РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гандлярка і паэт
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
X
        
X

        
        Вольга не спала. Не магла заснуць. Чуйна ўслухоўвалася ў ноч, лавіла кожны шорах, кожны гук. Менш за ўсё яе трывожылі далёкія стрэлы — іх яна чула неаднойчы. Міма вушэй прапускала свісткі і ляскат паравозаў. А вось загаўкалі сабакі — і яна ўся
        напружылася, гатовая падхапіцца. У гараджан сабак няма, іх знішчылі па загаду немцаў. Сабакі толькі ў тых, хто палюе на людзей. Але сабакі як устрывожылі, так і супакоілі — брэх не прыбліжаўся. Палохалі іншыя гукі, невыразныя, таемныя, якімі быў напоўнены яе стары дом. Здавалася, нехта цяжка дыхаў за акном, нехта стаіўся на гарышчы і асцярожна поўзаў там, а ў пограбе перасоўваліся з месца на месца бочкі, скрынкі, бутлі.
        Зданяў яна не баялася, у дамавікоў не верыла. Увогуле яна нічога не баялася. У мінулыя ночы апошнім часам спала спакойна. Доўга не засынала хіба тады, калі дзень быў напоўнены такімі падзеямі, пра якія ўначы трэба было сур'ёзна падумаць, успомніць усё, што пачула і ўбачыла. Але ў такім выпадку яна думала, а не прыслухоўвалася вось так, калі шастанне і піск мышэй пачынаюць здавацца засадай гестапаўскіх шпіёнаў. Смешна. Навошта ім такая засада? Ім даволі аднаго падазрэння, каб яны прыехалі на машынах і схапілі не толькі вінаватага, яго сям'ю, але і суседзяў, усю вуліцу... Яна, Вольга, ведала гэта і, аднак, засынала без страху ўвесь час пасля таго, як пачала выконваць заданні падпольшчыкаў. Заставалася ўдзвюх са Светкай, нават не запрашала цётку Марылю, каб тая паначавала. Не запрашала таму, што чакала Сашу. Кожную ноч чакала. З-за гэтага часам не спалася. А не з-за страху. Страх яна перамагла, здавалася ёй, назаўсёды яшчэ ў той першы дзень, на першых явачных кватэрах, асабліва ў Захара Пятровіча.
        Чым больш яна знаёмілася з падпольшчыкамі, чым глыбей унікала ў работу, тым больш смялела. Ці, можа, проста прывыкала да небяспекі? Чалавек да ўсяго прывыкае.
        Работа захапляла. Ды і як можна было не захапляцца, калі ўся яе гандлярская дзейнасць набыла зусім іншы сэнс — тайны. Цяпер яна гандлявала не дзеля сваёй уласнай карысці. Стоячы побач з сяброўкамі, яна глядзела на іх іншымі вачамі, як бы з вышыні, з радасным хваляваннем думала: «Каб вы ведалі, хто я такая і што я раблю!» А над паліцаямі дык проста здзекавалася.
        Праўда, цяпер ёй больш прыходзіцца займацца барахлом, што яна не вельмі любіла — хадзіць па дамах і скупліваць рэчы. Але і на прадуктовы рынак не забывалася: трэба ж збыць з выгадай прадукты, якія выменяла, а інакш, каб яна раптам перастала гандляваць, яе паходы ў вёску, якімі так даражылі Захар Пятровіч і Камандзір, маглі б выклікаць непатрэбныя размовы, здагадкі, падазронасць.
        Вольга, безумоўна, не здагадвалася, што непрыкметна зрабілася адным з самых дзейных членаў падпольнай групы. Андрэй і хацеў мець такую сувязную. «Толькі сувязь», — паўтараў ён, калі размова ішла пра Вольгу. Але з-за свайго занятку «надомніцы», нястомнасці — за дзень паўгорада абшнырыць, хітрасці і розуму, жаночай прывабнасці, умення падміргнуць, пажартаваць, лёгка пазнаёміцца, дзякуючы сваім шматлікім ранейшым знаёмствам з гараджанамі і асабліва з паліцыяй, Вольга сама сабой, без спецыяльных заданняў, ператварылася ў добрую разведчыцу. Ведала многія гарадскія навіны, дзе што адбылося, дзе што знаходзіцца, і гэтым памагла сваім наладзіць сувязь з іншымі падпольнымі групамі, пра што нават не ведала. Па ўласнай ініцыятыве памірылася з братам, які рабіў на біржы працы, і прыносіла некаторыя звесткі ад яго. Хоць да Казіміра яна «пайшла на паклон» і па іншай прычыне, з-за свайго асабістага: каб у выпадку чаго не пакінуў Светку — усё-такі родны дзядзька, не чужы; ранейшага страху не мела, але не думаць пра гэта не магла, практычна прадугледжвала ўсё — і добрае і благое.
        З Камандзірам сустракалася рэдка. У Яніны Восіпаўны ні разу больш не была. Пастаянную сувязь трымала з Захарам Пятровічам; можа, яно само па сабе так атрымлівалася, бо ніхто не забараніў ёй наведвацца ў гэты двор без брамы, у дом без замкоў, наадварот, гаспадар у першы ж дзень запрасіў: «Заходзь, Вольга». Выходзіць, можна зайсці проста так, без задання. I ёй падабалася бываць у гэтым недабудаваным доме. Прастата і натуральнасць старога інваліда, адсутнасць у яго паводзінах усялякай
        таямнічасці, лішніх напамінкаў пра вайну і небяспеку моцна прыцягвалі. Гэта быў надзіва спакойны чалавек, спакой яго і нейкая незвычайная пераконанасць у неабходнасці і непазбежнасці ўсяго таго, што яны, падпольшчыкі, робяць, перадаваліся Вользе. Безумоўна, яны не маглі не гаварыць паміж сабой пра вайну, але пасля размовы з Захарам Пятровічам ніколі не рабілася страшна, нават нядобрыя думкі не з'яўляліся, як пасля размовы з іншымі людзьмі. Смерць і страх для яго як бы не існавалі, пра іх стары ніколі не гаварыў. Пра вайну ён расказваў або весела, са смяшынкай, або з той сур'ёзнасцю, з якой большасць людзей гавораць пра галоўную сваю працу — у полі, на заводзе. Так Вользін бацька гаварыў пра сваё гарбарства. У інваліда, мабыць, не было такога асноўнага мірнага занятку, магчыма, што чалавек гэты ў душы заставаўся ваенным, таму пра свае цывільныя прафесіі гаварыў з гумарам. Паказваў пашытыя боты і смяяўся: «Ты глядзі, Вольга, ні разу мне не ўдалося пашыць пару ботаў, каб бот на бот быў падобны. Ох і дасць мне заказчык!» Ці раптам глядзеў на дзверы і заліваўся смехам: «Ах, каб табе добра было! Гэта ж я не бачыў, што так перакасіў касяк. Во майстра, дык майстра!»
        Пра свае паходы ў арміі Будзённага Захар Пятровіч расказ-ваў ахвотна і весела, з любоўю да Будзённага, да сваіх таварышаў. А пра тое, як страціў нагу, гаварыў так, што Вользе хацелася смяяцца, але непрыстойна смяяцца з бяды, з калецтва.
        Перад вайной прыехала да Захара Пятровіча ў госці нявестка з унукам, жонка старэйшага сына — афіцэра. Вельмі спалохалася жанчына вайны. Кінулася на вакзал, але ні ў які цягнік, ні ў пасажырскі, ні ў таварны, не ўціснулася. З нявесткай, каб памагчы ёй несці двухгадовае дзіця, пайшла з Мінска свякруха, жонка Захара Пятровіча. Мелася вярнуцца, але... «Драпанулі мае бабы, відаць, так, што і нямецкія танкі не дагналі іх. Інакш вярнуліся б, шмат хто вярнуўся з мінчан». Пра жонку і нявестку гаварыў са стоеным смуткам, з трывогай, але ўсё адно са смяшынкай. А вось малодшага сына, Віцька, які нядаўна пайшоў у партызаны, стары заўсёды прыгадваў сур'ёзна і па-бацькоўску заклапочана. «Сніў сёння майго Віцька. Лес з ім пілавалі. Такія тонкія сосны спускалі. Да чаго б гэта, Вольга, не ведаеш?» Не верыў ні ў сны, ні ў прыкметы, з іконаў і багоў кпіў, варажбітак, якія хадзілі па дамах, выганяў, але што тычылася Віцька — усяму пачынаў верыць. «Каб ты ведала, што за хлопец мой Віцёк!» «Гэта Віцёк зрабіў. Залатыя рукі ў хлопца».
        Пэўна, пра Віцька ён гаварыў не адной Вользе, недарэмна яму і клічку падпольную далі — Віцёк.
        Палюбіла Вольга старога дзівака з першых сустрэч і даверылася яму больш, чым каму. У Камандзіра не адважылася больш прасіць, каб дазволіў Сашы прыйсці да яе ці даў яго адрас. А ў Захара Пятровіча папрасіла. I той адразу, нічога не пытаючыся, зразумеў яе, ажно ёй трохі няёмка стала. «Ведаю твайго Салаўя, у нас ён — Салавей. Быў у мяне, начаваў дзве начы. Разумны хлопец. Як Віцёк мой».
        Даючы ёй дні праз два адрас, пасміхнуўся: «Любіць Андрэй гуляць у канспірацыю. Навошта яму было разлучаць вас? Майце хоць якую радасць. А канспірацыя — яна такая хітрая штука, што чым прасцей, тым глыбей. Не трэба ў яе гуляць».
        Яна ў той жа дзень паляцела на другі край горада, на Каменную вуліцу. Алеся дома не было. Па-жаночаму супакоілася, калі ўбачыла, што кватаруе ён у старых адзінокіх людзей. Сказала ім, каб перадалі, што прыходзіла Вольга, пакруцілася, пакрасавалася перад гаспадарамі, каб даць ім зразумець, што мэта ў яе чыста жаночая, спытала нават: «Дзяўчаты да яго не ходзяць?» — «Што ты, любая! Святы хлопец», — сказала гаспадыня. «Усе яны, цётка, святыя, пакуль матчыну цыцку ссуць, а як не матчыну ўбачаць, куды іх святасць дзяецца».
        Старая ажно ўпотай перахрысцілася.
        Алесь прыйшоў на другі дзень. Яна паліла ў печы, завіхалася па гаспадарцы. Абняла яго мокрымі рукамі, цалавала на кухні. Ён упікнуў, што так нельга, што яна моцна збянтэжыла яго гаспадароў, яны кінулі яму папрок, што прыходзіла дзеўка, падобная да тых, што нюхаюцца з нямецкімі афіцэрамі. Яна адказала сярдзіта, словамі Захара Пятровіча:
        «Не гуляйце вы з Андрэем у канспірацыю. А гаспадарам тваім сказала так таму, што не спадабаліся яны мне. Нейкія... быццам іх з калыскі спалохалі. А я не люблю пужаных!» — «Калі ты сама стала такая смелая?»
        Траха не пасварыліся.
        Гаспадары такі сапраўды не спадабаліся ёй, і яна, думаючы пра Сашаву бяспеку, расказала пра іх Захару Пятровічу, усё сказала, як было. Інвалід да слёз смяяўся з яе слоў: «А каб табе добра было! Дык, кажаш, як убачаць не матчыну?..» Але заспакоіў: гаспадар кватэры — яго даўні сябра, разам на белякоў хадзілі, рабочы паравозарамонтнага завода, быў членам партыі, але яго выключылі — за жонку, за тое, што ў царкву хадзіла: жанчына яна сумленная, добрая, хоць і набожная.
        Хораша Вользе зрабілася ад таго, што Саша жыве не абы ў каго, а як бы знаходзіцца пад аховай такога чалавека, як Захар Пятровіч, упэўненая была, што яго ахова самая надзейная. Праўда, здаралася, што і гэты чалавек здзіўляў і палохаў яе неасцярожнасцю і, здавалася ёй, непатрэбнай рызыкай.
        У недабудаванай палавіне хаты стары трымаў казу, мабыць, меў патрэбу, каб у двары было нешта жывое, ды і шклянка малака дорага каштавала. Каза лашчылася да гаспадара, што сабака, але па-сабачаму кідалася да чужых, каб бадануць, Вольгу доўга не падпускала да сябе, пакуль, мабыць, не пераканалася, што жанчына — свой чалавек у доме. Там жа, дзе стаяла каза, захоўвалася сена, складзенае ўздоўж глухой сцяны, пад сенам была наслана падлога. Аднойчы Вольга даглядала казу. Цераз штабель дошак, што адгароджваў корм ад жывёліны, дастала віламі сена; калі паднімала, з сена выпала нешта цяжкое, круглае, пакацілася па падлозе. У хаце стаялі прыцемкі, таму нельга было ўгледзець, што гэта такое. Вольга перагнулася цераз дошкі, узяла рэч у рукі, падняла, паднесла да вачэй і ледзьве не самлела ад нечаканасці і страху. Граната! Круглая, з наразным кажухом. Бачыла такія яшчэ некалі ў ваенным кабінеце школы, ведала, што іх называюць «лімонкамі». Але тыя былі пустыя, разраджаныя, а гэтая ж, безумоўна, баявая, упала, стукнулася аб падлогу, ды і жалезныя вілы яе маглі зачапіць... Значыцца, вось-вось павінна разарвацца. У руцэ ў яе. Што рабіць? Шыбнуць куды? Навокал сцены. У сена? Каб яно загарэлася ад выбуху?
        Немаведама колькі часу стаяла нерухома, трымаючы на далоні смерць сваю. Пасля сцяміла, што калі адразу не ўзарвалася, значыцца, тагачаснай небяспекі няма. Асцярожна, як шкляную, паклала гранату на дошкі. Збялелая ўвайшла ў жылую палавіну хаты. Захар Пятровіч адразу, па выглядзе яе, здагадаўся, што здарылася незвычайнае. Глянуў у акно — ці не акружаюць дом гестапаўцы? Не, нікога не чутно.
        «Там — граната... у сене...»
        «А-а, што б табе добра было! Напалохала. Як жа гэта яна выкацілася?»
        Пайшоў туды, да казы. Узяў гранату, падкінуў яе, як мячык, на далоні.
        «Не бойся, яна без запалу. Спужалася? — пералез цераз дошкі ў сена, паклікаў Вольгу: — Ходзь сюды, я табе нешта пакажу».
        Разгарнуў у куце сена і паказаў «кубло», у якім, як яйкі невядомай вялізнай птушкі, ляжалі такія ж гранаты, мабыць. добрая паўсотня. I парадаваўся, як хлапчук: «Во багацце, Вольга! Каб нашым як занесці? Віцьку майму. Нам тут няма дзе іх прымяніць. А ім там, у лесе, гэта што хлеб».
        Незадоўга перад тым Вольга першы раз схадзіла на незвычайнае заданне — да партызан, занесла ім бінты, ёд, іншыя лекі. Праўда, у саміх партызан яна не была, перадала ўсё гэта
        іх сувязному ў вёсцы ў Рудзенскім раёне, добраму знаёмаму Захара Пятровіча, разам на рыбалку ездзілі на Сяргееўскае возера.
        ...Ляпнулі дзверы, зарыпелі пад нечымі нагамі настылыя дошкі. Вользе здалося, што ляпнула яе брамка і рыпяць маснічыны яе ганка — так выразна блізка. Белай чайкай зляцела з пасцелі, прыліпла да акна, да другога акна. Цяпер яна не зачыняла аканіц, баялася слепаты і глухаты, здзіўлялася, ад каго некалі зачынялася яе маці — у той ціхі мірны час!
        Выйшаўшы на кухню, пачула знаёмы кашаль і крахтанне старога суседа, ды і ўбачыла яго, як ён у чорным кажусе і белых падштаніках вяртаўся з прыбіральні. Падумала пра суседзяў — цяпер ёй не абыякава, што яны за людзі. З гэтым старым маці яе часта сварылася, з-за чаго — ужо немагчыма ўспомніць. Яна, Вольга, застаўшыся адна з дзіцем на пачатку вайны, пастаралася з усімі суседзямі наладзіць добрыя адносіны, гэтым старым у апошні час нават памагае харчамі. Але са смуткам падумала, што ніводнаму з самых блізкіх суседзяў, з якімі мяжуе яе сядзіба, яна не можа даверыцца так, як Бароўскім.
        Стаяць босай на падлозе было холадна. Вольга абулася ў валёнкі, накінула на сарочку кажушок. Села ля грубкі. Вырашыла больш не лажыцца, бо ўсё адно не засне. Будзе вартаваць яго сон вось так, седзячы, каб не падхоплівацца на кожны мышыны шорах і хутчэй пачуць сапраўдную небяспеку. А што б яны — Саша і яна — рабілі, каб тыя, у чорных мундзірах, раптам з'явіліся б сюды? Не, аб гэтым лепш не думаць. Аднак тут жа падумала, што на кухні варта выняць зімовую раму, каб акно можна было адчыніць і выскачыць на гарод. А яшчэ падумала, што добра было б папрасіць у Захара Пятровіча пару «лімонак» — Сашу, на выпадак, калі яму прыйдзецца адбівацца. Не сумнявалася, што проста так ён не здасца, будзе адбівацца. Раней ад думкі пра такі няроўны бой яе апанавала б жудасць, цяпер разумела, што гэта адзінае і зусім натуральнае выйсце.
        Думкі чапляліся адна за адну.
        А можа, і лепш, што Бароўскія не самыя блізкія суседзі? Апошні, хто назваў яе мяшчанкай і нават больш — здрадніцай і шлюхай, дык гэта Лена, не так даўно. Але яна, Вольга, не толькі не пакрыўдзілася за гэтыя словы, яна радавалася, бо размова такая адбылася ў іх пасля... пасля таго, што змяніла яе жыццё.
        Яна знала пра Лену ўсё, Захар Пятровіч хваліў Бароўскую, казаў, што добрую сяброўку яна, Вольга, мае. А Лена пра яе не знала нічога, і Вользе гэта падабалася: яна ўпершыню як бы адчувала сваю перавагу над Ленай; выходзіць, яна ў арганізацыі больш засакрэчаная. I пра Сашу Лена не ведала. Прыйшла і спытала, куды дзеўся Алесь, дайшло да Бароўскіх па суседзях, што Ляновічышын кватарант знік.
        «А я выгнала яго».
        «Завошта?»
        «А які з яго наедак? Што ён за мужчына? Толькі іншым перашкаджае. Да мяне, ведаеш, якія заляцаюцца? Афіцэр набіваецца».
        Вось тады Лена і выпусціла ў яе такую чаргу, такія слоўцы, якіх яна ў вочы ні ад каго не чула яшчэ. А яна, Вольга, яшчэ больш паддражнівалася, такой выстаўляла сябе, што пабялелая ад гневу Лена кінула ёй страшнае пракляцце і пагрозу: прыйдуць нашы — яе павесяць разам з іншымі здраднікамі. Калі Лена пайшла, ажно самой зрабілася страшна: чаго гэта яна, дурная, нагарадзіла! Раскажа Лена — брыдка людзям у вочы будзе глядзець. Ды і грэх гэта — перад Богам і ўласным дзіцем — так знеслаўляць сябе.
        Але, пэўна, Лена не ўсё расказала, бо прыйшла старая Бароўская і папрасіла Вольгу, каб тая ў чарговы паход па вёсках узяла іх Косціка. «Сабрала лепшыя транты, няхай выменяе на які харч, бо зусім сям'я галадае». Вольга ахвотаа ўзяла: усё-такі мужчына побач, абаронца. З бабамі яна не любіла хадзіць, адной бывала страшнавата. Але Косцік той,
        паганец, усю дарогу задзіраўся, да самага Слуцка, калючы быў, што шыла, слова яму не скажы, здзекаваўся з яе камерцыі, мацюкаў кожнага сустрэчнага немца. Папрасіліся ў нямецкую машыну, узяў іх шафёр, і яна, Вольга, дзякуе ў канцы паездкі, разлічваецца маркамі, а ён, Косцік, на поўны голас: «Кулю табе ў лоб трэба, гітлераўскі пёс. Бач, морду ад'еў на нашых харчах, падла фашысцкая». Вольга ледзьве не самлела ад страху. Добра, што немец — ні слова па-беларуску. Ківае на Косцікавы словы галавой, згаджаецца: «Я, я...»
        Не вытрымала яна, уляпіла Косцю «ляшча». «Барэц, маць тваю! Дурань, мякінай набіты». Дык Косця пасля больш за суткі рота не разяўляў, як анямеў. Ажно Вользе страшна зрабілася, каб гэты дурань чаго-небудзь не выкінуў такога, што пасля не расхлябаеш. I выменьваць нічога не выменьваў, усё прыйшлося рабіць ёй, толькі кайстры з просам і ячменем насіў.
        На зваротным шляху начавалі ў Валяр'янах. Косця з гаспадарскім сынам, крыху старэйшым за яго, схадзіў на вячоркі — былі Каляды, наладжваліся гулянкі: у вёсцы няма каменданцкага часу і той напружанасці, што тут, у горадзе, дзе пачынаеш баяцца суседа, з якім пражыў побач усё жыццё.
        На другі дзень у дарозе Косцік загаварыў, але ўжо зусім інакш, быццам за ноч хлопца падмянілі, — сур'ёзна, паважліва, нават звярнуўся незвычайна, без ранейшага панібрацгва: «Цётка Вольга, у машыну не лезь — я не палезу... Я, канечне, памагу табе паднесці бліжэй да Мінска нашы торбы, а там ужо, калі ласка, ты як-небудзь сама. Я ў горад не пайду».
        Вольга ахнула: во звязалася на сваю галаву, яшчэ такой бяды не хапала!
        «А куды ж ты пойдзеш?»
        Косцік адказаў не адразу:
        «У партызаны пайду».
        «Дзе ты іх знойдзеш, дурань?»
        «Знайду!» — упэўненасць такая ў адказе, паглядзе, што яна на нейкі момант разгубілася: што рабіць? як паводзіць сябе? Паспрабавала прасіць:
        «Косцічак, любенькі, што ж ты робіш са мной? Мяне ж маці твая з'есць, што я не ўпільнавала цябе. I сама памрэ ад гора».
        Пазмрачнеў, памаўчаў, толькі прастуджаным носам соп.
        «Не памрэ. Не ў адной яе дзеці ваююць».
        Машыну Вольга не спыняла — баялася, што Косцік не сядзе, адстане ды яшчэ паводзінамі такімі падазронасць у немцаў выкліча, сярод немцаў розныя бываюць, трапляюцца быццам бы і людзі, а іншыя — што звяры.
        Спадзявалася, што перадумае Косцік. Цэлы дзень ішлі па слізкай зімовай дарозе з нялёгкімі кайстрамі. На ўгаворы яе Косцік не адказваў, зноў панура маўчаў. А калі спытаў, колькі вёрст засталося да Мінска, Вольга зразумела, што хлопцава рашэнне непахіснае.
        «Дзе ты будзеш шукаць іх, партызан тых?»
        «У лесе».
        «Па такім снезе? Загінеш, як ягнятка з тае казкі. Ваўкі з'ядуць».
        «Ну, ты мяне не палохай. Не на таго натрапіла. У горадзе цяпер горшыя ваўкі».
        Да Мінска ім не дайсці, калі на машыну не сядуць, прыйдзецца зноў начаваць. I ў гэтую ноч Косця напэўна знікне, і яна не здолее нават сказаць Бароўскім, куды ён пайшоў, у які лес.
        «Хочаш, завяду цябе да партызан?»
        Косця ажно спыніўся ад нечаканасці.
        «Ты? Ты можаш завесці да партызан?»
        «Калі папросіш добра».
        «Ох, насмяшыла».
        Паваліўся на вал счышчанага з дарогі снегу, задрыгаў нагамі, жадаючы паказаць, як яму смешна ад таго, што яна, камароўская гандлярка, ведае, дзе партызаны, хоць, відно было, смяяцца яму не хацелася, не да смеху было, стомленаму, акалеламу, напоўненаму страхам перад невядомасцю, у якую сабраўся ўступіць. Вольга ўсё разумела, але за блазенства такое пакрыўдзілася.
        «Паляжы, паляжы, падрыгай нагамі».
        Дагнаў яе сур'ёзны, як бы пасталелы, раптам сцяміў-такі, чарцянё, што не жартам яна сказала пра партызан.
        «Прабач, Вольга, за ўсё. Думаеш, хто іншы паверыў бы, што ты звязана з партызанамі? Якая ж ты малайчына! А Ленка... толькі многа гаворыць... быццам нас агітаваць трэба? — а ні чорта не знае. Столькі прасіў яе!»
        Хітры жук, ведаў, як раўніва яны ставяцца адна да адной, сястра яго і яна, Вольга.
        «Але для гэтага нам трэба пайсці на Рудзенск».
        «Ды куды хочаш, на край свету пайду за табой».
        Сувязны, Мар'ян Сівец, які і пры Саветах, і цяпер, пры немцах, рабіў на чыгунцы, хоць жыў у вёсцы, быў незадаволены, што яна, без згоды Захара Пятровіча, прывяла такога падлетка, так і сказаў: «Партызанам трэба вайскоўцы, афіцэры Чьірвонай Арміі, а не саплякі, такіх у вёсках поўна, толькі пальцам кіўні ім». Ды, на Косцікава шчасце, высветлілася, што Сівец ведае Лену, сустракаўся з ёю ў Захара Пятровіча: магчыма, Лену рыхтавалі для сувязі з ім, але пасля яна, Вольга, лепш падышла для гэтае ролі.
        Да Бароўскіх Вольга не адважвалася ісці, пабаялася, што цяжка будзе растлумачыць старой, куды знік яе сын. Праз суседскага хлапчука паклікала Лену. Лена прыбегла задыханая, пабялелая, як сардэчніца, ускочыла ў дом апантана, з парога закрычала: «Дзе Косцік? Куды ты яго дзела?»
        Прыйшлося расказаць ёй праўду. I адбылося ў іх тады вялікае прымірэнне. Абдымаліся, цалаваліся, прасілі адна ў адной прабачэння, кляліся ў вечнай дружбе.
        Ёй, Вользе, цяпер як бы спакайней ад таго, што недалёка жыве яшчэ адзін чалавек, школьная сяброўка, якой можна ўсё расказаць, з якой можна параіцца, нічога не хаваючы. Раней неяк пашкадавала, што Бароўскія не самыя блізкія суседзі, не праз плот, здавалася, што ў такім разе яны ахоўвалі б адзін аднаго. Але цяпер падумала, што наўрад ці варта выстаўляць дружбу з Бароўскімі на людзі. Лепш трымацца воддаль. Бадай, і да Захара Пятровіча не трэба так часта наведвацца. Не, да старога можна. Ён не баіцца за сябе. А вось за яго, за Сашу... Не трэба, відаць, прыходзіць яму сюды нанач, бо радасці ёй ад гэтага мала. Вяртаецца страх, ад якога яна вызвалілася, ва ўсякім разе, па горадзе і ў вёскі хадзіла без страху. I дома спала спакойна. Не трэба ёй гэты страх, бо ён, што ржаўчына, раз'ядае душу, расслабляе волю.
        Задумалася так, што не пачула, калі падняўся з ложка Алесь, прыйшоў да яе на кухню. Уздрыганулася, убачыўшы яго перад сабой, быццам ён знянацку захапіў яе за нечым недазволеным, чаго трэба саромецца.
        — Чаму ты сядзіш тут?
        — Ды так... Не спіцца.
        — Чаму табе не спіцца?
        — Я спала ўдзень, — зманіла яна непераканаўча, бо ён добра ведаў, што ўдзень яна ніколі не клалася.
        — Скора раніца, а ты так і не заснула.
        — Не, яспала.
        — Не спала ты. Я чуў.
        — I ты не спаў? — здзівілася яна. Дагэтуль лічыла, што па дыханні яго чуе, спіць ён ці не спіць; сон у яго заўсёды быў трывожны, як у хлапчука, які за дзень многа набегаўся, меў зашмат уражанняў; сёння ён «спаў» спакойна, нячутна і гэтым увёў яе ў зман.
        Вольга і пры тым святле, якое даваў водбліск снегу за акном, убачыла, што ён стаіць босы і ў адной сподняй кашулі.
        — Не стой так, падлога халодная. На валёнкі, я нагрэла іх.
        — Аты?
        — На печы мае сохнуць.
        Яна аддала яму старыя бацькоўскія растаптаныя валёнкі, накінула на плечы нагрэты яе целам кажух. Валёнкі яна сапраўды ўзяла свае, маленькія, белыя фетравыя, абула іх. Але некаторы час стаяла ў начной сарочцы.
        — Сядай побач. Мы накрыемся адным кажухом.
        Узрадаваная, хуценька, што мышка, яна нырнула пад кажух, абняла Алеся, прыціснулася да яго і так замерла на нейкі міг, не то жадаючы зліцца з ім, не то прыслухоўваючыся да ўдараў яго сэрца ці, можа, нават імкнучыся пачуць яго думкі. Потым прыпала вуснамі да яго шчакі, прашаптала жаночае, адвечнае:
        — Як хораша з табой.
        Але ён не выявіў такой жа пяшчоты, ён быў больш стрыманы, чым калі.
        — Што цябе трывожыць, Воля, што ты не спіш?
        Яна чуць адсунулася ад яго і на кароткі міг задумалася. Сказаць яму, што яе трывожыць? Сказаць, каб ён не прыходзіў сюды, таму што яна баіцца за яго? Не, сказаць такое — гэта ўсё адно што забіць сваё каханне, сваю адзіную радасць.
        — Я думала, як мы будзем жыць, калі скончыцца вайна, — і як бы схамянулася — паправілася: — Як я буду жыць.
        — Ты баішся?
        — Чаго?
        — Таго жыцця?
        — О не! — Яна зусім шчыра засмяялася. — Калі я сённяшняга жыцця не баюся, то чаго мне баяцца таго! Я радуюся яму. Я цвёрда рашыла, што буду вучыцца. Як ты раіў. Што б ні здарылася — буду вучыцца. Я ляжала і думала, як буду хадзіць у школу. А пасля — у інстытут... А пасля — зноў у школу, але ўжо настаўніцай, я хачу вучыць дзяцей. — Пасля знаёмства з Янінай Восшаўнай яна думала пра гэта неаднойчы. — Верыш, што я магу стаць настаўніцай?
        Алесь з удзячнасцю пацалаваў яе.
        — Ты ўмееш хораша марыць, прыгожа.
        — Я навучылася ў цябе.
        Ён уздыхнуў.
        — А я, здаецца, развучыўся. Я так рэдка мару цяпер. Нават чытаць не хочацца. Вершы асабліва. Гэта палохае мяне, Воля. Раней для мяне не было большай радасці, як добрая паэзія. Ты ведаеш, я сам пісаў вершы, лічыў сябе паэтам. I радаваўся — як я радаваўся! — што ўмею гэта, што нешта атрымліваецца ў мяне, што буду мець некалі прафесію, якая будзе радаваць многіх людзей. Са школы мае равеснікі рваліся ў ваенныя вучылішчы. Мне ніколі не хацелася стаць ваенным. Я таксама хацеў стаць настаўнікам і... паэтам. А цяпер... забіваю... Але ведаеш, чаму я не магу заснуць, што мяне непакоіць? Што няздатны я на гэта і не здолею вучыцца... Раблю і пакутую... Я забіў іх трох ужо... немцаў, фашыстаў... Ты помніш, як мяне калаціла пасля таго, першага. А пасяя — нічога, асаблівых пакут не было, так хіба... нервы... Ворагі самі шукалі сваёй смерці, яны прыйшлі, каб забіць цябе, мяне, знішчыць наш народ... Яны лютуюць, расстрэльваюць, вешаюць... Кроў за кроў!
        Смерць за смерць! — гэта не словы. Гэта сэнс нашага жыцця цяпер. Яны думалі, што могуць скарыць нас... А ты паглядзі, як узнімаецца народ. Ты сама расказвала, што ў кожнай вёсцы толькі і гавораць што пра партызан. А ці тое яшчэ будзе! Гэта яшчэ кветачкі для гітлераўцаў. Ягадкі яны пабачаць. Мы пакажам яшчэ. Як я гэта разумею! Лепш чым хто разумею: чым больш мы іх знішчаем, тым хутчэй прыйдзе наша перамога. Але знаеш, што са мной здарылася? Я атрымаў заданне... Падпольны камітэт вынес прысуд аднаму здрадніку. Смерць! Я павінен выканаць гэты прысуд. Але знаеш што? Знаеш што? Ты толькі, калі ласка, зразумей, нікому іншаму я пра гэта не расказаў бы, толькі табе... табе я магу расказаць усё. Тыя — немцы, прышэльцы, я іх бачыў толькі ў твар, ды і то здалёк, я не знаю, што яны за людзі. Для мяне яны — не людзі. Яны прыйшлі забіць мяне — я забіў іх. А гэта — наш чалавек. Наш... беларус. Можа, было б прасцей, каб незнаёмы... Ато я знаю яго асабіста. Сядзеў за адным сталом... Разумею, што здраднік горш за любога фашыста. Але ўсё адно... усё адно забіць свайго чалавека мне цяжка. Не магу... Я баюся гэтага задання, Воля. Я не магу прыдумаць: як, дзе, калі... Не сплю другую ноч...
        I пад цёплым кажухом яго пачало ліхаманіць, і хваляванне перадалося Вользе. Яна падумала, што здрадзіў нехта з падпольнай групы; ад гэтага зрабілася страшна: а раптам ён назаве імя чалавека, якога і яна ведае, з якім сустракалася, давяраючы яму не толькі адно сваё жыццё. А можа здарыцца яшчэ горшае: яны памыліліся і прысудзілі да смерці невінаватага.
        — Хто гэта? — шэптам спытала яна.
        — Друцька.
        — Дру-уцька? — Вольга адчула пэўную палёгку: не хто-небудзь са сваіх — бобік, але і моцна здзівілася: самы рахманы з паліцаяў і самы ціхі, здавалася, саромеецца сваёй пасады, да яе яўна заляцаецца, але ніколі не нахабнічаў, як іншыя, ласкай і пакорай хоча прывабіць; таму яна не стрымала свайго здзіўлення, сказала: — Такі добры...
        — Добры? — Алесь скінуў з плячэй кажух, падняўся, нібы вельмі абураны яе словамі. — Ты не знаеш, што гэта за гад. Ціхі, але хітры, як ліс. Нюхае — што сабака. Прадаваў камуністаў, расстрэльваў яўрэяў з гета... У прыгаворы запісаны ўсе яго чорныя справы.
        Вольга прыгадала, як тыдзень назад Друцька быў у яе доме і яна частавала яго, а ён усё дапытваўся, куды знік яе пляменнік. Яна сказала, што паехаў да сябе ў вёску, на Капыльшчыну. А паліцай, калі падвыпіў, яшчэ разы два спытаў: «Дык куды, ты кажаш, ён паехаў? У якую вёску?» А яшчэ сказаў так, нібыта між іншым: «Не капыльская ў яго гаворка. Я пры Саветах усю Міншчыну аб'ездзіў». Тады Вольга не звярнула на гэтыя словы ўвагі, занятая іншым: Друцька прапаноўваў з'ездзіць з ім на яго радзіму, у Чэрвеньскі раён. «На кані паедзем, у вазку, як паны. Са мной не прападзеш. Будзеш выменьваць транты пад надзейнай аховай. Ніхто не прычэпіцца. I выменяеш больш чым дзе, ручаюся. Сястра мая паможа. Людзі ў нас нескупыя».
        Прываблівая прапанова. I Вольга думала, шго варта параіцца з Захарам Пятровічам, як выкарыстаць паездку з паліцаем: ехаць жа трэба ў нашу партызанскую зону — так называў той раён стары падпольшчык. Ведала, на што спадзяецца паліцэйскі кот, але не баялася, верыла, што гвалтам браць не будзе, не дайшоў яшчэ чалавек да такога бандытызму, бо каб дайшоў, то даўно паспрабаваў бы гэта зрабіць тут, у яе доме, суседзяў не пабаяўся б, ды і не даклічашся суседзяў, хто цяпер кінецца на крык. А Друцька паводзіў сябе так, што Вольга нават удзячная была яму: ён як бы ахоўваў яе ад іншых паліцаяў і немцаў, іншыя наконт іх, яе і Друцькі, адпускалі салёныя жарты, а яна з хітрай сарамлівасцю падтрымлівала гэтыя жарты, ва ўсякім разе, не аспрэчвала, няхай думаюць, што яна жыве з Друцькам, не будуць чапляцца.
        Цяпер, успомніўшы, як Друцька дапытваўся пра Алеся, Вольга адчула, што ёй зрабілася
        холадна і пад кажухом. Прыгадалася другое: іншыя паліцаі яўна баяліся ціхага Друцьку. Усе ўспаміны, як бы падагульненыя, пацвярджалі, што падпольны камітэт не памыліўся. Не, не бязвіннаму вынеслі прысуд.
        Але яна разумела Сашу. Яму, летуценніку, паэту, мяккаму, добраму, належыць зрабіць такое!.. Сапраўды, адна справа — немцы, прышэльцы, акупанты, карнікі, тут вайна — хто каго! Але забіць свайго, ды яшчэ знаёмага...
        Яна ўжо ведала, што гэта за людзі, падпольшчыкі. Яны, напэўна, захочуць, каб усё было па закону, недарэмна і прыгавор напісалі, напэўна, перад карай трэба будзе прачытаць яго асуджанаму.Дзе? Як? Калі?
        — Ну, прастудзішся ж, — папракнула Алеся такім голасам, быццам толькі гэта і турбавала яе. — Залезь пад кажух.
        Ён не паслухаўся, толькі спыніўся перад ёй, і Вользе здалося, што і ў змроку яна ўбачыла, які бледны яго твар — што кашуля.
        — Не шкадуй яго, Вольга. Гэта вораг. Страшны. Небяспечны. Для ўсіх нас.
        — Я не шкадую. Я памагу табе.
        — Не! — рашуча запярэчыў Алесь. — Андрэй супроць таго, каб цябе ўцягвалі ў іншыя справы, акрамя сувязі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.