РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
IV
        
IV

        
        Алеся здзіўлялі і Вользіна шчодрасць, заўсёды нечаканая, і яе ашчаднасць, больш пастаянная, але не менш незразумелая. Мела газу, запаслася ў пачатку вайны, усім запаслася, што ў вайну набыло асаблівую цану, але паліць лішне не давала, нават яму, госцю, якому так хацелася пачытаць увечары. Кнігі па яго просьбе знаходзіла і прыносіла, але газу не палі, камандавала, як строгі старшына: «Спаць!»
        Электраэнергію акупанты давалі толькі ў цэнтры горада, ва ўстановы, на вакзал, у дамы, дзе размяшчаліся немцы. Ускраіны жылі ў цемры, з газнічкамі і лучынай. А вечары лістападаўскія доўгія. I сон не прыходзіць так рана. У гэты час мозг узбуджаны, як ніколі, галава напоўненая ўражаннямі дня, успамінамі і думкамі, бясконцай плынню думак. У
        цемры незвычайна абвастраецца слых, і Алесю здавалася, што ён чуе ўвесь горад — не толькі свіст далёкіх паравозаў, грукат начнога грузавіка ці танка, стрэлы, крыкі, тупат ног, але і тое, што чуюць нямногія, — крык болю, стогн, плач, рыданні, перадсмяротны ўздых, страшны смех, пракляцці і п'яны вэрхал забойцаў. Паэт чуў усё сэрцам. Аднак балела б яму не менш, каб ён бачыў усё і чуў.
        За дашчанай перагародкай, у суседнім пакоі, не спала Вольга, варочалася, уздыхала, часцей, чым трэба, папраўляла коўдру, якой накрыта дачка. I гэта яго таксама хвалявала і трывожыла — яе ўздыханні. Ён усё яшчэ ніяк не мог зразумець гэтую жанчыну. Навошта ўзяла яго? Чаму так клапатліва выхаджвае? Калі і якую плату запатрабуе за ўсё, што зрабіла для яго?
        Малады рамантык, пазбаўлены страху пасля ўсяго, што перажыў, не думаў і не ўяўляў, што ў доўгія бяссонныя вечары і ночы над усімі Вользінымі пачуццямі панавала адно — гэты самы страх; ён заглушаў усе іншыя чалавечыя жаданні і думкі, як бы замыкаў іх у цёмную і цесную камеру, дзе яны трапяталіся, біліся, як злоўленыя птушкі, і не маглі знайсці выйсця. Раней яго не было, ён з'явіўся, бадай, пасля святкавання Кастрычніка. I прыходзіў тады, калі жанчына клалася ў ложак, і яна пакутавала многія гадзіны, ажно пакуль, змарнелую, не адольваў неспакойны сон. А наступаў дзень — і ўсе начныя страхі здаваліся калі не смешнымі, то, ва ўсякім разе, моцна перабольшанымі. Удзень Вольга жыла звыклым жыццём, дзейсным, актыўньм. Такое жыццё здавалася ёй адзіным ратункам. Пра багацце яна думала цяпер менш, але галадаць, як Бароўскія, не хацела, ды і ўпэўненая была, што бяспека залежыць і ад дабрабыту: аднаму гаду дасі ў лапу, другога падпоіш. Ёй вельмі хацелася ў такія вечары даўжэй пасядзець з Алесем, паслухаць, як ён чытае вершы, тлумачыць іх, як гаворыць... Але... па-першае, сапраўды шкада было газы... Не, маніла яна сабе і яму, прыкрывалася ашчаднасцю. Прычына была іншая. Баяцца яна пачала таго, як ён гаворыць аб Радзіме, аб народзе, аб іх бессмяротнасці, аб перамозе, якой не можа не быць, рана ці позна... Баялася таму, што не магла ўжо не слухаць яго, не магла загадаць змоўкнуць — не распускаць «бальшавіцкай заразы» — ці хаця б недаверліва пасміхацца: няхай пацешыцца хлопчык, бо іншых радасцей у яго няма. Не, ён прымушаў яе слухаць сур'ёзна, з хваляваннем, і яна спалохалася, цьмяна ўсведамляючы, што гэта можа разбурыць яе звыклае жыццё, парушыць душэўную раўнавагу. А потым пачала прымаць страх як боскую кару за сваё няправеднае жыццё, за неразумныя ўчынкі і грэшныя думкі. I звыклася з гэтым пачуццём, яно здавалася зусім натуральным у яе становішчы. Каб страх раптам знік у адзін з вечароў, Вольга, напэўна, спалохалася б яшчэ больш.
        Яны ляжалі ў сумежных пакоях, кожны са сваімі думкамі, і, безумоўна, машыну пачулі адначасова, як толькі яна ўехала ў іх завулак, куды на машынах нават удзень заглядвалі рэдка. Машына была не цяжкая, ішла павольна. у адным месцы, пэўна па замерзлай лужыне, забуксавала, і матор завыў са звонам, пабудзіўшы ўсіх, хто спаў у гэты позні час.
        Вольга, самлелая ад страху, малілася, каб іх пранесла міма. Няхай спыняюцца ля Кудлача, не, Кудлача, здаецца, праехалі ўжо... каля Кацманаў... Кацманаў яшчэ ў верасні загналі ў гета... Каля каго хочуць няхай спыняюцца, толькі не каля іх дома.
        Снапы святла ўдарылі па вокнах залы. Машына спынілася каля самай брамы.
        Вольга ўсхапілася з ложка з адзінай думкай: схаваць Светку! Але куды схаваеш? Лепш дзіця не чапаць. Разгублена спынілася ў дзвярах спальні ў адной сарочцы, напружана прыслухоўваючыся, што яны будуць рабіць, з чаго пачнуць. Не чутно, каб скакалі на зямлю салдаты, грукалі ў браму. Ды адкуль скакаць? Чутно ж было, што легкавушка. Але ад таго, што падышла легкавая машына, афіцэрская, зрабілася яшчэ страшней. Што ім патрэбна? Хто патрэбны? Гэты хворы нябога, што ледзь выкараскаўся ад смерці?
        Алесь з восені саракавога служыў у кадравым войску, у артылерыі, толькі ў пачатку вайны перайшоў у газету, у якой раней друкаваў вершы. У часе вучэбных трывог ён умеў першы апранацца і першы выбягаў на лінейку. Першы ён выскачыў з зямлянкі і тады, калі рэдакцыю акружылі немцы. Прывычка армейская засталася і тут, у Вользіным доме: як толькі ачуняў, складаў сваё цывільнае адзенне каля ложка так, што мог у цемры адзецца за нейкія секунды. Пра тое, навошта гэта, не думаў, ведаў, што ўцячы ці схавацца бадай немагчыма. Проста хацеў небяспеку і нават смерць сустрэць у належнай форме — каб нішто не прыніжала чалавечую годнасць.
        Яны не паспелі яшчэ пастукаць у браму, а ён быў ужо на нагах у поўнай форме. Не сумняваўся, што прыехалі па яго. Не спалохаўся. Але да слёз зрабілася крыўдна, што так і не паспеў нічога зрабіць. Хаця б аднаго фашыста забіў! О, каб у яго былі граната ці пісталет! Не, нічога не зрабіў бы ні гранатай, ні пісталетам, ні аўтаматам — у доме жанчына і дзіця... Дзіця! Пра гэта нельга забывацца! У яго засталося адно: падбадзёрыць яе і падзякаваць, няхай убачыць і расказвае пасля, як мужна ідуць на смерць савецкія воіны! Ва ўсякім разе, слабасці не паказваць ні ёй, ні ворагам!
        Ступіў у залу, убачыў у дзвярах белую постаць жанчыны. Нельга, каб яны ўбачылі яе ў такім выглядзе!
        — Адзеньцеся, Вольга Міхайлаўна.
        Пакуль ён запальваў лямпу, яна апранула на сарочку старое паліто і зноў стала там жа, у дзвярах, босая, ускудлачаная. Ён здагадаўся, што яна загароджвае дзіця. Як птушка. Гэта кранула. Калі яны зачэпяць дзіця, ён кінецца на іх і будзе грызці зубамі. Пашкадаваў, што не паклаў блізка сякеру. Вольга раней клала яе на крэсла каля акна — ад рабаўнікоў; ён сказаў: цяпер адны рабаўнікі — з аўтаматамі, сякерай ад іх не абаронішся.
        — Дзякуй, Вольга Міхайлаўна, — вось гэта трэба было сказаць абавязкова, без гэтага ён не мог пакінуць дом. — Дайце мне што-небудзь апрануць, самае старое, непатрэбнае.
        Яна ўсхліпнула. У дзверы загрукалі, брамку Вольга не магла не зачыніць, значыцца, нехта з іх пераскочыў цераз плот. Яна памкнулася была адчыніць, ды Алесь спыніў яе, паклапаціўся пра яе ногі:
        — Абуйце што, — і крыкнуў ім: — Айн мамент! — бо яны ўжо грукалі ботамі ці прыкладамі так, што брынчалі шыбы.
        Алесь адкінуў завалу, і яны так піхнулі дзверы, што тыя моцна ўдарылі яго па нагах, па каленях, ад болю ён траха не страціў прытомнасць. Іх уварвалася трое. Але яго не схапілі — адразу кінуліся ў дом. На нейкі момант ён застаўся адзін у калідоры. Перад ганкам нікога не было відаць, за плотам мірна гурчаў матор аўтамашыны. Падумаў, што яму можна выйсці, кінуцца на агарод, пералезці ў чужы двор... Не, не мог ён і гэтага зрабіць — пакінуць яе адну, каб яны здзекаваліся, гвалцілі, пакаралі яе і дзіця за тое, што ён уцёк.
        Ён увайшоў следам за імі ў асветленую лямпай залу. Усе трое былі ў чорных скураных паліто з футравымі каўнярамі і высокіх фуражках са свастыкай на кукардзе, высокія ростам, як знарок падабраныя — маладыя, прыгожыя; Алеся яшчэ ў лагеры здзіўляла і абражала, што фашысты бываюць прыгожыя, не стасавалася гэта з іх душэўным воблікам і паводзінамі. Адзін трымаў пісталет, пагражаў ім Вользе і паўтараў адно слова:
        — Гольд! Во іст гольд? Гольд!
        Знаёмае слова, але як перакласці яго — Алесь ніяк не мог прыгадаць.
        Вольга стаяла там жа, у дзвярах, загароджваючы сабой спальню, дзе засталася Света. Захінула паліто абедзвюма рукамі, сашчапіўшы іх на грудзях. Яна так і не паспела абуцца, стаяла босая, і Алесь звярнуў увагу на яе ногі, ненатуральна белыя. Няўжо ад страху бялеюць ногі? Твар не такі белы, толькі пасінелі вусны і варушыліся бязгучна, без слоў. Вольга паціскала плячыма, не разумеючы, што ад яе патрабуюць.
        Тым часам двое адчынілі вялікую люстраную шафу і пачалі перабіраць шматгадовы набытак сям'і Ляновічаў — паліто, футры, касцюмы, кофтачкі, бялізну. Пры гэтым вельмі спрактыкавана, як шпікі ці прафесійныя рабаўнікі, абшуквалі кішэні, абмацвалі швы, рэчы кідалі на падлогу. Але той, што стаяў з пісталетам, пачаў найбольш каштоўныя адбіраць і складваць на стол.
        «Гольд? Гольд? — успамінаў Алесь. — Здаецца, грошы? Якія грошы? Навошта ім грошы? Лухта нейкая», — са страхам думаў, што ў галаве туман, каша, усё пераблыталася, як у часе страшнага сну, і што калі яго забяруць, то больш яму не вытрымаць катаванняў, бо не адступіла яшчэ хвароба.
        Вольга, скінуўшы раптоўна здранцвенне, сарвалася з месца, са свайго паста ля дзвярэй, кінулася да камода, дзе стаяў посуд, з фарфоравай салатніцы дастала пачак дакументаў, пачала паказваць іх гестапаўцу з пісталетам, гучна і смела, як на рынку, тлумачыла, што ўсё ў яе ёсць — даведка на пляменніка, які выпісаўся з бальніцы, на права гандлю і што падатак яна заплаціла; тыцкала пальцам на нямецкія пячаткі на паперах.
        — Во, няхай пан паглядзіць! Усё па закону! Па нямецкаму! Я люблю нямецкі парадак! Гут дойчэ!
        Больш, чым само з'яўленне фашыстаў, Алеся спалохалі Вользіны словы. Што яна гаворыць? Хіба можна такой цаной ратаваць яго? Гзта ж здрада! Не трэба яму такое ўратаванне! Хацел ася крыкнуць ім у твар іншае: «Гітлер капут! Няхай жыве Сталін!» Але зноў-такі падумаў, што не аднаго яго хоча Вольга ўратаваць: сябе і дзіця, магчыма, у першую чаргу, таму мае права на любыя сродкі, і тут ён мусіў маўчаць.
        Гітлеравец глянуў дакумент, трохі як бы здзівіўся:
        — Хандаль?
        — О так, пан афіцэр! Гандаль! Гандаль! Я іст гандаль!
        Але дакументы іх мала цікавілі. Яны шукалі іншае. Паказваючы дакументы, Вольга забылася на сваю напратку, паліто расхінулася, і адкрылася сарочка, праўда, не празрыстая, паркалёвая, але аздобленая зверху, на грудным разрэзе, і знізу, на падоле, карункамі, праз карункі прасвечваліся поўныя грудзі, якія яшчэ нядаўна кармілі дзіця. Адзін з тых, што перабіраў адзенне, спыніў свой занятак і прагнымі вачамі ўтаропіўся на яе грудзі.
        Алесь так пільна сачыў за фашыстамі, што адразу ўбачыў гэты позірк, вочы, якія ўміг зрабіліся масляністымі, драпежнымі. Немец кінуў перабіраць і, ступаючы на кучы адзення, пайшоў да Вольгі. За кароткую хвіліну Алесь перажыў, магчыма, найбольшы страх у сваім жыцці і найбольшую рашучасць, адчайнасць, высокі парыў — засланіць сабой, жыццём сваім жанчыну, абараніць яе гонар. Калі дакрануцца да яе, ён кінецца тыграм, ён учэпіцца зубамі! Не, лепш вырваць пісталет у таго, што разглядае дакументы і не звяртае ўвагі на Вользіны грудзі. Але ўратаваць яе можна, захапіўшы пісталет, не інакш! I Алесь таксама ступіў да стала разам з гітлераўцам, крок у крок, разлічваючы кожны свой рух. Але той праз стол паказаў пальцам на грудзі і выгукнуў:
        — Золёто!
        Чаму, убачыўшы жаночыя грудзі, немец прыгадаў, як па-руску называецца тое, дзеля чаго яны зрабілі налёт?
        Тады і той, што стаяў з пісталетам, таксама як бы ўзрадаваўся:
        — О, о, золёто! Во іст золёто?
        — Ах, золата! Вам патрэбна золата? — узрадавалася Вольга, што нарэшце зразумела немцаў, ажно шырэй расхінула крысо паліто, але, успомніўшы, што пад паліто адна сарочка, хуценька закрылася, зашпілілася на гузікі і каўнер падняла. — То так бы адразу і сказалі. А то хто вас ведае, што вам трэба!
        Яна нахілілася, адчыніла ніжнюю шуфлядку камода, выхапіла адтуль кардонную каробку, паставіла на стол і пачала выкладваць з яе сярэбраныя лыжкі, відэльцы, пазалочаныя лыжачкі, пярсцёнкі, брошкі, іншую дробязь. Усе трое немцаў схіліліся над сталом, узважвалі кожную рэч у руках, глядзелі на святло, прыкідвалі яе каштоўнасць і аб нечым горача спрачаліся.
        Алесь знясілена апусціў рукі: пагроза ад самое Вольгі, здаецца, адступіла. З гаворкі іх, са сваімі школьнымі ведамі мовы, лавіў толькі асобныя словы, ды і не вельмі ўжо напружваўся, каб зразумець. Усё і так вельмі зразумела! Урэшце, гэта будзе рэдкі і, бадай, шчаслівы выпадак — для яго і Вольгі шчаслівы! — калі гітлераўцы абмяжуюцца звычайным рабаўніцтвам.
        Не, ненажэрнасці іх, сквапнасці няма мяжы. Вользе яны, безумоўна, не паверылі, што выкладзена ўсё. Зноў патрабавалі, паўтараючы па-руску ўжо, у два галасы, трэці маўчаў, ён больш дзейнічаў:
        —Золёто. Во іст золёто?
        —Ніц нема, пан. Вшыстка, — чамусьці па-польску тлумачыла Вольга, паказваючы рукі, маўляў, калі на пальцах няма нават пярсцёнка, значыцца, няма больш нічога.
        Яны шукалі. Вывернулі ўсё з шафы, з камода, распаролі канапу. Палезлі ў спальню. Вольга паспрабавала раней за іх кінуцца, каб узяць сонную Свету, — ёй загарадзілі дарогу.
        — Дзіця! Дзіця там! — у трывозе тлумачыла яна.
        — Кіндэр! — сказаў Алесь.
        Яны паглядзелі на яго з неўразуменнем ці, бадай, здзівіўшыся, што ён сказаў слова па-нямецку. Але зразумелі. Нешта чалавечае яшчэ засталося: дазволілі ўзяць з калыскі дзіця. Малая прачнулася і заплакала. Вольга прытуліла яе галоўку да пляча, старалася, каб яна не бачыла гэтых страшных людзей, што пераварочваюць пасцель і рэчы. Выйшла са Светай у залу, хацела ісці далей ад гармідару — на кухню, але яе не пусцілі, закамандавалі знаёмае: «Хальт!»
        На шчасце, малая зноў заснула. Адчуваючы дзіцячае цяпло, чуючы роднае дыханне, Вольга заспакоілася: зноў набыла ўпэўненасць, што неяк абыдзецца. Пры ўсёй гандлярскай сквапнасці здараліся ў яе і раней моманты, калі яна нічога не шкадавала, ніякага дабра. Але ў такія хвіліны і сябе не шкадавала. А тут было інакш: на бязлітасны, горшы за пажар, разгром у доме глядзела зусім спакойна, але малілася Богу, каб яны не зачапілі ні яго, Алеся, ні яе, ні дачкі. Упершыню, не розумам яшчэ — сэрцам, яна аб'яднала ўсіх траіх у адно, непадзельнае, з родным бацькам дзіцяці свайго яна ніколі так душэўна не аб'ядноўвалася; праўда, тады, у мірным жыцці, ніколі не пагражала ім такая небяспека.
        Калі абшуквалі кухню, ужо спяшаліся, той, што трымаў пісталет, пазіраў на гадзіннік, спяшаліся, пэўна, таму, што прасігналіла машына — іх клікаў нехта старэйшы. Але калі знайшлі лаз у пограб, што выкапаны пад кухняй, зацахлявалі, што ганчакі, пачуўшы блізкую здабычу, загергеталі, відаць, вырашаючы, каму лезці ў падзямелле. Фашыст з драпежнымі вачамі паглядзеў на Вольгу, яўна намерваючыся загадаць, каб яна лезла, а ён, магчыма, палез бы следам за ёй. У іх былі кішанёвыя ліхтарыкі, асвятляючы імі, шукалі ў спальні, але, ідучы на кухню, успомнілі пра лямпу і загадалі Алесю захапіць яе з залы. Пакуль яны шнырылі па шафках, заглядвалі ў пліту, Алесь трымаў лямпу і, між іншым, адчуваў сябе ад гэтага ямчэй — усё-такі нейкая зброя ў руцэ.
        Ён паставіў лямпу на пліту і, не чакаючы загаду, палез у пограб. Калі зверху асвятлілі ліхтарыкам, здзівіўся прасторы падзямелля і колькасці дубовых бочак — іх стаяла штук восем, шматвядзёрных, смачна пахла квашанай капустай, кропам, дубовым лісцем, але пахла і склепам, прэласцю і яшчэ нечым едкім, як аміяк, ад чаго слязіліся вочы.
        Маўклівы гітлеравец, што спусціўся спедам, загадаў яму нахіліць бочку. Ды Алесь не
        здужаў зрушыць яе з месца. Немец зняважліва паглядзеў, як ён натужваецца, і гэтак жа зняважліва груба аддіхнуў хлопца, так што той балюча выцяўся галавой аб бетонную сцяну пограба. Лёгка, адной рукой, немец перакуліў бочку з гуркамі, расол абліў Алесю ногі, гуркі рассыпаліся па бетоннай падлозе, захрусталі пад ботамі ў фашыста, ён давіў іх знарок, з асалодай.
        Алесь стаяў, прытуліўшыся да сцяны, спацелы ад болю і слабасці, і ў бяссільным гневе сціскаў кулакі.
        Другую бочку немец нахіліў, але не перакуліў, відаць, таму, што яму нешта сказалі з кухні, магчыма, паспяшалі, ці таму, што ліхтар яго раптам асвятліў у кутку за бочкамі пляшкі з гарэлкай, тры пляшкі «Маскоўскай» і кансервы. Магчыма, упершыню за вобыск ён задаволена выгукнуў:
        — О-о! — і засунуў пляшкі ў кішэні штаноў і паліто. Узяў банак пяць кансерваў, Алесю загадаў забраць рэшту.
        Акрамя гарэлкі і кансерваў, фашысты забралі відэльцы, нажы, падстаканнікі, вышываныя ручнікі, сталовую бялізну — абрусы і сурвэткі — Вользін набытак першых дзён вайны — і ўсе футры, нават старыя: паліто старой Ляновічыхі з рыжага ліса, Вользіну чарнабурку, дзіцячае футра, вымененае нядаўна за прадукты ў нейкай галоднай бежанкі. Усё самае каштоўнае. Вольга паспрабавала прасіць дзіцячае футра, найбольш яго пашкадавала, бо часта любавалася набыткам, прымервала Свеце, яно было яшчэ вялікае, але Вольга ўяўляла, як дачка будзе выглядаць, калі падрасце і надзене такое футра — чорненькае, што вугаль, аздобленае знізу белым па ўзору адзення паўночных людзей, такія футры Вольга бачыла ў кніжках ды ў кіно. Але на яе просьбу старэйшы, што нарэшце схаваў пісталет, пераканаўшыся ў бяспецы, сказаў сярдзітую прамову. Можна было зразумець, пра што ён гаворыць, бо колькі разоў паўтараў «золёто», відаць, пагражаў: за тое, што не аддала золата, яна і муж яе заслугоўваюць кары большай, чым канфіскацыя рэчаў для вялікай арміі фюрэра.
        Каб на руках не было дзіцяці, магчыма, Вольга прасіла б больш настойліва, можа, нават загаласіла б у роспачы, ва ўсякім выпадку, слязу пусціла б, са сваімі людзьмі гэта памагала. Але ад яе слоў прачнулася Света, чужыя, нямецкія словы, гучныя, страшныя, не будзілі малую, а матчыны разбудзілі, і Вользе прыйшлося спяваць незвычайную калыханку:
        — Спі, маё дзіцятка. Спі, мой коцік. Усе коцікі паснулі. I мышкі спяць. I дзеці спяць... Адны тыгры гуляюць... двухногія. Зэр гут, пан начальнік. Мне нічога не шкада. Каб вы падавіліся. Каб маё дабро вам папярок горла стала. Зэр гут.
        — Зэр гут! — ухваліў старэйшы і тыцнуў Алеся кулаком у жывот, праўда, не балюча, паказваючы са смехам Вользе, каб яна лепш карміла мужа: мабыць, той, што лазіў у пограб, сказаў, што рускі не здужаў перакуліць бочку. Ці, можа, сказаў, што ў доме многа капусты, і немец раіў карміць капустай. Ім хацелася пад канец пажартаваць. Ім хацелася быць добрымі. Яны верылі, што яны добрыя. Самыя добрыя. I самыя разумныя. Старэйшы і самы «добры» нават пагладзіў дзіцячую галоўку, шаўковыя беленькія Свеціны валасы. Жэст яго, калі ён раптам працягнуў руку, спалохаў і Вольгу, і Алеся. Але ён сапраўды-такі пагладзіў ласкава і сказаў нешта наконт немцаў і беларусаў, наконт арыйцаў. Ці не даказваў, што беларусы належаць да арыйскай расы? Набіваўся ў сваякі. Немец быў палітык. А палітычныя, газетныя словы Алесь разумеў лепш, чым бытавыя. На развітанне гэты «палітык» зноў сказаў прамову, у якой многа разоў ужыў знаёмае «данке»; безумоўна, не ім дзякаваў, не тая інтанацыя, — відаць, раіў, каб яны падзякавалі за тое, што іх так хораша, мірна абрабавалі.
        I Вольга сапраўды-такі паўтарыла:
        — Данке, данке, пан начальнік. Няхай спажывуць твае дзеткі, каб на іх кароста напала.
        Калі немцы нарэшце выйшлі і машына ад'ехала хутчэй, чым пад'ехала, з большым грукатам па прамерзлай зямлі, Вольга і Алесь доўга маўчалі. Стаялі і не глядзелі адно на аднаго, быццам нехта з іх быў вінаваты ў тым, што здарылася. Але цяпер, калі яго не кранулі, Алесь не адчуваў сваёй віны, вось каб, учыніўшы разгром, яго павезлі ў той машыне, то ў такім разе ён лічыў бы сябе вінаватым: думаў бы, што прынёс гора жанчыне, якая аднойчы ўратавала яго.
        Не, Вольга не маўчала — вельмі ціха, з асаблівай пяшчотай яна закалыхвала дзіця, але калыханка была без слоў — адвечны, знаёмы ўсім маткам свету матыў, музыка сэрца.
        Ніхто з іх не пайшоў зачыняць браму, дзверы. Навошта? Іншыя рабаўнікі не прыйдуць.
        Малая заснула, і Вольга аднесла яе ў спальню, паспявала калыханку там, звыкла запішчала драўляная качалка-ложак.
        Выйшаўшы са спальні, Вольга спытала ў яго не шэптам — бадай на поўны голас, паказваючы вачамі на параскіданыя па ўсёй зале рэчы:
        — Што ж гэта такое?
        Ён адказаў гнеўна:
        — Фашызм! Фашызм гэта! А вы... вы хацелі з ім жыць... гандляваць! Цяпер вы бачыце... бачыце? Але гэта што!.. Кветачкі! Дробны грабеж! Вы пабачылі б, што яны робяць там!.. Не! Біць, біць іх трэба! Каб зямля пад імі гарэла! Як Сталін сказаў...
        Апошнія словы ён амаль выкрыкнуў. I Вольга раптам сарвалася з месца, кінулася да яго, схапіла за галаву, закрыла рот далонямі і зашаптала гэтак жа гнеўна:
        — Сціхні! Сціхні! Зараза! Бальшавіцкі вырадак! — і з сілай адштурхнула ад сябе.
        Паварот быў такі неспадзяваны, што ашаламіў Алеся да знямення. Ведаў яе настрой, ведаў, што не лепшая яна савецкая грамадзянка — гандлярка, мяшчанка, хоць у той жа час учынкі яе, такія, як выкуп яго, незвычайныя сястрынскія клопаты пра хворага, святкаванне Кастрычніка, здзіўлялі, былі незразумелыя. Але такое: «Бальшавіцкі вырадак!» — такое не мог чакаць, не ўкладвалася гэта ні ў якія супярэчнасці характару, абражала самае лепшае, чым ён жыў. Каб меў сваю напратку і на дварэ не была ноч, калі далёка не пройдзеш без начнога аўсвайса, ён тут жа пакінуў бы гэты дом.
        Вольга таксама адчула, што ўдарыла занадта моцна, і таксама падумала, што, абражаны, ён можа пакінуць дом, а гэтага яна вельмі баялася. Не зважаючы на тое, што босая, яна выбегла і зачыніла браму, зачыніла дзверы адны, другія — з калідора на вуліцу і з кухні ў калідор.
        Вярнулася — пачала збіраць рэчы, але рабіла гэта як бы нехаця, мабыць, не ведаючы, якім чынам навесці парадак пасля такога пагрому. А можа, нахілілася дзеля таго, каб не глядзець у вочы Алесю. Ён таксама маўчаў. бо не ведаў, што можна сказаць пасля яе абразлівых слоў. Але калі Вольга раптам села на падлогу, на кучу адзення, і заплакала, закрыўшы твар скамечанай сукенкай, яму зрабілася шкада яе: урэшце, ён не можа не лічыцца з тым, што яна простая, маласвядомая жанчына, і было б неразумна не паспрабаваць развіць тое лепшае, што ёсць у яе характары.
        Алесь падышоў і мірна сказаў:
        — Не трэба плакаць, Вольга Міхайлаўна. З-за чаго вы гаруеце? Што вы страцілі? Футры? Лыжкі? Хіба такую трагедыю пе- ражываюць мільёны людзей? Яны трацяць сыноў, бацькоў...
        Яна адкрыла твар, узняла вочы і сказала, праўда, нязлосна ўжо:
        — Не тапчыся па адзенні.
        Не думаючы пра ўсе гэтыя раскіданыя па падлозе анучкі, ён незнарок наступіў на нейкую кофтачку. Убачыў сваю прамашку — разгубіўся, амаль спалохаўся і вінавата
        прагаварыў:
        — Прабачце. Вольга ўздыхнула:
        — Узяла я цябе на сваё гора.
        Новы ўдар, не менш балючы — на яго спробу наблізіцца, даць ёй зразумець, што, нягледзячы на крыўдныя словы, ён па-ранейшаму лічыць яе чалавекам... «Заразу» можна дараваць разгневанай і спалоханай жанчыне. Але спакойныя словы, што на гора яна ўзяла яго, палоннага, — гэта ўжо нават не абраза, гэта далікатная форма бязлітаснага: «Пайшоў прэч з майго дому!»
        Што ж, таксама трэба было чакаць. Няхай ён будзе ўдзячны за тое, што яна вырвала яго ад пакутлівай смерці і дала месяц жыцця і цеплыні. Далей ён павінен сам паклапаціцца пра сябе. Уласна кажучы, клопат у яго адзін — хутчэй вярнуцца ў строй, знайсці сваё месца ў вайне з фашызмам. Цяпер, калі ён падужэў і знаходзіцца на волі, гэта, здаецца, не цяжка будзе зрабіць. Як кажуць, свет не без добрых людзей. I ў Мінску іх нямала, добрых людзей. Памогуць.
        Саступіўшы асцярожна з адзення, ён сказаў:
        — Прабачце. Заўтра раніцой я пайду. Дзякуй вам.
        Вольга не адразу адказала на яго словы. Паднялася, зграбла з падлогі кучу адзення, кінула на стол. I раптам павярнулася да яго сухімі, гарачымі вачамі, без ценю разгубленасці — упэўненая, уладарная, такую яе Алесь назіраў цэлы месяц, як толькі апрытомнеў.
        — Куды гэта ты пойдзеш? Нікуды ты не пойдзеш! Нікуды я цябе не пушчу!
        Не думала яна, не ўяўляла, што наймацней, найбалючай раніць хлопца гэтымі добрымі словамі, найцяжэй абражае. Яму хацелася крыкнуць: «Думаеш, калі ты заплаціла за мяне залатоўкамі, дык я твой вечны раб?» Ды яна спытала ўжо амаль з пагрозай:
        — Да Лены Бароўскай сабраўся?
        Алесь збянтэжыўся, бо сапраўды перш за ўсё згадаў Лену, думаючы пра людзей, якія могуць памагчы яму.
        — Што вы!.. Чаму да Лены? Навошта мне да Лены?..
        Тады здарылася зусім неверагоднае, пра што ён, паэт, творца, ні разу не падумаў, хоць і даваў волю сваёй фантазіі ў бяссонныя ночы. Вольга раптам кінулася да яго, абшчапіла рукамі галаву, пачала цалаваць у лоб, у шчокі, у вусны і горача шаптала:
        — Нікуды я цябе не пушчу! Нікому не аддам! Я люблю цябе! Люблю, дурненькі ты мой... Мужа так не любіла...
        Такое ён сапраўды, відаць, не прыдумаў бы, нават не сабе — свайму герою будучай паэмы, якую марыў напісаць пасля вайны, калі застанецца жывы. Пра сябе, праўда, зрэдку думаў з трывогай: ці не хоча практычная гандлярка прысвоіць яго, як уласнасць? Гэта трошкі хвалявала — усё-такі жанчына яна прывабная, і дзіця ён палюбіў. Але з перспектывы такой ён смяяўся, упэўнены цвёрда, што перад любой падобнай спакусай выстаіць, хопіць у яго сілы і характару, бо не пра гэта цяпер думаць трэба.
        Нечаканыя пацалункі Вользіны і прызнанне ў каханні пасяя ўсяго, што здарылася, пасля жорсткіх слоў яе, збянтэжылі Алеся, як сямікласніка, ён не мог вымавіць слова, не ведаў, што сказаць, як быць у такой сітуацыі. Як праявіць сілу і характар, каб не пакрыўдзіць, не абразіць жанчыну? Сказаць, што не кахае яе і ніколі не пакахае? Але ці шчыра гэта? Ці не зманіць ён ёй і самому сабе? Што цяпер не да кахання? Не зразумее. Ды і сам ён упэўнены, што нават вайна не можа заглушыць лепшыя чалавечыя пачуцці, самыя высокія і прыгожыя. Аднак жа і растаць ён не можа — не мае права! — ад жаночых пацалункаў. Трэба заставацца мужчынам!
        — Вольга Міхайлаўна! Калі ласка, не трэба. Прашу вас... Недарэчна гэта ўсё. Не, я
        дзякую, канечне, вам. Але лепш зоймемся справай — навядзём парадак у доме...
        Мабыць, ёй таксама зрабілася сорамна за свой нечаканы парыў. Адступіла ад яго. Не глядзела ў вочы. Цяжка ўздыхнула. Села на разрэзаны матрац канапы, хутаючыся ў паліто, быццам ёй зрабілася холадна. А ён стаяў насупраць і ўпершыню разглядаў яе вельмі пільна, раней так не адважваўся — баяўся, каб яна не падумала чаго нядобрага. Хацелася нарэшце зразумець гэтую жанчыну, загадкавую з таго моманту, калі позіркі іх сустрэліся праз калючы лагерны дрот, надзіва супярэчлівую, такой супярэчлівасці ў чалавечым характары ён не сустракаў за свае дваццаць гадоў, а гэта ўзрост, калі чалавеку здаецца, што ён спазнаў усе таямніцы свету. Што ж яна такое? Хто яна, Гандлярка? Мяшчанка? Ці Чалавек і Маці? Яму, узнёсламу рамантыку, два словы гэтыя хацелася заўсёды пісаць з вялікай літары. I вымаўляць іх гэтак жа высока.
        Безумоўна, гледзячы на яе, Алесь ніводнай загадкі не адгадаў, толькі з новым, незнаёмым хваляваннем падумаў, што Вольга сапраўды-такі прыгожая (гэта ён заўважаў і раней, але не так пэўна і не ў такім спалучэнні думак і перажыванняў) і што ў такую жанчыну можна закахацца. Але тут жа нагадаў сабе, што такая раскоша і такая легкадумнасць яму не дазволены, бо так можна апынуцца ў абывацельскім балоце, а трэба ваяваць, помсціць ворагу, у яго адзін лёс — згарэць у барацьбе, іншага быць не можа.
        Вольга, якая сядзела панурыўшыся, паглядзела ў шафу і засмяялася: убачыла сябе ў люстры.
        — Паглядзі, якая я! Як агароднае пужала. Не помню, калі надзела гэтае паліто. I каўнер паставіла... I ў такім выглядзе прызнаюся...
        Асеклася — не сказала, у чым прызнаецца. Але тут жа збянтэжыла Алеся іншым. Раптам падхапілася, скінула паліто, праўда, стоячы да яго спіной, і тут жа нацягнула лепшую зялёную сукенку, з тых, што падняла раней і паклала на стол.
        Алесь не глядзеў на яе, пакуль яна пераадзявалася. Калі глянуў, то Вольга стаяла ўжо ў сукенцы і ў чаравіках на высокіх абцасах; падняўшы рукі, закручвала ў вузел косы. Быццам дагэтуль нічога не здарылася і яна збіралася ў госці. Гэтае яе пераадзяванне і ўвогуле нейкае дзіўнае пераўтварэнне, што адбілася на твары, у руках, яшчэ больш спалохала нябогу.
        — Думаеш, мне шкада дабра, таму я плакала? Не такая я дурная, як думалі яны і думаеш ты. Усё лепшае я закапала так, што ці знайду сама пасля. I серабро, і золата. I лепшыя футры. Во ім, гадам, — яна склала дулю і паказала ў акно. — Усяго не стала хаваць, бо не паверылі б. Суседзі, як сабакі, усё жыццё вынюхвалі, што Ляновічы купляюць. I ёсць такія, што поўны спіс немцам, відаць, перадалі. Таму ўсяго і не схавала. Трэба ж нечым адкупіцца. Няхай яны падавяцца старымі футрамі, крыхаборы няшчасныя! А яшчэ крычаць — культурныя немцы! Зладзеі! Грабіцелі! — але сказала яна без той злосці, якую хацелася пачуць Алесю, а вось так, мнагаслоўна, па-базарнаму, але без нянавісці, якая кіпела ў ім, яна лаяла фашыстаў і раней, паліцаяў амаль гэтак жа лаяла пры іх — што яны п'янюгі, скуралупы, бабнікі, і тыя толькі смяяліся, нязлосна пагражалі пасадзіць яе ў турму за абразу ўлады, але, маўляў, не робяць гэтага толькі таму, што шкадуюць дзіця. Таму Алесь змаўчаў на яе словы.
        Маўчанне яго закранула Вольгу.
        — Што ты стаіш, як святы Макар? Ходзь, пасядзім разам. паплачам ці пасмяёмся, як нам захочацца, — яна зноў села на канапу і, убачыўшы яго нерашучасць, засмяялася. — Ходзь сюды. Сядай. Не бойся. Не ўкушу.
        Не прыняць яе запрашэнне было б недарэчна, і Алесь рашуча сеў побач.
        Тады яна загаварыла зусім інакш — без гуллівасці, сур'ёзна, даверліва, панізіўшы голас да шэпту:
        — Я ад страху плакала. Каб ты ведаў, як я перадрыжала. Душа ўвесь час, пакуль яны шукалі, не тут была, а тут, — яна дакранулася да абцаса чаравіка. — Пакуль я зразумела, што гэта не тыя, не з гестапа. Гэтыя — з лагера, ад таго тоўстага кныра, што ўзяў золата за цябе, ён адрас мой запісаў... Бач, на гарэлку як накінуліся, зладзюганы. Каб яны напрактыкаваныя былі на вобысках, то, ведаеш, што маглі б знайсці? Усім бы нам труба! — Вольга нахілілася і дыхнула Алесю ў вуха: — Радыёпрыёмнік... I пісталет.
        — У цябе ёсць пісталет? Дзе ты ўзяла?
        — Цішэй ты! Зняла з забітага ў пачатку вайны.
        Ні тады, калі Вольга выкупіла яго з лагера і яны беглі па полі, каб хутчэй уцячы ад жудаснага месца, ні на кастрычніцкае свята, калі яна прапанавала ўрачысты абед, ні тады, калі Лена Бароўская ўпотай паведаміла, што ў горадзе ёсць камуністы і камсамольцы, якія арганізоўваюцца на барацьбу, ні колькі хвілін назад, калі Вольга так раптоўна прызналася, што кахае яго і нікому не аддасць, — ніколі сэрца яго не білася так моцна, так усхвалявана, трывожна і радасна, як ад звесткі, што ў доме ёсць пісталет.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.