РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
VI
        
VI

        
        Не, з прыёмніка нічога не пачалося. Дарэмна баялася Вольга. Дарэмна лічыў Алесь, што прыёмнік даў яму пропуск у падпольную арганізацыю. Ніхто яго нікуды не запрашаў. Ніхто не даваў новага задання. Гэта магла б зрабіць Лена, але яна не з'яўлялася. Алесь даведаўся яе адрас і разы са два заходзіў у дом. Страчала старая — Леніна маці — ветліва, але насцярожана, хоць адразу здагадалася, хто ён, спытала: «Вользін брат?» Без іроніі, здаецца, спытала, сур'ёзна, хоць, безумоўна, ведала, адкуль узяла такога «брата» Вольга. Падтрымлівала легенду, якую сведчыў здабыты Ленай дакумент. Калі і другі раз старая спешліва паведаміла: «А Лены няма дома», Алесю зрабілася падазрона, і ён падумаў пра Вольгу, пра яе плач і крык, пра яе пагрозу не пусціць рызыкантку Лену на парог... Няўжо Вольга магла зрабіць такую істэрыку і тут, у Бароўскіх?
        Ён адчуваў сябе зусім здаровым і дужым і з кожным днём пакутаваў усё больш ад таго, што сядзіць у цеплыні, на сытных харчах, пад крылом у добрай кабеты ў той час, калі ідзе вайна, калі мільёны яго равеснікаў штодня ідуць у бой. Яшчэ нядаўна, нават тады, калі адступілі ажно пад Вязьму, ён часам марыў пра ўласны подзвіг — такі, які праславіў бы яго імя, няхай і пасмяротна, і... зрабіў бы паварот у ходзе вайны. Цяпер, пасля ўсяго перажытага, ён не забіваў галаву такімі пустымі дзіцячымі марамі. Зведаўшы ўсе жахі вайны і сілу ворага, ён добра разумеў, што ніводзін самы выключны подзвіг любога звышгероя не зменіць ход вайны. Для гэтага трэба адно: як найболей забіць фашыстаў. Любым чынам. Любымі сродкамі. Ён пакутаваў ад таго, што не паспеў забіць ніводнага. Нават не стрэліў ні разу так, каб была хоць якая ўпэўненасць, што куля яго не пайшла ў белы свет, у неба, а знайшла ворага.
        Першы выхад з цішыні і бязлюднасці камароўскіх завулкаў у горад — на рыначную плошчу, на Савецкую вуліцу — ашаламіў Алеся. Колькі іх, ворагаў! Салдаты, афіцэры, паліцэйскія, грузавікі, легкавыя машыны... На кожным кроку. Не, ашаламіла не колькасць. Страх мноства і страх тэхнікі, які прычыніў столькі бяды ў першыя дні вайны, ён, бадай, перасіліў яшчэ на фронце, пад Смаленскам, разам з байцамі палка, які адбіў за день пяць ці шэсць атак нямецкіх танкаў. Ён прыехаў у полк ад рэдакцыі і ўпершыню бачыў немцаў так блізка, танкі іх. Сам не страляў — смешна страляць па танках з нагана, але памагаў санітарам выносіць раненых. Рэдактар быў незадаволены тым, што ён напісаў, вярнуўшыся з перадавой. А ён радаваўся, што не адчуваў страху, не думаў пра смерць і не сядзеў у тыле. Паспрабаваў напісаць, што калі такі пералом адбудзецца ў душы кожнага байца... Але рэдактар бязлітасна выкрасліў усю «філасофію», рэдактар патрабаваў фактаў гераізму, а іх было мала, бо ён не паспеў запісаць прозвішчы людзей, прыйшлося рэдактару браць прозвішчы з палітданясенняў. Ці былі гэта тыя людзі, што загінулі на яго вачах, а з жывых — тыя, якіх ён вынес з поля бою? Але такі метад асвятлення Алеся не абурыў; у той дзень ён не толькі перасіліў уласны страх, але і само разуменне подзвігу на вайне пераасэнсаваў.
        Не, не мноства немцаў на вуліцах Мінска яго ўразіла. Іх спакой, упэўненасць,
        уладкаванасць. I што некаторыя нашы людзі служаць ім. Ён, безумоўна, не думаў, што жыццё павінна спыніцца; каб жыць, людзі мусяць працаваць на акупантаў. Уразіла якраз не тое, што рабілі на заводах, на чыгунцы, а тое, як абслужвалі паноў афіцэраў. Ён дабраўся да вакзала, дзе, як каля ўсялякага вакзала, ды яшчэ ў ваенны час, было асабліва людна. I там убачыў катэгорыю служкаў, пра якіх толькі ў кнігах чытаў, — хлапчукоў-насільшчыкаў і чысцільшчыкаў ботаў. Іх было многа. Некаторыя выконвалі не толькі ролю насільшчыкаў, але возчыкаў, рамізнікаў. На санках-самацяжках, на тачках везлі рэчы афіцэраў і саддат у любы канец горада. Некаторыя даволі ўжо спрытна прапаноўвалі свае паслугі па-нямецку.
        Убачыў ён і маладых жанчын, паводзіны якіх, заляцанні да афіцэраў гаварылі пра іх занятак. Вось гэта страшэнна ўразіла і прычыніла боль не менш, чым здрада некаторых былых чырвонаармейцаў у лагеры ваеннапалонных, уразілі гэтыя хлапчукі, учарашнія савецкія школьнікі, і дзяўчаты, пра якіх яшчэ нядаўна ён сачыняў узнёсла-рамантычныя вершы. Яго юнацтва, студэнцтва прыпалі на гады пільнасці і падазронасці, ён верыў, што навокал нямала ворагаў, агентаў буржуазіі і нямецкага фашызму. Але ніколі не паверыў бы ў тыя гады, што прыслужнікам фашыстаў стане хто-небудзь з яго школьных ці інстытуцкіх сяброў. Якія ў яго былі мары! I ва ўсіх яго сяброў! Любы з іх памёр бы, каб яго прымусілі раптам везці рэчы чужога афіцэра, ворага, акупанта. Адкуль жа ўзяліся гэтыя? Не пад прымусам жа іх прыгналі сюды? Ён спрабаваў пагаварыць з хлапчукамі. Але, зацікаўленыя напачатку ўвагай да іх, пачуўшы яго пытанні, яны варожа насцярожваліся і адыходзілі. Разважыўшы, дзецям ён літасціва дараваў віну, нават пашкадаваў іх, з болем падумаў, што хутка іх ператвораць у рыкшаў і яны будуць вазіць не толькі рэчы. Але жанчынам апраўдання не было. Жанчын караў самай высокай, суровай карай.
        На другі дзень ён стаяў на пляцы Волі перад паліцэйскай управай. Яму хацелася паглядзець у твары тых, хто пайшоў служыць у акупацыйную ўстанову, у твары адкрытых, яўных здраднікаў. Што на іх тварах? Яны канчалі працу на сконе кароткага зімовага дня, на змярканні. Але дзень быў ясны, марознае неба палала чырванню, і ён бачыў іх твары і пераконваўся, што гэта адпетыя ворагі: на іх тварах не адбіваліся ні страх, ні раскаянне. Яны выходзілі групамі, мужчыны і жанчыны, і весела перагаворваліся, смяяліся. Праўда, разыходзячыся ў розныя бакі, людзі гэтыя спяшаліся, паскаралі крок. Баяліся. Чаго? Цемры? Набліжэння каменданцкага часу? Але ж, напэўна, у кожнага з іх ёсць начны пропуск.
        Асобна з управы выходзілі немцы. Афіцэры.
        «Інструктары», — падумаў Алесь.
        Немцы не спяшаліся так. Яны адчувалі сябе гаспадарамі ў такі час, калі яшчэ не вельмі сцямнела.
        Пасля Алесь нават не мог успомніць, чаму, з якім пачатковым намерам, з якой мэтай ён пайшоў за гэтым немцам. Здаецца, без усялякай мэты. З-за простай цікаўнасці: куды немец пойдзе, дзе ён жыве? А можа, таму, што немец, як ніхто іншы, залюбаваўся небам. Ён выйшаў з дзвярэй адзін і мінут колькі стаяў на ўсходцах, пасля адышоўся на пляц і паглядзеў назад, на самыя яркія фарбы неба ў тым баку, дзе села сонца.
        Магчыма, Алеся абразіла, што фашыст можа быць паэтам. Не мае права ён любавацца нашым небам!
        Немец быў малады, высокі, прыгожы, тыповы арыец, у мышастым шынялі з футравым каўняром, з-пад якога выглядалі пагоны обер-лейтэнанта, у высокай фуражцы з кукардай, з тоўстым жоўтым партфелем.
        А можа, Алесь пайшоў следам таму, што, прайшоўшы міма, немец не звярнуў на яго ніякай увагі, не зірнуў нават? Чаму? Ад пагарды? Задумлівасці? Упэўненасці, што нічога
        тут, у чужым горадзе, яму не пагражае? Ці палічыў Алеся за служачага ўправы?
        Афіцэр пайшоў на Інтэрнацыянальную і па крутым схіле спускаўся на Пралетарскую. Драўляны тратуар абмёрз, быў слізкі, і афіцэр сышоў з яго, крочыў паміж тратуарам і брукам, дзе снег не прытапталі, не выслізгалі.
        Алесь ішоў па тратуары. Намёрзлыя дошкі рыпелі, пішчалі, крычалі на ўсе лады. Але і на гэтае шматгалоссе немец ні разу не азірнуўся. Для яго было натуральным, што ў горадзе нехта ішоў ззаду, нехта наперадзе. На ІІралетарскай народу было больш і асфальтаваныя тратуары пачышчаны дворнікамі. Перайшоўшы мост цераз Свіслач, немец паднімаўся на Замкавую вуліцу.
        Алесь толькі тут, на пад'ёме, адчуў, як хутка той ідзе; у Алеся, знясіленага хваробай, пачалася задышка, кроў застукала ў скроні.
        Змерклася, пагасла полымя захаду, у небе загарэліся зоркі.
        Звярнуўшы на пустыры ля цёмнай каробкі опернага тэатра на пратаптаную сцежку, афіцэр упершыню азірнуўся і, здаецца, устрывожыўся, бо спыніўся, як бы чакаючы яго, Алеся. Алесь сцяміў, што не трэба спыняцца, і тым жа роўным крокам наблізіўся, пачціва саступіў у снег, абмінаючы афіцэра, павітаўся:
        — Гутэн абэнд, гэр афіцэр.
        Немецадказаў:
        — Гутэн абэнд, — і сказаў яшчэ нешта, чаго Алесь не зразумеў, але зрабіў выгляд, што зразумеў, пра што пытае пан афіцэр, іадказаў: — Я, я, нах хаўз. Фрау... Жена ждет...
        — О, жона! — сказаў немец і, відаць, пажартаваў, бо сам засмяяўся.
        На вочы трапілася менш пратоптаная бакавая сцежка, што вяла да згарэлых дамоў над Свіслаччу, і Алесь павярнуў туды, пайшоў шпарка па схіле ўніз.
        На другі дзень Алесь чакаў каля ўправы канца рабочага дня. За суткі змянілася надвор'е: мароз адлёг, неба завалакло хмарамі, церусіў мяккі снег. Таму хутчэй цямнела. Больш паспешліва разыходзіліся супрацоўнікі ўправы, нават менш жартавалі і смяяліся. Неспакойна ўсё-такі ў здраднікаў на душы, не адчуваюць яны сябе гаспадарамі ў горадзе. А вось ён, мсціўца, на здзіўленне самому сабе, быў вельмі спакойны. Гуляў па пляцы, засунуўшы рукі ў кішэні доўгага і шырокага Адасёвага паліто. Некалькі дзён назад ён надзяваў гэтае паліто з пачуццём віны перад чалавекам, які недзе ваюе па-сапраўднаму, з пагардай да сябе: прыгрэўся ля чужой жонкі, абуў і надзеў чужое... Цяпер не думаў пра гэта; паліто зручнае — лёгкае, цёплае, з глыбокімі кішэнямі, новае, з добрага драпу, яно надае выгляд забяспечанага чалавека. А хто цяпер забяспечаны? Хто працуе ў немцаў! Яшчэ дома Алесь падумаў, што рэчы чырвонаармейца на гэты раз паслужаць святой справе. Яны неабходныя, як і зброя таго савецкага паштавіка, што загінуў ад фашысцкай бомбы.
        Гуляючы пад вокнамі паліцэйскай управы, Алесь не думаў, што можа выклікаць падазронасць, затрымаўшыся на пляцы пасля таго, як разышліся служачыя. Устрывожыла, што афіцэр доўга не выходзіць, даўжэй, чым учора. Разлікі Алесевы будаваліся на нямецкай пунктуальнасці. Толькі немец мог ісці са службы так, як ішоў учора той. Пэўна, сям'ю сюды прывёз, заняў лепшую кватэру, асталяваўся назаўсёды, таму і любуецца небам над горадам.
        Афіцэр выйшаў не адзін, разам з ім былі яшчэ двое, вайсковец у форме СС і цывільны. Алесь спалохаўся: няўжо ўсе трое пойдуць разам? Не, эсэсавец і цывільны развіталіся, пайшлі ў другі бок — на Нямігу. А обер застаўся на ганку і, нацягваючы пальчаткі, хвілін колькі любаваўся, як кружаць сняжынкі, асыпаюць дрэвы ў скверы.
        Алесь толькі цяпер прыкмеціў, што дрэвы, зацярушаныя снегам, сапраўды прыгожыя. I яго зноў абразіла, што такой прыгажосцю любуецца фашыст, акупант. Абраза вывела з
        дзіўнага, нейкага бяздумна-захаладалага спакою. Ён раптам адчуў, што спакой гэты як бы існуе незалежна ад яго, а сам ён, цела яго, мозг, сэрца да крайнасці напружаныя ў чаканні таго, да чаго ён ішоў праз многія пакуты, да чаго рыхтаваўся не толькі апошнія суткі... Але да д'ябла ўсе развагі, усялякае корпанне ў душы! Ад іх пачынаюцца страх, няўпэўненасць, разлад паміж розумам і воляй.
        Засталося дзесяць, найбольш пятнаццаць, мінут да рашаючага, самага адказнага выпрабавання. Обер ходзіць хутка, даўганогі, спартсмен, напэўна. Але што гэта? Чаму ён пайшоў не туды? Па Ленінскай пайшоў, на Савецкую. А тут, у цэнтры, у будынках, што ўцалелі ад бамбёжкі і пажару, працуюць магазіны, кафэ, і на вуліцы мнагалюдна, гуляюць, безумоўна, пераважна тыя, хто не баіцца набліжэння каменданцкага часу. Калі обер зойдзе ў афіцэрскае кафэ ці кіно — усё сарвецца.
        Алесю немагчыма было прымірыцца з думкай, што можна пражыць яшчэ хоць гадзіну-дзве, а тым больш ноч, не здзейсніўшы свайго плана. У яго ж усё гатова і ўсё разлічана да апошняга кроку. I вораг, канкрэтны вораг, знішчыць якога ён атрымаў загад ад вышэйшага камандавання — свайго сумлення, — вось ён, за некалькі крокаў, ідзе з высока ўзнятай галавой, упэўнены ў сваёй непакаранасці. Нельга, каб кара была адтэрмінавана хоць на суткі. Здавалася, што ад таго, ці атрымае сваю кару менавіта гэты прышэлец, залежыць вельмі многае не толькі ў лёсе яго, сяржанта Гапанюка, але і ў лёсе арміі, народа.
        Баючыся, што обер раптам нырне ў нейкія дзверы, куды яго, тубыльца, не пусцяць (ля афіцэрскага кафэ стаіць варта), Алесь паскорыў крок і наблізіўся да асуджанага, ішоў следам за якія два-тры крокі, рызыкуючы, што сваім цяжкім дыханнем прымусіць таго азірнуцца; хоць учарашняя сустрэча адбылася ў прыцемку, але калі ў немца пільнае вока, ён па знешніх абрысах мог запомніць таго, хто ішоў за ім.
        Пра адступленне Алесь не думаў, не мог думаць, аднак і новага плана — дзе стрэліць — не меў, калі спадзяваўся на выпадак. У смяротнікі сябе не запісваў, як залічыў некалі ў лагеры. Пра ўласнае выратаванне думаў, бо цяпер, як, можа, ніколі раней, хацелася жыць.
        Сціскаў у кішэні рукаятку пісталета так, што ажно пякло далоню. Ды і ўсяго, напэўна, паліла, бо зрабілася горача. Ці такое цёплае Адасёва паліто?
        Дзе ён, той выпадак, калі з шанцам на ўласнае выратаванне можна стрэліць у гэтую ненавісную патыліцу, у вузкаватую спіну, што спружыніста гойдаецца перад вачамі?
        Людзей у адным месцы было многа — каля магазіна. А далей — менш, але калі лічыць не людзей увогуле, а салдат, то іх на вуліцы больш, чым трэба для таго, каб затрымаць аднаго яшчэ не вельмі дужага пасля хваробы і не надта спрытнага хлопца, фізкультурнікам, напрыклад, ён заўсёды быў пасрэдным — і ў інстытуце, і ў арміі.
        Афіцэр мінуў кафэ, і Алесь з палёгкаю ўздыхнуў і трохі адстаў, каб не наклікаць на сябе падазронасць якога-небудзь агента тайнай паліцыі. А калі обер перайшоў Савецкую і звярнуў на Камсамольскую, дзе на цэлы квартал усе дамы спаленыя і разбураныя, а таму і на вуліцы гэтак жа малалюдна, як на Камароўцы, як на пустыры ля опернага тэатра, Алесь зноў паверыў у сваю шчаслівую зорку. Яму яўна шанцавала. Тут такі можна выбраць месца і момант ддя помсты і ёсць дзе схавацца самому — у руінах. Маланкава ўзнік новы план. Але ўжо добра сцямнела, і трэба зноў наблізіцца, каб не прамахнуцца, рука, безумоўна, будзе дрыжаць ад хвалявання, гэта толькі здаецца, што спакойны. I вось гэтае рашаючае збліжэнне аказалася самым цяжкім. Як бы раптам не стала сілы дагнаць афіцэра; з'явілася пачуццё, якога не адчуваў дагэтуль, — нібы пакута сумлення, што трэба стрэліць чалавеку ў спіну, трэба забіць чалавека знянацку, з-за вугла. Прыйшлося зноў пераконваць сябе, што гэта не чалавек — вораг, страшны вораг, бязлітасны, а таму і да яго не павінна быць літасці. Вылаяў сябе, маўляў, мяккацелы інтэлігент, малюска. У гэтым змаганні з самім сабой прапусціў лепшыя руіны. Афіцэр звярнуў на вуліцу Карла Маркса, дзе
        ўцалелых дамоў было больш, а таму і прахожыя вырысоўваліся ў змроку рэдкай снежнай каламуці. Хто яны? Свае людзі? Немцы?
        Ды обер нечакана, не спыніўшыся, не запаволіўшы крок, нырнуў у пад'езд дома.
        Алесь кінуўся за ім, ірвануў дзверы, яны грукнулі, як выбух.
        У пад'ездзе гарэла цьмяная лямпачка. Афіцэр стаяў на першай лесвічнай пляцоўцы і абіваў пальчаткай снег з каўняра. Не, ён не схаваўся, адчуўшы небяспеку, — ён прыйшоў у госці і не мог нанесці ў кватэру макроцце. Павярнуўшыся на стук дзвярэй, убачыў нацэлены на яго пісталет і, спалоханы, не закрычаў, не паспрабаваў дастаць з кабуры свой пісталет. Выпусціў партфель і падняў рукі, здаючыся, прашаптаў збялелымі вуснамі:
        — О, майн гот!
        Алесь стрэліў двойчы, пад скляпеннем старой камяніцы стрэлы прагрымелі, як гарматныя, адгукаючыся рэхам недзе ў вышыні. Немец сутаргава схапіўся за парэнчы і паваліўся на бок, ногі яго бяссільна слізганулі па ўсходцах лесвіцы, шукаючы апоры і не знаходзячы яе. Недзе ўгары стукнулі дзверы, і нехта крыкнуў па-нямецку.
        Цяжка было не пабегчы, не кінуцца да руін, выскачыўшы на вуліцу, але Алесь прымусіў сябе пайсці спакойна. Прыкінуў, як узнімецца трывога і будзе арганізавана аблава. У доме, безумоўна, жывуць немцы, афіцэры, у іх ёсць тэлефоны, сувязь з СД, з паліцыяй. Так што можна лічыць, што трывога ўжо ўзнята. Цяпер важна вызначыць раён ачаплення і пастарацца выйсці з яго. Была моцная спакуса кінуцца ў руіны і прабірацца праз іх уніз да Свіслачы, далей ад цэнтра. Але тут жа ўспомніў пра сабак-сышчыкаў. Безумоўна, па следзе пусцяць сабак...
        Ён не толькі прачытаў усю эпапею пра Шэрлака Холмса, іншыя дэтэктывы, але многія сур'ёзныя кніжкі пра метады падпольнай барацьбы ў розныя часы, у розных умовах — пра нарадавольцаў, бальшавікоў, падпольшчыкаў грамадзянскай вайны, пра гарыбальдзійцаў, балгарскіх змагароў супроць турэцкага рабства, французскіх рэвалюцыянераў і г. д. Як, з якімі хітрасцямі гэтыя мужныя людзі ашуквалі самых вопытных сышчыкаў, арганізоўвалі ўцёкі з самых строгіх турмаў.
        Калі мінулай ноччу планаваў сваю акцыю — як заб'е фашыста, як будзе адыходзіць — каб ні двухногія, ні чацвераногія сабакі не пайшлі па следзе, — ён прыгадваў і выкарыстоўваў шмат што з прачытанага. Але змяніліся абставіны, змянілася месца падзеі. I няма часу, каб падумаць. Прыходзіцца спадзявацца на інтуіцыю. Сабакі не пойдуць там, дзе след яго затопчуць чужыя боты, чужыя пахі. Значыцца, самае правільнае — выйсці на Савецкую, цэнтральную, дзе ў гэты час яшчэ нямала прахожых.
        Было б добра схаваць пісталет, разумеў, як небяспечна хадзіць з пісталетам. Па нямецкіх загадах за адно захаванне зброі — смяротная кара. Але дзе ты яго схаваеш? Як? А пайсці на тое, каб закінуць у руіны і назаўсёды страціць зброю, ён не мог, бо гэта ўсё адно што страціць зброю ў баі. Урэшце, ён ішоў на большую рызыку, амаль не пакідаў шанцаў на ўратаванне, калі намерваўся стрэліць на вуліцы. Яму пашанцавала — афіцэр пайшоў у дом на ціхай, амаль бязлюднай у вячэрні час вуліцы.
        Алесь выйшаў на Савецкую, перайшоў на левы бок, дзе прахожых было больш — гулялі афіцэры, салдаты, жанчыны. Прыкмет трывогі ўсё яшчэ не было. Але больш за ўсё радаваў уласны спакой. Нават не спадзяваўся, што, здзейсніўшы задуму, ён будзе такі спакойны. Было адчуванне чалавека, які выканаў вельмі патрэбную, неадкладную работу, добра выканаў, па-майстэрску, і, задаволены самім сабой, уласным уменнем, выйшаў пагуляць, падыхаць свежым паветрам, палюбавацца снегам. Як прыгожа ён кружыць, снег!
        Прайшла легкавая машына з уключанымі фарамі. У іх святле сняжынкі здаваліся срэбнымі матылямі. Але машына гэтая была і першым сігналам трывогі. Вельмі хутка яна прамчала ў той бок, у цэнтр. Ён не стаў азірацца, куды машына паверне — ці не да месца
        здарэння? Паскорыў крок. Цяпер гэта можна было зрабіць — ішоў спуск да Свіслачы. Тут амаль усе спяшаліся, і не толькі цяпер, перад каменданцкім часам, але нават удзень, ён гэта прыкмеціў яшчэ ў першы свой выхад сюды, у цэнтр. Гэты спуск — што звужанае рэчышча ракі, дзе плынь паскараецца.
        Трывогу пачуў на мосце. Завылі не сірэны — грузавікі недзе на пляцы Волі, каля паліцэйскай управы. Там жа ў снежнае неба шуганулі тры чырвоныя ракеты, відаць, умоўны сігнал патрулям. Алесь зларадна падумаў, што не такая ўжо аператыўнасць і наладжанасць у акупантаў, як яны распісваюць гэта, пускаюць легенды для застрашэння людзей. Мінут дзесяць, калі не больш, прайшло ад яго стрэлу да іх трывогі, для такога здарэння, у такім месцы, дзе крыкнулі па-нямецку, — яўна замнога. Адразу за мостам ён збочыў улева ў цёмны бязлюдны завулак.
        Вольга карміла на кухні дзіця і сустрэла Алеся не надта ветліва — сказала нібыта жартам, але з яўным папрокам:
        — Доўга ты гуляеш, любы мой. Ці не да дзяўчат ходзіш? Можа, да Ленкі?
        Алесю хацелася адказаць ёй сапраўдным жартам, шчырым, каб зняць з сябе яе падазронасць, наладзіць душэўны кантакт, і ў гэтай утульнай хатняй цішыні, дзе так хораша, так мірна пахне сытнай кухняй, дзіцем, свежавымытай бялізнай, што сушыцца на кухні, — увогуле ўсім, чым пахне чалавечае жытло і жыццё, забыцца на тое, што адбылося нейкую гадзіну назад. Выканаў свой абавязак — і забыўся. Як на фронце. Але нічога сказаць не здолеў, не таму, што не знайшоў патрэбных жартаўліва-вясёлых слоў, а таму, што ўвогуле не здолеў вымавіць ніводнага слова: раптам сцяла горла, сціснула ў грудзях, зашумела ў галаве і павяло так убок, што спалохаўся, каб не страціць прытомнасць, не ўпасці. Чаму гэта? Ад хуткай хады? Пятляючы па цёмных вуліцах і завулках, ён не ішоў — бег. Канчаўся запас спакою, упэўненасці, як гаручае ў самалёце. I пасля трывогі ён думаў пра адно: як дацягнуць да базы, тут ён адчуў бы сябе ў бяспецы. I вось, напэўна, «гаручае» скончылася зусім, сіла пакідала яго. Асцярожна, як п'яны, што баіцца нарабіць грукату, ён распрануў паліто, разматаў з шыі шалік, павесіў на вешалку ў зале. Вольга, устрывожаная яго маўчаннем, назірала за ім праз дзверы, хоць разгледзець твар не магла: лямпа гарэла ў кухні, а ў зале было цёмна.
        Алесь пайшоў у свой пакой, але тут жа вярнуўся і нешта забраў з кішэні паліто, паклаў у кішэню пінжака. Гэта ўстрывожыла Вольгу; звязаўся ўсё ж з гэтымі, з Ленчынымі сябрамі, і прынёс, дурань, крамолу нейкую, за якую павесіць могуць.
        — Свецік, яшчэ адну лыжачку? А вунь, глянь, зайчык у акенца глядзіць, ці з'ела Света кашку.
        Сказала малой, каб падмануць, каб тая адкрыла роцік, а сама здрыганулася: здалося, што і праўда чужыя вочы сочаць з цёмнага акна. Ніколі нічога не баялася, а тут пачала баяцца ценю свайго. Пасядзела ў нерухомасці, падумала аб сваім цяжкім лёсе, аб сваёй душэўнай раздвоенасці. От трэба неяк інакш пагаварыць з хлопцам, каб назаўсёды выбіць з яго гарачай галавы гэтыя думкі — аб помсце немцам; ёсць каму помсціць без яго. Трэба праявіць нарэшце характар свой, ляновіцкі. А то і праўда не доўга да бяды. Калі не думае пра сябе, няхай падумае пра яе, пра дзіця. Хоць што яму чужое дзіця? Яму Сталін даражэй, маці не ўспамінае так часта, як Сталіна, загады яго.
        Вольга настроіла сябе ваяўніча, на самую суровую размову, хоць зноў не вельмі была ўпэўненая, што размова такая атрымаецца, бо не можа яна нават пагразіць яму, што выганіць з дому.
        Накарміла малую, перайшла з ёю ў залу, перанесла туды лямпу і гукнула з той грубасцю, у якой былі і жарт і пагроза:
        — Ану, ходзь сюды, даражэнькі. Пагаварыць нам трэба.
        Алесь не азваўся. Вольга занепакоілася.
        — Саша! Ці не заснуў ты? — з лямпай увайшла ў яго пакойчык. Не, ён не спаў, але ляжаў на ложку, нераздзеты, неразуты, чаго ніколі не дазваляў сабе, толькі звесіў ногі, каб не забрудзіць ботамі бялізну, а на грудзі нацягнуў скамечаную коўдру. Яго моцна калаціла ўсяго, ажно кляцаў зубамі.
        Вольга паставіла лямпу на столік і нахілілася над Алесем, спалоханая.
        — Саша, што з табой? Захварэў? Казала ж, што рана яшчэ гуляць. Божа мой, як цябе калоціць! Што здарылася?
        Што здарылася — ён ведаў, але чаму калаціць пачало так позна, зразумець не мог і таму спалохаўся — ад думкі, што няздатны, напэўна, ён да такой справы; не прыгадваў, каб з кім-небудзь з герояў прачытаных кніг пасля таго, як ён забіў ворага, рабілася такое; на дуэлі забівалі не ворага — былога сябра, і пераможца спакойна ад'язджаў ад месца падзеі... «Слабыя, значыцца, нервы, — але з няздатнасцю сваёй не мог пагадзіцца. — Нічога, загартую! Загартую. Упершыню ўсё цяжка».
        Хацеў схаваць сваю «вібрацыю» ад Вольгі, таму залез пад коўдру, спадзеючыся, што, калі сагрэецца, усё пройдзе.
        Безумоўна, аб тым, што забіў, ён ні ў якім разе не думаў прызнавацца Вользе, мог прызнацца хіба толькі Лене, ды і то пасля таго, як яна звяжа яго з падпольнай арганізацыяй.
        Але, выявіўшы такую дзіцячую слабасць, ён адчуваў сябе прыніжаным перад жанчынай, і яму захацелася неяк узвысіць сябе, сказаць ёй, што не з-за глупства, не ад насмарку, не ад таго, што спалохаўся сабакі ці патруля, яго ліхаманіць, што прычына куды больш сур'ёзная. I ён, заікаючыся. прызнаўся:
        — Я...я з-забіў не-емца... аф-фі-цэра...
        Дзіўна. Сказаў — і ліхаманка пачала сціхаць, можа, таму, што Вольга трымала яго руку, і яе рука затрымцела пасля яго слоў, зрабілася халодная.
        — Дзе? — спытала яна шэптам, як вельмі знясіленая.
        — На Карла Маркса. У пад’ездзе дома, дзе яны жывуць, — адказаў ён таксама шэптам, але ўжо зусім інакш, не заікаючыся.
        — Як?
        — З пісталета.
        — З таго?
        — З гэтага, — ён дастаў з кішэні пінжака пісталет, высунуў яго з-пад коўдры і другой рукой пяшчотна пагладзіў дула.
        Вольга пачула пах пораху ад нядаўняга стрэлу і канчаткова пераканалася, што гэта не сон, не жарт, што гэта праўда.
        — Божачка мой! Што ты нарабіў! Што ты нарабіў?! — пачала адступаць ад яго баязліва, як па мінным полі ці па гарачым вуголлі.
        А ён раптам скінуў коўдру, засунуў пісталет назад у кішэню, сказаў амаль на поўны голас:
        — Зразумей... я не мог інакш... Цяпер я пачуў сябе чалавекам... байцом... Я забіў ворага... А гэта... так, з непрывычкі, — кіўнуў ён на ложак, маючы на ўвазе ліхаманку, якую быццам пакінуў там, пад коўдрай.
        Вольга адступіла да дзвярэй, не спускаючы з яго шырока расплюшчаных вачэй, глядзела з жахам і разам з тым са здзіўленнем, бо ніколі раней не верыла, што гэты інтэлігентны, далікатны хлопчык здатны на такое, адно — словы, якія ён гаварыў, да слоў любых яна ставілася з недаверам, зусім іншае — справа, учынак. Яна адступала, уражаная і спалоханая, а Светка прытупала да Алеся, працягнула ручкі, просячы ўзяць яе. Вольга
        кінулася да дачкі, схапіла на рукі, як бы ратуючы ад яго, прыціснула да сябе так, што малая спалохана заплакала.
        — Дзіцятачка маё любенькае! Што ж гэта на нашы галовы валіцца? Якую бяду ён нам кліча? Божачка мой! Што ты за чалавек? Што ты за чалавек?
        Яна выйшла ў залу, хадзіла там вакол стала, гушкаючы малую, супакойвала, але трывога, страх, пэўна, перадаліся і дзіцяці — Светка ажно заходзілася ў плачы. У прыцемках Вольга наскочыла на крэсла, яно перакулілася, загрымела.
        Алесь вынес у залу лямпу, павесіў над сталом. Ён зусім супакоіўся і амаль радаваўся, што перамог і такога ворага, як нервовы шок, з'явіліся ўпэўненасць, сіла і такая ж рашучасць, якая была колькі гадзін назад, калі, узброены, ён выходзіў з дому.
        Відаць, Вольга адчула гэтую яго ўпэўненасць, бо спытала:
        — Што ж нам рабіць цяпер?
        — Ды не бойся ты. Калі там не схапілі, дык цяпер няма чаго баяцца.
        — Дурань ты, дурань! — вылаяла, але не злосна, не груба, цяпер у лаянцы была і пэўная павага. — Што ты разумееш? У іх сабакі, у іх сышчыкі. Ты не ведаеш, як яны шукаюць! Ды яны па следзе пад зямлёй знойдуць.
        — Каб яны ішлі па следзе, то схапілі б адразу. Я па Савецкай ішоў, міма кіно, там даўно мой след затапталі.
        — Многа ты ведаеш! Нічога ты не ведаеш! Ды сабакі праз тыдзень па следзе ідуць. I ў сышчыкаў нюх, што ў сабак, — і раптам злосна патрабавала: — Дай пісталет, я выкіну яго к чортавай мацеры! Знайшла цацку, дурная баба, ды яшчэ і вар'яту такому сказала... З чым гуляць надумаў! Дай сюды!
        — Я сам.
        Сцяміў: калі схавае яна, пісталета больш не знайсці, а расстацца са зброяй цяпер, калі зроблены пачатак, ён не мог.
        Хутка пайшоў да дзвярэй. Вольга не спыніла, хоць выходзіў ён без паліто, без шапкі.
        Ішоў снег. Гэта яшчэ больш супакоіла, хоць след у горадзе — не тое што след у лесе, але няхай будзе засыпаны і гэты ўяўны след.
        Пісталет трэба было схаваць не ад гестапа — ад Вольгі, бо найлепшы Шэрлак Холмс яна, гаспадыня. Таму ён доўга таптаўся пад паветкай, на дрывотні, у хлеўчуку, дзе Ляновічы некалі трымалі свіней, прыкідваў, дзе лепей схаваць. Засунуў быў у дровы. Не, ненадзейна, не толькі Вользе, любому старонняму кінецца ў вочы, што даўно, увосень яшчэ, складзеныя дровы парушаны. Закапаць у хляве? Але без святла не замаскіраваць раскапаны гной! Снег! Зноў надзея на снег, ён можа засыпаць і след схованкі.
        Загарнуў пісталет у анучу, сунуў у сумёт пад плотам, не саступаючы са сцежкі, успомніўшы, дзе хавала Вольга, паверыў у парадаксальны прынцып: чым бліжэй схавана, тым цяжэй знайсці. Стала холадна ў спіну, і ён падумаў, што захварэць цяпер недарэчна, і паспяшаўся ў дом.
        Вольга, апранутая як ісці на рынак — у паліто, цёплай хустцы, у валёнках, з лямпай у руках хадзіла па доме, як бы шукаючы нешта вельмі патрэбнае, без чаго нелыа пайсці на вуліцу ці нават больш — ад чаго залежалі бяспека, жыццё. А на канапе ў куточку сядзела захутаная Светка. Дзіця маўчала і не па-дзіцячаму спалоханымі вачамі сачыла за маці ці, можа, за святлом, бо, калі Вольга зайшла ў яго, Алесеў, пакой, малая неспакойна заварушылася, заплакала.
        Алесь не здзівіўся, што Вольга сабралася некуды пайсці, неаднойчы хадзіла ўвечары да суседзяў. Уразіла, што яна хоча ўзяць дзіця. Куды? Навошта?
        Вольга выйшла з пакоя, цыкнула на малую:
        — Сціхні!
        Падняўшы лямпу, агледзела сцены, абвешаныя фотакартачкамі бацькоў, братоў, сваякоў, яе ўласнымі, дзявочымі, школьнымі.
        Алесь зразумеў, што нічога яна не шукае — проста развітваецца з домам. I ўсё яшчэ не верыў, што яна можа так лёгка пакінуць нажытае дабро. З-за чаго?
        — Куды ты сабралася? — яму хацелася гаварыць гучна, спакойна, але міжволі атрымаўся шэпт, ад якога самому зрабілася брыдка.
        — Пайду да брата.
        — Цяпер? Не трэба, Воля, — папрасіў ласкава. — Падумай, што ты робіш? Цябе затрымаюць, пачнуць дапытваць... Ды і брат... што ты скажаш там?..
        — А што рабіць? Што? Скажы мне, разумнік! — зашыпела яна, падступаючы да яго з лямпай у руцэ. — Прывёў у дом бяду, а цяпер скуголіш: не трэ-э-ба, Во-о-ля, — яна злосна перадражніла.
        Адступаючы ад яе, Алесь прытуліўся плячамі да гарачай грубкі, цеплыня скаланула, як токам ударыла, але тут жа разлілася па целе дзівосным бальзамам, які расслабіў да поўнага знясілення: хлопец раптам адчуў, як страшэнна стаміўся, як моцна змерзла спіна, і грубка здалася адзіным ратункам ад любой навалы, ад любой хваробы. Гэтак вось хораша, утульна, у бяспецы ён адчуў сябе тады, калі яна, гэтая жанчына, прывяла яго ў свой дом, па сутнасці, напаўжывога ўжо, напаіла, накарміла і палажыла на гарачым лежаку, каб выграўся пасля лагера. Дзякуючы ёй ён уведаў не параўнальную ні з чым радасць першай помсты. Але цяпер ён не мае ніякага права ставіць пад удар сваю ўратавальніцу і асабліва дзіця.
        — Прасцей пайсці мне, — сказаў ён і, памаўчаўшы, паабяцаў: — Я зараз пайду, не бойся. Лічы, што я не вяртаўся, як пайшоў удзень...
        Але адарвацца ад грубкі не здолеў.
        Пасля лагера, пасля хваробы нават у цёпла апранутага ў яго вось так застывала спіна, і ён баяўся холаду.
        Вольга адразу сцішылася, адступіла, павесіла лямпу, села на канапу побач з дачкой і шырока расплюшчанымі вачамі, у якіх былі і страх, і здзіўленне, і недаўменне, і новае, незразумелае ёй самой пачуццё, глядзела на яго. Скаланула думка, што перад ёй зусім іншы чалавек, не той слабы хлапчына, які так доўга, як кажуць, дыхаў на ладан, якога яна ледзь вылечыла. Яна не заўважыла яго стомленасці, з якой пачынаецца абыякавасць. Уразіў яго спакой. Забіў чалавека, няхай сабе і немца, пакалаціўся трохі (гэта яна разумела) і цяпер стаіць, быццам нічога не здарылася, і грэе спіну...
        Ніхто яе ніколі не называў баязліўкай, усе лічаць адчайнай — пад бомбы лезла з-за скрынкі макаронаў ці анучкі нейкай. I немцаў не баялася. Як яна з імі размаўляла пры першай жа сустрэчы! Чырвонаармейца не пабаялася ўзяць у дом. Хіба не рызыкавала? Да ўсіх жахаў вайны, здаецца, прывыкла, і хоць сэрца неаднойчы ледзянела ў бяссонныя ночы ад страшных думак, яна ніколі не траціла розуму, развагі. А тут, калі пачула, што Алесь забіў афіцэра, у галаву зацямненне найшло, і страціла яна ўсю сваю разважлівасць, практычнасць, хітрасць. Асабліва запанікавала, калі ён пайшоў хаваць пісталет. Кідалася па доме, апранулася сама, захутала дачку, хоць зусім не падумала, куды яна можа пайсці. Пра брата сказала проста так, абы нешта сказаць: ісці да Казіміра не думала і, безумоўна, не пайшла б. Апошнім часам адносіны іх яшчэ больш сапсаваліся — калі Казімір праявіў «клопат» пра яе: даведаўшыся, што сястра ўзяла палоннага, прыйшоў і груба патрабаваў, карыстаючыся правам старэйшага, каб яна выкінула чырвонаармейца, завезла ў бальніцу — ён, Алесь, у той час ляжаў у гарачцы. Вольга пасварылася з братам, выгнала яго з дому, бо нікому не дазваляла камандаваць сабой, і з таго часу яны не сустракаліся, хоць васьмігадовы пляменнік разы два наведваўся: безумоўна, бацькі прысылалі ў разведку.
        Вольгу сапраўды ашаламіла і бадай абурыла, што Алесь гэтак спакойна грэецца ля грубкі. Але разам з тым яго спакой утаймаваў яе паніку, цяпер яна ўжо, напэўна, ведала, што нікуды не пойдзе са свайго дома. Аднак за ўсё, што перажыла, што паказала перад ім свой страх, захацела адплаціць яму хоць як-небудзь. Сказала амаль зларадна:
        — Што вы зробіце, такія, як ты? Смерць сабе знойдзеце? Немцы ў Маскву ўступілі.
        — Няпраўда! Хлусня гэта! — ён амаль закрычаў, адступіўшы ад грубкі. — Не слухай фашысцкай брахні! Колькі разоў яны абвяшчалі!..
        — Не, праўда! — упарта даводзша Вольга і прыдумала ў доказ тое, чаго не чула ні з нямецкіх рэпрадуктараў, ні ад шаптуноў базарных: — Маскоўскае радыё змоўкла.
        Алесь на міг спалохана асекся, як бы захлынуўся. Але занадта цвёрдая была яго вера, і ён зноў запярэчыў:
        — Фашысцкая хлусня! Ад каго ты чула? Ты сама слухала яго, радыё? Станцыю маглі разбамбіць. Але Масквы... Масквы ім не ўзяць! Зразумей ты! У Маскве — Сталін! — для яго ў той час гэта быў самы пераканаўчы аргумент, іншыя, больш мнагаслоўныя, ён даводзіў ёй неаднойчы.
        — Сабою твой Сталін заслоніць Маскву...
        — Не смей! За Сталіным — народ! Уся краіна.
        — Не крычы! Вар'ят! — прашаптала Вольга, але без гневу і страху, прымірэнча, і гэта астудзіла Алеся, ён змоўк, зноў знясілена прытуліўся да грубкі, зноў яму зрабілася холадна, цеплыня расплавіла волю і сілу. Даводзіць Вользе тое, пра што неаднойчы гаварыў, калі яна ахвотна слухала, больш не хацелася. Ён заплюшчваў вочы і... правальваўся ў бездань — засынаў. Пахіснуўся, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, што змянілася: Вольга стаяла распранутая і расхутвала малую. Панесла дачку, каб пакласці спаць.
        Спявала малой калыханку. З песняй гэтай усё вярнулася на сваё месца, бо так паўтаралася кожны вечар. Так будзе паўтарацца адвечна — калыханка і сон дзіцяці. I ён не думаў ужо, што трэба адарвацца ад грубкі і пайсці ў холад, у невядомасць, у небяспеку. Ён зноў засынаў пад словы любімага паэта, якія сам спяваў малой, — Вольга навучылася ад яго:
        Стану сказывать я сказки,
        Песенку спою;
        Ты ж дремли, закрывши глазки,
        Баюшки-баю.
        Магчыма, Вольга не вымаўляла словы песні, толькі напявала матыў, магчыма, ён сам паўтараў іх, закалыхваў сябе. Хіснуўшыся, прачынаўся, дакараў сябе, лічачы і сон свой слабасцю: усё ў яго не як у людзей, не як у герояў прачытаных кніг — то ліхаманіць, то хіліць на сон.
        Вольга паклікала гучна — загадала, як узлаваная жонка мужу:
        — Хадзі сюды! На, пакалышы гэтую караду!
        Каб канчаткова супакоіцца, Вользе патрэбна было нешта рабіць, дзейнічаць. Не пакідала трывожнае адчуванне, што нешта змянілася, хоць што канкрэтна — гэтага яна растлумачыць не магла. I яе пацягнула праверыць, ці не адбылося чагосьці незвычайнага ў наваколлі, ці не перавярнуўся ўвесь свет.
        Алесь спытаў услед:
        — Куды ты?
        Яна не адказала і не спынілася. Толькі пастаяла, стоеная, у цёмным калідоры, слухаючы, што робіцца на двары. Разумела, што каб яны прыйшлі, то загрымелі б, загрукацелі б на ўсю Камароўку, аднак усё адно выглянула з дзвярэй асцярожна, быццам вораг мог
        пільнаваць за вуглом. Гэтак жа асцярожна абышла двор, праверыла, ці няма на свежым снезе слядоў. У цёмны хлеў заглянуць пабаялася, толькі памацала завалу. Паслухала вячэрні горад. Ён не бьгў мёртвы, ён жыў стоеным жыццём. Тут, на Камароўцы, дзесьці на суседняй вуліцы мірна рыпелі сані і бадзёра фыркаў конь. А недзе там, у цэнтры, на Савецкай, гучна іграла нямецкая музыка. Заваёўнікі весяліліся. Магчыма, праўда, у іх свята? Крычалі ж нядаўна ў гучнагаварыцель на рынку, што доблесныя войскі фюрэра ўступілі ў бальшавіцкую сталіцу. Вольга не была ў Маскве, але ад думкі, што ў Маскве — немцы, у яе балюча сціснулася сэрца, ні за адзін горад так не сціскалася. I раптам яна амаль узрадавалася ад думкі, што не хто іншы, а ён, яе Алесь, сапсаваў немцам свята, калі не ўсім, то некаторым, пэўна. Няхай жонка таго, каго няма ўжо, бацькі яго прачытаюць жалобнае паведамленне пад пераможную музыку. Як яна прагучыць для іх — гэтая музыка! Падумаўшы так, яна і сябе адчула як бы пераможцай. Адчыніла брамку і ўжо смела выйшла на вуліцу. Захацелася гаспадыняй прагуляцца па Камароўцы. Праверыць сваю раптоўную смеласць. Калі ён, Алесь, мог зрабіць такое, то чаму яна не можа прайсціся па вулщы, на якой нарадзілася, вырасла? Напляваць ей на каменданцкі час, на патрулёў! Ёй трэба агледзець не толькі свой двор, ёй трэба агледзець усю Камароўку! Няхай ведаюць, што Ляновічыха ніколі баязліўкай не была і не будзе. Калі ўжо рызыкаваць, то да канца!
        Мабыць, сапраўды яна мела выгляд гаспадыні, бо нават паліцай у чорным шынялі пачціва саступіў са сцежкі ў снег і павітаўся; яна яго не пазнала, а ён, відаць, яе ведаў па рынку. Хто тут не ведае Ляновічыхі?
        Дайшоўшы да завулка, дзе жылі Бароўскія, Вольга адчула моцнае жаданне зайсці да іх. Яна ж даўно не была, спачатку з-за сваёй дурной рэўнасці, а пасля невядома з-за чаго. А дарэмна. Яна ж увесь час перакананая, што Бароўскія ведаюць больш, чым усе астатнія камароўцы і ўвогуле мінчане, а таму і жывуць інакш — бедна, але ўпэўнена. I цяпер ёй здалося, што толькі ад Бароўскіх яна можа пачуць нешта такое, ад чаго шмат што прасвятліцца, бо ў галаве ў яе ўсё яшчэ каламуць. Нават здавалася, што і пра сённяшняе здарэнне ў горадзе Бароўскія ўжо нешта ведаюць, хоць разумела недарэчнасць такога адчування: як, адкуль, якім чынам? Прайшло ж усяго нейкія дзве гадзіны, не больш.
        Здзівілася, што ў Бароўскіх не зачыненыя ні брамка, ні дзверы: заходзь хто хочаш, нікога не баяцца — ні зладзеяў, ні ўлады. Вольга ў сенцах пастукала ботам у сцяну, але ніхто не азваўся, хоць у хаце гудзелі галасы і зрэдку гучаў малады смех: смяяўся Ленін брат — Косця, вучань дзевятага класа, хадзіў бы ў дзесяты гэтай зімой.
        Бароўскія ўсёй сям'ёй сядзелі вакол стала і... гулялі ў карты, у дурня. Сам стары, Лена і хлопцы, Косця і дванаццацігадовы Андрэй. Тут жа сядзела іх маці, Мар'я Паўлаўна, і, начапіўшы акуляры, латала нейкую світку.
        На стале гарэла газнічка, выгарала даволі смярдзючае масла, нейкі нямецкі сурагат.
        Убачыўшы нечаканую госцю, прыкметную трывогу выявілі Лена і маці, Лена ажно паднялася насустрач і ўсім выглядам сваім маўкліва пыталася: што здарылася? Такімі ж шырока расплюшчанымі вачамі глядзела і Мар'я Паўлаўна, рука яе з іголкай застыла ў паветры.
        Вольга супакоіла іх:
        — Зайшла праведаць: як вы тут? Даўно вас не бачыла. Удзень — няма калі, а ўвечары — баімося вылазіць са сваіх нораў.
        — Табе чаго баяцца? — нядобразычліва кіўнуў Косця. — З немцамі ты нюхаешся...
        — Ну, ты, брат, гасцей так не страчай, — паблажліва ўпікнуў сына стары Бароўскі.
        Вольга адзначыла, што наборшчык яшчэ больш ссутуліўся, схуднеў, палысеў, але жвавасці, весялосці не ўбавілася ні ў руках, ні ў словах, ні ў вачах, быццам па-ранейшаму
        яму жывецца ў дастатку і шчасліва. Хлопец і стары не спынілі нават картачнай гульні. Косця крычаў на ўвесь дом, з прыціскам, з вялікім размахам б'ючы пацёртай, зашмальцаванай картай:
        — А я вашага Гітлера лейтэнантам казырным! Во так! А што, здаўся? Аж чолка аблезла. Будзеш ты біты заўсёды, паразіт!
        — Косця, не распускай язык! — строга папярэдзіла маці.
        А Пятро Іларыёнавіч смяяўся:
        — Лена, давай, што ў цябе там ёсць? А то гэтыя чырвоныя казакі ціснуць мяне. Зноў, глядзі, генеральскага ўкінуць.
        — А-а, вы хочаце на нас Герынга спусціць, што сабаку з ланцуга! Тожа мне туз! Чыхаў я на такога туза!
        — Косця!
        — Маўчу, мама. А што, баішся, што Ляновічыха данясе? Андрэйка, спаліш яе дом, калі мяне пасадзяць. А-а, у вас яшчэ васьмёрачка? Паб'ём і яе.
        Вольга ўспыхнула, балюча ёй зрабілася ад такой абразы ў сям'і, у якую яе прывялі самыя добрыя пачуцці. Вельмі захацелася ўляпіць гэтаму шчанюку — словамі, прызнаннем, што калі не сама яна, то з яе дапамогай, яе зброяй зрабілі нешта большае, чым робіць ён, бадзяючыся па горадзе. Але прыкусіла язык, надзьмулася.
        Лена абурылася:
        — Парасё ты, Косця! Вольга — мая лепшая сяброўка.
        — Ды ну? — здаецца, шчыра здзівіўся Косця.
        — Нарву вушы, Кастусь, — пагразіла маці і, каб загладзіць неяк няёмкасць, уступіла Вользе свой табурэт. — Сядай, Волечка. Не звяртай увагі на гэтага пустамола. Па ім папруга даўно хадзіла. Як табе жывецца, Волечка?
        — Ай, цётка, жывецца, як гароху пры дарозе. Вунь што мне Косця кідае. А я чырвонаармейца ад смерці ратавала. А ты што зрабіў, казёл ты бязрогі? — кінула Вольга Косціку, але той не прыняў выкліку, нават за казла не пакрыўдзіўся, хоць гэта была яго школьная мянушка.
        — А я табе, даражэнькая сястрычка, во гэтую бубновую пані яшчэ падсуну. А што? Міма? Андрэй, аддай ім сваю сямёрку. Няхай радуюцца.
        — Ну і бандыты ж! — круціў лысай галавой і смяяўся Бароўскі. — Дзе толькі, чэрці, так насабачыліся? Сёмы раз у дурнях пакідаюць.
        — Да дзесяці дагонім — палезеце пад стол.
        — Так я табе і палезу. Разяўляй рот, — сказала Лена.
        — А ўгавор? — закрычаў малы Андрэй. — Як дамаўляліся?
        Вольга расшпіліла паліто, скінула з галавы хустку. Нягледзячы на абразу, яе раптам апанавалі весялосць і карцёжны азарт: забыцца ў гульні на ўсё, як, напэўна, забываюцца Бароўскія.
        — Ану, дай, Лена, я партыю скіну. Пакажу гэтым хліпкачам, як трэба гуляць.
        — Ух ты, якая сіла! — прытворна жахнуўся Косця. — Сам фельдмаршал Бош, каторы вош.
        Гуляла Вольга ў падкіднога добра, як, дарэчы, і маці яе: лепшых камароўскіх карцёжнікаў некалі ў дурнях пакідалі.
        Першыя ж хады прымусілі Косцю задумацца; ён перастаў балбатаць. засвістаў мелодыю «По долинам и по взгорьям...».
        Лена стала за спіной у бацькі і падказвала яму хады. Косця, адчуўшы пагрозу, узлаваўся.
        — Андрэй, не паказвай ёй карты. А ты яшчэ раз падкажаш — прышчамлю дзвярамі нос, — пагразіў ён сястры.
        Пэўна, каб вярнуць ранейшую весялосць, Пятро Іларыёнавіч нагадаў:
        — Ды, кажаш, Косця, прыходзь увечары?..
        — Але, — засмяяўся Косця, і следам за ім засмяяліся ўсе Бароўскія, нават маці, якая перасела на канапу і, робячы выгляд, што нашывае латку на рукаў світкі, у сапраўднасці пранікліва разглядала Вольгу, быццам хацела па твары яе, па вачах, па тым, як яна гуляе, як смяецца, разгадаць яе думкі таемныя, яе сутнасць; Вольгу гэтае разглядванне трохі бянтэжыла.
        Стары растлумачыў ёй, з чаго яны смяюцца.
        — Сёння Косця гуляў па Някрасава і пачуў, як адна цётка цераз вуліцу крычала другой: «Насця, прыходзь увечары да нас, Антона ў партызаны будзем праводзіць!»
        — Я ажно сеў пад плотам, — засмяяўся Косця. — Думаў: спектакль чую. Не, сур'ёзна. «Добра, кажа, прыйду». — «I старога вядзі. Шклянкі прыхапіце, а то ў нас не хопіць на ўсіх».
        — Як табе падабаецца? — спытаў Бароўскі ў Вольгі са смяшынкамі ў вачах, але сур'ёзна і дапытліва, зазіраючы ў вочы, можа, праз тое, што Вольгу гэтая прыгода не рассмяшыла так, як усіх іх.
        — Дурная баба, — асудзіла незнаёмую Мар'я Паўлаўна.
        Стары павярнуўся да яе, запярэчыў:
        — Дурная, кажаш? Ой не, маці. Людзі жывуць па сваіх законах. Неасцярожная — то гэта праўда.
        Сказаў ён пра неасцярожнасць — і Вольга адразу ж падумала пра Алеся, пра яго неасцярожнасць, і сэрца трывожна сціснулася. Навошта Бароўскія расказваюць ёй, што нейкі Антон збіраецца ў партызаны, ды яшчэ выстаўляюць, як напаказ, сваю весялосць? Не вельмі яна паверыць, што ім так весела з-з гэтага выпадку, такі манюка, як Косця, мог і схлусіць, сам можа выдумаць што хочаш.
        Вольга і стары далі хлопцам «дурня». Па ўмове хлопцы павінны былі за першага «дурня» атрымаць пстрычкі па носе. Андрэй спрабаваў аспрэчыць законнасць экзекуцыі: гуляла не Лена, а Вольга. Але Косця згадзіўся, што раз яны прынялі такую замену, то мусяць трываць, нічога не зробіш.
        Пстрычкі давала Лена. Андрэйку яна пашкадавала і пстрыкнула лёгенька, для выгляду, а Косціку ўляпіла такога «жолуда», што ў таго пырснулі з вачэй слёзы і пачалося чыханне.
        — Ну, зараза, і б'еш, не пальцы, а рагатка. А я цябе называю сваёй любімай сястрой.
        Стары Бароўскі адваліўся на спінку крэсла, закінуў назад галаву і заліваўся смехам, як дзіця. Цяпер ужо і Вольга паверыла, што смяецца ён шчыра, і ёй таксама зрабілася смешна, хораша, утульна ў гэтай сям'і, яна пашкадавала, што з пачатку вайны амаль ніколі не гасціла ў Бароўскіх вось так, па-суседску; заглядвала разоў колькі на кароткі час. Мар'я Паўлаўна любоўна глядзела, як смяюцца муж, дачка, і дакорліва ківала галавой, як бы кажучы: якія вы ўсе яшчэ дзеці!
        Гулялі другую партыю. Косця зрабіўся засяроджаны, маўклівы, не балбатаў больш, толькі свістаў, таму даваў астатнім магчымасць пагаварыць.
        Мар'я Паўлаўна спытала:
        — Як там твой нябога, акрыяў трохі?
        — Гуляе ўжо. У горад хадзіў. Да людзей ірвецца, працу хоча шукаць. А я кажу яму: навошта табе працаваць на немцаў? Памагай мне.
        Косця хмыкнуў:
        — Адкрый гандлёвую фірму «Вольга Ляновіч і кампанія...».
        — Косця, палучыш па губах, — асек хлопца бацька.
        Вольга не пакрыўдзілася.
        — А што ты думаеш? I адкрыю. Хочаш, у кампанію вазьму?
        — Капіталаў не маю.
        — Зазывалам будзеш. Крыкуном.
        — А што, з'еў, сын? — засмяяўся Пятро Іларыёнавіч.
        А маці, пэўна, не падабалася, што Вольга такой думкі пра яе сына — жартаваць жартуй, але ведай меру, таму адплаціла ёй:
        — Не баішся, што Адась, калі вернецца, прыраўнуе? Людзі могуць нагаварыць, чаго і не было.
        — А ўсё было, цётка, — і сама здзівілася з такога нечаканага прызнання, але была задаволеная сабой, сваёй рашучасцю і пасміхалася, як збянтэжыла Бароўскіх. Дадала: — I будзе.
        Лена дык ажно застыла з картамі ў руках, без таго шырокія вочы на худым твары зрабіліся па яблыку. А маці жахнулася: глядзела на яе, як на злачынцу.
        «Што, з'ела?» — падумала Вольга словамі Бароўскага.
        — Вой, Волечка! — і міргнула, паказваючы на хлопцаў: не трэба пры іх.
        Але нават Косця, заняты гульнёй, не дапяў, што да чаго.
        — Ды я ўжо нічога не баюся!
        Бароўскі паглядзеў на яе без ухмылкі на твары, нават у вачах яго не было ніводнай смяшынкі — толькі цікаўнасць.
        — Праўда, такой смелай стала?
        — А што мне!
        — Смеласць, Вольга, павінна быць разумная.
        — А хто ведае, дзе яна разумная, а дзе дурная. Хіба пра яе думаеш загадзя? Яна, як і страх, прыходзіць, калі не думаеш, не чакаеш. Заказаць жа яе няможна, смеласці. Ніхто яе не шые, ніхто не прадзе.
        — А ты ўсё хочаш купіць? — не стрываў Косця — шпігануў. — На. Пабі Чэрчыля. Ага, не можаш? Чаму? Саюзнік! Антона праводзім... Ведаеш куды? То-та. Андрэй! Заходзь з левага фланга! Так, малайчына! Вораг акружаны. Ура! Апошні рашаючы ўдар. Хэндэ хох! З'елі? Лезьце пад стол усе трое.
        Косця па-дзіцячаму радаваўся перамозе.
        А Вольга пагаварыла пра смеласць, пра страх, і ён тут жа з'явіўся, страх, ударыў у сэрца: яна гуляе ў карты, весяліцца, а там, можа, дзіця забралі, такі смех не на дабро. Падхапілася.
        — Пабягу. А то яшчэ на патруля наскочу. Света карадзілася, не засынала. Пакінула Сашу калыхаць... Прыдбала сабе няньку, — пасміхнулася, знарок нагадваючы сваё прызнанне.
        Лена накінула на плечы клятчастую хустку-плед і выйшла яе праводзіць. На вуліцы, пераканаўшыся, што навокал ні душы, спытала:
        — Ты нешта хацела сказаць, Волька, па вачах тваіх бачыла?
        — Я? Усё, што хацела, сказала.
        — I спытаць нічога не маеш? — ужо зусім таямніча зашаптала Лена.
        — А што?
        — Ёсць такая навіна!
        — У цябе? — усумнілася Вольга.
        — Гітлеру далі па мордзе.
        — Хто?
        — Нашы. Пад Масквой. Гоняць яго, гада, назад.
        Вольга засмяялася голасна, на ўсю вуліцу, Лену ажно спалохаў яе смех: вельмі радасная навіна, але каб так смяяцца, пачуўшы яе...
        — Патруля наклічаш.
        — А я падумала — папраўдзе хтось пляснуў па яго брыдкіх вусах, — закрыўшы рот хусткай, смяялася Вольга, сама разумеючы, што гэта нервовы смех ад душэўнага напружання. Раптам усё, што адбылося за дзень, звязалася ў адзін вузел: нямецкія гучнагаварыцелі на рынку, Алесеў стрэл, незвычайная для такога часу весялосць Бароўскіх. Цяпер зразумела, чаму яны такія вясёлыя!
        — Дурная, гэта ў тысячу разоў важней. Армію яго пагналі, — гарачым шэптам даводзіла Лена. — Заўтра прынясу паведамленне Саўінфармбюро, хлопцы прынялі тваім прыёмнікам.
        Вольга абняла Лену, упершыню з пачатку вайны прымаючы яе як найлепшую сяброўку: ад замілавання і пяшчоты хацелася заплакаць, спазмы сціснулі горла. I захацелася з такой жа шчырасцю пра ўсё расказаць ёй. Але стрымалася. Пацалавала Лену тройчы, горача, шчыра, потым жартаўліва адпіхнула і пабегла са спрытам падлетка. Бегае як апантаная, палохаючы людзей за зачыненымі аканіцамі грукатам ботаў па ўтаптаным снезе, па абледзянелым дашчаным тратуары, які галасіў і страляў. Бегла са страхам — ці не здарылася чаго дома? — і з радасцю, што нясе яму, Алесю, любаму вар'яту, такую радасць у такі дзень. Хацела верыць, што ўдачы, як і няшчасці, ходзяць разам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.