РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XI
        
XI

        
        У знаёмага паліцая Вольга спытала на рынку, дзе жыве Друцька. Той гадзіны праз дзве прынёс ёй адрас дадому, каб атрымаць за гэта добрую чарку. Ледзь не сілком выпіхнуўшы п'янаватага паліцая, Вольга пайшла да Друцькі.
        Ён жыў на Пралетарскай у трохпавярховым доме. Мела на ўвазе, калі паліцая не будзе дома, пакінуць яму пісьмо — запрасіць да сябе, не сумнявалася, што прыйдзе. Але Друцька сам адчыніў ёй, хоць Вольга не адразу пазнала яго, не адразу нават разабралася, хто перад ёй — мужчына ці баба. У доўгім квяцістым халаце, у чорнай шапачцы, у паласатых піжамных штанах, чалавек гэты быццам бы сышоў у цемнаваты калідор з экрана нямецкай кінакарціны, якую яна нядаўна глядзела: так параіў Захар Пятровіч: каб у кіно яна таксама хадзіла і яму расказвала, што там бачыла.
        Пазнала Друцьку — не стрымалася, каб не зарагатаць:
        — А-а, Хведарка, каб табе добра было! На каго ты падобны?
        Паліцай крыху збянтэжыўся, засаромеўся і нейкі момант як бы раздумваў, ці трэба такую госцю запрашаць у пакой. Але тут жа морда яго расплылася ад спакуслівай ухмылкі, і ён гасцінна пакланіўся, як у кіно, рукамі развёў:
        — Прашу, прашу, дарагая госця.
        З калідора ўвайшлі ў светлы, з двума вокнамі, пакой, і Вольга спынілася, уражаная. Пакой быў загрувашчаны рэчамі. За ўсё сваё жыццё маці яе і сама Вольга, працуючы, што валы, на гародзе, цягаючы вырашчаны ўраджай на рынак і бясконца купляючы рэчы, адзенне, не накапілі і палавіны таго, што было ў паліцыянтавай кватэры. Два сталы, дзве канапы, мяккія і жорсткія крэслы, камод з чырвонага дрэва, шафа люстраная, лепшая за тую, што стаіць у яе і якой ганарылася старая Ляновічыха. Але больш за ўсё кідаліся ў вочы дываны на сценах, два вялікія персідскія, як называлі, квяцістыя дываны, яна, Вольга, на такія даўно зайздросціла, калі ў каго бачыла, даўно марыла набыць хоць адзін такі.
        Тут не пазайздросціла, бо адразу падумала, што ўсё гзта не зароблена сумленнем, а нарабавана, можа, у забітых ім людзей, успомніла, што гаварыў Алесь пра Друцьку, завошта яму вынеслі прысуд. А яшчэ падумала па-свойму, па-камароўску: «Во, хапуга, усё на дармаўшчыну стараецца выпіць і закусіць, а сам гэтулькі дабра нацягаў, такім ужо
        цялём прыкідваўся».
        Яму сказала:
        — Ну, Хведар, жывеш ты, як князь!
        Ён задаволена засмяяўся:
        — А чым мы горшыя за князёў? Буду і я князем. Хочаш, і цябе княгіняй зраблю?
        — Куды мне, камароўскай бабе! Мне толькі цыбулю прадаваць.
        — Ды цябе, калі ўбраць, то прыгажэйшая за любую княгіню будзеш. Бачыў я тых княгінь!
        «Дзе ты іх бачыў?» — хацела спытаць, але падумала, што лепш не выказваць сумненняў, яшчэ маці некалі вучыла: дурню лепш падтакваць.
        Друцька, не вельмі схаваўшыся за шафай, пераадзяваўся.
        Каб не бачыць, як ён пераадзяваецца, Вольга адвярнулася і зрабіла выгляд, што разглядае дыван і адмысловую, з наразным прыкладам, паляўнічую стрэльбу, павешаную на ласіныя рогі. Але па-сапраўднаму яе зацікавіла карціна над дываном: маладая, вельмі прыгожая жанчына чытала дзецям кнігу, дзяцей была чарада, чалавек сем, рознага ўзросту, падобных адно на адно, па-святочнаму апранутых: дзяўчаткі ў доўгіх плаццях, са стужкамі ў валасах, а хлопчыкі ў кароткіх штоніках, у белых сарочках, у розных па колеру куртачках.
        — Чаму гэта ў цябе Гітлера няма?
        — Як няма? А вунь на стале стаіць вызваліцель наш.
        — Ты паглядзі, а я і не ўбачыла, — і пахваліла партрэт: — Прыгожы. Вусікі мне яго падабаюцца. I грыўка.
        — Вольга! — строга сказаў гаспадар, адным тонам даўшы зразумець, што не тую размову яна пачала.
        Друцька выйшаў з-за шафы, ён нацягнуў чорныя штаны, паліцэйскія, абуў боты, скінуў недарэчную шапачку, але застаўся ў халаце, толькі расшпіліў яго, выставіўшы бруднаватую карычневую сарочку.
        — Чым жа мне пачаставаць такую дарагую госцю? — з гаспадарскай заклапочанасцю спытаў у самога сябе Друцька, пачухаўшы патыліцу.
        Каля стала Вользе ўдарыў у нос нячысты пах мужчынскага жытла; на падлозе ў куце стаялі брудныя каструлі і талеркі. Ад таго, што яе могуць частаваць нечым з такіх вось талерак, Вольга адчула гідлівасць, хоць гідлівай не была: чысціла любы хлеў, магла перавязаць любую гнойную рану.
        — Пасля пачастуемся, — сказала яна. — Няма мне сёння калі. Сабаку ногі кормяць, так і мяне. Я да цябе, Хведар, па справе.
        Друцька перастаў прыбіраць са стала, паглядзеў на яе, зацікаўлены.
        — Ты запрашаў паехаць з табой у сяло, на радзіму тваю. Дык я згодна. Падумала і вырашыла: хто-хто, а Хведар не пакрыўдзіць, чалавек рахманы. А я шмоцця накупляла, трэба памяняць, а то няма ўжо чаго есці.
        — Так я і паверыў, што ў цябе няма чаго есці. Можа, корміш каго?
        — А як жа! Дывізію салдат кармлю.
        Друцька засмяяўся і, узбадзёраны, пацягнуўся, узняўшы рукі, і асцярожна, нячутна, што кот да мышы, ступіў да яе.
        — Калі паедзем?
        — Каб заўтра.
        Ён спыніўся, незадаволена зморшчыўся, задумаўся, усумніўся:
        — Не адпусціцьначальнік.
        — Цябе? — здзівілася Вольга, што начальнік можа не адпусціць такога чалавека, як ён,
        Друцька.
        Гэтае яе здзіўленне як бы прасвятліла нешта ў Друцькавай памяці. Ён выскаліўся, ляпнуў далоняй пастале.
        — Ёсць у мяне козыр! Адпусціць.
        — Я ж ведала, што ў цябе адны казыры, — пасміхнулася Вольга і дакранулася рукой да яго пляча, ласкава паглядзела ў вочы. — Толькі ў мяне, Хведзя, яшчэ адна просьба. Заедзем па дарозе да майго дзядзькі пад Рудзенскам.
        — Нішто сабе па дарозе! Такі крук!
        — Хведзечка, перадалі, што цётка захварэла, лякарствы просіць. Што значыць на добрым кані нейкія лішнія дваццаць вёрст!
        — Ну ладна. З табой — куды хочаш паедзем, ты любога ўгаворыш. Награда будзе?
        — Будзе, — гулліва засмяялася.
        Друцька паспрабаваў абняць яе. Але яна спрытна ўхілілася і гарэзліва паківала пальцам.
        — Э-э, спярша трэба зарабіць, — адступаючы да дзвярэй, сказала: — Дык я чакаю цябе заўтра, Хведар. Калі прыедзеш?
        — Як развіднее. Каб раней, бо няблізкая дарога.
        Праводзячы яе ў калідоры, пахваліўся, паказаўшы на двое іншых дзвярэй:
        — Бальшавіцкі начальнік быў з гаркома. А цяпер — мы. У тых пакоях — па двое, а я — адзін.
        Ад Друцькі яна пайшла да Захара Пятровіча. Стары інвалід не вельмі спадабаўся ёй у той дзень. Заўсёды паводзіў сябе так, быццам нічога ў свеце не здарылася і найвялікшая падзея ў яго адзінокім сумным жыцці — яе, Вользін, прыход, радасць яго заўсёды была натуральная і шчырая. А тут яўна не ўзрадаваўся яе з'яўленню і быў нечым заклапочаны, хоць і стараўся схаваць свой настрой за звыклыя жарты. Але Вольга адчула, што нешта здарылася. Завагалася: ці варта пачынаць размову? Значную частку справы яна зрабіла сама, можа зрабіць і ўсё іншае. Не, не можа. Ёй вельмі патрэбны гэты дазвол, без яго яна не мае права везці туды паліцая.
        Звычайна яна распраналася і адразу рабілася гаспадыняй у доме, і гэта асабліва цешыла старога. На гэты раз яна села каля стала, што госця, не распрануўшыся. I гаспадар сеў напроціў; так сядзяць, калі думаюць, як бы, застаючыся ветлівым, гасцінным, хутчэй выправіць няпрошанага госця. Захар Пятровіч быў у ватоўцы і аблезлай шапцы. Нічога дзіўнага, ён амаль заўсёды так апрануты, калі не шые ботаў. Але Вольга адчула, што ў доме холадна, раніцой не палілася печ, гэта асабліва занепакоіла: значыцца, сапраўды нешта здарылася незвычайнае. Але разважыла, што ў такім разе тым больш трэба сказаць, з чым прыйшла. Бо што стары можа падумаць, калі яна павядзе сябе загадкава: прыйшла, пасядзела і пайшла.
        — Адзін паліцай запрашае мяне паехаць з ім на вымянялаўку. Ён едзе да сваякоў, туды некуды... у нашу зону. Дык я падумала: ці не трэба што перадаць Мар'яну? Паліцаю скажу, што гэта дзядзька мой. Я ж і тады хадзіла як пляменніца.
        Захар Пятровіч наваліўся грудзьмі на стол і пільна зазірнуў ёй у вочы, так пільна і пранікліва, што Вользе стала ніякавата. і яна ледзь вытрымала яго позірк, ёй здалося: стары зразумеў, што кажа яна не поўную праўду, паўпраўды.
        — Як прозвішча паліцыянта?
        Няўжо падумаў пра Друцьку? Ведае ж, безумоўна, шго той асуджаны. Ды і дзіўна было б, каб не ведаў. Яна неаднойчы думала, што не Андрэй, а ён, бязногі, галоўны камандзір у падполлі, ва ўсякім разе, нітак да яго цягнецца нямала. Прыходзіцца зманіць. У жыцці яна рабіла гэта нярэдка і проста. А тут адчула, ж нялёгка зманіць гэтаму чалавеку, тым больш
        што пасля прыйдзецца расказаць праўду.
        — Ціханькоў, — прыгадала прозвішча паліцэйскага, якое пачула на рынку.
        Захар Пятровіч уздыхнуў.
        — Перадаць ёсць што. Чалавека. Але чалавека з паліцэйскім не павязеш.
        — Не павязеш, — згадзілася Вольга і паспяшалася выказаць сваю задуму: — Я пра што падумала, дзядзька Захар? Каб гэтыя, — яна кінула ў бок недабудаванай палавіны дома, дзе стаяла каза, — «лімоны» завезці.
        — Гранаты? — прашаптаў стары, і вочы ў яго расшырыліся і заблішчалі, што ў хлапчука.
        — А што? Мяшок ён мой трэсці не стане, у яго, ведаеце, якія дакументы... Калі яшчэ надарыцца такі выпадак!
        — Ах, каб табе добра было! — Захар Пятровіч тоненька засмяяўся і ажно закоўзаў дзеравяшкай па падлозе пад сталом і як бы ўміг пераўтварыўся, зрабіўся такім, як заўсёды: вясёлым, жвавым, па-бацькоўску добрым, даверлівым. Спадабалася яму прыдумка сувязной.
        I Вольга адразу ажыла, бо здалося ёй, што сказала свайму кіраўніку самую галоўную праўду, перад якой яе невялічкая мана — дробязь, маладое свавольства перад сталым чалавекам.
        — Колькі ты возьмеш?
        — Многа, вядома, не возьмеш. Так, каб загарнуць у кофтачкі, у хусткі. У соль пакладу... Дзесятка паўтара хіба... То, можа ж, і гэта хлеб? — спытала яго словамі не вельмі ўпэўнена.
        — Канечне ж, хлеб, Волечка, канечне, хлеб. Яны ж перадавалі, што з гранатамі ў іх туга, а ў мяне яны ржавеюць. Во атрымае Віцёк падарачак ад бацькі! — пацёр далоні і радасна засмяяўся, але тут жа асекся, зрабіўся сур'ёзны і зноў насцярожаны. — Чакай. А як жа тут, у горадзе? Падумала? Як іх забраць? Мой дом бобіку лепш не паказваць. Знойдуць самі, але няхай гэта будзе пазней...
        — Я іх цяпер забяру.
        — Як?
        — Насыплю ў кош, а зверху бульбы.
        — А каб табе добра было! Насыплю! Так проста! Рызыкоўная ты жанчына, Вольга. А калі спыняць?
        — Удзень яны рэдка правяраюць. У мяне дык толькі аднойчы мяшок прымусілі вытрасці.
        — Ну, вось бачыш. Не, так нельга. Рызыкаваць табой не маю права. I так трацім многа людзей, — ён зноў уздыхнуў. — Гранаты табе прынясуць.
        — Хто?
        — Хто-небудзь прынясе.
        — Не ўсё адно каму рызыкаваць.
        — Не трэба гарачыцца, Волечка. Не трэба гарачыцца. Дай добранька падумаць. Гэта табе не абы-што, са смерцю ў хованкі гуляем.
        У Вольгі ёкнула сэрца: перадумаў стары, але не адмаўляе проста, знайшоў прычыну — ніхто гэтых гранат не прынясе; пасля скажа, што «добранька падумаў і — перадумаў».
        Але ёй адступаць ужо няма як, трэба ехаць і трэба будзе без яго, Захаркавага, дазволу заехаць да Сіўца... Упарта падумала, што так, можа, нават лепш, менш рызыкі. Няхай пасля караюць яе за самавольства.
        Не, не перадумаў Захар Пятровіч. Прайшоўся па прасторнай кухні, стукаючы дзеравяшкай, на печ чамусьці зазірнуў, у вокны паглядзеў, у адно, у другое.
        — Запалы возьмеш цяпер, схаваеш далей, куды-небудзь, прабач, у рэйтузы. А гранаты прынясуць.
        Выйшаў за дзверы ў недабудаваную палавіну. Вярнуўся з невялікім скруткам, разгарнуў прасмаленую анучу, і Вольга ўбачыла прыгожыя латунныя трубачкі, бліскучыя, новенькія, проста не верылася, што ў такіх цацках — смерць, з імі дзецям бы гуляць.
        Захар Пятровіч адлічыў дзесятак, спытаў:
        — Хопіць?
        — Давайце паўтара.
        Уздыхнуў, быццам яму шкада зрабілася гэтых трубачак.
        — Усё табе мала. Цяжкі мяшок будзе.
        — Не знаю, што тут мала, а што многа. Проста люблю патаргавацца, — Вольга засмяялася.
        — Сама ты хоць умееш з імі абыходзіцца? Уставіць запал? Кінуць гранаты?
        — Не-эк. Хіба я гранатамі калі гандлявала?
        — А каб табе добра было! Во баец! Трэба табе ўмець. Усё можа спатрэбіцца. Я дык усё ўмею. Пашыць боты, змайстраваць раму, пачыніць гадзіннік, разабраць і сабраць нямецкі аўтамат... Хлопцы неяк прынеслі, каб я навучыў карыстацца... вывучыў тэхніку нямецкую. Праўда, за боты ды за рамы, дзіўлюся, як мяне дагэтуль не пабілі заказчыкі. Робяць скідку на маю нагу, — стукнуў пратэзам.
        Гаворачы, Захар Пятровіч, не спяшаючыся, зноў паглядзеўшы на вокны, дастаў з-пад ватоўкі, з-за пазухі, «лімонку».
        — Во. Глядзі. Во так устаўляем запал. Во так, пад прадахраніцель. А гэта — чака. Карацей кажучы, загваздка. Во так вырвала яе і тады ўжо хутчэй кідай. А сама — носам у зямлю, каб асколкі не дасталі, яны веерам разлятаюцца. Сцяміла? На, павучыся. Толькі чаку не чапай, а то загінем ля ўласнай печы.
        Да навукі Вольга была спрытная. Адразу зрабіла ўсё, як паказваў стары, без адзінай памылачкі. Захар Пятровіч пахваліў:
        — Табе ружэйным майстрам трэба быць.
        Ад гэтай жартаўлівай пахвалы чамусьці балюча сціснулася сэрца: як многа яна магла б пазнаць у жыцці, дарога ж была адкрытая, як многім іншым, а яна прамяняла навуку на гарод і рынак, на тачку з салатай ды цыбуляй.
        Пра гэта думала, ідучы ад Захара Пятровіча, несучы пад грудзьмі запалы. Зноў думала, як некалі будзе вучыцца. Ажно расхвалявалася, быццам бегла на прыёмны экзамен у інстытут. Ды не доўга прыйшлося памарыць: насустрач прайшлі бела-шэрыя, плямістыя нямецкія грузавікі, і салдаты на адным з іх з рогатам і галёканнем пачалі паказваць на яе пальцамі. У Вольгі памлелі ногі. А раптам грузавік спыніцца і яны абкружаць яе, пачнуць зрываць вопратку, адзенне?
        Страх перад немцамі ўзнік зноў, калі збірала малую Светку, каб завесці да брата. Думала, што гэта самае простае, баялася хіба аднаго — свайго развітання з дзіцем. Але за ўвесь час акупацыі — і ўлетку, і ўвосень, і цяпер, зімой, — яна не выводзіла малую далей дома цёткі Марылі, праз тры двары ў іх завулку. Калі не лічыць тых двух ці трох немцаў, што заходзілі да яе з паліцаямі, акупанты не бачылі яе дзіцяці, яно жыло ў сваёй дзяржаве, па сваіх законах. А цяпер ёй трэба пасадзіць яе, захутаную, на саначкі і везці ажно на Старажоўку. Праўда, не па цэнтральных вуліцах, дзе большасць прахожых — немцы, але, можа, гэта яшчэ горш, што вуліцы глухія, ускраінныя, там калі гад які прычэпіцца, дык і абараніць няма каму. Бадай, ніколі за ўсю вайну яна не адчувала так сваю безабароннасць, як цяпер. Не разумела і дзівілася, чаму ёй прыйшло ў галаву завезці дзіця. Колькі разоў хадзіла ў вёскі, аднойчы дзён пяць блукала і ні разу не адводзіла малую да брата, пакідала з
        Марыляй. Чаму цяпер захацелася абавязкова завезці? Само такое рашэнне палохала, але пераадолець сваё жаданне не магла. Павезла. Трэба было спяшацца, каб пад вечар быць дома — прынясуць гранаты.
        Усё прайшло добра. Нават развіталася са Светай лёгка, без душэўнага надрыву. Дзяўчынка хутка пасябравала з пяцігадовай стрыечнай сястрой, і гэта Вольгу парадавала. З Галяй, братавай, яна, тады яшчэ школьніца, дзяўчынка, дружыла, асабліва першы год пасля таго, як Казімір жаніўся. Але пасля маці неўзлюбіла нявестку, заеліся, перасварыліся, яна, падростак, безумоўна, падтрымала маці, хоць ніколі не адчувала да Галі асаблівай непрыязнасці, на брата большую крыўду мела.
        Братавая неахвотна прыняла чужое, як яна сказала, дзіця, і гэта Вольгу нядобра кранула. Галя яўна хацела пасварыцца — адпомсціць за даўнія крыўды. Але здарылася дзіўнае: тое, як яна сварылася, ніколечкі не кранула Вольгу, не ўзлавала, наадварот, неяк узбадзёрыла, развесяліла і нават вярнула ранейшую прыязнасць да нявесткі.
        Галя сказала:
        — Усё лётаеш, усё гандлюеш? Усё з цябе мала? Людзі паміраюць, а ты багацееш. Ох, ненажэрная ў вас вантроба, праклятыя Ляновічы! Скруціце вы галовы. Пакінеце дзяцей сіратамі.
        Біла не столькі па ёй, па Вользе, колькі па яе мінулым і па сваім мужу, які пайшоў на службу да гітлераўцаў. I гэта Вользе падабалася. Яна засмяялася і пацалавала здзіўленую Галю. Дадому вярнулася ў добрым гуморы. I рэшту дня думала і хвалявалася хіба пра адно: калі ж прынясуць гранаты?
        Іх прынёс упрыцемку ўжо юнак у паліцэйскай форме, якога Вольга не паспела разгледзець.
        Сказаў пароль, перадаў з рук у рукі ў цёмнай кухні цяжкую бляшанку і адразу нырнуў у дзверы, быццам баяўся, каб яго не пазналі ці не запомнілі ў твар.
        Вольга адкрыла вечка высокага чатырохграннага вядра і адвярнула нос: поўна ванючай мазуты.
        Хоць гранаты былі загорнуты ў парусіну, але мазута ўсё адно прасачылася, і Вольга вельмі акуратна і асцярожна, як вялікую каштоўнасць, працерла іх чыстымі анучамі, загарнула кожную паасобку ў купленыя і свае хусткі, сарочкі, кофтачкі, дзе ўсунула ў чаравікі, штук колькі ў торбу з соллю, не пашкадавала і тых рэчаў, якія ніколі не думала выменьваць, упакавала ўсё ў мяшок так, каб ніхто, ні Друцька, ні немцы на пастах, не мог намацаць цвёрдыя прадметы. Увесь мяшок мяккі.
        Адну гранату пакінула. Папрактыкавалася ўстаўляць запал, разы два замахнулася — вучылася кідаць. Пасля сама пасміхнулася са сваёй забаўкі: як хлапчук, гуляе са зброяй, як Косця Бароўскі. Успомніла Косцю — вельмі захацеяася пабачыцца з Ленай. Але не пайшла, упікнула сябе: чаму гэта ёй як бы развітацца захацелася?
        Гранату, зараджаную, з запалам, паклала ў ложак, пад падушку. Праўда, легчы так пабаялася, пералажыла гранату ў шуфляду туалетнага століка, пад шматкі тканін, далей ад сябе.
        Прачнулася, чыркнула запалку, паглядзела на гадзіннік і здзівілася: раніца! Даўно ўжо яна не спала так спакойна і моцна, гадзін сем праспала не прачынаючыся. Прапаліла пліту, не шкадуючы, насмажыла сала, каб хапіла паснедаць і ўзяць на дарогу на дваіх.
        XI
        Друцька прыехаў дакладна — як толькі развіднела. Увайшоў у дом п'яным гаспадаром, з грукатам адчыніў дзверы, ніколі такім смелым, шумным і вясёлым не з'яўляўся. З парога
        спытаў:
        — Гатова?
        — Гатова. Снедаў?
        — Снедаў, — але ўбачыў на пліце скавародку з салам, пацягнуў носам апетытны пах — паправіўся: — Ды якое там снеданне. Халасцяцкае. Хлеб і кансерва. Эрзац.
        — То сядай, паснедай добра. Няблізкая дарога.
        — Як бы там з саней чаго не сцягнулі. — Я прыгледжу.
        Вольга хуценька падала на стол гуркі, капусту, хлеб, паставіла скавародку з салам. Выпіць не дала: п'яны Друцька можа залішне асмялець і стане нахабнічаць, а ёй зусім нельга сварыцца з ім. Ён выразна паглядзеў на гаспадыню, але яна зрабіла выгляд, што нічога не разумее, схапіла кажух і хутка выскачыла на вуліцу — вартаваць яго дабро на санях.
        Конь стаяў, прывязаны лейцамі за шула варот.
        Яна палюбавалася на каня. Гладкі гняды асілак, але не з тых нямецкіх цяжкавозаў, што вязуць, можа, па дзве тоны, але якіх, пэўна, не прымусіш пабегчы трушком. Гэты і павезці нямала можа, і пабяжыць хутка. Відаць, малады; у конях Вольга не вельмі разбіралася, аднак ведала, што толькі малады стаеннік можа так прыгожа выгнуць шыю і так стрыгчы вушамі. На яе, чарцяка, пазірае нядобра. Яна правяла далоняй па яго баку, конь уздрыгнуў і, здаецца, задаволена фыркнуў.
        «Ты паслужыш партызанам», — падумала Вольга. Конь ударыў капытом па абледзянелым дашчаным тратуары так, што, мабыць, раструшчыў дошкі, ільдзінкі паляцелі на Вольгу.
        — Супакойся, дурань, — сказала яна — Будзеш служыць, каму скажуць.
        На кані была адмысловая збруя, раменная, упрыгожаная бляшкамі і званочкамі, якія, аднак, не звінелі.
        «У пашане ў свайго начальства Друцька», — падумала Вольга, жадаючы настроіць сябе пэўным чынам; яе бянтэжыла і нават палохала, што не мае яна ўсё яшчэ да паліцая тае нянавісці, каб хацелася забіць яго, хоць і паверыла ўсяму, што расказаў пра гэтага прадажніка Алесь.
        Збруя, безумоўна, была нямецкая, а сані нашы, беларускія, бярозавыя, не новыя, але моцныя, толькі задок — драбінка новая і пафарбаваная ў недарэчны колер — у чорны; ніводзін наш чалавек, падумала Вольга, не фарбаваў бы рэч такога ўжытку ў чорнае, толькі немцы могуць. Але тут жа ўсплыў успамін далёкага маленства: у санях, на якіх адвозілі нябожчыкаў на могілкі, таксама нешта было пафарбаванае чорным — не то аглоблі, не то палазы, добра яна не помніла. Ад такога ўспаміну зрабілася неяк няўтульна; апошнім часам яна перастала верыць у многія забабоны, але ўсё адно яе набожнае, камароўскае, дзе верылі ў любыя прыкметы, выхаванне адчувалася.
        Рэчы на санях былі накрытыя вялікім кажухом. Вольга ўзняла яго і ўбачыла швейную машыну, разабраны веласіпед, зацярушаны снегам, і ажно тры паўмяшкі, мяккія, з адзеннем, безумоўна.
        — Нацягаў, паразіт, — сказала ўголас усё з той жа мэтай — настроіць сябе.
        Конь, напэўна, адчуў свайго чалавека, які нічога не возьме з воза, і фыркнуў рахмана, спакойна.
        Вольга паляпала яго па загрыўку: з канём трэба падружыць, ён павінен стаць яе памочнікам.
        Адчула холад. Здзівілася: гэтак апранутая! Апранулася сапраўды не для паходу з торбамі за плячамі — для паездкі ў санях. Нацягнула старыя лыжныя штаны, якія некаторы час, пасля таго як нарадзіла, былі цесныя, а цяпер зноў нічога — выбегалася,
        пахудзела, надзела шарсцяную кофтачку, наверх Адасёў летнік, падперазала яго папружкай, а потым ускінула яшчэ матчын кажух стары, зашмальцаваны зверху, але з густой воўнай, цёплы. Холадна, пэўна, ад таго, што толькі ад пліты, разгарачылася. Ды і надвор'е золкае: учора была адліга, капала са стрэх, уначы зашэрхла, мароз слабы, але горад ахутаны туманам, ад якога ажно цяжка дыхаць.
        Не падумала, што і холадна, і дыхаецца цяжка — ад хвалявання.
        Вярнулася ў дом. Друцька вымакваў хлебам тук на скавародцы. Морда яго блішчала ад тлушчу. А настрой зрабіўся яшчэ больш узнёслы.
        — Во гэта заправіўся!
        — Шапку хаця б зняў, бязбожнік.
        — Мне Бог усё даруе.
        Вольга вынесла з залы свой мяшок, старалася несці лёгка. Друцька падхапіўся, каб памагчы. Падняў мяшок — здзівіўся:
        — Ух, які цяжкі! Што ты натаптала ў яго?
        — Бомбу паклала, — сказала Вольга без усмешкі. — Як думаеш, на бомбу знойдуцца ахвотнікі? Што за яе прасіць? Бульбу, яйкі?..
        Паліцай зарагатаў.
        — Знойдуцца. Там цяпер усё купяць. Пазаўчора двое танк укралі з завода. Немцы самалёты паднялі, разбамбілі недзе ў лесе за Бараўлянамі гэты танк. Што сабе людзі думаюць? Куды яны гналі гэты танк? У галаве не ўкладваецца. Шалёныя нейкія.
        Вольга выйшла следам за ім, прасачыла, як ён прымасціў у санях мяшок. Пасля хутка пайшла ў дом, у сваю спальню, дастала з шуфляды гранату, пакратала чаку — ці моцна трымаецца? — і засунула гранату за пазуху, злева.
        Сеўшы ў сані на мяшок з сенам з левага боку, каб на ўхабе не прыціснуцца да Друцькі гранатай, павярнулася да дома і тройчы перахрысцілася.
        Друцька, адвязваючы лейцы, убачыў гэтыя яе набожныя рухі і не пасміхнуўся з іх, сам выруліўшы каня на дарогу, з сур'ёзным выразам на твары размашыста і павольна налажыў на сябе крыж.
        Прайшоўся крокаў з паўсотні побач з санямі, потым сцёбнуў каня лейцамі і, калі той, фыркнуўшы, пабег, ускочыў у сані, піхнуўшы Вольгу так, што яна хіснулася і прыціснулася гранатай да перакладзіны драбінак, ажно забалела ў баку, спалохалася моцна: ад такіх штуршкоў і ўзарвацца можна!
        — Чуць з саней не выбіў, мядзведзь!
        — Нічога, не шкляная, не разаб'ешся.
        Вользе не спадабалася, што, не паспеўшы яшчэ ад'ехаць, ён загаварыў з ёй, як з абрыдлай жонкай, і, можа, упершыню ў ёй варухнулася тая нянавісць да паліцая, якой не хапала, што і трывожыла яе.
        На камароўскіх вуліцах было яшчэ пуста, зрэдку трапляўся пешаход, які спяшаўся на працу на завод ці ва ўстанову нямецкую. Але на Савецкай было ўжо даволі людна, ішло і ехала нямала немцаў, яны ішлі па-гаспадарску, не спяшаючыся, але з надзвычайнай нямецкай пунктуальнасцю: па кожным з тых, хто ішоў на службу, хоць гадзіннікі правярай на любым скрыжаванні. Зрэдку праходзілі легкавыя аўтамашыны, у іх ехалі вышэйшыя акупацыйныя чыны. З-за машын гэтых, пэўна, Друцька трымаўся ля самага тратуара. Праехаць па цэнтральнай вуліцы, каб потым перасекчы яе, трэба было ўсяго нейкія трыста метраў, не больш.
        Ехалі павольна, з маўклівай насцярожанасцю, быццам размаўляць тут лічылася непрыстойным. Мабыць, Друцька, ведаючы нораў сваіх гаспадароў, баяўся іх. I недарэмна. Раптам немец у афіцэрскім шынялі, з партфелем, уладна падняў руку. Друцька нацягнуў
        лейцы і адразу палез рукой пад шынель па дакументы.
        — Я маю дакумент, гер афіцэр. Я — іст паліцыянт. Паліцыст. Іх іст аўсвайс.
        «I гэта канец? — падумала Вольга, здалося ёй, без асаблівага страху, але з горкай злосцю на сябе. — Не праехалі і вярсты — і канец усяму твайму плану?»
        Аб тым, каб выкарыстаць сваю зброю тут, на вуліцы, не з'явілася і думкі. Уліпла па-дурному — так табе і трэба, маўляў. Хіба мільганула маленькае, як далёкі агеньчык, суцяшэнне: Друцьку таксама не адкруціцца ад кары за яе гранаты, хто паверыць, што гэта не яго гранаты...
        Немца не цікавілі Друцькавы дакументы. Нават не паглядзеў іх. Ён падняў Друцькаў чорны кажух, якім той накрыў мяшкі. Вользе здалося, што немец ведае, што ў яе мяшку.
        «Няўжо здрада?» — ужо з жудасцю падумала Вольга, успомніла юнака ў паліцэйскай форме, які прынёс гранаты: гэта было самае страшнае — што здрадзіў той, каму даверыўся Захар Пятровіч.
        Не, мяшкі немец не чапаў, і Вольга сцяміла, што страх яе дарэмны: дзіўна было б, каб, ведаючы, што ў мяшку, ён адзін, не дастаўшы рэвальвера нават, праводзіў такую аперацыю.
        Афіцэр акуратна склаў кажух, ускінуў на тую руку, якой трымаў партфель, і, паківаўшы пальцам Друцьку, сказаў цэлую прамову. Па тону і жэстах Вольга амаль усё зразумела: немец не лаяў, спакойна і паблажліва сароміў служку новага парадку, што ў той час, калі вялікая армія замярзае ў рускіх снягах і яны, немцы, абвясцілі збор цёплых рэчаў, ён, паліцай, такім цёплым ледэрмантэль (слова гэтае паўтараў колькі разоў) накрывае мяшкі. Як можна! Гэта ж здзек са сваіх дабрадзеяў. Так, ва ўсякім разе, Вольга пераклала апошнюю фразу, і ёй зрабілася амаль смешна ад таго, што не яна ўліпла — Друцька ўліп, атрымаў ад гаспадара вымову.
        Яна сказала:
        — Данке, пан афіцэр, данке.
        — О, фрау фэрштанд? Гут, гут. Фрау — клюгер копф, — хваліў ён і ўважліва прыглядаўся да яе кажуха. Вольга зноў сцялася: здзярэ кажух. Кажуха ёй не шкада, але вылезе, што скула, граната пад пінжаком. Не, яе аблезлы, зашмальцаваны кажух спагадліваму пану даспадобы не прыйшоўся, ён зноў пахваліў яе і вымавіў Друцьку, што той маласвядомы паліцэйскі, што яго трэба выхоўваць. I пайшоў з партфелем і кажухом.
        Друцька дрыжачымі рукамі схаваў свае пасведчанні, аўсвайсы, крута і злосна павярнуў каня і ўехаў у першы завулак ля каталіцкіх могілак, каб і сотню метраў, што заставаліся да Даўгабродскай, не ехаць па небяспечнай Гітлерштрасэ.
        Паліцай панура маўчаў, толькі соп цяжка, быццам яму залажыла нос. Лаяць немца не адважыўся, нават адзін на адзін з Вольгай у бязлюдным завулку за могілкамі, хоць у душы яго, безумоўна, кіпела.
        Вольга бачыла гзта і таксама маўчала. Ды і не да Друцькі ёй было, не да яго перажыванняў. Здарэнне гэтае ўпершыню прымусіла падумаць, што не тое яна робіць, не так, і вельмі можа здарыцца — не дасягне сваёй мэты, што не мела яна права прымаць такое рашэнне.
        Друцька не вьпрымаў, упікнуў:
        — Лёгка дзякаваць за чужы кажух.
        — А ты чакаў, пакуль ён палезе ў мяшкі? — са злосцю спытала Вольга. — Нябось там у цябе даражэйшае за кажух?
        — Кажух такі таксама не валяецца на дарозе.
        — Для яго той кажух усё адно што на дарозе ляжаў.
        — Ім таксама не дазваляюць так...
        — Вернемся — паскардзішся.
        — На каго? — хмыкнуў Друцька з яе наіўнасці.
        — I каму?! — са злосцю шпільнула яна.
        Такая яе злосць, мабыць, спалохала паліцая, ён скоса зірнуў на спадарожніцу і пачаў адступаць:
        — А, чорт з ім, з кажухом. Не ў ім шчасце. Чаго не здараецца на вайне! А немцы — яны таксама розныя. Добрыя. I скупыя, прагныя... Як і ўсе мы. Ты ж пра свой мяшок перш-наперш падумала, таму спяшалася хутчэй адкупіцца маім кажухом.
        Вольга слухала яго няўважліва, яна думала пра сваё.
        Калі праязджалі недалёка ад Захара Пятровіча, ёй ажно забалела сэрца, што яна абманула такога чалавека, не сказала ўсяе праўды, ніколі, бадай, не перажывала так праз тое, што некага падманвала; маці, здаралася, ашуквала — і нічога, не перажывала. Але там былі дробязі. А тут жыццё пастаўлена на кон. А жыццё яе цяпер патрэбна не толькі ёй і маленькай Светцы. Усведамленне сваёй патрэбнасці людзям — ды якім людзям! — Радзіме (некалі туманнае для яе разуменне Радзімы цяпер пашырылася, прасвятлілася і разам з тым зрабілася вельмі канкрэтным, як самае блізкае, дарагое, увайшло ў розум, у сэрца ўсім тым сваім сэнсам, пра які неаднойчы гаварыў Саша), — гэтае ўсведамленне напаўняла жыццё нязвыклай, трапяткой і хвалюючай радасцю, таму яшчэ мацней хацелася жыць — па-новаму жыць.
        Як малой дзяўчынцы, ёй захацелася неверагоднага: каб Захар Пятровіч, як добры чараўнік, сустрэў вунь за тым домам спыніў каня і ссадзіў яе з саней, забраў мяшок. Няхай бы пасля добранька вылаяў, папругай адсцёбаў — яна з удзячнасцю пацалавала б яго рукі.
        Вольга баялася кантрольнага паста ў Красным Урочышчы, там вартавыя ўжо заглядвалі ў яе мяшок, калі яна вярталася з Рудзенска, прыйшлося адкупіцца пляшкай самагонкі і кавалкам сала. Дарэмна яна паспадзявалася на Друцьку, дарэмна пабаялася, каб ён сам не выпіў і не пачаў прыставаць; трэба было захапіць шнапс, які і купляла для такой мэты — для чарговага свайго паходу за горад.
        З бункера, над якім узнімаўся празрысты дымок — сухімі дрывамі палілі, — выйшлі немец і паліцай.
        Вольга сцялася, засунула руку пад кажух, памацала гранату, хоць упэўненасці было вельмі мала, што яна здолее, у выпадку чаго, скарыстаць сваю зброю. Як? Куды кінуць? I што гэта дасць? Куды пасля дзецца самой?
        Ды Друцька, які пасля здарэння з кажухом сядзеў, што на памінках, раптам весела варухнуўся, нацягваючы лейцы, падаўся наперад, стаў на мяшок каленьмі, крокаў, можа, яшчэ за сорак да шлагбаума закрычаў:
        — Здарова, Лявон!
        — Хайль, Хведар! — адказаў вартавы, паліцыянт.
        Немец безуважна пасунуўся назад да бункера, перасмыкаючыся ад холаду.
        — Куды? — спытаўДруцьку знаёмы.
        — Да сваіх. Во! Нявесту паказаць хачу.
        — Жэнішся? Ну, даеш, Хведзька! Не губляешся нідзе! — падышоў да саней, заглянуў Вользе ў твар, ухваліў: — З морды нішто сабе. Чакай! Ды я ж яе ведаю! Гандлярка! Па сабе Хведзька выбраў.
        Гэтае апошняе абразіла Вольгу, але яна змаўчала: не варта задзірацца, ды і дасціпнасць яе як бы замерзла. Паліцай засмяяўся, падняў шлагбаум, пажадаў шчаслівай дарогі, пасля ўслед крыкнуў салёную мужчынскую параду.
        Друцька, быццам бы засаромлены, колькі хвілін памаўчаў. Саскочыў з саней, нокаючы, шпарка прайшоўся збоку, паслізнуўся, паваліўся на сані, галавой Вользе на прыпол, ажно
        дрыгануў у паветры нагамі, спалохаў каня, той ірвануў галопам.
        — Тпру-у, халера! А то выкінеш з саней! Во ляціш, як дадому!
        Адчувалася, што ў Друцькі адразу ўзняўся настрой, пасля паста ён адчуў сваю ўпэўненасць, павесялеў, яму хацелася падурэць, пасмяяцца, на словах спыняў каня, а на самай справе падганяў яго — тузаннем за лейцы, дрыганнем нагамі, рогатам.
        Пасля, калі іх абагнаў грузавік, схамянуўся, сеў на ранейшае месца, побач з Вольгай, зрабіўся сур'ёзны, нясмела абняў яе за плечы.
        Вольга перасмыкнулася, сцялася, бо здалося, што да яе пацягнулася рука мерцвяка, зрабілася агідна ад Друцькавай блізкасці, ад пары, што вырывалася з яго рота.
        — А ведаеш, Вольга, я не дзеля жарту сказаў пра жаніцьбу. Я праўда хачу жаніцца. I ты падабаешся мне. Выходзь за мяне замуж. Мне цяпер во як патрэбна такая жонка, як ты. Каб такая гаспадыня.
        «Не ведаеш ты, якая нявеста цябе чакае», — падумала Вольга з нянавісцю, але і са страхам, зусім незнаёмым — пэўна, ад такон цеснай сувязі з асуджаным.
        Сказала з папрокам:
        — Што гэта ты чаўпеш, Хведар? У мяне муж на фронце.
        — Не вернецца твой франтавік. Хіба толькі, калі не будзе дурнем, пяройдзе да немцаў. Калі сам здасца, то адпусцяць.
        З большым смугкам, чым калі раней, з болем і нават з адчуваннем сваёй віны перад ім, што з'яўлялася рэдка, Вольга падумала пра мужа, але тут жа парадавалася сваёй упэўненасці, што Адась ніколі не здасца ў палон, не здрадзіць, не зганьбіць свайго імя.
        «Ён вернецца! А вось ты не вернешся!» — падумала ўжо з адной нянавісцю да Друцькі. А ён, не шкадуючы фарбаў, маляваў, як бы яны жылі, каб яна згадзілася стаць яго жонкай.
        Вольга слухала адным вухам. Яна думала пра свой план. Яшчэ ўчора ўвечары, калі абдумвала ўсё да драбніц, каторы раз, план гэты здаваўся бездакорным.
        Яна вельмі спалохалася, каб прыгавор Друцьку выканаў Саша, можа, таму, што сам ён прызнаўся, як цяжка яму гэта — забіць знаёмага чалавека. Разумела, што рызыка намнога павялічваецца, калі няма ўпэўненасці, для Сашы гэта можа скончыцца правалам, смерцю. Тады ж, у тую ноч, рашыла памагчы яму, хоць ён і пярэчыў, узяць сабе гэтае заданне. Доўга думала, як ажыццявіць прысуд? Забіць самой? Адчувала, што не здолее зрабіць гэта. I надумала: праз Сіўца здаць Друцьку партызанам, няхай яны пакараюць; там, у лесе, гэта сапраўды будзе кара, па ўсіх законах, а не забойства з-за вугла. Гэта сумленна перад таварышамі і, здавалася, проста. Сівец пацвердзіць. Яе могуць упікнуць, палаяць за анархічнасць, як называе гэта Захар Пятровіч, але не перастануць давяраць. А ў анархічнасці стары папракаў нават Андрэя, якога яна лічыла камандзірам усёй групы.
        Чаму ж раптам толькі сёння, калі ад'ехалі ўжо, з'явілася сумненне, што яна робіць не тое, што трэба? Збянтэжыў выпадак з кажухом? Не, пры чым тут кажух!
        Яна думала, як пасгавіцца да яе задумы Сівец. Немалады ўжо чалавек. Жонка. Дачка. Вёска. Суседзі побач. Гарнізона, праўда, у вёсцы няма, але ўсё ж... Ці захоча Сівец брацца за такую справу — здаць паліцая партызанам? Хутчэй за ўсё, што не.
        Друцька спяшаецца, мяркуе, безумоўна, да ночы даехаць да свайго Чэрвеньскага раёна, дзень ужо не кароткі, канец лютага. Угаварыць яго паначаваць у Сіўца яна ўгаворыць. Але ці блізка яны, партызаны, каб Сівец мог паспець за ноч прывесці іх? Ды яшчэ невядома, як самі партызаны паставяцца да гэтага? Могуць сказаць: вы там, у горадзе, асудзілі, вы і карайце. Каму гэта хочацца браць на душу расстрэл чалавека? Яна ж не захацела, каб гэта зрабіў Саша. I Саша пакутаваў ад такога задання.
        Супакойвала сябе: калі не выйдзе, як задумала, нічога ж асаблівага не здарыцца, ад кары Друцька не ўратуецца, бо вернуцца ж яны назад у Мінск праз якія тры дні. I паездка будзе
        недарэмная — партызаны атрымаюць гранаты. А калі вернуцца, яна прыдумае нешта іншае. Не, тады яна ва ўсім прызнаецца Захару Пятровічу, параіцца з ім. Дарэмна пабаялася, што ён перашкодзіць здзейсніць яе задуму, стары добры, разважлівы, зразумеў бы яе, зразумеў бы Сашу і нешта прыдумаў бы абавязкова, можа, ухваліў бы яе план, але, напэўна, дадаў бы нешта такое, што засцерагала б ад памылкі. Даў жа дазвол, каб яна заехала да Сіўца з паліцаем, завезла гранаты.
        А калі ўсё адбудзецца па яе плану, яна яшчэ перад вясковай паліцыяй падыме лямант: перанялі на дарозе бандыты, забралі і каня, і Хведара Друцьку. Шукайце! Ратуйце! Памажыце! Няхай шукаюць ветру ў полі.
        Перасекшы Магілёўскую шашу, павярнулі ў Новы Двор. Ехалі па полі. Туман не рассейваўся, і наваколле ахутвала белая каламуць. Паганы туман, у ім чалавек замярзае горш, чым у моцны мароз: Вользе ў кажусе было холадна. А Друцька застаўся ў адным шынялі. Не вытрымаў, вылаяў-такі свайго «дабрадзея»:
        — Забраў кажух, каб яго халера ўзяла. Тылавы пацук нейкі, зараза, інтэндант паршывы. У каго ты канфіскуеш цёплыя рэчы? У сваіх? Каб па-чалавечаму сказаў, я табе воз назбіраў бы гэтых кажухоў.
        Друцька перадаў Вользе лейцы, саскочыў з саней. — Ты прагані, а я прабягу, а то да касцей праняло. Узваліўся на сані, моцна задыханы, зноў упаў на яе ногі, прыняў крысо кажуха, як бы жадаючы заглянуць у патаемнае месца.
        — Пагрэла б ты мяне.
        — Дзе? На снезе? Адмарозіш апошняе, што маеш. Пацярпі да цёплай пасцелі. Да мяккай пасцелькі...
        Жартавала, а зубы ляскалі ад брыдкасці і набожнага страху: пяшчоты і жарты са смяротнікам! Грэх, мабыць?
        Трэці ці чацвёрты раз Друцька бег за санямі, калі ехалі па лесе. Паабапал дарогі стаялі сосны, пад імі сіратліва гнулася ляшчына. У Вольгі раптам бліснула думка: стаць на калені і шпурнуць насустрач паліцаю, калі ён будзе даганяць, «цацку»: на, лаві, пажартуеш апошні раз. Так проста. Азірнулася. Друцька адстаў далёка. Скінула пальчаткі, выцягнула з-за пазухі гранату, яна была цёплая, быццам усяродку ўжо гарэў смяртэльны агонь. Спалохау яе гэты агонь. А калі ўзарвуцца і тыя, што ў мяшку? Хуценька схавала гранату. Але ўпікнула сябе: «Баязліўка, чыстымі рукамі хочаш ваяваць! Каб брудную работу іншыя рабілі».
        За Каралішчавічамі дарога вывела да чыгункі. Яе трэба было перасекчы. Пераезд не ахоўваўся, без шлагбаума, але праходзіў ля самай будкі пуцявога абходчыка, паўз плот агародчыка і паўз глухую сцяну стандартнай чырвонай будыніны. Снег на насыпе сышоў, на чыгунцы раней, чым дзе, адчуваецца надыход вясны. Ад сцягнутага палазамі пяску растаў снег і на адхоне ўз'езда на пуць.
        Друцька, руплівы гаспадар, саскочыў з саней, каб даць каню палёгку. Вольга таксама пашкадавала каня, яшчэ здзівілася з сябе: такая непаседа, вяртуха, яна за колькі гадзін ні разу не вылезла з саней, сапраўды як тая баба з байкі, ужо і ногі анямелі. Ды і конь прыпыніўся перад пясчанай дарогай, як бы даючы зразумець, што яму сапраўды-такі цяжка, даўно ўзмакрэў, ажно клочча пены падала з-пад нарытнікаў.
        Вольга выбралася з саней. На пуці спынілася, паглядзела на бліскучыя рэйкі, што беглі ў невядомую далеч. Як кожнага чалавека, які няшмат ездзіў, яе вабіла гэтая далеч, з маленства здавалася: там, дзе канчаюцца рэйкі, пачынаецца новая краіна, у якой людзі жывуць зусім інакш, не па-нашаму.
        Друцька выпусціў лейцы і пачакаў яе за пераездам.
        — Далёка да твайго дзядзькі яшчэ?
        — Не, недалёка. Во праедзем Міханавічы, пасля Бардзілаўку, а потым збочым на Пярэжыр.
        — Нічога сабе недалёка!
        — Не ты ж сані цягнеш. Конь. А лейцамі дык я больш круціла, чым ты. I ніколькі не стамілася. Хочаш, станцаваць магу.
        — Ты б інакш павесяліла.
        — Дарагой платы ты захацеў.
        — Я? Платы? Ад цябе? Наадварот, я цябе хачу азалаціць. Я ж, як бачыш, па-добраму. Сватаюся па ўсіх законах.
        У пуцявой будцы ляпнулі дзверы, і малады высокі голас закрычаў:
        — Эй, вы! Стойце!
        Яны павярнуліся. Да іх ішлі двое: адзін у форме нямецкага салдата, без зброі, другі высокі і худы, у круглых акулярах, у цывільнай напратцы — у доўгім чорным паліто, у шэрай каракулевай шапцы-стаўбуну, якая рабіла яго яшчэ вышэйшым; акулярык гэты на дзве галавы ўзвышаўся над салдатам.
        Друцька ступіў ім насустрач. Але другі злосна крыкнуў:
        — Каня спыні, разява!
        Вольга не спалохалася, нават не падумала нічога такога, пра што думала перад кантрольным пастом у Мінску. Ніякай трывогі не ўявіла. Паслухмяна кінулася, каб дагнаць каня.
        Конь прайшоў ад чыгункі крокаў сто. Яна баялася тпрукаць, каб конь не пабег, такое з коньмі часта здараецца. Але гэты вучоны: пачуў, што за ім бягуць, і спыніўся сам.
        Вольга стаяла ля саней і глядзела, як яны падыходзяць — ахоўнікі і яе спадарожнік.
        Друцька знізу ўгору заглядваў у твар пад акуляры доўгаму і нешта горача даводзіў. Дастаў з-за пазухі свае паперы, працягнуў немцу, але той перадаў іх тлумачу. Чуваць было, як доўгі сваім танклявым, як бы дзявочым голасам хораша лапоча па-нямецку — перакладае.
        Яны наблізіліся. У тлумача не толькі голас, але і твар быў дзявочы ці дзіцячы, сапраўды, нягледзячы на такі ненатуральны рост, гэта быў яшчэ хлапчук, гадоў хіба семнаццаць. Але ў яго нядобра, вельмі злосна крывіліся вусны і пальцы сціскаліся ў кулакі, быццам ён з натугай стрымліваў сябе, каб не тыцкнуць кулаком у Друцькаў твар.
        Друцька абураўся:
        — Сваім не верыце? Такім дакументам! Ты паглядзі, кім падпісана маё пасведчанне!
        — Калі ты паліцэйскі, то ведаеш, што дакументы ў бандытаў заўсёды ў парадку, — ужо больш лагодна сказаў юнак і паслужліва пераклаў немцу свае словы.
        Той ухваліў:
        — О,яволь.
        Вольга падумала: «Дзе гэта ён, паганец, так па-нямецку навучыўся? Выцягнуўся, што чорт за вушы цягнуў. Каланча! Можа, памагчы Хведару?»
        Не, не хацелася чамусьці ёй ні прасіць, ні даказваць нешта, ні тым больш усміхацца ці жартаваць — пускаць у дзеянне свае чары. Яна не то не адчувала яшчэ пагрозы, не то верыла, што яе можна адхіліць.
        Немец, прайшоўшы каля каня, чамусьці пільна агледзеў хамут, памацаў лямец. Перакладчык падняў мяшок з сенам, на якім яны сядзелі, і неяк грэбліва, зняважліва выкінуў яго з саней, ад чаго Друцька ажно пабялеў. Але Вольгу гэта мала кранула.
        Немец абышоў вакол каня і ішоў да яе. Яна адступіла крокі на тры з дарогі ў снег, падумаўшы: ці не хоча ён абшукваць яе? Не, немец паказаў пальцамі на мяшкі і швейную машыну.
        — Што ў мяшку? — спытаў акулярык.
        —Я ж табе сказаў, што ў мяшках. Барахло. Едзем да сваіх, каб пажаніцца, — Друцька паспрабаваў усміхнуцца. — Трэба ж падарункі.
        — Развяжы.
        — Так табе хочацца патрэсці мае мяшкі? Эх, ты! Анцілігентны хлопец! Свайму не верыш.
        Перакладчык пачырванеў, і вусны яго скрывіліся ўжо не злосна, а неяк пакрыўджана.
        — Ён табе нажом зараз папора іх. Не ламайся.
        Немец здзівіўся, што апошніх слоў тлумач не перадаў, і цярпліва чакаў, і той пачаў нешта гаварыць, хоць Вольга зразумела: не тое, што сказаў, перакладае.
        Друцька рашуча ўскочыў на сані, быццам намерваўся гаварыць прамову.
        —Які развязваць?
        — Любы.
        «Калі ён пачне развязваць мой мяшок, я кіну гранату», — падумала Вольга, без страху, са спакоем, які здзівіў самую яе, толькі адно трошкі занепакоіла: куды ж лепш кінуць? Вырашыла — у сані, пад ногі Друцьку. Для размаху яшчэ адступіла крокі на тры. Пра тое, куды схаваецца сама, не падумала.
        Друцька схапіў свой паўмяшок, зубамі развязаў вузел на аборцы, бо пальцы не гнуліся — ад холаду ці хвалявання. Перавярнуў мяшок і злосна вытрас усё, што было ў ім, на сані.
        На міг Вольга нават забылася на гранату, ашаломленая: з мяшка высыгталіся дзіцячыя штонікі, сарочкі, кофтачкі, панчошкі і чаравічкі, многа чаравікаў, пар, можа, дваццаць, самых розных, белых, чырвоных, чорных, са стаптанымі абцасікамі, аблузанымі насочкамі...
        — Ну, во бачыш, што тут. Жыдоўскія лахманы. Эршысен юдэ. Пух-пух. — тлумачыў сам немцу. — Юдзянятам на тым свеце яны не патрэбны.
        Вольгу як апаліла страшным агнём. «Ах ты, гад! Што ж ты рабіў, сабака! Якая табе кара трэба за гэта?»
        Хлопец пераклаў Друцькавы словы — і немец засмяяўся. Ён, з кім яна толькі што сядзела побач у санях, таксама выскаліў зубы. I гліст гэты, кобра двухвокая, сапляк, таксама захіхікаў лісліва, агідненька.
        «З чаго яны смяюцца? Са смерці дзяцей? Яны смяюцца са смерці дзяцей?»
        I перад яе вачамі стала Светка, забітая гэтымі... Маленькія валёначкі, у якіх адвезла яе да брата... Там, на санях, у кучы абутку такія ж валёначкі. Адна пара...
        Дзіцячы плач, енк зазвінеў у вушах. Але ў гэтым страшным хоры яна чула выразна Светчын голас. Стала страшна, што яна не ажыццявіць свой план. Колькі яшчэ трэба чакаць?.. Хіба можа яна ехаць з гэтым лютым ворагам далей, сядзець у адных санях?!
        А гэтыя?.. Застануцца тут, каб смяяцца са смерці дзяцей? Не! Караць іх трэба адразу! Усіх!
        Не было ўжо сілы, якая б спыніла яе. Не было часу на развагу: што будзе з ёй? Куды схаваць галаву, як вучыў Захар Пятровіч? Яна асцярожна дастала гранату з-за пазухі, узняла над галавой. Хрыпла крыкнула:
        — Ану, гады!
        Тады яны звярнулі на яе ўвагу.
        Немец адразу ўпаў на сані. Збялелы акулярык закрыў твар далонямі, быццам галоўны яго клопат — прыкрыць свае хворыя вочы. А Друцька застыў на санях з разяўленым ротам,
        з растапыранымі рукамі, глядзеў на яе, тужыўся ўсміхнуцца, можа, не адразу сцяміў, што над ім павісла смерць, можа, хацеў пераканацца, што жанчына жартуе.
        Вольга не шыбанула гранату яму пад ногі. Сарваўшы кальцо, яна нахілілася і як бы закаціла гранату пад сані.
        Выбуху яна не пачула і агню не ўгледзела. Але ўбачыла, як падкінула ў паветры сані і як яшчэ вышэй, што цыркач на сетцы, падскочыў Друцька. А конь ірвануў з месца. Вольга нават паспела падумаць: добра, што каня не зачапіла, на кані яна хутчэй уцячэ адгэтуль.
        У твар ёй шуганула не гарачым, а халодным — ледзянымі пырскамі. Потым нешта моцна ўдарыла ў грудзі. Ад удару яна ўпала ў снег і, напэўна, на кароткі час страціла прытомнасць. Прыйшла да памяці — пачула шум. быццам гудзеў у навальніцу бор ці ішоў цягнік, і як бы далёкае ржанне. Узняла галаву і ўбачыла, што зусім блізка ад яе галава да галавы нерухома ляжаць Друцька і доўгі тлумач. I Вольга амаль заспакоена падумала, што ўсё добра — яна сама выканала прысуд, яна пакарала іх... Не трэба будзе прасіць Сіўца. Цяпер ні Камандзір, ні Захар Пятровіч не ўпікнуць яе... Усё добра... Толькі трэба дагнаць каня... Дзе ён там іржэ? Насілу павярнула галаву. Конь без саней. але з аглоблямі, ахутаны вогненна-чырвонай парай, сутаргава біўся ў снезе збоку ад дарогі. Снег вакол яго дыміўся. Ці то чырвоны туман у яе вачах? Ці не кроў залівае вочы? Яна правяла далоняй па твары. Крыві не было. Гэта вельмі парадавала: твар ёй не пасекла. I яна ўсё бачыць — слупы, ельнік уздоўж чыгункі... Чаму ж такі туман над канём? Каня стала вельмі шкада. Як жаласліва ён іржэ...
        — Я памагу табе, конік. Я памагу...
        Яна сабрала апошнія сілы і паспрабавала ўстаць. Але тады не толькі пара над канём — шэрае хмарнае неба зрабілася чырвоным і раптам абвалілася — усё агромністае неба — на яе адну...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.