралі лагер, будавалі баракі. Там жа стаялі грузавікі, і гэткія ж здані, як тыя, што нерухома стаялі тут, зносілі да машын засыпаныя снегам трупы.
        Вольгу, якая не баялася ні крыві, ні нябожчыкаў, апанаваў такі жах, што на нейкі момант яна як бы страціла прытомнасць. Ва ўсякім разе, нейкую хвіліну нічога не бачыла, не чула, у вачах плыла каламуць, не снежная, не белая — крывава-чырвоная і зялёная.
        А потым... потым ёй захацелася абавязкова выратаваць хоць аднаго з гэтых няшчасных.
        Лена кінулася да калючага дроту, закрычала:
        — Аўсюк! Ёсць Аўсюк? Паклічце, калі ласка. Да яго прыйшла жонка! Жонка! Пан начальнік! Фрау! Жонка! Адась!
        Вартавы быццам і не чуў нічога, не звярнуў увагі, але калі Лена схапіл ася за дрот, ён нацэліў на яе аўтамат і коратка, як даў чаргу, сказаў:
        — Цурук!
        Толькі тады, калі Лена крыкнула «Адась», да Вольгі дайшло, што тая кліча яе мужа, здзівілася, што Лена без яе згоды так дамовілася з палонным, загадзя вырашыўшы, што забярэ таго як мужа яна, Вольга, не хто іншы. Таму і прасіла яе так настойліва. Такая Леніна хітрасць дзе ў іншым месцы, напэўна, абурыла б, але тут не кранула, бо цяпер ужо хацелася, каб Лена знайшла таго чалавека.
        Палонныя маўчалі. Гэта былі навічкі, якія не ведалі нікога са старых і ўвогуле не засвоілі яшчэ тайных лагерных законаў, лагернай салідарнасці. Ніхто нават не паварушыўся, каб пайсці пашукаць Аўсюка.
        Лена пайшла ўздоўж дроту і ўжо называла іншае прозвішча — Харытонаў, мабыць, сапраўднае прозвішча таго чалавека, у роспачы, са слязамі прасіла, каб хто-небудзь пашукаў Уладзіміра Харытонава.
        А Вольга, наблізіўшыся да самага дроту, глядзела на дваіх. Яны стаялі за тры крокі ад яе, такія ж нерухомыя, як усе, і вельмі не падобныя адзін на аднаго, хоць звычайна палонныя робяцца падобнымі, як браты. Высокі, гадоў пад трыццаць, мужчына, зарослы чорнай барадой, глядзеў з надзеяй, з маленнем, з прагнасцю галоднага і з верай, што ён адзін мае права на тое, каб жыць, каб яго ўратавалі. Сусед яго, ніжэйшы ростам, вельмі схудалы, быў зусім малады, юнак, у яго і барада яшчэ не расла. а таму зжаўцелы твар ажно свіціўся. I вочы дзіўна гарэлі, вялікія, здалёк відаць — блакітныя. Глядзеў ён без надзеі,
        але з нейкай як бы радаснай дзіцячай цікаўнасцю, нібы ўбачыў, раптоўна адкрыў зусім іншы свет, іншых людзей, якіх ніколі і не марыў убачыць, і гэта дало яму найвялікшую радасць перад смерцю. Ён натужліва закашляўся, ад кашлю ў вачах заіскрыліся слёзы, а шчокі хваравіта запунсавелі. Кашляючы, ён прыкрываў рот далоняй, быццам знаходзіўся ў добрай жаночай кампаніі і саромеўся сваёй спабасці, потым папраўляў закручаную на шыі чорную абмотку, так, як, напэўна, папраўляў некалі шыкоўны шалік. Пасля таго як ён закашляўся і як засаромеўся свайго кашлю, Вольга глядзела ўжо толькі на яго, іншых не бачыла.
        — Жанчына, вазьмі мяне, я ўсё ўмею рабіць, сталяр, слесар, шавец, — глухім прастуджаным голасам папрасіў барадаты, калі вартавы адышоўся ўбок.
        Ды Вольга ўжо ведала, што ўзяць яна можа толькі гэтага, які кашляе і ўвесь свіціцца, як святыя мошчы, і які, безумоўна, яшчэ і аднае ночы ў гэтым халодным пекле не пражыве. Можа быць, што яна папрасіла яго вачамі: скажы ж што-небудзь, хоць адно слова.
        Ён сказаў:
        — Мяне не бяры. Я нічога рабіць не ўмею.
        Тады яна закрычала як спрасонку, ажно вартавы, страціўшы свой спакой, імкліва павярнуўся да яе:
        — Адась! Адасечка! Родненькі мой! Што з табою сталася? Гаротнічак мой! А цябе ж дочачка мая чакае! — і паказала вартавому так, як вучыла яе Лена. — Пан, пане, муж. Муж!
        Прыбегла Лена, яна адышлася ўжо была ўздоўж дроту. Бо ўбачыла, што Вольга паказвае зусім на іншага чалавека, неўразуменна, здзіўлена, спалохана і нават узлавана глядзела на сяброўку: навошта яна ломіць іх план?
        Юнак зусім разгубіўся, нават адступіў, нібы хацеў схавацца за спіны іншых. Ды яго выручыў барадаты: пачаў тармасіць яго, як соннага, біць па плячы, ад чаго той балюча перасмыкаўся.
        — Радуйся! Чорт! А-адась! Аў-сюк! Шчасліўчык!
        А да Вольгі ўміг вярнуліся яе звычайная энергічнасць, увішнасць, спрыт, смеласць — усё, чым яна славілася сярод камароўскіх гандлярак. Не зважаючы на разгубленую і спалоханую Лену, яна пачала тут жа дзейнічаць так, як вучыла сяброўка. Пабегла да прахадной, паклікала начальніка.
        Выйшаў немец, які гаварыў па-руску з польскім акцэнтам. Яна растлумачыла, што знайшла свайго мужа, і пачала прасіць адпусціць яго дадому, тыцкала свой пашпарт, паказвала на загсаўскі штамп аб шлюбе.
        — Камісар?
        — Што вы, пан начальнік, які ён камісар! Чатыры класы мае. Трамвай вадзіў. — Потым падумала, што пра тое, кім працаваў Адась, не варта было гаварыць, бо калі запытаюць у таго, нябогі, то ён пра гэта не скажа, не можа сказаць і выкрые ману, сам сябе загубіць і яе падвядзе. I яна пачала паўтараць, што муж яе і на заводзе рабіў простым рабочым, чамусьці была ўпэўнена, што той хлапчына — гарадскі, а калі гарадскі, то, напэўна, рабіў на заводзе. Са слязамі расказала, што бацька і маці яе памерлі перад самай вайной і яна засталася адна з малым дзіцем. Загаласіла: — Хто ж яе карміць будзе, маю сіраціначку?
        Немец слухаў цярпліва, уважліва, пільна гледзячы ёй у твар, жадаючы, мабыць, зразумець, праўду жанчына кажа ці маніць. Выслухаў і заключыў:
        — Нельга. Ён ваяваў супроць нямецкай арміі і павінен панесці пакаранне.
        — Ды хіба ж ён па сваёй волі? Пагналі яго. Сталін пагнаў! — яна наслухалася на рынку, дзе грымелі гучнагаварыцелі, фашысцкай прапаганды і ведала, чым можна заваяваць у гітлераўцаў прыхільнасць.
        Але на ахоўніка, які штодня бачыў тысячу смерцяў і, безумоўна, сам забіваў ці адсылаў людзей на смерць, нічога не дзейнічала — ніякія словы. Ці, можа, проста набіваў цану, бо на кошык яе, накрыты ручніком, пазіраў не без цікаўнасці. Калі ён павярнуўся, каб пайсці, Вольга раптам упала перад ім на калені і загаласіла гучна, па-бабску, як галосяць па нябожчыку. Гэта, мабыць, зрабіла ўражанне. Ахоўнік павёў яе ў барак; у пакоі, дзе палілася чыгунная печка і было душна, прадставіў тоўстаму начальніку, па-вайсковаму коратка далажыўшы пра яе просьбу. Пасля ўжо не па-вайсковаму, па-свойску, яны нешта абмяркоўвалі і смяяліся, як бы забыўшыся пра яе.
        Вольга чакала са страхам, стоячы ля парога. Страх яе перарос у жудасць, калі тоўсты, павярнуўшыся да яе, расперазаў папругу і скінуў фрэнч, застаўся ў адной карычневай сарочцы, якую шырокія падцяжкі прыціскалі да тоўстых, як у бабы, грудзей.
        Ліхаманкава ляцелі думкі, кружыліся і не знаходзілі выйсця. Адбівацца — смерць пэўная, бо гэта не паліцаі, якім можна было даць кухталя ці туманнае абяцанне. Няўжо трэба перажыць страшнае зганьбаванне, каб уратаваць чалавека? А як адступіць? Як уратаваць сябе?
        У роце — быццам ваты сухой напхалі, і яна ніяк не магла пракаўтнуць гэтую вату. Печка чадзіла, ад цеплыні і чаду кружылася галава. Вольга падумала, што няхай бы яна страціла прытомнасць. Можа, гэта спыніла б гвалтаўнікоў, ва ўсякім разе. яна нічога не бачыла б, не адчувала б. Заплюшчыла вочы, гатовая ўпасці на падлогу. Але страшнага не здарылася, лёс быў літасцівы. Яна пачула знаёмыя ўжо словы: «Вас іст гір?» — і расплюшчыла вочы.
        Фашыст стаяў перад ёй і тоўстым пальцам паказваў на кошык.
        Узрадаваная Вольга нахілілася, адгарнула ручнік і выхапіла пляшку гарэлкі, узбаўтнула, паказала наклейку:
        —«Маскоўская»!
        —О, «Маскоўская»! — Тоўсты схапіў пляшку, падбег да таго, што гаварыў па-руску, і доўга нешта весела тлумачыў яму, круцячы бутэльку і паўтараючы то «москаў», то «маскоўскі», — амаль чыста па-руску.
        А Вольга, асмялелая, падышла да заплямленага чарнілам, пафарбаванага стала, пачала выкладваць з кошыка сала, кілбасу, сыр, блінцы, якія раніцой напякла з пшанічнай мукі.
        Тоўсты, як кот, абышоў вакол стала, агледзеў прысмакі, памаўзліва аблізнуўся, але тут жа зморшчыўся і пакруціў галавой.
        — Мала, — сказаў перакладчык.
        Вольга палезла за пазуху, дасгала хусцінку, зубамі развязала вузялок і працягнула два залатыя чырвонцы, царскія.
        У немца загарэліся вочы. Схапіўшы золата, кінуўся да фрэнча, што вісеў на спінцы крэсла, дастаў з кішэні акуляры, доўга і ўжо моўчкі, без смеху і слоў, разглядаў чырвонцы. Потым павярнуўся да тлумача і крыкнуў нешта, як мацюкнуўся.
        — Мала, — зноў сказаў той.
        «Каб вас разарвала, гады вы ненажэрныя, Бога ў вас няма, мучыце людзей ды яшчэ хочаце зарабіць на гэтым», — падумала Вольга, развяла рукамі: маўляў, больш нічога не мае.
        — Мала, — паўтарыў перакладчык з пагрозай.
        Вольга зразумела, як моцна яны напрактыкаваліся зарабляць на людзях. Але таргавацца і яна ўмела, ведала многія, самыя тонкія таямніцы гандлёвай справы. Задумалася: што яшчэ яна можа прапанаваць? Успомніла і «ўзрадавалася» — падміргнула таўсцяку. Ссунула хустку: адчапіла з вушэй завушніцы, залатыя. Такія яна не насіла не толькі цяпер, пры немцах, але і раней, да вайны, на свята зрэдку чапляла. Але на рынку яна ўведала
        нямецкую сквапнасць, іх гандлёвую хітрасць і таму захапіла завушніцы, параіўшыся з Ленай, на той выпадак, калі запатрабуюць большае платы: во, маўляў, апошняе аддаю, з вушэй здымаю.
        Тоўсты фашыст адразу схаваў завушніцы туды ж, куды і залатыя, — у нагрудную кішэню, зашпіліў гузічак і прыціснуў кішэню падцяжкай, каб грудзьмі адчуць золата. На гэтым супакоіўся — паверыў, што больш нічога каштоўнага ў жанчыны няма. Але патрабаваў дакумент. Вольга дала пашпарт.
        Тлумач перапісаў з пашпарта ў кнігу яе прозвішча, імя, запытаў імя мужа, заглянуў на тую старонку, дзе стаялі савецкі і нямецкі штампы аб прапісцы. Тым часам тоўсты ўзяў кош і пачаў складваць у яго выкладзеныя на стол харчы.
        «Не трэба ім сала і блінцы, адно золата трэба», — падумала Вольга і парадавалася, што хоць нешта застанецца, прадукты цяпер даражэй за золата, а яе ўжо трохі шкрабнула заўсёдная сквапнасць: занадта дорага прыйшлося заплаціць за немаведама каго, нават не за таго чалавека, які так патрэбны Лене Бароўскай. Чаму гэты хлапчук так кінуўся ў вочы? Чаму так захацелася выратаваць яго? I што цяпер рабіць з ім? Таго недзе ўладкавала б Лена. А гэтага не забярэ. Навошта ён Лене, такі дахадзяга, дзіця бязвусае? Лене і яе сябрам, безумоўна, патрэбны быў нейкі камандзір ці камісар, можа, вялікі бальшавіцкі начальнік.
        Але Вольга тут жа прагнала ўсе сумненні. Лена будзе незадаволена? Ну і няхай. Сабе нарабіла клопату? Не было б большага.
        Не, немец не вярнуў ёй прадукты. Ён забраў усё — і кошык, і ручнік — і схаваў за шафу. Вользе ажно весела зрабілася ад такой сквапнасці тоўстага паразіта. Яна раптам адчула, наколькі яна лепшая за іх, за гэтых прышэльцаў, якія крычаць на ўсё горла, што яны вышэйшыя за ўсе іншыя народы. Нябожчыцу маці і яе некаторыя суседзі, знаёмыя, у тым ліку Бароўскія, абвінавачвалі ў прагнасці. Стары Бароўскі некалі сказаў: «Ляновічыха за капейку ў царкве пёрне». Але тут Вольга падумала, што яе прагнасць у параўнанні са скнарасцю гэтых ненажэрных прыблуд, што зарабляюць на крыві і смерці, — драбяза, бяскрыўдная чалавечая слабасць, і ёй зрабілася асабліва хораша ад свайго ўчынку. Што цяпер думаць пра тое, што будзе заўтра? Важна, што яна зрабіла добрае сёння — не пашкадавала ні прадуктаў, ні золата і нічога не пабаялася, каб уратаваць чалавека. Сапраўды, такая дабрата як бы ачысціла яе душу, узняла над тым брудам, у якім яна штодня корпалася, да якога прывыкла ў барацьбе за сытнае жыццё. Цяпер яна хіба аднаго баялася, што, забраўшы выкуп, ахоўнікі не аддадуць палоннага: ад фашыстаў можна чакаць усяго — чаго хочаш.
        Аддалі. Праз паўгадзіны тлумач вывеў хлопца з таго ж барака і піхнуў у спіну так, што гаротны ўпаў у гразь, ёй пад ногі. Ці то вартаўнік узлаваўся, што ахвяра вырываецца на волю, ці то яму мала што перападала з платы за яго.
        Вольга апусцілася перад палонным на калені, выцерла яму твар рогам хусткі і пацалавала ў гарачыя вусны. Хлопец сапраўды быў хворы, яго паліла. Ён прытуліўся тварам да яе пляча і заплакаў, глуха, сутаргава.
        — Не трэба, родненькі мой, не трэба, — зашаптала яму Вольга. — Хутчэй хадзем адсюль. Хутчэй!
        Яму самому хацелася хутчэй адысці ад гэтага жудаснага лагера, дзе — ён гэта ведаў, адчуваў — смерць чакала яго, знясіленага, хворага, у адну з бліжэйшых марозных начэй, можа, нават у самую блізкую. Таму ён падхапіўся з зямлі са спрытам здаровага чалавека. Але асцярожная і хітрая Вольга не дала яму пабегчы. Яна ўзяла яго пад руку і павяла па гразкай, разбітай грузавікамі дарозе. Аднак, калі адышліся так, што баракі і калючы дрот схаваліся за ўзгоркам, не вытрымалі абое — звярнулі з дарогі, па якой маглі ісці... не людзі
        — немцы, фашысты, — і пабеглі па грузкім полі, па нізіне, не разумеючы, што рызыкавалі значна больш: па іх мог ударыць кулямёт з вышкі. Ды ў той міг разважлівая Вольга забылася пра ўсё, у тым ліку і пра тое, што ўсё адно прыйдзецца выходзіць на дарогу, ісці праз пасты і на мінскіх вуліцах сустракаць іх, немцаў, безліч. Але тых, у горадзе, яна так не баялася, на рынку, напрыклад, яна ўвогуле не баялася немцаў, больш абіралі паліцаі, з немцамі яна навучылася дамаўляцца, законы іх ахоўвалі яе, камерсантку; слова гэтае, пачутае ад немца, які размаўляў па-руску і наладжваў парадак на рынку, ёй падабалася больш, чым грубае — гандлярка, якое зневажала.
        Сілы ў хлопца хапіла ненадоўга, ён спатыкнуўся. Калі Вольга кінулася дапамагчы, папрасіў вінавата, вельмі ж неяк па-інтэлігенцку:
        — Прабачце. Дазвольце пасядзець, — і так глядзеў сваімі шырокімі блакітнымі вачамі, што ў Вольгі сэрца аблілося крывёю. «Як ён просіць: «Дазвольце!» Любы ты мой, хто табе можа дазволіць ці не дазволіць, калі і праўда ты не маеш сілы!»
        — Вунь там грудок, салома ляжала, — сказала Вольга і памагла яму ўстаць на ногі, абняўшы за плечы, прывяла да зацярушанага снегам паддона. Сядаючы на мокрую салому, ён зноў-такі вінавата растлумачыў:
        — Дыхаць цяжка, ведаеце. Не хапае паветра. — I сумна ўсміхнуўся. — У такім прасторы чалавеку не хапае паветра. Парадокс.
        Апошняга слова Вольга не зразумела — вучонае нейкае слова. Увогуле, яе дзіўна збянтэжыла яго інтэлігентнасць, бо ў жыцці яна не надта любіла інтэлігентаў. Цяпер думала, як звяртацца да гэтага хлапчыны — на «вы» ці на «ты»? Хацелася неяк адразу паразумецца; каб спрашчаць адносіны з людзьмі, у яе быў правераны сродак — грубы жарт. Але як, з чаго можна пажартаваць тут?
        Снег зноў перайшоў у дождж, дробны, густы. Хлопец сядзеў на снезе, снег раставаў пад ім, і ён нібы не адчуваў макрэчы. У звычайных умовах можна было пажартаваць з гэтага. Але падумала, што, прамоклы да касцей, у гарачцы, ён сапраўды ўжо не адчувае ні макрэчы, ні холаду, нічога. Ад гэтага самой зрабілася нясцерпна холадна, хоць перад тым і нагрэлася, пакуль бегла, але цяпер яе пачало аж ліхаманіць.
        Знясілены юнак заплюшчыў вочы, здаецца, засынаў, бо хістаўся. Вольга спалохалася, што ён можа памерці тут, у полі, толькі што вырваўшыся з пекла.
        — Даўно ты ў іх?
        — А-а? — Ён здрыгануўся, няўцямна, спалохана, але ўміг прыйшоў да памяці. — Не, тут нядоўга, чацвёрты дзень. Хоць вам немагчыма ўявіць, што такое гэтыя дні. Мяне ўзялі ў палон тры тыдні назад... Пад Вязьмай. Усю нашу рэдакцыю. Мы трапілі ў акружэнне. Васіль Пятровіч застрэліўся. А мы... я не здолеў, ведаеце, не хапіла духу... баязлівец. Ненавіджу сябе за гэта. Хацелася жыць... малады. Я... я не меў права так жыць. Вы неўяўляеце, што я перажыў за гэтыя тыдні... Гэта немагчыма расказаць.
        Слова «рэдакцыя» яшчэ больш збянтэжыла Вольгу, але тое, што расказвае ён складна, не трызніць, парадавала — не, не памрэ, толькі б дабрацца дадому, а там яна яго адагрэе і адкорміць.
        — Яктваё імя?
        — Маё? — Яго нібы спалохала такое пытанне, ён задумаўся, як бы ўспамінаючы сваё імя, гэта таксама насцярожыла Вольгу: ці не блага ў яго з галавой? — Алесь... Саша. Мама называла Сашам, а ў школе — Шура. Але вы называйце Алесем. А прозвішча — Шпак, — па незразумелай самому прычыне ён не ска-заў свайго сапраўднага прозвішча — Гапанюк, можа, таму, што не любіў яго, сказаў паэтычны псеўданім.
        — Ты тутэйшы?
        — Як вы разумееце тутэйшы? — і зноў быццам спалохаўся, гарачыя вочы пільна сачылі
        за Вольгай.
        — Алесь — гэта па-беларуску. I гаворка ў цябе наша.
        — Я з Палесся. Вольга ўсміхнулася:
        — Шанцуе мне: муж мой таксама з Палесся. На фронце недзе.
        Хлопца трохі збянтэжыла, што жанчына так сказала пра мужа і пра яго — «шанцуе». У чым шанцуе? Але тое, што муж яе франтавік, пэўным чынам і збліжала іх. Можа, таму ён спытаў:
        — У вас няма хлеба? Каб я з'еў хлеба... ведаеце, я падужэў бы.
        Вольга правяла застылымі рукамі па кішэнях паліто. Нічога не было. Як яна забылася, што забярэ з лагера згаладалага, знясіленага чалавека? Што ён можа падумаць пра яе? Чамусьці раптам стала вельмі важна, каб ён не падумаў пра яе кепска. Яна растлумачыла:
        — Усё забралі фашысты праклятыя. Як ваўкі. Прадукты дык з кошыкам забралі, усё да крупінкі. I золата...
        Ад слова «золата» вочы ў хлопца зрабіліся яшчэ больш шырокія. А Вольга не магла ўжо стрымацца, у яе была свая логіка, свая мера каштоўнасцей і — галоўнае — свая, рыначная мова:
        — Я за цябе золата заплаціла. Думаеш, так аддалі б? Ого! Такія жывадзёры!.. На ўсім зарабіць умеюць.
        Хлопец збянтэжыўся страшэнна, ажно вочы патухлі. Ці, можа, няёмка яму было глядзець на гэтую жанчыну. што заплаціла за яго, такога мізэрнага, знясіленага, золата?
        — Навошта? — прашаптаў ён.
        — Што навошта? — не зразумела Вольга.
        — Навошта я вам? Я нічога не ўмею рабіць.
        — Навучышся! — упэўнена заключыла Вольга. — Былі б рукі ды галава. Калі есці захочаш, то ўсяму навучышся.
        Вольга плюнула б таму ў вочы, каб хто сказаў, што словамі сваімі яна прымушае юнака пакутаваць не менш, чым ад холаду і голаду. А між тым гэта было так. Да фізічных пакут ён прывык, разумеў іх непазбежнасць — сам пісаў пра зверствы фашыстаў — і гатовы быў да смерці, іншага выйсця не бачыў. Але каб яго прадалі за золата маладой прыгожай жанчыне — пра такое не сніў і прыдумаць не мог. Ды там, на фронце, і сказаць было б нельга, што гітлераўцы прадаюць палонных жанчынам. Праўда, тут, у лагеры, ён даведаўся: здараецца зрэдку, што палоннага аддаюць жонцы, маці, але ў яго жонкі не было, а маці далёка. Пра тое ж, што могуць прадаць чужой жанчыне, ніхто не гаварыў.
        Безумоўна, хто іншы з палонных палічыў бы за шчасце такі ратунак. Ён таксама спачатку вельмі ўзрадаваўся. Але ад таго, што пачуў, радасць патухла, бо з'явіліся новыя, душэўныя пакуты: яго, хто яшчэ зусім нядаўна ведаў хіба адзін палон, палон сваіх узнёслых мараў, цяпер прадаюць, як нявольніка, старажытнага раба. Чаго добрага, патрыцыя гэтая можа і перапрадаць яго з выгадай для сябе.
        Невядома, як пайшла б размова далей, каб іх не знайшла Лена. Прыбегла задыханая і адразу ўзлавана накінулася на Вольгу.
        — Пасадзіла чалавека на мерзлую зямлю! Сама нябось не села. Няхай бы нагрэла месца сваёй тоўстай... — Лена, якая заўсёды вызначалася далікатнасцю, культурнасцю, не пасаромелася пры незнаёмым хлопцу сказаць самыя грубыя словы. Яна падняла палоннага з зямлі, ад чаго Алесь зноў-такі вельмі збянтэжыўся.
        Вольга разумела, з-за чаго Лена злуецца, і не пакрыўдзілася на яе папрокі, нават засмяялася, лагодна папрасіла:
        — Не злуйся, Леначка. Не было ж таго. А гэты так спадабаўся мне! Ты паглядзі, які ён — чырванее ад кожнага слова, як дзяўчынка!
        Лена, не слухаючы Вольгу, не адказваючы ёй, узяла палоннага пад руку і павяла ў бок горада, на знаёмую ёй сцежку. Вользе не спадабалася, што Лена так бесцырымонна захапіла вызваленага, быццам яна выкупіла яго, ці проста з'явілася знаёмае пачуццё прыватніцы: майго не чапай! Але яна разумела, што недарэчна пасварыцца з Ленай пры ім, пры гэтым хлопцу, чамусьці захацелася перад ім быць добрай, прыгожай.
        — Ты хоць накарміла чалавека? — усё яшчэ сурова спытала Лена.
        — Дык усё ж забралі, гады. З кошыкам. З ручніком.
        Тады Лена спынілася і дастала з-за пазухі цёплы акраец хлеба і цыбуліну.
        Хлопец, забыўшыся на душэўныя пакуты, якія толькі што перажыў, на інтэлігентнасць сваю, выхапіў з яе рук хлеб і тут жа прагна ўпіўся белымі зубамі ў скарынку. Глытаў не жуючы.
        — Еш цыбуліну, — сказала Лена, — у ёй вітамінаў многа.
        Адкусіў цыбуліну — і з вачэй яго пасыпаліся буйныя слёзы.
        Жанчыны разумелі, што не толькі ад цыбулі гзтыя слёзы. ад цыбулі так не плачуць. А яму, відаць, было лягчэй ад думкі, што яны лічаць, быццам слёзы ад цыбулі, ён намагаўся нават усміхнуцца. Ды яны стараліся не глядзець на яго — як ён есць; вядома, як есць галодны чалавек — не заўсёды прыгожа.
        Лена цяжка ўздыхнула.
        Вольга дакарала сябе рэўнасцю, што Лена выявіла большую практычнасць — не забылася, што вызваленага трэба накарміць, бо інакш можна не давесці, не блізка ад Драздоў да Камароўкі.
        Задыхаўшыся ад ежы, як ад цяжкай працы, Алесь спытаў у Лены:
        — Ты шукала кагось іншага?
        Лена кіўнула.
        — Раніцой расстралялі шасцярых. Перад строем. Нібыта яны хацелі ўцячы.
        Вольгу зноў-такі раўніва кранула, што яны так адразу паразумеліся, Лена і ён, гэты выкуплены ёю хлапчына, што да Лены ён, інтэлігенцік, адразу на «ты», як да даўняй знаёмай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.