РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
V
        
V

        
        Пасля вобыску Вольга пажвавела, асталела, зніклі начныя страхі — і гандлявала яшчэ з большай актыўнасцю. Толькі пачала гандляваць інакш. Назіраючы жыццё і рынак, яна ўжо даўно пачала думаць, куды ўсё хіліцца, што ў будучым, зімой і вясной, набудзе асаблівую цану — харчы, хлеб, бульба, буракі, не кажучы ўжо пра сала. Розум у яе быў камерцыйны, кан'юнктуру рынку, як кажуць эканамісты, яна не толькі добра ведала, але умела рабіць прагноз. Магчыма, што начны налёт фашыстаў, іх пошукі золата, радасць ад знойдзенай гарэлкі і кансерваў з'явіліся штуршком для перагляду ўласнай гандлёвай палітыкі. Пэўнае значэнне мела і размова з Алесем, яе прызнанне, яно ўмацавала надзею на новае жаночае шчасце. Адным словам, выносіць прадукты на рынак пачала рэдка — абы напомніць пра сябе, «адвесці душу» з ранейшымі сяброўкамі, павыскаляцца перад паліцаямі. Цяпер яна часцей заглядвала на барахолку. Прадавала і купляла сама. Купляла рэчы, невялікія, каштоўныя — сярэбраныя, залатыя, якія лёгка можна было схаваць. I прадукты яна цяпер часцей купляла, чым прадавала. Але не на рынку. Па прадукты хадзіла ў недалёкія вёскі; там у сялян выменьвала на кофтачкі, сарочкі, спадніцы і соль вяндліну, сыры, сала, крупы, абадраныя ў ступах.
        Такая шырокая гандлёвая дзейнасць Вользе падабалася. Было ў ёй больш разнастайнасці, азарту, выдумкі, добра трэба было варушыць мазгамі — як, дзе, што найбольш выгадна купіць, прадаць, перапрадаць, схаваць. Падабалася барахолка, якую некалі маці не прызнавала, лічыла, што там таўкуцца толькі дзве чалавечыя пароды — махляры і дурні. Цяпер, пры немцах, нястача, голад вымушалі з'яўляцца туды ўсіх, хто раней не ведаў, дзе знаходзіцца гэтая «абіралаўка». На такім рынку неяк губляешся сярод людзей. Нават з паліцаямі радзей сутыкаешся і радзей плаціш «калым». Бобікі дадому перасталі заглядваць, калі яна знікла са свайго звыклага месца ў харчовым радзе на Камароўцы. На «таўчку» людзі смялей гавораць, больш можна пачуць пра гарадскія навіны, пра нямецкія загады і нават пра сваіх — як яны там ваююць, дзе.
        I ў вёскі цікава хадзіць, пагаварыць з сялянамі, хоць тут небяспека большая і паборы большыя: на кантрольных пастах — нямецкія салдаты, з імі бывае нялёгка дамовіцца. Аднойчы Вольга прапанавала ім кавалак сала, а яны забралі ўсю яе торбу І самую груба піхнулі, нахабнікі. Але ў гэтай небяспецы было штосьці новае, прыцягальнае, Вольга як бы брала ўдзел у нечым большым, чым звычайная мена, быццам рабіла нейкі маленькі подзвіг. Ва ўсякім разе, калі пра свае поспехі на барахолцы расказвала Алесю вельмі скупа
        — дзесятак слоў між іншым: ведала, што яму не падабаецца яе занятак, — то пра паходы ў вёскі расказвала падрабязна, ахвотна.
        Аб тым, што яна сказала ў той вечар, пасля вобыску, яны нічым не нагадвалі адно аднаму. Яна, Вольга, больш выяўляла жаночай сарамлівасці, чым раней. Але зрабілася яшчэ больш уважлівай да яго патрэб, асабліва да душэўных. Прыносіла кнігі. Купляла іх, не шкадуючы грошы. Аднойчы прынесла Аляксея Талстога — «Блуканне па пакутах». Алесь здзівіўся і спалохаўся, калі яна сказала, што купіла кнігу. Хто яе мог прадаваць? Чалавек, які не разумеў, што гэта за кніга? Ці патрыёт, што рабіў выклік ворагу? А раптам правакатар, каб асачыць таго, хто купіў кнігу?
        Часцей прыносіла паэзію, ведаючы, як ён любіць вершы. I, здаецца, сама палюбіла іх. Часта ўвечары прасіла, каб ён прачытаў Блока, Лермантава, Купалу, Багдановіча. I газы не шкадавала. Дарэчы, Багдановіча прынесла Лена, і Вольгу зноў раўніва кранула, бадай узлавала, што невялічкая кніжачка ўзрадавала Алеся больш, чым некаторыя вялікія, у прыгожых вокладках, якія прыносіла яна, узрадавала гэтак жа, як некалі ўзрадаваў Блок. З кніжак, якія купіла яна, Вольга, ён так радаваўся хіба Лермантаву. Вольга помніла са школы «Смерць паэта», асобныя радкі. Прачытала іх:
        Погиб Поэт! — невольник чести —
        Пал, оклеветанный молвой,
        С свинцом в груди и жаждой мести,
        Поникнув гордой головой!..
        Алесь ажно праслязіўся. I ёй было радасна ад яго слёз. Пасля Алесь колькі разоў употай назіраў раніцамі, як Вольга брала кніжкі паэзіі і, не прычзсаная яшчэ, босая, без кофтачкі, чытала вершы, як малітву, — варушыла губамі, потым загортвала кніжку і, узняўшы галаву, шаптала радкі, калі не помніла, заглядвала ў кніжку. А пасля, удзень ці ўвечары, завіхаючыся на кухні, ціха, на свой матыў, спявала асобныя радкі:
        У родным краі ёсць крыніца
        Жывой вады,
        Там толькі я змагу пазбыцца
        Сваёй нуды.
        Ці, укладваючы малую, спявала на матыў калыханкі, але, безумоўна, не для дачкі — для таго, каб зрабіць яму прыемна, помніла, якія вершы ён чытаў на памяць:
        В небесах торжественно и чудно!
        Спит земля в сиянье голубом...
        Что же мне так больно и так трудно?
        Жду ль чего? Жалею ли о чем?
        «Зорку Венеру» Вольга спявала ў школьным хоры. Не ведала, аднак, не помніла, што словы напісаў Багдановіч, пра няшчасны лёс якога Алесь доўга і цікава расказваў. Між іншым, толькі такі ўступ прымусіў яе слухаць вершы з кнігі, якую прынесла Лена і якой Алесь узрадаваўся больш, чым яе кнігам. Калі ён дачытаў да «Зоркі...», Вольга быццам сустрэлася з добрай школьнай сяброўкай і тут жа праспявала гэтую песню. Расчуліла хлопца. Здаецца, менавіта тады ён сказаў:
        — Вучыцца табе трэба, Вольга. — Быў адзін прыемны вынік таго вечара і яе прызнання: цяпер ён заўсёды казаў ёй «ты», і гэта пэўным чынам збліжала іх пры ўсёй стрыманасці і ўзаемнай ніякаватасці.
        — Калі вучыцца? Цяпер!
        — Не цяпер, вядома. Пасля вайны. Чаму ты не вучылася да вайны?
        Вольга пасуровела, нават узлавалася.
        — Лёгка табе гаварыць, у цябе маці настаўніца. А ў мяне — гандлярка камароўская. А пасля вайны... Божа мой, ты і праўда як незямны, як анёл. Няўжо не ведаеш, што будзе пасля вайны?
        — А што будзе?
        — Голад будзе. Галеча. Не да вучобы тады будзе. Асабліва такім, як я...
        — Мы пераможам — не будзе голаду, не будзе галечы!
        — Пераможам... Калі тое будзе! Немцы пад Масквой. Вунь крычаць з рэпрадуктараў на ўсіх рынках. што заўтра Маскву возьмуць...
        — Усё адно мы пераможам! — шчокі ў хлопца заружавеліся, вочы заблішчалі, голас задрыжаў. — Ты не верыш у перамогу?
        Вольга ведала, як пакутліва ён перажывае такія размовы. Паліцаі неяк былі, пілі ў зале, крычалі, што хутка Гітлер зробіць Сталіну капут, дык пасля іх яго, нябогу, усю ноч паліла, ён ажно трызніў, яна, Вольга, спалохалася, што ён зноў цяжка захварэў.
        — Веру. Веру.
        Увогуле, яна пачала стрымлівацца ад слоў, якія б маглі яго пакрыўдзіць, абразіць, і ўсё яшчэ адчувала сваю віну за тое, што крыкнула яму так: «Зараза!»
        Запэўніванню, што яна верыць у перамогу, Алесь не надта паверыў, пачаў горача даводзіць, што без веры нельга жыць, што каб ён страціў веру, то не жыў бы ніводнага дня, не чапляўся б за жыццё, бо які сэнс у ім, калі брудны салдацкі бот фашыста растопча, спаганіць усё дарагое, дзеля чаго варта жыць.
        Вольгу ўсё яшчэ палохалі такія яго словы, уласна кажучы, не столькі самі словы, колькі тое, як ён іх гаворыць, з якім запалам. Але цяпер яна не запярэчыла. Нават не адважылася папрасіць, каб нікому іншаму пра гэта ён не гаварыў. Моц яго духу скарыла яе. Вольга адчувала, што ўлада, якую яна мела над ім, хворым, канчаецца, адбываецца нешта такое, што можа прывесці да таго, што ўладаром — не, не маёмасці, не, гэтага яна не баялася — думак, пачуццяў яе зробіцца ён, гэтага яна баялася, аднак — дзіўна — усё слабей супраціўлялася. Вершы заваражылі, закалыхалі, ці што? Недарэмна яна падумала, што тая першая, прынесеная Ленай Бароўскай кніга ў самаробнай вокладцы — магія.
        Часам яна прыбягала з рынку, задаволеная ўдалай купляй-продажам, поўная маладой энергіі, здароўя, бачыла парадак у доме — стаўшы на ногі, Алесь зрабіўся нядрэннай гаспадыняй, ва ўсякім разе, за малой глядзеў лепш, чым цётка Марыля, — і ў яе з'яўлялася жаданне зрабіць яму прыемнае. Калі Светка была цяплей адзета, хапала яе, кружылася з ёй, прытанцоўвала, спявала:
        Я — калгасніца маладая...
        Спачатку Алесь насцярожыўся: ці не здзекуецца яна з радасці таго жыцця, якое дало натхненне вялікаму песняру, а яму, маладому паэту і воіну, дало сілы не сагнуцца пад навальнічным ветрам ваеннай нягоды? Але Вольга паўтарыла песню раз, другі... без іроніі, шчыра, з яўным намерам парадаваць яго. I ён сапраўды парадаваўся ад таго, што ў яе з'явіліся жаданне і смеласць спяваць гэтую песню. Урэшце, пераканаць, пераламаць самую сябе — гэта таксама не мала, баец пачынаецца з песні, ад таго, што ён спявае, залежыць яго баявы дух. Так гаварыў рэдактар іх армейскай газеты стары батальённы камісар Гаўрон. Ён застрэліўся, каб не трапіць у палон, калі немцы акружылі рэдакцыю. Алесь бачыў яго смерць і лічыў яе праяўленнем высокай мужнасці, якой не хапіла ў яго, ад чаго ён душэўна пакутаваў і ў лагеры, і тут, у Вольгі, калі ляжаў хворы. Цяпер так не балела, бо ён пачаў думаць інакш: каму была б карысць, каб ён згніў у зямлі? Немцам. А так ён можа яшчэ паваяваць. Нават калі заб'е толькі аднаго фашыста, то і дзеля гэтага варта было перанесці ўсе пакуты, жыць да апошняга ўздыху.
        Але ён жыў зусім іншым жыццём, чым Вольга. Ператвораны ў няньку, ён рыхтаваў сябе да іншага — да выканання прысягі, якую прыняў год назад. Гартаваў сваю перакананасць, свой высокі ідэал, гартаваў так, каб нішто не магло парушыць іх, і сваю волю, каб не адступіць перад любой пагрозай, не пахіснуцца перад смерцю, пад дуламі варожых аўтаматаў, перад шыбеніцай. Для такой загартоўкі выкарыстоўваў усё: паэзію ў першую чаргу, свае ўспаміны, мары, думкі пра маці і нават клопат пра дзіця, бацька якога ў Чырвонай Арміі, сваю любоў да малой; яна, любоў да дзіцяці, неяк матэрыялізавала яго агульную любоў да жыцця, да людзей і нагадвала пра сэнс барацьбы і пра сэнс ахвяравання ў гэтай барацьбе. Адно хіба не памагала ў гэтай душэўнай падрыхтоўцы — супярэчлівасць адносін і пачуццяў да Вольгі. Разумеў, што ў яго не хопіць ні часу, ні ўмення перавыхаваць яе, зрабіць інакшай, адвадзіць ад гандлю, накаплення багацця. Прыватніцтва, сквапнасць — самыя трывалыя перажыткі. Неяк Вольга ў хвіліну шчырасці прагаварылася, што марыць адчыніць сваю крамку — немцы ахвотна даюць дазвол. Як ёй давесці, што за такія дзеянні ёй прыйдзецца адказваць перад савецкім законам? У кожнага спытаюць: што ты рабіў у вайну? Каму памагаў? Каго карміў ці адзяваў — сваіх ці ворага?
        У бяссонныя ночы абдумваў дзесяткі... сотні розных варыянтаў свайго ўступлення ў строй змагароў. Спачатку часцей пераходзіў лінію фронту, потым, пасля размовы з Ленай, ішоў у партызаны, дзейнічаў тут, у Мінску. Часам надта ўжо ўзносіўся ўгору, уяўляў сябе вялікім, няўлоўным героем, але тут жа спускаўся на зямлю, бязлітасна высмейваючы марную фантазію. Хіба ваеннае жыццё не даказала яму, што зрабіцца героем у такой вайне вельмі не проста? Ды ўвогуле не пра гераізм і славу трэба думаць — пра сумленнае выкананне свайго воінскага абавязку.
        Хоць нічога пэўнага Лена Бароўская яшчэ не сказала, але больш рэальныя думкі аб уступленні ў барацьбу звязваліся з ёй, бо яна расказала пра партызан у навакольных лясах і пра людзей, што арганізуюцца ў Мінску.
        Вользіна прызнанне ў каханні і паведамленне, што яна мае радыёпрыёмнік і пісталет, пачало зноў настройваць яго разгарачаную, няўрымслівую фантазію на высокую хвалю. Часам Вольга вырастала ў таямнічую асобу, напрыклад, у пакінутую нашымі разведчыцу высокага класа. Але, разважыўшы, прыходзіў да высновы, што лухту ён думае: не тым жыццём жылі Ляновічы да вайны, каб маладая жанчына з дзіцем, якую ўсе тут ведаюць, магла ўзяцца выконваць такое даручэнне. I не тыя погляды трэба мець, як у яе. I не такой баязліўкай трэба быць. Неяк увечары, калі ўклалі разам Свету, якая разгулялася і доўга капрызнічала, і засталіся ўдваіх, адчуваючы няёмкасць, якой не было да Вользінага прызнання, Алесь спытаў шэптам:
        — Ён спраўны?
        — Хто?
        — Прыёмнік.
        — Відаць, спраўны.
        — Давай паслухаем Маскву.
        У яе зрабіліся круглыя — па яблыку — вочы.
        — Ты што, дурань, на шыбеніцу захацеў?
        Во якая «разведчыца»!
        Пра пісталет не адважыўся спытаць — дзе схаваны, хоць пісталет, як нішто іншае, пазбавіў сну. Думаў пра яго ўдзень і ўначы. Бачыў яго, адчуваў халадок рукаяткі, ласкава гладзіў варанёнае дула. Калі заставаўся адзін з малой, шукаць не адважваўся: лічыў ганебным па-зладзейску абшукваць чужы дом; самае большае — мог заглянуць у шафу ці адчыніць шуфляды камода і сталоў. Нават у пограб, калі не было Вольгі, ні разу не спусціўся. Але хадзіў па доме, спыняўся ў кутках, дзе можна хітра схаваць невялікую рэч,
        часцей, чым трэба, наступаў на маснічыну, якая рыпела, напэўна, адрывалася. Нейкім невядомым звышчуццём адчуваў блізкасць зброі, і гэта хвалявала. Ведаў, як нечакана проста, недалёка, але хітра ўмеюць хаваць рэчы жанчыны, мужчыны звычайна хаваюць далей, але схованкі іх знаходзяць лягчэй. Вольга схавала недалёка, яна сама сказала пра гэта, калі прызналася, як перадрыжала, пакуль гітлераўцы шукалі золата. Значыцца, пісталет недзе тут, у доме, не дрыжала б, каб закапала недзе ў садзе ці ў хляве.
        Чамусьці быў упэўнены, што ў нейкі міг раптоўна, гэтак жа, як нечакана з'яўляюцца паэтычныя вобразы, дэталі, прыйдзе прасвятленне і ён здагадаецца, дзе схаваны пісталет. I ўзброіцца. I заб'е першага фашыста. Скончацца пакуты ад таго, што за тры месяцы на фронце, цяжкага і ганебнага адступлення з арміяй, ён асабіста не забіў ніводнага фашыста; тройчы трапіўшы ў акружэнне, ні разу не страляў ва ўпор, так, каб бачыць ворагаў і што твая куля скасіла хоць аднаго з іх.
        Застаўшыся адзін, Алесь пісаў вершы, пачаў тады, калі чуць акрыяў ад хваробы, калі яшчэ не вельмі верыў, што выжыве. Хацелася, каб нешта засталося пасля смерці, бо ў палоне страціў усё, што пісаў раней. Захопленае немцамі знікне, безумоўна, бясследна. Для літаратуры каб засталося — пра гэта не думаў. Для маці. Каб яна ведала, чым ён жыў у апошнія дні.
        Запісваў вершы ў вучнёўскі сшытак і хаваў яго пад матрац. Гітлераўцы перавярнулі яго пасцель. Добра, што сшытак не зацікавіў іх, а то прачыталі б пра гнеў яго і нянавісць. Пасля вобыску, завучыўшы вершы на памяць, ён спаліў сшытак у грубцы — каб не падвесці Вольгу. Жаданне пакінуць пасля сябе слабыя вершы (наконт іх вартасцей ілюзій не меў) цяпер здавалася наіўным. За час хваробы ён узмужнеў і пасуровеў больш, чым за час палону. Іншыя былі думкі, імкненні. Але не пісаць не мог — душа гарэла.
        Адзінае, што ён браў без Вользінага дазволу, — гэта шматкі якой-небудзь паперы: лісткі падранага падручніка, старога сшытка, кавалкі шпалераў. На іх запісваў вершы, пакуль сачыняў іх. Пасля вывучваў і паперкі паліў. Ніякіх слядоў. Толькі Светка часам расказвала маці, паказваючы пальчыкамі на грубку:
        — Жы-жа...
        Ды Вольга не разумела, лічыла, што дачка просіць распаліць грубку.
        Хацелася на вуліцу, пагуляць, умацаваць свае як бы размяклыя ногі. Вольга дзён колькі не дазваляла выходзіць, быццам баялася, што калі выйдзе, то не вернецца. Безумоўна, ён мог бы выйсці сам, каб не трэба было прасіць у яе паліто. Урэшце наступіў дзень. калі Вольга сама дала яму кажух, бацькаў. Дазволіла выйсці, толькі папрасіла далей сваёй вуліцы не хадзіць.
        Выйшаў надвячоркам, калі яшчэ не наступіў каменданцкі час. Горад ахутаўся марознай імглой. На дрэвах нарос іней, і ў такім уборы дрэвы былі казачна прыгожыя. Алесь заўсёды любіў іней і многа пісаў пра такое зімовае хараство. Над камінамі драўляных камароўскіх дамоў зусім па-вясковаму паднімаўся дым, які чамусьці расчуліў больш чым што. Прыгадаўся грыбаедаўскі радок «и дым отечества нам сладок и приятен». Сапраўды, ён быў салодкі, гэты дым, ён вельмі прыемна пах, нават там, дзе палілі торфам.
        А ўвогуле такая мірная прыгажосць і цішыня спалохалі. Не сама цішыня, а тое, што ён залюбаваўся ёю, паверыў у яе. Прагна, нібы выйшаў з сутарэння, удыхаў марознае паветра, так глыбока, што кружылася галава. Перамог слабасць — пайшоў па вуліцы. А калі пайшоў, то прыгажосць як бы аддалілася. Адразу падумаў: «Дзе дом Лены Бароўскай?» Лена пасля вобыску не з'яўлялася. А менавіта цяпер хацелася пагутарыць, хоць дакладна не ведаў, што канкрэтна мог бы сказаць ёй, але верыў, што ад размовы іх нешта магло б прасвятліцца. Калі вярнуўся дадому, вельмі карцела спытаць у Вольгі, дзе жывуць Бароўскія, але проста так спытаць не адважваўся, падступіў здалёк:
        — Чамусьці Лена не заходзіць?
        — Засумаваў? — спытала Вольга іранічна і насцярожана, пасля сурова растлумачыла: — Не да гулянак ёй, на хлеб трэба зарабляць, сям'я галадае.
        Але яму пашанцавала. На трэці свой выхад ён сустрэў Лену на вуліцы. Мароз у той дзень паменеў, неба ачысцілася і гарэла на захадзе злавеснай чырванню, пад нагамі звонка рыпеў снег. Лена натуральна і проста ўзрадавалася, што ён гуляе.
        — Ужо выходзіш? Ой як добра!
        Раней яны гаварылі, як даўнія сябры пасля доўгага расстання, якія мелі што сказаць адно аднаму, але ад нечаканасці сустрэчы разгубіліся, таму не ведалі, з чаго пачаць. Размова ўвайшла ў натуральнае рэчышча, калі Лена спытала, што ён думае цяпер рабіць, дзе думае працаваць, якую мае прафесію. Засмуцілася, пачуўшы, што прафесіі ў яго ніякай няма: не паспеў набыць, з трэцяга курса педінстытута забралі ў армію. Але, даведаўшыся, што ў арміі ён працаваў у рэдакцыі, павесялела.
        Прапанавала:
        — Прыходзь да нас у друкарню. Я пагавару з начальнікам цэха. Ён добры, наш Ганс.
        — Ваш Ганс? Добры? — насцярожыўся і ўсумніўся Алесь. Лена зразумела яго, пасміхнулася.
        — Мы клічам яго Іванам Іванавічам. Яму падабаецца. Праўда, ён добры і... даверлівы. Добра, што ён даверлівы.
        Ведаючы, што такое друкарня, Алесь мог уявіць, як можна выкарыстаць даверлівасць немца-начальніка. Магчыма, уявіў большае, чым маглі рабіць Лена і яе сябры ў той час.
        — Як там нашы? — спытаў шэптам, аглянуўшыся.
        Лена ўздыхнула:
        — Цэлы тыдзень не маем зводак.
        Алесь зразумеў, чаму яна ўздыхнула, і нечакана нават для самога сябе сказаў:
        — У аднаго чалавека ёсць прыёмнік.
        — У Вольгі? — здагадалася Лена, бо пра каго яшчэ мог ведаць гэты хлапчына, які першы ці другі раз выйшаў на вуліцу пасля хваробы. Вочы ў Лены заблішчалі не простай цікаўнасцю. — Вы слухаеце?
        — Што ты! Каб Вольга адважылася слухаць...
        — О, ад Вольгі можна чакаць самага нечаканага.
        — Але не гераізму.
        Алесь расказаў, пасля якога здарэння Вольга прызналася, што мае прыёмнік. Пра пісталет змаўчаў.
        Кіраўнік групы папярэджваў, што нават з такім палонным трэба мець пэўную асцярожнасць — залішне лёгка яго аддалі з лагера. Але згадзіцца з ім Лена не магла, бо ведала, як хлопец хварэў, чула, як, ледзь апрытомнеўшы, ён слабым голасам вось гэтак жа спытаў: «Як там нашы?» I як узрадаваўся кастрычніцкаму віншаванню і Вользінай прапанове адзначыць свята! Таму без усякай канспіратыўнай хітрасці сказала:
        — Трэба забраць у яе прыёмнік.
        — Як?
        — Падумай. Гэта тваё першае баявое заданне.
        Лена ўявіць не магла, як усхвалявалі Алеся словы «баявое заданне», бо шмат што раскрывалі. Ад свайго імя Лена так не гаварыла б. Некалі яна сказала яму, хвораму, што ў горадзе ёсць людзі, камуністы, гатовыя падняцца на барацьбу. Значыцца, цяпер яна гаворыць ад імя тых людзей, яны даюць яму баявое заданне! I ён абавязкова павінен выканаць гэтае заданне! Напачатку яно не здалося складаным: калі добра папрасіць Вольгу... Але Лена папярэдзіла яго, што Вользе не трэба гаварыць, ад каго просьба, ды і
        пра тое, што яны сустрэліся, лепш змаўчаць; па прыёмнік, калі ён дамовіцца, прыйдзе нехта іншы. Тады ён зразумеў, што не простае ў яго заданне, не лёгкая задача.
        З Ленай яму было хораша, проста, па-свойску неяк, як з сястрой. Але яна хутка развіталася.
        — Не трэба, каб звярнулі на нас увагу. Камароўскія пляткаркі адразу разнясуць, як сарокі. А Вольга раўнівая. Нікому не дазволіць галіцца на тое, што яна лічыць сваім, — Лена ўсміхнулася не вельмі весела, бадай сур'ёзна, як бы падкрэсліваючы, што не жартуе.
        Алесь засаромеўся, як дзяўчына, яму здалося, што Лена ведае пра размову, якая адбылася паміж ім і Вольгай пасля вобыску.
        Ён намерваўся пагаварыць з Вольгай у той жа вечар. Але яна вярнулася з нейкага свайго гандлёвага паходу не ў гуморы, злосная. Раней ён пастараўся б узняць яе настрой. Але цяпер адносіны іх яшчэ больш ускладніліся. Пасля той размовы ў яго з'явіліся нейкая асаблівая насцярожанасць і боязь. Але ён баяўся яе сілы і сваёй слабасці, а таму хваляваўся і бянтэжыўся больш, чым тады, калі ляжаў хворы. Як жа сказаць аб прыёмніку? Для такой размовы неабходны нейкі іншы душэўны кантакт. Але які і як яго наладзіць? Толькі ўвечары наступнага дня здалося, што Вольга добрая, трохі як бы засмучаная, але душэўна мяккая, ласкавая. Ды і ён сам пераканаў сябе за дзень, што адкладваць нельга, не для забаўкі патрэбна рэч — для барацьбы, у такой справе не толькі дзень — кожная гадзіна дарагая.
        За сталом, калі вячэралі, Вольга ўгледзелася яму ў твар, спытала:
        — Чаму ты слаба папраўляешся? Адны вочы блішчаць. Дрэнна я цябе кармлю, ці што? Еш больш.
        — Дзякуй. Ем. Больш няма куды.
        — Сушаць цябе думкі.
        — Сушаць, — згадзіўся ён, адразу сцяміўшы, што ад такой размовы можна перакінуць масток да іншай.
        Вольга ўздыхнула, здагадалася, пэўна, якія ў яго думкі. Гэта ўжо амаль масток.
        — Думак многа... Але цяпер я ўсё думаю пра твае рэчы...
        — Пра якія?
        Ён азірнуўся на цёмнае акно, без слоў даючы зразумець, пра якія рэчы пойдзе гаворка.
        — Навошта ты іх хаваеш? Наляцяць зноў груганы... перавернуць усё і знойдуць. Ведаеш жа нямецкія пастановы на гэты конт. Літасці не чакай. А ў цябе дзіця... Загубіць сябе з-за сквапнасці...
        Пра сквапнасць не варта было гаварыць. Вольга адкінулася на спінку крэсла, глыбока ўдыхнула паветра, і ноздры ў яе драпежна раздзьмуліся. Але спытала пакуль што спакойна:
        — Куды ж мне іх дзяваць?
        Алесь прадбачыў такое пытанне і меў на яго розныя адказы. Быў варыянт прапанаваць ёй прадаць прыёмнік. Лена прыслала б пакупніка. Але раптам зразумеў, што любая хітрасць тут не да месца. Толькі шчырасць, толькі поўны давер могуць уздзейнічаць на гэтую жанчыну, пакарыць яе. Так яму здалося.
        — Ёсць людзі, якім вельмі патрэбны прыёмнік.
        Вользін твар зрабіўся непрыгожы ад дзіўнага аскалу — быццам хацела ўсміхнуцца і... не здолела, не выйшла ўсмешка, застыла, змярцвела. Узнялася з крэсла асцярожна, быццам ёй забалела, і спачатку спытала ціха:
        — Каму... каму патрэбны? Лене?
        — Не адной ёй... Не музыку слухаць.
        Усмешка ўрэшце як бы прабілася праз цяжкую маску, але нядобрая, злосная, Вольга
        зашыпела:
        — Хутка ж вы знюхаліся! Два разы выйшаў пагуляць — і сустрэліся, дамовіліся... Ці яна бегае да цябе, калі мяне няма? Застану — ногі пераб'ю, — гэта ўжо быў крык, яна сарвалася, закрычала на поўны голас, паказала фігу ў цёмнае акно з большай злосцю, чым паказвала яе немцам. — А во ёй, а не прыёмнік! Паламлю! Спалю! Закапаю!.. А ёй не дам! Скруціць яна галаву і без майго прыёмніка! Бач ты, змагарка! Цяпер я ведаю, за каго яна змагаецца!
        Алесь падскочыў да яе, схапіў за плячо, тармаснуў:
        — Сціхні! Зараз жа сціхні! На каго ты крычыш? Чаму ты крычыш? Людзі жыцця не шкадуюць... Людзі хочуць ведаць праўду, каб народу расказаць. Людзі хочуць памагчы Чырвонай Арміі. У цябе там муж, брат. А ты... ты пра што думаеш? Пра багацце? Пра вантробу сваю? Мяшчанка!
        Сказаў гэта і... сумеўся, зразумеў, што перабраў, змоўк, чакаючы, што ў адказ Вольга зараз такое сыпане... Але яна маўчала. Глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі, і свяцілася ў іх не злосць, не абурэнне, а, бадай, здзіўленне. А яму зрабілася цяжка дыхаць. Успышка спаліла сілу, якой ён яшчэ не многа накапіў. Панурыўся, ціха сказаў:
        — Не трэба нам твой прыёмнік, без яго абыдземся.
        I пайшоў з кухні ў свой цёмны пакой. Сеў на ложак. Пачуў, як моцна б'ецца сэрца. Кружылася галава. Зноў, як і тады, пасля вобыску, калі яна крыкнула: «Зараза!» — падумаў, што, калі ў яго ёсць хоць кропля гонару, ён павінен тут жа пакінуць гэты дом. Але зноў быў вечар, хоць і не такі позні, як тады, аднак патрулі паказваюць сваю пільнасць. Без пропуска не пойдзеш... Ды і адзенне... Ён вымушаны будзе прасіць у яе... Каб перабегчы да Бароўскіх, бадай, не трэба ні пропуска, ні цёплай вопраткі. Але дзе іх дом? Недзе ў суседнім завулку, аднак ні назвы завулка, ні нумара дома ён не ведае, у Лены не паспеў спытаць, у Вольгі — не адважыўся... Безумоўна, не ўсе людзі ходзяць з прапускамі. Але ў такім разе трэба ведаць горад і мець пэўную мэту, пэўны адрас — куды ісці. Ён жа горада не ведае і, акрамя Лены Бароўскай, не мае ніводнага знаёмага, які мог бы даць прытулак у зімовую ноч. «Прытулак» могуць даць гестапа ці паліцыя.
        Пакутаваў не толькі ад безвыходнасці свайго становішча, ад ганебнай рабскай залежнасці, але і ад таго, што сказаў Вользе крыўднае слова. Нягледзячы ні на што, ён не можа не быць удзячным ёй. Марыў зусім не так развітацца. Марыў нізка пакланіцца ёй, пацалаваць рукі і словы сказаць асаблівыя. А сказаў вунь як!
        Аб тым, што жорсткія і гнеўныя словы яго не пакрыўдзілі Вольгу, не мог і падумаць.
        А між тым гэта было так. Прывыкшы ў сваім базарным асяроддзі і не да такіх слоў, Вольга зусім не пакрыўдзілася за мяшчанку і за ўсе папрокі, якія ён кінуў. Пра вантробу думае? А хто не думае? Колькі іх, такіх, як ён, святых? Кароткае ў іх жыццё ў такі жорсткі час. Як у матылёў. Толькі пад крылом яе мяшчанскім ён можа пражыць даўжэй. Пра гэта яна думала ўвесь час. А ўспышка яго нават узрадавала. Як ён схапіў яе за плячо, як трасянуў, як зашыпеў. Можа, упершыню яна пачула ў ім мужчыну.
        Але, успомніўшы, як пасля вобыску ён сказаў, што раніцой пойдзе, яна спалохалася. Зразумела раптам: не ён абразіў, а яна абразіла пачуцці яго высокія, імкненні. I ён можа пайсці. Гэтага яна баялася. Ад думкі такой халадзела не адну ноч. Страшна застацца адной. Каб зноў нахабна прыставалі паліцаі... Але нават не з-за гэтага. Можа, галоўнае ў тым, што з ім яна пачула сябе ж бы багацейшай і... чысцейшай. Душэўна чысцейшай. Раней ніколі не думала, што, акрамя таго багацця, якое можна купіць і прадаць. ёсць яшчэ такое, душэўнае, якое не купляецца ні за якія грошы, але з якім лягчэй жыць, калі маеш яго — усё жыццё набывае іншы сэнс. Цяпер нават да гандлю свайго, да прадуктаў, дарагіх рэчаў яна ставілася інакш, пачала думаць, што ўсё гэта можа спатрэбіцца не ёй адной, не толькі дзеля
        таго, каб забяспечыць шчасце дачкі, як некалі думала і старалася старая Ляновічыха. Каму і навошта гэта можа спатрэбіцца — пакуль што выразна не ўсведамляла, але думкі такія таксама як бы ачышчалі і ўзбагачалі. I ўсё гэта — ад яго, ад гэтага хворага хлапчыны. Ад вершаў яго. Ад высокіх слоў пра Радзіму. Ад парыванняў, над якімі спачатку хацелася смяяцца: маўляў, хоць і дваццаць гадоў маеш, а думкі ў цябе дзіцячыя... начытаўся кніжак, а жыцця не ведаеш, а яно, жыццё, зусім іншае, чым у кніжках. Але цяпер выходзіць, што і яе нечым захапіла гэтае кніжнае, выдуманае, як яна лічыла, жыццё. Дык, можа, не такое яно і выдуманае? Можа, праўда, трэба жыць інакш? Не, аб тым, каб змяніць сваё жыццё цяпер, у вайну, Вольга, безумоўна, не думала. Няма ёй чаго галадаць, як Бароўскім, і дзіця голадам марыць. Але аб тым, каб спалучыць адно з другім, свае рыначныя справы з незвычайнасцю, прыгажосцю вячэрняга адпачынку, — аб гэтым думала неаднойчы. Каб ён ціхім, але дрыготкім ад хвалявання голасам чытаў вось такое:
        Таварышы-брацця! Калі наша радзіма-маці
        У змаганні з нядоляй патраціць апошнія сілы —
        Ці хваце нам духу ў час гэты жыццё ёй адцаці,
        Без скаргі палегчы ў магілы?! —
        а яна сядзела б, падпёршы рукой шчаку, глядзела б на яго бледны твар, на яго сапраўды-такі анёльскае аблічча, і ёй хацелася б плакаць ад чужых жаласлівых слоў, ад свайго замілавання м, ад страху за яго... ад усяго адразу.
        Не, няхай яна будзе шчырая сама з сабой: думала яна не толькі пра духоўную блізкасць, але і пра іншую... Не пасаромелася прызнацца, што кахае яго і нікому не аддасць. I каханне яе цяперашняе зусім не падобнае на тое, якое яна мела да Адася і да замужжа, і пасля, калі жылі разам. Яно, гэтае новае каханне, — як у таго Блока, якога яны чыталі разам, а пасля раніцамі яна чытала адна, чамусьці не жадаючы, каб Алесь бачыў гэта, саромеючыся. Толькі рэўнасць яе была ранейшая, такая ж, як і да ўсіх тых жанчын, што часам зазіраліся на яе Адася. Некалі яна набіла кандуктарку трамвая, калі сама ўбачыла, што тая білеты прадаваць забывае, а стаіць ля вадзіцеля і балабоніць яму на вуха. Ды яшчэ і начальству трамвайнага парка заявіла, каб не накіроўвалі такую на лінію з яе Аўсюком, бо яна не хоча, каб муж яе трапіў у турму, каб на яго сумленні было чалавечае жыццё, даволі таго, што бацька яе пад трамваем смерць знайшоў.
        Ніякіх іншых адносін паміж маладым мужчынам і маладой жанчынай ці дзяўчынай Вольга прызнаваць не хацела. Таму і паверыць не магла, што Лена мае іншы інтэрас, каб хадзіць да Алеся, сустракацца з ім. Лічыла, што ў любой бабы, якую б пасаду яна ні займала, чым бы ні займалася, у галаве адно — мужчына.
        Была ўпэўненая: Лена звязана з тымі, што ўзарвалі афіцэрскае кафэ на Камсамольскай вуліцы, падпалілі склад на таварнай станцыі, пра каго немцы вывешваюць загады — злоўлены, расстраляны, але рэўнасць ад гэтай упэўненасці не змяншалася. Бадай, наадварот: думала, што калі і ён ірвецца туды ж, то такая агульнасць поглядаў і парыванняў абавязкова зблізіць іх.
        Вольга доўга сядзела на кухні, зажураная, кляла свой дурны характар і свой сіроцкі лёс.
        У зале пастаяла перад зялёнай плюшавай занавескай — дзвярмі ў яго пакой. Хацела, каб Алесь неяк азваўся. Але ён маўчаў, яго не было чуваць — стаіўся. Цяжка ўздыхнула, пайшла да сябе. Заснуць, безумоўна, не магла. Варочалася, уздыхала — няхай чуе. можа, зразумее, што і яна перажывае, ён мяккі, добры — злітуецца, пашкадуе.
        Пасля свайго прызнання, якое збянтэжыла хлопца, колькі разоў Вольга парывалася пайсці да яго ў начны час. Але кожны раз стрымлівала сябе. Не з-за сарамлівасці. Не. Ніколі не саромелася ўзяць тое, што, лічыла, належыць ёй. Сароміла іншае. Дала зарок
        сабе не рабіць першага кроку, не траціць жаночага гонару. Дамагчыся, каб першы прыйшоў ён. Толькі ў такім выпадку, лічыла, шчасце яе будзе поўнае.
        Але цяпер, калі ўзнікла пагроза, што раніцой ён можа пайсці назаўсёды — да Лены пайсці! — было не да тонкасцяў, трэба адважыцца на такое, што прывязала б яго назаўсёды. Раней яна самаўпэўнена лічыла, што ніводзін мужчына не здолее ўстаяць перад яе чарамі. Але наконт яго такой упэўненасці не было. Незвычайны ён, апантаны нейкі, апанаваны адной думкай. Ды і нядужы яшчэ, ачуняць ачуняў, а сілы не набраўся.
        Апоўначы, пачуўшы ў цішыні ночы, як ён павярнуўся і ўздыхнуў — не спіць, пакутуе, нябога! — Вольга нарэшце адважылася.
        Пайшла ў адной сарочцы, босая. А ён ляжаў на неразасланай пасцелі, на коўдры, нераздзеты. Вольга на момант сумелася. Але ў ногі было холадна ад падлогі. Ды і не адступала яна ніколі ад таго, што задумвала. I яна залезла пад край ватнай коўдры, на якой ён ляжаў.
        Алесь адсунуўся, але не падняўся і нічога не сказаў. Гэта яе ўзбадзёрыла. Але чакала, каб першы загаварыў ён, няхай скажа адно слова — і ўсё стане зразумелым. Але ён маўчаў, нават не дыхаў. «Спалохаўся», — падумала Вольга, і ёй зрабілася весела, захацелася смяяцца.
        — Ты пакрыўдзіўся?
        — Не-е. Завошта?
        Добра, што ён размаўляе, аднак дрэнна, калі лічыць, што на яе нават не варта крыўдзіцца.
        — Я люблю цябе.
        Не адказаў. Гэта кранула яе жаночае самалюбства, але яна спытала з іроніяй:
        — Скажы мне: ты мужчына ці не мужчына?
        — Я ніколі не краў чужое.
        Тады яна перавярнулася на бок, прыўзнялася, схілілася над яго тварам, адчула блізкасць яго вуснаў, зашаптала:
        — А гэта не чужое... тваё!.. Усё тут тваё! Любы мой, слаўны і дурненькі! Якое ж ты ягня неразумнае. Не бойся. Палюбі мяне — і я ўсё аддам табе! — і заціснула яму рот сваімі вуснамі, каб ён не сказаў, што яму нічога нетрэба. Цалавала горача, прагна...
        А потым была бяссонная і вельмі кароткая ноч. Яны гаварылі бясконца. Яны як бы спяшаліся выказаць усё тое, чаго не маглі сказаць адно аднаму больш чым за месяц жыцця пад адным дахам. Безумоўна, Адасёвай сілы ў яго не было. Але было іншае, чаго яна не ведала раней: незвычайная пяшчотнасць і ў словах, і ў пацалунках, і ў трапяткой усхваляванасці, і ў дыханні яго, і ўдарах сэрца, якія яна чула, тулячы яго да сябе.
        Алесь прызнаўся, што дагэтуль не ведаў ніводнай жанчыны, што яна першая, і Вольгу кранула гэта і напоўніла яшчэ большай закаханасцю і радасцю; усё, што адбылося паміж імі, здавалася такім чыстым, бязгрэшным, што сумленне ніколькі не трывожыла яе, не адчувала яна віны ні перад Адасём, ні перад дачкой. Віну такую адчуваў ён. Сказаў пра яе. Вольга адказала пацалункамі.
        — Не думай пра гэта, не трэба. Не твая віна — мая. Я грэшная... Але я не баюся граху, бо я люблю цябе.
        Паспрабавала прасіць, каб ён нікуды не рваўся, ні ў якую барацьбу не ўвязваўся, перажыў вайну ў яе, і яна дасць яму ўсё, што трэба для шчасця. Сказала — і адразу пачула яго маўклівую насцярожанасць і... адчужанасць: адчувала яго блізкасць усімі клеткамі свайго цела, і раптам ён нібы рэзка адхіліўся, хоць у сапраўднасці не варухнуўся, толькі анямеў у нерухомасці. Схамянулася і зараклася: не гаварыць больш пра гэта, няхай ідзе, як ідзе. А каб зноў наблізіць яго, сказала:
        — А прыёмнік... праўда, навошта ён нам, калі ўсё роўна паслухаць радыё нельга?.. Няхай Лена забірае... Толькі, калі што, каб не сказала, у каго ўзяла...
        — Не скажа. Лена не скажа, — хутка і горача зашаптаў Алесь.
        — Ты так гаворыш, быццам знаёмы з ёй з калыскі. Я лепш яе ведаю, — сказала між іншым, без пэўнага адцення, сама задаволеная, што ранейшай рэўнасці няма. Адкуль быць той рэўнасці цяпер, калі хлопец належыць ёй і яна ведае, якое ён сапраўднае ягня?
        Але разам з тым гэты рахманы хлопец стаў уладаром яе, і яна аддавала яму ўсё і адкрывала ўсе тайны. Нават прызналася, дзе хавае пісталет. Сама сказала. У старой іконе, што вісіць на кухні. Нябожчыца маці зрабіла ў іконе тайнік яшчэ тады, у тую вайну, калі ў Мінску па два разы на год мянялася ўлада.
        Па прыёмнік прыехалі на грузавіку, з камуфляжам, па-нямецку размаляванымі кабінай і бартамі. Машына спалохала Вольгу. Яна толькі што вярнулася з барахолкі, дзе набралася страху: немцы зрабілі першую масавую аблаву. Акружылі ўвесь рынак, выпускалі праз трое «варот», правяраючы дакументы, рэчы, абшуквалі нават кішэні. Вольга не баялася арышту. Завошта яе могуць арыштаваць, вядомую ўсёй паліцыі ды і некаторым нямецкім жандарам гандлярку?! Але спалохалася, што можа страціць дабро. У той дзень камерцыя яе ладзілася выгадна. Яна прадала соль, муку і здор — не за маркі, у акупацыйныя маркі мала верыла, а за пярсцёнкі і наручны гадзіннік, прытым, што важна для душэўнага спакою, не баялася, што яе ашукалі — падсунулі замест золата начышчаную медзь: са старым прафесарам у залатым пенснэ, якому вельмі трэба было падтрымаць хворую жонку, яна дамовілася яшчэ два дні назад. Расчуленая яго непрактычнасцю і бездапаможнасцю, дала старому фунт пшана, хоць магла і не даваць. За дабрату сваю была ўзнагароджана: за рэшту сала і пшана купіла адрэз цудоўнага тонкага сукна. А потым яшчэ больш пашанцавала. На вочы трапіўся той вусаты прыгожы мужчына, што падыходзіў да яе яшчэ ўвосень, у першыя халады, у дабротным, вышытым залатымі ніткамі кажушку і набіваўся ў прымакі. Праўда, цяпер ён мала быў падобны на жаніха: схуднеў, вусы адраслі і абвіслі, як у старога, парыжэлі, быццам падпаленыя, апрануты ён быў у зашмальцаваную ватоўку, на галаве аблезлая заечая шапка. Але на руцэ ў яго вісеў той жа кажушок, вабячы на гэты раз не золатам вышыўкі, а густой воўнай. Мабыць, мужчына запрошваў добрую цану, бо пакупнікі адразу «адвальваліся». У Вольгі ажно ёкнула сэрца: во яно, гандлёвае шчасце, увесь дзень не здраджвае; два месяцы назад прывабіў яе гэты кажушок, «загарэўся зуб» купіць яго — і вось ён сам просіцца ў рукі. Можа, цяпер кажушок і не так ужо пасаваў да яе камерцыйных разлікаў, але ўжо тое, што рэч, якая некалі падабалася, зноў трапіла на вочы, вымушала абавязкова купіць яе. Трэба паказаць гэтаму ганарыстаму пану, хто тут пануе, у гэтым людскім віры, — ён, палінялы, ці яна, па-ранейшаму чырванашчокая. Так і падумала з вясёлай гарэзлівасцю: «Зараз ты ўбачыш, хто тут шчупак, а хто карась».
        — Прадаеш?
        Ён таксама пазнаў яе, засмяяўся:
        — А ты, прыгажуня, паўсюдная. Дзе ж твае дранікі?
        — Дроў няма, каб пячы, — засмяялася Вольга.
        — Шкада. Як бы я з'еў сёння гарачы дранік, — мужчына пракаўтнуў сліну і пастукаў намёрзлымі ботамі адзін аб адзін.
        Тым часам Вольга разгарнула кажушок і па-хлапецку свіснула: чырвоная і залатая краса моцна замурзана якраз жа наперадзе, дзе вышыўка, быццам у кажуху грузілі дровы ці поўзалі па зямлі.
        — Збіў пан цану свайму тавару.
        — Я дам рэцэпт, як пачысціць.
        — Сам пачысціў бы.
        — Бракуе часу.
        — Які заняты пан!
        — Ды ўжо ж.
        Вольга вярнула кажушок, каб даць зразумець, што ў такім выглядзе тавар мала цікавіць яе. Паспачувала, як добраму знаёмаму, без насмешкі:
        — Дарэмна не прадаў тады. Я добра заплаціла б.
        Але яму яўна не хацелася гаварыць з прывабнай гандляркай сур'ёзна, ён блазнаваў:
        — Каб згадзілася ўзяць прыдачу...
        Вольга ўспомніла Алеся, незвычайнасць яго пяшчот і не меншую незвычайнасць сваіх пачуццяў і засмяялася, гледзячы на рыжыя вусы:
        — Каб у пана не было такіх вусоў. Я баюся вусатых.
        — Для такой жанчыны галавы не шкадуюць — не толькі вусоў.
        — Цяпер позна ўжо.
        — Хіба? Вось жа пашэнціла некаму! А мне вусы, выходзіць, пашкодзілі. А я на іх так спадзяваўся!
        Вольга падумала, што кажушок і ў такім выглядзе дарэчы — для Алеся. Пасля запалення яму трэба цёплая напратка. А што замурзаны, то гэта добра — няма чаго хадзіць у такім выглядзе, каб звярталі ўвагу. Такому, як ён, лепей быць непрыкметным. Зноў узяла кажушок, памацала воўну.
        — Што просіш?
        — А што даеш?
        — Сала. Самагонку.
        — Маркі. Мне трэба маркі. Фабрыку хачу купіць.
        — А пан вясёлы.
        — Бачу, пані таксама не сумуе.
        Вясёлы-вясёлы, а за цану стаяў упарта, не хацеў уступіць і дзесятку. Вольга незадаволена падумала: «Бач ты яго, таргуецца лепш за нас, базарных баб».
        Але зноў жа тое, што заплаціла маркамі, выйшла ёй на шчасце. Пляшка самагонкі засталася некранутай і памагла ёй выскачыць з аблавы. Аддала пляшку знаёмаму паліцаю, і той вывеў яе з акружэння праз тайны, вядомы толькі ім, паліцаям, лаз у дашчаным паркане. Кожны нешта выгадваў у гэтым вэрхале, немцы — сабе, паліцаі — сабе, за кошт такіх, як яна, — хто меў чым адкупіцца. Вядома, яе не арыштавалі б, тых, хто меў аўсвайс, адпускалі, але торбы многіх і нават кішэні пусцелі. У мностве загадаў і пастаноў пісалі, чым можна гандляваць, а чым нельга. Пастановы часта супярэчылі адна адной. Гэтым карысталася калі не само СД, то тыя, хто памагаў яму, — салдаты аховы тылу, паліцыя. У часе аблаў бессаромна рабавалі і падазроных, і не падазроных. I ніхто не скардзіўся. Каму паскардзішся? На каго? Лепей далей ад ліха.
        Дадому Вольга вярнулася задаволеная — камерцыю зрабіла большую, чым думала, і з аблавы выскачыла без асаблівых страт. Расказвала Алесю пра кажух, пра яго былога гаспадара і пра аблаву весела, са смехам. А потым, як бы схамянуўшыся, спытала ціха, з трывогай:
        — Не прыязджалі?
        — Не.
        Ёй не спадабалася, калі Лена сказала, што па прыёмнік прыедуць на машыне ў нядзелю; здавалася, было б прасцей, каб Лена яго перанесла да сябе як-небудзь увечары: на камароўскіх вуліцах патрулі ходзяць рэдка.
        Больш, чым нямецкі грузавік, Вольгу спалохала, калі яна ўбачыла праз акно, што з кабіны выскачыў і пайшоў да брамкі той, вусаты, у якога яна тры гадзіны назад купіла
        кажух. Увайшоў ён смела, з грукатам, як вандроўны кравец, толькі, адчыніўшы дзверы, па-інтэлігенцку спытаў дазволу:
        — Можна?
        Убачыў Вольгу — здзівіўся, зрабіў вялікія вочы, смешна натапырыў вусы, коратка рагатнуў:
        — Ай да стрэча! Шанцуе мне.
        Але застылы Вользін твар — не вясёлая гандлярка, а сурова заклапочаная і ўстрывожаная гаспадыня стаяла перад ім — прымусіў яго вінавата панурыцца і ціха сказаць пароль:
        — Прывет ад Фаіны. Яна прасіла забраць яе чамадан.
        — Як там пляменнік расце?
        — Пецька? Пачаў хадзіць.
        Алесю, які з раманаў ведаў паролі адмысловыя, з глыбокім сэнсам, такі бытавы пароль-дыялог здаўся наіўным, няўмелым, і гэта яго трывожыла пасля таго, як Лена паведаміла пароль. Цяпер не спадабалася, як вусаты рагатнуў, адразу выдаўшы, што ён Вользін знаёмы. Але сам чалавек спадабаўся. Своеасаблівым чуццём салдата Алесь адчуў у ім камандзіра, валявога, вопытнага, і падумаў, што гэта не хто іншы, як сам кіраўнік падпольнай групы, бадай жа такім яго ўяўляў.
        Алесь ступіў наперад, працягнуў руку.
        — Дзень добры, таварыш, — голас яго дрыжаў ад хвалявання.
        — Добры дзень, — сказаў вусаты не як прывітанне, а як пахвалу дню і сціснуў кволую, немужчынскую Алесеву руку так, што той ледзь не войкнуў ад болю; весела бліснуўшы вачыма, госць растлумачыў, чаму ён добры, дзень: — Я выгадна прадаў кажушок адной пані.
        Пасля такіх яго слоў ад Вользінага сэрца адхлынуў страх і знікла нязвыклая, не ўласцівая ёй збянтэжанасць, ад якой яна як бы здранцвела; зрабілася лёгка, проста, весела, яна гучна засмяялася і сказала, як даўняму знаёмаму:
        — Балабол ты стары. Напалохаў.
        — Стары? Пані Ляновічыха, злітуйцеся! Не запісвайце ў старыя. Даведаюцца дзяўчаты...
        Алесю хацелася пачуць ад гэтага чалавека асаблівыя, вельмі сур'ёзныя, высокія словы — пра барацьбу. А ён жартаваў, як блазен, скаліў зубы з жанчынай. Хлопца нядобра кранула, што яны страчаліся раней і што Вольга з ім на «ты».
        — Таварыш, — памкнуўся Алесь пачаць іншую размову.
        — Яўсей. Маё імя Яўсей. Да такога імя не пасуе ні пан, ні таварыш. Проста Яўсей...
        Алесь зразумеў, што чалавек, які даверыўся ім, тым часам ухіляецца ад сур'ёзнай размовы. Чаму? Каму з іх не верыць? Вользе? Ці, можа, яму, колішняму палоннаму? Палон усё яшчэ адчуваў, як кляймо, якое балела яму і відаць было людзям.
        Вельмі хацелася застацца з вусатым адзін на адзін і сказаць яму шчыра, па-мужчынску, што ён камсамолец, малады паэт і гатовы сёння ж уступіць у падпольную групу і выконваць любое заданне. Вольга паказвала, дзе схаваны прыёмнік: на гарышчы ў кучы старых крэслаў, матрацаў, цэбраў, каструляў, лахманоў. Трэба палезці туды разам з Яўсеем. Толькі трэба апрануцца, інакш Вольга не выпусціць за дзверы. Але Вольга як бы прачытала яго думкі — першая схапіла з цвіка куплены кажушок, накінула на плечы. Сказала вусатаму:
        — Палезлі па чамадан.
        У Алеся з'явілася тое ж пачуццё, якое нядобра варухнулася ў душы, укалола, калі Вольга сказала чалавеку: «Балабол ты стары...» Цяпер ён здагадаўся, як яно называецца, гэтае пачуццё, і яму зрабілася сорамна, што ў такі час у галаву, у сэрца лезе абывацельская
        лухта, якая ганьбіць пачуцці яго і думкі.
        Пакуль Вольга «адкопвала» прыёмнік, Яўсей агледзеў гарышча, заглянуў у акенца, у адно, у другое, быццам выбіраў назіральны пункт ці вывучаў сектар абстрэлу. З асаблівай увагай, з цікавасцю, амаль дзіцячай, агледзеў блізкія двары, перспектыву крывых вуліц, запомніў, дзе завулак прахадны, а дзе тупік. Вярнуўся да Вольгі, якая загортвала прыёмнік у дзяругу, сказаў усё гэтак жа весела:
        — Камандная вышыня ў вас тут. I кастра мяккая.
        Вольга не зразумела, што да чаго, як вышыня пасавала да кастры. Тут, на гарышчы, адзін на адзін з таямнічым незнаёмым, робячы справу, за якую можна апынуцца ў турме ці зусім на шыбеніцы, яна зноў страціла сваю бойкасць і гарэзлівасць. Гаварыла прыглушаным шэптам. Цяпер гэта быў не страх, а нешта новае, значнае і незразумелае, як тайна вянчання ці пасвячэння.
        — Кволы твой кватарант. Слабенькі. Што дзіця.
        — У яго душа моцная.
        — О! А яму, праўда, можна пазайздросціць. Атрымаць такую пахвалу! Што ж, пабачым.
        Тады яна павярнулася да яго і нечакана для сябе папрасіла:
        — Не ўцягвайце вы яго нікуды. Навошта ён вам такі? Праўда, дзіця. Лепш я аддам вам... — хацела сказаць — рэвальвер, але асеклася, можа, таму, што ён не выявіў ні здзіўлення, ні іншага пачуцця, нават не паглядзеў на яе, заняты прыёмнікам — правяраў, ці надзейна загорнуты. Потым лёгка падхапіў цяжкую скрынку, пайшоў да лесвіцы.
        Вольга спусцілася следам за ім. Ён чакаў яе ў каморы, пад лесвіцай, зноў прыдзірліва аглядаючы ненадзейную ўпакоўку. Папрасіў мяшок. Засунуў прыёмнік у мяшок, напхаў па баках анучак, каб выглядала, што ў мяшку штосьці мяккае, каб не вытыркалі восгрыя вуглы.
        — Суседзям скажы, што ты прадала... Што ты можаш прадаць?
        — Бульбу, буракі... Воўну. У мяне ёсць воўна.
        Ён як бы пазайздросціў:
        — Багата жывеш.
        Вольга прыгадала, як ён галодна каўтнуў сліну, сказаўшы пра дранікі. Варта накарміць яго, хоць у той жа час не хацелася, каб ён лішне затрымліваўся ў доме. Атрымаў што трэба і — з Богам, як кажуць людзі. Але прапанавала:
        — Дранікаў няма, а бульба ў печы гарачая з салам.
        Яўсей засмяяўся:
        — Не хопіць кажушка разлічыцца за машыну, — і асцярожна ўзваліў мяшок на плечы.
        Вольга выйшла следам за брамку і застыла, ашаломленая: за рулём грузавіка сядзеў нямецкі салдат.
        Яўсей палажыў прыёмнік на сядзенне побач з шафёрам. У Вользінай галаве маланкай бліснула самая неверагодная думка. Але і ад верагоднай здагадкі — «не хопіць кажушка разлічыцца...» — жахнулася: якая шалёная рызыка — наймаць немца!
        Яна сарвала з плеч кажух, працягнула яму:
        — А кажух? Чуць не забыўся кажух.
        Ён сумеўся на міг. Але тут жа схапіў кажух, кінуў на прыёмнік, засмяяўся.
        — Дзякуй, сястра, — і ўскочыў на сядзенне, ляпнуў дзверцамі.
        Грузавік ад'ехаў.
        У Вольгі памлелі ногі, яна доўга не магла скрануцца з месца, ажно пакуль не адчула, што ззаду, за брамай, стаіць Алесь. Жахнулася, што ён выйшаў так — у адным пінжачку, без шапкі.
        — Ты як малое дзіця! Горш за Светку, — моцна ляпнуўшы, зачыніла брамку, пагнала
        яго ў дом. — Хочаш зноў ляжаць? Вось жа дурань! I малую адну пакінуў. Прачнецца — упадзе.
        За дзвярамі ў сенцах Алесь павярнуўся да яе і, быццам сапраўды моцна замёрзлы, дрыжачым голасам сказаў:
        — Ты бачыла? Немец!
        Яна сцяміла, што немец за рулём машыны спалохаў хлопца не менш, чым яе спачатку. Але, сама рызыкоўная, яна ўжо ўхваліла ў душы такую хітрасць смелага і вясёлага чалавека.
        — Не бойся. Ён правільна прыдумаў. Шафёр не стане правяраць, што вязе, а патрулі не спыняць вайсковую машыну.
        — Адкуль ты ведаеш яго?
        Вольга сілком упіхнула яго ў кухню і там, у цеплыні, амаль радасна засмяялася:
        — Божачка мой, ды ты ж раўнуеш!
        Ён збянтэжыўся, пачырванеў.
        Вольга абняла яго, пацалавала ў вусны, у лоб:
        — Як я люблю цябе! Сашачка, родненькі. Нікога на свеце так не любіла! Чым ты мяне прывабіў? А таго, вусатага... Я купіла ў яго кажушок. Як ён таргаваўся! За кожную марку. Во гандляр! А я аддала яму кажушок назад! Гэта ж ён прадаў, каб заплаціць за машыну!
        Смех яе паступова заціхаў, цяпер яна гаварыла сур'ёзна, глядзела Алесю ў вочы дзіўна і трымала за плечы так, быццам баялася, што калі адпусціць, то страціць назаўсёды, цалавала нервова, прагна. Потым раптам павярнулася да іконы, у якой хавала пісталет, перахрысцілася.
        — О Матка Боска! Як ношку з плячэй скінула. I з душы. Наліха ён мне здаўся, гэты прыёмнік! — і вымавіла як пагрозу невядома каму: — Ну, цяпер усё! Усё! I Ленку гэтую, рызыкантку праклятую, на парог не пушчу. Усё! Усё! I нічога ты мне не кажы! Нічога! Слухаць не магу! — і заціснула вушы далонямі, хоць Алесь не вымавіў ніводнага слова. — У мяне — дзіця! Журавіначка мая! Крывіначка мая! Сіраціначка мая ненаглядная!
        Села на кухонны ўслончык, залілася слязьмі.
        — Не, не хачу! Не хачу! Усё! Усё! Што вы робіце са мной? Жаласці ў вас няма да людзей.
        Такога прыступу ў яе яшчэ не было. Алесь стаяў ля дзвярэй, глядзеў на яе і маўчаў, думаў, што жанчыну гэтую цяжка зразумець, а таму невядома, што сказаць. Можа, абняць, прылашчыць і так супакоіць? Ступіў да яе, але яна спалохана сцялася, зноў закрыла вушы, заківала галавой:
        — Не, не! Не хачу! Не магу! Не чапайце мяне! Не чапайце!
        I тады ён падумаў, што лепш сапраўды не чапаць яе і не ўцягваць у барацьбу, што не той гэта чалавек, які патрэбны ў вялікай справе, якую робяць Лена, вусаты, у якую ўступіў ён... Заданне з прыёмнікам давала яму права лічыць, што падпольшчыкі прынялі яго ў свае рады. Але разам з тым, як ніколі раней, яму зрабілася балюча, што ён мусіць пакінуць гэты дом і яе, якая зрабіла для яго так многа, блізкасць з якой вярнула яму радасць жыцця, цяпер ён адчувае да яе не простую ўдзячнасць, а, безумоўна, тое, пра што так многа чытаў і пісаў... Ён кахае яе. I яму хораша ад гэтага! Але ці мае ён права цяпер кахаць, звязваць свой лёс з жанчынай, ды яшчэ з такой — замужняй і... з такімі поглядамі?
        Алесь не разумеў Вольгу, а Вольга ў той дзень не разумела самую сябе. Паплакаць яна ўмела і нават любіла. Але часцей рабіла гэта з выгадай для сябе. Некалі перад бацькамі. Перад Адасём, перад чужымі людзьмі часам вылівала такія слёзы, што ў самых чэрствых мякчэлі душы. А тут? Чаго яна дамагаецца тут? Каб пакарыць хлопца? Дык пакарыла ж. Ва ўсім. Акрамя аднаго... У адным — у сваім імкненні ваяваць з немцамі — яго мяккая душа
        вельмі цвёрдая. Дык чаго ж яна дамагаецца? Што ён здзейсніць сваё абяцанне — пойдзе ад яе з удзячнасцю і любоўю, як ён сказаў? Але гэтага яна не хацела, баялася. Дык на-вошта ж пагражаць, што з прыёмнікам усё скончыцца? Думаючы пра гэта, яна пільна сачыла, як паводзіць сябе Алесь. Разумела, што ёй лепш супакоіцца, але слёз стрымаць не магла. За ўсё жыццё плакала так шчыра хіба на пахаванні маці. Прачнулася Светка, пачула матчыны ўсхліпы і, спалоханая, закрычала галасіста, на ўвесь дом.
        Алесь першы кінуўся да дзіцяці.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.