РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
III
        
III

        
        Вольга ўвайшла ў дом і на кухні загрукала намёрзлымі ботамі аб падлогу, збіваючы снег, захукала на рукі. Не адчыняючы дзвярэй у пакой, бо пачула, што да іх прытупала Светка і клікала маму — не прастудзіць бы дзіця! — сказала гучна, каб пачуў жыхар:
        — Сапраўдная зіма. Гэта ж трэба, так рана. Як на гора...
        — Каму на гора? — спытаў Алесь і паклікаў малую: — Свецік, ходзь сюды, а то там зюзя, дзед-мароз прымарозіць пальчык.
        Але дзяўчынка барабаніла кулачкамі ў дзверы і патрабавала:
        — Дай, дай! — што значыла: дай маму!
        Вольга сціхла, застыла з узнятымі рукамі, бо пачала развязваць хустку, прыслухалася. Слухала яна не дачку. Ёй здалося, што голас хлопца пачуўся не з таго месца, дзе належала быць хвораму, — у спальні яе бацькоў, на іх шырокім драўляным ложку, што займаў палавіну цеснага пакойчыка — а бліжэй, адразу за дзвярамі, у зале, як называлі пярэдні пакой, дзе тупала Света. Вольга скінула халоднае паліто, асцярожна адчыніла дзверы ў залу і не падхапіла, як звычайна, Светку нарукі, бо вельмі здзівілася. Сапраўды, хворы стаяў перад люстрам вялікай, з чырвонага дрэва шафы і галіўся.
        Яго вайсковае адзенне, падранае, забруджанае, яна абдала варам, каб забіць вошай, памыла, папрасавала, пакуль ён быў у непрытомнасці, і без яго дазволу прадала на
        «таўчку», разважыўшы, што вайсковае яму цяпер без патрэбы, больш таго, хадзіць у ім па горадзе небяспечна, выкінуць жа пашкадавала: у яе нічога не прападала марна. Калі ж пачаў ачуньваць, Вольга дала яму адзенне мужа, але пры ёй Саша ні разу яшчэ не адзяваўся.
        А цяпер ён стаяў перад люстрам у жоўтых чаравіках, у чорных Адасёвых штанах, у белай сарочцы, вялікай на ім, таму здавалася, што там, пад сарочкай, няма цела, адно паветра. Ды і ўвогуле ўвесь ён як бы прасвечваўся, ажно ззяла вакол яго — вакол сарочкі, вакол смяртэльна-белага твару, над белымі валасамі. Каб не старая, яе бацькі, брытва ў яго руцэ, Вользе, трохі набожнай, магло б здацца, што ў вобразе ўратаванага ёю чалавека — бесцялесны анёл. Не адразу яна сцяміла, што такі незямны выгляд хлопец мае не толькі ад таго, што схуднеў — зусім высах, нябога, але і ад святла, што падала з вокнаў праз цюлевыя гардзіны. Уначы выпаў снег, і моцна падмарозіла. Нечаканая зіма ў пачатку лістапада. Снег пакрыў зямлю, асеннюю чарнату яе. Вользе з самай раніцы здавалася, што снег пакрыў усю гразь, бруд, усю жудасць, якую зрабілі на зямлі людзі. Таму анёльскі выгляд мае ахвяра гэтай жудасці.
        Алесь збянтэжана і вінавата ўсміхнуўся ёй.
        — Прабач... я знайшоў брытву без дазволу... твайго, — ён каза ў ёй ужо «ты», але кожны раз яму як бы рабілася няёмка за гэта.
        Вольга адразу ўсхвалявалася і затрывожылася, як толькі ўбачыла яго на нагах.
        — Навошта ты падняўся? Нельга ж табе яшчэ. Такі слабенькі... Мог бы самлець... з брытвай.Упасці. А тут дзіця...
        — Ды не, нічога, як бачыш, стаю. Спачатку галава кружылася.
        — Што цябе падняло?
        — Свята ж сёння, Вольга Міхайлаўна.
        — Якое свята?
        — Як якое? — здзівіўся і неяк дзіўна сумеўся і разгубіўся хлопец. — Вялікага Кастрычніка... — Не мог ён нават падумаць, што нехта з савецкіх людзей мог забыцца на гэтае свята, дзе б ні сустрэў яго: на фронце, у акупацыі, у лагеры палонных. I яго страшэнна ўразіла, калі Вольга абыякава працягнула: «А-а», — і занялася малой — падхапіла на рукі, выцерла ёй прыполам спадніцы носік.
        Не ўбачыла Вольга, як ён стаяў гэтую хвіліну, апусціўшы руку з брытвай, бледны, раптоўна знясілены, сапраўды мог упасці, бо кроў ударыла ў галаву, зашумела ў вушах. Не, у яго хапіла сілы пакласці брытву на стол, побач са сподачкам з малюсенькім кавалачкам мыла і намыленым пэндзлем. Празрысга-бледныя, упалыя шчокі загарэліся хваравітым агнём — не пунсовым, фіялетавым нейкім.
        — Нельга так, Вольга... Нельга!
        А яна ўжо забылася, а таму не зразумела адразу:
        — Што нельга?
        Алесь ступіў да яе, падняў руку, быццам хацеў замахнуцца на яе, але толькі мякка і ласкава дакрануўся да дзіцяці.
        — Нельга забывацца на тое, што нам самае дарагое. На свята наша самае вялікае і... на ўсё, за што ваявалі нашы бацькі... Нельга. За гэта аддалі жыццё... лепшыя людзі рабочага класа... Ленін... Што ў нас тады застанецца? За што будзем ваяваць з фашызмам? З чым пойдзем у бой?.. Што застанецца ёй, калі мы на ўсё забудзем? — паказаў ён на малую, а той здалося, што ён кліча яе да сябе, і яна працягнула ручкі, згодная пайсці ад маці да яго.
        Вольга застыла, ашаломленая. Словамі яго. Чула яна падобныя словы, але ніхто і ніколі не гаварыў іх так, як ён, гэты хворы юнак, так горача, так шчыра. Часцей за ўсё словы такія гаварылі з трыбун, па радыё, а ён гаварыў ёй адной, і яго ажно ліхаманіла, ажно загарэўся
        ўвесь, і голас дрыжаў ад слёз. Пачула яна ў словах і іншае: ён кідаў папрокі ёй — за жыццё яе такое, за гандаль. Яна пачула такі папрок у многа разоў паўтораным «нельга так». Што нельга? А можа, можна? На міг Вольга ўзлавалася: гэта ён так за тое, што яна зрабіла для яго? Ах ты, казяўка! Хацелася секануць: «Пайшоў ты, неданосак! Чаму ж цябе твае не ратавалі? Чаму яны драпнулі, народ у бядзе пакінулі?»
        Але ён працягваў гаварыць усё так жа горача. Не, ён не дакараў яе, ён прасіў, маліў зразумець, што так нельга, што нельга сагнуць галаву і чакаць, калі табе на шыю надзенуць хамут, што лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях, так сказала Далорэс Ібаруры. Вольга ўспомніла, што чула гэтыя словы, калі яшчэ вучылася ў школе, а фашысты напалі на іспанскі народ. Хоць і іх часта паўтаралі, але тады яны не краналі яе, а цяпер, пачутыя з вуснаў чалавека, які ледзь выкараскаўся ад смерці, неяк нязвыкла, па-новаму ўсхвалявалі. Безумоўна, фашысты — нелюдзі, звяры, жыць пад імі ўвесь час яна таксама не згодна. Каб Светку яе, калі вырасце, павезлі на чужыну нявольніцай, надзелі хамут... О не! Але няхай іх разаб'е наша армія, без арміі ніхто нічога ім не зробіць, так яна думала. Словы Алесевы кранулі яшчэ і таму, што гарачнасць давяла яго да знямогі, і ён пахіснуўся, напэўна, паваліўся б, каб яна не падхапіла.
        Трымаючы адной рукой дзіця і абняўшы яго другой, павяла ў бакоўку.
        — Ох, горачка маё! Казала ж, што не трэба падымацца было. Бачыш, зноў распаліла. Колькі там таго цела, няма чаго і паліць.
        Алесь паслухмяна лёг на ложак, паглядзеў на яе ўжо іншымі вачамі — вінаватымі, папрасіў:
        — Прабачце, — зноў на «вы».
        Вольга прывыкла да яго прабачэнняў, але, бадай, ніводнае не збянтэжыла яе так, як гэтае. Не ведаючы, што адказаць, яна спытала жартаўліва:
        — Пагаліўся хоць?
        Алесь стомлена плюснуў вейкамі.
        — А я думала, што ты яшчэ не голішся. Таму не прапанавала брытвы. Здавалася, нічога ж не расце. Так — рудзенькі пух. А пагаліўся — і праўда папрыгажэў. Хоць жані цябе...
        Але вочы ў яго патухлі. Не да жартаў яму было.
        Вольга кожны раз палохалася, калі пасля ўзбуджанасці, ліхаманкавага бляску вочы ў яго вось так патухалі, як у нежывога.
        Вольга разула чаравікі — ён не супраціўляўся.
        — Штаны памагчы зняць?
        — Не... не... Што вы!.. Я сам.
        Вольга помніла, як страшэнна ён засаромеўся, калі апрытомнеў і зразумеў, што колькі дзён яна даглядала яго, як даглядае санітарка ў бальніцы цяжкахворага. Такая юнацкая цнатлівасць кранала Вольгу, яна паблажліва дазволіла, як малому:
        — Добра, паляжы так. Адпачні. Я накрыю цябе коўдрай. Не так цёпла ў нас, каб ляжаць у адной сарочцы... пасля такога запалення... Я табе Адасёў світэр дам, раз ты ўжо паднімаешся.
        Тая акалічнасць, што хлопец гэты ў першы ж дзень на волі моцна захварэў (безумоўна, быў і раней хворы, толькі трымаўся ў лагеры з апошніх сіл, бо там зваліцца — смерць), памагла пэўным чынам і Вользе, і яму: як кажуць, не было б дабра, ды бяда памагла.
        Такое хворае хлапчо (пад коўдрай — падлетак з выгляду), да якога дні чатыры не вярталася прытомнасць, непрыкметна і амаль натуральна прыжылося ў яе. Паліцай, што заглянуў у тыя дні на «калым» — па шклянку самагонкі, магчыма, убачыў каля яго ложка смерць, што сапраўды неадлучна дзяжурыла там, таму не стаў нават распьггваць, задаволіўся кароткім тлумачэннем: «Пляменнік прыехаў з вёскі і захварэў. Баюся, як бы не
        тыфус». Тыфус прымусіў Друцьку хутчэй пакінуць дом і не заляцацца да яе.
        Суседзі, праўда, употай шапталіся, што Ляновічыха падабрала чырвонаармейца, які паміраў ужо, таму немцы выкінулі яго з лагера — бяры хто хоча (людзі яшчэ верылі хоць у малюсенькую чалавечнасць немцаў) — і цяпер выходжвае смяртэльна хворага чалавека, як уласнае дзіця.
        Адны не адразу верылі гэтаму, другія здзівіліся, трэція — ухвалілі, гаварылі, што яны даўно прыкмячалі, што Вольга не ў маці пайшла па душэўных якасцях сваіх — у бацьку, а стары гарбар Ляновіч пражыў сваё жыццё сумленна, камерцыяй і ашуканствам не займаўся і заўсёды стараўся памагчы людзям. Ва ўсякім разе, Вользін учынак быў ёй на карысць, ён у пэўным сэнсе рэабілітаваў яе ў вачах тых, хто цішком кідаў ёй услед, калі яна ішла, нагружаная вузламі на рынак: «Гандлярка! Нямецкая шлюха!»
        Праўда, каб яна прывяла ў дом здаровага мужчыну, то яшчэ невядома, што маглі б сказаць і падумаць, хутчэй за ўсё наўрад ці паверылі б, што ратавала яна палоннага з патрыятычных меркаванняў. А так паверылі, бо цётка Марыля расказвала, у якім стане хлопец і як Вольга лечыць яго.
        Сорамна было Вользе думаць пра гэта, але сапраўды атрымлівалася так, што хвароба Алесева памагала ёй, таму, пэўна, нараджалася дзіўная прыхільнасць да яго і своеасаблівая ўдзячнасць. Усё так добра складвалася, быццам ён прыносіў шчасце. Друцьку яна сказала пра пляменніка проста так — ад нечаканасці з'яўлення паліцая, бадай, ад страху, пабаялася прызнацца, што ўзяла хлопца з лагера. Расказала пра гэта Лене, а тая праз два дні прынесла даведачку на імя Аляксандра Ляновіча са Случчыны, што ён нібыта ляжаў у бальніцы з вельмі незразумелай хваробай, па-лацінску напісанай. Цяпер Вользе належала тлумачыць, што гэта сапраўды яе пляменнік, што лячыўся ён у цывільнай бальніцы, але з надыходам маразоў там усталяваўся такі холад, што хлопец у дадатак да сваёй хваробы схапіў крупознае запаленне лёгкіх. Такі дыягназ паставіў доктар, якога Лена прыводзіла: запаленне і моцнае знясіленне, дыстрафія.
        Друцька спытаў на рынку:
        — Як твой пляменнік? Ачуняў?
        — Не ачуняў, але, дзякуй Богу, не тыф, запаленне.
        Паліцаі, ажно трое, у той жа дзень прыпляліся па пачастунак. Паглядзелі на Алеся, які ўжо апрытомнеў, але ад слабасці ледзьве слова мог вымавіць, падбадзёрылі:
        — Нічога, будзеш жывы. Ачуньвай. У паліцыю возьмем. Людзі нам трэба.
        Вольга ад радасці пачаставала іх шчодра. Падвыпілі, але з лапамі не лезлі: сорамна ўсё ж ім, паразітам, пры хворым чалавеку нахабнічаць, цёткі Марылі не саромеліся, а хворага пасаромеліся. I гэта таксама падабалася Вользе і дадало яшчэ крупінку нечага добрага да хворага — павагі, сімпатыі.
        Здзівіла яго гарачнасць у размове аб свяце і крыўда, што яна забылася на такое свята, самае вялікае, самае дарагое — для яго. Здзівіла і ўсхвалявала.
        Праўда, здзіўляе ён не ўпершыню. Дзён колькі назад, калі трохі акрыяў, ва ўсякім разе, вочы зрабіліся нармальныя, не з таго свету глядзелі на яе, Вольга спытала ў яго між іншым, так пытаюць ва ўсіх хворых, калі заўважаюць, што яны ачуньваюць:
        — Можа, табе яшчэ што трэба? Кажы, не саромейся, Саша.
        Хворы на момант задумаўся.
        — Кнігі. Ёсць у цябе кнігі?
        — Кнігі?
        Вельмі яна здзівілася. Не паверыла нават адразу, каб у чалавека, што толькі выкараскаўся ад смерці, першай патрэбай сталі кнігі.
        Кніг у Вольгі не было, адно Евангелле матчына засталося, але гэтую кнігу яна
        прапанаваць не магла, бо адчувала — пакрыўдзіцца хлопец, камсамолец жа, безумоўна. Былі ў доме падручнікі, часопісы — яна спаліла іх у грубцы, каб далей ад граху, а то, чаго добрага, яшчэ пацягнуць немцы, хаваць не стала, хапала больш каштоўных рэчаў, якія прыйшлося закопваць у цёмныя ночы на гародзе ці хаваць у паграбах.
        Між іншым, Алесь нічога не сказаў, але — па вачах убачыла — здзівіўся, што ў доме няма ніводнай кнігі. Вольгу нават трохі пакрыўдзіла гэтае здзіўленне: падумаеш, шчасце — кнігі!
        — Якія табе кнігі трэба? — спытала яна.
        — Добра было б паэзію. Класіку. Пушкіна. Лермантава. За класіку не бойся, яны не прычэпяцца.
        Пра жаданне яго Вольга сказала Лене. I зноў яе зачапіла за жывое, што Лену гэта нічуць не здзівіла, быццам яна ведала наперад, што іншай патрэбы ў хлопца не магло ўзнікнуць.
        Праз дзень ці два Лена прынесла кнігу — тоўсты томік у самаробнай, з жоўтага кардону вокладды, на ёй хімічным алоўкам было напісана: «Аляксандр Блок».
        Вольга не чула раней пра такога пісьменніка.
        — Немец, ці што? — спытала яна ў Лены.
        — Ды не, наш, рускі. Але сімваліст, — адказала Бароўская.
        Вольга прыгадала, што, здаецца. у восьмым класе настаўнік літаратуры, сам паэт, нешта расказваў ім пра нейкіх сімвалістаў, але прайшло так многа часу і так многа падзей у жыцці, што яна ўсё забылася, для яе гэта пустыя гукі — сімвалісты, рэалісты.
        Алесь спаў, калі Лена прыходзіла. Вольга пасля, увечары, з некаторай нават урачыстасцю, як падарунак імянінніку. паднесла яму кнігу.
        Вокладка, магчыма, яго трохі збянтэжыла. Але разгарнуў кнігу і — як бы сустрэўся з даўнім добрым сябрам, ажно заззяў увесь.
        — Блок! Божа мой! Блок. Дарэвалюцыйнае выданне. Дзякуй вам.
        Вользе была прыемная такая яго радасць, і яна не сказала, што кнігу прынесла Лена Бароўская, няхай, маўляў, думае, што не хто іншы, сама яна выбрала якраз жа тое, што яму падабаецца, што і яна не якая-небудзь непісьменная гандлярка, а знаўца кніг.
        А пасля ён здзівіў яшчэ больш.
        Дні тры назад, калі моцна ўжо захаладала, прыбегла яна, акалелая, з рынку, каб накарміць дачку і яго — Марылю цяпер не запрашала, каб лішняе не плаціць: хоць і ляжаў Алесь яшчэ, але ўжо мог заставацца за няньку, гуляў з малой, сама Светка ўзлазіла на ложак, і ў яго хапала сілы пераадзець ёй сухія штонікі.
        У той дзень Вольга прадавала буракі, рэшту, што не паспела прадаць, даручыла суседцы: была ў гандлярак, як у кожным цэху, свая салідарнасць і ўзаемавыручка. Але ўсё адно прыходзілася спяшацца — на рынку засталіся кашы, мяшкі, іх трэба забраць, лістападаўскі дзень кароткі, скора паліцыя пачне ўсіх разганяць, а суседка па рынку жыве на другой вуліцы, далёка.
        Алесь еў сам, седзячы на ложку, пад спіну яму Вольга падсунула падушкі, каб лягчэй сядзець было.
        Вольга ўподбег накарміла дачку і падсвінка, якога хавала ў хлеўчуку за шуркамі наколаных дроў і за якога вельмі баялася: калі немцы не абрабуюць (з-за свінча яна ўлешчвала і немцаў, і паліцаяў), то могуць украсці: галодных у горадзе процьма.
        Заглянула ў бацькоўскую спальню, каб забраць талерку, і ўбачыла: забыўшыся на ежу, Алесь чытаў. Упікнула:
        — А ты ўжо чытаеш?
        Паглядзеў на яе вільготнымі вачамі і раптам папрасіў:
        — Пасядзі са мной хвілінку. Я пачытаю табе вершы. Паслухай, якая гэта прыгажосць.
        — Не да вершаў мне, — адмахнулася яна.
        — Нельга ж жыць... — хацеў ёй сказаць, Вольга здагадалася што, але не сказаў, паправіўся: — Нельга ж увесь час на нагах... Я не ведаю, калі ты адпачываеш. Ты нават ясі стоячы.
        Такая нечаканая яго просьба і клопат пра яе і тое, што ён упершыню звяртаўся так проста — на «ты». як да Лены звяртаўся адразу, неяк нязвыкла, трывожна і радасна ўсхвалявалі Вольгу. Яна паслухмяна села на ложак каля яго ног, па-сялянску паклаўшы свае загрубелыя ад працы, чырвоныя ад холаду рукі на калені.
        Спачатку ён чытаў вершы пра каханне, не па парадку, выбіраючы іх з розных месц кнігі.
        Для кого же ты была невинна
        И горда?
        Вольгу вершы такія спачатку не кранулі, яна падумала з грубаватай гарэзлівасцю: «Бач ты, на ладан дыхае, а пра любоў думае». Але потым адбылося нешта неверагоднае. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць яе застылую душу, абуджалі ўспаміны маленства, пасля ўспомніліся ўсе блізкія, родныя, ніколі яны так не ўспаміналіся ёй, каб усе адразу: і бацькі-нябожчыкі, і Адась, і Павел — франтавікі (ці жывыя яны?), і Казімір, які пайшоў працаваць да немцаў і які страшэнна лаяўся, што яна ўзяла палоннага, сказаў, што калі немцы возьмуць яе за жабры, то няхай не спадзяецца на яго дапамогу, ды яна адказала, што ніколі і не спадзявалася на старэйшага брата, не чакала, што ён у нечым паможа... Але ад гэтага зрабілася сумна. Ад успамінаў ці ад вершаў? Разабрацца ёй было цяжка ва ўсіх тых вельмі складаных асацыяцыях, якія нараджала музыка вершаў. Такога яна, бадай, яшчэ не перажывала — каб так хутка, як у сне, адны пачуцці змяняліся другімі; яна прывыкла, што пачуцці, як і погляды, у яе былі стойкія і трывалыя, а тут раптам усё як бы перамяшалася, бурліла, што ў катле, на паверхню ўсплывала то адно, то другое — то лёгкі смутак, то трывога, то незразумелая радасць, то востры боль, то страх...
        Амаль жах апанаваў, калі Алесь шэптам прачытаў:
        Плачет ребенок. Под лунным серпом
        Тащится по полю путник горбатый.
        В роще хохочет над круглым горбом
        Кто-то косматый, кривой и рогатый.
        Уявілася касматае страшыдла, якое з'явіцца, а з ім прыйдзе канец свету. Вершы абудзілі і рэлігійныя ўяўленні, якія таксама драмалі ў ёй. Але побач з рэлігійнымі асацыяцыямі ўзніклі і грамадзянскія: хоць кніжка і старая з выгляду, але вельмі можа быць, што чалавек гэты, паэт, быў прарокам і глядзеў далека наперад. Можа, ён сённяшняе страшыдла бачыў, калі плача дзіця і вецер маўчыць, але блізка труба, ды не бачна яе ў змроку. Ой, не бачна. Няхай бы затрубіла хутчэй!..
        А потым сумнае і светлае — як бы Алесь гаварыў пра сваё, што дарога яго цяжкая і далёкая, а конь стаміўся, хрыпіць. і невядома, дзе родны прытулак, але дзесьці далёка-далёка, за лесам, пяюць песню — і ад гэтага лягчэй дыхаецца; каб не было яе, песні, то і конь бы ўпаў і ён ніколі не даехаў бы, а так верыць — даедзе. Куды? Да чаго? Усё адно. Абы была вера. Абы была вера! У што?
        Яна сама добра не ведала, у што верыць ёй, проста яна да тае хвіліны сур'ёзна не задумвалася над гэтым. А вершы, дзіўныя, малазразумелыя, прымусілі задумацца. Сапраўды, у што ёй верыць? У Бога? У Сталіна? У невядомага трубача, які дасць сігнал і падыме народ?
        Мабыць, яна штось сказала ці падумала ўголас, ці, можа, выгляд у яе зрабіўся незвычайны, бо Алесь раптам перастаў чытаць і пільна ўгледзеўся ў яе.
        — Чытай, Саша, — паварушыла яна вуснамі, якія раптам засмяглі, нібы іх апаліла гарачка.
        — Падабаецца? — радасна спытаў ён.
        Тады Вольга схамянулася: вельмі ж нязвыкла і дзіўна паводзіць яна сябе! Вершамі можа захапляцца ён, юнак, інтэлігент, у яго маці — настаўніца, а ёй у яе становішчы смешна так расчуліцца ад вершыкаў. Скажы, калі ласка, як закалыхаў, ажно душа самлела, праўда, трохі да слёз не давёў. А ёй такая мяккацеласць зусім без патрэбы, тут толькі пакажы слабасць, дык цябе адразу з'ядуць, бо навокал ваўкі, каб з імі жыць, трэба па-воўчаму выць, па-воўчаму агрызацца, як яна на паліцаяў, а не пырхаць салавейкам і не залівацца песнямі.
        — Ён што... У Бога верыў? — спытала яна ў яго раптам.
        — Хто?
        — Ды гэты... Блок.
        Алесь збянтэжыўся: не чакаў, што з прачытаных вершаў жанчына зробіць такі дзіўны вывад.
        — Ды як сказаць... Тады яшчэ многія верылі... Але Блок прыняў рэвалюцыю.
        — Вось бачыш: хто ў Бога верыў, той і пісаць добра ўмеў, — павучальна, як маці сыну ці настаўніца вучню, сказала яна.
        — Ну, ведаеце, — нясмела запярэчыў Алесь, — гэта не зусім так. Многія вялікія пісьменнікі не толькі нашага стагоддзя, калі вынайшлі радыё і чалавек узляцеў у паветра, але і тыя, што жылі раней... у сярэднія вякі, напрыклад, былі перакананымі атэістамі.
        — Кім?
        — Няверуючымі. Сервантэс... Бёрнс... Вальтэр.
        — Прачытай яшчэ што, — перапыніла яна пералік атэістаў. — Ты хораша чытаеш. У цябе добры голас. Дзявочы.
        —Гэта ад слабасці.
        — Табе цяжка чытаць?
        — Не-не, чытаць не цяжка, — як бы спалохаўся ён і пачаў хутка гартаць кніжку, шукаючы, што яшчэ прачытаць ёй, безумоўна, хацеў знайсці такое, што кранула б яе. Чаму спыніўся на гэтым вершы? Зусім жа не хацеў, каб Вольга пераканалася, што Блок сапраўды быў набожны чалавек. Ці, можа, яму здалося: менавіта гэты верш дасць ёй зразумець, што справа не ў словах, нават не ў сюжэце — вялікія мастакі мінулага пісалі на біблейскія сюжэты, а ў сапраўднасці адлюстроўвалі сваю сучаснасць і людзей, якія жылі з імі побач. Так і ў гэтым вершы: ангел-храніцель — жывы чалавек, жанчына. Ён прачытаў колькі радкоў сабе, варушачы губамі, потым з натугай пракаўтнуў сухую сліну. Вольга паглядзела на яго шыю, яна такая худая і белая, што здавалася, прасвечвалася наскрозь, і здавалася, што відаць не толькі тое, як ён каўтае, але і кожнае вымаўленае ім слова — якія яны, словы, круглыя, вострыя, лёгкія, цяжкія...
        Люблю тебя, Ангел-хранитель, во мгле,
        Во мгле, что со мною всегда на земле.
        Прачытаў і спыніўся як бы ў нерашучасці, ці, можа, спазма сціснула горла.
        Першыя радкі Вольга выслухала безуважна, толькі ўсмешкай падбадзёрыла: чытай, маўляў, далей. Нешта, як цяжкая льдзіна, скранулася ў душы, калі ён усё яшчэ шэптам прачытаў:
        За то, что нам долгая жизнь суждена.
        О, даже за то, что мы — муж и жена!
        Але пакуль што гэта толькі нагадала пра тое невядомае, што чакала іх у недалёкай
        будучыні, пра што яна ўжо думала і трывожылася, хвалявалася, чым скончыцца яе бяздумны ўчынак. Кім гэты хлапчына стане ў яе доме, калі ачуняе?
        Яна здрыганулася, калі голас яго раптам як бы вырваўся з-пад падушкі, якой быў заціснуты, зазвінеў рашуча і гнеўна:
        За то. что не любишь того, что люблю,
        За то, что о нищих и бедных скорблю.
        За то, что не можем согласно мы жить,
        За то, что хочу и не смею убить —
        Отмстить малодушным, кто жил без огня.
        Кто так унижал мой народ и меня!
        «Божа мой! — падумала Вольга. — Дык гэта ж ён пра нас, пра сябе і пра мяне... што мы пра рознае думаем... і па-рознаму пражыць хочам...»
        На нейкі момант нават усміхнулася, што ў кнізе так надрукавана. Ці не сам ён прыдумаў усё, пакуль ляжаў тут адзін? Гэта яе чамусьці асабліва ўзрушыла, але і спалохала. Яна азірнулася на акно, на грушу, да галін якой прымерзла пачарнелае, зморшчанае рэдкае лісце. А ён ажно расчырванеўся і нічога ўжо не бачыў вакол сябе, на ўсё забыўся, і голас яго — о не, зусім не дзявочы, не слабы! — мацнеў з кожным словам, і нішто яго не магло спыніць. Толькі ў адным месцы як усхліпнуў, на словах — «люблю я тебя и за слабость мою». За сваю ўласную слабасць таксама любіць...
        Гэта праўда: бывае і так. Недарма бабы казалі: слабы любіць больш верна. Ды балюча яму, што слабы ён, нядужы.
        Скончыў ён не шэптам, бадай на ўсю моц, але голас яго як бы слабеў з кожным запытаннем:
        Кто кличет? Кто плачет? Куда мы идем?
        Вдвоем — неразрывно — навеки вдвоем!
        Воскреснем? Погибнем? Умрем?
        Можа, яму хацелася плакаць, таму ён заплюшчыў вочы. I кніга ўпала на грудзі, прыкрытыя адной белай сарочкай. Часта-часта білася яго сэрца. Як часта яно білася, Вольга бачыла па пульсе на яго худзенькай, з трысціначку, шыі.
        Вольга асцярожна ўзяла кнігу, але кніга загарнулася, і жанчына, разгарнуўшы яе, не магла знайсці таго верша, а гартаць хутка, шумна не адважылася, цішыню парушаць не адважвалася, бо з'явілася ў ёй, у цішыні, нешта таемнае, загадкавае, незразумелае, але жаданае. У цішыні яны і раней часта сядзелі, калі хворы быў зусім яшчэ слабы і яму цяжка было гаварыць, але тады, калі ён не спаў, Вольга не ахоўвала гэтай цішыні — імкліва рухалася. Грымела, бразгала, гаварыла пра хваробу, пра надвор'е, пра навіны, пачутыя на рынку, лічыла, што хвораму на карысць такая жыццядзейнасць яе. А тут сэрцам адчула, што яму патрэбна цяпер не цішыня адзіноцтва, а яе маўклівая прысутнасць. Ды і ў самое з'явілася патрэба памаўчаць пасля тых слоў, якія пачула. А што гэта за словы? Яна так лёгка запамінала ўсё, а тут не можа прыгадаць ніводнага радка гэтай дзівоснай песні ці малітвы, помніла толькі сэнс простых слоў ды адчувала складаную музыку іх, музыка тая ўсё яшчэ як бы гучала ў галаве, у сэрцы.
        Азірнулася: чаму не чуваць Светкі? Вельмі здзівілася: дачка спала ў зале, на ватнай коўдры, там жа, дзе гуляла з драўлянымі кубікамі. Ды здзівіла не тое, што дачка спіць, дзіця ёсць дзіця — яго то не ўкладзеш, то засынае нечакана. Здзівіла, што заснула ў дзіўнай паставе, па сутнасці, седзячы, паклаўшы галоўку на вялікага, палінялага ўжо плюшавага мішку; Вольга прынесла яго ў першыя дні вайны з чужой кватэры і чамусьці не любіла яго,
        а Светка любіла. Амаль з прымхлівым страхам падумала: няўжо і малую ён закалыхаў гэтай малітвай? Наслухалася камароўскіх баек пра кнігі-магіі, кожнае слова якіх мае цудадзейную сілу — заварожвае, прыварожвае, лечыць і гоіць раны. Таму падумала: ці не такая і гэтая кніга? Ён ажыў за нейкія тры дні, калі атрымаў кнігу. А яе заваражыў за паўгадзіны.
        Трэба пакласці Свету ў каляску. Прыкаціла каляску да яго ложка, каб пакалыхаў, калі малая будзе прачынацца. I трэба бегчы на рынак — па мяшкі і кашы... Але не магла паварушыцца, бо Алесь ляжаў з заплюшчанымі вачамі, знясілены магічным чытаннем. I яе як закалыхаў.
        Потым празрыстая рука яго пачала шукаць на грудзях кнігу, значыцца, не чуў, як Вольга брала яе. Не знайшоў — здзівіўся, расплюшчыў вочы, паглядзеў на Вольгу вінавата і збянтэжана.
        Яна сказала, як малому:
        — Спі.
        — Не, я не засну.
        — Пакалышаш Свету. А то вунь дзе заснула, — і пайшла да дачкі.
        Рэшту таго дня, увесь доўгі асенні вечар і ўначы Вольга думала пра верш, нават сасніла нешта такое, што ніколі раней не з'яўлялася ў сне: светлыя харомы, палац ці храм, мносгва людзей, усе трымалі такія ж кнігі, як малітоўнікі, і ўсе шапталі прыгожыя словы, адна яна без кнігі, пакрыўджаная нейкім невядомым, хто раздаваў кнігі, не даў ёй, пакутавала ад крыўды, прагна лавіла знаёмыя словы, але — новая пакута! — не магла паўтарыць іх, бо не запамінала ніводнага, а ёй так хацелася паўтараць гэтыя словы. Хадзіла сярод людзей з кнігамі і шукала Яго, бо ведала: калі знойдзе, то адразу ўспомніць усе словы, без якіх ёй немагчыма далей жыць; на момант Ён з'яўляўся сярод людзей, але тут жа знікаў, не хаваўся, а як бы раставаў ці закрываўся белым туманам. А потым яе схапіў у абдымкі паліцэйскі Друцька і пачаў дамагацца саромнага, перад людзьмі пагражаў, што калі яна не ляжа з ім, то ён данясе немцам, каго яна хавае ў сябе, і іх абаіх павесяць на Камароўскім рынку.
        Прачнулася, аблітая халодным потам. Моцна калацілася сэрца. Але ўспомніла, што сніла, і павесялела, паказала Друцьку дулю, раптам упэўніўшыся, што цяпер любыя дамаганні ўсіх друцькаў будуць марныя, не, не толькі таму, што ў доме жыве ён, але і таму, што ў самое яе з'явілася новая, невядомая дагэтуль сіла.
        Раніцой, калі Алесь яшчэ спаў, Вольга ціхенька ўзяла кнігу, знайшла верш «Ангел-хранитель». Прачытала раз, другі, трэці... Загарнула кнігу і вельмі ўзрадавалася, што амаль усё запомніла, яшчэ разы два заглянула ў кнігу і вывучыла на памяць, так хутка і ў школе не вывучвала. Сапраўды, радавалася, як дзіця, што ў яе добрая памяць, што не спраўдзіўся страшны сон і што ніякай магіі няма — звычайная кніга.
        На другі дзень, грэючыся на рынку каля жароўні, прапанавала сяброўкам-гандляркам: «Хочаце, бабы, раскажу верш? Са школы помню». — «Давай, Волька, павесялі, можа, душа адтане, а то прымерзла да рэбраў». Не зразумелі бабы сур'ёзнасці слоў, якія яна чытала з прыкметным хваляваннем, пасмяяліся, адна сказала, што такое можа прыдумаць толькі той, хто не мае мужчынскай сілы. Вольга стаіла крыўду, бо здалося: словы гандлярак зневажалі яго, Алеся, хворага чалавека. А пасля спалохалася, там жа, на рынку, калі старэйшая з гандлярак, полька Рэгіна, спытала ў яе таямніча, адзін на адзін:
        — Гэта ён напісаў такое, твой?
        — Не, гэта не ён. Гэта... Блок...
        — Які блок? Што ты вярзеш? — і яшчэ больш спалохала, параіўшы: — Нікому, дурная, не расказвай свой верш. А то вылезла сярод рынку. Глядзі, як бы пад вяроўку не падвяла і
        яго, і сябе. Людзі цяпер горш за сабак. Брахне каторы, а вецер разнясе...
        Прыйшла Лена Бароўская, яшчэ больш пахудзелая за тыдзень, як яны не бачыліся, і адзетая ўжо зусім не па-дзявочаму: салдацкія кірзавыя боты, на галаве не хустка, а коўдра нейкая, толькі паліто ўсё тое ж, ветрам падбітае. Сапраўды, не дзяўчына, а бабуля. Пэўна, белую пуховую хустку абмяняла на прадукты. Вядома, калі галадаеш, нічога не пашкадуеш, бо не да ўбораў тады. Але Вольга пераканалася, што пра адзенне і харч цяпер лепш не гаварыць, бо людзі крыўдуюць і злуюць. Лена таксама: была ў іх ужо такая размова. Таму Вольга зрабіла выгляд, што яе зусім не цікавіць, у што Лена абутая і апранутая, які мае выгляд. Але і радасці ад яе з'яўлення не паказала. Павіталіся стрымана. Спачатку ўзгоднена пабедавалі, што такая ранняя зіма. Але потым Лена як бы не пагадзілася, сказала:
        — Але затое і фашысты адчуюць, што такое руская зіма. Па вуліцах не ходзяць — бегаюць з падскокам, як ганчакі. Увесь форс страцілі.
        Вольга спытала, як адчуваюць сябе старыя Бароўскія. Лена пазмрачнела і адказала бадай з дакорам:
        — Прыйшла б, праведала. Маці часта ўспамінае цябе.
        Вольга падумала, што не, не пойдзе яна да Бароўскіх, даволі таго, што Лена да яе ходзіць. Увогуле, варта было б неяк адгарадзіцца ад такога сяброўства, дзеля бяспекі сваёй, дзіцяці свайго і яго бяспекі, таго хлапчыны, што цягаецца да гэтай камсамолкі. Пасварыцца з ёй, ці што? Але не тут, добра было б на людзях, на рынку, напрыклад. Хоць Лена павяла яе ў лагер, памагла з даведкай і яшчэ шмат чаго зрабіла, але Вользе не падабалася, што яна наведваецца да Алеся і той радуецца яе прыходу і яны як бы бліжэй адно да аднаго, чым Вольга і ён. За колькі дзён незвычайнае ўздзеянне вершаў, што размякчылі душу, аслабла, і зноў яна зрабілася ранейшай Ляновічыхай, любіла сябе такую, хоць ведала, што многія людзі яе за такі характар называюць вельмі жорстка — ваўчыцай. Але гэта не кранала асабліва. Яна верыла, што толькі такой, няхай сабе і ваўчыцай, можна пражыць, не вельмі бядуючы.
        Алесевы словы пра свята і пра тое дарагое, за што не трэба шкадаваць жыцця, толькі на міг узвысілі яе над бруднай і суровай штодзённасцю. Але словы тыя і спалохалі. Страх чамусьці з'явіўся ў пограбе, куды палезла па прадукты, каб згатаваць абед, і дзе ў яе былі схаваны самыя дарагія рэчы. Вось чаму з'яўленне Лены ў такі дзень не спадабалася. А калі Лена, пагаварыўшы хвіліну для прыстойнасці, пайшла з кухні ў пакой, да яго, безумоўна, пайшла, Вольга проста абурылася, закіпела гневам. Скажы, калі ласка, як гаспадарыць у чужым доме! Які рэвізор з'явіўся! Хаця б дазволу папрасіла ці прыдумала б нешта: як, маўляў, там Светка? Хвіліну Вольга дала сабе астыць, каб і праўда не пасварыцца з Ленай пры ім. А пры ім ёй зусім не хацелася выяўляць горшае ў сваім характары. Пры ім хацелася быць добрай.
        Але Лена была ў яго, сядзела там жа, на ложку, у нагах, дзе сядзела яна, Вольга, калі ён чытаў вершы. Такая яе блізкасць да яго адазвалася ў Вользе рэўнасцю: «Бач ты, дзе ўселася! Як свая!» Але ўбачыла, што ў хлопца мокрыя вочы, здзівілася. Мужчына плача? Ад чаго? Што Лена сказала такое? Якія ў іх могуць быць сакрэты?
        Накінулася на Лену, нібыта жартам, але словы былі жорсткія і голас халодны, што асенні вецер:
        — Прыходзіш — і расстройваеш мне хворага чалавека! Хопіць з нас сваіх бед, няма нам чаго плакаць над тваімі. Плач над імі сама, у падушку, калі хочаш, каб на сэрцы палягчэла. Цяпер слёзы на людзі не выносяць. Холадна. Замерзнуць...
        Лена лепш, чым хто іншы, ведала маладую Ляновічыху, са школьных гадоў многа разоў
        з ёй сварылася, мірылася і прывыкла ўжо не надаваць асаблівага значэння яе словам, бо кідала іх Вольга ўсюды з базарнай лёгкасцю, усім «адважвала» і «давала рэшту». Але гэтыя словы, не такія ўжо і грубыя, збянтэжылі і пакрыўдзілі дзяўчыну, бледны твар яе загарэўся, яна не знаходзіла, што адказаць, які тон выбраць. Не сварыцца ж! Не прыніжацца перад гандляркай! Але ж і маўчаць не варта. Ды выручыў Алесь — з дзіцячай прастатой і шчырасцю прызнаўся:
        — Сваіх бед Лена не прынесла. Радасць прынесла. Са святам павіншавала, перамогі пажадала. Таму і расчуліўся. Не звяртайце ўвагі на мае слёзы. Я — сентыментальны.
        Пра самае галоўнае, што давяло яго да радасных слёз, не сказаў: Лена паведаміла, што ўчора ў Маскве адбылося ўрачыстае пасяджэнне і выступаў Сталін.
        Словы яго прымірылі жанчын. Лена ўзрадавалася, што ён не сказаў пра тое, галоўнае, што яна паведаміла яму тайна, шэптам, і гэтым ён як бы пацвярджаў сваю згоду змагацца і выяўляў патрэбныя якасці падпольшчыка. А Вольгу ўзрадавалі яго сапраўды дзіцячая непасрэднасць і шчырасць. Помнячы, як ён гаварыў пра свята, яна паверыла, што само віншаванне магло хлопца так крануць, і такая яго чысціня, як вершы, як яго словы пра рэвалюцыю, пра Радзіму, зноў неяк хораша ачысцілі яе самую — пасвятлела ў душы, быццам загарэлася там урачыстая святочная свечка. Праўда, кусанула і рэўнасць: яна нават забылася на гэтае іх свята (так і падумала — іх, усё яшчэ адлучаючы сябе), а вось Ленка, гэтая змарнелая, у якой адна скура ды косці засталіся, здагадалася, не забылася, безумоўна, знарок прыйшла, каб павіншаваць; вось што, выходзіць, іх звязвае, прыцягвае. Але гэта і супакоіла — што іх прыцягвае адно да аднаго не што іншае. Дзіўныя. Дзеці. Небяспечна гэта цяпер. Але ж дзеці часта цягнуцца да небяспечнага. А хіба яна не рызыкавала, калі брала яго з лагера, пасяляла ў сябе? Яшчэ як рызыкавала! Ачышчаная ад нядобрых, гандлярскіх і бабскіх, пачуццяў і думак, Вольга неяк адразу павесялела, і ёй захацелася таксама зрабіць нешта незвычайнае, добрае. Яна прапанавала:
        — А ведаеце што? Давайце адзначым яго, свята, як да вайны. Абед царскі згатуем. I вып'ем добра! Сказаць вам, што я маю?
        — «Маскоўскую», — узрадаваны яе парывам, яе салідарнасцю, трохі нервова засмяяўся Алесь.
        Вольга пагразіла яму пальцам.
        — Ша! Балбатун! «Маскоўская» — само сабой, — і паведаміла таямнічым шэптам: — «Савецкае шампанскае».
        — О Божа! Чаго ты не маеш! — пракаўтнула галодную спазму Лена.
        — А я ўсё маю. Не была б я Ляновічыха, — гарэзліва, на адной назе крутнулася Вольга. Сказала Лене: — Хадзем, паможаш мне. А ты ляжы, не паднімайся, пакуль не паклічам, — загадала Алесю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.