РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
VII
        
VII

        
        Алесь так не хваляваўся, калі на гітлераўца паляваў, як хваляваўся, ідучы на явачную кватэру. Там быў проста экзамен. Ён трымаў яго перад самім сабой. А тут павінен з'явіцца перад найвышэйшай камісіяй, якой належала вырашыць, ці вытрымаў ён той і ўсе іншыя экзамены. Быць ці не быць? Прымуць ці не?
        Мог бы думаць: ужо сам факт, што яго паклікалі на явачную кватэру, дзе, безумоўна, будуць кіраўнікі падполля, сведчыць аб тым, што яго прызналі, яму вераць. Але так думаць ён не мог, не той характар, усё жыццё ён сумняваўся ў сваёй сіле, у сваіх ведах, здольнасці, таленце і лічыў, што мала калі яму шанцавала, рэдка калі ўсё рабілася адразу так, як ён хацеў, як марыў.
        Адно ён умеў — пераўвасобіцца. I ён паставіў сябе на месца кіраўніка падпольнай групы. Патрабаванні да тых, каго ён браў бы ў сваю групу, у яго былі вельмі высокія. Нават наконт самога сябе ён сур'ёзна задумаўся б — ці падыходзіць? Адна якасць у яго бясспрэчная — жаданне змагацца, помсціць ворагу. Але гэтае жаданне трэба даказаць, любыя словы, запэўніванні і клятвы пры рашэнні такога пытання, як залічэнне ў падпольную групу, нічога не значаць, словам у такі час і ў такіх умовах нельга верыць. Патрэбны справы, толькі справы. А колькі ў яго спраў? Прыёмнік. Забойства фашыста. Перадача прыёмніка — невялікая яго заслуга, хутчэй за ўсё, што Вользе самой хацелася пазбавіцца ад такой рэчы, якую нельга прадаць і за якую акупанты маглі пакараць. Але заданне гэтае ён атрымаў ад Лены і, можна лічыць, выканаў. А фашыст... Усё адбылося так, што цяпер, праз колькі дзён, яму самому здаецца малаверагодным такі ўчынак, і, будучы кіраўніком, ён асабіста наўрад ці паверыў бы ў такое забойства. Паверылі жанчыны. Вольга — ад страху, убачыўшы, як яго калоціць нервовая ліхаманка. Лена... Чаму адразу паверыла Лена? З-за сваёй душэўнай дабраты і жаночай даверлівасці? Лена адна бачыла, з якога пекла яны яго выхапілі, яна і Вольга. Лена верыць і яго словам, і яго гневу, яго нянавісці і яго радасці... Пазаўчора яны разам плакалі, калі Лена прынесла паведамленне Саўінфармбюро аб разгроме немцаў пад Масквой. Ён, мужчына, не саромеўся такіх слёз. I ў парыве ўдзячнасці расказаў Лене пра свой маленькі подзвіг.
        Вольга, калі вярнулася ад Бароўскіх, сказала пра разгром немцаў не адразу і як бы між
        іншым, словамі Лены з дадаткам няпэўнасці: «Кажуць, Гітлеру далі па мордзе пад Масквой». I таму ў той вечар ён не мог парадавацца па-сапраўднаму. Вольга больш падрабязна расказвала пра Бароўскіх — як галодная сям'я весела гуляе ў карты. Асудзіла іх па-свойму, па-гандлярску: «Галадранцы заўсёды вясёлыя. Што ім траціць?»
        Алесь не помніў, што адказаў на гэта — нешта нейтральнае, прымірэнчае, бо ні Бароўскія і ні перамога пад Масквой, пра якую так няпэўна сказала Вольга, не завалодалі яго думкамі. Можа, іх увогуле не было, думак, у той час, бо была страшэнная, проста-такі смяртэльная стомленасць. Ён спаў, закалыхаўшы малую, прачнуўся, калі вярнулася Вольга, і слухаў яе няўцямна. Вось такі ён герой. Цяпер пра той вечар, пра ліхаманку сваю і санлівасць непрыемна было ўспамінаць.
        Прабіраючыся па засыпанай снегам (другі дзень мяла завіруха) вуліцы Пушкінскага пасёлка, Алесь, думаючы аб галоўным — аб уступленні ў арганізацыю, не мог не думаць пра свае складаныя адносіны з Вольгай, пра свае не менш складаныя пачуцці. Пасля ўсяго, што адбылося з ім, мімаволі пачаў задумвацца над тым, што людзі называюць лёсам, у які ён раней не верыў, лічыў папоўскай выдумкай, упэўнены, што чалавек сам гаспадар свайго жыцця. Сапраўды, з Ленай у іх адны ідэалы, адны погляды. А няўмольныя абставіны, якія, выходзіць, мацней за яго волю, за ўсе ідэалы, звязалі яго з Вольгай. I гэта не якая-небудзь пошлая сувязь. Няма сумнення, што жанчына кахае яго. Дзеля яго перамагае страх, інакш даўно магла б выгнаць такога кватаранта. Хіба ж можна застацца абыякавым да яе пачуцця? Але ў імя вялікай справы ён павінен разарваць адносіны з ёй. Пайсці ад яе. I цяпер для яго гэта, можа, самае цяжкае выпрабаванне. Самы цяжкі экзамен. Аднак калі там скажуць, што так трэба, ён, напэўна, ужо не вернецца больш у цёплы, утульны дом на Камароўцы.
        Ад думак такіх было не весела, рабілася холадна, стыла спіна пад густой воўнай старога кажуха нябожчыка Ляновіча. Спрабаваў настроіць сябе супроць Вольгі. Як можна яму, камсамольцу, кахаць такую жанчыну, якой многае з таго, што для яго з'яўляецца святым, — чужое і далёкае? Але тут жа думаў, што не так усё проста, што Вольга, разважаючы апалітычна, у той жа час зрабіла нямала карыснага, не скажаш, што яна — не савецкі чалавек. Не з варожага асяроддзя, дачка рабочага. Дык ці мае ён права кідаць яе на раздарожжы? Ці не абразіць яго ўчынак яе пачуцці? Ці не перакінецца яе абурэнне супроць яго на тое, за што яны змагаюцца? За кім тады яна можа пайсці? За паліцаем Друцькам? Думаць так было балюча, пакутліва разрывалася душа на часткі. Добра было б пра ўсё расказаць кіраўніку, на сустрэчу з якім ідзе. Не сумняваўся, што гэта адзін з партыйных работнікаў, сталы і мудры чалавек. Але адчуваў, што юнацкая цнатлівасць не дазволіць яму расказаць праўду пра свае адносіны з Вольгай. Што падумае пра яго кіраўнік? Спакусіў жонку байца Чырвонай Арміі, франтавіка... Вось і залічвай такога ў падпольную групу, даручай яму адказныя баявыя заданні...
        Недаверу да сябе ён баяўся больш за ўсё. А яшчэ баяўся, каб не прыцягнуць за сабой на явачную кватэру «хвост». Доўга блукаў па вуліцах, азіраючыся на вуглах, ці не ідзе хто за ім. Насцярожвала бязлюднасць. На асобных вуліцах пратаптаныя раней сцежкі так замяло снегам, што яму прыйшлося першаму пракладваць след. Гэты ўласны след палохаў: след аднаго чалавека заўсёды прыцягвае ўвагу. Пасля ён пераканаўся, што блукаў дарэмна, думаючы, што явачная кватэра павінна быць на глухой вуліцы.
        На вуліцы, якую ён шукаў, пратоптана была не толькі сцежка, але і дарога — прайшлі машыны. I нямала хадзіла людзей, прысутнасць якіх неяк адразу супакоіла, быццам яны, гэтыя людзі, засланілі яго ад варожых вачэй. Нават нямецкія салдаты не спалохалі, наадварот, узбадзёрылі: ворагі былі побач і самі затоптвалі яго след. Тут не было на каго азірацца. Усё вельмі проста. Месца выбіралі вопытныя людзі.
        Кватэра знаходзілася ў двухпавярховым драўляным доме. Па рыпучай лесвіцы Алесь падняўся на другі паверх. У дзвярах быў механічны званок, аднак Алесь чамусьці не адважыўся круцянуць яго — пастукаў у філёнку костачкамі застылых пальцаў. Яму адчыніла жанчына няпэўнага ўзросту, перавязаная па грудзях цёплай хусткай.
        — Я — ад Лены, — сказаў ён, бо так сказала яму Лена, трохі расчараваўшы: яму, рамантыку, хацелася адмысловага пароля, і раптам — так проста.
        У жанчыны таксама не было парольных слоў, звычайныя, ветлівыя:
        — Праходзьце, калі ласка.
        Але ў цесны калідорчык выглянула з дзвярэй пакоя сама Лена Бароўская, нязвыкла адзетая па-святочнаму — у ярка-зялёнай кофтачцы. Яна ветліва ўсміхнулася, прымаючы з яго рук шапку.
        — Распранайся, Саша. Сёння тут цёпла.
        Пакой, у які ён увайшоў за Ленай, здзівіў урачыстасцю, хоць нічога асаблівага ў ім не было. Урачыстасць пакою надавала снежнае святло, што лілося праз шырокае акно, небагатая, але чыстая гардзіна, вясёлыя — з васількамі на залацістым фоне — шпалеры. Магчыма, уражанне святочнасці і ўрачысгасці было яшчэ ад таго, што ў пакоі не было нічога лішняга, не тое што ў Вользіным доме, дзе ўсяго нагрувашчана. Акуратна засланы нікеляваны ложак, невялікі буфет, кніжная паліца, з якой большасць кніг прыбрана, што выдавалі шпалеры, не выцвілыя там, дзе стаялі кнігі. На сцяне вісела рэпрадукцыя карціны Шышкіна «Раніца ў сасновым лесе», другая карціна была знята, і цвік вырваны, але здрадлівыя шпалеры пра ўсё расказвалі. Алесь падумаў, што тут мог вісець партрэт Леніна. Якраз жа такі па памеры партрэт вісеў у іх доме. I ўвогуле ўсё тут нагадвала пакой яго маці, дзе заўсёды быў вось такі настаўніцкі парадак. Ад гэтага балюча сціснулася сэрца.
        Не адразу сцяміў, што найбольшую ўрачыстасць пакою надаваў стол, белы абрус, невялікі бліскучы самавар, фарфоравыя кубкі і ў плеценай хлебніцы — тонка нарэзаныя лусты чорнага хлеба, які выдаваўся па нямецкіх картачках. Цукру не было. I закускі ніякай. Алесь прыгадаў, што раніцой Вольга карміла яго бульбай з салам, і яму зрабілася ніякавата перад гэтымі людзьмі.
        За сгалом, спіной да дзвярэй, сядзеў чалавек у чыгуначнай форме і смачна піў чай, ажно прыцмокваў. Ён не азірнуўся, калі Алесь увайшоў, не паказаў цікавасці. Другі — знаёмы, той весяльчак Яўсей, што прыязджаў забраць прыёмнік, — ветліва ўсміхнуўся Алесю, як добраму знаёмаму. Алесь пайшоў да яго і паціснуў працягнутую руку. I ў той жа міг застыў, здзіўлены: на другім баку вуліцы размяшчалася вайсковая часць, стаялі машыны, чысцілі тэхніку і сцежкі салдаты. Усё было відаць як на далоні.
        Убачыўшы, як Алесь глядзіць у акно, Яўсей засмяяўся:
        — Добрую ахову маем. Праўда? Механізаваны полк.
        — Рызыкант, — сказаў чалавек за сталом.
        Алесь павярнуўся да яго. Чалавек быў немалады, гадоў пад пяцьдзесят, дні тры не галіўся, ад гэтага выглядаў суровым, панурым, таму неяк не пасаваўся да навакольнай урачыстасці, да стала, да тонкага кубка, які ён заціснуў у далоні вялікіх, прапітаных машынным маслам рук. Было боязна, што ён раструшчыць кубак.
        Алеся трохі пакрыўдзіла, што чыгуначнік нават галавой не кіўнуў у знак прывітання, хоць разглядаў яго пранікліва, нахмурыўшы кашлатыя сівыя бровы.
        Увайшла, мабыць з кухні, жанчына, якая адчыніла яму. Ветліва запрасіла:
        — Сядайце, Саша, піць чай. Самавар гарачы. Маё імя Яніна. Яніна Восіпаўна. А гэта мой брат, — паказала яна на чыгуначніка, — Павел Восіпавіч.
        Алесь паглядзеў на іх і падумаў, што не падобныя яны на сястру і брата — па абліччы, па розніцы ў гадах, па характарах. Угледзеўшыся, вызначыў, што гаспадыні не больш чым
        трыццаць. Яна прыгожа ўсміхалася, залаты зуб, адкрываючыся пры ўсмешцы, бліскаў, што прамень сонца. Яўна — інтэлігентка, а хусткай перавязалася па-сялянску.
        Па тым, як Яўсей адзеты — у цеснаваты, чужы лыжны касцюм, як ён ходзіць, мякка, па-кацінаму ступаючы, Алесь зразумеў, што ён таксама не ў гасцях, а жыве тут. Але па нечым, няўлоўным, чаго нельга вызначыць, адчувалася, што поўным гаспадаром Яўсей сябе не адчувае.
        Яніна Восіпаўна сказала яму:
        — Андрэй Іванавіч, сядай ты, калі ласка. Мала нахадзіўся?
        Алесю зрабілася весялей. Ад таго, што Яўсей — неЯўсей. I ад раптоўнага адкрыцця, што Яўсей — Андрэй, бадай, тут на тым жа становішчы, як ён у Вольгі. Значыцца, не адзін ён, але і гэты сталы ўжо чалавек, кіраўнік, вымушаны шукаць такі прытулак. Гэта пэўным чынам радніла іх, ва ўсякім разе, цяпер яму не было сорамна перад гэтымі людзьмі за свае адносіны з Вольгай. Наўрад ці трэба яму адкрываць гэтыя адносіны і, як намерваўся, прасіць у кіраўнікоў дазволу пакінуць сваю цяперашнюю кватэру. Думкі, з якімі ішоў сюды, здаваліся наіўнымі за іх нейкую дзявочую цнатлівасць. Аднак Яніна Восіпаўна — не Вольга. У Андрэя — таварыш па барацьбе. А ў яго?
        Яніна Восіпаўна наліла чаю:
        — Піце, — і як бы папрасіла прабачэння: — Цукру няма.
        — Цукру немцы не даюць, — дадала Лена.
        Чай пахнуў бруснічкамі і ліпавай квеценню, такім чаем паіла Вольга, калі ён ляжаў хворы.
        Атмасфера застолля падабалася: менавіта так, за чаем, збіраліся рэвалюцыянеры-падпольшчыкі ў царскія часы, пра якіх ён прачытаў бадай усё, што напісана пісьменнікамі і гісторыкамі.
        Павел Восіпавіч без усякага ўступу спытаў:
        — Ведаў, у каго страляеш?
        — У фашыста.
        Чыгуначнік стрымана ўсміхнуўся, і ўсмешка адкрыла падобнасць да гаспадыні: але, брат.
        — Пацэліў правільна, інструктар следчай групы паліцыі. Вучыў бобікаў, як весці следства па-гітлераўску, — і тут жа ўздыхнуў: — Але за такога гада арыштавалі нашых людзей, хапалі ў той вечар кожнага падазронага.
        Алесь зразумеў: усё, што ён расказаў Лене, дэталёва праверана.
        — Помсціў за лагер?
        — а ўсё. За народ.
        — Кім да арміі быў?
        — Студэнтам. Мяне прызвалі з трэцяга курса. У саракавым.
        — Армейская спецыяльнасць якая?
        Павел Восіпавіч выдаў сябе: так спытаць мог толькі вайсковец, камандзір, а не просты чыгуначнік.
        — Быў наводчыкам у артылерыі, пасля — у дывізійнай газеце. Нас акружылі...
        Хацеў расказаць, пры якіх абставінах трапіў у палон, каб кіраўнік падполля нічога кепскага пра яго не падумаў. Але Павел Восіпавіч перапыніў:
        — Пішаш?
        — Пісаў.
        — Што пісаў?
        — Ён вершы друкаваў, — сказала Лена.
        — Вунь як! — Павел Восіпавіч шчыра здзівіўся і пачаў разглядаць хлопца з большай
        цікавасцю, потым павярнуўся да Андрэя: — Легалізаваць можам?
        — Навошта?
        — За паэта яны схапіліся б. Такія кадры ім патрэбныя. Уладзіць бы яго ў камісарыят, у іх аддзел прапаганды.
        — Мы яго залічваем у дыверсійную групу. У знішчальнікі, — сказаў Андрэй. — Гатовы тэрарыст.
        — Дыверсантаў хопіць. Усе рвуцца страляць. Трэба думаць пра тое, каб заслаць нашых людзей ва ўсе акупацыйныя органы, куды толькі магчыма. Наперад трэба думаць. Далёка наперад.
        — Планаваць вайну на пяць гадоў? — іранічна ўсміхнуўся Андрэй.
        — На пяць не трэба. Але не думай, што пераможам праз месяц-два. Многа крыві пральецца, хлопцы, ой, многа, — уздыхнуў Павел Восіпавіч. — Давайце больш не будзем закідваць немца шапкамі. Дорага мы за гэта заплацілі.
        — Праз месяц Мінск будзе наш! — шэптам, але з вялікай упэўненасцю абвясціў Андрэй.
        — Авантурысты вы. хлопцы, яшчэ раз кажу вам. Ты бачыш, колькі іх напхана? — кінуў Павел Восіпавіч на акно. — Набіты ўсе казармы, усе двары.
        — Дзед, ідзеш уразрэз... — мякка, але сур'ёзна, пагражальна, без заўсёднай усмешкі сваёй сказаў Андрэй.
        — Уразрэз не пайду, рашэнне выканаю... Але арганізавацца, арганізавацца нам трэба спачатку... Во пра што кажу.
        — Таварышы, — далікатна папярэдзіла Яніна Восіпаўна, чамусьці паказаўшы вачамі ўгору, на столь.
        Кароткая спрэчка гэтая, сутнасць якой Алесь зразумеў пазней, блытала яго ўяўленне, хто ж тут кіраўнік. Здалося нават, што яго блытаюць знарок, за што не пакрыўдзіўся, лічыў, што гэта для канспірацыі неабходна. Дзіўна было б, каб яму адразу, з першай сустрэчы вылажылі ўсе карты на стол: хто кароль, а хто валет.
        Пасля папярэджання Яніны Восіпаўны прыгледзеўся, як паважліва мужчыны звяртаюцца да яе, і падумаў, што не апошнюю ролю іграе ў групе яна, жанчына. Але яму не хацелася быць ні пад яе кіраўніцтвам, ні пад кіраўніцтвам яе брата. Яго цягнула да Андрэя, рашучага, смелага, упэўненага. Ён заўсёды любіў такіх людзей, можа, таму, што сам быў ціхмяны, сарамлівы. Баючыся, што Павел Восіпавіч можа настойваць, каб паслаць яго на працу да акупантаў, Алесь, не дачакаўшыся іх рашэння, сказаў:
        — Я маральна не гатовы працаваць у гітлераўцаў. Я ненавіджу іх так!
        Павел Восіпавіч уздыхнуў, як бы шкадуючы, што яшчэ адзін чалавек не можа зразумець яго. Сказаў бадай жорстка:
        — Я ненавіджу іх не менш. Аднак працую. Лепшым работнікам лічуся. У немцаў да мяне поўны давер. А, між іншым, я таксама з лагера. Во, яны памаглі вызваліцца, — кіўнуў ён адразу на траіх — на Лену, Яніну Восіпаўну, Андрэя.
        Пасля такога прызнання чалавек гэты адразу зрабіўся самым блізкім тут — таварыш па пакутах. Алесь ужо быў паспеў падумаць: «Не, не можаш ты ненавідзець, як я, бо не перажыў таго, што перажыў я». Цяпер яму зрабілася ніякавата за сваю думку і за тое, што ён неяк адразу паставіўся да сталага чалавека не вельмі прыхільна, як бы скептычна: маўляў, лёгка табе, дзед, разважаць і планаваць вайну, як сказаў Андрэй, на пяць гадоў. Ажно «дзед» — вунь хто. Ці не яго павінна была выкупіць Вольга?
        — Прабачце, — сказаў Алесь.
        — Завошта? — здзівіўся Павел Восіпавіч.
        Андрэй засмяяўся.
        — Ну што, дзед? Падабаецца табе хлопец? Я з яго зраблю лепшага дыверсанта. А ты
        хочаш яго пасяаць нямецкія пракламацыі пісаць.
        — Пракламацыі ён пісаў бы нашы, але з веданнем справы... ворага ведаў бы знутры, гэта важна. Дарэчы, пакуль Андрэй дасць табе заданне, напішы вершы пра разгром немцаў пад Масквой. Добра было б сатыру, а не — дык такія, каб людзям спяваць іх хацелася. Мы іх лістоўкай надрукуем. Друкары свае, — ласкава паглядзеў «дзед» на Лену, а пасля — да Андрэя, як бы даводзячы таму думку з даўняй спрэчкі: — Трэба спалучаць, хлопцы, усе формы барацьбы.
        Андрэй, безумоўна, згадзіўся з гэтым, бо змаўчаў. Алесь адзначыў, што пра вершы сказана чалавекам адукаваным, інтэлігентным, нават яго сябры-студэнты некалі гаварылі па-руску не «напиши стихи», а «напиши стих», і зноў падумаў, што гэты просты чыгуначнік у зашмальцаванай вопратцы, непаголены, да вайны займаў немалы пост, ды і ў падполлі, безумоўна, не радавы, адно незразумела — яго адносіны з Андрэем. Хто каму падначальваецца? Учарашні армеец Алесь не адразу мог прыняць своеасаблівую партызанскую дэмакратыю.
        Узрадавала, што «дзед» згадзіўся, каб заданне даў яму Андрэй. Але калі? Хацелася атрымаць яго неадкладна. Увогуле, ідучы сюды, ён зусім інакш уяўляў сваю сустрэчу з кіраўнікамі падполля. Здавалася, адразу будуць каманды, як у баявым штабе. А пакуль што ідуць развагі, нават спрэчкі. Да яго як бы прыглядваюцца. А што да яго прыглядвацца? Ён увесь, душой і целам, у барацьбе. Ён мог бы працягваць яе адзін, але ведае, што сіла — у арганізацыі, таму і шукаў настойліва сувязі з арганізацыяй.
        — Саша, бярыце хлеб, не саромейцеся.
        — Дзякуй. Я не галодны.
        — Яго гаспадыня блінамі корміць з верашчакай. — Андрэй засмяяўся. — Дранікі яе на ўвесь рынак пахлі. Я дагэтуль сню тыя дранікі. Ажно слінкі цякуць.
        Яніна Восіпаўна бліснула залатым зубам, глянуўшы на Андрэя закахана і з жартаўлівым дакорам.
        — Не нюхай чужыя каструлі.
        — Дык на рынку ж! Не на кухні. Слухайце, каб вы пабачылі, як яна ўмее таргавацца. Клас. Грошай не шкада заплаціць, каб паглядзець на такое.
        Алесю зрабілася сорамна за Вольгу і за сябе. Магчыма, ён пачырванеў, збянтэжыўся ці яшчэ як выдаў свае пачуцці, бо гаспадыня пранікліва паглядзела на яго і раптам спытала:
        — Слухайце, Саша, можам мы Вольгу далучыць да нашай справы?
        — Нам во як, — разануў далоняй па шыі Андрэй, — патрэбны такі чалавек. Якая сувязная! I ўнутры горада. І для сувязі з партызанамі. Яе ўся паліцыя ведае.
        — Верыш ёй? — не адводзячы вачэй, ва ўпор, перайшоўшы на «ты», спытала Яніна Восіпаўна.
        Алесь збянтэжыўся і перавёў позірк на Лену. Аднак Лена на яго не глядзела. Лена глядзела ў кубак.
        — Можаш паручыцца? — спытаў Андрэй.
        Хлопца ўдарыла ў пот. Ён гатовы быў да любых, самых цяжкіх выпрабаванняў, але пра такое не падумаў нават, а між тым якое яно нялёгкае, гэтае выпрабаванне. Не паручыцца за чалавека, які ратаваў табе жыццё, якому ты даверыў найвялікшую тайну? А як паручыцца, калі чалавек гэты жыве зусім іншым, калі нават пра разгром фашыстаў пад Масквой Вольга паведаміла як бы між іншым, без той радасці, якая выбухнула ў ім. Не, не было ў яго ўпэўненасці, што Вольга гатовая да свядомай барацьбы, гатовая ахвяраваць жыццём, як гатовы ён.
        — А ты, Лена? Ты можаш паручыцца? — рашуча і нецярплі-ва наступаў Андрэй.
        Лена ўзняла галаву і, нядобра бліснуўшы вачамі, сурова сказала: — Я? Не, я не магу!
        Кулачка! Жыве толькі для сваёй выгоды.
        Андрэй рэзка падняўся, кажушок споўз з плеч, ён падхапіў яго і шыбнуў на ложак, ступіў да акна, зірнуў у яго. Павярнуўся. Сказаў прыглушана, але раздражнёна:
        — Эх, вы! Адзін спіць з жанчынай...
        Алеся як варам абдало, ён пачырванеў, што рак.
        — Андрэй, выбірай словы, — на бледных шчоках Яніны Восіпаўны выступілі чырвоныя плямы.
        — Не хачу я выбіраць словы. Напляваць мне на вашы інтэлігенцкія далікатнасці! Другая ў школе вучылася, сябравала... I не бачыце чалавека?! Ну, чорт з вамі! Я паручаюся за яе! Галавой!
        — Не кідайся, Андрэй, галавой! Яна ў цябе адна.
        — Ды вы ведаеце, якая гэта баба!
        — Во іменна таму, што баба, не спяшайся, правер спакойна, — разважліва параіў Павел Восіпавіч, які чамусьці да гэтай спрэчкі праявіў менш цікавасці, чым да ўсяго іншага. — Такая сувязная будзе ведаць больш, чым любы з нас.
        — Можна, я пагавару з ёй? — сагнаўшы трохі чырвань з твару, нясмела спытаў Алесь.
        — Не, дрэнны ты агітатар, паэт. Лепш я сам пагавару, — ужо больш лагодна сказаў Андрэй.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.